Яшчэ 19 чэрвеня 1941 г. заходнія вайсковыя акругі СССР атрымалі загад Наркамата абароны аб павышанай баявой гатоўнасці. Згодна з ім, мусіла быць праведзена маскіроўка аэрадромаў, вайсковых частак і складоў.

Самалёты трэба было разгрупаваць, аднак ніякай канкрэтнай інфармацыі штабы акругі ці вайсковыя часткі не атрымалі. Мясцовае насельніцтва таксама вяло размовы пра хуткі напад Германіі.

У вайсковых злучэннях, між тым, ні камандзіры, ні афіцэры не рыхтаваліся да вайны. Сакратар палітычнага аддзела 56-й стралковай дывізіі малодшы палітрук Міхаіл Дзяйнега ўспамінаў:

Ніхто ў той час нам не казаў, якая моцная ваенная сіла ў фашыстаў… Вось і не ведалі мы праўды пра фашыстаў, не ўяўлялі памеры небяспекі, лічылі, што калі прыйдзецца, то хутка расправімся з нямецкімі войскамі, вайну будзем весці на іх тэрыторыі… Толькі ў апошні тыдзень перад вайной адчувалася нейкая напружанасць. Мясцовыя жыхары пачалі адкрыта казаць пра вайну. 15 чэрвеня, калі я быў у Лідзе, я зайшоў да сваіх былых гаспадароў, у якіх здымаў пакой. У размове яны смуткавалі, што хутка пачнецца вайна, што гэта жудасна… Я, зразумела, не паверыў ім, калі вярнуўся ў Гродна, то расказаў пра гэта нампаліту дывізіі, палкавому камісару С. Я. Кавальскаму. Ён мяне супакоіў, сказаўшы: «Глупства, немцы ніколі не будуць на нашай зямлі.

Пачатак артыкула: 

Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 1

Працяг:

Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 3

Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 4 

 

20 чэрвеня штаб ЗахАВА атрымаў паведамленне са штаба 3-й арміі з Гродна, што немцы знялі дрот на мяжы ў раёне дарогі на Аўгустоў. У гэтым жа раёне было чутно гудзенне шматлікіх матораў. У 17 гадзін 41 хвіліну 6 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў з падвешанымі бомбамі парушылі дзяржаўную мяжу.

Тым не менш, напярэдадні вайны большасць падраздзяленняў 3-й арміі працягвалі жыць паводле мірнага раскладу. Так, напрыклад, у апошні вечар у вайсковым гарадку 29-й танкавай дывізіі ў Гродне глядзелі кіно «Ленін у Кастрычніку», а ў летнім лагеры 57-га стралковага палка – кіно «Трактарысты». Кіно глядзелі і ў вучэбнай роце 9-га арткульбата. Падобныя мерапрыемствы былі характэрныя ў тую суботу і для іншых савецкіх падраздзяленняў, і гэта нягледзячы на тое, што ў ноч на 22 чэрвеня ў штабе 3-й арміі былі атрыманыя разведдадзеныя, якія сведчылі пра заканчэнне канцэнтрацыі нямецкіх войскаў перад дзяржаўнай мяжой! На ўчастку ад Граева да Сапоцкіна немцы знялі загараджэнні з калючага дроту. Аднак штаб і камандуючы не прынялі аніякіх захадаў у адказ, чакаючы загаду «зверху».

Прывядзём некалькі фактаў з апошняга мірнага вечара ў іншых войсках 3-й арміі. Усю ноч (з 24 гадзін 21 чэрвеня па 3.30 22 чэрвеня) у штабе 85-й стралковай дывізіі ішла нарада камандавання дывізіі па пытаннях камплектавання падраздзяленняў фуражом, палівам і боепрыпасамі. Паводле ўспамінаў камандзіра дывізіі, днём правесці гэтую нараду не дазволіў шчыльны графік вучэнняў. Такім чынам, у 85-й дывізіі не атрымалі аніякай інфармацыі пра магчымы пачатак вайны.

Толькі некаторыя з падраздзяленняў хоць бы часткова былі падрыхтаваныя. У суботу вечарам, адразу пасля прагляду кіно, 57-ы танкавы полк 29-й дывізіі атрымаў загад ад камандавання дывізіі аб загрузцы боепрыпасаў у танкі. Аднак дывізія не атрымала ніякага паведамлення пра верагодны пачатак вайны. 

19 чэрвеня 1941г. такімі былі пазіцыі нямецкіх дывізій перад наступленнем на Гродна
19 чэрвеня 1941г. такімі былі пазіцыі нямецкіх дывізій перад наступленнем на Гродна

 Пасля паўночы, ужо 22 чэрвеня, штаб арміі атрымаў загад камандавання ЗахАВА падняць войскі па трывозе і заняць умацаванні 68-га ўмацаванага раёна. Гэты загад тычыўся 9-га і 10-га арткульбатаў і частак 27-й і 56-й дывізій, якія знаходзіліся ў першым эшалоне 4-га стралковага корпуса.

Камендант 68-га ўмацаванага раёна палкоўнік Мікалай Іваноў, атрымаўшы загад, а 1-й гадзіне ночы 22 чэрвеня падняў па трывозе 9-ы і 10-ы асобныя артылерыйска-кулямётныя батальёны. Такім чынам, гарнізоны пачалі займаць ДАКі. Ужо а 2-й гадзіны ночы 9-ы арткульбат капітана Пятра. Жылы заняў свае пазіцыі. Аднак ні 56-я, ні 27-я дывізіі гэтага зрабіць не паспелі — да іх загад дайшоў пазней (толькі пасля 3-й гадзіны ночы), хоць камандуючы 3-й арміяй адразу паведаміў у Мінск, што загад ужо выкананы ўсімі падраздзяленнямі. Самае прыкрае, што ў загадзе не дазвалялася ўскрываць «чырвоныя пакеты», таму пасля пачатку вайны камандзіры нават і гэтых падраздзяленняў чакалі на гэта асобнага дазволу.

***
21 чэрвеня, напярэдадні дня атакі, нямецкая армія праводзіла апошнія мерапрыемствы па падрыхтоўцы да яе. У гэты дзень усе падраздзяленні 8-й нямецкай пяхотнай дывізіі ўжо занялі свае пазіцыі перад савецкай мяжой. На правым фланзе размяшчаўся ўзмоцнены 28-ы пяхотны полк, на левым — 38-ы полк. Дывізіі быў дадзены наступны загад:

8-я дывізія ў дзень «Б» пры выкарыстанні агнявога ўдару ад Х да Х + 20 хвілін знянацку са сваёй пазіцыі гатоўнасці павінна прарваць пры вялікай канцэнтрацыі сілаў цэнтр прымежнай пазіцыі непрыяцеля і ўдарыць з націскам усіх сілаў у накірунку да Нёмана, на паўночны захад ад Гродна.

 

21 чэрвеня 1941г.размяшчэнне сілаў бакоў
21 чэрвеня 1941г.размяшчэнне сілаў бакоў


Згодна з інфармацыяй, якую меў у сваім распараджэнні камандзір дывізіі генерал Густаў Хёнэ, ягоным палкам супрацьстаялі тры стралковыя палкі, размешчаныя на лініі умацаванага раёна, узмоцненыя двума дывізіёнамі цяжкай артылерыі, далей на ўсход размяшчаліся яшчэ два батальёны, у раёне Гродна — 5 танкавых палкоў. Пры паспяховым наступленні дывізія павінна была яшчэ ў першы дзень вайны паспрабаваць захапіць мост праз Нёман ля Гродна, а таксама масты праз раку Ласосна, пасля чаго паспрабаваць з ходу захапіць горад адным узмоцненым палком. Далейшае наступленне павінна было працягвацца ў кірунку Ліды.

Цікава адзначыць той факт, што камандзір нямецкай дывізіі добра ведаў ваколіцы Гродна, бо ваяваў у гэтых месцах яшчэ падчас Першай сусветнай вайны, калі быў камандзірам роты. Магчыма, гэта таксама паўплывала на тое, што менавіта 8-й дывізіі камандаванне 9-й арміі адводзіла галоўную ролю ў будучых баях за горад.

21 чэрвеня перад салдатамі 83-га пяхотнага палка 28-й дывізіі зачыталі загад, які даводзіў, што наступленне пачнецца 22 чэрвеня. Афіцэры палка ведалі пра гэта ўжо раней. Позна ўвечары батальёны палка з падраздзяленнямі ўзмацнення падышлі да самай мяжы. 83-ці полк размесціўся на левым фланзе дывізіі, у другім эшалоне. Ён павінен быў наступаць праз Аўгустоўскі канал. Галоўную атаку савецкай мяжы павінны былі праводзіць 7-ы і 43-ці палкі. 

Стаяла цёплая летняя ноч. Згодна з нямецкімі ўспамінамі, віднець 22 чэрвеня пачало ўжо ў 1.30.


Вайна

22 чэрвеня 1941 года


У паласе 3-й савецкай арміі вайна пачалася, як і паўсюль, каля 4 гадзін раніцы, нечакана для большасці яе салдат і афіцэраў. Прывядзем успаміны аднаго з удзельнікаў першых баёў у раёне Гродна на нямецкім баку. Ім быў нямецкі карэспандэнт Хорст Слязіна, які служыў у 612-й роце прапаганды. Перад нападам на СССР рота была далучана да 9-й нямецкай арміі. Верагодна, што яе падраздзяленні былі размеркаваныя па дывізіях арміі. Х. Слязіна меў у сваім распараджэнні групу (фатограф, вадзіцель, магчыма — аператар) і бронеаўтамабіль. Карэспандэнт знаходзіўся ў падраздзяленнях 8-й Сілезскай пяхотнай дывізіі:

Уперадзе, перад намі, выразная мэта — і ані смерць, ані сам д’ябал не здолеюць спыніць нас! Тысячы вачэй накіравалі позіркі на другі бераг, вывучаючы і запамінаючы яго. Короткі позірк на гадзіннік — яшчэ трыццаць хвілін чакання! Секундная стрэлка паўзе так марудна, што гэта можа прывесці да вар’яцтва. Час не можа ісці так марудна!.. Перад намі невялікая рачулка Ваўкушанка, мяжа паміж двума светамі. Яшчэ тыдзень таму бальшавікі разбурылі абодва мосты на нашым участку… Амаль сто моцных абарончых аб’ектаў удалося ідэнтыфікаваць, а паміж імі на параўнальна невялікай прасторы размясціліся войскі колькасцю не менш за дывізію… Бяру мой мікрафон, гэта зброя рэпарцёра... Першыя хвіліны баёў павінны быць зафіксаваныя ў рэпартажы. 22 чэрвеня, 3 гадзіны 5 хвілін [сярэднееўрапейскі час. — Дз. Л.]. Вайна пачынаецца.

Першай пачала дзейнічаць нямецкая артылерыя. Артылерыйскі абстрэл працягваўся каля гадзіны. З-за таго, што шматлікія савецкія падраздзяленні знаходзіліся непадалёк ад дзяржаўнай мяжы, моцны артылерыйскі ўдар быў вельмі выніковым. У справаздачы VIII корпуса адзначалася:

Дальнабойны насцільны агонь корпуснай артылерыі зрабіў паспяховую побудку ў гродзенскіх казармах.

 

 

634-ты артылерыйскі дывізіён у раёне Гродна. 10-см гарматы SK 18.фота з калекцыі Д.Люціка
634-ты артылерыйскі дывізіён у раёне Гродна. 10-см гарматы SK 18.фота з калекцыі Д.Люціка

Амаль адначасова ўдары пачала наносіць нямецкая авіяцыя. Аднак бамбіліся аб’екты ў тыле. Менавіта са з’яўленнем нямецкай авіяцыі ў штабе 3-й арміі была аб’яўлена трывога. Як адзначалася ў баявым данясенні начальніка штаба 3-й арміі генерала Кандрацьева:

З 4 гадзін праз кожныя 20—30 хвілін — налёты авіяцыі па 3—5 самалётаў. Бамбяць Гродна, Сапоцкін і, у прыватнасці, штаб арміі. У 7 гадзін 15 хвілін 16 самалётаў бамбілі Гродна на вышыні 1000 м. Бамбёжцы падвергнутыя таксама Дамброва і Новы Двор. Сапоцкін, Доргунь гараць. У Гродне пажары.

Савецкая авіяцыя не здолела абараніць горад і вайсковыя аб’екты, бо аэрадромы бамбіліся немцамі ў першую чаргу. Так, па аэрадроме ў Новым Двары было нанесена 4 авіяўдары, на аэрадром у Саколцы быў здзейснены адзін налёт.

Страты з першых гадзін вайны панёс 122-гі знішчальны авіяцыйны полк. Ягоны аэрадром двойчы падвергся авіяналёту, аднак савецкія самалёты ў паветра не падымаліся — не было загаду камандавання. Толькі а 6-й гадзіне раніцы некалькі савецкіх знішчальнікаў І-16 паспрабавалі спыніць нямецкія самалёты. Самалёты палка пачалі падымацца на прыкрыццё свайго аэрадрома. Да 11 гадзін полк спрабаваў арганізаваць паветранае прыкрыццё Гродна. Так у паветраным баі з нямецкімі самалётамі Bf-109F з 53-й знішчальнай эскадры два нямецкіх самалёта і тры І-16 былі збіты.

 

спалены ў раёне Гродна знішчальнік І-153. чэрвень 1941г.
спалены ў раёне Гродна знішчальнік І-153. чэрвень 1941г.

127-ы авіяцыйны полк быў адзіным палком, які не панёс стратаў ад першага нямецкага налёту — яго проста не было. Немцы не ведалі пра месцазнаходжанне палка. Полк пачаў дзейнічаць яшчэ ноччу. У 3.25 быў праведзены першы вылят для аховы аэрадрома. У 4.40 два звена савецкіх знішчальнікаў выляцялі на перахоп нямецкіх самалётаў у раёне Гродна. Менавіта падчас выканання гэтага задання ў палку і даведаліся пра пачатак вайны. Пасля гэтага самалёты 127-га палка групамі прыкрывалі горад. Тры пілоты на працягу дня здзейснілі паветраныя тараны. Толькі вечарам немцы вызначылі месцазнаходжанне палка знішчальнікаў. Ён таксама падвергся бамбардзіроўцы. Самалёты, якія пасля гэтага засталіся, перабазаваліся ў Ліду, Шчучын і Жалудок. За дзень палком было збіта 20 нямецкіх самалётаў.

Вельмі трагічна склаўся лёс 16-га бамбардзіровачнага палка. Пасля пачатку вайны камандванне палка не атрымала ніякіх загадаў – сувязі ўжо не было. Аднак бамбардзіроўшчыкі тэрмінова былі запраўленыя і загружаныя бомбамі. Полк чакаў загаду на вылет для нанясення бомбавага ўдару. Каля 7 гадзін раніцы нямецкія самалёты атакавалі аэрадром. Полк панёс цяжкія страты. Пры гэтым бамбардзіроўшчык капітана Анатоля Пратасава здзейсніў паветраны таран. Каля 10 гадзін раніцы 26-я цяжкая знішчальная эскадра (54 самалёта Bf-110) паўтарыла штурмоўку аэрадрома. 16-ы бамбардзіровачны полк быў цалкам знішчаны.

У выніку бамбёжак Гродна была знішчана электрастанцыя і горад застаўся без электраэнергіі. Не было таксама і вады. Нямецкія самалёты 8-га авіяцыйнага корпуса (Ju-87B) бамбілі з нізкіх вышыняў і даволі дакладна — відаць, яны не баяліся савецкай зенітнай артылерыі. Аднак пасля таго, як СПА горада адкрыла агонь, нямецкія самалёты падняліся вышэй і бамбаванне страціла сваю дакладнасць. Тым не менш, у горадзе пачаліся пажары. Насельніцтва масава пакідала яго. Гісторык Дзмітрый Ягораў прыводзіць інфармацыю, што ў горадзе былі зафіксаваныя выпадкі абстрэлу савецкіх афіцэраў і салдат «палякамі» з дахаў дамоў. Некаторыя часткі, нават панёсшы першыя страты, не хацелі верыць, што пачалася вайна. Так, у казармы 942-га асобнага батальёна сувязі трапіла бомбы, былі забітыя і параненыя, аднак і пасля гэтага байцы не наважваліся адкрываць склады са зброяй.

Такім чынам, супрацьпаветранае прыкрыццё Гродна ажыццяўляла фактычна толькі зенітная артылерыя (а раніцай яшчэ 122-і і 127-ы ЗАП). Так, да 7 гадзін раніцы зенітная артылерыя і авіяцыя данеслі пра 2 збітыя нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Цікава, дарэчы, адзначыць, што, нягледзячы на тое, што Гродна падвяргаўся бамбаванням на працягу ўсяго дня, немцы не бамбілі абодва масты праз Нёман, склад боепрыпасаў і паліва ў паўднёва-заходняй частцы горада. Верагодна, яны хацелі пакінуць гэтыя запасы для сябе. 

634-ты артылерыйскі дывізіён. гармата sK 18 вядзе абстрэл у раёне Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка
634-ты артылерыйскі дывізіён. гармата sK 18 вядзе абстрэл у раёне Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка

Толькі пасля пачатку бамбаванняў (у 4.00—4.15) камандуючы 3-й арміяй паведаміў камандуючаму ЗахАВА генералу Дзмітрыю Паўлаву пра пачатак вайны і атрымаў дазвол на выкананне плана «Навальніца» — план прыкрыцця мяжы згодна з «чырвоным пакетам». Пасля гэтага сувязь з Мінскам абарвалася. Наступны раз штаб 3-й арміі выйшаў на сувязь каля 5 гадзін па цывільнай сувязі. У 5.25 камандаванне ЗахАВА адала загад «падняць войскі і дзейнічаць па-баявому».

Штаб арміі ўжо не меў ні радыёсувязі, ні правадной сувязі з некаторымі з падначаленых штабоў (асабліва тымі, якія знаходзіліся па-за межамі горада). З-за гэтага падраздзяленні не атрымалі гэтыя загады своечасова і гублялі каштоўны час. Як і ў Першую сусветную вайну, у штабы былі пасланыя дэлегаты сувязі. Ніхто ў штабе 3-й арміі не ведаў рэальнага становішча на фронце. Адсутнічала сувязь з суседзямі — 10-й і 11-й арміямі. Праз 1,5 гадзіны пасля пачатку вайны штаб 4-га стралковага корпуса ўжо не меў сувязі са штабам арміі. Да канца дня сувязь была згублена і з абедзвюма дывізіямі — 27-й і 56-й.

Пасля 7 гадзін раніцы ў штабе арміі атрымалі дырэктыву № 2 Народнага камісарыята абароны аб арганізацыі контратакі супраць нямецкіх войскаў, якія перайшлі мяжу. Фактычна ў сітуацыі поўнага інфармацыйнага вакуума камандуючаму, генерал-лейтэнанту Васілю Кузняцову, прыйшлося прымаць рашэнне самастойна. Аднак ніякай уласнай творчасці генерал не праявіў — ім рэалізоўваўся распрацаваны загадзя план прыкрыцця мяжы. На працягу ўсяго дня (да 19 гадзін) штаб працаваў на тым самым месцы, перабраўшыся на цокальны паверх. Была арганізавана зенітная абарона штаба і яго наземная ахова. Цікава адзначыць, што 22 чэрвеня немцы перахапілі савецкія радыёпаведамленні, у якіх казалася пра знішчэнне ў Гродне штаба 3-й арміі. Гэта сведчыла пра тое, што шматлікія бамбаванні Гродна выклікалі паніку ў некаторых савецкіх злучэннях.

Пасля заканчэння артылерыйскага абстрэла і бамбаванняў у атаку перайшла нямецкая пяхота. З захаду ад мястэчка Сапоцкін, праз раку Ваўкушанка атакавалі падраздзяленні 8-й пяхотнай дывізіі, з поўначы, праз Аўгустоўскі канал — палкі 28-й дывізіі. Далей на ўсход, таксама па Аўгустоўскім канале, атакавалі палкі 161-й пяхотнай дывізіі. 

наступленне 22 чэрвеня на Гродна
Наступленне 22 чэрвеня на Гродна

Першы ўдар нямецкай арміі прынялі на сабе савецкія памежнікі. 1-я, 3-я і 4-я заставы (начальнікі Аляксандр Сівачоў, Віктар Усаў і Феадосій Кірычэнка) 86-га Аўгустоўскага памежнага атрада змагаліся да апошняга байца і загінулі.

Наступнымі ў бой уступілі ДАКі. Як ужо адзначалася, большасць з пабудаваных ДАКаў была загадзя занята сваімі гарнізонамі. Аднак іх абарона была разлічана на ўзаемадзеянне з палявымі войскамі, чаго не было на ўсім працягу мяжы. Акрамя таго, канцэнтрацыя доўгачасовых кропак таксама не была аднолькавай, не ўсе з іх мелі ўзбраенне.

Ужо каля 5 гадзін раніцы 9-ы арткульбат не меў сувязі са штабам. Камандзіры ротаў самавольна аддавалі загад на адкрыццё агня, не чакаючы пацвярджэння. Нягледзячы на тое, што таўшчыня сценаў і перакрыццяў дазваляла вытрымаць любы артылерыйскі абстрэл, большасць ДАКаў мелі вельмі абмежаваны боезапас, запас правіянту і вады. Не было таксама і сувязі паміж асобнымі ўмацаваннямі. Таму гарнізон кожнай з ДАКаў з першых хвілін вайны знаходзіўся ў ізаляцыі і не ведаў становішча на фронце. Вельмі эфектыўна пачалі дзейнічаць тыя ДАКі, якія размяшчаліся ўздоўж Аўгустоўскага канала (у раёне шлюза Дамброўка), у раёне вёсак Новікі, Доргунь і Маркаўцы. Тут займаў абарону 9-ы арткульбат капітана Пятра Жылы. Іх артылерыйскі і кулямётны агонь быў настолькі эфектыўны, што немцы (28-я пяхотная дывізія) не здолелі тут прарвацца на працягу першых гадзін вайны. 

адна з ДАКаў 68-га УРа.маскіроўка рабілася наспех
Адна з ДАКаў 68-га УРа.маскіроўка рабілася наспех

7-ы і 49-ы пяхотныя палкі 28-й пяхотнай дывізіі атакавалі на ўчастку вёсак Доргунь—Маркаўцы. 49-ты полк падтрымлівала батарэя 184-га дывізіёна штурмавых гармат. Батальёны 83-га пяхотнага палка распачалі атаку ў накірунку вёска Кужынец — фальварак Юзэфова — вёска Дамброўка (дзе быў шлюз і мост праз Аўгустоўскі канал). Пасля моцнага артылерыйскага абстрэла і бамбаванняў, калі практычна кожнае савецкае падраздзяленне панесла страты ўжо ў першыя хвіліны вайны, гэтыя нямецкія часткі пачалі наступаць у агульным накірунку на мястэчка Сапоцкін.

Менавіта на гэтым участку прыкрыццё і ўзмацненне ДАКаў забяспечвалі палкі 56-й стралковай дывізіі. Яны прынялі ўдар на фронце агульнай працягласцю больш за 30 км! Штаб дывізіі ў ноч на 22 чэрвеня размесціўся каля мястэчка Свяцк. Аднак пераезд павінен быў скончыцца толькі ў панядзелак. Таму на момант пачатку вайны частка афіцэраў была ў Свяцку, а частка яшчэ ў Гродне. Пасля першага артылерыйскага абстрэла, якому падвергся Свяцк, камандзір і камісар дывізіі выехалі з яго на браневіках. Штаб пачаў звязвацца са сваімі палкамі. Да 7 гадзін раніцы штаб дывізіі яшчэ меў сувязь са сваімі падраздзяленнямі і штабам арміі. Пасля гэтага, у выніку нямецкага прарыву фронту, генерал Сямён Сахноў вымушаны быў перамясціць яго далей у тыл. 

22 чэрвеня 1941г.наступленне 8-га нямецкага корпуса
22 чэрвеня 1941г.наступленне 8-га нямецкага корпуса


У найбольш цяжкім стане аказаўся 213-ы стралковы полк і батальён 184-га палка. Яны знаходзіліся каля Аўгустоўскага канала на поўнач ад Сапоцкіна, на подступах да ўмацаванага раёна (перад ДАКамі 9-га батальёна) і ў саміх умацаваннях. 213-ы полк быў падняты па трывозе яшчэ ў 3 гадзіны 35 хвілін, літаральна за некалькі хвілін да пачатку нямецкай артпадрыхтоўкі. 1-ы і 3-ці батальёны занялі пазіцыі па паўднёвым беразе канала і ў недабудаваных ДАКах, а 2-гі батальён — перадавыя пазіцыі на паўночным беразе канала. Гэтыя пяхотныя падраздзяленні трапілі пад нямецкі артылерыйскі абстрэл ужо на сваіх пазіцыях, як і 1-ы батальён 184-га палка, які быў заняты на земляных працах па пабудове супрацьтанкавага рову на паўночным беразе Аўгустоўскага канала ў раёне вёскі Рынкаўцы. Акрамя гэтага, разам з 213-м палком знаходзіўся і разведвальны батальён дывізіі — на ўзбраенні ён меў некалькі лёгкіх танкаў.

Атакавалі на гэтым накірунку (Юзэфова — Рынкаўцы — Дамброўка — Сонічы) 83-ці полк 28-й пяхотнай дывізіі і падраздзяленні 161-й пяхотнай дывізіі (вёска Сонічы — рака Чорная Ганьча). Паводле інфармацыі Бернарда Кранца, першапачаткова 83-ці полк сустрэўся толькі з невялікай перастрэлкай — адпор немцам аказвалі савецкія памежнікі лейтэнанта Віктара Усава (да 30 чалавек) і, магчыма, 1-ы батальён 184-га стралковага палка. У выніку перастрэлкі страты панёс нямецкі кавалерыйскі палкавы ўзвод. Узвод самакатчыкаў падпаручніка Рота рассеяў агнём савецкае падраздзяленне (колькасцю да ўзвода пяхоты), якое ў калоне рухалася да мяжы.

Аднак пры далейшым наступленні, каля 9 гадзін раніцы, батальёны 83-га палка заляглі перад Аўгустоўскім каналам пад агнём савецкіх падраздзяленняў і ДАКаў

Наступленне падраздзяленняў 161-й пяхотнай дывізіі адбівалі батальёны 213-га стралковага палка. Пасля некалькіх нямецкіх атак савецкія войскі адступілі з паўночнага берага Аўгустоўскага канала і ўзмацнілі пазіцыі ДАКаў. Каля 10 гадзін раніцы левафлангавы батальён 184-га савецкага палка таксама паспрабаваў адступіць і пераправіцца праз раку, аднак трапіў пад абстрэл сваіх жа ДАКаў! Толькі пасля таго як адзін з байцоў (кулямётчык Міхаіл Аляксеенка) пераправіўся праз раку і паказаў сваю кніжку чырвонаармейца, батальён далучыўся да сваіх войскаў.

 

аўтар рэпартажаў з Гродна Х.Слезіна каля шашэйнага маста праз Нёман.на браневіке ААС значок вавёркі - сімвал 612-й роты
Аўтар рэпартажаў з Гродна Х.Слезіна каля шашэйнага маста праз Нёман. На браневіку ААС значок вавёркі - сімвал 612-й роты

Мост праз Аўгустоўскі канал (шлюз Дамброўка) не быў знішчаны. Аднак 1-ы батальён 83-га палка не мог фарсіраваць па ім раку, бо ДАКі прастрэльвалі яго сваім агнём. Немцы пераправіліся праз канал уброд, выкарыстоўваючы дамбу як прыкрыццё. Толькі тады (каля 12 гадзін дня) была канчаткова знішчана і 3-я памежная застава лейтэнанта Віктара Усава (фальварак Юзэфова), туды перамясціўся штаб 83-га нямецкага палка. Тым не менш, далейшае нямецкае наступленне стала немагчымым. Артылерыйскі і кулямётны агонь з ДАКаў 9-га арткульбата зрываў атакі немцаў.

Каля 14 гадзін нямецкі 83-ці пяхотны полк атрымаў загад ачысціць тэрыторыю Сонічы—Сапоцкін—Новікі—Рудаўка і знішчыць гарнізоны ДАКаў.

Ва ўмацаваннях, якія размяшчаліся ў апорным пункце каля вёскі Новікі, знаходзілася вучэбная рота старшага лейтэнанта Кабылкіна з 9-га арткульбата. Апорны пункт складаўся з 6-ці ДАКаў. ДАК № 38 быў камандным на ўчастку роты. Тут знаходзіліся, акрамя гарнізона, намеснік камандзіра батальёна старшы лейтэнант Мілюкоў і камісар батальёна капітан Шапавалаў. ДАК меў на ўзбраенні дзве гарматы і кулямёты. На працягу першага дня вайны ДАК не падвергнуўся моцным атакам. Таму гарнізон паспеў выкапаць акопы і гэтым узмацніць пазіцыю. Моцнае супраціўленне аказала і доўгатэрміновая кропка № 39, № 54, № 55 (гарнізон 12 чалавек), № 59 (гарнізон 22 чалавекі), № 27.

Немцы прызнавалі, што ў пяхотных батальёнаў проста не было адпаведнай зброі, каб падавіць савецкія агнявыя кропкі. Выбуховыя матэрыялы, якія выкарыстоўваліся ўзводам сапёраў (зарады па 15 кг) не прабівалі бетон. Для абстрэлу савецкіх ДАКаў прыцягнулі 14-ю супрацьтанкавую роту палка, аднак агонь супрацьтанкавых гармат таксама быў неэфектыўны. Да вечара ўсе тры батальёны знаходзіліся на лініі ўмацаванага раёна, дзе вялі натуральную асаду ўмацаванняў. Аднак, нягледзячы на цяжкія баі, згодна з нямецкай інфармацыяй за дзень 83-ці пяхотны полк згубіў толькі 26 чалавек забітымі. Колькасць параненых пры гэтым была невядомая. Бернард Кранц прыводзіць такі запіс у дывізійным дзённіку:

Дывізія стаяла перад ворагам, які меў намер заняць прыгатаваную, пабудаваную загадзя пазіцыю, часткова ўзмоцненую жалезабетоннымі ўмацаваннямі. Перад левым палком дывізіі, 83-м пяхотным палком, пазіцыя была занята за нейкі час загадзя і цалкам гатовая да абароны.

Дзеянні савецкіх салдат, якія да апошняга абаранялі ўмацаванні, выклікалі ў праціўніка натуральнае здзіўленне. У адным з данясенняў дывізіі прыводзіліся наступныя факты: падчас штурму аднаго з ДАКаў адзін з савецкіх салдат пажадаў здацца ў палон і пабег у бок немцаў, аднак быў застрэлены сваімі ж. Другі савецкі салдат, застаўшыся апошнім ва ўзарваным умацаванні, падарваў сябе гранатай, калі туды зайшлі немцы. Многія канчалі сваё жыццё самагубствам.

Подзвіг салдат і афіцэраў вучэбнай роты 9-га арткульбата, якія не мелі ніякіх шанцаў на перамогу, працягваўся і ў наступныя дні.

***

Савецкі 213-ы стралковы полк і 1-ы батальён 184-га палка працягвалі займаць пазіцыі па Аўгустоўскім канале ў раёне вёскі Сонічы і далей да Нёмане на працягу ўсяго дня 22 чэрвеня. Ціск з боку немцаў па фронце Сонічы—Нямнова быў невялікі. Савецкія падраздзяленні працягвалі займаць гэтыя пазіцыі, не ведаючы, што яны ўжо адрэзаныя ад астатняй арміі. Генадзь Варанец, які служыў у стралковым палку, успамінаў:

Усе фашысцкія атакі днём 22 чэрвеня былі адбітыя. На нашым участку вораг не прайшоў. Батальён нават пераходзіў у атаку на другі бераг канала, аднак не здолеў там замацавацца. Не здолеўшы прарвацца на нашым накірунку, немцы пачалі абыходзіць нас па дарогах на поўдзень ад Сапоцкіна.

Верагодна, у тыле гэтых савецкіх сілаў у раёне Сапоцкіна знаходзіліся і артылерыйскія падраздзяленні 56-й стралковай дывізіі. 22 чэрвеня яны панеслі цяжкія страты. Так, 3-ці дывізіён 152-га карпуснога артылерыйскага палка, заняўшы пазіцыі, адкрыў агонь з 152-мм гаўбіц усляпую ў накірунку мяжы і расстраляў увесь боезапас. Пасля гэтага ён быў знішчаны нямецкай авіяцыяй. Гэтай авіяцыяй быў знішчаны і 113-ы лёгкаартылерыйскі полк 56-й дывізіі, які таксама знаходзіўся ў палатачным лагеры каля Гродна. Пасля бамбавання полк выступіў да мяжы і прыкрываў сваім агнём пазіцыі 213-га палка. Камандзір палка маёр Зайцаў, які, як у мірны час, вярхом на кані сам кіраваў падрыхтоўкай агнявых пазіцый палка, быў забіты. Бамбаванні і нямецкая артылерыя нанеслі палку вельмі цяжкія страты. Затым з тылу з’явіліся нямецкія «танкі» — гэта былі «штугі» ці бронетранспарцёры. У ходзе бою з імі полк быў канчаткова знішчаны. Да 6-ці гадзін вечара ў 113-м палку засталіся толькі дзве гарматы: 122-мм і 76-мм. Усю матэрыяльную частку згубіў і 247-ы гаўбічны полк (палатачны гарадок у мястэчку Свяцк).

З вакна пакою, адведзенага для палітаддзельцаў, быў бачны летні палатачны лагер гаўбічнага палка дывізіі, які размясціўся ў старым парку маёнтка. Запомнілася, што лагер быў добра асвечаны, былі бачныя роўныя лініі палатак, пасыпаныя пяском і агароджаныя пабеленай цэглай дарожкі. Прачнуўся я ад грукату разрываў снарадаў... глянуў у акно: па ўсім лагеры ўспышкі разрываў, слупы дыму і пылу, падалі абрыўкі палатак, галіны дрэваў… Артабстрэл ужо скончыўся. Ён цягнуўся не больш за 5 хвілін, аднак іх хапіла, каб знішчыць лагер гаўбічнага палка. Ніхто не ведае, колькі там загінула людзей,

— успамінаў малодшы палітрук 56-й стралковай дывізіі Міхаіл Дзяйнега.

Пасля пачатку вайны частка 152-мм гаўбіц была артылерыстамі ўстаноўлена ў недабудаваных ДАКах. Паводле ўспамінаў курсанта палкавой школы І. Я. Пагарэльскага, агнявыя пазіцыі палка знаходзіліся пад бесперапынным нямецкім артабстрэлам. Пасля некалькіх бамбаванняў з 1240 чалавек засталося толькі 78. Такім чынам была знішчана ўся артылерыя 56-й стралковай дывізіі.

З захаду ад Сапоцкіна наступалі 7-ы і 49-ы палкі 28-й пяхотнай дывізіі. Першапачаткова наступленне нямецкіх палкоў таксама спынілі ДАКі 68-га ўмацаванага раёна. На працягу 1,5 гадзін тут ішлі баі. Аднак пазней пазіцыі 10-га арткульбата (вёскі Доргунь—Маркаўцы—Багатыры і далей на захад) былі прарваныя на 5—9 км углыб палкамі 28-й і 8-й пяхотных дывізій. Тры батальёны 85-й стралковай дывізіі, занятыя на будаўніцтве ўмацаванняў у гэтым жа самым раёне, не вытрымалі гэтых атак. Пра іх лёс вядома няшмат. Так, напрыклад, 3-ці батальён 59-га палка, які знаходзіўся ў раёне вёскі Доргунь і меў толькі вартавую норму боепрыпасаў, быў атакаваны немцамі і рассеяны. Толькі адзінкі здолелі фарсіраваць Нёман і дабрацца да свайго палка. Адзін з гэтых батальёнаў на працягу дня нібыта нават перайшоў у наступленне і паглыбіўся на нямецкую тэрыторыю (!), аднак хутка адступіў. Праз некалькі гадзін пасля пачатку вайны гэтыя батальёны былі знішчаныя. Са сваёй дывізіяй яны не злучыліся.

У ранішнім данясенні групы армій «Цэнтр» адзначалася:

Да 5.30 войскі выйшлі на рубеж: 256-я пяхотная дывізія дасягнула дарог Аўгустоў, Гродна на поўдзень ад Краснага і сваім левым флангам падыходзіць да Кур’янка… 8-ы армейскі корпус — 8-я пяхотная дывізія, пераадольваючы моцнае супраціўленне праціўніка на вышыні на захад ад Багатыры-Лясныя, выйшла на дарогу Кур’янка—Сапоцкін у раёне Галынкі. У Маркаўцах працягваецца бой.

З нямецкага данясення бачна, што 8-я і 256-я нямецкія дывізіі прарвалі савецкую абарону мяжы на ўчастку Воўкуш—Краснае. Палкі 28-й дывізіі (у раёне вёскі Маркаўцы) яшчэ вялі баі.

На накірунку прарыву дзвюх нямецкіх дывізій разам з гарнізонамі ДАКаў, занятых 10-м арткульбатам, удар прыняў 37-ы стралковы полк 56-й дывізіі. Фактычна ў паласе яго абароны і наступалі падраздзяленні 8-й і 256-й нямецкіх дывізій. Абедзве дывізіі падтрымлівалі дывізіёны штурмавых гармат — 184-ы і 210-ы адпаведна. Дарэчы, пры фарсіраванні р.Ваўкушанка штурмавая гармата 184-га дывізіёна была падбіта. Яе камандзір обер-лейтэнант Пфайфер быў цяжка паранены. Доўга пратрымацца 37-ы полк не здолеў і адступіў у накірунку Гродна. Толькі невялікія ачагі супраціўлення ў паласе умацаванага раёна яшчэ вялі барацьбу. Так, на працягу цэлага дня ў раёне ДАКаў каля вёскі Краснае працягвалі супраціўляцца некалькі дзясяткаў байцоў з 2-га батальёна (капітан Зайцаў) 37-га стралковага палка з 2-ма мінамётамі. Пасля некалькіх атак з падтрымкай «штуг» немцы абышлі іх. Да вечара група ўзрасла да 100 чалавек і ноччу адступіла. Пазіцыі ж курсантаў палкавой школы 37-га палка, напрыклад, увогуле не былі атакаваныя цэлы дзень. 

адна з нямецкіх штурмавых гармат у раёне на поўдзень ад Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка
Адна з нямецкіх штурмавых гармат у раёне на поўдзень ад Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка

Удала дзейнічала 161-я нямецкая пяхотная дывізія (наступала на левым фланзе VIII корпуса). Яна вельмі хутка прарвалася на сутыку 3-й і 11-й савецкіх армій і выйшла да Нёмана ўжо ў 7.30 раніцы! На працягу дня палкі дывізіі здолелі хутка фарсіраваць раку.

Узмоцнены 38-ы нямецкі пяхотны полк 8-й пяхотнай дывізіі ужо пасля 6 гадзін раніцы сваімі перадавымі падраздзяленнямі выйшаў да вёскі Галынка. 28-ы пяхотны полк, які наступаў правей яго, да абеда працягваў весці цяжкія баі за вузел савецкіх умацаванняў у раёне вёскі Багатыры і толькі затым пачаў даганяць свайго суседа. Абодва палкі працягвалі развіваць прарыў ва ўсходнім напрамку — да Нёмана з мэтай яго фарсіравання. 84-ы полк і 8-ы разведвальны батальён павінны былі прыкрыць іх з правага флангу. Разведвальны батальён дывізіі меў задачу забяспечыць абшар паміж рэкамі Ласосна і Прыпілія.

Такім чынам, у раёне на поўдзень ад Сапоцкіна немцы развівалі свой прарыў. Значная частка 56-й стралковай дывізіі ўжо была разгромлена ці акружана. 4-ы стралковы корпус меў у сваім распараджэнні для абароны гродзенскага накірунку яшчэ 85-ю стралковую дывізію, якая знаходзілася ў самім горадзе.

Пасля першага бамбавання стралковыя палкі 85-й стралковай дывізіі з раёна вёскі Солы пачалі выходзіць з вайсковых гарадкоў і разгрупоўвацца ў раёне палявога лагера. У першай палове дня камандзір дывізіі генерал Аляксандр Бандоўскі быў выкліканы ў штаб арміі, дзе атрымаў загад заняць часткамі дывізіі пазіцыі па рацэ Ласосна (у некалькіх кіламетрах на захад, на паўднёвы захад ад горада), дзе павінен быў праходзіць другі рубеж абароны. Гаўбічны і артылерыйскі палкі павінны былі прыкрываць пазіцыі сваёй пяхоты. 59-ы полк дывізіі, на загад камандуючага арміяй, павінен быў застацца ў правабярэжнай частцы горада (некалькі ягоных ротаў склалі абарону штаба арміі). Такім чынам, 85-я стралковая дывізія з самага пачатку была пазбаўлена аднаго з сваіх палкоў. 59-ы полк заняў абарону ўздоўж ракі, у раёне вёскі Грандзічы. Больш з дывізіяй ён не сустракаўся. На поўнач ад 59-га палка, у раёне мястэчка Гожа размяшчаўся палатачны гарадок 184-га палка 56-й дывізіі (два батальёны). У раёне Крэйдавых гор і вусця ракі Ласосна знаходзіліся пазіцыі акруговай школы падрыхтоўкі каманднага складу для памежных застаў. Да вечара батальёны 184-га і 59-га палкоў і школа каманднага складу займалі пазіцыі ўздоўж Нёмана, каб не дапусціць яго фарсіравання немцамі.

Як бачна, камандаваннем 3-й арміі ствараўся другі рубеж абароны: Ласосна — Нёман (на поўнач ад Гродна).

Становішча 3-й арміі, між тым, пагаршалася з кожнай гадзінай. Аднак інфармацыя з фронту прыходзіла са значным спазненнем і, на жаль, не ў поўным аб’ёме. Так, толькі каля 10 гадзін раніцы штаб 3-й арміі атрымаў інфармацыю пра пераход немцамі дзяржаўнай мяжы і прарыў імі пазіцый 4-га стралковага корпуса:

«Праціўнік прарваў нашыя войскі і авалодаў Сапоцкін, Галынка,  Ліпск».

Сувязі з Мінскам і са штабамі 10-й і 11-й армій у генерала Васіля Кузняцова па-ранейшаму не было. 

Для нанясення контрудара па нямецкіх войсках на захад ад Гродна камандуючым 3-й арміі было прынята рашэнне выкарыстаць 11-ы механізаваны корпус, які павінен быў узаемадзейнічаць з 56-й стралковай дывізіяй. Праўда, палкі стралковай дывізіі ўжо некалькі гадзін вялі цяжкія абарончыя баі, а некаторыя з падраздзяленняў ужо не існавалі. Сувязі са штабам 11-га корпуса (Ваўкавыск) ужо неіснавала, аднак яго часці распачалі марш у накірунку Гродна, згодна плану прыкрыцця. Загад Кузняцова атрымаў толькі камандзір 29-й танкавай дывізіі палкоўнік Студнеў.

Да сярэдзіны дня 22 чэрвеня ў раёне Гродна яшчэ дзейнічаў 122-гі савецкі знішчальны авіяполк. Пасля бамбаванняў, праведзеных раніцай, ён атрымаў адчувальныя страты ў тэхніцы, аднак палёты не спыніў. Каля 12-й гадзіны пілот аднаго з самалётаў, які падняўся на разведку, убачыў нямецкую калону, якая накіроўвалася да аэрадрома. Гэта былі нямецкія падраздзяленні 256-й пяхотнай дывізіі, якія прарваліся праз савецкую абарону. Ацалелыя самалёты адразу ж пачалі пакідаць аэрадром. У 12.15 486-ы пяхотны полк (ён прарваўся праз Скеблева і Кур’янку), узмоцнены «штугамі» 210-га дывізіёна штурмавых гармат захапіў аэрадром у Новым Двару. На ім, паводле нямецкіх звестак, было знішчана ад 19 да 49 самалётаў. Рэшткі 122-га авіяпалка пераляцелі на аэрадромы Скідзеля і Ліды. За дзень полк збіў 15 нямецкіх самалётаў, аднак і сам быў амаль што знішчаны.

Зміцер Люцік

Scroll to top