Вайна.

Першы дзень.

У 3 гадзіны 15 хвілін у нядзелю 17 верасня польскаму паслу ў Маскве В. Гжыбоўскаму была зачытана нота савецкага ўрада аб пачатку ваенных дзеянняў супраць Польшы.

У ноце адзначалася, што ў сувязі з фактычнай ліквідацыяй дзяржавы, савецкія войскі пераходзяць польскую мяжу і бяруць “пад сваю ахову жыццё і маёмасць насельніцтва”.21 Пасол адмовіўся прымаць гэты ганебны дакумент, але нічога змяніць гэта ўжо не магло.

 Працяг. Пачатак тут: 

«Беларускі фронт». Ч.1. Гістарыяграфія і падрыхтоўка вайсковай аперацыі

У 5.00 (па іншай інфармацыі ў 5.40) пачаліся баявыя дзеянні ў зоне адказнасці Беларускага фронта. Удар нанеслі спецгруппы НКУС, памежныя войскі, а таксама армія: Полацкая група, 5-ы стралковы корпус механізаванай групы І.В. Болдзіна і 4-я армія. Атакам падвергліся польскія заставы і нешматлікія памежныя войскі. У сваёй тактыцы атакуючыя прымянялі ахоп заставаў з розных бакоў, закідванне гранатамі будынкаў «стражніц». Негледзячы на элемент нечаканасці польскія салдаты і афіцэры КОП уступалі ў бой. У большасці выпадкаў польская мяжа была пераадолена хутка. Цікава адзначыць, што ў паласе наступлення 4-й савецкай арміі, польскі батальон КОП “Людвікова”, які не знаходзіўся на накірунку галоўных удараў, здолеў абараняцца аж да 16.00 гадзін дня. Вынікам баёў з аддзеламі КОП на накірунку наступлення Беларускага фронта было: 160 забітых польскіх салдат і афіцэраў і 460 узятых у палон. Але гэтыя страты налічвалі усяго толькі 12% ад агульнай колькасці польскіх памежных войскаў. Астатнім удалося адступіць. Страты памежных войск Чырвонай Арміі, якія штурмавалі польскія заставы, згодна савецкім дадзеным: 29 чалавек забітымі і 111 параненымі.22

Савецкія танкі на дарогах Заходняй Беларусі, верасень 1939 г

Галоўны ўдар у паласе наступлення 3-й арміі наносіла правае крыло Полацкай групы (22-я лтбр, 24-я кд і 4-ы ск). Ужо ў 8.00 рухомая група 3-й арміі заняла Докшыцы. За дзень страты 3-й арміі налічвалі – 3 чалавекі загінулі, 24 былі паранены і 12 чалавек утапіліся. 4-я армія не паспела да канца сканцэнтраваць свае войскі, таму раніцай 17 верасня ў наступленне перайшлі толькі 8-я сд і 29-я лтбр. Іх наступленне было накіравана на Баранавічы. 8-я сд, узмоцненая батальёнам танкаў, без бою заняла г.Нясвіж. Пазней танкі і 151-ы сп былі абстраляны польскім атрадам пры фарсіраванні р.Чэпра. Кулямётным агнём былі паранены некалькі танкістаў, якія стаялі ў адкрытых люках танкавых башняў. На працягу дня быў заняты таксама Клецк. У горадзе чырвонаармейцы былі абстраляны з боку казармаў, дзе засталіся польскія салдаты.

Польскае вярхоўнае камандванне і прадстаўнікі польскага ўрада не мелі ніякай інфармацыі з Масквы аб дзеяннях Чырвонай Арміі. Толькі позна вечарам, даведаўшыся аб пачатку баявых дзеянняў Савецкім Саюзам, галоўнакамандуючы польскімі войскамі маршал Э. Рыдз-Сміглы аддаў загад: “З Саветамі баявых дзеянняў не весці, толькі ў выпадках з іх боку разбраення нашых частак… Часткі, да размяшчэння каторых падышлі Саветы, павінны весці з імі перамовы з мэтай выхаду гарнізонаў у Румынію ці Венгрыю”.23 Гэты загад яшчэ больш заблытваў польскіх афіцэраў і вайсковыя падраздзяленні. Не было зразумела – ці знаходзіцца Польша ў стане вайны з СССР.

У 12.00 часткі Мінскай групы 11-й арміі занялі Валожын. А ў 19 гадзін перадавыя атрады групы занялі Маладзечна. Перад горадам, у раёне в.Вілкі, танкавы батальён 100-й сд быў абстраляны салдатамі батальёна КОП “Краснэ”, які адступаў ад мяжы. 1 чырвонаармеец быў забіты. Савецкія танкі затрымаліся.

Чырвонаармейскія тачанкі на вуліцах Ракава, верасень 1939 г

Падраздзяленні 4-й арміі павінны былі сутыкнуцца з абаронай Баранавіцкага ўмацаванага ўчастка. Таму, каб узмацніць сілы 4-й арміі, камандуючы камдзіў В. Чуйкоў загадаў перайсці ў наступленне не скончыўшым канцэнтрацыю 32-й лтбр і тром батальёнам 143-й сд. Падраздзяленні 29-й танкавай брыгады камбрыга С. Крывашэіна каля 10 гадзін раніцы пераадолелі 70 км і выйшлі да м.Сноў. Да Баранавіч заставалася каля 40 км. Аднак у танках амаль не было паліва. Загадам камандзіра брыгады ў кожным батальёне ўсё паліва пералівалася ў две роты. Частка танкаў, такім чынам, заставалася на месцы чакаць запраўшчыкі. Пры далейшым наступленні выявілася, што Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак, якога так баяліся савецкія камандзіры, не быў заняты польскімі войскамі. Каля 16 гадзін савецкія танкі ўвайшлі ў Баранавічы. Танкавы батальён пад камандваннем маёра І.Д. Чарняхоўскага (будучага генерала) ўвайшоў у горад першым.24 Не гледзячы на вялікую колькасць польскіх салдат – сутыкненняў у горадзе не адбылося. Праўда на ноч камбрыг Крывашэін загадаў вывесці танкі з гораду. У палон было ўзята ад 3 да 5 тыс. польскіх салдат. Ч. Гжэляк абвяргае такую вялікую лічбу ўзятых у палон польскіх салдат. Успаміны мясцовых жыхароў таксама не пацвяржаюць інфармацыю аб значнай колькасці польскіх салдат у горадзе.25 Штаб 4-й арміі не ведаў аб ўзяцці Баранавіч танкістамі 29-й брыгады. Пасля атрымання гэтай інфармацыі 8-я сд атрымала загад аб вылучэнні са свайго складу атрада пяхоты і артылерыі для ўстанаўлення поўнага кантролю над горадам. Позна вечарам атрад прыбыў у горад. Вось як успамінаў уваход савецкіх войск у Баранавічы тагачасны навучэнец тэхнічнага вучылішча В. Рамановіч: “Ішла кавалерыя і артылерыя на лашадзях. Лашадкі маленькія такія. Салдаты ўсе брудныя, аброслыя. Усе спіны чорныя – у солі. А танкі прыйшлі пазней”.26 На вуліцы Міцкевіча, каля будынка тэатра збіраліся жыхары горада. Па вуліцы праходзілі савецкія падраздзяленні. Актывісты, былыя члены КСМЗБ, хутка развесілі чырвоныя сцяжкі на дрэвах, на будынку паліцэйскага ўчастка. Адразу ж была арганізавана народная міліцыя. Аднак у першую ж ноч на 18 верасня ў Баранавічах пачаліся рабаванні яўрэйскіх крамаў і напады на яўрэяў. Відаць новая міліцыя не здолела ўтрымаць парадак у горадзе.27

Асаблівая ўвага з боку савецкага камандвання надавалася наступленню Механізаванай групы камкора І. Болдзіна. На працягу першага дня ў штабе групы знаходзіліся камандуючы фронтам камандарм М.П. Кавалёў і намеснік народнага камісара абароны маршал С. Будзёны.28 Дзяржынская механізаваная група наступала ў двух накірунках: на Навагрудак наступаў 6-ы кк камдзіва А. Яроменкі, а на Слонім – 15-ы тк камдзіва М. Пятрова.29 Раніцай 17 верасня 145-ы кавполк 4-й кд сутыкнуўся каля в. Жукавы Борак з адступаючым польскім батальёнам КОП “Івянец” пад камандваннем капітана Я. Ноўрата, які замацаваўся па р.Нёман. Малады камандзір палка, які не меў баявога вопыту, разгубіўся. Для выпраўлення становішча і паскарэння наступлення камандзір корпуса камдзіў А. Яроменка ўвёў у бой цэлы артылерыйскі полк. Такім чынам сам жа А. Яроменка, не гледзячы на ўстаноўку аб непрымяненні артылерыі, пачаў весці поўнамаштабную вайну. Не вытрымаўшы такога націску палякі адступілі.30 11-я кд была абстраляна пры ўваходзе ў Стоўбцы. За дзень кавалерыйскі корпус прасунуўся ў глыб польскай тэрыторыі на 90 км.

Вечарам са складу 11-й кд была арганізавана рухомая група (31-ы тп, эскадрон кавалерыстаў на грузавіках і зенітныя кулямёты на аўтамабілях). У яе задачу ўваходзіла ўзяцце Навагрудка. Каля 20.00 17 верасня перадавы рухомы атрад 11-й кавалерыйскай дывізіі ўвайшоў горад. Па ўспамінах камдзіва А. Яроменкі, які ўзначаліў рухомую групу, “мы назіралі дзіўную карціну – на вуліцах ні душы, горад апусцеў, навокал цішыня”.31 Прагучала некалькі стрэлаў, у выніку чаго загінула некалькі чырвонаармейцаў. Польскі гісторык Ч. Гжэляк піша, што стралялі самі чырвонаармейцы, якія не разабраліся ў цемры, хто ёсць хто.32 Цікава, што савецкія войскі перад горадам сустрэў начальнік навагрудскай паліцыі разам са сваімі ад’ютантамі. Пад час знаходжання камдзіва А. Яроменкі ў горадзе начальнік паліцыі паўсюль суправаджаў яго.

Аднак у першы ж дзень наступлення падраздзяленні Чырвонай Арміі сутыкнуліся не толькі з узброенным адпорам польскай арміі, але і з уласнай неарганізаванасцю. Так у 18 гадзін вымушаны быў спыніцца ў м.Дуніловічы рухомы атрад 3-й арміі. У танках 22-й брыгады камбрыга І.Г. Лазарава скончылася паліва. Запраўшчыкі не дабраліся да танкаў, бо не былі прапушчаны камандзірам 24-й кавалерыйскай дывізіі камбрыгам П. Ахлюсцінам.

Вынікі першага дня наступлення паказалі – польская армія (а дакладней яе памежныя часткі) была дэмаралізавана і сур’ёзнага супраціўлення не аказвала. Мясцовае беларускае насельніцтва сустракала Чырвоную Армію калі і не з радасцю, то прынамсі добразычліва. Асабліва моцнае ўражанне на насельніцтва “крэсаў” аказвала савецкая тэхніка. Людзі ўпершыню бачылі танкі, бронеаўтамабілі, артылерыю. Мой дзед, жыхар адной з заходнебеларускіх вёсак успамінаў, што калі савецкія танкі праходзілі праз іх вёску, хлопцы аблеплівалі іх і з захапленнем праязжалі на машынах разам з танкістамі. На ўсё жыццё ён запомніў як адзін з жыхароў вёскі Палаўкі Ваўпянскай гміны (дарэчы рэпрэсаваны праз некалькі месяцаў новай уладай) папрасіў у савецкіх танкістаў наліць ў бутэльку бензін для запальнічкі. Танкіст не доўга думаючы наліў яму цэлае вядро. Гэта ўразіла ўсіх жыхароў вёскі – бензін у Польшы каштаваў вельмі дорага.33 Камічны эпізод, звязаны з савецкімі танкамі, адбыўся ў адной з вёсак ў ваколіцах Баранавіч. Калі савецкія танкі (хутчэй за ўсё з 29-й лтбр) спыніліся ў вёсцы, некалькі мясцовых сялян выскачылі да іх і пачалі секчы тэхніку сякерамі. Здзіўленым танкістам пазней растлумачылі, што польская прапаганда сцвярджала, што ў Савецкага Саюза танкі фанерныя. Мясцовыя жыхары вырашылі гэтую інфармацыю праверыць.34

Раздача савецкіх газет заходнебеларускім сялянам, верасень 1939 г

Чырвоная Армія сутыкнулася з цяжкасцямі, звязанымі як з дзейнасцю тыла, так і арганізацыі камандвання. Сувязь не была надзейная і даводзілася карыстацца дэлегатамі сувязі. Так, напрыклад, было ў 3-й арміі. Штабы не ведалі аб месцазнаходжанні сваіх частак. Не з лепшага боку паказалі сабе рэзервісты, прызваныя ў армію напярэдадні баявых дзеянняў. Нават невялікія сутычкі з польскімі атрадамі выклікалі ў іх амаль паніку. Так у савецкіх справаздачах паведамлялася: “Толькі дзякуючы таму, што перад намі не было рэгулярнай непрыяцельскай арміі, здольнай да вядзення рэгулярных баёў, у падраздзяленнях не дайшло да непатрэбных стратаў і крыві”.35

Улічваючы адсутнасць арганізаванага супраціўлення з польскага боку савецкім камандваннем было прынята рашэнне аб арганізацыі рухомых групаў, якія выдзяляліся са складу танкавых палкоў савецкіх дывізій. Гэта павінна было забяспечыць паскарэнне тэмпа наступлення.

Баі за Вільню.

18 верасня наступленне Чырвонай Арміі працягвалася. 3-я армія наступала ў накірунку Вільні. Ужо ў 7 гадзін раніцы 18 верасня разведгрупа 22-й лтбр заняла Паставы. Разведка 24-й кд (танкавы ўзвод і ўзвод бронеаўтамабіляў) заняла каля 13 г. 30 хв. Свянцяны. Дарэчы, камандуючы 24-й кд камбрыг П. Ахлюсцін ізноў не прапусціў тылавыя калоны 22-й лтбр.36 У выніку ў танкаў брыгады на падыходзе да Свянцян скончылася паліва. Штаб Беларускага фронта 18 верасня выдаў загад № 00207 аб захопе Вільні. Удары павінны былі наносіць 24-я кд, 22-я і 25-я лтбр 3-й арміі з паўночнага-усходу і 36-я кд і 6-я лтбр 11-й арміі з паўднёвага-усходу.

Штаб 3-й арміі атрымаў загад на працягу дня выйсці да горада Вільня і заняць яго. Згодна загаду задача павінна была быць выканана раніцай наступнага дня – 19 верасня. На той момант у арміі ўжо востра адчуваўся недахоп паліва. Камандуючы арміяй паставіў задачу авалодання горадам групе камбрыга П. Ахлюсціна – камандуючага 24-й кд. Аднак гэты загад не ўлічваў таго факта, што ў Свянцянах знаходзіўся толькі адзін 10-ы танкавы полк. Асноўныя сілы дывізіі былі яшчэ на маршы і патрабавалі адпачынку. Таму вечарам, у 22.30 са складу дывізіі для наступленя на Вільню быў вылучаны толькі адзін згаданы танкавы полк. Кавалерыйская дывізія павінна была падыйсці да горада пазней. Да танкавага палка далучаўся разведбатальон 27-й сд, а таксама кавалерыйскі полк на аўтамабілях (700 чалавек). Групу ўзначаліў палкоўнік Ламака. Танкі 22-й і 25-й лтбр не маглі працягваць наступленне з-за недахопу паліва. На працягу дня яны бездапаможна стаялі ў Свянцянах. Толькі ў ноч на 20 верасня камандзір 25-й лтбр камбрыг А.В. Борзікаў змог адправіць у Вільню две групы танкаў (тры ўзвода танкаў Т-26 і два ўзвода бронеаўтамабілей), зліўшы для іх гаручае з астатніх машын.

Са складу 11-й арміі для захопу Вільні былі вылучаны частка Мінскай групы (3-ці кк і 6-я лтбр). Але і гэтыя сілы на працягу дня не паспелі падысці да горада. Ужо каля 14.00 часткі 3-га каўкорпуса занялі Ашмяны. Са складу корпуса камандзір камдзіў Чэравічэнка выдзяліў два танкавых палка (7-ы і 8-ы), якія працягвалі наступленне ў накірунку Вільні. 8-ы тп дагнаў адступаючы польскі батальён КОП “Краснэ”. Не збаўляючы хуткасці, танкі 2-га эскадрона пад камандваннем ваеннага тэхніка 2 ранга Панова пачалі давіць абоз польскага палка разам з салдатамі.37 Пачалася паніка. У палон да танкістаў трапіла 153 польскіх салдата і афіцэра. Іншы батальён КОП “Будслаў” адступаў у накірунку Вільні праз Вілейку. Польскіх салдат тут ніхто не чакаў. Пры ўваходзе ў населены пункт мясцовыя жыхары пабудавалі трыумфальныя брамы для сустрэчы Чырвонай Арміі. Увайшоўшы ў горад, палякі загадалі брамы разабраць.38

Гарнізон Вільні складаўся з прыблізна 6,5-7 тыс. салдат і 7 тыс. апалчэнцаў без зброі. На іх узбраенні знаходзілася каля 20 гармат і некалькі дзясяткаў кулямётаў. Камандуючы польскім гарнізонам палкоўнік Я. Акуліч-Казарын рыхтаваў горад да абароны. З літоўскай мяжы ў горад быў перакінуты полк КОП “Вільня”, з моладзі фарміраваліся атрады самаабароны.39 Аднак 18 верасня камендант атрымаў загад ад генерала Альшыны-Вільчынскага, камандуючага ДОК-3 (камандванне 3-га акруговага корпуса), аб несупраціўленні Чырвонай Арміі. Таму ў загадзе па гарнізоне горада Вільня адзначалася: “мы не знаходзімся з бальшавікамі ў стане вайны… небаявыя часткі павінны пачаць эвакуацыю з горада, баявыя застаюцца на пазіцыях, але ім нельга страляць без загада”.40 Ізноў жа, гэтым загадам, як і загадам Э.Рыдз-Сміглага, у гарнізоне горада была падарвана воля да абароны.
Перадавыя сілы савецкага 3-га кк (танкавыя палкі) 11-й арміі падыйшлі да горада ўжо каля 17 гадзін вечара 18 верасня. Камандуючы 2-м польскім батальёнам падпалкоўнік С. Шылейка запрасіў у камандуючага гарнізонам дазвол на адкрыццё агня. Ваганні камандуючага польскім гарнізонам прывялі да таго, што 8 савецкіх танкаў 8-га тп без бою прайшлі польскую абарону. Камендант гарнізона прыняў рашэнне пакінуць горад і ў 17.35 аддаў загад аб адступленні. Частка польскіх войск паспела пагрузіцца ў цягнік і ад’ехаць у кірунку Гродна. На перамовы з савецкімі войскамі з горада быў высланы падпалкоўнік Т. Падвысоцкі. Аднак перамовы скончыліся няўдала. Яго аўтамабіль з белым сцягам быў абстраляны з савецкіх танкаў. Каля 19 гадзін Т. Падвысоцкі, прыняў камандванне гарнізонам (палкоўнік Я. Акуліч-Казарын пакінуў горад). Ён адмяніў загад былога камандуючага і заклікаў да абароны горада. Аднак арганізаванай абароны стварыць было ўжо нельга. Адныя часткі адступалі ў Літву, іншыя працягвалі заставацца на месцах. Некаторыя польскія афіцэры скончылі жыццё самагубствам. Негледзячы на гэта, у горадзе ўжо ішлі баі, удзел у якіх прымала гімназічная моладзь. Супраць савецкіх танкаў шырока выкарыстоўваліся “кактэйлі Молатава”.

Кавелерыя Чырвонай Арміі ў Вільні,верасень 1939 г

Частка савецкага 8-га тп 36-й кд спрабавала прабіцца да Зялёнага моста праз Вяллю. У раёне Полацкай вуліцы машыны ст. лейтэнанта Бадыля сутыкнуліся з агнём двух 75-мм польскіх гармат. Польскія артылерысты не мелі супрацьтанкавых снарадаў. Савецкія ж танкісты не мелі супрацьпяхотных, таму стралялі толькі з кулямётаў. У выніку боя адзін савецкі бронеаўтамабіль быў падбіты.

Каля 18.00 да горада падышлі часткі 6-й савецкай лтбр. Яны атакавалі чыгуначны вакзал. 1-я рота брыгады заняла яго, але яе далейшае наступленне было спынена абаронцамі. Па інфармацыі расійскіх гісторыкаў М. Паўлава і І. Жаўтова ў гарадскіх баях удала выкарыстоўваліся артылерыйскія танкі БТ-7А.41 Узброеныя 76,2-мм гарматамі яны растрэльвалі будынкі і дахі дамоў з якіх аказвалася супраціўленне. Цікава адзначыць, што палякі, рыхтуючыся да баёў, паспелі зрабіць імправізіваны бронецягнік, які складаўся з паравоза і двух вагонаў, абшытых лістамі сталі і меў на ўзбраенні кулямёты. У раёне вакзала абараняўся польскі атрад паручыка Пелашоўскага. Абаронцы здолелі знішчыць адзін савецкі танк і адзін пашкодзілі.

Вільня, 19 верасня 1939 г.

Вечарам, на падыходзе да Зялёнага моста савецкія танкі былі спынены агнём кулямётаў супрацьпаветранай абароны. На працягу ночы тры танкі былі падбіты. У выніку агня быў падбіты танк камандзіра эскадрона ст.лейт. Бадыля. Каля 22.30 падпалкоўнік Т. Падвысоцкі аддаў загад гарнізону аб адступленні да літоўскай мяжы.

Каля 4.00 гадзін раніцы 19 верасня ўвесь атрад палкоўніка Ламакі быў у горадзе. Атрад таксама атакаваў Зялёны мост. За яго разгарнуліся цяжкія баі. Палякі неаднаразова спрабавалі знішчыць мост. Аднак усе спробы заканчваліся няўдала. Атака атрада палкоўніка Ламакі таксама скончылася безвынікова. Толькі ў 7 гадзін раніцы савецкія падраздзяленні 8-га тп здолелі захапіць мост і прарвацца ў паўночную частку горада. Раніцай, каля 8 гадзін, да горада падышлі часткі 3-га кк – 7-я кд. Кавалерыйскія часткі ахапілі горад з усходу і захаду. Аднак баі ў горадзе не спыняліся. Пры пераправе праз Зялёны мост у 14.00 быў падбіты савецкі танк і бронемашына БА-10. Толькі пасля 18 гадзін 19 верасня арганізаванае супраціўленне польскага гарнізона было спынена.
Згодна савецкіх дадзеных на працягу баёў часткі 3-й і 11-й армій страцілі ў баях за Вільню: 13 чалавек забітымі і 24 параненымі. 5 танкаў БТ-7 і бронеаўтамабіль БА-10 былі знішчаны, яшчэ 3 бронемашыны былі падбіты.42 У палон да Чырвонай Арміі трапіла да 10 тыс. дабраахвотнікаў і салдат, бронецягнік, 94 паравоза, 600 тон бензіна і 250 коней. Значнай частцы віленскага гарнізона ўдалося пазбегнуць палона і адступіць у накірунку Літвы ці Гродна. Камендатам горада Вільна быў прызначаны камбрыг П. Ахлюцін.43

Савецкія часткі ў Вільні, верасень 1939 г

Вынікі баёў за Вільню паказалі, што савецкія танкавыя войскі не былі належным чынам падрыхтаваныя да баёў у гарадскіх умовах. Польскія войскі, не меўшыя адпаведнай супрацьтанкавай зброі, якія да таго ж ў значнай ступені складаліся з памежнікаў, добраахвотнікаў і рэзервістаў, здолелі спыніць савецкія атакі і нават удала адбіваць іх атакі на працягу 18 верасня. Аднак вопыт баёў танкаў у Вільні не быў улічаны савецкім камандваннем.

 

Зміцер Люцік

Працяг:

«Беларускі фронт». Ч.3. 18-20 верасня. Паўстанні ў беларускіх мястэчках і цяжкасці ў наступленні.

«Беларускі фронт». Ч.4: Баі за Скідзель-Гродна

«Беларускі фронт». Ч.5: Фінальны акорд і высновы


 

Назад21. Советско-польская война 1939 года. Освободительный поход в Западную Белоруссию и Западную Украину. Па матэрыялам сайта: //www.hrono.ru

Назад22. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 240

Назад23. Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.117

Назад24. Советско-польская война 1939 года. Освободительный поход в Западную Белоруссию и Западную Украину. Па матэрыялам сайта: //www.hrono.ru

Назад25. Навучэнец баранавіцкага тэхнічнага вучылішча В. Рамановіч успамінаў, што пасля адпраўкі на фронт 88-га палка, які знаходзіўся ў Баранавічах, у горадзе застаўся зусім невялікі гарнізон. Успаміны В.Рамановіча. 1920 г.н. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.

Назад26. Тамсама.

Назад27. З пачаткам вайны ў Баранавічах, як і ў іншых вялікіх гарадах з вучнёўскай моладзі былі арганізаваны добраахвотныя каманды, якія патрулявалі вуліцы, сачылі за парадкам. Патрулям раздалі старыя французскія вінтоўкі без патронаў.

Назад28. Cygan Wiktor. Kresy we krwi… – S. 103

Назад29. Пятроў М.П. – удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі, грамадзянскай вайны ў Іспаніі, дзе камандаваў танкавым батальёнам. Узнагароджаны ордэнам Леніна і званнем Герой Савецкага Саюза. Адразу прызначаны камандуючым корпусам. У 1941 г. камандаваў 17-м механізаваным корпусам. Загінуў у Бранскай вобласці пры выхадзе з акружэння. Па матэр’ялах сайта: http://www.warheroes.ru

Назад30. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 272-273. Ерёменко А.И. В начале войны… – С.18

Назад31. Ерёменко А.И. В начале войны… – С.19

Назад32. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 273

Назад33. Успаміны І. Люціка. 1929 г.н. Жыхар в. Палаўкі. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.

Назад34. Успаміны В.Рамановіча. 1920 г.н. Жыхар м.Лунна. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.

Назад35. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 282

Назад36. Мельтюхов М.И. Советско-польские войны… – С.304

Назад37. Ibidem. – S. 255

Назад38. Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 112

Назад39. У даваеннай Польшчы існавалі спецыяльныя курсы падрыхтоўкі моладзі да службы ў войску.

Назад40. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 261

Назад41. Павлов М.В., Желтов И. Г., Павлов И. В. Танки БТ. — М.: Экспринт, 2001. – С. 166.
Ledwoch Janusz. Czołgi BT. – Militaria. Warszawa, 1998. – S. 26.

Назад42. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 269

Назад43. Камбрыг П.М.Ахлюсцін – камандуючы 24-й кд, у 1941г. – генерал-маёр, камандзір 13-га механізаванага корпуса Беларускай асобай вайсковай акругі. Зігінуў 28 ліпеня пры выхадзе з акружэння пры фарсіраванні р.Сож. Па матэр’ялах сайта: http://mechcorps.rkka.ru/files/mechcorps/index.htm

Scroll to top