Гісторык Сцяпан Стурэйка расказвае аб гісторыі наша горада пад час спусташальнай трынаццацігадовай вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, калі наш горад упершыню быў акупаваны маскоўскім войскам.
Вайна паміж Царствам Рускім і Рэччу Паспалітай пачалася ў траўні 1654 года і была чарговай з бясконцых войнаў Расіі за пашырэнне сваей тэрыторыі на захад. Цяпер непасрэднай мэтай нашага ўсходняга суседа было прыняць з падачы Багдана Хмяльніцкага пад сваю руку ўкраінскія землі, а таксама заваяваць усю Літву. Таму рускі цар Аляксей Міхайлавіч (дзіўна названы ў расійскай гістарыяграфіі Тишайшим) двінуў на Вялікае Княства Літоўскае сваё агромністае войска. Повад знайшоўся дасціпны, маўляў у лістах польскай і ліцвінскай шляхты няправільна пішыцца тытул цара, што моцна зневажае гонар ягонай асобы.
Тым часам, негледзячы на відавочную непазбежнасць вайны, у Рэчы Паспалітай пачаліся спрэчкі. У кастрычніку 1654 года ў Горадні кароль Ян Казімір абвінаваціў вялікага гетмана Яна Радзівіла ў тым, што праз яго краіна не падрыхтавалася да абароны ў наыходзячым крывавым супрацьстаянні, на што гетман кінуў у адказ: “Не трэба пагражаць таму, у каго зброя ў руках”. За гэтыя словы лёгка было паплаціцца жыццём, але нашчасце ўжо ў лістападзе бакі прымірыліся, кароль абвесціў збор паспалітага рушання, пасля чаго ў фарным касцёле адбыўся саракагадзінны (!) малебен з ягоным асабістым ўдзелам.
У наступным, 1655 годзе, нібы ў прадчуванні вялікай бяды, упершыню абрынуліся каменныя зводы Каложскай царквы.
Сапраўды, страшна стала і не час быў на спрэчкі, бо войску Аляксея Міхайлавіча ў больш як 315 тысяч чалавек павінна было супрацьстаяць войска ВКЛ, якое налічвала толькі 11 261 чалавекі – у 30 (!) разоў меншае.
У першым годзе вайны на Беларусь была накіравана группоўка знатнага рускага ваяводы Васіля Шарамецьева. У кампаніі 1655 года яна павінна была ісці на Вільню, а пасля яе захопу – пакінуць заслону ад шведаў і ісці на Коўну, затым Горадню, і нарэшце, Бярэсце. Так амаль уся тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага – нашай гістарычнай Радзімы – была акупавана за адзін год.
Што магло супрацьпаставіць знясіленае магнацкімі спрэчкамі войска ВКЛ такой навале? Нажаль, нічога. Палявы гетман ВКЛ Гасеўскі толькі і хацеў пасля спробы абараны Вільні адступіць на захад і праз Трокі, Горадню выйсці на тэрыторыю Польшчы. Гэта былі натуральныя ўцёкі.
22-га жніўня аддзел ваяводы Я.К. Чаркасскага (кабардзінца па паходжанні) заняў Горадню, якая пры гэтым была спустошана пажарам. Таксама ён жа заняў Трокі і Коўну.
Хуткаму адступленню каралеўскага войска спрыяла тое, што ў нашым стане ізноў пачаліся спрэчкі: 18 жніўня вялікі гетман Ян Радзівіл, бачучы разгром дзяржавы і імкнучыся атрымаць хоць якую палёгку, свавольна заключыў са Швецыяй сепаратную Кейданскую унію, якая юрыдычна касавала Рэч Паспалітую. Беларуска-польская шляхта, што стаяла з абозам пад Горадняй, адмовілася прыняць Кейданскае пагадненне і заняла бок караля Яна Казіміра. У такім разладжаным стане войску ВКЛ і Кароны трэба было адбівацца ад рускіх.
Тым часам ў Горадні стала казацкае войска Васіля Залатарэнкі. Гродзенскім ваяводай быў прызначаны Багдан Апрэлеў з Ноўгарада. Непрыяцельскі атрад у больш як 5000 чалавек пайшоў адсюль на злучэнне з іншым буйным рускім ваяводай Трубяцкім. У верасні маскалі пайшлі на Нясвіж.
Вельмі неспакойна было пад царскай акупацыяй. Татальнага кантролю над тэрыторыяй у рускага войка не было, як не было і падтрымкі насельніцтва. У справаздачах ваявод пісалася, што: ”Шляхта адзін аднаго грабіт, маюцца свабодныя зносіны з войскам ВКЛ.” У краі свабодна ажыццяўлялася рассылка універсалаў князя Ракоцыя Семіградскага, якія ўтрымлівалі заклікі да бунту ды просьбы аб дапамозе войску Радзімы, а 25-га лютага 1657 года рускія салдаты перахапілі швецкага пасла да Б. Хмяльніцкага. У Горадню на службу былі прызначаныя 25 шляхціцаў-здраднікаў, але і тыя адмовіліся сюды ехаць.
Дзеля забеспячэння рускага і казацкага войскаў былі канфіскаваны маёнткі магната Патоцкага. Горадзенская эканомія – адна з самых паспяховых гаспадарчых адзінак таго часу, была перададзена ва ўладанне рускага князя Масальскага, які давёў яе да разарэння а потым – перададзена пад “царскую руку”, але тут ужо нават сяляне пачалі бунтаваць.
Што тычыцца канфесійнай палітыкі, дык захопленую тэрыторыю ВКЛ рускія падзялілі па рацэ Бярэзіна на дзве часткі. Цар дазволіў суіснаваць царкве і касцёлу толькі на заходнім яе беразе, а на ўсходзе магла існаваць вылючна праваслаўная царква. Праўда, каталіцкай шляхце памежных паветаў усё ж такі захавалі маёнткі, каб не вельмі супраціўляліся акупантам, але гэтае правіла не распаўсюджвалася на самыя буйныя і самыя заможныя гарады рэгіёну: Вільню, Трокі і нашу Горадню. Таксама цар дазволіў “жыдоў”, якія “самі захочуць”, прыймаць “да веры і да закону”.
Бяда не прыходзіць адна. Нягледзячы на выключна фармальны характар, заключаная Радзівілам Кейданская унія стала повадам да руска-шведскай вайны, у ходзе якой Горадня падверглася яшчэ адной – шведскай – акупацыі. Рускаму акупацыйнаму ваяводзе Апрэлеву не дапамагло нават спецыяльна збудаванае паўкола абарончых земляных валоў ад поймы Гараднічанкі да Нёмана. Праўда шведы пад націскам рускіх хутка адступілі.
Пасля выгнання шведаў у нашым горадзе быў арганізаваны загавар супраць акупантаў. Справа ў тым, што ў Вільні нечакана пачаўся мор. З гэтай нагоды каля Горадні быў пастаўлены адзін з рускіх санітарных кардонаў. У жніўні 1658 года маравая язва нібыта дакацілася і да Горадні, таму царскія войскі каб пазбегнуць заражэння вымушаны былі абыходзіць горад бокам і ісці адразу на Вільню. Але хутка высветлілася, што звесткі аб моры – ілжывыя. Нехта распаўсюдзіў іх з мэтай пазбегнуць уліцця у рускі горадзенскі гарнізон свежых царскіх сілаў. 9-га сакавіка 1659 года Апрэлеў здаў горад Паўлу Сапегу. Руская залога перабягала на бок гетмана, адмаўлялася падпарадкоўвацца цару, бо не мела вады, хлеба. Шмат хто пасля капітуляцыі нават пайшоў служыць у харугвы войска Рэчы Паспалітай, іншых Сапега адпусціў на волю і рушыў у Курляндыю дзейнічаць супраць шведа Дугласа.
Цікава, што ў красавіку 1660 года было распачата следства па справе Багдана Апрэлева, якога абвінавацілі ў здрадзе. Аргументы былі наступныя: за цара “не радел”, хлеба не назапашваў, калодцаў не рыў, збіраў сабе казну, быццам для цара, салдатам слухаць царскіх загадаў не дазваляў і, нарэшце, прасіў салдат чалабітнай аб здачы горада. Пасобнікамі яго былі аб’яўленыя капітаны Леў Жалтухін і Іван Цеміразеў. Таксама здрадзіў цару князь Масальскі, які перайшоў на службу да Сапегі. Апрэлева пыталі. Напэўна, сазнаўся ва ўсім...
Такім чынам, Горадня – першы вялікі вернуты горад Беларусі. Але вайсковая моц Царства Рускага яшчэ не была зруйнавана. Напрыканцы 1659 года на яго была накіравана группоўка ваяводы І.А. Хаванскага. У Лідскім павеце мясцовае шляхецкае рушанне спрабавала не прапусціць ворага на пераправе праз Нёман, але няўдала. У Горадні была пакінута вельмі маленькая залога. Камендант кляўся, што хутчэй памрэ, чым паддасца ворагу. Тым не менш, 22 снежня 1659 года горад ізноў, ужо ў каторы раз вымушаны быў капітулявць. Ваявода Хаванскі тут не затрымаўся і пасля Горадні адразу пайшоў на Падляшша і Бярэсце.
Нарэшце, пасля шасці гадоў амаль суцэльных параз, 1660 год стаў пераломным у гэтай вайне. Войскі Рэчы Паспалітай нарэшце пачалі наступаць па ўсіх напрамках і зрэдку нават заходзілі на тэрыторыю Расіі. Але асобныя царскія гарнізоны яшчэ там-сям трымаліся.
У дывізіях правага крыла войска Сапегі, якое стаяла ля Горадні, Ліды, Ваўкавыска і Слоніма было неспакойна з прычыны чарговых нявыплат войску Рэчы Паспалітай і ўтварэння антыкняскай канфедэрацыі Свядэрскага (распушчана ў ліпені 1663 года). Планаваная наступальная аперацыя, адбылася з ліпеня па кастрычнік 1660 года, у выніку чаго Горадня нарэшце была вызвалена канчаткова.
20 студзеня 1667 года было нарэшце заключана Андрусоўскае перамір’е, па якому да Масквы адыходзілі Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы, Старадубскі павет, якія спрадвечна былі беларускімі землямі, Левабярэжная Ўкраіна.
Што ж засталося пасля вайны ад горада? Горадзенскі павет аказаўся спалены і “у нішто ператвораны” людскія страты склалі 59 075 чалавек – 33,9 % насельніцтва. Сам Горадня – “з фальваркамі і прадмесцямі да грунту зруйнаваны маскоўскім войскам” (і праз 10 год пасля вайны ад яго заставалася па словах англічаніна Бернгарда Танэра, які праязджаў праз Беларусь “толькі гарадское смецце”).
Пры ўсім гэтым наш павет быў не самым пацярпеўшым. У гаротнай Беларусі ў выніку вайны з “братняй Расіяй” загінуў кожны другі жыхар. Так, кожны другі. Усе без выключэння беларускія гарады былі зруйнаваны. Страты гарадскога насельніцтва склалі па некаторым дадзеным 90%.
Мяркуем, што варта захоўваць гістарычную памяць.
*Гэта трохі пашыраны варыянт артыкулу, які быў надрукаваны ў “Біржы інфармацыі” 28 кастрычніка 2004 года з нагоды 350-ці годдзя пачатку той бясслаўнай вайны і недзе за месяц да закрыцця той слаўнай газеты
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 03 Снежань 2007
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической