Кароткая даведка аб будынках палаца віцэ-адміністратара па вуліцы Горкага 2. Даведка складзена гісторыкам Юрам Гардзеевым.

 Згаданы ўчастак Гарадніцы, які ў сярэднявеччы прымыкаў да Віленскага тракта, быў забудаваны царквой Св. Мікалая. Апошняя займала невысокі ўзгорак за старадаўняй Віленскай брамай. Царква ўпершыню згадваецца ў 1560 г. у сувязі з наданнем ёй дзвюх валок зямлі ў вёсцы Альшанцы. Каралеўскія камісары ў 1680 г. адзначылі, што на юрыдыцы мітрапаліта стаіць „царква мураваная пустая”. Мяркуючы па звестках уніяцкага архімандрыта Ігнація Кульчынскага, у 1736 г. на месцы царквы застаўся толькі крыж ды могілкі.

У 1766 г. падскарбі надворны Антоні Тызенгаўз далучыў царкоўныя пляцы да зямельнага фонду Гарадзенскай каралеўскай эканоміі. Паводле плана Гарадніцы, складзенага каля 1780 г., на гэтым месцы (№ 8) планавалася ўзвесці палац віцэ-адміністратара (функцыю палаца адміністратара выковаў палац Тызенгаўза). Аднак да ўзвядзення згаданага комплекса (цяпер вул. Горкага 2, 2а, 2/2) дайшло толькі ў 1793 г. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пабудаваў палац, а пазней падараваў яго надворнаму літоўскаму падскарбію Антонію Дзяконскаму. Згодна з планам, складзеным, як можна меркаваць, паміж 1793 і 1795 гг., палац быў займаны “квартирой полномочного посла россійского”. На плане Гародні 1795 г. нумарам 9 быў пазначаны дом “падскарбия Дзяконскага”.На плане горада 1798 г. будынак з 2 флігелямі быў акрэслены “домом Дзяконскага”.

Побач з палацам былі пастаўлены дзве афіцыны, пазначаныя на ўсіх узгаданых планах. Наступным уладальнікам сядзібы з’яўляўся Міхал Валіцкі.

У 1919 г. кансерватар беластоцкай акругі Юзаф Ядкоўскі падрыхтоўваў спіс аб’ектаў, якія прапанавалася ахоўваць дзяржавай. У ім фігураваў “палац праваслаўнага біскупа (б. Валіцкага)”.


Забудова палаца адміністратара на малюнку Напалеона Орды

Забудова палаца адміністратара на малюнку Напалеона Орды

Забудова палаца адміністратара. План Гародні 1798 г.

Забудова палаца адміністратара. План Гародні 1798 г.

Забудова палаца адміністратара. План Гародні 1793-1795 гг.

Забудова палаца адміністратара. План Гародні 1793-1795 гг.

Забудова цэнтральнай плошчы Гарадніцы (каля 1780 г.)

Забудова цэнтральнай плошчы Гарадніцы (каля 1780 г.)

Палац Дзяконскага. План Гародні 1795 г.

Палац Дзяконскага. План Гародні 1795 г.


Крыніцы

Писцовая книга Гродненской экономии, т. II, с. 238.
НГАБ у Гродне, Ф. 1475 воп. 1 спр. 3 арк. 37, 85адв,105.
Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў, Ф. 846 воп. 16 спр. 21528 ч. 6 арк. 4; 21873, 21874.
В. Калнин, Городница - городской ансамбль XVIII в., “Стрoительство и архитектура Белоруссии”, 1988, № 4, с. 34-36.
Дзяржаўны архіў у Беластоку, UWB 151 s. 36

Даведка складзена гісторыкам Юрам Гардзеевым

 

Scroll to top