Урбананіміка – частка тапанімікі, якая вывучае ўнутрыгарадскія назвы, аформілася толькі ў 70-80-я гг. ХХ ст. Але да 1990-х гг. гарадская тапаніміка заставалася па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў.

Гэта тлумачыцца дзвюмя прычынамі. Па-першае, абсалютная большасць назваў вуліц ва ўсіх беларускіх гарадах была перайменавана ў савецкі час на ідэалагічныя. Зразумела, што адкрываць грамадскасці гістарычнае імя вуліцы, а тым больш абгрунтоўваць неабходнасць яго вяртання, у той час было немагчыма. Па-другое, тапаніміка – гэта новая навука на сумежжы гісторыі, геаграфіі і мовазнаўства, таму з’яўленне гісторыкаў-тапанімістаў патрабуе часу і грунтоўнай падрыхтоўкі. Сістэматычна пачалі з’яўляцца гістарычныя і краязнаўчыя даследаванні па ўрбананіміцы толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. У дадзеным артыкуле зроблена спроба параўнання ўрбананімічных працэсаў Гродна і Мінска.

Урбананімія абодвух гарадоў прайшла ў сваім развіцці некалькі перыядаў: першапачатковы, расійскі, польскі, савецкі, зусім непрацяглы нямецкі і сучасны. Для першапачатковага перыяду (XVI – першая палова XIX ст.) уласцівы працэс натуральнага ўзнікнення ўнутрыгарадскіх назваў, пераходу ад складанай апісальнай (“вуліца ад Рынку да ракі”) да простай указальнай (“Рынкавая вуліца”) формы. Пачатак перыяду пазначаны XVI стагоддзем толькі з-за адсутнасці крыніц ранейшага часу.

Назвы вуліц у той перыяд указвалі на населеныя пункты, у напрамку на якія вялі: Азёрская (зараз К.Маркса), Верцялішская (Ажэшкі), Віленская (Савецкая) у Гродне; Віленская (Старавіленская), Вялікая Барысаўская (Багдановіча), Койданаўская (Рэвалюцыйная) у Мінску. Большасць урбанонімаў указвала на важныя для гараджан аб’екты, якія знаходзіліся на іх: Замкавая, Моставая ў Гродне; Замкавая, Зборавая (заходняя частка Інтэрнацыянальнай), Школьная (пачатак пр. Пераможцаў) у Мінску. Некаторыя назвы вуліц адлюстроўвалі асаблівасці мясцовага ландшафту: Курганная (Парыжскай камуны) і Падгорная ў Гродне; Завальная (не існуе) і Зыбіцкая (Гандлёвая) у Мінску. Іншыя называліся па народнасцях, прадстаўнікі якіх кампактна пражывалі там: Цесная Жыдоўская (Вялікая Траецкая), Стары Нямецкі рынак ў Гродне; Вялікая Татарская (Дзімітрава), Нямецкая (К.Лібкнехта) у Мінску. Асобныя ўрбанонімы паўтаралі назвы прадмесцяў, дзе знаходзіліся: Падольная ў Гродне, Дабрамысленская (Маскоўская), Ніжнеляхаўская (Кастрычніцкая), Раманаўская (Мяснікова) у Мінску. Некаторыя вулічныя найменні былі названы па занятках жыхароў: Басняцкая (Сацыялістычная), Златарская (Урыцкага) у Гродне; Рэзніцкая (не існуе), Рымарская ў Мінску. У адрозненні ад Мінска, дзе ў дадзены перыяд не было зафіксавана ніводнай назвы патранімічнага характару, у Гродне такія вуліцы былі: Калючынская і Дзям’янаўская (Свярдлова) [2; 72].

Цікава, што галоўныя плошчы дзвух гарадоў мелі падобныя назвы: у Гродне – Рынак, у Мінску – Высокі рынак. Напрыканцы першапачатковага перыяду, у XVIII – 1-й палове ХІХ ст. частай з’явай стала змена вуліцамі назваў. Пры чым гэта адбывалася натуральна і стыхійна, без умяшання мясцовых улад. Тлумачыцца гэты працэс з’яўленнем на вуліцы з устойлівай назвай новага аб’екта, што з цягам часу выклікала ўзнікненне новай назвы. Старая і новая назва потым доўгі час працягвалі суіснаваць паралельна, пакуль новая поўнасцю не выціскала старую. Так у Гродне Азёрская стала Брыгіцкай, Верцялішская – Раскошай [1; 54], Віленская – Дамініканскай, Дзям’янаўская – Баніфратарскай, Курганная – Бернардзінскай, Мірніцкая (Кірава) – Рэзніцкай. У Мінску адбываліся тыя ж працэсы: Вялікая Барысаўская стала Траецкай і затым Шпітальнай, Лошыцкая – Францішканскай (Леніна), Юраўская – Новафранцішканскай і Ракаўскай (Ракаўская). Заўважым, што большасць новых назваў утварыліся ад найменняў каталіцкіх манастыроў і касцёлаў.

Другі перыяд існавання ўрбанонімаў Беларусі можна ўмоўна назваць расійскім, хоць пачынаецца ён не з моманту ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, а пазней, з сярэдзіны ХІХ ст. Асноўнай яго рысай стала сістэмнае ўмяшанне расійскай улады ў мясцовы ўрбананімны ландшафт. Гэта праявілася, па-першае, у масавым перайменаванні вуліц беларускіх гарадоў у 1864-1866 гг. Тады пад перайменаванне падпалі ўсе вуліцы з “польскім”, каталіцкім зместам. У Гродне вуліца Дамініканская была перайменавана ў Саборную, Баніфратэрская – Татарскую, Басняцкая – Паштовую, Брыгіцкая – Купецкую, Златарская – Палацкую, Магілковая – Крывую і г.д.[2; 76] У Мінску плошча Высокага рынку стала Саборнай (пл. Свабоды), вуліца Бернардзінская – Манастырскай (Кірылы і Мяфодзія), Валоцкая – Хрышчэнскай (усходняя частка Інтэрнацыянальнай), Дамініканская – Петрапаўлаўскай (Энгельса), Зборавая – Турэмнай, Зыбіцкая – Балотнай, Феліцыянаўская – Багадзельнай (Камсамольская), Францішканская – Губернатарскай і г.д.[8; 83-84]

Па-другое, з сярэдзіны ХІХ ст. пачынаецца хуткі дэмаграфічны рост і ў Мінску, і ў Гродне. Гэта спрычынілася да імклівага пашырэння гарадскіх межаў і, адпаведна, узнікненню дзясяткаў новых вуліц. Калі ў пачатку ХІХ ст. назвы вуліц яшчэ ствараліся стыхійна і натуральна, “з нізу”, паспявалі прызвычаіцца да жыхароў, то пазней на гараджан абрынуўся цэлы вал новых вуліц, якія неадкладна патрабавалі назваў. У гэтых умовах ініцыятыва ў справе наданні найменняў пераходзіць да “вярхоў”, гарадскіх улад. Чыноўнікі імкнуліся “прывязаць” назвы да мясцовасці, але атрымлівалася гэта далёка не заўсёды. Так, у Мінску вуліца Вакзальная знаходзілася ля вакзалу, на Паліцэйскай (Янкі Купалы) месціўся паліцэйскі ўчастак, Падгорная (К.Маркса) вяла пад гору. Разам з тым дзясяткі вуліц атрымалі наступныя назвы: Андрэеўская, Іванаўская, Міхайлаўская, Пензенская, Таганрогская, Уфімская, 1-я, 2-я, 3-я Лінія, Безымянная і ажно 19 Безымянных завулкаў [3; 221]. У Гродне сітуацыя была трохі лепшай, бо новых вуліц узнікала значна меней, чым у Мінску. Таму большасць назваў новых вуліц была “прывязана” да мясцовасці. Так, ля вайсковых аб’ектаў апынуліся вуліцы Артылерыйская і Парахавая, Санкт-Пецярбургская прайшла побач з аднаіменнай чыгункай. А вось чым адрознівалася ад іншых новых вуліц вуліца Новая (Маладзёжная) – невядома.

У часы Расійскай імперыі ў Гродна і Мінску з’явіліся канкрэтна патранімічныя назвы вуліц, якія называліся мясцовымі ўладамі ў гонар рэальных асобаў. Вуліцы Купецкая і Садовая ў Гродне былі перайменаваныя адпаведна ў Кутузаўскую і Мураўёўскую. У Мінску ў 1882 г. Батальённая (Чырвонаармейская) вуліца стала Скобелеўскай, а ў 1899 адна з новых вуліц атрымала назву Пушкінскай (Фізкультурная) [6; 23]. Галоўнай вуліцай Мінска з ХІХ ст. стала новая вуліца Захараўская (пр-т Незалежнасці), названая ў гонар першага губернатара Захара Карнеева. Вельмі верагодна, што Аляксандраўскія вуліцы ў Гродна і Мінску (адпаведна Будзёнага і Багдановіча) былі названы ў гонар Аляксандра І. Але патранімічныя ўрбанонімы былі ў расійскі перыяд хутчэй выключэннем, чым правілам.

Польскі перыяд урбананімікі Гродна і Мінска звязаны з савецка-польскай вайной і наступнай акупацыяй Заходняй Беларусі. І калі ў Мінску ён працягваўся толькі 11 месяцаў, то ў Гродне – 20 год. Назвы гродзенскіх вуліц змяніліся кардынальна. Па-першае, былі вернуты перайменаваныя ў 1864 г. назвы вуліц: Баніфратэрская, Брыгіцкая, Дамініканская і інш. Па-другое, вуліцам, узнікшым у ХІХ – пачатку ХХ ст. і атрымаўшым назвы з расійскім зместам, былі падабраны іншыя: Аляксандраўская стала Ягелонскай, Калакольная – Магістрацкай (Дамініканская), Якаўлеўскі праспект – вуліцай 3 Мая (1 Мая) [5; 61-62]. Па-трэцяе, дзясяткі новых вуліц былі названы ў гонар польскіх і беларускіх дзеячоў гісторыі і культуры. Так, вуліца Паштовая (Сацыялістычная) была перайменавана ў гонар князя Вітаўта, Мураўёўская – Ажэшкі. Знайшлі свае шыльды на Новым свеце Каліноўскі, Міцкевіч, Рэймант. Разам з тым, некаторыя цэнтральныя вуліцы Гродна былі аддадзены польскім палітыкам 1-й паловы ХХ ст.: Паліцэйская (Кірава) стала вуліцай Лістоўскага, Пясочная (Васілька) – Рыдзы-Сміглы, Сафійская (Леніна) – Пілсудскага.

Нягледзячы на скарацечнасць акупацыі Мінска польскімі войскамі ў 1919-20 гг., падобныя змены ва ўрбананіміі адбыліся і тут. Як і ў Гродне, былі вернуты гістарычныя назвы тым вуліцам, што перайменавалі ў 1866 г. Акрамя таго, камісія, якая ўтварылася пры магістраце, старанна пазбаўляла карту горада ад “расійскіх” назваў: Каломенскую (Свярдлова) перайменавалі ў Ігуменскую, Маскоўскую – Брэсцкую, Мікалаеўскую (Крапоткіна) – Беларускую. Адзіным адрозненнем мінскай урбананіміі ад гродзенскай у польскі перыяд існавання з’яўляецца мінімальная колькасць патранімічных назваў – толькі тром вуліцам Мінска былі нададзены прозвішчы людзей. Галоўная вуліца Захараўская (праспект Незалежнасці) атрымала імя Міцкевіча, Юраўская (зараз тэрыторыя Кастрычніцкай плошчы) – Рэйтана, Міхайлаўская (Камуністычная) – Чапскага [9;189-193].

Для польскага перыяду урбананіміцы Гродна і Мінска было характэрна імкненне пазбавіцца ад расійскага ўплыву і масавае ўжыванне канкрэтных патранімічных назваў. Яшчэ больш татальным выкарыстанне прозвішчаў у гарадской урбананіміі стала ў савецкі перыяд, які распачаўся ў Мінску ў 1922 г., а ў Гродне – пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны. Вуліцы атрымлівалі назвы ў гонар партыйных лідараў, герояў грамадзянскай вайны, савецкіх пісьменнікаў і паэтаў. Другая асаблівасць савецкага перыяду – выкарыстанне вулічных шыльдаў у якасці элементаў ідэалагічнай палітыкі, калі дзясяткі вуліц называліся ў гонар савецкіх святаў, арганізацый, падзей, а таксама найбольш яскравых тэрмінаў: Асавіяхімаўская, Камсамольская, Мопраўская, Савецкая, Сацыялістычная, Чырвонаармейская і г.д.

Нажаль, невядома, якой была ўрбананімічная сітуацыя ў Гродна ў час нацысцкай акупацыі (1941-1944). А вось у Мінску гэтаму пытанню акупанты надавалі шмат увагі: да восені 1942 г. адбылося 4 перайменавання гарадскіх вуліц, якія ўлічвалі і дапаўнялі адзін аднаго. Агулам было перайменавана 135 вуліц з “палітычнымі” назвамі, як называліся ўрбанонімы з савецкім зместам, ці названыя ў гонар рускіх паэтаў і пісьменнікаў[10;163-166].

Калі ў Гродне пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны савецкая ўрбананімічная традыцыя толькі пачала складвацца, то ў Мінску – працягнула сваё існаванне пасля невялікага перапынку. Ва ўрбананіміцы ўзніклі новыя тэндэнцыі: мемарыялізацыя Вялікай Айчыннай вайны і найменаванне вуліц у гонар рускіх паэтаў, пісьменнікаў, палкаводцаў [7]. І ў Мінску, і ў Гродне дзясяткі вуліц атрымалі імёны партызанаў і падпольшчыкаў, салдат і камандзіраў савецкай арміі: Ватуціна, Гастэлы, Даватара, Заслонава, Карбышава, Смірнова, і г.д.[4; 213-217] У гонар дзеячоў рускай гісторыі і культуры называлі новыя і перайменавалі старыя вуліцы Гродна і Мінска. Так з’явіліся на вулічных шыльдах прозвішчы Горкага, Дабралюбава, Кутузава, Лермантава, Мендзелеева, Разіна і г.д. Трэба заўважыць, што ў Гродне пасля вайны паўтарыліся ўсе вышэйназваныя асаблівасці савецкай урбананіміі, якія былі ў даваенны час у Мінску. Але і былі адрозненні, якія лёгка тлумачацца статусам гэтых гарадоў. Калі ў Гродне ў гонар дзеячоў беларускай культуры было названа толькі 5 вуліц – Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Пестрака і Цёткі, то ў Мінску, як сталіцы БССР, дзе было сканцэнтравана асноўнае культурнае жыццё, – значна болей. Блізкасць Гродна да ПНР тлумачыць іншую асаблівасць, уласцівую ў савецкі час для гэтага горада: наяўнасць вялікай колькасці вуліц, названых у гонар польскіх, як тады лічылася, дзеячоў.

Апошні, сучасны перыяд існавання урбананімікі Гродна і Мінска пачаўся ў 1990-я гады і амаль супадае з атрыманнем Беларуссю незалежнасці. Рэзка ўзрасла цікаўнасць грамадства да ўласнай гісторыі і культуры, пачалі гучаць прапановы па вяртанню гістарычных назваў вуліц. У Мінску з 1986 г. усе прапановы траплялі ў Камісію па перайменаваннях вуліц пры Мінгарвыканакаме. І ў 1987 г. былі вернуты назвы часткам Даўгінаўскага і Лагойскага трактаў, вуліцы Паўднёва-заходняя і Радзістаў перайменавалі ў гонар старых прадмесцяў адпаведна Козыраўскай і Залатой горкай, а частцы вуліцы Казлова вярнулі старажытнае імя – Даўгабродская. У 1993 г. вярнулі назвы 4 вуліцам гістарычнага цэнтра: Гарадскому валу (да гэтага Урыцкага), Раманаўскай слабадзе (Рэспубліканская), Ракаўскай (Астроўскага) і Кальварыйскай (Апанскага). Большасць вуліц у новых мікрараёнах атрымалі назвы ў гонар беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, вучоных: Буйніцкага, Ваньковіча, Гашкевіча, Дамейкі, Драздовіча, Каганца, Лучыны, Сыракомлі і інш.

Такія ж тэндэнцыі назіраліся і ў Гродна, дзе ў гістарычным цэнтры вуліца Кашавога зноў стала Вялікай Траецкай, 8 Сакавіка – Малой Траецкай, Энгельса – Гараднічанскай. Вуліцу Цэткін назвалі Дамініканскай, Новазамкавую – Давыда Гарадзенскага, Крупскай – Стафана Баторыя. Знайшлі сваё месца ў Гродне паэт Васілёк, заснавальнік заапарка Каханоўскі, пісьменнік Таўлай, археолаг Ядкоўскі.

Такім чынам, у сучасны перыяд развіцця ўрбананімікі Гродна і Мінска адбываецца паступовае ўпарадкаванне ўрбананімнай прасторы, у тым ліку вяртанне гістарычных назваў. Вельмі важна ў гэтым пазбягаць памылак, імкнуцца да шырокага абмеркавання не толькі ў справе вяртання старых назваў, але і пры найменаванні новых вуліц, бо вулічныя назвы з’яўляюцца неад’емнымі элементамі гарадской інфраструктуры і выконваюць арыенціровачную, выхаваўчую і эстэтычную функцыі.

Сацукевіч І.І.
сябра камісіі па перайменаванню вуліцаў Мінска,
супрацоўнік БДЭУ
г.Мінск


Літаратура і крыніцы:
1.    Аляксееў Л. Гродна і помнікі Панямоння. Мн., 1996.
2.    Гардзееў Ю. Да пытання фарміравання гродзенскай урбананімікі (канец Х – 30-я гады ХХ ст.)//З глыбі вякоў. Наш край. Гістарычна-культуралагічны зборнік. Выпуск 2. Мн., 2002.
3.    Гісторыя Мінска. Мн., 2006.
4.    Гродно. Историко-экономический очерк. Мн., 1988.
5.    Королевский город Гродно. Путеводитель. Мн., 2006.
6.    Мезенко А. Имя внутригородского объекта в истории. Об урбанонимах Беларуси ХІV – нач. ХХ в. Мн., 2003.
7.    Минск. Энциклопедический справочник. Мн., 1983.
8.    Сацукевіч І. Адлюстраванне канфесійнага жыцця ў назвах вуліц Мінска ХІХ – пачатку ХХ ст.//Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць. Брэст, 2005.
9.    Сацукевіч І. Перайменаванне вуліц Мінска ў час савецка-польскай вайны 1919 – 1920 гг.//Стратегическое планирование и управление развитием городов. Мн., 2004.
10.    Сацукевіч І. Перайменаванне вуліц Мінска як састаўная частка германскай акупацыйнай палітыкі ў Беларусі (1941 - 1944). // Актуальные проблемы германской истории, политики, экономики, культуры. Брэст, 2003.

Scroll to top