Наш горад здаўна ганарыцца еўрапейскімі традыцыямі. I гонар яго не беспадстаўны. Горадзен адзін з першых гарадоў Вялікага княства Літоўскага атрымаў права самакіравання - так званае магдэбургскае права. Юрыдычныя правы гарадоў на самакіраванне ўзніклі ў Заходняй Еўропе з канца XI стагоддзя як вынік барацьбы гараджан са сваімі сіньёрамі (біскупамі, феадаламі, каралямі) і паступова распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе.
Найбольш ранняя форма гарадскога самакіравання, якая склалася ў некаторых італьянскіх, французскіх і нямецкіх гарадах (Ліль, Тулуза, Амьен, Ворм, Кёльн і інш.), гэта камуна (ад познялац. communa — абшчына) — выбары з ліку гараджан гарадской Рады і адказных асобаў, уласны гарадскі суд, гарадское апалчэнне, асобныя гарадскія фінансы і падаткаабкладанне. Права горада на самакіраванне сіньёр пацвярджаў хартыяй, па якой горад быў абавязаны штогод выплочваць сіньёру пэўную суму грошай — рэнту і падчас вайны выстаўляць войска. Цікава, што не ўсе, нават самыя вялікія гарады, такія як Парыж, карысталіся такім правам у поўным аб'ёме. Нярэдка сіньёр згаджаўся на частковае самакіраванне і тады выбарныя органы дзейнічалі сумесна з чыноўнікам*, які прызначаўся сіньёрам. Найбольш поўныя правы на самакіраванне атрымлівалі імперскія (каралеўскія) і біскупскія гарады. Менавіта ў гэтыя часы і ўзнікла нямецкая прыказка "Гарадское паветра робіць вольным".
Сярод еўрапейскіх гарадоў, якія паступова набывалі найбольш поўныя правы на самакіраванне, вылучыўся нямецкі горад на Эльбе Магдэбург (вядомы з 805 г., з 968 г. цэнтр Магдэбургскага архібіскупства). Пачаткам магдэбургскага права на самакіраванне, якое канчаткова склалася ў XIII ст. і паступова набыло шырокую вядомасць, былі прывілеі, якія даў у 1188 г. гарадскому патрыцыяту** тагачасны архібіскуп Віхман. Незвычайная папулярнасць менавіта магдэбургскага права тлумачыцца тым, што яно мела рознабаковы, усеабдымны (універсальны) характар: тлумачыла розныя віды прававых зносін — дзейнасць гарадской выбарнай улады, уласнага суда (яго кампетэнцыю і парадак судовай вытворчасці), пытанне зямельнай уласнасці ў межах горада,парушэнні ўладання, захопу рухомай маёмасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г. д. Асаблівае месца займалі нормы, якія рэгулявалі гандаль і рамёслы, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдзій, парадак падаткаабкладанняў. Для паўнаты інфармацыі зазначым, што ва Усходняй Прусіі дзейнічала т. зв. кульмінскае ці хельмінскае права, дзе вышэйшай судовай інстанцыяй быў суд у Хелмне (з 1251), а потым у Таруні (з 1466).
Узнікненне такога юрыдычнага статуса гарадоў (гарады з правам самакіравання) у Вялікім княстве Літоўскім напрыканцы XIV ст. з аднаго боку сведчыла, аб значнай ролі гарадскога насельніцтва ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці дзяржавы. З другога ж боку яно сведчыла аб зацікаўленасці гаспадароў у павелічэнні гэтай ролі. А гэта ўжо пэўны ўзровень мыслення кіраўніцтва. Прычым еўрапейскага мыслення. Бо інакш як зразумець, што манарх (ці феадал) дабравольна (а ў ВКЛ гэта на самой справе рабілася з боку гаспадара дабравольна) вызваляе сваіх падданых ад уласнай залежнасці, ад рознага роду павіннасцяў і нават гарантуе ім (што значыць — бярэ пад сваю абарону) свабодныя заняткі рамяством, гандлем, земляробствам і нават дазваляе абіраць свой, самастойны і амаль што незалежны ад улады манарха орган кіравання горадам — магістрат, свой суд, ствараць рамесныя аб'яднанпі - цэхі.
Грамату на магдэбургскае права выдаваў (а называлася яшчэ больш урачыста — дараваў, бо на тыя часы гэта быў на самой справе самы каштоўны падарунак) вярхоўны ўладар (ці ўладальнік горада, калі горад належаў прыватнай асобе — феадалу). На Беларусі адпаведна — вялікі кііязь літоўскі ці магнат. Першымі гарадамі ВКЛ, якія атрымалі граматы (прывілеі) на магдэбургскае права, былі Вільня (1387), Бярэсце (1390) і Горадзен (1391). У гэты час вялікім князем літоўскім (з 1377 г.) быў Ягайла, сын Ольгерда. У 1382 годзе ў Крэўскім замку Ягайла забіў свайго роднага дзядзьку Кейстута (31 мая 1380 года Ягайла заключыў тайную замову з тэўтонскім ордэнам; зведаўшы пра гэта Кейстут адхіліў Ягайлу ад улады і абвясціў сябе вялікім князем; 12 ліпеня Ягайла здзейсніў пераварот, заняў Тракай - радавы маёнтак Кейстута і паланіў дзядзьку разам з ягоным сынам Вітаўтам і нявесткай). Вітаўт, пераапрануўшыся ў адзенне служанкі сваёй жонкі Оны (Ганны), збягае да крыжаносцаў і, заручыўшыся іх падтрымкай, замацоўваецца ў Горадне — уласным уладанні свайго бацькі. У 1384 годзе, пасля дамовы Вітаўта з Ягайлам Горадзен становіцца 2-й сталіцай ВКЛ.
Пачынаецца перыяд уздыму эканамічнага і культурнага жыцця горада (для заахвочвання гандлю Вітаўт будуе першы каталіцкі храм Горадзена — фару Вітаўта; 18 чэрвеня 1389 года дае грамату гарадзенскім яўрэям — прывілей на права і вольнасці: "...бажніца і могілкі вызваляюцца ад падаткаў". У 1386 годзе Ягайла ажаніўся на польскай каралеўне Ядзвізе і стаў каралём польскім. Паступова абвастраюцца ягоныя адносіны з Вітаўтам і ў сакавіку 1390 года ўспыхвае вайна паміж стрыечнымі братамі.
Няцяжка ўявіць сабе матэрыяльныя страты горада і гараджан. Каб спрыяць адраджэнню Горадзена, Ягайла і даруе гараджанам прывілей на магдэбургскае права (1391 г.). Але гэта было няпоўнае, так званае Малое магдэбургскае права: гараджане вызваляліся ад упраўлення і суда феадала (у прыватнасці, гэта быў Вітаўт) і ад шэрагу феадальных павіннасцяў.
У 1413 годзе згодна з Гарадзельскай уніяй, у ВКЛ скасоўваюцца княствы і Горадзен становіцца павятовым горадам Трокскага ваяводства. Дакладных звестак не маем, але падобна на тое, што з канца 1391 года Горадзен рэальным правам на самакіраванне не карыстаўся, бо ў 1444 годзе вялікі князь літоўскі (з 1440 г.) Казімір Ягелонавіч даруе (а не пацверджвае) Горадзену магдэбургскае права (падчас свайго знаходжання ў Бярэсці). Вялікі князь Казімір лічыў Горадзен сярод 15 буйнейшых гарадоў ВКЛ. Па гэтаму прывілею гараджане вызваляліся ад абавязкаў рамантаваць замкі і выконваць вазовую (падводную) павіннасць для дзяржаўных чыноўнікаў.
Усё вышэйазначанае Вы, шаноўны чытач, можаце знайсці ў любой сучаснай энцыклапедыі ці падручніку па гісторыі ці нават у папулярнай кніжцы. Але вось мы бярэм у рукі копію Прывілея 1496 г. "найяснейшага Аляксандра, князя літоўскага", якая захоўваецца ў беларускім дзяржаўным гістарычным архіве ў Гродне*, і чытаем: "Мы, Аляксандр з ласкі божай вялікі князь літоўскі, рускі, жамойцкі і г. д., Гаспадар і Пераемнік Заяўляем словамі гэтымі каму належыць усім сучаснікам і потым будучым, якія аб гэтым вядомасць мець будуць: так як Мы ўзбагачэння паспалітага ўвесь час прагнучы і жадаючы, каб фінансавае становішча нашага Горадзена было лепшае і каб людзі яго насяляючыя парадкам добрым і слушным у сваіх уладаннях сталі багацейшымі... з Права Літоўскага ці Рускага і якога яшчэ раней атрыманага на Права нямецкае Майдэборскім празванае прызначаем, якое вечныя часы павінна цягнуцца згодна свайго поўнага і цэлага кшталту, адцясняючы адсюль усякае права раней атрыманае, і спосабы і звычаі ўсе існуючыя, якія б таму сапраўднаму праву Тэўтонскаму Майдэборскаму маглі перашкаджаць...". Праўда, копія гэта ў перакладзе са старажытнабеларускай на польскую мову 1830-х г.г. і мы вымушаны рабіць амаль што адваротны пераклад (што, аб’ектыўна кажучы, не карэктна). Але ў дадзеным выпадку ёсць аналаг — сапраўдны тэкст Прывілеі таго ж вялікага князя Аляксандра аб наданні магдэбургскага права Полацку (1498 г.*), у якім адпаведныя радкі гучаць так: "...Мы, Александр чиним знаменито тым нашим листом каждому, кому потреба его ведати, ныненшим и напотом будучим: иж маючи взгляд к посполитого доброго размножению и хотячи положенье места нашого Полоцкого в мере лепшой поставаити, штобы люди наши, там живучыи, через вряд добрый а справедливый были размножены, тое место наше с права литовского и руского и которое, коли будет там держано, в право немецкое майдеборское переменяем на вечные часы и подлуг того-то права майдеборского, зуполного обычаю и сее уставы, отдаляючи тамже вси права, уставы и обычаи перво держаные, которые ж тое права майдеборское нагабають або перакажають".
Атрымліваецца, строга кажучы, што самакіраванне, якое надавалі гарадам ВКЛ Ягайла і ягоны сын Казімір было своеасаблівым і мела ўласную назву: Літоўскае (Рускае) права. I паколькі не толькі сапраўдных тэкстаў гэтых прывілеяў, але і нават спасылак на іх мы не маем, то лепш нам гэтымі заўвагамі абмежавацца і чакаць найноўшых даследаванняў.
Але маючы, нават у перакладзе на польскую мову, копію сапраўднага тэкста прывілею 1496 года, можна сцвярджаць, што сапраўднае магдэбургскае права надаецца Горадзену прывілеям вялікага літоўскага князя Аляксандра Казіміравіча ў Берштах - вялікакняжаскім двары, дзе на гой час праходзіў сойм ВКЛ "у панядзелак у самы дзень Св. Бенядзікта** в лето вчеловечення 1496". Згодна з гэтым прывілеем гораду надаецца войтаўства і быў створаны гарадскі орган самакіравання - магістрат, які адыгрываў ролю адміністратыўнай улады, судзебных і паліцэйскіх функцый, сачыў за гандлем, збіраў падаткі. Магістрату падпарадкоўваліся ўсе жыхары горада-места***, акрамя тых, хто жыў у юрыдыкі****. Горад вызваляўся ад гандлёвых пошлін, атрымаў дазвол на пабудову ратушы "і тройчы ў год кожны кірмашы мець згодна з іх багаццем і згодна звычаю праводзіць. Першы на дзень свята падняцця Святога крыжа*****, другі на свята Святой Магдалены******, трэці на свята Святога Андрэя*******. А кожны з іх павінен цягнуцца тыдзень".
Магістрату прадпісвалася пабудаваць млын на Нёмане, тры карчмы, лазню, камяніцу для ўтрымання ў ёй вагаў, васкабойню, даходы ад якіх паступалі на карысць горада. Прывілей Аляксандра Казіміравіча вызваляў гараднян ад абавязкаў рамантаваць вялікакняскі замак, а таксама даваць падводы вялікакняскім чыноўнікам, акрамя выпадкаў, калі асобы прад'яўлялі адкрытыя лісты з вялікакняскай пячаткай. Гарадняне павінны былі вялікаму князю таксама "усе і кожны асобна несці трэці грош ад усякіх чыншаў*, працэнтаў, дараванняў, судоў, він праўных і прыходаў якіх-кольвек", а таксама асвятляць шлях падчас вялікакняскага палявання.
У адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права гараджане абіралі Раду (якая складалася з 11 радцаў) і Лаву (12 лаўнікаў) з ліку купцоў і заможных майстроў**, цэхмістраў***. Бурмістраў, якія ўзначальвалі раду, было двое — праваслаўны і каталік. Іх мяшчане абіралі з ліку райцаў. Яны вялі пасяджэнні рады па чарзе і абіраліся штогод. Пасяджэнні рады праводзіў войт****, які прызначаўся вялікім князем і быў вышэйшай судовай інстанцыяй у горадзе, узначальваў Лаву (войтава-лаўнічы ці магдэбурскі суд).
Такім чынам вялікі князь пазбавіў мяшчан ад падсуднасці ваяводам, старастам, княжаскім суддзям, падсудкам, цівунам і іншым вялікакняжаскім чыноўнікам, а права "судити и рядити" гарадзенскіх мяшчан даў войту і бурмістрам у прысутнасці райцаў. Гарадавы магістрат (бурмістрава-радны суд) разгледжваў справы паміж мяшчанамі, прызначаў апекуноў сіратам і непаўналетнім, ведаў справамі грамадзянскімі, а крымінальныя справы накіроўваў у войтава-лаўнічы суд. Апеляцыйныя скаргі накіроўваліся вялікаму князю, які пакінуў за сабою права найвышэйшай судовай інстанцыі, але агаварыў у прывілеі, што мяшчан і самога войта ён абавязваецца судзіць па законах магдэбургскага права.
Месціўся магістрат у ратушы. Да пачатку XIX стагоддзя гэта была драўляная пабудова (1496 года) з рысамі рэнесансу, якая знаходзілася на Гандлёвам пляцу (Рынку, зараз Савецкая плошча). На вежы ратушу ўпрыгожваў гадзіннік — гордасць усяго горада. У 1807 годзе, калі замест старога будынка ўзвялі новы каменны комплекс ратушы з гандлёвымі радамі (у стылі класіцызму), гадзіннік перанеслі на адну са званіц Касцёла Францыска Ксаверыя (Езуіцкі кляштар), дзе ён захаваўся да нашага часу.
Найвялікшай каштоўнасцю, здабыткам магдэбургскага права для горада з'яўляецца гарадскі герб, выява якога, згодна з прывілеям вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны (1540) упрыгожвала гарадскую пячатку. Як сімвальнае ўвасабленне вольналюбівага характару Горадзена-Гродна адзіны і нязменны герб горада — выдатнейшы помнік культуры — і сёння з'яўляецца яскравым напамінам аб гэтых "векапомных днях".
*Нярэдка ён называўся намеснікам
*Патрыцыят - вышэйшы, найбольш багаты пласт гарадскога насельніцтва сярэднявечнай Еўропы, які замацаваў за сабою асобныя правы і прывілегіі ў гарадской абшчыне.
*/фонд 1, вопісь 4, адзінка захоўвання 647, арк. 12—15/
*Чынш (ад лац. census=перапіс) грашовыя ці натуральныя плацяжы феадальна-залежных сялян-земляўласнікаў за карыстанне зямлёй.
**Майстры — кіраўнікі вытворчага працэса ў цэхах.
***Цэхмістр — глава рамеснага цэха.
****Пазней была ўведзена пасада ландвойта - намесніка войта.
Алесь Госцеў
-
Катэгорыя: Старажытны Горадзен
-
Апублікавана 21 Сакавік 2024
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической