Крэсовая фабрыка веласіпедаў і матацыклаў “Нёман” – так ганарова гучала назва аднаго з найбольш вядомых прадпрыемстваў нашага горада ў міжваенны час. Гродзенцы добра ўсведамлялі сабе значэнне існавання такога прамысловага прадпрыемства для свайго горада і з вельмі ганарыліся ім.
Да таго ж і дзяржава, стараючыся падтрымаць мясцовага вытворцу, давала магчымасць тым, хто набываў тавары тутэйшай вытворчасці, карыстацца падатковымі льготамі і спецыяльнымі крэдытамі. Можа менавіта таму ў некаторых сем’ях да сённяшняга дня захоўваюцца гарантыйныя лісты і пасведчанні аб набыцці веласіпедаў і матацыклаў маркі “Нёман”. Ужо даўно пайшлі на металалом старыя гродзенскія веласіпеды, даўно ўжо няма на свеце тых, хто іх набываў і імі карыстаўся, а дакументы і па сёння гучнымі рэкламнымі фразамі сведчаць пра “цудоўныя тэхнічныя даныя і якасць вырабаў фабрыкі “Нёман...”
Гісторыя прадпрыемства пачалася ў 1894 годзе, калі браты Лазар і Нохім Старавольскія, а таксама Ісак Піваварскі заснавалі невялічкі завод металічных вырабаў. Можна меркаваць, што завод гэты размяшчаўся дзесьці на Новай вуліцы (цяпер вуліца Маладзёжная), на прыватнай зямлі сям’і Старавольскіх. Тут у сярэдзіне 1920-х гадоў ужо існавала крама Старавольскіх, дзе прадаваліся веласіпеды фірмы “Durkopp” і іншых марак, швейныя машыны “Pfaff”, “Omega” і іншыя. У пачатку 1930-х гадоў Нахім Старавольскі, які ўжо паспеў да таго часу заснаваць акцыянернае таварыства, запланаваў пашырэнне свайго прадпрыемства. Недзе паміж 1930 і 1932 гадамі ён выкупіў будынак па вуліцы Брыгіцкай, 20 (цяпер Карла Маркса). Гэты дом, пабудаваны яшчэ перад 1886 годам, быў маёмасцю сям’і Тропаў, меў досыць высокі фасад (як і большасць дамоў у цэнтры горада), але быў моцна разбудаваны ў глыб вуліцы. Старавольскі грунтоўна рэканструяваў (дакладней, перабудаваў) дом Тропаў пад прамысловае прадпрыемства. Будынак на вуліцы Брыгіцкая, 20 атрымаў выразныя абрысы стылю, папулярнага ў міжваенных гадах – канструктывізма.
Менавіта з гэтым месцам звязаны найлепшыя гады фабрыкі веласіпедаў і матацыклаў. У сярэдзіне 1930-х гадоў фабрыка за год вырабляла каля дзесяці тысяч веласіпедаў. Па сваёй якасці і канструкцыі яны мала адрозніваліся ад найлепшых нямецкіх узораў. Веласіпеды былі пафарбаваны ў чорны колер з чырвоным і зялёным аздабленнем, скураныя сёдлы прывозілі ажно з Латвіі. У 1934 годзе пачалі выпускаць мапеды з рухавікамі нямецкай вытворчасці. Цікава, што мапеды выраблялі ў дамскім і мужчынскім варыянтах, розніца заключалася ў форме рамы.
У 1936 годзе на фабрыцы пачалі выпускаць матацыклы. Гэта было разумнае рашэнне, паколькі ва ўсходніх ваяводствах Польшчы не існавала ніводнай вытворчасці маторных транспартных сродкаў, а попыт на іх быў досыць вялікі. Першыя матацыклы фабрыкі “Нёман” былі так званымі “соткамі”, гэта значыць мелі аб’ём рухавіка каля 100 см3. На матацыклы ставіліся вельмі добрыя англійскія рухавікі маркі Villiers, астатнія запчасткі былі польскай вытворчасці. Максімальная хуткасць “соткі” дасягала 70 км/г, расход паліва – 2,25 літра на 100 км, дапушчальная нагрузка – 150 кг. Гэта значыць, што матацыкл быў фактычна аднамесны, аднак пры ўсталяванні на багажніку дадатковага сядла на ім можна было размясціць пасажыра. Яшчэ адным дадатковым козырам “соткі” было тое, што ўладальнік не павінен быў мець правоў на ўпраўленне гэтым транспартным сродкам, што было ўжо абавязковым у выпадку з матацыкламі з большым аб’ёмам рухавіка. Такі матацыкл каштаваў 900 злотых.
Вытворчасць матацыклаў развівалася даволі хутка. Калі ў 1936 годзе было выраблена 100 матацыклаў, то ў 1938 годзе – ужо 166 штук. Вясною 1939 года пачалася прадукцыя матацыклаў з аб’ёмам рухавіка 125 см3 і нават 150 см3. „Наймацнейшы” матацыкл фабрыкі “Нёман” меў назву 150DV, максімальную хуткасць – 90 км/г, расход паліва – 2,8 л на 100 км, дапушчальную нагрузку – 250 кг. Кошт такога матацыкла дасягаў ужо 975 злотых. Усе машыны былі пафарбаваны ў чорны колер з палоскамі і надпісам “Нёман” на бензабаку. Планавалася зрабіць 250 такіх матацыклаў, хаця меркавалася, што магчымасці фабрыкі дазваляюць выпусціць нават у два разы болей. Матацыклы прадаваліся на Пазнаньскай ярмарцы (Targach Poznańskich), у Кракаве і ў генеральным прадстаўніцтве фабрыкі „Нёман” у Варшаве на вуліцы Сенатарская, 12. На фабрыцы таксама існаваў аптовы склад швейных і друкавальных машынак.
Як піша Юрый Ясюк у сваім артыкуле “Нёман” з Гродна”: “Матацыклы з Гродна былі добра прынятыя не толькі таму, што запаўнялі рынак па большай частцы на ўсходніх абшарах тагачаснай Рэчы Паспалітай. У гродзенскіх матацыклаў была ўдалая канструкцыя, яны былі добра зроблены (несумненна, прыдаўся вопыт, атрыманы дзякуючы ранейшаму выпуску веласіпедаў і мапедаў)”. Няма сумніву, што гэтак жа добра былі зроблены і веласіпеды з Гродна. Транспартныя сродкі з арыгінальным таварным знакам фабрыкі “Нёман” (гродзенскі Новы Замак на беразе Нёмана) можна было сустрэць у кожным кутку краіны ў паштальёнаў, чыноўнікаў, звычайных грамадзян.
Пачатак Другой сусветнай вайны не перарваў існаванне фабрыкі “Нёман”. У савецкі час яна была нацыяналізавана і атрымала назву „гродзенскага велазавода”. Пасля 1939 года матацыклы тут ужо не рабілі, але прадпрыемства і далей заставалася адным з найважнейшых прамысловых асяродкаў горада. Нейкі час гродзенскі велазавод знаходзіўся ў будынках былога казённага віннага склада па вуліцы 17 верасня, там, дзе цяпер знаходзіцца крама “Еўраопт”. Тады на заводзе рабілі досыць папулярныя ў БССР веласіпеды. Цікава, што замест былога фірменнага знака фабрыкі “Нёман” выкарыстоўвалася выява аленя з чырвонай зоркай над ім (савецкая інтэрпрэтацыя аленя святога Губерта). Тут жа рабілі каналізацыйныя люкі, таму ў Гродне сёння яшчэ досыць часта можна пабачыць каналізацыйны люк з дзіўным надпісам: “Гродно Велозавод”. У 1970-х гадах завод перапрафілявалі на вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і перанеслі на вуліцу Карбышава. Пасля пераезду прадпрыемства па-за межы гістарычнага цэнтра горада, будынак былой фабрыкі Старавольскіх належаў розным арганізацыям, якія не асабліва клапаціліся аб добрым стане захавання цікавага будынка.
Незвычайны для цэнтра горада канструктывістычны фасад міжваеннага будынка ўжо колькі гадоў не падабаўся мясцовым архітэктарам. Яны хацелі бачыць тут новы будынак, які быў бы падобны да старэйшых дамоў, якія яго акружаюць, пабудаваных яшчэ ў канцы XIX ст. Не дапамаглі пратэсты гродзенскіх гісторыкаў, якія сцвярджалі, што неабходна абавязкова захаваць будынак адзінай у гісторыі Гродзеншчыны фабрыкі маторных транспартных сродкаў. У канцы 2005 года будынак былой фабрыкі Старавольскіх канчаткова зруйнавалі, а на яго месцы праз год з’явіўся офісны будынак, хоць і сімпатычны, але зусім бязвартасны ў гістарычным плане. Ад старога будынка фабрыкі ацалелі толькі магутныя падзямеллі. Сёння на тэрыторыі Польшчы аматары адшукалі толькі чатыры ацалелыя матацыклы фабрыкі “Нёман”. У Беларусі ў прыватных і музейных калекцыях няма ніводнага матацыкла ці веласіпеда, выпушчаных на фабрыцы “Нёман”, але ў мяне асабіста ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што дзе-небудзь на страсе ці ў пограбе яны яшчэ чакаюць свайго адкрывальніка.
-
Катэгорыя: Гродна 1920-1944
-
Апублікавана 20 Верасень 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической