Флігель палаца адміністратара, Гродна
 

 

Яшчэ ў шасцідзесятыя гады па вуліцы Э. Ажэшка захоўваўся амаль цалкам квартал "баснякоў" (10 дамоў). Цяпер застаўся толькі адзін, у якім месціцца так званы Дом рамёстваў – музей з невялікай экспазіцыяй прысвечанай гісторыі Гарадніцы. Будаваў "басняцкія" дамы архітэктар Ю. Мёзер па тыпавых праектах (дарэчы, упершыню прымененых на Беларусі), але з мэтай стварыць адзіны архітэртурны комплекс. Скончваў работы па пабудове ансамбля Джузэпэ Сака, які ў 1774 годзе прыехаў у Гродна з Вероны. Таленавітаму італьянскаму майстру ўжо праз год даручылі ўзвядзенне адразу некалькіх будынкаў у Гродне, палацаў у прыгарадзе, розных памяшканняў у каралеўскіх маёнтках. Сака ўдзельнічаў у будаўніцтве Новага замка ў Гродне, сядзібы Станіслаўвова і Аўгустовак, палаца Тызенгаўза. Пазней стварыў праекты для палацаў у Свяцку, Брэсце, Шчорсах, Паставах, Камянцы, Беніцы. Уключыўся ў узвядзенне грамадскіх будынкаў, мануфактур, тэатра ў Гарадніцы. Акрамя таго, ён, напэўна, завяршаў, карэктаваў і некаторыя праекты Мёзера. Архітэктар з Вероны хутка ўзначаліў усе работы ў Гродне, праславіўся і атрымаў дваранства, чын маёра і званне галоўнага архітэктара ВКЛ.

Флігель палаца адміністратара, Гродна

Фасад палаца адміністратара
(на здымку Берарускія гусары перад будынкам камендатуры, вясна 1919 года)

Самая эфектная задума архітэктара ў афармленні Гарадніцы – Парадная плошча. Сіметрычная , выцягнутая па восі, яна абуджала ў гледача пачуццё гармоніі і завершанасці. Зрокавая перспектыва замыкалася з аднаго боку на парадны двор палаца Тызенгаўза, а з другога – пампезны фасад палаца адміністратара. Усё проста: палац і два флігелі. Але, як урачыста і прыцягальна!

І гэтую матэматычна вывераную ідылію хочуць разбурыць новым акцэнтам (царквой), які парушыць сіметрыю, перацягне на сябе ўвагу гледача і міжволі ўзбудзіць пачуцці незавершанасці кампазіцыі і недарэчнасці існавання храма на гэтым месцы. Новыя гаспадары будынка кажуць, што стайні (першапачатковае прызначэнне флігеля) не маюць мастацкай каштоўнасці толькі з-за таго, што яны стайні. І увогуле, аварыйны тэхнічны стан не прадугледжвае мажлівасці рэстаўрацыі будынка.

Кажуць, што будынак без падмуркаў, сцены з’ела вільгаць і таму будынак захаваць немажліва. Мана. Проста падмуркі, якія ўяўляюцца абывацелю – бетонныя блокі з рубіроідам зверху – ў будаўнічых тэхналогіях з’явіліся толькі ў другой палове ХХ ст. Пры такой логіцы трэба знесці ўсе будынкі, старэйшыя за гэты перыяд. Даўно існуюць тэхналогіі, якія дазваляюць на падмурках старых будынкаў сарганізаваць эфектыўную гідраізаляцыю з адначасовай прасушкай сцен. У нас жа наадварот: сцены старых будынкаў пакрываюцца росчынай і фарбай, якая не выпускае вільгаць знутры і прымушае цэглу гніць.

Флігель палаца адміністратара, Гродна
 

Што да мастацкіх вартасцей стайні, то яны раскрываюцца ў тэхналогіях, якія выкарыстоўваліся 250 гадоў таму. Рытм крапава-арачных ніш, кроквенная сістэма даха, планіроўка будынка як стойла для коней. Калі гэта ўсё не ўлічваць, то і лямус у брыгіцкім кляштары можна смела зносіць. Навошта нам сараі XVII-XVIII ст?

Калі параўноўваць два флігелі палаца адміністратара, то менавіта той, які хочуць знесці, з’яўляецца больш вартым, бо захаваў сваю аўтэнтычнасць і першапачатковы характар архітэктуры.

А самае галоўнае, Гарадніца – унікальны і самы маштабны горадабудаўнічы праект канца XVIII ст. З 50 будынкаў ансамбля да сённяшняга дня дайшло толькі 9. Але гэта, ў асноўным, будынкі параднай часткі. У нас і зараз застаецца мажлівасць адрадзіць комплекс Плошчы Тызенгаўза ў першапачатковай задуме архітэктара. Калі замест флігеля ў гэтым комплексе дамінантай паўстане царква, ансамбля ўжо не будзе ніколі.

Scroll to top