Цудоўны куточак нашага горада – гарадзенскае ўзбярэжжа, Падол дасюль хавае ад нас вялікую колькасць таямніцаў. Маленькія драўляныя дамы амаль вясковага кшталту змяняюцца вялізарнымі будынкамі магнацкіх палацаў. У гэтым і заключаецца першаствораная прыгажосць Падола.
Горад наш страчвае гістарычную забудову, часам нават належным чынам не асэнсаваўшы вартасць таго ці іншага шэдэўра архітэктуры. Так было з самай старой карэтнай у Беларусі, так ёсць цяпер з забудовай Новага Свету. Аднак ізноў і ізноў трапляючы на цікавы, стары і зусім невядомы даследчыкам будынак, думаеш: «Колькі ж яшчэ цікавых куточкаў і мясцін прыхавала для нас старая Горадня».
Сёння размова аб старадаўніх палацах на Падоле. Нам ужо даводзілася пісаць пра каштоўнасць будынкаў сучаснага піўзавода, перабудаванага з палаца, якому больш трохсот гадоў. Можна таксама згадаць палац уніяцкага біскупа на Падольнай, або разбураны летам 2007 года будынак каля былога тонкасуконнага камбіната таксама на Падольнай. Што тычыцца апошняга, то каштоўнасць і старажытнасць гэтага дома давялося ўсвядоміць толькі на яго руінах.
Шмат хто з гарадзенцаў ведае вялізарны закінуты будынак на беразе Нёмана каля чыгуначнага моста. Не вельмі прывабны цяпер з выгляду, ён уражвае сваімі памерамі. З вялікай доляй верагоднасці, грунтуючыся на старадаўніх планах (найперш канца 18 стагоддзя) можна сцвярджаць, што будынак гэты – перабудаваны пазней магнацкі палац апошніх дзесяцігоддзяў існавання Рэчы Паспалітай, які належаў хутчэй за ўсё Радзівілам. Будынак гэты ўпершыню можна пабачыць на карце 1795 г., а вось на карце 1780 г. яго яшчэ няма. Таму можна сцвярджаць, што ўзведзены быў гэты будынак акурат паміж 1780 і 1795 г.
Адна з першых знаных нам выяваў гэтага будынка – здымак пачатку 1880-х гг., які можна пабачыць у экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. На фоне чыгуначнага моста бачны будынак без даху. Першапачаткова складаецца ўражанне, што будынак толькі будуецца, але прыгледзеўшыся пераконваешся, што пабудова акурат знаходзіцца ў стане грунтоўнага рамонту. Менавіта тады да яе, мабыць, і прыбудавалі цагляную трубу, якая бачна на здымках пачатку ХХ ст. і якой няма зараз (будынак напрыканцы ХІХ ст. выконваў функцыі рамесніцкага вучылішча).
Большых падрабязнасцей пра гэты будынак не ведаем. Таму звяртаемся да гісторыкаў, якія часам аўтарытэтна любяць гаварыць аб вялікай вывучанасці нашага горада, з заклікам звярнуць увагу на дадзены будынак і, прафесійна прааналізаваўшы крыніцы, раскрыць яго таямніцу.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 29 Жнівень 2010
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической