Пераклад кнігі пра вандроўкі па Вялікім Княстве ў 1778 годзе Вільяма Кокса. У першай частцы гэтай кнігі – апісаньне Горадні ў жніўні 1778 году – аповед чалавека, які сустракаўся з апошнім каралём Рэчы Паспалітай, асабіста размаўляў з Тызэнгаўзам і Жылібэрам у Горадні і ўвогуле шмат цікавага піша пра Вялікае княства.
Пераклад зроблены камандай блогераў http://pozirk.org. Частка кнігі “Візыт у Гродна” узяты адсюль. Арыгінальнае выданьне, зь якога зроблены пераклад: "Travels into Poland, Russia, Sweden and Denmark", 1792 год, Лёндан, даступнае ў адсканаваным выглядзе ў фармаце PDF на books.google.com.
Уступ – ад перакладчыкаў
Мы ніколі не даведаемся, хто хадзіў на прыём да гарадзенскага доктара Заменгофа, чакаў у прыемным пакоі за фіранкай, пакуль гэты сьмешны чалавек у акулярах марнаваў працоўныя гадзіны на формы дзеясловаў, прыдумляючы мову эсперанта ў кабінэце ля кляштара езуітаў, за рогам крывой вулачкі, што ішла ад Рынку да Гарадніцы.
Мы ніколі ня пачуем, як званы гарадзенскай Фары Вітаўта клічуць людзей з старога места, з падолу, нават з занёманскай далёкай часткі – з нашай Палестыны – на божую імшу, не сустрэнем майстроў з вуліцы Гарбарскай, не пабачым шыльды на нашай мове "Саматужная майстэрня Міколы М..", бо нічога гэтага не існуе, і нават мапы і малюнкі мала што раскажуць.
Мае аднаклясьнікі бухаюць гарэлку Советскій Союз на той частцы наберажнай, якую калісьці называлі Stabula Regiae.
Мы ніколі не пройдзем па алеі экзатычных амэрыканскіх кветак, засаджанай адданым навукоўцам і настаўнікам Жылібэрам (зараз там гарыць Вечны агонь і клеяць дзевак малыя гопнікі) – амаль увесь батанічны сад вывезьлі ў Вільню пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Але я адкрываю старонку старой кнігі – і англічанін зь сьмешным прозьвішчам Кокс распавядае пра сустрэчу з каралём Станіславам Аўгустам, які з болем пераказаў яму гісторыю расейскіх інтрыг падчас першага падзелу Польска-Літоўскай дзяржавы. Да другога падзелу яшчэ колькі гадоў, і Кокс пасьпее сустрэць усіх, хто імкнуўся зрабіць Гродна разьвітым і культурным горадам: брытанца запрашае на вячэру славуты батанік Жылібэр, а гарадзенскі адміністратар Тызэнгаўз таксама прыме яго пасьля мясовага сойміка ў сябе і запросіць на баль. Кокс акуратна ўсё занатуе і потым не без іроніі перакажа нам: і як пыхлівыя шляхціцы танчылі ў палацах і хваліліся шаблямі, і як прыгонныя рабочыя мануфактураў рабілі стрэльбы, сушылі воўну і рабілі упрыгожаньні зь ядвабу ў пераробленых стайнях-мануфактурах. Прыгонная праца надзвычай малаэфектыўная, адзначыць ён, але мясцовыя паны баяцца даваць рабочым волю, бо баяцца, каб кваліфікаваныя майстры не паўцякалі ад іх.
Мне ня так горка нават, што яшчэ адну з гэтых каралеўскіх стаень-мануфактур месяц таму зруйнавалі. Мне здаецца, калі я перагарну яшчэ старонку, Кокс пройдзе за наступны паварот па той вулачцы і я яго вачыма ўбачу рог яшчэ аднаго дома, які ўжо два гады як зьнік у пыле і кроквы якога вывезьлі на ЗІЛе як паламаны шкілет рабочыя СБУ-2. Магчыма, англічанін нават зойдзе ў славутую карчму Галеча, магчыма – ня спыніцца і пашыбуе да палацу губэрнатара, або заглядзіцца на танцы надвячоркам каля якога шынка, дастане нататнік і аўтарытэтна напіша "танцы тут простыя, але ім не бракуе грацыі, і настрой у іх выключна прыемны", а побач з нататкай намалюе шляхціца.
...і паставіць дакладную дату: 13 жніўня 1792 года. 215 год таму.
Пераклад главы пра візыт Кокса ў Горадню (першы пераклад на беларускую мову, наколькі мне вядома) чытайце ніжэй.
Паштоўка з выявай губэрнатарскага дому. |
13 жніўня.
Мы рана выехалі з Беластока і пасля перасячэння дастаткова вялікага леса заехалі ў менш лясістую краіну, поўную збожжавымі і пашамі; мястэчкі і вескі былі доўгімі і раскіданымі; усе пабудовы і нават царквы зроблены з дрэва; цэлыя натоўпы жабракоў акружылі наш экіпаж, а габрэі з’явіліся ў вельмі вялікай колькасці. У чатыры гадзіны дня мы праехалі недагледжаныя прыгарады, населеныя аднымі габрэямі, і пераехалі цераз Нёман – шырокую, чыстую і мелкую раку, пасля падняліся на высокі бераг і апынуліся ў Горадні, пабудаванай на ўзвышшы, якое ўздымаецца над ракой. Хаця Вільня з’яўляецца афіцыйнай сталіцай, усе ж такі Горадня ўважаецца за галоўны горад у Літве. Раней Літвой кіравалі яе ўласныя суверэны — вялікія князі. З таго супрацьстаяння, якое звычайна існуе паміж сумежнымі дзяржавамі, дзьве нацыі былі ўцягнуты ў серыю бясконцых войнаў да 1386 года, калі Вялікі Князь Ягайла ажаніўся зь Ядвігай і перайшоў у хрысціянскую рэлігіяю, узышоў на польскі трон і пачаў кіраваць адразу абедзьвюма краінамі.
Горадня – гэта вялікае і раскіданае па мясцовасці места, хаця ў ім жыве не больш за 3 тысячы хрысціян, не лічачы людзей, заангажаваных ў працы на мануфактурах, і тысяча габрэяў. Па ўсім відаць, што горад знаходзіцца ў заняпадзе, бо складаецца з неверагоднай сумесі няшчасных хацінаў, напаўразбураных будынкаў і руінаў палацаў з пышнымі брамамі – усе, што засталося ад былой раскошы. Нешматлікія будынкі ў добрым стане робяць кантраст яшчэ больш заўважным. Стары палац, у якім каралі пражывалі падчас знаходжання ў горадзе, стаіць на пясчаным узвышшы, якое рэзка ўздымаецца на беразе ракі: на тым месцы ўсе яшчэ існуюць рэшткі старадаўніх муроў. Насупраць гэтага ўзвышша стаіць новы палац, пабудаваны Аўгустам III, але ніколі не населеным. У ім знаходзяцца залі, дзе праводзяцца дзяржаўныя соймы – дакладней, будуць правадзіцца, калі яны яшчэ калі-небудзь адбудуцца ў Горадні. Згодна са спецыяльнай дамовай, Люблін, Пажуў (Parzow) ці Горадня, ці любы іншы вялікі горад, мусіў стаць месцам правядзеньня соймаў польскіх і літоўскіх прадстаўнікоў; але ў артыкулах Уніі было пазначана, што Варшава павінна стаць тым мейсцам, дзе збіраюцца прадстаўнікі двух народаў на сойм. У 1673 годзе было дазволена, каб кожны трэці сойм праводзіўся ў Горадні, і згодна з гэтым законам, першы нацыянальны сход был праведзены тут у 1678 годзе Янам Сабескім. Але калі прыйшла чарга ізноў праводзіць сойм у Горадні, манарх прызначыў яго у Варшаве: жыхары літоўскага княства жорстка выступалі супраць такога парушэння іх правоў, і іх прадстаўнікі, замест таго, каб збірацца ў Варшаве, дзе знаходзіўся кароль і сенат і папскі нунцый, прыехалі на сустрэчу ў Горадні і заснавалі свой уласны сойм. З мэтай прадухіліць грамадзянскую вайну, якую магло справакаваць такое падзяленне, пачаліся перамовы і хутка было пастаноўлена, што сойм 1673 года збярэцца ў Варшаве, але будзе названы Гарадзенскім соймам, і што маршалак сойма будзе літоўскім нунцыям. З тых часоў соймы час ад часу збіраліся ў Горадні да пачатку кіравання цяперашняга караля, калі соймы сталі зьбірацца выключна ў Варшаве. Гэтая іннавацыя была моўчкі падтрымана жыхарамі Літвы, часткова з-за таго, што горад знаходзіўся далека ад каралеўскага мейсца жыхарства, часткова – з улікам праблемаў, што патрэслі краіну. Горадня зараз – памежны горад па выніках расійскага падзелу Польшы. У кастрычніку 1784 года сойм ізноў сабраўся ў Горадні.
У нас быў рэкамендацыйны ліст да Містэра Жылібэра, вельмі таленавітага французскага натураліста, які займае пасаду кіраўніка коледжа і батанічнага саду. Кароль Польшчы заснаваў Каралеўскую Акадэмію Фізыкі Літвы, у якой 10 студэнтаў навучаюцца фізыцы, і 20 — хірургі. Усе яны забясьпечаныя жытлом і стыпендыямі на навучаньне за каралеўкі кошт. Батанічны сад, якога яшчэ не было ў 1776, у 1778, калі я зноў праязджаў праз горад, рабіў надзвычай добрае ўражаньне дзякуючы ўвазе і нагляду містэра Жылібэра. 1,500 экзатычных расьлінаў, асабліва некалькі далікатных Амэрыканскіх расьлінаў, якія растуць у адкрытым грунце, буяюць надзвычай добра ў гэтым клімаце. Містэр Жылібэр сказаў мне, што ён паведаміў мне, што ён знайшоў 200 відаў расьлінаў у Літве, якія лічыліся існуючымі толькі ў Сібіры, Татарыі і Швэцыі, і што ў цэлым Княстве ён знайшоў 980 відаў, акрамя тых, якія распаўсюджаныя ў іншых краінах Эўропы. Ён нядаўна засанаваў малую калекцыю, якая збольшага складаецца з экспанатаў зь Літвы і якую ён выкарыстоўвае для даследваньня натуральнай гісторыі княства: ён прапануе пачаць публікацыі на гэтую тэму з тома Flora Lithuanica, пасьля чаго будуць выдадзеныя апісаньні мінэралёгіі, насекомых, чацвераногіх, і птушак. Улічваючы дзіцячы ўзрост навуковай думкі пра натуральную гісторыю ў гэтай краіне, гэты плян патрабуе доўгатэрміновай працы і шмат настойлівасьці. Жывёлы, якія бродзяць па бязмежных пушчах Літвы – гэта найперш мядзведзь, воўк, лось, дзікі вол, рысь, бобр, расамаха і дзікі кот.
У Горадні я меў магчымасць назіраць за самкай дзікага вала, магчыма, той самай чатырохногай жывелы, апісанай Арыстоцелем і названай ім Bonafus, потым вядомага як Urus у каментарыях Цэзара, і пазней названага бізонам некаторымі натуралістамі.
Палас (Pallas) паведамляе нам, што гэты від дзікага вала, які быў раней вельмі распаўсюджаны ў Эўропе, цяпер нідзе не захаваўся на кантыненце, акрамя лясоў Літвы, некаторых частак Карпацкіх гор, і магчыма Каўказу. Ён таксама пагаджаецца з Бусонам (Busson) у тым, што бізон або дзікі вол Амэрыкі – гэта толькі падвід тых жа жывёл, які змяніўся з-за клімату.
Містэр Жылібэр паведаміў мне пра вялікую колькасць жоўтага бурштыну, які часта знаходзяць у літоўскіх лясах і што магчыма прадуцэнтам яго з’яўляецца маленькая смалістая хвоя.
|
Наступнай раніцай мы наведалі мануфактуры, заснаваныя каралем ў 1776 годзе. Яны працавалі ў драўляных навесах, пабудаваных Аўгустам III для стайняў, якія былі пераробленыя ў часовыя працоўныя памяшканні і жылыя дамы для рабочых. Чакался, што хутка цэлая ўстанова будзе перанесена ў Ласосна, веску побач з Горадней, дзе амаль скончаная будоўля выгодных пабудоваў, усталяваныя на грошы караля. Асноўная вытворчасць –палатно, тканіна кшталту «камлот», бавоўна, карункі, шаўковыя панчохі, капялюшы, карункі, агнявая зброя, карты, іголкі, воск, экіпажы і г.д. Навакольныя сёлы пастаўляюць вялікую колькасць поўсці, лену, пенькі, бабровага футра і воску для таго, каб забяспечыць прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць гэтыя спажыўчыя прадметы; але шаўковая ніць, фарбы, жалеза, золата і срэбра для габеленаў, і тонкая ніць з Брусэля для карункаў, імпартуюцца. Гэтыя прадпрыемствы наймаюць да 3000 чалавек, уключаючы тых, што жывуць у суседніх весках – яны ткуць палатно. Семдзесят іншаземцаў кіруюць рознымі накірункамі вытворчасці; астатнія – мясцовыя ўраджэнцы, якія належаць да ўладанняў караля. Вучні – дзеці польскіх сялян, якія добра апранутыя і харчуюцца там, да таго ж атрымліваюць маленкае грашовае забеспячэнне. Начальнікі скардзяцца, што нягледзячы на тое, што вучні лепш харчуюцца і жывуць чым іншыя сяляне, яны ня здольныя нейкім чынам інтэнсіфікаваць вучэбны працэс і падвысіць прадукцыйнасць працы нічым акрамя сілы. І не варта гэтаму дзівіцца, бо яны ўсе яшчэ знаходзяцца ў стане прыгона, залежнасці, і баяцца, што могуць быць пазбаўленыя ўласнага заробка; бо часта здараецца, што тыя невялікія грошы, атрыманыя з іх працы, забіраюць у іх каб заплаціць за арэнду, бо гэтыя грошы вінныя іх бацькі. Адзін з гэтых вучняў, больш праніклівы чым астатнія, паведаміў начальніку, які спрабаваў стымуляваць яе энтузіязм: “Якую выгоду я атрымаю, калі зраблю ўсе, як вы жадаеце? Нават калі я стану майстрам ў гэтай прафэсіі, то застануся рабом, і праца будзе маёй, але прыбытак – панскім”. Большасць з іх знаходзіцца ў стане сталай меланхоліі, і яны відавочна працуюць пад прымусам, а не добраахвотна. Як сродак да пазбаўлення ад гэтага зла была прапанова, каб пасля акрэсленага перыяду даваць свабоду тым, хто асабліва вылучаецца і заслугоўвае гэтага значнымі высілкамі. Але гэта гуманная прапанова была адхілена, таму што палічылі, што свабодныя людзі больш не будуць працаваць і мануфактуры пазбавяцца сваіх лепшых рук. Хаця такая нязручнасць магла мець мейсца, але ж падтрымка такога рэгулявання, магла б стварыць значна большую колькасць здольных рамесьнікаў, чым колькасьць тых, хто насамрэч атрымае свабоду. Гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца яшчэ ў стадыі фармаваньня, але яны даюць дадатковыя прычыны паважаць іх каралеўскага заснавальніка, асабліва дзеля таго, што ён надзяляе ім ўвагу нягледзячы на грамадзкія турбуленцыя, якія трэслі яго трон апошні час.
У першы вечар нашага знаходжання ў Горадні польскі дваранін, якому мы былі прадстаўлены містэрам Жылібэрам, запрасіў нас на вячэру з вялікай адкрытасцю і сардэчнасцю. Пасля гадзіны размовы ен прадаставіў нас сваей жонцы і сыйшоў; пры гэтым ен не з’яўляўся больш цэлы вечар. Гэтая няўвага, якая кантраставала з ранейшай ветлівасцю запрашэння спачатку выклікала ў нас здзіўленне; але апасля мы даведаліся, што добрыя манеры кіравалі ім у абодвух выпадках. Запрасіўшы перад намі некалькіх польскіх спадароў, якія не размаўлялі на французскай мове і свабодна пілі, і ён справядліва падумаў, што мы са значна большай прыемнасцю зможам правесці гэты вечар у кампаніі ледзі. У выніку атрымалася вельмі прыемная вечарына за вячэрай; бо палякі вельмі жыццялюбівыя людзі, і жанчыны іх вельмі гжэчныя і выхаваныя.
Мы абедалі на наступны дзень з віцэ-канцлерам Літвы графам Тызенгаўзам; гэта была імпрэза, прымеркаваная да будучага сойміку, які меў адбыцца ў Горадні з мэтай выбраць прадстаўнікоў на будучы вялікі сойм. За сталом было восемдзесят дваран, усе, за рэдкім выключэннем, у нацыянальных строях, голавы былі паголеныя згодна польскай модзе. Перад абедам яны віталіся з віцэ-канцлерам з вялікай павагай, некаторыя цалавалі ніз яго вопраткі, іншыя нахіляліся і цалавалі яго ногі. Увечары быў баль. Кампанія забаўляла сабе польскімі і англійскімі танцамі. Польскія танцы простыя, але ім не бракуе грацыі, і настрой у іх выключна прыемны: кампанія стаіць у парах, першы кавалер вядзе сваю партнэрку ўздоўж пакоя вельмі падобным да менуэта спосабам. Пасля ен адпускае руку жанчыны, робіць маленькае кола і зноў паўтарае тыя ж самыя рухі да сканчэння. Другая пара пачынае, як толькі першая зробіць пару крокаў, і хутка ідзе за ей такім чынам, каб усе пары нібыта плылі адна за адной адначасова. Палякі вельмі любяць гэты танец, хаця ў ім амаль няма разнастайнасці – яны працягваюць рабіць гэта напрацягу паўгадзіны і часта ўзнаўлялі яго падчас вечара. Інтэрвалы былі запоўнены англійскімі народнымі танцамі, якія яны выконвалі так жа майстарскі і з такім жа захапленнем. Элегантная вячэра, на якую былі запрошаны толькі выбраныя асобы, стала прыемным завяршэннем дня. Граф ветліва пераконваў нас, каб мы правялі яшчэ час у Горадні і запрасіў нас ў свой дом, але паколькі мы імкнуліся як мага хутчэй трапіць у Пітэрбург да пачатку зімы, мы адмовіліся ад яго запрашэння, якое ў любым іншым выпадку прынялі б з задавальненнем. Некаторыя прадстаўнікі гарадзенскай кампаніі аднак жа спрабавалі затрымаць нас, прымусіўшы працаўніка, які рэмантаваў наш экіпаж, працаваць як мага павольней. І хаця мы заўважылі гэтыя захады, мы тым ня менш зрабілі выгляд, што нічога не было. Але каб не прычыняць нікому нязручнасцяў, мы вырашылі з’ехаць уначы, не інфармуючы нікога. Мы накіроўваліся ў Вільню, але паколькі гэта быў час выбрання прадстаўнікоў на сойм, паштальён паведаміў нам, што з-за адсутнасці коняў мы будзем некаторы час чакаць у нейкай няшчаснай вёсцы, таму мы з вялікім расчараваннем былі вымушаны змяніць наш маршрут, хаця ўсе вельмі хацелі патрапіць у сталіцу Літвы.
http://www.pozirk.org/?p=881
-
Катэгорыя: Бібліятэка
-
Апублікавана 06 Верасень 2007
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической