11 верасня ў Новым замку адбыўся круглы стол, прысвечаны дням еўрапейскай спадчыны, якія праводзіліся 12-13 верасня. Паседжанне адбывалася пад назвай “Захаваная спадчына”, падчас якога ў нас атрымалася паразмаўляць са спецыялістам па Гродзенскай вобласці па музеям і гісторыка-культурным каштоўнасцям Клімовіч Аленай Віктараўнай.
У паседжанні прымалі ўдзел прадстаўнікі па ахове гісторыка-архітэктурнай спадчыны з Зельвенскага, Гродзенскага, Навагрудскага, Смаргонскага раёнаў. На круглы стол былі запрошаны нешматлікія журналісты.
Фактычна выступленні прадстаўнікоў раёнаў нагадвалі чытанне школьных рэфератаў, таму пераказваць іх сэнсу небагата. Адзінае цікавае выступленне прадстаўніка з Навагрудскага раёна. Нешматлікія журналісты, што прысутнічалі на імпрэзе, задавалі чыноўнікам досыць надзённыя пытанні, на якія за ўсіх з большасці адказвала А.В.Клімовіч. Па заканчэнні выступлення прадстаўніка Нарагрудскага раёну, калі, як здавалася, круглы стол падыйшоў да кульмінацыі, і вось ужо павінна было пачацца абмеркаванне ўласна гарадзенскіх праблем, як мерапрыемства абвесцілі паспяхова прайшоўшым. Госці пачалі збірацца, але ў нас засталося нейкае дзіўнае пачуццё…
Не будзем надакучваць пераказам усяго зместу круглага стала. Нам удалося задаць А.В.Клімовіч цэлых тры пытанні. Сорамна хваліць саміх сябе, але яны аказаліся найбольш вострымі за ўсе дзве гадзіны:
У дачыненні пластыка ў гістарычным цэнтры: пластыкавыя дзверы, вокны… У Горадні вядома вялікая колькасць архітэктурных помнікаў, што знаходзяцца пад аховай, але на сённяшні дзень з’яўляюцца нейкімі адміністрацыйнымі ўстановамі, банкамі і г.д. У іх сёння стаяць пластыкавыя дзверы і вокны. Зразумела, што гэта псуе знешняе аблічча помнікаў. Чаму ж так здараецца, ці прадугледжана нейкае пакаранне за такія дзеянні?
А.В.Клімовіч: Так, асабліва гэта актуальна для Гродна. У маі-чэрвені мы правялі інспектарскую праверку не ўсіх гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але 143 аб’екты наведалі. Яе праводзілі я (А.А, Клімовіч), Мацко і супрацоўнік абласной пракуратуры. Мы склалі акты, зафіксавалі стан кожнага аб’екта і накіравалі іх у Гарвыканкам з прадпісаннямі аб тым, што неабходна больш уважліва адносіцца да замены сталяркі , перад усім у аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, унесенай у дзяржаўны спіс. І тут могуць стаяць і пластыкавыя вокны, пластыкавыя дзверы, але яны павінны быць выкананы на аснове даследванняў па форме запаўнення аконных праёмаў, па каляровым рашэнні. Ёсць сёння на Савецкай вуліцы адмоўныя прыклады, але ёсць і станоўчыя. Калі паглядзіце на адміністрацыю Ленінскага раёна, то ўбачыца пластыкавыя вокны, што адпавядаюць узорам тых, што стаялі там раней. І вось, карыстаючыся ўсімі гэтымі параўнаннямі, я магу сказаць, што толькі ў суботу прыехала з Польшчы, мела магчымасць хадзіць па Кракаву. І я звяртала ўвагу з якіх матэрыялаў там стаяць вокны, і ці выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы. Там таксама ёсць розныя прыклады, і ёсць вось вельмі пахожыя на нашы. Калі прымаецца рашэнне аб устаноўцы гэтых пластыкавых вокнаў у канкрэтным доме, гэта павінна быць адно рашэнне для ўсяго дому. А не тое, каб уласнік кожнай кватэры ставіў тое, што яму падабаецца. Вось на што зараз мы арыентуем Гарвыканкам. Вось з банкамі прасцей. Банкі заўсёды заказваюць праекты, узгадняюць іх, і там заўсёды аднолькавыя вокны, падобныя да такіх, як у гістарычных дакументах. Складаней з прыватнымі кватэрамі.
Ці можна прапанаваць больш шырокі фармат такіх сустрэч, як гэта? Правесці хаця б адзін вялікі форум з запрашэннем усіх зацікаўленых бакоў: гісторыкаў, архітэктараў, актывістаў, прадстаўнікоў адміністрацыі, будаўнікоў, прадстаўнікоў бізнэса і г.д. Такі форум мог бы цягнуцца і два дні, бо Вы ж ведаеце, як шмат праблем, з прыняццём выніковай пастановы, хаця б дэкларатыўнага характару…
Ну, так з наскоку вам сказаць: “Так, хутка абавязкова збяромся!” – я не магу, бо мы будзем збірацца, давайце будзем прыцягваць. Але ўсіх зацікаўленых мы нават пры вялікім жаданні не можам запрасіць, таму што кола іх было б вельмі шырокае. Але прадстаўнікоў розных накірункаў, розных арганізацыяў, што займаюцца, звязаныя і залежаць ад аховы спадчыны, мы пазавем. І са свайго боку, я ўжо абяцаю, што калі будзем збірацца ў другі раз, то давайце запросім больш шырокае кола людзей. Калі будуць пажаданні якіх канкрэтна людзей вы б хацелі бачыць на круглым стале, то калі ласка, звяртайцеся да мяне, бо, мяркую, гэта я буду арганізатарам. І са свайго боку я таксама хачу звярнуцца да сродкаў массавай інфармацыі аб тым, што крытыка канструктыўная – яна заўсёды патрэбная, бо яна аб’ектыўна ўздзейнічае на ахову аб’екта, на які накіраваная, калі разумная. І гэта вельмі важна. Вельмі часта – не толькі ў красавіку і ў верасні – у прэсе мы чытаем артыкулы пра спадчыну, але яны заўсёды носяць, як мне здаецца, такі аднабаковы характар крытыкі на ўладу. А вось вельмі востра стаіць іншая праблема: вельмі шмат залежыць ад нашых простых жыхароў. І можа быць, калі б у прэсе былі такія злабаднеўныя матэрыялы, пра тое, што Іван Іванавіч ці Пётр Пятровіч каля Новага замка п’е піва і пасля выкідвае бутэльку. Я ўмоўна. Вось мы з вамі сядзім у такім прыгожым месцы, дзе прыгожы зал, каштоўны паркет. А калі зараз пойдзем з другога боку… І гэта не таму што музей не працуе, і Упраўленне не працуе, і ахова не працуе. Я паўтаруся, што немагчыма паставіць каля кожнага помніка міліцыянера з дубальтоўкай, прабачце. Гэта ня правільна. Наша народная культура, нашае выхаванне важны. Сродкі массавай інфармацыі – гэта чацвёртая ўлада. Таму ад вас таксама шмат залежыць.
Пытанне наконт помнікаў 20-30-х гг. і помнікаў савецкай спадчыны: ці плануецца іх нейкая рэгістрацыя, унясенне ў спіс?
Я пра гэта казала, і казала, што зараз ідзе праца. Па Гродна ня ведаю, але да першага кастрычніка павінны былі прааналізаваць што было ўнесена. Было ж вельмі шмат унесена помнікаў савецкай архітэктуры ў “Зборы помнікаў”. Я думаю, што ў любым выпадку гэтая праца будзе ісці, і яны будуць унесеныя. У нас ёсць жа прыклады, калі ўнесены нават пасляваенныя будынкі, я гавару не пра Гродна, а наогул пра дзяржаўны спіс. У Гродна… Вось проста я была ў адпачынку, калі Мацко накіроўвала матэрыялы. Мне прыйшло пісьмо на Упраўленне культуры, што матэрыялы наступнага ўнясення аб’ектаў былі накіраваны, таму што было накіравана я пакуль не магу сказаць па Гродна і па вобласці. А пра 20-30-я гады… Я лічу, і я буду на гэта накіроўваць працу, што трэба ўносіць. Калі проста гаварыць, маё асабістае меркаванне, я пра крытыку… Я заўсёды думаю над тым, што ўзнікае. Вось на конт знясення будынкаў… Мы павінны разумець сёння, што забудова Гродна – гэта забудова ў асноўным канца 19 – пачатка 20 стагоддзяў, таму што пажар 1885 года знішчыў амаль увесь цэнтр горада. І калі столькі дамоў будавалася адначасова, яны не маглі ўсе будавацца вельмі якасна. Але мы гаворым пра архітэктурны комплекс, пра яго цэласнае ўспрыняцце, і не важна, калі ўжо не захоўваць усе дэталі, усё-усё-усё, то архітэктурнае аблічча гэтых дамоў, няхай новабудаў, яно ўсё роўна павінна адпавядаць тым дамам, якія стаяць побач. І калі мы будзем гаварыць пра тыя ж хрушчоўкі, то праз 150 гадоў яны таксама будуць старыя, але ж гэта не значыць, што яны будуць гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, хаця нейкі раён гэтых хрушчовак павінен быць захаваны, павінен выступаць як узор архітэктуры гэтага перыяду. Таму проста трэба працаваць у гэтым накірунку, і мы будзем працаваць.
Варта не пагадзіцца з тым, што пластыкавыя вокны могуць быць падобнымі да драўляных. Прынамсці, не больш, чым пластыкавая садавіна падобная да сапраўднай. Падаецца, варта было б стварыць адмысловую сталярную майстэрню, якая б працавала спецыяльна для гістарычнага цэнтру. Людзям – праца, прыбытак. Гораду – аўтэнтычнасць. Хацелася, каб нашы чыноўнікі з’ездзілі яшчэ і ў Дрэздэн, дзе яны абавязкова ўбачаць выкарыстанне адмыслова неадшліфаванага шкла ў будынках-рэканструкцыях помнікаў 18 стагоддзя.
-
Катэгорыя: Грамадская актыўнасць
-
Апублікавана 16 Верасень 2009
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической