У 80-х гадах мінулага стагоддзя ў Стакгольме быў знойдзены адбітак гравюры вядомага тапографа і мастака Тамаша Макоўскага, які добра захаваўся. На ім – від Старой Гародні з левага берага ракі Нёман.
Даступная раней даследчыкам копія была пазбаўлена паловы выявы – амаль усёй масавай забудовы горада, і было няясна, як яна размяшчалася ў ландшафце. Знойдзеная ж гравюра раскрывае эстэтычныя асаблівасці важнейшага этапу фарміравання горада, калі вызначыліся асноўныя элементы яго кампазіцыі, іх сувязі з тапаграфіяй ландшафту, што даволі істотна для рэстаўрацыйнага кірунку рэгенерацыі гістарычнай забудовы Гродна, якая застаецца па-ранейшаму актуальнай.
Першае, што варта адзначыць, - гэта выразная трохчасткавая яруснасць у панараме горада: рака – як неад'емны складнік гарадской прасторы, часткова забудаваныя адгор'і гарадскога плато і нарэшце – унікальныя будымкі, якія сваімі складанымі завяршэпнямі фарміруюць сілуэт рэнесанснай Гародні. Разгледзім панараму ўважліва.
Злева, на значнай адлегласці, царква Барыса і Глеба – абарончага тыпу з двухсхіным дахам і вежамі па кутах, што нагадвае цэрквы першай паловы XVI стагоддзя ў Сынкавічах, Мураванцы, Супраслі. Яе вільчыкі не маюць завяршэння, на даху бачна сігнатура з галоўкай.
Актыўную частку кампазіцыі складаюць аб'екты, размешчаныя ў межах двух узгорыстых выступаў гарадскога плато, а менавіта – узгорка Старога замка, пазначанага на гравюры як рэзідэнцыя караля («Arx»), і кляштара і касцёла бернардзінцаў – мінарытаў з абсервантаў, пазначаных на гравюры «Monast.minoru de obser». Такім чынам, мы бачым цалкам перабудаваны з гатычнага замак СтэфанаБаторыя, які набыў формы італа-нідэрландскага рэнесансу з дамінуючым становішчам каралеўскага палаца. Палац упрыгожаны нідэрландскімі вільчыкамі на італьянскі манер з валютамі і завяршэннямі, а таксама рознавысокімі фігурнымі комінамі: У замкавы двор высоўваецца двухтрактовы па бакавым фасадзе рызаліт, завершаны атыкам з грэбенем, як і ўвесь дваровы фасад. Насупраць палаца па лініі абарончай сцяны і закрытай галерэі размяшчаецца каралеўская лазня ў вежы, дакладней – у яе трэцім ярусе. Вежа гэтая перароблена з гатычнай брамы, яе верхні паверх уяўляе памяшканне з вялікімі вокнамі, якое, па апісанні, верагодна, прызначалася для адпачынку і забаў Завяршаецца вежа высокім флюгерам. Да вежы і галерэі прыбудавана камяніца вільчыка. У левай, мысавай частцы замка – кухонныя і гаспадарчыя памяшканні, жыллё слуг і кухараў. Акцэнтам тут з'яўляецца вуглавая вежа з вільчыкавым дахам, а да яе сумежна з баявой галерэяй прыбудаваны будынак, ад якога мы бачым толькі вільчыкавы дах. Замкавая сцяна па ўсім перыметры ўмацавана контрфорсамі. У правай частцы ансамбля вылучасцца купальная брама са шпілем і арачным праёмам унізе, дзе да яе прымыкае драўляны мост, які злучае замкавы ўзгорак з тэрыторыяй горада.
Суседні ўзгорак замест гатычнага Каралеўскага дома, які быў тут зусім нядаўна, займаюць цяпер дапаможныя будынкі новай рэзідэнцыі караля (на плане 1655 года пабудовы названы «Slo Goff» - праддвор'е замка). Аднак аб'ёмную кампенсацыю ў гэтай панараме даюць парафіяльная Прачысценская царква ХІІ стагоддзя, цяпер з шатровым верхам, а таксама дах са шпілем уязной брамы. Царква на гравюры прадстаўлена як грэчаская, г.зн. праваслаўная: «B.M. Virg. Paroch. Eccta Graecorum».
У цэнтры кампазіцыі – парафіяльны прыходскі касцёл «Parochialis Ecclesia». Гэта збудаванне даўжынёй 58,6 м і шырынёй 23 м, фасады ўпрыгожаны арачнымі нішамі з аконнымі праёмамі, аднак спічастых абрысаў. Шмат'ярусную вежу-званіцу вянчае купал, завершаны крыжам. На высокім даху асноўнага аб'ёма – сігнатура з галоўкай.
Правей касцёла выступае невядомы аб'ём са складаным завяршэннем, па прыродзе сваёй – гатычным. Можна толькі рабіць здагадку, што гэта вежа касцёла Святога Духа (сярэдзіна XVI стагоддзя) на былой Дамініканскай, цяпер Савецкай вуліцы, улічваючы пры гэтым цяжкасці ідэнтыфікацыі пры перспектыўным скарачэнні.
Далей у прасторы плошчы рынку добра чытаюцца верхні паверх і вільчыкавы дах ратушы, пазначанай «Praetorium», з вежай і завяршэннем накшталт флюгера. Вільчыкі маюць свае завяршэнні, з даху выступаюць франтончыкі люкарнаў.
Наступны буйны аб'ект гравюры без надпісу. Будынак, верагодна, размешчаны на ўсходнім баку плошчы рынку. Ён мае двухсхільны дах, на шчыпцы – завяршэнне, трэба меркаваць, крыж, паколькі будынак падобны на тую царкву, якая на гравюры Маціяса Цюндта 1568 года з відам Гародні названа «рускім храмам у горадзе». Касцёл езуітаў на гэтым месцы з'явіўся ўжо ў сярэдзіне XVII стагоддзя.
І нарэшце – адзначаны раней касцёл кляштара бернардзінцаў, які завяршае ўзгорысты выступ гарадскога плато. Яго рэнесансны аб'ём упрыгожваюць фігурны вільчык і вежачка з завяршэннямі над дахам. Злева ад галоўнага фасада касцёла бачна званіца з востраканцовым верхам. За касцёлам на краі гарадскога плато заўважны кляштарная сцяна з байніцамі і дзве двух'ярусныя вежачкі.
Масавая забудова ў гарадской панараме складаецца пераважна з двухпавярховых дамоў з вільчыкавым дахам і эксплуатаваньш гарышчам. Радзей сустракаюцца аднапавярховыя дамы. Дзе-нідзе заўважна блакаванне дамоў па доўтім боку, шчыльнасць забудовы ў цэлым вельмі высокая. Справа ўнізе з масы забудовы вылучаецца круглая царква Чэснага крыжа з канічным дахам і завяршэннем у выглядзе галоўкі з крыжам. Гэта – дамінанта мясцовага значэння. Бераг ракі ўмацаваны драўлянымі палямі, у іх гарызантальна сабраны бярвенні, і прыкладна тры такія бярвенні відаць над вадой. Канструкцыя служыць адначасова прычалам для лодак. Паміж ёй і дамамі – яшчэ адно чляненне ўяруснай кампазіцыі панарамы. У замкавага пагорка набярэжнай няма – відаць толькі ўмацаванне берага палямі. Заўважна, што пастаянны падмыў правага берага Нёмана тут не пакінуў пакатага ўчастка, які ёсць па гранюры 1568 года.
Занеманская частка горада, фрагментарна прадстаўленая на пярэднім плане выявы, складаецца з дамоў сядзібнага тыпу, у асноўным аднапавярховых з плеценымі агароджамі, крытымі калодзежамі і капамі сена – усё сведчыць пра малую ступень урбанізацыі. Дамы маюць тут двухсхільныя, але не вільчыкавыя дахі з малой колькасцю комінаў. Самая значная пабудова ўчастка з эркерам на фасадзе размешчана каля моста.
Такім чынам, у верхнім ярусе панарамы, які вызначае яе сілуэт, прачытваецца аб'ёмна-прасторавая заканамернасць, а менавіта: у межах, вызначаных буйнымі дамінантамі, якія выступаюць наперад, - замкам і кляштарам бернардзінцаў, іншыя дамінанты паступова адыходзяць і змяншаюцца ў аб'ёме. Ракурсы фланкіруючых аб'ёмаў задаюць кірунак да сярэдзіны і ўглыб. Схільныя сілуэты каралеўскага двара і бернардзінскага касцёла, аб'ём званіцы пры апошнім таксама задаюць кірунак погляду праз прамежкавыя элементы – комплекс Прачысценскай царквы злева, «рускую царкву», ратушу і вежу справа – да прыходскага касцёла – найбольш буйнога і аддаленага аб'екта панарамы, які займае цэнтральнае і дамінуючае становішча, прадвызначанае ўсёй прынёманскай тапаграфіяй гістарычнай Гародні. Менавіта адсюль «плынь» масавай забудовы кіруецца праз натуральную седлавіну і сцякае да Нёмана, разліваючыся ўнізе. Можна ўбачыць і супрацьлеглы, цэнтрабежны рух уверх да касцёла і знайсці тут нават аб'ёмна-прасторавую метафару Галгофы, якая часта праяўляла сябе ў культуры эпохі, асабліва ў XVI ст. Праўда, для таго, каб настойваць на гэтай версіі, патрабуюцца больш грунтоўныя распрацоўкі. У той жа бок арыентаваны круты мост на ражавых апорах – вельмі актыўны элемент кампазіцыі, толькі часткова ўраўнаважаны справа царквой Чэснага крыжа і выявай ветразя. Пазней тут на працягу вуліцы Брукаванай з'явіцца пераправа, але і ў кампазіцыі панарамы шмат што зменіцца...
Макоўскі, як чалавек эпохі Рэнесансу, бачыў горад упарадкаванай структурай. Аднак нішто не ўказвае на якую-небудзь значную фальсіфікацыю краявіду. Ёсць утрыраванні і недакладнасці ў прамалёўцы асобных аб'ектаў, што лёгка праверыць на вывучаных помніках, такіх, напрыклад, як Стары замак. Тут памеры палаца моцна перабольшаны, на рагу палаца адсутнічае эркер, а паміж брамай і палацам - баявая галерэя. Памерэы вокнаў, іх колькасць і размяшчэнне на тарцавым фасадзе носяць адцягнены характар. Тое, што габарыты каралеўскага палаца перабольшаны, можна патлумачыць не толькі значнасцю аб'екта, але і тым, што ў гісторыі еўрапейскай архітэктуры палац пачынае жыць самастойным жыццём, і гэта канчаткова афармляецца ў эпоху барока. Архітэктар каралеўскага замка Санці Гучы ўслед за гэтым пабудаваў у Ксёнджы Велькім рэзідэнцыю епіскапа Пятра Мышкоўскага, якая ўжо ўяўляла сабой від свабодна размешчанага палаца (1585 - 1595). Перабольшаны памеры і іншых дамінант панарамы – не зжыта яшчэ сярэднявечча, узмацняецца тое, што для мастака ўяўляецца істотным. Аднак перад намі даволі рэалістычная выява Гародні 1600 года.
Невыпадкова Т.Макоўскі паказвае менавіта нёманскую панараму горада – тут ён і ўбачыў яе вобраз, створаны нібы адзінай задумай. Эпоха Рэнесансу навучылася эстэтычнаму перажыванню гарадской прасторы. Такога раней не было, нават у антычнасці горадабудаўніцтва – руцінная справа перш за ўсё чыноўніка. Сярэдневяковае бачанне горада – плоскаснае, на ўсіх выявах ён – вобраз сакральнай непрыступнасці, нябеснага Іерусаліма. Адбылася перастаноўка акцэнтаў: мастак бачыць адкрытасць гарадской прасторы, можа ўявіць сябе ў ёй. I ён малюе горад ідэалізаваным, з ураўнаважанымі краямі, з падкрэсленым цэнтрам, як дыктуе яго рэнесансная свядомасць, што імкнецца да асэнсаванай яшчэ ў антычнасці прыгажосці асвоенага свету.
Тое, што сярэднявечнай па сутнасці планіровачнай сістэме Гародні нададзены такі закончаны выгляд, сведчыць няхай пра візуальную, але перамогу універсальнага арганізуючага пачатку над хаосам, дэцэнтралізацыяй і аўтаноміяй частак, іншымі - над феадалізацыяй жыцця. Драматызм гістарычнага моманту якраз і заключаецца ў тым, што менавіта ў гэты час гарадскія землі вялізнымі масівамі пераходзяць у рукі феадальных уладальнікаў, у тым ліку і буйных магнатаў. Наперадзе заняпад горада, які падзяліў лёс усёй Рэчы Паспалітай. А пакуль Гародня карыстаецца ласкай знакамітага караля, які будавау тут рэзідэнцыю сабе і прыходскі касцёл гараджанам, умацаўшы тым вобраз кароннага горада з падкрэсленай сакральнасцю цэнтра і гарманізаваным адзінствам асноўных частак, як гэта і ўвасобіў нясвіжскі гравёр Тамаш Макоўскі.
Уладзімір Бачкоў
Мастацтва, студзень 2007 года, №1
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 26 Чэрвень 2007
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической