Дывізіі 11-га механізаванага корпуса (29-я танкавая, рэшткі 33-й танкавай і 204-я матарызаваная) атакавалі Гродна з паўднёвага ўсходу. Стралковыя палкі 85-й дывізіі атакавалі ўздоўж Нёмана і дарогі Свіслач—Гродна.
Нямецкая абарона Занёманскага фарштата абапіралася з усходу на земляны форт № 4 і вёску Гнойніца (пасля вайны перайменавана ў Вішнявец, цяпер раён горада). Умацаванні фарта ўяўлялі сабой даволі высокія валы і равы, зручныя для абароны супраць пяхоты. Як ужо адзначалася вышэй, абарону ў Гродне займаў нямецкі 84-ы пяхотны полк 8-й пяхотнай дывізіі. Камандаваў палком палкоўнік Хорст Гросман. 1-ы яго батальён пад камандаваннем маёра Гейнца Кобальдта заняў пазіцыі на левым фланзе (ад ракі Нёман), 2-гі батальён капітана Э. Рынга — на правым фланзе. 3-ці батальён быў высланы наперад. З поўдня да пазіцый 84-га палка прымыкалі пазіцыі 256-й дывізіі (у раёне в.Кузніца).
З раніцы 24 чэрвеня Гродна атакавалі падраздзяленні савецкіх 204-й матарызаванай і 29-й танкавай дывізій. Для нямецкіх войскаў гэтыя савецкія атакі маглі скончыцца катастрафічна, бо калі б тры батальёны 84-га нямецкага пяхотнага палка былі б знішчаныя, а Гродна ўзяты савецкімі войскамі, то два палкі 8-й пяхотнай дывізіі былі б адрэзаныя ў раёне мястэчка Скідзель. Акрамя таго, нямецкі фронт у сутыку 8-й і 256-й дывізій быў бы разарваны.
Мотапяхота 204-й матарызаванай дывізіі падтрымлівалася танкамі 29-й танкавай дывізіі. Першапачаткова савецкая пяхота наступала ўдала і прасунулася на некалькі кіламетраў. Так, 700-ы полк вёў бой у раёне вёсак Каробчыцы—Караліно. 3-ці батальён палка маёра Барташэвіча, згодна з савецкімі дадзенымі, знішчыў да 500 нямецкіх салдат. Стварылася магчымасць акружэння Занёманскага фарштата з поўдня. У гэтым жа самым раёне вёў бой і 57-ы танкавы полк 29-й дывізіі. У раёне в.Кузніцы атакавала 33-я танкавая дывізія. 481-ы нямецкі полк і перадавы атрад 256-й нямецкай дывізіі стварылі тут супрацьтанкавую абароны. На працягу дня яны данеслі аб 36 знішчаных савецкіх танках. Нямецкае наступленне тут спынілася.
Цяжкія баі адбываліся на падыходах да Гродна. 3-ці батальён нямецкага 84-га палка адступіў на абарончыя пазіцыі, а 2-гі батальён з групай матацыклістаў 28-га і 38-га пяхотнага палка занялі абарону ўздоўж Нёмана да вёскі Мігава. Гэта было зроблена для таго, каб перашкодзіць савецкім войскам фарсіраванне ракі і абыходу горада з усходу. Праўда, трэба агаварыцца, што ў планах савецкага камандавання такі варыянт, на жаль, і не разглядаўся. Усе атакі праводзіліся ўздоўж дарог, якія вялі на Гродна па левым беразе ракі.
Галоўную ролю ў адбіцці савецкіх атак адыграў 1-ы дывізіён 8-га артылерыйскага палка пад камандаваннем капітана М. Гірзберга. 1-я батарэя пад камандаваннем капітана графа Хохберга страляла так хутка і так доўга, што злезла шэрая фарба са ствалоў гаўбіц. Таксама цікава адзначыць, што на працягу баёў за Гродна 1-ы артылерыйскі дывізіён расстраляў палову боезапасу, які спатрэбіўся яму для ўсёй вайны на Захадзе ў 1939—1940 гг.
Палкі 85-й стралковай дывізіі не ўдзельнічалі ў гэтым наступленні. Яны распачалі марш на Гродна толькі раніцай 24 чэрвеня. 103-ці і 141-ы палкі варочаліся туды, адкуль у папярэдні дзень прыйшлі. Марш суправаджаўся моцнымі нямецкімі бамбаваннямі на працягу 9,5 гадзін (!), ад чаго палкі неслі вялікія страты. Траса Гродна—Лунна мела нязручныя для з’езду ўзбочыны, таму машыны і трактары падчас бамбаванняў заставаліся на шашы. Гэта, безумоўна, толькі павялічвала страты сярод іх. Толькі ў 22.30 нямецкія бамбаванні спыніліся. Да ночы 24 чэрвеня 85-я дывізія не здолела выйсці да рубяжа атакі Гнойніца—Солы.
Вечарам, згодна з данясеннем камандуючага арміяй генерала Кузняцова, падраздзяленні 11-га механізаванага корпуса (29-я танкавая дывізія) занялі раён вёскі Гнойніца. Палкі 204-й матарызаванай дывізіі перайшлі вечарам да абароны на рубяжы Гібулічы—Альшанка. Такім чынам, у другой палове дня яны адступілі з раёна Каробчыцаў. Тым жа вечарам 24 чэрвеня камандуючы 3-й арміяй вырашыў адвесці палкі 11-га механізаванага корпуса на рубеж ракі Свіслач. Аднак генерал Дзмітрый Маставенка запэўніў яго, што трэба пакінуць гэтыя часткі на дасягнутым рубяжы.
На працягу 25 чэрвеня мотастралковыя палкі 204-й матарызаванай дывізіі працягвалі весці баі на тых жа рубяжах. 657-ы артылерыйскі полк з пазіцый каля вёскі Капцёўка аказваў агнявую падтрымку пяхоце. Апошнія танкі дывізіі палкоўніка Студнева ізноў атакавалі на фронце Пагараны—Гібулічы. Толькі вечарам атакі гэтых падраздзяленняў скончыліся. Гродна так і не быў узяты. Страты 29-й і 204-й дывізій былі вельмі вялікімі. У танкавай дывізіі засталося каля 300—400 чалавек і да 30 танкаў, у матарызаванай — каля двух батальёнаў і некалькі бронеаўтамабіляў. Фактычна гэтыя падраздзяленні перасталі існаваць.
Раніцай 25 чэрвеня марш палкоў 85-й дывізіі на Гродна працягваўся. Каля 15 гадзін дня палкі пачалі наступленне на горад. Цікава адзначыць, што камандуючы дывізіяй узгадваў, што ў гэты ж самы час праз парадкі наступаючага 103-га палка адыходзіла матарызаванае савецкае падраздзяленне. Ніякія спробы самога генерала Бандоўскага затрымаць яго не былі паспяховымі. Савецкія салдаты на аўтамашынах пранесліся па дарозе ў накірунку саўгаса «Свіслач». Верагодна, гэта быў адзін з батальёнаў 11-га механізаванага корпуса.
Толькі вечарам батальёны 103-га стралковага палка падышлі з боем у раён былога дывізійнага лагера каля вёскі Солы. Бой на гэтым рубяжы працягваўся і з надыходам ночы. Паводле ўспамінаў удзельнікаў баёў, разам з савецкай пяхотай дзейнічалі і танкі 29-й танкавай дывізіі. Нямецкі журналіст Х. Слязіна, які знаходзіўся ў 84-м палку 8-й пяхотнай дывізіі, апісаў сітуацыю, у якой ішлі баі вечарам 25 чэрвеня ў прадмесцях Гродна:
Гродна ўвесь гарыць. Неба перад намі асвечана, нібы дзённым святлом, мора агня, якое бушуе ў горадзе, створана бесперапынна ляцячымі снарадамі, якія выпускаюць батарэі ворага. Трасы дугамі чэрцяць неба, трасіруючыя снарады пакідаюць яркія лініі ў ночы. Гэта было б ап’яняльным прадстаўленнем, калі б тут не бушавала пекла. Нашая артылерыя яшчэ недастаткова моцная. Яна можа паражаць толькі індывідуальныя цэлі, якія цяжка разбіраць у агульным беспарадку. Сувязь увесь час перарываецца. Кожнае падраздзяленне дзейнічае само па сабе… Усе будынкі ў наваколлі знаходзяцца ў агні, дождж іскраў сыплецца па вуліцах, палаючыя вогненныя языкі блакуюць нам пуць, сцены абрынаюцца ўніз. Цяжкія снарады выбухаюць пасярод усяго гэтага. Коні вар’яцеюць і нясуцца ў шаленстве ў агонь...
Цаной вялікіх стратаў савецкі 103-ці стралковы полк (камандзір — маёр Міхаіл Каравашкін) прымусіў часткі 8-й нямецкай пяхотнай дывізіі пакінуць земляны форт і вёску Гнойніца, якая ўжо фактычна была цалкам знішчана. Згодна з данясеннямі камандзіра палка:
…цаной вялікіх стратаў полк да ночы скончыў наступленне захопам лагернага стрэльбішча і рэдутаў старой крэпасці. Далажыў і сумную вестку: полк панёс вялікія страты; выбылі са строю ўсе камандзіры і палітрукі ротаў.
У форт № 4 першым уварваўся стралковы ўзвод малодшага лейтэнанта Г. Салаўёва з 2-га батальёна 103-га палка.
Ноч 25 чэрвеня 1941 г. вачыма Х. Слязіны:
Нашыя шэрагі там вельмі тонкія. Гэта цуд, што некалькі ротаў не былі там разгромленыя пераўзыходзячымі сіламі ворага. Нашыя лініі прагнуліся, і бальшавікі прарваліся ў некаторых месцах. Аднак фронт эластычны. Ён прагінаецца назад, а потым вяртаецца ў першапачатковае становішча, выбіваючы ворагаў з іх пазіцый контратакамі. Нягледзячы на амаль безнадзейную барацьбу асобных атрадаў, афіцэры падтрымліваюць становішча. Зноў і зноў яны кідаюць некалькіх салдат з кулямётамі на найбольш пагрозлівыя ўчасткі… Цяпер яны [г. зн. савецкія войскі. — Дз. Л.) мяняюць сваю тактыку і наступаюць вялікімі сіламі на вельмі маленькім участку фронту, пры гэтым яны абстрэльваюць іншыя ўчасткі фронту моцным артылерыйскім агнём. Снарады розных калібраў пераворваюць і рвуць зямлю, разбураюць нашыя пазіцыі… Яны зноў атакуюць суседні сектар. Там размешчана адна з нашых гаўбічных батарэй. Праз тонкі заслон пяхоты прарываюцца орды бальшавікоў. Тады ствалы нашай батарэі палаюць успышкамі. Стрэлы і выбухі гучаць амаль адначасова. Артылерысты страляюць проста ў шэрагі рускай пяхоты… Непарыўна снарад за снарадам ляцяць са ствалоў і топяць атаку ў крыві і жалезе. Равучыя горы людзей накапліваюцца — іншыя імкліва адыходзяць…
Хвалі атакуючай расійскай пяхоты льюцца на маленькім участку — чалавек за чалавекам, амаль што побач, так, што можна дакрануцца адзін да другога, з прымацаванымі штыкамі і шаблямі. Хваля за хваляю з інтэрвалам каля 10 метраў — тысячы, цесна сабраныя разам, бегуць у ротных парадках. Пранізлівы крык «Ура» папярэднічае атацы. Тады нашыя кулямёты адразаюць іх і косяць баявыя парадкі. Мінамёты ірвуць вялікія прарэхі ў іх. Іх нельга прапусціць Агонь, агонь, пакуль са ствалоў не пойдзе жар! Цяжкія кулямёты б’юць без перапынку лента за лентай з самай вялікай хуткасцю. Кулямётчыкі ледзь перамяшчаюць ствалы з боку ў бок. Гарачы свінец косіць цэлыя шэрагі. Яны паміраюць сотнямі, пакуль цэлыя сцены з чалавечых целаў не ляглі паміж намі і наступнымі атакуючымі хвалямі…
На жаль, савецкія атакі праводзіліся ўжо другі дзень і без адпаведнай падрыхтоўкі — пра гэта ніхто і не думаў. Без падтрымкі авіяцыі, без разведкі, без абхадных манёўраў пяхота 85-й дывізіі «ў лоб» штурмавала нямецкую абарону. Згодна з падлікамі камандзіра 85-й стралковай дывізіі генерала Бандоўскага, у баях ноччу 25 чэрвеня дывізія страціла каля 1000 чалавек забітымі. Аднак, як адзначаў сам генерал, гэтіыя звесткі недакладныя — у тыя дні не было часу для падліку забітых, тым больш што поле бою засталося за немцамі. Яшчэ ў 22 гадзіны 25 чэрвеня быў атрыманы загад на адступленне на рубеж ракі Свіслач. У сярэдзіне ночы абодва савецкія палкі пачалі адступаць. Як у сюрэалістычным кіно — рэшткі 103-га і 141-га палкоў ізноў ішлі па тых жа дарогах да Свіслачы.
Высновы
Падзеі 22—25 чэрвеня 1941 г. былі катастрафічнымі не толькі для 3-й арміі. Разгромленымі аказаліся большасць савецкіх злучэнняў. Прычыны гэтай катастрофы трэба шукаць не толькі і не столькі ў няскончаным пераўзбраенні Чырвонай Арміі. Савецкае камандаванне заўсёды імкнулася задавіць ворага масамі сваёй тэхнікі, авіяцыі і пяхоты, і, нажаль, вельмі слаба падымалася пытанне адносна якаснай падрыхтоўкі камандзіраў і чырвонаармейцаў, сяржанцкага складу. Адпаведна не было пастаўлена пытанне аб належнай эксплуатацыі аўтамабіляў, танкаў і т. п. Войскам не хапала зладжанасці, ініцыятыўнасці каманднага складу. У выніку Чырвоная Армія ўзору 1941 г. была небаяздольнай. Масы тэхнікі проста бяздумна кідаліся супраць нямецкай пяхоты і цярпелі паразу за паразай. Салдаты і афіцэры паказвалі ўзоры гераізму ў адзіночку ці невялікімі групамі, у той час як буйныя злучэнні нагадвалі непаваротлівых сляпых чарапах.
Пасля некалькіх дзён баёў у раёне Гродна 3-я армія панесла настолькі вялікія страты, што фактычна перастала існаваць. Пад час адступлення рэшткі палкоў і дывізій па большай частцы згубілі апошняе цяжкае ўзбраенне і арганізацыю. Камандны склад таксама панёс вялікія страты. Камандзір 4-га ск генерал Я.А.Ягораў трапіў у палон, начальнік штаба і камісар корпуса прапалі без вестак. Прапаў без вестак камандзір 29-й танкавай дывізіі палкоўнік М.П.Студнеў, у палон трапіў яго начальнік штаба падпалкоўнік М.М.Каланчук, камандзір артпалка дывізіі прапаў без вестак. Больш пашчасціла штабу 3-й арміі. Выйшлі з акружэння камандарм-3, начальнік штаба генерал А.К.Кандрацьеў і член вайсковага савета камісар М.І.Бірукоў. Яны вывелі з акружэння 498 чырвонаармейцаў і камандзіраў - з усёй арміі!
Вермахт, наадварот, быў вельмі добра падрыхтаваны да сучаснай вайны. Не маючы найноўшай тэхнікі і авіяцыі, нямецкая армія дзейнічала рашуча, свабодна і адважна. Пры гэтым гаворка тут ідзе не пра знакамітыя танкавыя групы, а пра шараговыя пяхотныя дывізіі. Фактычна баі за Гродна ў 1941 г. выйгралі дзве нямецкія пяхотныя дывізіі — 8-я і 28-я (пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі). Дзве дывізіі супраць арміі, якая мела значныя танкавыя і авіяцыйныя сродкі. Дарэчы, камандзіра 8-й пяхотнай дывізіі генерала Густава Хёнэ за баі па ўзяцці «крэпасці Гродна» (так у дакументах) 30 чэрвеня 1941 г. узнагародзілі Рыцарскім крыжом.
Зміцер Люцік
Артыкул друкаваўся ў часопісе ARCHE
-
Катэгорыя: Гродна 1920-1944
-
Апублікавана 25 Ліпень 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической