Гістарыяграфія.
У верасні гэтага года споўніцца 70 гадоў з моманту правядзення Чырвонай Арміяй вайсковай аперацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
У сучаснай беларускай гістарыяграфіі наогул не існуе тэрміна які абазначаў бы падзеі 17-29 верасня 1939 г. Савецкі ідэалагічны тэрмін “уз’яднанне” так і застаецца пануючым. Аднак дадзены тэрмін больш шырокі па свайму сэнсаваму напаўненню і ўключае ў сябе як ваенныя дзеянні, так і гаспадарчыя і дзяржаўныя пераўтварэнні на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У сетцы Internet у дачыненні да вайсковага аспекта вераснёўскіх падзей 1939 года ўжо з’явіліся тэрміны – “міратворчая аперацыя”, “савецка-польская вайна 1939 г.” У сваім артыкуле я ўжываю іншы тэрмін – “вайсковая аперацыя”. Няма сумніву, што Чырвоная Армія, пачынаючы з 17 верасня, знаходзілася ў стане вайны з Польшчай. Тым больш, што польская армія аказвала ёй супраціўленне. Храналагічныя ж рамкі падзей – 2 тыдні (а ўлічваючы арганізаванае супраціўленне польскай арміі – 1 тыдзень), дазваляюць лічыць ваенныя дзеянні лакальнай вайной ці – вайсковай аперацыяй.
Выкладзены ніжэй аналіз правядзення вайсковай аперацыі Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі мае сваёй мэтай стварэнне бадай што першага ў беларускай гістарыяграфіі нарыса вайсковай складаемай «ўз’яднання». Польская і расійская гістарычная навукі ўжо сёння маюць вельмі значныя напрацоўкі па гэтай тэматыцы. Вядучымі польскімі даследчыкамі вайсковай аперацыі 1939 г. у Заходняй Беларусі з’яўляюцца Чэслаў Гжэляк і Віктар Цыган. Самыя грунтоўныя іх працы (Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni. Agresja Związku Sowieckiego na Polskę w 1939 roku. – Neriton. Warszawa, 1998; Cygan Wiktor. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. – Espadon Publishing. Warszawa, 2006) з’яўляюцца глыбокімі гістарычнымі даследваннямі вераснёўскіх падзей. Аўтары шырока абапіраюцца як на польскія матэр’ялы, так і на даступныя фонды расійскіх архіваў. Вядучым даследчыкам дадзенай праблематыкі ў Расіі з’яўляецца М.І. Мельцюхоў (Мельтюхов М.И. Советско-польские войны. Военно-политическое противостояние 1918-1939 гг. — М.: Вече, 2001; Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина. Советский Союз и борьба за Европу: 1939-1941. — М.: Вече, 2000). Недахопам прац М.І.Мельцюхова з’яўляецца адсутнасць успамінаў удзельнікаў апісваемых падзей, абмежаванасць матэрыяла з польскага боку.
Падрыхтоўка вайсковай аперацыі.
23 жніўня 1939 г. Савецкі Саюз і Нямеччына падпісалі дамову аб саюзных адносінах, якая ўтрымлівала сакрэтныя пратаколы аб сферах уплыву дзвюх дзяржаў. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як “пакт Молотава – Рыбентропа”. Згодна з ім прадугледжваўся падзел польскай дзяржавы. Савецкаму саюзу адыходзілі землі Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і ўсходняй Польшы да лініі рэк Вісла – Нараў – Сан. Меркавалася, што пасля пачатку вайны, Чырвоная Армія далучыцца да Вермахта ў баявых дзеяннях супраць Польшы.
З самага пачатку Другой сусветнай вайны СССР пачаў актыўна супрацоўнічаць з Нямеччынай. Ужо 1 верасня, цэнтральная радыёстанцыя Мінска пачала трансляцыю перадач з пазыўнымі “Мінск” – для выкарыстання нямецкімі паветранымі сіламі ў якасці радыёмаяка. Праз некалькі дзён нямецкія караблі ў Атлантыцы атрымалі дазвол накіроўвацца ў Мурманск, дзе яны маглі хавацца ад англійскага флота. Нямецкія грузы транзітам перапраўляліся ў Ленінград. Дарэчы, калі польскі пасол у Маскве В. Гжыбоўскі звярнуўся да савецкага ўрада з просьбай аб транзіце грузаў для Польшы па тэрыторыі СССР, то атрымаў адмову.
Ужо 2 верасня, у 20 гадзін 00 хвілін, усе памежныя войскі Беларускай вайсковай акругі былі пераведзены ў баявую гатоўнасць. Можна меркаваць, што прыкладна ў гэты самы час пачала распрацоўвацца аперацыя па захопу ўходніх польскіх тэрыторый. Так 3 верасня нарком абароны СССР К. Варашылаў звярнуўся да савецкага ўраду з просьбай прыпыніць дэмабілізацыю з Чырвонай Арміі тэрмінам на адзін месяц з Ленінградскай, Маскоўскай, Калінінскай, Беларускай асобай, Кіеўскай асобай і Харкаўскай вайсковых акруг. На наступны дзень прапанова наркома абароны была зацверджана ўрадам – у войсках засталіся больш за 300 тыс. чалавек.
Нямеччына была надзвычай зацікаўлена ў як мага больш хуткім пачатку савецка-польскай вайны, што адпавядала бы дамоўленасці па пакце Молатава-Рыбентропа. Тым не меньш бачна, што падчас сустрэчы наркома замежных спраў В. Молатава і германскага пасла В. фон Шуленбурга 5 верасня 1939 г. канкрэтных планаў дзеянняў СССР у вайне распрацавана яшчэ не было. Савецкі бок нават пагаджаўся з пераходам нямецкімі войскамі ўмоўнай мяжы рэк Нараў – Вісла – Сан.
У 23.00 гадзіны 6 верасня камандванне сямі савецкіх вайсковых акругаў атрымала дырэктыву наркома абароны К. Варашылава аб правядзенні вялікіх вучэбных збораў згодна з дырэктывай № 0012161 паводле плана “А”. Гэта азначала, што некаторыя вайсковыя часткі разгортваліся за 10 дзён да штатаў вайсковага часу. Зборы пачаліся з наступнага дня. Фактычна гэта была схаваная мабілізацыя арміі, якая рыхтавалася да вайны. Такім чынам ужо ў сярэдзіне верасня Чырвоная Армія павінна была быць падрыхтаванай да ўдару.
Па словах расійскага гісторыка М.І. Мельцюхова, мабілізацыя Чырвонай Арміі праводзілася не вельмі арганізавана, са спазненнем на 2-3 дні.1 Войскі Беларускай Асобай Вайсковай Акругі (далей - БАВА) складаліся з армейскіх групаў – Бабруйскай, Віцебскай, Лепельскай. Кожная група ўключала ў свой склад адзін-два корпуса. Бабруйская армейская група, атрымаўшы загад аб мабілізацыі, не пачынала рэальных дзеянняў на працягу амаль што сутак. Тэрміны збору рэзервістаў не выконваліся. У Мінскую армейскую групу ў запланаваны тэрмін прыбылі толькі 28% рэзервістаў. На вакзале ў Віцебску знаходзіліся 4500 рэзервістаў – не хапала транспарту, каб іх развезці па вайсковых частках.2 Яшчэ 13 верасня па БАВА было адмабілізавана толькі 87,7% людзей і 40% коней. Баявая гатоўнасць войскамі не была дасягнута нават 17 верасня, калі вайсковая аперацыя ўжо пачалася. Так, напрыклад, у 121-й стралковай дывізіі (далей - сд) 10-й арміі ўжо ў час дзеянняў знаходзілася да 400 рэзервістаў у грамадзянскай вопратцы і нават босых!3 Пад час канцэнтрацыі войск каля польскай мяжы вялікія страты неслі танкавыя войскі. Так працэнт паломак дасягаў 10-15%, а ў 32-й лёгкай танкавай брыгадзе (далей - лтбр) нават 50%! Тлумачылася гэта дрэннай падрыхтоўкай механікаў-вадзіцеляў і неправільнай эксплуатацыяй тэхнікі.
Віцебская, Лепельская і Бабруйская армейскія групы разгортваліся ў: 3-ю армію (камкор В.І. Кузняцоў4), 11-ю армію (камдзіў Н.В. Мядведзеў) і 4-ю армію (камдзіў В.І. Чуйкоў). Акрамя таго фарміравалася асобная конна-механізаваная групоўка (камкор І.В. Болдзін).
7 верасня на сустрэчы з кіраўніцтвам Камінтэрна Сталін акрэсліў свае адносіны да Польшы наступным чынам: “знішчэнне гэтай дзяржавы ў цяперашніх умовах значыла б адной буржуазнай фашыскай дзяржавай меньш! Што дрэннага, калі ў выніку разгрома Польшы мы распаўсюдзім сацыялістычную сістэму на новыя тэрыторыі і насельніцтва”.5 Магчыма, што да гэтага моманту распрацоўка вайсковай аперацыі супраць Польшчы ўжо была завершана.
9 верасня з нямецка-польскага фронта прыйшло паведамленне аб узяцці вермахтам Варшавы. Супраціўленне польскай арміі падавалася ўжо зламаным. Нарком К. Варашылаў і кіраўнік генштаба Б. Шапашнікаў адразу ж падпісалі загад №16633 Вайсковаму савету Беларускай Асобай Вайсковай Акругі, дзе адзначалася, што трэба “да канца 11 верасня 1939 г. схавана сканцэнтравацца і быць гатовым да вырашальнага наступлення з мэтай маланкавым ударам разграміць супрацьстаячыя войскі праціўніка”.6 Згодна загаду Полацкая група павінна была наступаць на г. Свянцяны, Мінская група – у накірунку Ашмяны – Ліда, конна-механізаваная група – на Навагрудак - Ваўкавыск, Слуцкая група – на Баранавічы. Такім чынам СССР рыхтаваўся напасці на Польшчу ўжо 12-13 верасня. У той жа дзень В. Молатаў паведаміў В. фон Шуленбургу аб тым, што “савецкія ваенныя дзеянні пачнуцца на працягу бліжэйшых дзён”. У Маскву з Берліна быў выкліканы савецкі вайсковы аташэ камкор М. Пуркаеў. Ён павінен быў паведаміць вайсковае кіраўніцтва Чырвонай Арміі аб баявых дзеяннях ў Польшчы (камкор М. Пуркаеў быў прызначаны начальнікам штаба БАВА). Аднак загад №16633 не быў даведзены да камандвання акругі, паколькі паведамленні аб узяцці немцамі Варшавы не пацведзіліся. Толькі праз пяць дзён, 14 верасня, загад быў даведзены да войскаў. Тэрміны правядзення аперацыі былі зменены.
Тым часам пачалася перадыслакацыя з Маскоўскай і Ленінградскай акругаў авіяцыі і камандвання 10-й арміі ў БАВА.7 На працягу 11-15 верасня новая армія пачала разгортванне ў Беларусі. На базе Беларускай акругі было створана камандванне Беларускага фронта (хоць першапачаткова, да 18-19 верасня, у вайсковых дакумантах захоўваліся назвы БАВА і армейскіх групаў).8 У камандванне ім уступілі – камандарм 2-га ранга М.П. Кавалёў,9 членамі вайсковага савету былі прызначаны карпусны камісар І. Сусайкаў і сакратар КП(б)Б П. Панамарэнка. Начальнікам штаба фронта быў прызначаны камкор М.А. Пуркаеў.10
14 верасня камандванню БАВА была пастаўлена задача перайсці ў наступленне 17 верасня 1939 г. Згодна з гэтай задачай войскі акругі павінны былі заняць паўночна-усходнюю Польшу з аперацыйнай глыбінёй дзеянняў да рэк Вісла і Нараў. Фактычна савецкія войскі павінны былі дайсці да Варшавы.
На наступны дзень, 15 верасня, камандванне акругі выдала загад № 01, дзе, у прыватнасці, адзначалася: “беларускі, украінскі і польскі народы сыходзяць крывёю ў вайне з Нямеччынай, задуманай кіруючай памешчыцка-капіталістычнай клікай Польшчы. Рабочыя і сяляне Беларусі, Украіны і Польшчы паўсталі на барацьбу са сваімі спрадвечнымі ворагамі – памешчыкамі і капіталістамі. Галоўным сілам польскай арміі германскімі войскамі нанесена цяжкая параза. Арміі Беларускага фронта на світанку 17 верасня 1939 г. пераходзяць у наступленне з мэтай садзейнічаць паўстаўшым рабочым і сялянам Беларусі і Польшчы ў звяржэнні іга памешчыкаў і капіталістаў і не дапусціць захопу тэрыторыі Заходняй Беларусі Нямеччынай. Бліжэйшая задача фронта – ліквідаваць і запалоніць узброеныя сілы Польшчы, якія дзейнічаюць на ўсход ад літоўскай мяжы і лініі Гродна – Кобрын”.11 Такім чынам інфармацыя, якая распаўсюджвалася сярод чырвонаармейцаў, карэнным чынам супярэчыла сапраўдным мэтам савецкага кіраўніцтва.
Пры фронце ствараліся 4 аператыўныя групы НКУС колькасцю па 40-55 чалавек. Да кожнай з груп прымацоўваўся батальон памежных войскаў колькасцю ў 300 чалавек. У задачы груп уваходзіла барацьба з польскімі памежнымі войскамі, арганізацыя мясцовай улады, апарата НКУС (усё гэта з членаў груп), барацьба з польскім супраціўленнем, правядзенне арыштаў сярод былой адміністрацыі.
У войсках Беларускай акругі пачалі праводзіцца мітынгі, прысвечаныя “вызваленню Заходняй Беларусі”. Такім чынам, войскі якія рыхтаваліся да вайны былі поўныя энтузіязму. Начальнік палітупраўлення 3-й арміі брыгадны камісар Шулін у дырэктыве № 849900 ад 16 верасня адзначаў: “Байцам, камандзірам і палітработнікам 3-й арміі пашчасціла першым аказаць вайсковую дапамогу народам Польшы ў іх вызваленчай барацьбе супраць памешчыкаў і капіталістаў. Часткі РСЧА ўступаюць на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны не як заваёўнікі, а як рэвалюцыянеры-вызваліцелі, выпешчаныя вялікай партыяй Леніна – Сталіна”.12
16 верасня В. Молатаў пад час сустрэчы з В. фон Шуленбургам паведаміў афіцыйную пазіцыю савецкага ўрада: “польская дзяржава распалася і болей не існуе, таму анулююцца ўсе дамовы, заключаныя з Польшай; трэція краіны могуць паспрабаваць здабыць карысць з існуючага хаосу; Савецкі Саюз лічыць сваім абавязкам умяшацца для абароны сваіх украінскіх і беларускіх братоў і даць магчымасць гэтаму нешчасліваму насельніцтву працаваць спакойна”.13
У той жа дзень Вайсковы савет БАВА выдаў загад № 005, дзе войскам Беларускага фронта загадвалася перайсці ў наступленне і “вызваліць” народ Заходняй Беларусі.14
Вечарам 16 верасня, у суботу, сілы БАВА былі падрыхтаваны да інтэрвенцыі. Баявыя дзеянні павінны былі пачацца ў 6.00 гадзін раніцы 17 верасня. У складзе сілаў акругі (фронту) знаходзіліся:
- 3-я армія ў складзе: 4-га стралковага корпуса (далей - ск) (50-я і 27-я сд), 10-га ск (126-я і 115-я сд), а таксама асобна 5-я сд, 10-я сд, 24-я кавалерыйская дывізія (далей - кд), 22-я і 25-я лтбр (на ўзбраенні брыгад танкі Т-26);
З-за таго што не ўсе падраздзяленні былі падрыхтаваны да наступлення, з арміі вылучалася т. зв. “Полацкая група” у складзе 4-га ск, 5-й сд, 24-й кд, 22-й і 25-й лтбр. Астатнія сілы заканчвалі канцэнтрацыю на мяжы з Польшай. Камандванне групай прыняў камандуючы 3-й арміяй камкор В.І. Кузняцоў.
- 11-я армія ў складзе: 16-га ск (2-я і 100-я сд), 24-ы ск (139-я і 145-я сд), 64-я і 164-я сд, 3-га кк (7-я і 36-я кд), 6-я лтбр – на ўзбраенні танкі БТ-5 і БТ-7;
Як і ў выпадку з 3-й арміяй не ўсе падраздзяленні былі падрыхтаваны да наступлення. Таму са складу 11-й арміі вылучалася “Мінская група” (16-ы ск, 3-і кавалерыйскі корпус (далей - кк), 6-я лтбр) пад камандваннем камандзіра 3-га кк камдзіва Я.Т. Чаравічэнкі.
- Дзяржынская конна-механізаваная рухомая группа (далей – КМГ) у складзе: 5-ы ск (4-я і 13-я сд), 6-ы кк (4-я, 6-я і 11-я кд – танкавыя палкі дывізій былі ўзброены танкамі БТ-2 і БТ-5), а таксама 15-га танкавага корпуса (далей - тк) (2-я і 27-я лтбр - на ўзбраенні брыгад танкі БТ-7, 20-я механізаваная брыгада (далей - мбр), 21-я цяжкая танкавая брыгада (далей - цтбр) – на ўзбраенні 105 цяжкіх танкаў Т-28;
- 4-я армія ў складзе: 8-й, 55-й, 122-й і 143-й сд, 29-й і 32-й лтбр (на ўзбраенні брыгад танкі Т-26);
Са складу арміі 17 верасня наступаць павінны былі толькі 8-я сд і 29-я лтбр. Астатнія часткі заканчвалі канцэнтрацыю.
- 23-і асобны стралковы корпус пад камандваннем камбрыга С.Д. Акімава ў складзе: 52-й сд і Дняпроўская Ваенная Флатылія.
У другім эшалоне, з раёна Пухавіч, павінна была наступаць 10-я армія пад камандваннем камкора І.Г. Захаркіна у складзе: 11-га ск (121-я і 150-я сд), 3-га ск (6-я, 33-я і 121-я сд);
3-я армія (85 тыс. чалавек, 678 танкаў, 45 бронеаўтамабіляў, 676 гармат і мінамётаў15) павінна была наступаць у накірунку г. Вільня. 11-я армія (265 танкаў) павінна была наступаць у накірунку Маладзечна – Ліда, маючы мяжу з КМГ – раку Нёман. Дзяржынская КМГ была самым вялікім танкавым злучэннем у фронце (864 танка і бронеаўтамабіля). Яна павінна была наступаць на цэнтральным накірунку на Навагрудак – Беласток. Гэтым польская абарона рассякалася на дзве часткі. Вялікія механізаваныя сілы групы маглі працягваць наступленне на Варшаву. 4-я армія (508 танкаў) наступала ў накірунку на Баранавічы. Але паколькі тут удар наносіла фактычна толькі адна дывізія і адна танкавая брыгада, у задачу ўваходзіла выйсці на прадполле Баранавіцкага ўмацаванага раёну і весці яго разведку. 23-ці асобны корпус (28 танкаў) наступаў на Палессі, у накірунку на Пінск.
Усяго ў складзе фронта налічвалася 378 610 чалавек, 2 406 танкаў, 3 167 гармат і мінамётаў. Наступаючыя першымі армейскія групы налічвалі ў сваім складзе каля 200 тыс. чалавек.
Пад час правядзення вайсковай аперацыі памежныя войскі БАВА атрымалі загад на ліквідацыю польскіх памежных войскаў, а таксама працяг аховы мяжы і недапушчэнне яе пераходу цывільным насельніцтвам як з савецкага, так і з польскага боку. З мэтай ліквідацыі польскіх памежных заставаў фарміраваліся спецыяльныя штурмавыя групы па 2-3 узвода з 2-3 станкавымі кулямётамі.
Пад час наступлення, па словах камандзіра 6-га кк камдзіва А.Яроменкі,16 савецкія войскі не павінны былі прымяняць авіябамбардзіроўку гарадоў і іншых населеных пунктаў, а таксама артылерыйскія абстрэлы, нават ваенных пазіцый польскай арміі.17 Праўда разам з гэтым камдзіў заявіў на мітынгу ў 11-й кд свайго корпуса: “Першая Конная армія ў 1920 годзе біла польскіх паноў, гэта яны павінны выдатна памятаць, зараз мы павінны біць у 10 разоў больш і ў апошні раз”.18
Услед за савецкімі войскамі ва ўсе гарады і мястэчкі Заходняй Беларусі павінны былі прыбыць камуністы з СССР для арганізацыі ўлады. Мясцовым кадрам (а ў Заходняй Беларусі дзейнічалі сотні былых членаў КПЗБ і КСМЗБ) не давяралі. Тым не меньш, ведаючы пра адносіны беларусаў да Польскай дзяржавы, савецкае камандванне разлічвала на падтрымку і супрацоўніцтва з боку мясцовага насельніцтва.
Польшча не рыхтавалася да вайны з СССР. Мабілізацыя савецкай арміі ўспрымалася проста як мера перасцярогі ў сувязі з пачаткам вайны. Фактычна польскае камандванне мела на ўсходзе толькі памежныя войскі – КОП (корпус аховы мяжы). Так разведка 4-й савецкай арміі паведамляла: “мяжа да р. Шчара палявымі войскамі не занята, а батальёны КОП па сваёй баявой вывучцы і баяздольнасці слабыя... Сур’ёзнага супраціўлення з боку польскай арміі да р. Шчара чакаць ад палякаў мала верагодна”.19 Тым не меньш заклапочанасць савецкага камандвання выклікаў Баранавіцкі ўмацаваны раён, дзе палякамі ўздоўж р. Шчара была пабудавана даволі моцна лінія даўгачасовых умацаванняў. У выпадку заняцця яе рэгулярнай арміяй, гэты раён мог стаць перашкодай савецкаму наступленню.
Польская абарона з усходу прадугледжвала дзеянні згодна з планам “Усход”, зацверджаным яшчэ ў 1928 г. Згодна з ім планавалася выкарыстоўваць абарончыя аб’екты, пабудаваныя ў 1915-16 гг. нямецкай арміяй на лініі: Браслаў – Паставы – Нарач – Смаргонь – Баранавічы – канал Агінскага – Пінск. Акрамя таго абарончыя збудаванні мелі Вільня і Гродна (у апошнім таксама планавалася выкарыстоўваць царскую і нямецкую фартыфікацыю). Вялікую ролю павінен быў адыграць Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ўсе польскія падраздзяленні былі адпраўлены на нямецкі фронт. На “крэсах” заставаліся толькі невялікія запасныя адзінкі, якія збіралі рэзервістаў для адпраўкі на фронт, а таксама ахоўныя падраздзяленні. Сярод найбольш вялікіх злучэнняў польскай арміі на ўсходзе былі гарнізон г. Вільня (12-13 тыс. салдат), а таксама гарнізон Гродна (2-2,5 тыс. салдат). У раёне Ваўкавыска заканчвала арганізацыю кавалерыйская брыгада рэзерва “Ваўкавыск” (2 тыс. чалавек). У раёне Брэст-Пінск была сканцэнтравана аперацыйная група “Палессе” (да 17 тыс. чалавек). 2 тыс. чалавек налічвала Пінская рачная флатылія. Польскія памежныя войскі ў Заходняй Беларусі налічвалі каля 7 тыс. чалавек.20 Такім чынам агульная колькасць польскіх войскаў, супрацьстаяўшых войскам БАВА, у лепшым выпадку дасягала 40 тысяч чалавек.
Зміцер Люцік
Працяг тут:
«Беларускі фронт». Ч.2. Першы дзень вайны і баі за Вільню
«Беларускі фронт». Ч.3. 18-20 верасня. Паўстанні ў беларускіх мястэчках і цяжкасці ў наступленні.
«Беларускі фронт». Ч.4: Баі за Скідзель-Гродна
Назад 1. Мельтюхов М.И. Советско-польские войны. Военно-политическое противостояние 1918-1939 гг. — М.: Вече, 2001. – С.284
Назад 2. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni. Agresja Związku Sowieckiego na Polskę w 1939 roku. – Neriton. Warszawa, 1998. – S. 154-155.
Назад 3. Ibidem. – S. 165
Назад 4. Кузняцоў В.І. – савецкі генерал. Удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Камандуючы Віцебскай групай войскаў. У 1941 г. – камандуючы 3-й арміяй (штаб – г. Гродна). Вайну закончыў камандуючым 3-й ударнай арміяй. Памёр у 1964 г. Па матэр’ялах сайта: http://www.warheroes.ru
Назад 5. Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина. Советский Союз и борьба за Европу: 1939-1941. — М.: Вече, 2000. – С.108-109
Назад 6. Мельтюхов М.И. Советско-польские войны… – С.287
Назад 7. Так з Ленінградскай Вайсковай Акругі 8 верасня ў Беларусь былі перадыслакаваны тры палкі знішчальнікаў і тры палкі бамбардзіроўшчыкаў – разам 369 самалётаў. Гл. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 153.
Назад 8. Наогул загад аб перайменаванні БАВА ў Беларускі фронт выйшаў толькі 26 верасня 1939 г. Гл. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… - S. 167.
Назад 9. Кавалёў М.П. (1897—1967), камандарм 2-га ранга, генерал-палкоўнік (1943). У Чырвонай арміі з 1918 г. З 1937 г. — камандуючы войскамі Кіеўскай, з красавіка 1939 г. — Беларускай вайсковай акругі. Пад час савецка-фінскай вайны камандуючы 15-й арміяй. 1941 — 1945 гг. — камандуючы Забайкальскай акругай. Па матэр’ялах сайта: http://katynbooks.narod.ru/prisoners/Docs/003.html
Назад 10. Cygan Wiktor. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. – Espadon Publishing. Warszawa, 2006 – S. 84
Назад 11. Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.112-113
Назад 12. Тамсама – С.114-115
Назад 13. Советско-польская война 1939 года. Освободительный поход в Западную Белоруссию и Западную Украину. Па матэр’ялах сайта: //www.hrono.ru
Назад 14. Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.113
Назад 15. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni…– S. 252. М. Мельцюхоў прыводзіць іншую колькасць па арміі: 121 968 чалавек, 752 гарматы, 743 танкі. Гл.: Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С. 119
Назад 16. Яроменка А.І. – савецкі генерал. Удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. З 1938г. – камандзір 6-га кк. У 1941г. – намеснік камандуючага Заходнім фронтам. Вызначыўся ў камандванні Сталінградскім фронтам. Вайну закончыў камандуючым 2-м Прыбалтыйскім фронтам. Памёр у 1970 г. Па матэр’ялах сайта: http://www.warheroes.ru
Назад 17. Ерёменко А.И. В начале войны. – М.: Наука, 1965. – С.15.
Назад 18. Мельтюхов М.И.Советско-польские войны… – С. 294
Назад 19. Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.117
Назад 20. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 200-201
-
Катэгорыя: Гродна 1920-1944
-
Апублікавана 01 Кастрычнік 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической