Пяць гродзенскіх гісторыкаў звярнуліся да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай выратаваць палац у Свяцку.
Міністру культуры Рэспублікі Беларусь Латушку П.П.
Паважаны Павал Паўлавіч.
Звяртаемся да вас з гарачай просьбай прыняць асабісты ўдзел у выратаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці ІІ катэгорыі, палаца ў Свяцку XVIII ст. (Гродзенскі раён). Палацава-паркавы комплекс у Свяцку, пабудаваны для магнатаў Валовічаў італьянскім архітэктарам Дж. Сака, з’яўляецца ўнікальным помнікам свецкай архітэктуры барока ў маштабах усёй нашай краіны. Гэта бадай што адзіны твор Дж. Сака, які дайшоў да нас фактычна ў нязменным выглядзе. Большасць узведзеных ім будынкаў або загінулі, або былі вельмі моцна перабудаваны (Гродзенскі Новы Замак, будынкі Гарадніцы ў Гродне і інш). Унутры палаца захаваліся ўнікальныя інтэр’еры, аналагічных якім у Беларусі не існуе.
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у будынках палаца размяшчаўся туберкулёзны санаторый. Яго кіраўніцтва падтрымлівала палац у здавальняючым стане, праводзячы ўсе неабходныя цякучыя рамонты. Тры гады таму туберкулёзны санаторый выселіўся з палаца, а яго будынкі былі перададзены на баланс упраўлення адукацыі Гродзенскага раёна. За мінулы час у палаца амаль поўнасцю разбурылася зліўная сістэма. Усё гэта прывяло да надзвычай імклівага разбурэння сцен палаца. Звонку па іх сцякае вада, а знутры сцены пакрыліся тоўстым слоем плесені і моху. Існуе пагроза для захаванасці інтэр’ераў.
Падобнае стаўленне да каштоўнейшага помніка архітэктуры можна патлумачыць элементарнай халатнасцю і безадказнасцю. Тое, што ўчора можна было аднавіць за некалькі мільёнаў беларускіх рублёў (аднаўленне зліўной сістэмы), сёння абыдзецца дзяржаве ў сотні тысяч даляраў (прасушка і рэстаўрацыя часткова разбураных сцен).
Аб паступовым разбурэнні палаца ведаюць спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны г. Гродна і вобласці, аднак ніякіх рэзультатыўных захадаў па прымушэнні адказнай арганізацыі да элементарнага догляду за палацавым комплексам не прымаюць.
Неабходна тэрмінова прыняць меры па аднаўленні зліўной сістэмы палаца ў Свяцку і правесці хоць бы элементарную кансервацыю разбураных сцен. У сучасным яго становішчы кожны моцны дождж абарочваецца для будынкаў комплекса сапраўднай катастрофай, а хуткія восеньскія і зімовыя дажджы зробяць будучую рэстаўрацыю палаца яшчэ на парадак даражэйшай.
Вельмі просім вас узяць справу пад свой асабісты кантроль, паколькі лічым, што палац у Свяцку – гэта цэнтральны аб’ект у будучай турыстычнай інфраструктуры у ваколіцах мястэчка Сапоцкін і зоне Аўгустоўскага канала. Цяперашні яго стан не робіць гонару для нашай краіны, паколькі ўсе турыстычныя групы (у тым ліку і замежныя), якія наведваюць Аўгустоўскі канал, на свае вочы бачаць разбурэнне палаца, якое ідзе ўсё больш хуткімі тэмпамі.
Андрэй Вашкевіч, гісторык, краязнаўца
Андрэй Чарнякевіч, кандыдат гістарычных навук, краязнаўца
Юры Гардзееў, доктар гісторыі
Ігар Лапеха, краязнаўца, прафесійны экскурсавод
Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук
-
Катэгорыя: Грамадская актыўнасць
-
Апублікавана 05 Кастрычнік 2009
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической