Упэўнена сцвярджаю, што на пытанне аб тым, якія княствы складалі старажытную Беларусь, любы з вас пералічыць Полацкае, Тураўскае, Смаленскае, назаве нават Северскае і ў меншым выпадку напрыканцы нагадае Гарадзенскае. I ўжо зусім нічога не зможа распавесці пра гісторыю Гарадзенскага княства і ягоных князёў. 


Ні паданняў, ні разгорнутых летапісных аповядаў не данесла да нас гісторыя пра стварэнне і пачатковыя падзеі Гарадзенскага княства. Адзін Іпацьеўскі летапіс нешматлікімі "зярняткамі" - запісамі захаваў да нашага часу сціслыя ўпамінанні аб дзейнасці першых князёў гарадзенскіх. Каб зрушыць гэтую справу, натхнімся радкамі Максіма Багдановіча:
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Уж колькі тысяч год стаіць магіла:
У гаршку насення жменю там нашлі,
Хоць зерняткі засохшымі былі,
Усе ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глыбы на прастор прабіцца.
Пасадзім жа і мы свае "зярняткі" ў глебу краязнаўчага доследу і паспрабуем дачакацца руні.
"6624 (1116) ...в се же лето преставися Мстіславъ внукъ Пгоревъ. Томь же лете Володимеръ отда дщерь свою Огафыо за Всеволодка”.
Як бачым, першае летапіснае "зерне" вельмі лаканічнае. Але лаканізм ягоны надта красамоўны, бо захоўвае генетычную інфармацыю. Няхай яна "прарастае" з дапамогай гісторыі, археалогіі, крыніцазнаўства і генеалогіі.
З пачатку трэба зазначыць, што гэта за год такі - 1116-ы для вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха (а менавіта яго называе летапісец пад імем Уладзімір). Да гэтага часу Кіеў пашырыў сваю тэрыторыю на паўночны захад, далучыўшы да свайго княства частку зямлі яцвягаў - Яцвягіі і наблізіўшыся да ўладанняў племені Літва. I менавіта тады перад Уладзімірам Манамахам паўстала праблема замацавацца на гэтым паўночным рубяжы, забяспечыць ягоную абарону ад балцкіх паганскіх плямёнаў літвы і яцвягаў.
З літаратурных крыніц можна даведацца, што да гэтага моманту малодшая дачка Уладзіміра Манамаха дасягнула шлюбнага ўзросту (на тыя часы - 16 гадоў). I тут якраз (ну зусім як сякера пад лаўкай) знайшоўся для яе вельмі ўдалы жаніх. I вось менавіта аб гэтым шлюбе і пойдзе наш падрабязны аповяд.
Каб неяк зрушыцца з месца, запытаемся ў саміх сябе: "А ці выпадкова згаданыя звесткі аб смерці ўнука Ігара Мсціслава і шлюбе Агаф'і са Усеваладкам змешчаны побач? Ці няма паміж імі сувязі?" I тады, зноў звярнуўшыся да пісьмовых крыніц, паступова прыйдзем да высновы, што сувязь ёсць, і сувязь самая непасрэдная: другі гістарычны факт (шлюб) непасрэдна вынікае з першага (смерці). Якім чынам? Каб высветліць гэга, адкажам спачатку на пытанне: Чаму?
Чаму летапісец канкрэтызуе імя князя незвычайным для нас чынам — не праз імя бацькі, а праз імя дзеда? Правільна, хутчэй за ўсё таму, што на той час, калі ствараўся летапіс, у Кіеўскім княстве былі вядомы па меншай меры два князі з імёнамі Мсціслаў і імёнамі па бацьку Усеваладавіч* (менавіта гэта імя па бацьку даволі лёгка выяўляецца пры аналізе пісьмовых крыніц). Да таго ж, адразу з першай фразы прыведзенай цытаты летапісу позірк дасведчанага чытача перакідвае масток на другую фразу, на імя "Усеваладка" (які таксама ўнук таго ж Ігара, а менавіта Ігара Яраславіча, малодшага, сёмага сына Яраслава Мудрага). Толькі бацькам Усеваладкі быў Давыд Ігаравіч, а бацькам Мсціслава - Усевалад Ігаравіч, родны брат Давыда. Такім чынам, згадваючы імя дзеда, летапісец быў упэўнены, што чытач адназначна зразумее аб смерці якога князя ідзе размова і тады яму стане зразумелым непазбежнасць шлюбу Усеваладкі. Чаму?
Каб адказаць на гэтае чарговае "Чаму?", трэба нам з вамі трапіць у Вышгарад у суботу першага тыдня посту (дзень св. Фёдара) 19 лютага 1054 года і надвячоркам зазірнуць у пакой вялікага кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Там, ля ложка паміраючага князя, мы ўбачым яго сыноў і пачуем слабеючы голас Яраслава Мудрага: "Вось я адыходжу з гэтага свету. А вы, мае сыны, майце між сабою любоў, бо вы браты ад аднаго бацькі і адной маці. I калі будзеце вы ў любові паміж сабою, то і Бог будзе разам з вамі, і падпарадкуе ён вам ворагаў вашых, і будзеце вы жыць мірна. Калі ж вы будзеце ў ненавісці жыць, у сварках, то і самі загінеце, і зямлю бацькоў сваіх і дзядоў сваіх пагубіце, якую яны здабылі працай вялікай. Так слухайце брат брата, жывіце мірна. Зараз жа даручаю я - замест сябе - стол свой, Кіеў, старэйшаму сыну свайму, брату вашаму, Ізяславу. Слухайце яго, як слухалі і мяне, няхай ён вам будзе замест мяне. А Святаславу даю я Чарнігаў, Усеваладу - Пераяслаўль, Вячаславу - Смаленск, Ігару - Уладзімір”. Такім чынам нам з вамі давялося прысутнічаць пры апошніх хвілінах жыцця Яраслава Мудрага, які памёр у ноч на 20 лютага 1054 года і нават пачуць з ягоных вуснаў завяшчанне.
Па гэтаму завяшчанню на Русі было ўведзена правіла прыступкавага (лесвічнага) узыходжання на Кіеўскі вялікакняскі стол: вялікім князем мог стаць толькі старэйшы з жывых сыноў Яраслава Мудрага, астатнія аўтаматычна ўздымаліся на прыступку вышэй: з Уладзіміра - у Смаленск, з Смаленска - у Пераяслаўль, з Пераяслаўля - у Чарнігаў, з Чарнігава - у Кіеў. Адсюль, зноў такі аўтаматычна, нашчадкі бацькі памерлага раней дзеда страчвалі права наследвання бацькоўскай (айчыннай) зямлі і станавіліся князямі-ізгоямі. Гэтае правіла прыступкавага ўзыходжання дапамагала захаваць адзінаўладдзе ў Кіеўскім княстве ў руках старэйшага з прадстаўнікоў роду і забяспечыць непадзельнасць, адзінства ўсяго княства, яго палітычную моц.
Калі б князі паміралі згодна свайго ўзросту, то ўсё ішло б нармальна. Але Яраслаў Мудры не ўлічыў, не прадугледзеў ні толькі ізгойства, але і выпадковасці чалавечага жыцця. Ні толькі сын можа памерці раней бацькі, але і малодшы брат раней старэйшага. I тады колькасць князёў-ізгояў памнажаецца і, як паказала жыццё, два-тры князі-ізгоі, інтарэсы якіх (забеспячэнне сябе ўдзеламі) супадаюць, ствараюць рэальную небяспеку для адзінства дзяржавы.
Сталася так, што спачатку памёр перадапошні сын Яраслава Мудрага Вячаслаў (1057 г.), які сядзеў у Смаленску. Аўтаматычна на ягонае месца прыйшоў Ігар Яраслававіч (а горад Уладзімір дастаўся князю-ізгою, сыну старэйшага з Яраславічаў Уладзіміра, памерлага на два гады раней бацькі (1052), Расціславу Уладзіміравічу). Але ў 1060 годзе ва ўзросце 24 год памірае Ігар Яраслававіч і ягоныя сыны Усевалад і Давыд становяцца ізгоямі. Праз 20 год, калі падрастае і набірае моц Давыд Ігаравіч, старажытныя летапісы надаюць яго дзейнасці вялікую ўвагу: захоп Тмутаракані, асляпленне па ягонай ініцыятыве Васілька Расціславіча.
Каля 1098 г. Давыд Ігаравіч ажаніўся на дачцы Валадара, унучцы згаданага вышэй Расціслава Уладзіміравіча, і ў яго нарадзіўся сын Усевалад (Усеваладка). Сваім нараджэннем ён спалучыў старэйшую (праз Уладзіміра Яраславіча) і малодшую (праз Ігара Яраславіча) генеалагічныя лініі Яраславічаў і генегычна ўвабраў у сябе лепшыя рысы сваіх продкаў: упартасць, светлы розум, рашучасць, памяркоўнасць.
У 1112 годзе Давыд Ігаравіч памірае і адзіным апекуном стаўшага князем-ізгоем падлетка Усеваладка застаецца ягоны старэйшы стрыечны брат Мсціслаў - таксама ізгой. I калі памірае ў 1116 годзе гэты апошні апекун, на дапамогу юнаку прыходзіць сваяк - вялікі кіеўскі князь Уладзімір Манамах. Ён ажаніў Усевалада з Агаф'яй і ў якасці пасага маладым даў Замкавую гару над Нёманам і пажаданне замацоўваць паўночныя межы Кіеўскага княства. У 1116 годзе тут і ўзнікла княская рэзідэнцыя, стаўшая цэнтрам удзельнага Гарадзенскага княства; ужо ў 1127 годзе яно згадваецца летапісцамі. У Гарадзенскім княстве налічвалася каля 20 насельных пунктаў: Ваўкавыеск, Услонім, Здзітаў, Турыйск, Мсцібогаў і іншыя.
Княгіня Агаф'я Уладзіміраўна была таксама нашчадкам Яраслава Мудрага (праз Усевалада Яраславіча) і да таго ж - унучкай апошняга англа-саксонскага караля Гаральда, дачка якога, Гіта, пасля гібелі бацькі ў 1067 годзе разам з маці трапіла на еўрапейскі кантынент і неўзабаве стала жонкай Уладзіміра Манамаха.
Вось якія парасткі дало толькі адно, амаль ссохлае за даўнасцю часоў "зернятка" старажытнай пісьмовай крыніцы. Наступныя "зерняткі" мы толькі ўкінем у глебу, бо для парасткаў з іх, мабыць, яшчэ не прыспеў час.
Як ужо адзначалася, гарадзенскі князь згадваецца ў летапісах пад 1127 годам. Летапісец паведамляе: "Пасла князь Мстиславъ братью свою на Кривиче четырьми пути. Вячеслава ис Турова, Андрея из Володимира. А Всеволодка из Городна. И Вячеслава Яраславича ис Клечска. Тем повеле ити к Изяславлю..." (з Лаўрэнцьеўскага летапісу). Як бачым, слова "пасла" сведчыць аб тым, што ўсе чатыры князі былі васаламі вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча, а значыцца знаходзіліся ў палітычнай залежнасці ад яго. У тым ліку і гарадзенскі князь Усевалад Давыдавіч (нават імя яго і тут падаецца змяншальна, як у выпадку з 1116 годам: "Усеваладка з Горадна".
Але ўжо праз пяць гадоў летапіс паведамляе: "Ходи Мстиславь на Литву съ Всеволодомъ Городенским". Такая павага летапісца (поўны тытул князя), безумоўна, сведчыць аб тым, што Гарадзенскае княства, дзякуючы асабістым якасцям ягоных уладароў, дамоглася адноснай палітычнай незалежнасці і стала саюзнікам Кіева. Пацверджаннем гэтага з'яўляецца і сумнае паведамленне летапісаў аб смерці Усевалада Гарадзенскага ў 1141 годзе ("Преставися Все- володъ Городенский"), а таксама запіс пад 1144 г. аб паходзе на Галіч Барыса і Глеба Усеваладавічаў разам (а не па загаду!) з кіеўскім князем Усеваладам. Барыс і Глеб - гэта старэйшыя сыны Усевалада і Агаф'і. Былі ў іх яшчэ адзін сын Мсціслаў і дзве дачкі, якіх у 1144 годзе кіеўскі князь Усевалад аддаў замуж: адну за Уладзіміра Давыдавіча Чарнігаўскага, другую -- за Юрыя Яраславіча Тураўскага. Імёны дачок летапіс не згадвае, але калі ўлічыць існуючую ў тыя часы добрую традыцыю даваць дзецям імёны бабуль і дзядуль, то можна дапусціць, што адна з дачок Агаф'і і Усевалада атрымала імя ў гонар сваёй бабулі па маці, дачкі караля Гаральда Гіты, а імя бабулі па бацьку Ланкі ці Алены, Ілоны, атрымала другая дачка.
Тая дачка, якая выйшла замуж за Уладзіміра Давыдавіча (яе верагоднае імя - Гіта), мела сына Святаслава, які ў 1159 годзе ажаніўся на дачцэ Андрэя Багалюбскага. Другая сям'я (Ланка Усеваладаўна і Юры Яраславіч) дала пачатак дынастыі пінскіх князёў, радавод якіх выводзіць на князёў Астрожскіх і ў тым ліку, на славутага князя, героя Аршанскай бітвы 1514 года, Канстанціна Астрожскага. Так што гарадзенцы могуць ганарыцца тым, што ў жылах гэтага чалавека цякла кроў гарадзенскіх князёў!
Генеалогія гарадзенскіх князёў, якая бярэ пачатак ад князя Рурыка, не абмяжоўваецца толькі галінай Яраславічаў. Ёсць падставы сцвярджаць, што другая галіна роду Рурыкавічаў, якая спалучылася з Рагвалодавічамі - Ізяславічы (з ёю перш за ўсё звязана гісторыя Полацкага княства), таксама мае дачыненне і да Гарадзенскага княства.

 


Звернемся зноў да згаданага намі ў аповядзе "Імя горада" песні-плача пра Ізяслава Васількавіча Полацкага з "Слова аб палку Ігаравым". Апошнія словы згаданага ўрыўка: "...Трубы трубят городенскіи" становяцца больш зразумелымі, калі меркаваць, што ў склад Гарадзенскага княства XII стагоддзя ўваходзіў Наваградак. На карысць гэтага сведчыць і замоўчванне Навагародка летапісамі XII ст.: закладзены яшчэ ў 1044 годзе Яраславам Мудрым, ён тады яшчэ не набыў вялікага палітычнага і культурнага значэння і падпарадкоўваўся Горадзену. А зараз давайце зробім яшчэ больш фантастычнае меркаванне. Што, калі загадкавы Ізяслаў Васількавіч, імя якога сустракаецца толькі ў "Слове аб палку Ігаравым", ніхто іншы як летапісны Усяслаў Васількавіч? Перапісчыкі "Слова..." маглі трансфармірваць імя Усяслаў у "Ізяслаў" - выпадкаў скажэння тэксту, так званых "цьмяных мясцін" у "Слове..." нямала. Летапісныя звесткі даносяць, што Усяслаў Васількавіч з 1161 года па 1186 год быў спачатку полацкім, а потым віцебскім князем, а ў 1186 годзе "З Друцка Усяслаў" разам з Давыдам Расціславічам Смаленскім, сынам яго Мсціславам - Давыдавічам Ноўгародскім і Васільком Валадаравічам Лагожскім пайшоў на Полацк. Палачане тады змірыліся з ноўгародцамі і смалянамі, але іх узаемаадносіны з Усяславам Васількавічам маглі абвастрыцца настолькі, што ён вымушаны быў шукаць ратунку ў землях Гарадзенскага княства. Менавіта ў Наваградку, дзе на той час ужо мог княжыць вядомы па летапісах як Наваградскі князь, ягоны пляменнік Мікула Валодшыч. Верагодна, што Усяслаў Васількавіч працягваў заставацца друцкім князем і ў тым жа 1186 годзе выступіў супраць вояў премені літв, якія звычайна выступалі на баку полацкіх князёў, і загінуў. Гэта быў самы свежы прыклад драматычнага выніку ўсобіц паміж князямі - братамі па крыві. I менавіта яго выкарыстаў аўтар "Слова...", каб замацаваць свой заклік да яднання нашчадкаў Яраслава Мудрага і Усяслава Брачыславіча (Усяслава Чарадзея): "Яраслаўлі ўсе ўнукі і Усяслаўлі!". Палітычныя ўзаемаадносіны, якія складваліся паміж Полацкім і Кіеўскім княствамі не дазволілі ажыццявіць палымяны заклік аўтара "Слова...". А нам з вамі зразумела, чаму на дапамогу Усяславу Васількавічу не прыйшлі браты Брачыслаў і Усевалад — яны былі на баку Полацка, а значыць і "літоўцаў". Зразумела таксама і чаму "Трубы трубятъ городзенскіи" - бо князь загінуў за інтарэсы і Гарадзенскага княства і, магчыма, на яго тэрыторыі.
Летапісныя "зярняткі" разам з археалагічнымі здабыткамі даюць толькі першыя "ўсходы". Хочацца спадзявацца, што маладое пакаленне гарадзенскіх краязнаўцаў з плёнам працягне высакародную "земляробчую" (краястваральную) справу.

* Мсціслаў Усеваладавіч (к 1080 - 1116), унук Ігара Яраслававіча (к. 1036 - 1060) і Мсціслаў Усеваладавіч Гарадзенскі (к. 1125 - пасля 1184), праўнук таго ж Ігара Яраслававіча.

 Алесь Госцеў

Scroll to top