У студзені 1795 г. у Гародню пад канвоем 30 казакоў з Варшавы прыехаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Каралём ён ужо быў толькі намінальна, бо нават месца ягонага жыхарства асабістым указам вызначыла расійская імператырыца Кацярына ІІ.
Кароль жыў на другім паверсе Новага Замка з агульнай світай каля 200 чалавек. Гэта былі лекар, сакратар і камердынер, а таксама шматлікая служба. Палац сторга ахоўваўся расійскімі жаўнерамі. Дзяжурны афіцэр пастаянна складаў рапарты для начальніка гродзенскага гарнізона князя Цыцыянава. Забаронены былі любыя сходы, каралеўская перапіска кантралявалася. Нават ночу ў суседнім ад каралеўскай апачывльні пакоі знаходзіліся каралеўскія шамбеляны.
Кароль вёў даволі аднастайны лад жыцця. У 6 гадзін падымаўся з ложка, чытаў і пісаў лісты. У 11-12 гадзін прымаў гасцей а пасля ездзіў па ваколіцах, наведваў свае рэзідэнцыі або страляў фазанаў у ваколіцах Сабачай Горкі. У 14 гадзін сядаў абедаць. Пасля наведваў касцёл і каля 22 гадзін ішоў спаць.
25 лістапада 1795 г. кароль быў выкліканы ў былы палац Тызенгаўза, які ўжо стаў палацам Вярхоўнага літоўскага правіцеля, расійскага генерал-губернатара Эстляндскага, Віленскага і Курляндскага Мікалая Рэпніна і атрымаў у рукі ліст, які павінен быў падпісаць.
Мы, Станіслаў Аўгуст, з Божай ласкі Кароль Польскі, Вялікі Князь Літоўскі і ect. ect. ect.
Не шукаючы цягам каралявання нашага іншых выгод альбо намераў, апрача як стаць карысным у Нашай Айчыне, трымаемся мы таго пераканання, што належыць нам пакінуць трон у тых абставінах, калі мы разумеем, што сыход наш павялічыць шчасце суайчыннікаў нашых або хацяб паменшыць няшчасці іхнія.
Перакананыя цяпер, што ўпартасць нашая Айчыне нашай не прыдасца, калі нешчасліва пачатая ў ёй інсурэкцыя (паўстанне) заглыбіла яе ў цяперашні стан знішчэння, і разважыўшы, што прадпрынятыя Найяснейшай Імператрыцай Усіх Русяў і іншых суседніх дзяржаў для вяртання супакою Нашым падданым былі зусім неабходнымі, мы вырашылі, што свабодна і па ўласнай волі адракаемся ад усіх сваіх правоў на Карону Польскую, Вялікае Княства Літоўскае і іншыя краі. Акт гэты абдыкацыі (адрачэння) ад кароны добраахвотна аддаем у рукі Найяснейшай Імператрыцы Усіх Русяў. Сыходзячы з трону выконваем апошні абавязак каралеўскага гонару, заклінаючы найяснейшую Імператрыцу, каб сваю матчыну дабрыню распаўсюдзіла на тых, каго каралём мы былі і каб дзеяннем сваёй вялікай душы надзяліла сваіх сяброў. Гэты акт падпісалі і загадалі нашую пячатку прыкласці.
Было гэта ў Гродне 25 лістапада, на 32 годзе панавання Нашага.
Станіслаў Аўгуст, кароль.
Гэта быў акт каралеўскай абдыкацыі (адрачэння ад кароны), падпісанне якога павінна было стаць апошнім актам у двухсотгадовай гісторыі Рэчы Паспалітай.Аўтарам яго быў усё той жа Мікалай Рапнін, які адкрыта шантажаваў караля ягонымі асабістымі даўгамі і нават сказаў яму, што ні асабісты лёс караля ні лёс яго сям'і, не будуць забяспечаны і даўгі не будуць заплочаны, пакуль кароль на адрачэцца ад прастола. Станіслаў Аўгуст падпісаў адрачэнне ў дзень, калі споўнілася роўна 31 год з яго каранацыі і акурат былі чарговыя імяніны Кацярыны ІІ. У студзені 1797 г. Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі канвенцыю аб уплаце даўгоў былога караля (40, 40 і 20% адпаведна) і пасмяротнай выплаце каралю штогадовай пенсіі ў аб'ёме 200 тысяч дукатаў.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 21 Лістапад 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической