Трагедыя верасня 1939 года ў чэрвені 1941-га атрымала свой лагічны працяг. 22-га і 23-га чэрвеня 1941-га на Гродна ўпалі дзесяткі тон нямецкіх бомбаў.

 Летам 1941-га года Гродна аказаўся на дзіва не падрыхтаваным да абароны. Аляксей Карпюк піша, што тагачасны старшыня гродзенскага гарвыканкама Ратайка згадваў: «Гродна баранілі 64 зеніткі супрацьпаветранай абароны. Снарадаў ім хапіла толькі на дзве гадзіны. Ужо з 6 гадзін раніцы «месершміты», «штукасы» ды «юнкерсы» беспакарана лёталі над горадам на мінімальнай вышыні, ганяючыся нават за адзіночнымі людзьмі!». Ужо ранкам горад пылаў. Два дні гарэла забудова гарадзенскага Рынку. Акурат тады загінулі палац Радзівілаў ды старадаўнія камяніцы 17 – 19 стагоддзяў, што атачалі плошчу. Выгарэў занёманскі фарштат. Некалькі бомбаў трапіла і ў будынкі на Савецкай вуліцы. Успамінае Казіміра Станіславаўна Ксенафонтава, ураджэнка Гродна, якой у чэрвені 1941-га не было яшчэ і дваццаці год: «Я працавала ў міліцэйскай сталоўцы на рагу вуліц Ашэшкі і Савецкай, там дзе пасля быў калбасны магазін. Сталоўку маглі наведваць толькі міліцыянты, супрацоўнікі НКУС і курсанты міліцэйскай школы, якая месцілася таксама на Савецкай вуліцы. Мы сябравалі з маладымі курсантамі, я нават трапіла да іх на выпускны. Было гэта за некалькі дзён да пачатку вайны. Інтэрнат, дзе жылі курсанты, знаходзіўся ў будынку, каля гасцініцы «Еўропа» (дакладна там, дзе цяпер новапабудаваны будынак АВС). Сталоўку ахоўваў надта злы міліцыянт, які не пускаў нас без пропускаў, хаця і ведаў ужо вельмі добра ў твар. У час аднаго з першых нямецкіх налётаў бомба трапіла акурат у інтэрнат школы міліцыі, праўда ў будынку амаль нікога не было. Мы стаялі на ганку сталоўкі, дык нас выбуховай хваляй закінула ўнутр. Крыху ачомаўшыся мы пачулі, што бамбардзіроўка скончылася і выйшлі на вуліцу. На ўсё жыццё запомніла карціну - уся савецкая засыпаная шклом (пасля ідучы дамоў парэзала сабе ўсе туфлі), а пасярод вуліцы на каленях стаіць той злосны міліцыянт, які надта любіў выказацца матам і моліцца… Калі я вярнулася дамоў, то мы з братам узялі тачку і пайшлі ў цэнтар пашукаць што з вайсковай кінутай маёмасці. Каля кінутай міліцэйскай школы набралі мукі, газы… Узялі таксама гітару (пасля прамянялі яе на хлеб) і стос пласцінак. Пласцінкі прыйшлося выкінуць, паколькі гэта былі выключна адныя прамовы Сталіна. Зрабілі два такія заходы. Трэці раз ужо не атрымалася, паколькі на руінах ужо гаспадарылі немцы».

Трагедыя спаленых гродзенскі кварталаў была толькі прадвеснікам трагедыі насельніцтва горада. Руіны будынкаў на Савецкай плошчы на працягу 1941 – 1943 гадоў немцы выганялі разбіраць вязняў гродзенскага гета. Калі ў ліпені 1944-га года залпы савецкіх гармат абвясцілі аб хуткім вызваленні горада, у Гродне не засталося ніводнага яўрэя, а былая плошча Стэфана Баторыя, якая раней кіпела жыццём, уяўляла сабой кучы друзу, над якімі ўзвышаліся вежы касцёлаў.

Інтэрнат школы міліцыі, пра які расказвае Казіміра Станіславаўна, знішчаны выбухам бомбы. Чэрвень 1941-га года.

Кінуты савецкі танк Т-34 на ўездзе ў Гродна.

Спаленыя будынкі на сучаснай Савецкай плошчы.

Кінутая каля Гродна савецкая вайсковая тэхніка.

 

Гараджане пад наглядам немцаў пазбаўляюцца ад помнікаў правадырам каля Універсітэта і на плошчы Тызенгаўза.

Scroll to top