Перад Другой сусветнай вайной у нашым горадзе працавала даволі значная колькасць розных прамысловых прадпрыемстваў, а ў мясцовых вытворцаў можна было купіць амаль усё, што было патрэбна для жыцця. Але прадпрыемстваў, вядомых па-за межамі горада ці міжваеннага Беластоцкага ваяводства было няшмат.

Па ўсёй краіне былі папулярнымі вырабы Гродзенскай тытунёвай фабрыкі і сапраўднай падставай для гонару былі для г'Класічныя' карты рэйнскага ўзору, надрукаваныя ў Гроднеродзенцаў матацыклы фабрыкі Старавольскіх. Аднак у Гродне існавала яшчэ адно вядомае на абшарах міжваеннай Польшчы прадпрыемства, прадукцыю якога тады даслоўна “трымаў у руках” амаль кожны жыхар краіны. Гэта была Першая краёвая фабрыка ігральных карт Аляксандра Лапіна ў Гродне.

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Гродне пачалі узнікаць прадпрыемствы з цікавай назвай – тыпалітаграфія. Гэта былі значна ўдасканаленыя друкарні, галоўнай асаблівасцю якіх была магчымасць друкавання літаграфій. Да канца XVIII стагоддзя амаль адзінай тэхнікай друкавання малюнкаў у кнігах была гравюра на медзі. Аднак тэхналогія іх вытворчасці была вельмі дарагой і апрача працы мастака патрабавала яшчэ ўдзелу разьбяра – майстра, які пераносіў малюнак на медную пласціну. І толькі ў канцы XVIII ст. немец Алаізій Зэнэрфельд прыдумаў тэхніку літаграфавання. Гэта тэхніка палягала на тым, што мастак наносіў малюнак нейкім тлустым матэрыялам на спецыяльны камень, а потым апрацоўваў камень слабой кіслатой. Кіслата не растварала тыя часткі каменя, што апрацоўваліся тлушчам і ў выніку атрымліваўся выпуклы малюнак, які патрэбна было толькі памазаць друкарскім чарнілам і... можна было друкаваць.  

'Класічныя' карты рэйнскага ўзору, надрукаваныя ў ГроднеЧалавека, які распачаў у Гродне справу літаграфавання, звалі Майсей Лейбавіч Мейлаховіч. У 1861 годзе Імператарская акадэмія мастацтваў у Пецярбурзе дала яму званне вольнага мастака па камні за выдатна зроблены медаль: “Майсей, які прымае ад Бога скрыжалі з дзесяцю запаветамі”. Майсей Мейлаховіч лічыўся лепшым рамеснікам Гродна, выразаў пячаткі і рабіў каменныя картушы з гярбамі для князёў з Пецярбурга і Масквы. Ён перадаў свае веды сынам Ёселю і Давіду, якія ў 1868 годзе адкрылі ў Гродне ўласную літаграфію. Друкарні і літаграфіі Мейлаховічаў праіснавалі ў нашым горадзе ажно да 1939 года.

У 1879 годзе першую ўласную тыпалітаграфію заснавалі прадстаўнікі заможнай мяшчанскай сям’і Лапіных. У 1881 годзе яна функцыянавала ў будынку Лапіных на вуглу сучасных вуліц Савецкай і Дамініканскай. Яе ўладальнікам быў Саламон Лапін, а з пачатку XX стагоддзя справы ў тыпалітаграфіі вяла яго ўдава Сора. У 1914 годзе двое сыноў Саламона Лапіна Аляксандр і Абрам выкупілі для свайго прадпрыемства будынак на вуліцы Аляксандраўскай, 46, які папярэдне належаў мешчаніну Івану Сайко. Гэты будынак захаваўся па адрасе Будзёнага, 56 і менавіта з ім звязаны найлепшыя гады тыпаграфіі Лапіных.

Перад Першай сусветнай вайной тыпаграфія друкавала галоўным чынам этыкеткі для гродзенскіх цыгарэт, каляровыя рэкламныя аб’явы, а з пачаткам вайны выдала нават некалькі цікавых прапагандысцкіх плакатаў, якія прадстаўлялі пераможныя бітвы расійскай арміі з немцамі.

Літаграфія Лапіных як 'салдацкі дом', 1916 г

Амаль адразу пасля ўзнікнення Польскай дзяржавы і польска-савецкай вайны браты Аляксандр і Абрам Лапіны рашыліся на пашырэнне сваёй справы ў сферы літаграфічнага выдавецтва і пачалі забіць захады аб атрыманні канцэсіі на друкаванне ігральных карт. Яны атрымалі канцэсію ў пачатку 1922 года, а праз нейкі час, найпазней зімой 1923 года, пачалі вырабляць карты, што дазволіла братам Лапіным перайменаваць сваю літаграфію ў „Першую краёвую фабрыку ігральных карт”.

Ігральныя карты вядомы ў Польшчы напазней як з сярэдзіны XV стагоддзя, а праз пяцьдзясят гадоў у некалькіх гарадах Кароны Польскай ужо друкавалі (і малявалі) свае карты. Першае вядомае прадпрыемства, якое рабіла карты ў Вялікім княстве Літоўскім, узнікла ў Вільні ў 1695 годзе, а ўжо ў 1770-х гадах Антоніем Тызенгаўзам была заснавана картачная мануфактура ў Гродне, якая існавала мінімум на працягу дзесяці гадоў. Што праўда, мы нічога не ведаем пра асартымент гэтай мануфактуры Тызенгаўза, аднак можам сказаць, што браты Лапіны, бяручыся за выданне ігральных карт, падтрымлівалі традыцыі яшчэ XVIII стагоддзя.
Фабрыка размясцілася ў згаданым раней будынку на сучаснай вуліцы Будзёнага, 56. Фабрыка займала сем пакояў і шмат памяшканняў, узведзеных вакол будынка. У міжваенныя гады на фабрыцы правала да пяцідзесяці чалавек пад кіраўніцтвам тыпаграфа з Нямеччыны Макса Леапольда Коля.

'Нямецкія карты' Фабрыка братоў Лапіных у міжваенны час не была адзіным прадпрыемствам у Польшчы па выпуску ігральных карт. Існавала яшчэ як мінімум тры вялікіх фабрыкі: Акцыянернае таварыства Карпаліт у Львове, Кракаўская фабрыка ігральных карт (існавала да 1926 года) і Сілезская фабрыка ігральных карт Леапольда Новака ў Хожаве. Але і попыт на гэты від тавара ў „шалёным” міжваенным дваццацігоддзі з яго салонамі, казіно і бандыцкімі “піўнушкамі” быў непараўнальна большы за сённяшні. Паколькі ігральныя карты былі хоць і хадавым, але досыць спецыфічным, таварам, звязаным з азартам і часта ашуканствам, дзяржаўныя ўлады пільна кантралявалі іх прадукцыю.

Карты павінны былі быць высокай якасці, аднолькавымі, а кожная калода перад запакоўкай правяралася дзяржаўным чыноўнікам і апячатвалася. Фабрыка Лапіных вырабляла шмат розных карт, напрыклад, самымі папулярнымі на нашых землях да канца XVII стагоддзя а цяпер амаль забытымі былі карты нямецкага (ці прускага) тыпу. У калодах нямецкага тыпу адрозніваецца масць карт – жалуды, бубны, сэрцы (напалову чырвоныя, напалову пурпурныя) і лісце (зялёнае лісце), замест сённяшняга падзелу на трэфы, чэрвы, бубны і пікі. Аднак большую частку прадукцыі фабрыкі складалі карты са стандартным, папулярным сёння “французскім” абазначэннем масці (дзве чырвоныя і дзве чорныя). Выкарыстоўвалі карты для ігры ў скат, брыдж, покер, віст. Адрозніваліся карты таксама і дызайнам, залежна ад эпохі і традыцыі, адпаведна якім “апраналі” Караля, Даму, Вальта і аздаблялі карты. На фабрыцы братоў Лапіных друкавалі карты народныя, ракайлевыя, венскія, а таксама найбольш папулярныя ў міжваенных гадах рэйнскія карты.

Восенню 1939 года фабрыка братоў Лапіных была нацыяналізавана а яе гаспадары загінулі ў гродзенскім гета ўжо ў гады нямецкай акупацыі. Пасля 1944 года фабрыку зарыентавалі на выраб прапагандысцкіх матэрыялаў: партрэтаў савецкіх кіраўнікоў і плакатаў, якія праслаўлялі шчаслівае жыццё працоўных ў СССР. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, паколькі ажно да пачатку 1950-х гадоў літаграфія ў Гродне была адзіным у Савецкай Беларусі прадпрыемствам каляровага друку. Пра літаграфію і яе рабочых, гродзенцаў, якія ў большасці пасля выехалі ў Польшчу, цікава ўспамінае вядомы беларускі паэт Валянцін Тарас, бацька якога ў 1944–1947 гадах быў дырэктарам фабрыкі.

Сучасны выгляд будынка фабрыкі Лапіных, 2007 г

У будынку на вуліцы Будзёнага фабрыка працавала да 1993 года. Пазней яе месца заняла гродзенская мытня. Цяпер дом стаіць пусты. Мытня плануе яго рэканструкцыю, аднак няма пэўнасці, што будзе захаваны хоць і панішчаны, але вельмі цікавы адзіны ў Гродне комплекс гаспадарчых забудоў даволі значнага прамысловага прадпрыемства міжваенных часоў, якім засталася ў гісторыі Гродна Першая краёвая фабрыка ігральных карт.

Scroll to top