Многія гарадзенцы заблыталіся. Святкаваць 880-цігоддзе горада пачалі ў гэтым 2007-м годзе. А на Палацы тэктыльшчыкаў вісеў плакат з шарыкаў – Гродно, 1128 год. Дык калі з’явілася (а дакладней, калі была ўпершыню згадана ў летапісах) Горадня?

Аказваецца дакладна ў 1127 годзе. Чыноўнікі проста не хочуць занадта “загружацца” і выбралі кампрамісны варыянт. Прапануем артыкул Алеся Пятровіча Госцева, з якога вы даведаецеся, чаму Горадзен згаданы быў упершыню менавіта ў 1127 годзе. Гораду ўжо 880-год.

За апошнія 25 гадоў наш горад некалькі разоў адзначаў свае юбілеі, а ў 1978 і 2003 годах нават рабіў гэта ўрачыста. І кожны раз святкаванне прыпадала на юбілейныя даты ад 1128 года. Плануецца святкаванне 880-годдзя Гродна і ў 2008 годзе. Пры гэтым за апошнія дзесяцігоддзі ў навуковай літаратуры, асабліва ў літаратуры энцыклапедычнага кшталту, замацоўваецца летапісная дата заснавання Гродна – 1127 год [6-10; 14]. Такое разыходжанне не можа заставацца па-за ўвагай даследчыкаў і павінна разгледжвацца як пэўная праблема. На першы погляд праблема гэта чыста гістарычная, але гісторыя як навука ў нашым выпадку аказваецца на раздарожжы, застапарыўшыся на звестках Іпацьеўскага летапісу. І тут ёй на дапамогу павінна прыйсці краязнаўства з яго здольнасцю разгледжваць любую рэгіянальную з’яву цэласна, асаблівую ўвагу пры гэтым надаючы менавіта “дробязям”. Справа ў тым, што большасць гісторыкаў добра валодаюць сiстэмным мысленнем, але зусiм (ці амаль зузім) не валодаюць методыкай цэласнага мыслення. Пры ўсiх сваiх станоўчых якасцях (вельмi добра праяўляўшых сябе яшчэ гадоў 25-30 таму), сiстэмнае мысленне мае адзiн, але вельмi iстотны недахоп: яно абмежавана канкрэтнай сiстэмай i таму не ў стане ўхапiць рэальную з'яву ва ўсёй яе разнастайнасцi, цэласна. Апошняе даецца толькi цэласнаму мысленню. Асноўны прынцып цэласнага падыходу: пры вывучэнi (аналiзу) любой з'явы - выкарыстоўваць набыткi як мага большай колькасцi навуковых дысцыплiнаў. І менавіта ў гэтым напрамку краязнаўства ўжо мае пэўныя поспехi. Але толькi пры ўмове, што пад краязнаўствам разумеецца цэласная сiстэма, базавае палажэнне якой: цэлае - значна большае, чым простая сума асобных, складаючых яе частак. Краязнаўчы падыход да працы з крынiцамi патрабуе кiравання наступнымi прынцыпамi:

1. Максiмальны давер толькi першакрынiцы на якой бы мове яна не была створана - i гэты давер не стопрацэнтны, асаблiва, калi канкрэтная звестка сустракаецца толькi аднойчы (у такiм выпадку звестка з'яўляецца не фактам гiсторыi, а гiстарычным фактам i толькi прымаецца да ведама, бо маецца ў наяўнасцi менавiта такая падача факта); фактам гiсторыi звестка становiцца па меры яе падцверджання iншымi першакрынiцамi (як рэчавымi так i пiсьмовымi). Такiм чынам факт гiсторыі (ФГ) (у дадзеным выпадку гiсторыя разумеецца як рэчаiснасць) - дакладна вядомая звестка аб нейкай канкрэтнай гiстарычнай падзеі, ці яе даціроўкі, ці імёнах, лёсах асоб, якія з гэтай падзеяй звязаны і да т.п., а гiстарычны факт (ГФ) (тут гiсторыя разумеецца як навука) - звестка, зафiксаваная ў гiстарычных крынiцах і адлюстроўвае (з той цi iншай ступенню дакладнасцi) факт гiсторыі.

2. У праявах рэчаiснасцi няма дробязяў, тут усё iстотна.

3. Любая з'ява разгледжваецца ўсебакова, з максiмальнамагчымых i разнастайных пунктаў погляду. Гэты прынцып злучаецца з першым прынцыпам, што ўтварае надзвычай дынамiчны i дзейсны цыкл прынцыпаў, дзякуючы якому з'ўляецца магчымасць спасцiгнуць сутнасць з'явы. Наколькi такая магчымасць здзейснiцца, залежыць ад асабiстых здольнасцяў даследчыка: яго назiральнасцi, памяцi, цэласнасцi яго мыслення. Калі прымяніць гэтыя прынцыпы да вырашэння нашай праблемы, то атрымецца рэальная спроба пераўтварэння гiстарычных фактаў аб пачатковай гісторыі Гродна ў канкрэтны факт гісторыі – дакладную даціроўку першага пісьмовага згадвання нашага горада. Яшчэ з 19 стагоддзя шырока вядома, што Гродна ўпершыню згадваецца як Горадзен, чый князь Усевалад быў пасланы на полацкія землі вялікім кіеўскім князем разам з трыма іншымі князямі. У 19 - пачатку 20 стагоддзя былі вядомыя па меншай меры два летапісы – Іпацьеўскі і Лаўрэнцьеўскі, у якіх згадваецца гэтая падзея. Я. Ф. Арлоўскі ў сваёй працы “Гродненская старина” падкрэслівае гэта, звяртаючы ўвагу на розначытанні і нават упэўнена прагаворвае 1127 год як канкрэтны год першага згадвання [16, с. 10, 20]. У другой палове 20 ст. да патрэбных нам першакрыніц далучыўся Радзівілаўскі летапіс. Паколькі і зараз нямала даследчыкаў грэбаюць сцвярджэннем Я.Ф. Арлоўскага, праведзем самастойны аналіз, на гэты раз трох летапісных крыніц.

З трох летапiсаў два (Радзiвiлаўскi i Лаўрэнцеўскi) падаюць згаданую намi падзею пад 6635 годам, а трэцi летапiс (Iпацеўскi) пад 6636 годам. Ужо гэта вымушае нас больш пiльна прыгледзецца да зместу гэтых звестак.

Лаўрэнцеўскi летапiс:

"6635. В то же лето посла князь Мстиславъ братью свою на кривиче четырми пути. Вячеслава ис Турова, Андрея из Володимеря. А Всеволодка из Городна. И Вячеславъ Ярославича ис Клечьска. Тем повеле ити къ Изяславлю."

Iпацеўскi летапiс:

"6636... Того же лета посла князь Мстиславъ с братьею своею многы кривичи четырьми путьми: Вячеслава ис Турова, Андрея из Володимеря, а Всеволодка из Городна... тем повеле ити къ Изяславлю ... рекъ им динъ день всим пустити на вороп мца августа 11 дня... 6640"

Радзiвiлаўскi (Кенiгсбергскi) летапiс:

"6635... в то же время пасла князь Мстиславъ братию свою на кривичи четырми пути: Вячеславъ ис Турова, Андреа из Володимеря, а Всеволодка из Городна, и Вячеславъ Ярославича ис Кляцка. Тем повеле ити и ко Изяславлю ... рек им: "Во одинъ день всем пустити на воропъ, августа 14."

Параўнаўшы памiж сабою тры тэксты, прыходзiм да высновы, што першы і трэці тэксты разыходзяцца толькi ў няiстотных дэталях (пры поўным супадзеннi з датай), затое другі тэкст адрознiваецца ад дзвух першых настолькi iстотна, што зводзiць сэнс звесткi амаль да поўнага абсурду. Мяркуйце самi, агульнавядома (i гэта бяспрэчны факт гiсторыi), што крывiчамi называлi ў 12 cт. насельнiкаў Полацкай зямлi, якая ў той час не падпарадкоўвалася Кiеўскаму князю - таму натуральна, што той загадаў напасцi ("пустити на вороп"="удариться в набег") "на кривиче". А што можа значыць фраза з Iпацьеўскага летапiсу "... посла князь Мстиславъ с братьею своею многы кривичи четырьми путьми ..."? Калi гэта не памылка перапiсчыка (тут трэба даволi добра ведаць абставiны стварэння летапiсаў: Iпацеўскi летапiс значна маладзейшы за Лаўрэнцеўскі: ён датуецца пач. 15 ст.; Лаўрэнцеўскi летапic, датуеца 1377 г., а Радзiвiлаўскi, хоць і датуецца канцом 15 ст., але даследчыкі адзначаюць, што ён адпавядае Лаўрэнцеўскаму летапісу), то атрымлiваецца нейкая бязглуздзiца накшталт таго што вялiкi князь кiеўcкi разам з "братьею своею" паслаў варожых яму крывiчаў на "все четыре стороны"... Для нас жа важна тое, што такiя "дробязi", разам з дацiроўкай падзеi годам пазней значна змяншаюць давер да сапраўднасцi гэтага запiсу. Але толькi змяншаюць, не адмаўляючы яго цалкам. Чаму? Па-першае, у цэлым гэты летапiс заслугоўвае статус першакрынiцы, а па-другое, ёсць цудоўнае тлумачэнне розначытанню даты нашай падзеi. Гэтае тлумачэнне дае нам дапаможная дысцыплiна храналогiя, згодна якой iснуе паняцце каляндарных стыляў у сэнсе пачатку года. Калi год у найстарыжытнейшыя часы пачынаўся з 1 сакавiка, то такi каляндарны стыль i сам год называецца сакавiцкiм. Калi ў пазнейшыя часы пачатак года змянiўся i год пачынаўся з 1 верасня, то такi каляндарны стыль i сам год называецца вераснёўскiм. Першыя старажытнарускiя летапiсы стваралiся яшчэ па сакавiцкаму стылю, а пазнейшыя (звычайна самая старажытная частка iх перапiсвалася пазнейшымi перапiсчыкамi) - па вераснёўcкаму стылю. Перад перапiсчыкам уставала неабходнасць перадатаваць падзею з сакавiцкага на вераснёўскi стыль. А паколькi верасень знаходзiцца якраз пасярэдзiне памiж дзвума сакавiкамi (ад 1 сакавiка да 1 верасня i ад 1 верасня да 1 сакавiка па шэсць месяцаў), то перапiсчык мог пазначаць вераснёўскую дату адной i той жа падзеi цi паўгодам раней цi паўгодам пазней (у апошнiм выпадку каляндарны стыль называецца ультрасакавiцкiм). Згодна гэтаму вызначаецца формула перакладу даты ад стварэння свету на дату ад нараджэння Хрыста (летапiсы датуюць свае падзеi ад стварэння свету i лiчыцца, што з "моманту" стварэння свету да моманту нараджэння Хрыста прайшло 5508 гадоў). Агульнавядомая формула перакладу дат НХ=СС-5508 (дзе НХ - год ад нараджэння Хрыста, СС - год ад стварэння свету). Менавiта яна выкарыстоўваецца ў выпадках, калi летапiсная падзея датуецца сакавiцкiм стылям. Для выпадку ультрасакавiцкага стылю храналогiя прапануе некалькi iншую формулу: НХ=СС-5509. Згодна такой логiцы 6635 год перакладаецца такiм чынам 6635-5508=1127. I калi тая ж самая падзея ў iншым летапiсу датуецца годам пазней, то адзiнае лагiчнае тлумачэнне (але пры ўмове спалучэння некалькiх летапiсаў): гэты запiс датаваны ультрасакавiцкiм стылям i тады правiльны пераклад: 6636-5509=1127.

Ёcць выпадкi, калi ciтуацыя з гэтым запiсам даходзiць да яшчэ большага абсурду: сам паход датуецца 1127 годам, а дата заснавання Гродна (якая традыцыйна вынiкае з гэтага паходу) адзначаецца як 1128. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. “Толькі ў Іпацеўскім і Густынскім летапісах агульнарускі паход на Полацк значыцца пад 1128 г. (дакладней – пад 6636 г. – А.Г.), ва ўсіх жа астатніх, у тым ліку і ў найбольш раннім (падкрэслена намі – А.Г.) Лаўрэнцеўскім, - пад 1127 (дакладней – пад 6635 г. – А.Г.). Улічваючы гэта, трэба прызнаць большую праўдзівасць датыроўкі ў астатніх крыніцах, хоць Л. Аляксееў палічыў патрэбным прытрымлівацца Іпацеўскага летапісу, не ўлічваючы яго дэфектыўнасці ў шэрагу месцаў і вельмі лаканічнага выкладу гэтых падзей у Густынскім летапісе”. Цытуецца па кнізе: Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Полацкі і новагародскі перыяды.- Мн.: Мастацк. Літар., 1990, с. 174). У сваю чаргу М.Ермаловіч сцвярджае: “Як сведчыць Іпацеўскі летапіс, у Новагародку (1235), у Гародні (1128) і інш.), Ваўкавыску (1256), і Свіслачы (1256) былі свае князі” [13, с. 22].

Як бачым, цэласны падыход дае нам найбольш верагодную дату заснавання Гродна - 1127 год i дазваляе да таго ж пазбегнуць шматлiкiх недарэчнасцяў i бязглуздзiц. Застаюцца яшчэ вельмi цiкавыя пытаннi. Напрыклад, чаму шэраг навукоўцаў i ў мiнулым i сучаснасці працягваюць упарта прытрымлiвацца даты 1128 год i iгнараваць храналогiю? Але гэта трохi iншая тэма даследвання.

Такiм чынам, мы яшчэ раз пераканалiся, што калi ўзятыя паасобку i гiстарычныя факты i факты гiсторыi не ў стане дакладна вызначыць праблему, то пры арганiчным спалучэннi памiж сабою яны здольныя стварыць цэласную мадэль пэўнай рэчаiснасцi i такiм чынам з дастатковай ступенню дакладнасцi сцвердзiць канкрэтны факт гiсторыi.

Літаратура

1. ПСРЛ Т. I. Лаврентьевская летопись.- М., 1962.
2. ПСРЛ Т. 2. Ипатьевская летапись.- СПБ, 1843.
3. ПСРЛ Т. 2. Ипатьевская летапись.- СПБ, 1908.
4. ПСРЛ Т. 38. Радзивиловская летопись. - Наука: Л., 1989.
5. Лiтопис руський за Iпатьским списком. Пер. Л. Махновец.- Киів: Дніпро, 1989.
6. Беларускiя летапiсы i хронiкi: пер. са старажытнарускай, старабеларускай i польск. /Уклад. У. Арлова; прадм. В. Чамярыцкага.- Мн.: "Беларускi кнiгазбор", 1997.- 452 с.
7. Гродна//Беларуская энцыклапедыя у 18 тамах. Т. 5.- Мн.: БелЭ, 1997.- с. 442-446.
8. Гродна//Беларусь. Энцыклапедычны даведнiк.- Мн.: БелЭ, 1995.- с. 249-250.
9. Госцеў А. Гродна//Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi у 6 тамах. Том 3.- Мн.: БелЭ, 1996.- с. 147-154.
10. Иллюстрированная хронология истории Беларуси. От древних времен до наших дней. 3-е изд.- Мн.: БелЭ, 2002.- 464 с.
11. Соловьев А.В. Новые раскопки в Гродне и их значение для русской истории//Записки русского научного института в Белграде. Вып. 13.- Белград, 1936.- с. 69-96.
12. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Полацкі і новагародскі перыяды.- Мн.: Мастацк. Літар., 1990.
13. Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства літоўскае.- Мн.: Беллітфонд, 2000.- 322 с.
14. Госцеў А., Швед В. Кронан. Летапiс горада на Нёмане(1116-1990).- Гродна: НВК "Пергамент", 1993. - 320 с.
15. Госцеў А.П. Калi быў заснаваны горад Гродна i якое ён меў імя ў летапісны перыяд (матэрыялы да метадычнай распрацоўцы краязнаўчых заняткаў)//Мінулае Гродзеншчыны. Вып. 9.- Гродна: ІПК, 2002.- с.
16. Орловский Е.Ф. Гродненская старина. Часть I. Гор. Гродно.- Гродно: Губерн.тип., 1910.- 341 с.

Scroll to top