Бой у вёсцы Кодзеўцы.
Фінальны акорд.

Большая частка гродзенскага гарнізону адступіла ў сярэдзіне дня 21 верасня на поўнач уздоўж Нёмана ў накірунку в.Гожа. Там размяшчалася паромная пераправа праз раку.

 Працяг. Пачатак тут: 

«Беларускі фронт». Ч.1. Гістарыяграфія і падрыхтоўка вайсковай аперацыі

«Беларускі фронт». Ч.2. Першы дзень вайны і баі за Вільню

«Беларускі фронт». Ч.3. 18-20 верасня. Паўстанні ў беларускіх мястэчках і цяжкасці ў наступленні.

«Беларускі фронт». Ч.4. Баі за Скідзель-Гродна.

Зенітная гармата падпаручыка Насаліка заняла пазіцыю для забеспячэння пераправы на выпадак з’яўлення савецкай авіяцыі. На працягу вечара і ночы на 22 верасня польскія войскі пераправіліся праз раку і пачалі адступаць у накірунку м.Сапоцкін. Менавіта ў раёне мястэчка быў прызначаны пункт збору частак гродзенскага гарнізона. Польскія войскі спадзяваліся замацавацца на старых умацаваннях Гродзенскай крэпасці, дзе знаходзіліся вайсковыя склады.

Вечарам у раёне м.Сапоцкін знаходзіліся наступныя польскія часткі: у самім мястэчку размясціліся штабныя часткі, асобныя пяхотныя атрады і частка батальёна КОП “Сейны”, у навакольных вёсках сталі на начлег два эскадрона кавалерыйскай групы ротмістра Р. Вішаватага, два эскадрона 1-га палка ўланаў, 101-ы і 102-гі палкі уланаў, 103-ці полк конных стралкоў, зводны батальён гродзенскіх абаронцаў.86 На ноч былі выстаўлены баявыя ахраненні.

Для разгрому польскіх войск у Аўгустоўскіх лясах са складу 2-й лтбр, якая размяшчалася ў Сакулцы, 21 верасня была вылучана механізаваная група пад камандваннем майора Ф. Чувакіна. Група ўключала ў сябе: танкавы батальон – 34 танка БТ-787 і 3 (па іншай інфармацыі – 6) бронеаўтамабіля БА-10, матарызаваны батальон – 34 аўтамашыны і 470 чалавек, разведвальны ўзвод – 3 БА-10, батарэя артылерыі і ўзвод зенітных кулямётаў.88 Толькі 2/3 танкаў і машын былі запраўленыя цалкам. Астатнія выйшлі маючы толькі палову бакаў гаручага. Адчуваўся недахоп правіянта – толькі палавіне асабістага складу атрада хапіла правіянта на два дні. Астатнія танкі 2-й брыгады заставаліся ў Сакулцы не маючы паліва.

На наступны дзень падобны атрад (20 танкаў БТ-7 і 1 БА-10) у накірунку Аўгустоўскай пушчы выслала і 27-я лтбр.
Каля 2 гадзін ночы 22 верасня атрад майора Ф. Чувакіна дасягнуў в. Белічаны. На працягу дарогі тэхнічныя страты атрада склалі 4 танка БТ-7. У гэты ж час, польскія патрулі пачулі шум танкавых рухавікоў і забачылі ў цемры святло ад фар. Польскія сілы былі прыведзены ў баявую гатоўнасць.

Праз некаторы час 7 танкаў матарызаванага атрада майора Ф. Чувакіна знянацку ўварваліся ў вёску Кодзеўцы, дзе размяшчаўся 101-шы полк уланаў. Каля 4 гадзін раніцы вёска была атакавана галоўнымі сіламі атрада з некалькіх накірункаў. Савецкія танкі, без падтрымкі пехоты ўварваліся ў вёску. Кіраванне боем з савецкага боку адсутнічала. Кожны танк дзейнічаў самастойна. Польскія кавалерысты ізноў атрымалі магчымасць даволі лёгка распраўляцца з савецкімі танкамі. У першую чаргу знішчаліся танкі абсталяваныя радыёстанцыяй, якую лёгка было пазнаць – яна выглядала як поручні вакол вежы.

Пад час бою супраць танкаў палякі вакарыстоўвалі бутэлькі з гаручай сумессю і нават лампы на газе, якія кідалі запаленымі на танкі. Па ўспамінах удзельнікаў салдат, жадаючых кінуць бутэльку з бензінам у праязжаючыя па вёсцы савецкія танкі было так многа, што камандзірам даводзілася ўстанаўліваць чаргу атакі.89 Адзін з удзельнікаў бою ўспамінаў: “Танкі, што ехалі па дарозе праз вёску, мы атакавалі з-за дамоў бензінам. Радасць была вялікая, калі нам удавалася які-небудзь падпаліць. Такі танк ехаў яшчэ якісці час, але пазней вымушаны быў спыніцца і адчыніць люкі. Ну а далей нашыя прыканчвалі тых танкістаў”.90 Узвод польскіх сапёраў спрабаваў падкласці пад савецкія танкі супрацьпяхотныя міны, аднак станоўчых вынікаў гэта не дало – міны былі занадта слабыя. На працягу ночы танкі ўрываліся ў вёскў каля 12 разоў! Аднак захапіць яе ім так і не ўдалося.

У самой вёсцы абараняўся 101-ы полк, які і панёс самыя вялікія страты – асабліва 2-гі і 3-ці эскадрон

Генерал Юзэф Альшына-Вільчыцкі, расстраляны савецкімі афіцэрамі каля Сапоцкіна

ы (да 50% асабовага складу). Бой цягнуўся 5 гадзін. Згодна савецкай інфармацыі палякам удалося знішчыць 4 танка БТ-7 і 5 аўтамашын. Савецкія страты склалі: 11 чалавек забітымі і 14 параненымі. У палон трапіла да 60 польскіх салдат.91 Палякі паведамі што падбілі 22 савецкіх танка, з якіх 17 танкаў падбіў 101-ы полк у Кодзеўцах.

Адначасова з боем у Кодзеўцах атрад савецкіх танкаў уварваўся ў м.Сапоцкін. Тут спрабавалі абараняцц

а аддзелы батальёна КОП “Сейны”. Дзякуючы кулямётнаму і мінамётнаму агню савецкія танкі ўдалося на некаторы час ўтрымаць. Танк мал. лейтэнанта А. Пташкіна падарваўся на міне. Мястэчка ўсёж было ўзята савецкімі танкістамі.

Парэшткі польскіх атрадаў адступілі ў Аўгустоўскія лясы. Раніцай каля м. Сапоцкін савецкімі танкістамі ў палон быў узяты генерал Альшына-Вільчынскі, які на месцы быў растраляны.

Кодзеўскі бой яшчэ раз паказаў недастатковую падрыхтаванасць і непрафесійнасць савецкіх танкавых войск. Па першае савецкімі войскамі не была праведзена разведка мясцовасці. Ізноў жа танкі дзейнічалі ў населеным пункце без падтрымкі пяхоты, ды яшчэ і ў начных умовах, што ўдакладняла арыенціроўку. Польскія ж кавалерыйскія часткі, наогул не маючы супрацьтанкавага ўзбраення, здолелі доўгі час адбіваць атакі бронетэхнікі. Негледзячы на тое, што Кодзеўцы ўсёж былі заняты савецкімі войскамі раніцай і, такім чынам можна лічыць што бой быў выйграны, у баі адчуваецца перамога польскага баявога мастацтва.

Канец

На працягу 21 верасня часткі 32-й лтбр 4-й арміі занялі Гарадзец. У баях за горад савецкія войскі панеслі адчувальныя страты – 2 танкі былі падбіты, 6 чалавек загінулі і 2 паранены. Адзін танк з разведроты быў накіраваны на разведку ў г.Антопаль. Заняўшыя абарону палякі здолелі пашкодзіць яго. Экіпаж танка адмовіўся здавацца і адстрэльваўся пакуль не скончыўся боезапас. Пасля гэтага палякі абклалі танк дровамі і падпалілі. Экіпаж згарэў. Увайшоўшая ў горад разведрота 32-й лтбр захапіла ў палон каля 500 салдат і 32 афіцэра польскай арміі. Салдат раззброілі і адпусцілі, а афіцэраў перадалі ў органы НКУС. Ноччу на гарнізон горада напаў польскі атрад, які фактычна разграміў савецкія часткі.92 29-я лтбр заставалася ў раёне Пружан, займаючыся рамонтам тэхнікі.

Пехотныя часткі арміі выконвалі загад камдзіва Чуйкова аб выхадзе на лінію Пружаны – Кобрын, ужо занятую сваімі танкавымі злучэннямі. Да канца дня 8-я сд здолела дасягнуць згаданай лініі толькі тымі сіламі, якія перавозіліся аўтамабілямі. Астатнія падраздзяленні яшчэ знаходзіліся на маршы. 143-я дывізія заняла г. Бярёза-Картузская. У горадзе, разам з арыштаванымі камуністамі былі вызвалены і палонныя нямецкія салдаты і афіцэры.

У сярэдзіне дня часткі 100-й сд (69-ы разведбат) 11-й арміі сутыкнуліся каля м. Араны з адступаючай ад Вільні групай польскіх салдат. У выніку двухгадзіннага бою 2 савецкія танкі былі знішчаны і 1 падбіты польскімі зеніткамі з 20-й батарэі супрацьпаветранай абароны.93

На працягу дня працягвалася наступленне КМГ. Пасля 16 гадзінаў 21 верасня дня часткі 6-га кк выйшлі на лінію Вялікая Бераставіца – Свіслач – Мсцібаў. У 11 гадзін у Беласток прыбыла савецкая дэлегацыя. Яна была прынята ў штабе 4-й нямецкай арміі генерала Штраўса. Пачаліся перамовы з германскім камандваннем аб адводзе іх сілаў з г.Беласток і яго ваколіцаў.94 Штаб нямецкай арміі пераязджаў у г.Ломжа.

Т-28 з 21-й тбр фарсируе раку Уша ля Міра. 17 верасня 1939г

21-я брыгада цяжкіх танкаў Т-28 палкоўніка Лізюкова, якая рухалася ў другім эшалоне КМГ, у першай палове 21 верасня заняла раён м.Воўпа. На працягу ўсёй аперацыі брыгада даволі павольна прасоўвалася ўслед за часткамі 15-га тк і 6-га кк. Такім чынам на працягу ўсёй аперацыі ёй удалося пазбегнуць стратаў у асабістым складзе і ў тэхніцы.95 Тлумачылася гэта хучэй за ўсё тым, што цяжкія танкі Т-28 былі вельмі каштоўнымі для савецкага камандвання, каб кідаць іх у бой першымі. 22 верасня брыгада была выведзена ў франтавы рэзэрв.96 Штаб размясціўся ў м.Воўпа. Танкі размясціліся ў ваколіцах бліжэйшых вёсак.

Працягвалася наступленне 10-й арміі. Рухаючыся ў другім эшалоне яе дывізіі выйшлі на рубеж Негнявічы – Карэлічы – Мір – Гарадзея. Вечарам 21 верасня штаб арміі пераехаў у Ваўкавыск. Напярэдадні да арміі былі далучаны падраздзяленні КМГ. Аднак нягледзячы на загад фронта КМГ працягвала дзейнічаць самастойна, акрамя 5-га стралковага корпуса. 4-я і 13-я дывізіі перайшлі ў падпарадкаванне штабу 10-й арміі.

Падчас “налажвання кантакту” савецкіх салдат з заходнебеларускім насельніцтвам не абыходзілася без інцыдэнтаў. Так ў в. Дубраўляны, якая знаходзіцца на захадзе ад м. Лунна, быў прыгавораны да растрэлу курсант асобнага зенітнага эскадрона за самавольны вобыск настаўніцы і кражу ў яе двух гадзіннікаў і ровара.

Польскім супраціўленнем быў арганізаваны напад на будынак мясцовага кіравання ў г. Маладзечна. 4 чырвонаармейца былі паранены.

Каля 14 гадзін 22 верасня ў Беласток увайшоў атрад (120 чалавек) пад камандваннем палкоўніка І. Пліева з 6-й кд 6-га кк. Напярэдадні ўваходу ў горад, заняты нямецкімі войскамі камандзір корпуса загадаў выдаць усім салдатам і афіцэрам новую форму і асабіста праверыў іх знешні выгляд.97 Нямецкія часткі пачалі выводзіцца з горада. Мясцовае насельніцтва, якое ўжо паспела адчуць жорсткую руку фашысцкай улады, з радасцю вітала бальшавікоў. Праз дзве гадзіны нямецкія войскі пакінулі горад.

Сустрэча агрэсараў, ваколіцы Любліна, верасень 1939

Вечарам 22 верасня ў Беласток увайшла 6-я кд 6-га кк. 11-я кд заняла Крынкі – Гарадок.

У той жа час часткі 29-й лтбр уступілі ў г.Брэст. Па інфармацыі даследчыка А. Татарэнкі, у адным з фартоў Брэскай крэпасці да 26 верасня абараняліся польскія часткі 82-га пехотнага палка пад камандваннем В. Радзішэўскага, героя абароны Брэста ад нямецкіх войск.98 Цяжкапараненага, яго ўзялі ў палон танкісты 29-й лтбр. На 16 гадзін быў прызначаны святочны парад савецкіх і нямецкіх войск. Парад быў праведзены ўрачыста. На трыбуне яго прымалі камбрыг Крывашэін і генерал Гудэрыян. Нямецкія войскі ішлі ў калонах са штандартамі наперадзе. Пасля іх прайшлі савецкія войскі.

У той жа дзень была аб’яўлена дэмабілізацыя прызваных у Чырвоную армію 6 верасня на вялікія вучэбныя зборы салдат і афіцэраў. Выхад гэтай пастановы і, як вынік, скарачэнне Чырвонай Арміі азначалі хуткае заканчэнне вайсковай аперацыі. Савецкае камандванне разумела, што значнага супраціўлення ўжо не будзе.

Брэст. Верасень 1939. Колонна  Т-26 узора 1933 і 1938 гг. з 29-й лёгкай танкавай брыгады

23 верасня працягвалася наступленне савецкіх войск у накірунку г.Аўгустоў, а таксама прачэсванне тэрыторыі ўздоўж літоўскай мяжы. Матарызаваны атрад майора Ф.Чувакіна КМГ сутыкнуўся з супраціўленнем каля Аўгустоўскага канала. Палякі падпалілі мост праз яго. Толькі фарсіраваўшы канал і абышоўшы абараняўшыхся, чырвонаармейцы прымусілі іх адступіць. Услед за атрадам 2-й лтбр з Гродна выступіў 101-ы полк на аўтамашынах і 4-я кд.

У в.Калеты савецкі 77-ы кавалерыйскі полк быў атакаваны польскімі войскамі. Толькі пасля падыхода батальона 101-га сп палякі былі адкінуты далей на поўнач. Пры гэтым да 150 польскіх салдат былі забіты. Савецкія войскі згубілі 1 чалавека забітым і 5 параненымі.

Вечарам таго ж дня атрад 16-га ск без бою заняў г.Аўгустоў. На наступны дзень атрад пряцягваў наступленне і заняў г.Сувалкі.
Каля 16 гадзін дня перадавая група разведбатальона 8-й сд 4-й арміі была абстраляна нямецкімі танкамі з 10-й танкавай дывізіі каля м.Відомль. У выніку абстрэла 2 чырвонаармейца былі забіты і 2 паранены. У адказ быў адкрыты агонь па нямецкіх танках. Савецкія бронеаўтамабілі знішчылі адзін нямецкі танк разам з экіпажам. Пасля гэтага немцы спынілі агонь і выпусцілі чырвоную ракету, абазначаючы, што ў горадзе знаходзяцца германскія войскі. Савецкаму боку былі прынесены прабачэнні. Да 23 гадзін нямецкія войскі былі выведзены з мястэчка.

Экіпаж БА-10 лейтэнанта Мукасева ў Кнышыне, каля Беластока

24 верасня савецкія войскі выходзілі на літоўскую і германскую межы ў раёне на поўначы і паўночным-захадзе ад Гродна.
Да 26-27 верасня войскі Беларускага фронта працягвалі прасоўвацца на захад. 3-я і 11-я арміі замацаваліся ад мяжы з Літвой і Усходняй Прусіяй. На поўдзень ад Шчучына пад Ломжай на фронт Ганёндз — Кнышын выйшлі 20-я мбр і 6-я лтбр. 6-я і 11-я кд выйшлі да Высоке-Мазавецкае, 13-я і 4-я сд выйшлі на фронт ад г.Беласток да р.Нараў. Да 28—29 верасня войскі фронта выйшлі на лінію Шчучын — Ставіскі — Ломжа — Замбраў — Цехановец — Косув-Ляцкі — Сакалув-Падляскі — Лосіце — Менджынец-Падляскі.99

На працягу перамоў з германскім бокам 28-29 верасня савецкі бок адмовіўся ад польскай тэрыторыі паміж рэкамі Вісла і Буг. Ужо раніцай 29 верасня войскі Беларускага фронта былі спынены. Пачаўся іх адыход на лінію мяжы з Германіяй якая была ўстаноўлена новымі дамоўленасцямі.

Некалькі высноваў з вынікаў баёў верасня 1939 г.

Савецкае камандванне розных узроўняў паказала сябе недастаткова падрыхтаваным да сур’ёзных баявых дзеянняў. Не ўсе савецкія камандзіры разумелі сваю ролю. Асабліва гэтым “вылучаўся” камандзір 6-га кк камдзіў А. Яроменка. Карпусны камандзір на працягу ўсёй кампаніі з невялікімі сіламі вырываўся далёка наперад сваіх войскаў, асабіста “вызваляючы” заходнебеларускія гарады. Дзеянні афіцэра такога рангу хутчэй нагадвалі «подзвігі» героя амерыканскага баевіка. Так было пры заняцці Навагрудка, Ваўкавыска, Гродна. Акрамя таго, што ён безсэнсоўна рызыкаваў сваім жыццём, камандзір фактычна кідаў свае дывізіі, пакідаючыючы іх без кіравання.

Савецкія танкавыя войскі няўдала праявілі сабе ў баях у гарадскіх умовах. На прыкладзе баёў у Скідзелі, Вільні, Гродне, Кодзеўцах бачны нічым не апраўданыя вялікія страты ў танках і бронеаўтамабілях.

Савецкія войскі не былі належным чынам падрыхтаваны для такога вялікага наступлення. Тылавыя службы не паспявалі забяспечваць палівам механізаваныя часткі. Авіяцыя таксама не была падрыхтавана для своечасовага забеспячэння наземных частак. Так ударная сіла Дзяржынскай конна-механізаванай групы – 15-ы тк на працягу 19 верасня не дзейнічаў!

Польскія ваеннапалонныя пад аховай чырвонаармейцаў

У адрозненне ад Чырвонай Арміі польскія войскі паказалі сябе больш падрыхтаванымі да ваенных дзеянняў. Улічваючы агульную абстаноўку, у якой ім выпала весці баявыя дзеянні, яны аказвалі сур’ёзнае супраціўленне. Не маючы супрацьтанкавага ўзбраення, артылерыі і мінамётаў, падтрымкі авіяцыі, польскія войскі, у некаторых выпадках на даволі доўгі час затрымлівалі пераўзыходзячыя сілы савецкай арміі. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што супраціўленне кадравым наступаючым войскам Чырвонай арміі аказвалі ці часткі КОП, ці рэзервісты, ці проста гімназічная моладзь, якая амаль не мела ваеннай падрыхтоўкі.

«Бліскучая міратворчая аперацыя» (па ацэнцы сучасных беларускіх ідэолагаў) была праведзена Чырвонай Арміяй надзвычай няўдала. Можна меркаваць, што пры наяўнасці якіх-небудзць значных польскіх вайсковых злучэнняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, Чырвоная Армія магла б панесці велізарныя страты і надоўга спыніць наступальныя дзеянні. Няма сумніву, што вынікі вераснёўскага пахода Чырвонай Арміі (таксама як і наступнай савецка-фінскай вайны) уважліва аналізаваліся афіцэрамі вермахта. Зробленыя высновы аб невысокіх баявых якасцях Чырвонай Арміі (асабліва што тычылася дзейнасці камандавання і забеспячэння ўзаемадзеяння асобных злучэнняў) былі ў поўнай меры выкарыстаны пры разпрацоўцы плана разгрома частак Заходняй Асобай Вайсковай Акругі летам 1941 года.

Зміцер Люцік


 

Назад86. Grzelak Czesław. Wilno-Grodno-Kodziowce 1939... – S.136-137

Назад87. М.В. Паўлаў прыводзіць лічбу – 37 танкаў. Гл. Павлов М. В., Желтов И. Г., Павлов И. В. Танки БТ. — М.: Экспринт, 2001. – С .165

Назад88. Grzelak Czesław. Wilno-Grodno-Kodziowce 1939... – S.135

Назад89. Ibidem – S.143

Назад90. Ibidem

Назад91. Ibidem – S. 150.

Назад92. Марчук Н. Трагедия сентября 1939 года.//Секретные исследования. Па матэрыялах сайта: http://secret-r.net/publish.php?p=182

Назад93. Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 174

Назад94. Cygan Wiktor. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. – Espadon Publishing. Warszawa, 2006 – S. 175

Назад95. Kołomyjec M. Moszczański I. T-28. T-29. – Militaria. Warszawa, 2002. – S. 44

Назад96. Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 203

Назад97. Ерёменко А.И. В начале войны... – С.25

Назад98. Лашкевіч К. Как "освобождали" Беларусь в 1939 году. Па матэрыялах інтэрнэт-рэсурса: http://tut.by

Назад99. Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.126-127

Scroll to top