Згаданая вуліца знаходзіцца на тэрыторыі Падола - неўмацаванага сярэднявечнага пасаду Гародні, які размясціўся на наднёманскіх тэрасах і цягнуўся ва ўсходнім накірунку ад даўняга замка.

Засяленне гарадзенскага Падола адбылося ў раннім сярэднявеччы, у 11-12 стст., што даводзяць матэрыялы археалагічных раскопак, праведзеныя Аляксандрам Краўцэвічам ў 80-я гады 20 ст. Культурны слой на Падольнай даходзіў да 4,9 м. Трэба аднак заўважыць, што гарадзенскі Падол ніколі комплексна не вывучаўся археолагамі.

На тэрыторыі даўняга Падола знаходзіся шэраг вуліц, у тым Завадская вуліца (Садоўніцкая ў 16-18 стст., Агародная ў 19 ст.). Упершыню яна ўпамінаецца ў дакументах 16 ст., хаця не выклікае сумнення, што артэрыя з’явілася значна раней.

З 16 ст. паходзяць першыя дакладныя згадкі пра забудову і ўладальнікаў нерухомай маёмасці вуліцы. Галоўную групу насельніцтва вуліцы складалі каралеўскія садоўнікі. У 16-18 стст. спіс уладанікаў пашырылі Радзівілаў, Агінскіх, Сапегаў ды бернардынак. Паўночны бок вуліцы складаўся з 5 пляцаў, а паўднёвы — з 7. Гэта сціплае апісанне выдатна дапаўняе аналіз іканаграфічнага матэрыялу – медзярыта Адэльхаўзэра – Цюндта 16 ст., які паказвае на шчыльную драўляную і фахверкавую забудову вуліцы Садоўніцкай, якая злучала два важныя аб’екты стары мост з Чэснахрэскай царквой.

Галоўнай дамінантай гэтага гарадскога раёна лічыўся палац Сапегаў. Як сведчаць матэрыялы архіва гэтага рода, у 1530 г. кароль Жыгімонт пацвердзіў віцебскаму ваяводзе Івану Сапезе набыццё нерухомай маёмасці, у прыватнасці “палацаў над Нёманам” у Гародні. З 1555 г. паходзтіць згадка аб тым, што Астафій Валовіч, які „мел дворец Сапеженьский [...] на сей стороне Немна от места Городенского”, абмяняў гэтую нерухомасць на палац войта Пятра Шаматулы. Паводле плана Гародні 1706 г. палац належаў троцкаму ваяводзе Юзафу Агінскаму. Дадзеныя 50-70-х гадоў 18 ст. сведчаць аб тым, што палацам з афіцынамі валодаў польны літоўскі пісар, будучы гетман вялікі літоўскі Міхал Казімір Агінскі. У тарыфе падымнага падатку Гародні 1775 г. пры апісанні вуліцы Садоўніцкай адзначаны “палац мураваны” вялікага літоўскага гетмана Агінскага. У 1779 г. пасэсію за 35 000 злотых набылі гарадзенскі маршалак Казімір і Ганна з Хлявінскіх Вольмеры, а ў 1789 г. нерухомасць перайшла да літоўскага канцлера Аляксандра Сапегі. У 1801 г. яе ўладальнікам быў граф Міхал Дзяконскі. У 19 ст. нерухомасць належала Юзафу Кунцу (1830-1903), аўстрыйскаму падданаму. У будынках былі размешчаны бровар і саладоўні.

Гродзенскі піўзавод быў створаны ў 1877 г. у былым палацы Сапегаў. Першым яго ўладальнікам быў купец Кунц. У год стварэння піўзавода ў горадзе працавала яшчэ 4 меншых піўзавода. На заводзе Кунца працавала 18 чалавек (на ўсіх піўзаводах горада – 35 чалавек). Завод даваў 64400 вёдраў піва на год. У 1897 г. Восіп Кунц перадаў справу свайму сыну Ігнацію Кунцу, які кіраваў заводам да 1911 года. У 1911 г. Кунц падчас праверкі, якая высветліла парушэнні ў тэхналогіі выраба піва, памёр і завод перайшоў да яго зяця Краткоўскага. У 1914 г. завод вырабляў ужо 315000 вёдраў на год.

У 1918–1930 гг. заводам валодаў Юдэль Марголіс і яго сям’я. Пасля банкроцтва сям’і Марголісаў у студзені 1933 г. завод купіў варшаўскі мільянер Геллер Гарацкі. У 1939 г. завод выпускаў каля 385 тысяч дэкалітраў піва і розных напояў.

Пасля рэканструкцыі 1950-га года ў дадатку да піва “Баварскае” пачалі выпускаць піва “Бархатнае”, “Украінскае”, “Карамельнае”. З 1957 года на заводзе запрацавала першая аўтаматычная лінія.


Літаратура

Писцовая книга Гродненской экономии, т. II, Вильно, 1882, с. 27-64.
Aкты Виленской Aрхеографической комиссии, т. XXI, с. 70.
Sapiehowie. Materialy historyczno-genealogiczne i majatkowe, Sankt-Petersburg, [1891], t. 1, s. 16.
Літоўскі Дзяржаўны Гістарычны Архіў, Ф. 11 воп. 1 спр. 18584 арк. 3; SA 11649.
Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў у Маскве, Ф. 349 воп. 12 спр. 1485.
Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы F 18-134 арк. 36.
Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі у Гродне, Ф. 1475 воп. 1 спр. 4 арк. 31.
А. Краўцэвіч, Гарады і замкі беларускага Панямоння XIV-XVIII стст., Мінск, 1991, с. 33, 70.
J. Rozmus, J. Gordziejew, Cmentarz farny w Grodnie 1792-1939, Krakow 1999, s. 1023.


Забудова Садоўніцкай вуліцы. На беразе Нёмана - палац. Фрагмент плана Гародні 1812 г.

Забудова Садоўніцкай вуліцы. На беразе Нёмана - палац. Фрагмент плана Гародні 1812 г.

Забудова даўняй вуліцы Садоўніцкай Фрагмент малюнка Напалеона Орды. 1860-я гг.

Забудова даўняй вуліцы Садоўніцкай Фрагмент
малюнка Напалеона Орды. 1860-я гг.

Вуліца Садоўніцкая з палацам Сапегаў (цяперашнім піўзаводам). 1860-я гг

Вуліца Садоўніцкая з палацам Сапегаў (цяперашнім піўзаводам). 1860-я гг.

Гродзенскі піўзавод у гады першай сусветнай вайны

Гродзенскі піўзавод у гады першай сусветнай вайны

Гродзенскі піўзавод у 1920-я гг.

Гродзенскі піўзавод у 1920-я гг.

Scroll to top