18 верасня

18 верасня працягвалася наступленне Чырвонай арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Часткі 100-й сд 11-й арміі, наступалі ў накірунку Ліды. На працягу дня імі было занята м.Крэва.

 Працяг. Пачатак тут: 

«Беларускі фронт». Ч.1. Гістарыяграфія і падрыхтоўка вайсковай аперацыі

«Беларускі фронт». Ч.2. Першы дзень вайны і баі за Вільню

 У гэты ж дзень сілы наступаючых савецкіх груповак былі значна павялічаны ў выніку далучэння да вайсковай аперацыі 10-й арміі і 23-га корпуса. Гэтыя сілы перайшлі ў наступленне, не скончыўшы мабілізацыю свайго асабістага складу.

Т-28 з 21-й тбр фарсіруе раку Уша ля Міра. 17 верасня 1939 г.

10-я армія перайшла польскую мяжу, рухаючыся ў другім эшалоне за КМГ. Пасля 16 гадзін 18 верасня польска-савецкую мяжу перайшлі падраздзяленні 23-га асобнага ск, а дакладней толькі 52-я сд. Дывізія наступала на Палессі. На наступны дзень, пасля невялікага бою былі заняты Давід-Гарадок і Лунінец. Часткі дывізіі адчулі недахоп паліва ўжо ў першы дзень. Акрамя таго коні, рэквізаваныя ў палескіх калгасах, былі настолькі слабыя і худыя, што не маглі цягнуць вайсковыя грузы! Таму пасля пераходу праз мяжу часткі 52-й дывізіі пачалі рэквізаваць коней ў заходнебеларускіх сялян.44 “Вызваленне ад панскага гнёту” на Палессі пачалося.

Часткі 15-га танкавага корпуса камдзіва М. Пятрова з КМГ наступалі на г. Слонім. Да 16.00 18 верасня горад быў заняты. Савецкія войскі сутракалі ў Слоніме з радасцю. Адступаючыя польскія падраздзяленні, спалілі мост праз Шчару. Такім чынам агромністай масе танкаў прышлося карыстацца толькі адным мастом. Гэта выклікала вялікую (прыкладна на дзесяць гадзін) затрымку ў наступленні корпуса.

6-ы кк камдзіва А. Яроменкі Дзяржынскай конна-механізаванай групы развіваў наступленне ў накірунку г. Ваўкавыск. У механізаваных падраздзяленнях корпуса (а гэта тры танкавых палка) пачаў адчувацца востры недахоп паліва. Па загаду камандзіра корпуса паліва злівалі з кожнага трэцяга танка і бронеаўтамабіля. Такім чынам часткі корпуса маглі працягваць наступленне ў накірунку Ваўкавыска, праўда зменшаныя на 1/3.45 Пераліў гаручага таксама заняў даволі шмат часу. На працягу дня часткі корпуса так і не выканалі загад – ні Ваўкавыск, ні Ліда заняты не былі. У 6-ы кк прыбыў член Ваеннага савету фронта Т. Мікалаеў – штаб фронта быў вельмі незадаволены адстутнасцю наступлення. Камандуючаму корпусам была зроблена вымова.

Савецкая кавалерыя на вуліцах заходнебеларускага горада. Верасень 1939 г

Тым часам камандванне Беларускім фронтам загадала Дзяржынскай групе заняць Гродна і Сакулку да канца 19 верасня сіламі не меньшымі, чым адна кавалерыйская дывізія. Асноўныя сілы групы павінны былі сканцэнтравацца да канца 18 верасня ў трохкутніку Рось – Бераставіца – Ваўкавыск. Ведаючы, у якім становішчы знаходзіліся падраздзяленні групы І. Болдзіна, можна было адразу сказаць, што выканаць загад будзе проста немагчыма. Войскамі яшчэ не быў выкананы нават папярэдні загад. Такім чынам бачна, што камандванне Беларускім фронтам не да канца ўяўляла сабе ўмовы наступлення сваіх падраздзяленняў. Больш таго, першыя сімптомы крызісу наступлення (масавы недахоп паліва), не выклікалі занепакоеннасці камандвання.

Начальнік штаба Беларускага фронта камкор Пуркаеў у той жа дзень аддаў загад на бамбардзіроўку авіяцыяй гарадоў Брэст і Беласток.46 Далей на захад дзейнасць авіяцыі была забаронена – існавала вялікая верагоднасць бамбардзіроўкі нямецкіх “саюзных” войскаў.

У той жа дзень, 18 верасня, па тэрыторыі Гродзеншчыны пачалі ўспыхваць антыпольскія паўстанні. Пачуўшы пра пачатак наступлення Чырвонай Арміі, жыхары заходнебеларускіх мястэчак чакалі хуткага падыходу савецкіх войскаў. Так ў Гродне паўсталі гарадскія рабочыя, былыя члены КПЗБ і спачуваючыя ім. Яны вызвалілі палітычных зняволеных з гарадской турмы. Аднак польскі гарнізон горада пад камандваннем палкоўніка Б. Адамовіча здолеў спыніць паўстанне і ўзяць пад кантроль горад. У баі было паранена 2 польскіх салдата. Некалькі паўстанцаў занялі абарону ў цэнтры горада ў скверы, спрабуючы паралізаваць рух у цэнтры горада. Паўстаўшыя схаваліся і ў гарадскім саборы. На працягу дня вяліся спарадычныя абстрэлы польскіх салдат з дахаў дамоў. Польскія страты склалі 2 салдата забітымі.

Размова ў першым прадстаўніком новай улады, 17 верасня 1939 г

У м.Скідзель моцная групоўка былых членаў КПЗБ і маладых людзей арганізавалі рэўком (на чале з М. Літвінам, Г. Шагуном, І. Мышко і інш.). Усё мястэчка было захоплена паўстаўшымі. На адміністртыўных будынках з’явіліся чырвоныя сцягі. Паўстанне перакінулася і на навакольныя вёскі. Скідзельскае паўстанне было найбольш актыўным на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Для яго падаўлення ў Скідзель былі кінуты з Гродна сілы паліцыі і аплчэння – каля 200 чалавек.

У мястэчку Лунна, якое знаходзілася ў 40 км на паўночны захад ад Ваўкавыска, дзейнасць падпольнага камуністычнага актыва таксама была адчувальная. Яшчэ за некалькі дзён да ўступлення Чырвонай Арміі ў Лунна, актыў з навакольных вёсак пад кіраўніцтвам былых членаў КПЗБ (У.І. Касіла, Рымарчык, Я.І. Глод) стварыў рэвалюцыйны камітэт. Вынікам яго дзейнасці была арганізацыя патруля на мосце праз Нёман. Прадстаўнікі мясцовай польскай улады і паліцэйскія збеглі з мястэчка ўжо 17 верасня. На працягу гэтага часу народная міліцыя – “ястрабкі”, як яны сабе называлі, лавілі адступаючых польскіх салдат, паліцэйскіх і іншых падазроных асоб, адбіраючы ў іх зброю і абмундзіраванне. Саміх арыштаваных садзілі ў імправізаваную турму. Праўда разам з сапраўднымі актывістамі КПЗБ ў Лунне хапала і напоўкрымінальнага элемента. Мясцовае насельніцтва дасюль успамінае гэты час як перыяд безуладдзя і хаоса. Жыхарка м.Лунна С. Швед згадвае: “Адзін босы, з чырвонай лентай. Сеў на каменю і б’е камушкам па вінтоўцы прыгаворваючы: “Ішоў па вуліцы – знайшоў уладу!”47 Сярод жыхароў мястэчка самаабвешчаная “улада” таксама правяла арышты. Былі арыштаваны ксёндз і праваслаўны святар, а таксама некалькі найбольш багатых яўрэяў (праўда пасля прыходу Чырвонай Арміі ўсіх іх выпусцілі). Аднаго яўрэя, уладара крамкі па продажы ліманаду, прымусілі збіраць на вуліцы конскі навоз. Можа таксама і з-за такіх “рэцэдываў” Чырвоную Армію віталі радасна, кветкамі (якія моладзь аператыўна нарвала на палісадніку ў арыштаванага ксяндза) і ўрачыстай брамай. На дамах вешалі чырвоную тканіну – адныя з радасці, іншыя са страху – каб не ўпасці ў няміласць новай уладзе. З прыходам арміі безпарадкі ў мястэчку спыніліся.

18 верасня часовы выканаўчы камітэт быў створаны ў в. Верцялішкі. Паўстанцы раззброілі польскую паліцыю і калонію асаднікаў, якая знаходзілася каля сяла. У м. Воўпа камуністычныя актывісты з навакольных вёсак таксама арыштавалі паліцэйскіх. Па непацвержанай інфармацыі яны былі растраляны. Прыкладамі вінтовак насмерць быў забіты гмінны пісар. Тры польскіх паліцэйскіх былі забіты і ў Сакулцы. Рэвалюцыйныя камітэты былі створаны і ў Азёрах,48 Вялікай Бераставіцы, Астрыне, Дубне, Зельве, Дзярэчыне.

Вельмі актыўна “дзейнічаў” рэвалюцыйны камітэт у м. Вялікая Бераставіца. Пад яго кіраўніцтвам па тэрыторыі гміны пракацілася цэлая хваля паляванняў на прадстаўнікоў польскай улады. У ноч на 18 верасня ў Малой Бераставіцы, мясцовыя пракамуністычныя актывісты на чале з гандляром Айзікам (?) арыштавалі некалькі чалавек польскай адміністрацыі гміны і інтэлігенцыі (войта, сакратара, касіра, паштальёна, настаўніка і інш.). Па інфармацыі польскага даследчыка М. Вержбіцкага над імі здзекваліся (паілі вапнай) пасля чаго кінулі ў яму з вапнай і засыпалі. Актыўна дзейнічалі і актывісты навакольных вёсак – Масаляны, Данілкі, Зайкаўшчына, Гольні і Шыдловічы. У маёнтку Гольні была забіта сям’я польскага асадніка А. Казлоўскага. У маёнтку Зайкаўшчына былі забіты два ляснічых з маёнтка пана Біспінга, а ў в. Данілкі – інжынер В. Берэцці. Усяго ў наваколіцах Бераставіцы было забіта да 50 чалавек. Вынікам дзейнасці рэўкама ў Зельве было 12 забітых палякаў. Да забойства палякаў дашло і ў Жыдомлі, Квасоўцы, Індуры, Азёрах, Свіслачы.49 Польскі даследчык Ежы Новак піша, што ініцыятарамі гэтых дзеянняў у беларускіх мястэчках былі яўрэі, хаця падобнае меркаванне нагадвае больш няўдалую «ідэалагічную» канструкцыю.50

Рэвалюцыйны камітэт у Азёрах 18 верасня ўстанавіў сваю ўладу. Па яго загаду затрымліваліся і раззбройваліся групкі польскіх салдат.

Сяляне слухаюць савецкае радыё, усталяванае на бронемашыне, верасень 1939 г.

Такім чынам па заходнебеларускіх мястэчках і вёсках пракацілася хваля паўстанняў і выступленняў. Кіруючую ролю ў іх адыгрываў пракамуністычны актыў, былыя члены КПЗБ і далучыўшыяся да іх моладзь а таксама ў пэўнай ступені маргінальны і нават крымінальны элемент. Жыхары ахопленых паўстаннямі мястэчак чакалі падыходу Чырвонай Арміі. Аднак у гэты ж час у наступленні савецкіх войск адбываецца затрымка.

19 верасня

Ад раніцы 19 верасня на Палессі працягваў наступленне 23-ці асобны корпус. 58-ы сп, наступаючы ў авангардзе, замест наступлення на Кажангарадок пачаў наступаць на Дрэбск. Калона штабу 23-га ск, падышоўшы да Кажангарадка трапіла пад абстрэл. Польскія салдаты з батальона КОП “Сенкевічы” занялі вышыні вакол мястэчка.51 У штабе не маглі зразумець – куды падзеўся перадавы полк? У калоне пачалася паніка. Стан выратаваў разведбатальон 25-га карпуснога артылерыйскага палка. Падаспеўшыя падраздзяленні 58-га палка прымусілі палякаў адступіць да Лунінца. Савецкія страты налічвалі 3 забітых і 4 параненых.

Пасля пяці гадзін раніцы 19 верасня перадавы атрад 6-га кк КМГ (8 танкаў і два ўзвода зенітных кулямётаў) заняў без бою г. Ваўкавыск. На чале атрада знаходзіўся сам камадзір корпуса камдзіў А.Яроменка. У горадзе быў арганізаваны мітынг. З’явілася і народная міліцыя. Танкі размясціліся ў лесе на паўночным-захадзе ад горада. У заходнім накірунку была выслана разведка. Праз дзве гадзіны ў горад увайшла пяхота 101-га сп 4-й сд. Аднак галоўныя сілы 6-га кк значна адставалі ад свайго перадавога атрада і знаходзіліся яшчэ ў раёне: Ланцэвічы – Вялікія Азеркі – Дзярэчын (на паўночным-усходзе ад Зельвы, у 30-35 км ад Ваўкавыска). Сувязі з астатнімі падраздзяленнямі механізаванай групы ў корпуса не было. Большасць коней, рэквізаваных для кавалерыі, не была прыдатнай для далейшых дзеянняў.52 Усё гэта паступова пераўтварался ў вялікую праблему. Праўда камдзіва А. Яроменку, які знаходзіўся ўжо ў Ваўкавыску, а не ў штабе корпуса у Дзярэчыне, гэта, здаецца, мала непакоіла.

Актыўна дзейнічалі толькі невялікія разведатрады 6-га кавалерыйскага корпуса. Так у м.Свіслач каля 13 гадзін дня ўвайшоў разведвальны атрад 6-га кк, які складаўся з двух бронеаўтамабіляў. Тут адбыўся бой з 3-м польскім эскадронам 2-га палка ўланаў. Не чакаючыя атакі кавалерысты былі абстраляны. Некалькі ўланаў былі забіты і паранены. Каля 35 чалавек трапілі ў палон. 53 Эскадрон здолеў адыйсці з мястэчка.

У той жа дзень Чырвонай Арміяй была занята і Ліда. Згодна савецкім крыніцам горад на працягу дня штурмавалі як часткі КМГ, так і 11-й арміі. Горадам, пасля невялікага бою авалодаў 152-і кавполк. Атака бронеаўтамабіляў і кавалерыі зламалі супраціўленне. Загінула 50 абаронцаў горада. У палон трапіла да 2500 польскіх салдат. Польскія даследчыкі Ч. Гжэляк і В. Цыган не згаджаюцца з такой вялікай лічбай узятых у палон. Па іх інфармацыі, у Лідзе 19 верасня наогул не магло быць вялікіх злучэнняў польскай арміі.54 Магчыма таксама, што ў палон былі ўзяты не толькі салдаты, а наогул усе, хто быў падобны на вайскоўца. Па іншай інфармацыі горадам авалодаў зводны механізаваны атрад камбрыга Разанава (разведбатальён і 365-ы танкавы батальон 2-й сд, 100-ы танкавы батальон 100-й сд). Каля 21.00 19 верасня атрад камбрыга Разанава увайшоў у Ліду. Першым у горад увайшоў разведвальны батальён 2-й сд, а праз гадзіну і іншыя сілы атрада камбрыга. Цалкам верагодна, што абодва савецкія атрады ўваходзілі ў горад амаль адначасова – кавалерысты першыя а танкісты другія.

Разглядаюць неразарваны снарад, верасень 1939 г

19 верасня часткі Чырвонай арміі (магчыма разведатрады 6-га кк) занялі г.Масты. Жыхарка в.Занёманск (зараз частка горада) Буйко Г.М. успамінае: “Чырвоная Армія была яшчэ ў Ваўкавыску, а ў канцы вёскі Занёманск была ўжо зроблена брама. На ёй развіваліся чырвоныя сцягі. Насельніцтва рыхтавала пачастункі і падарункі воінам. Першым асеннім ранкам у вёску прыбылі кавалерысты, за імі – пехацінцы і другія роды войск”.55 У фабрычным пасёлку Мастоў быў створаны камітэт па ўстанаўленню савецкай улады. Ён арганізаваў ахову чыгуначнага маста праз Нёман і праводзіў арышты адступаючых польскіх салдат.

Раніцай 19 верасня камкор І. Болдзін аддаў загад № 03, згодна якому 15-ы тк павінен быў наступаць на Гродна і заняць яго на працягу дня. Аднак з-за недахопу паліва і запасных частак для тэхнікі сілы 15-га корпуса ўвесь дзень 19 верасня прастаялі ўздоўж трасы Слонім – Ваўкавыск! Паліва чакалі 128 танкаў 27-й лтбр.56 Перагружанасць дарог шматлікай савецкай тэхнікай і дрэнная арганізацыя рабілі немагчымым своечасовую запраўку і абслугоўванне бронесілаў групы. Вялікім быў і працэнт паломак. Так у той жа 27-й лтбр налічвалася 53 выйшаўшых са строю танкаў, у 2-й лтбр – 18 танкаў. Толькі ўмяшальніцва намесніка камісара абароны маршала С. Будзёнага, які знаходзіўся ў штабе Беларускага фронта, дазволілі арганізаваць вечарам 19 верасня падвоз паліва з арганізаваных у Стоўбцах складоў, а таксама транспартнымі самалётамі. Дарэчы сказаць, яшчэ 17 верасня кіраўнік штаба 6-га кк палкоўнік Забелін высказваў думку аб падвозе паліва заранёў. Тады яго думку праігнаравалі.57 Цягам дня савецкія танкі невялікімі групамі, ці нават паасобку накіроўваліся з раёна Слоніма ў накірунку Ваўкавыска.

Трэба адзначыць, што праца штаба КМГ была неэфектыўнай. Войскі не ведалі, дзе знаходзяцца іх суседзі, загады штабу даводзіліся з вялікім спазненнем. Не была арганізавана праца тыла і разведка. Такім чынам самае моцнае злучэнне фронта губляла каштоўны час, прастойваючы на месцы. І ўсё гэта ўлічваючы той факт, што група яшчэ нават не сутыкалася з арганізаваным супраціўленнем польскай арміі!

Затрымка наступлення Чырвонай арміі 19 верасня (а фактычна наступленне спынілася) прывяла да таго, што некаторыя паўстаўшыя заходнебеларускія населеныя пункты былі разгромлены польскімі войскамі. Падыходу дапамогі яны так і не дачакаліся.
У сярэдзіне дня 19 верасня карны атрад з Гродна падыйшоў да мястэчка Скідзель. У мястэчку пачаліся вулічныя баі. Аднак паўстаўшыя не маглі доўга аказваць супраціўленне. З паўстанцамі жорстка расправіліся. Так Л. Пачымку, аднаму з кіраўнікоў паўстаўшых, паліцэйскія адрэзалі вушы і выкалалі вочы, на спіне выразалі зорку.58 Усяго было забіта 29 чалавек. Некаторыя будынкі Скідзеля былі падпалены.

Самым вялікім злучэннем польскай арміі, якое супрацьстаяла наступаючым савецкім войскам у накірунку Гродна, была кавалерыйская група ротмістра Вішаватага (рэшткі 2-га і 10-га уланскіх палкоў – усяго 5 эскадронаў). Адступаючы з Ваўкавыска, польскія кавалерысты накіроўваліся на Скідзель – Гродна. Падыходзячы каля 21 гадзін 19 верасня да мястэчка Дубна, якое было занята мясцовымі камуністычнымі актывістамі, група была абстраляна. Рухаючыся наперадзе, 2-гі эскадрон паручыка рэзерва Васілеўскага трапіў пад вінтовачны агонь. Палякі ўступілі ў бой, які хутка скончыўся. У пакаранне за супраціўленне мястэчка было падпалена. Значная колькасць дамоў згарэла. Каля 3 гадзін ночы 20 верасня польскія кавалерысты ўвайшлі ў Скідзель.

Кавалерыйская рэзервная брыгада “Валкавыск”, адступаючы ў накірунку г. Гродна разграміла 19 верасня рэўкам у Астрыне. Населены пункт быў спалены. Многія з жыхароў растрэльваліся на месцы. 20 верасня ў мястэчка Азёры ўвайшоў польскі 110-ы полк уланаў з кавалерыйскай брыгады “Ваўкавыск”. Пасля невялікага бою рэўкам быў разгромлены. Некаторыя з яго членаў растраляны.59

20 верасня

На працягу дня актыўныя баявыя дзеянні праводзілі толькі 23-ці асбны корпус, 4-я армія і Дзяржынская КМГ.

У сярэдзіне дня 20 верасня да р.Ясельда каля Пінска выйшаў матарызаваны атрад 52-й дывізіі 23-га корпуса. Палякі ўзарвалі драўляны мост праз раку. Чыгуначны мост быў замініраваны. Камандзір савецкага атрада палкоўнік Кузьмін паставіў перад горадам ультыматум – калі мост будзе ўзарваны, ён пачне абстрэл горада з артылерыі. З дапамогай мясцовых падпольшчыкаў удалося пераправіцца праз раку і перарэзаць шнуры да выбуховага матэрыялу. Савецкія танкі пачалі ўступаць у горад. Польскія маракі (у Пінску базіравалася ваенная флатылія) паспелі ўзарваць мост праз р.Піна, чым затрымалі наступленне савецкіх войск. Выбухам быў знішчаны савецкі танк. Пачаўся абстрэл савецкіх войск. Агнём танкаў быў падпалены касцёл, на вежы каторага размяшчаўся польскі кулямётчык. Раніцай наступнага дня горад быў захоплены. Страты савецкіх войск склалі 4 чалавека забітымі, 5 параненымі і 2 былі ўзяты ў палон. У горадзе былі захоплены ў палон 205 польскіх салдат. 23 верасня ў Макранах чырвонаармейцы растралялі 150 польскіх афіцэраў, адступіўшых з Пінска.

Падраздзяленні 32-й лтбр з 4-й арміі 20 верасня занялі Кобрын. Цікава, што на працягу 17-19 верасня ў горадзе ішлі баі паміж польскімі салдатамі 30-й пяхотнай дывізіі (рэзервістамі з запасных падраздзяленняў, сама дывізія ў гэты час ваявала пад Модлінам) і наступаючымі нямецкімі войскамі.

Нямецкія афіцэры ў гасцях у савецкіх танкістаў, ваколіцы Брэста, верасень 1939 г

Танкі 29-й лтбр камбрыга С. Крывашэіна занялі раён Пружан. Згодна з загадам камандуючага, яны праводзілі разведку ў накірунку г.Брэст. Каля м.Відомль разведатрад устанавіў кантакт з немцамі (19-ы тк генерала Г. Гудэрыяна). Нямецкія войскі занялі горад яшчэ 15 верасня. Разведка танкавай брыгады вярнулася ў суправаджэнні некалькі дзясяткаў нямецкіх салдат і афіцэраў. Сам камбрыг так успамінаў гэты момант: “Не маючы дакладных указанняў, як сябе паводзіць з немцамі, я папрасіў начальніка штаба выйсці на сувязь з камандармам, а сам з камісарам заняўся ні чым не абавязваючай гутаркай з імі. Гутарка праходзіла ў ленінскай палатцы, дзе на складваючыхся партатыўных стэндах, разам з паказальнікамі баявой падрыхтоўкі і росту прамысловай магутнасці нашай краіны, віселі плакаты з заклікамі да ліквідацыі фашызма. У многіх немцаў былі фотаапараты… Адзін з іх сфатаграфаваў на фоне антыфашыскага плаката нас з камісарам у групе немецкіх афіцэраў… Накарміўшы немцаў наварыстым рускім баршчом і шашлыком па-карскі, мы адправілі іх, даўшы наказ перадаць “гарачае прывітанне” генералу Гудэрыяну”.60 Былыя ворагі станавіліся сябрамі. Камбрыг С. Крывашэін не дагаворвае толькі таго, што “дзіўныя” адносіны з фашыскай Германіяй на тэрыторыі ваюючай Польшы выклікалі неразуменне ў галовах шматлікіх савецкіх афіцэраў і салдат, а таксама мясцовага насельніцтва.
Падраздзяленні 3-й арміі на працягу дня фактычна не дзейнічалі. Часткі 5-й, 10-й і 50-й дывізій падыходзілі да літоўскай мяжы. Танкавыя падраздзяленні (22-я і 25-я лтбр) займаліся рамонтам і абслугоўваннем тэхнікі. Невялікія сутычкі з польскімі атрадамі адбыліся ў 4-й сд і атрада 22-й лтбр.61 Фактычна не дзейнічалі і падраздзяленні 11-й арміі (акрамя групы камбрыга Разанава).

 

Зміцер Люцік

Працяг:

«Беларускі фронт». Ч.4: Баі за Скідзель-Гродна

«Беларускі фронт». Ч.5: Фінальны акорд і высновы


 

Назад44. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 284

Назад45. Ерёменко А.И. В начале войны... – С.20

Назад46. Cygan Wiktor. Kresy we krwi...– S.116

Назад47. Успаміны С.Швед. 1920 г.н. Жыхарка м.Лунна. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.

Назад48. Місарэвіч Я.А. Да новага жыцця // Памяць.Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна. – Мн., 1993. – С. 102.

Назад49. Łaptaszyńska Iwona. Białoruś - "Dni swobody". Па матэрыялах сайта: ;http://www.stankiewicze.com/ludobojstwo/dni_swobody.html

Назад50. Jerzy Robert Nowak. Jedwabne a mordowanie Polaków i inne zbrodnie na Kresach 1939-1941 (II). Па матэрыялах сайта: http://www.geocities.com/jedwabne/jedwabne_a_zbrodnie_na_kresach_2.htm

Назад51. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 284

Назад52. Cygan Wiktor. Kresy we krwi… – S. 139

Назад53. Ibidem.

Назад54. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 275

Назад55. Буцько У. Масты . Па матэрыялах сайта: http://Masty.org

Назад56. Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 138

Назад57. Ibidem – S. 157

Назад58. Місарэвіч Я.А. Да новага жыцця // Памяць.Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна. – Мн., 1993. – С. 102.

Назад59. Wierzbicki Marek. Powstanie skidelskie 1939 r. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. №7. паматэрыялам сайта: http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/07/07art_wierzbicki.htm

Назад60. Освободительный поход 1939 года. Вечерний Брест. В поисках утраченного. Па матэрыялам сайта: http://www.vb.by/sarychev/content/70/main.php

Назад61. Cygan Wiktor. Kresy we krwi… - S. 149

 

Scroll to top