Игорь Трусов, Православные храмы Гродно (краткий очерк истории), Минск-Гродно, 2008, 100 с.

Рэцэнзуемая кніга вядомага гарадзенскага гісторыка Ігара Трусава з’яўляецца падсумаваннем яго шматгадовых даследаванняў у галіне горадабудаўнічай спадчыны Гародні.

Дзеля дакладнасці, трэба заўважыць, што дадзеная публікацыя прысвечана гісторыі праваслаўных цэркваў горада. Не залішне было б таксама падкрэсліць, што працы падобнага фармата не з’яўляюцца на кніжным рынку часта, а таму яе можна аднесці да ліку чарговых гістaрыяграфічных здабыткаў.

Як адзначае Аўтар, кніга не прэтэндуе на вычарпальнае асвятленне гісторыі праваслаўных храмаў, іх архітэктурна-мастацкіх асаблівасцей. У ёй знайшлі адлюстраванне ранейшыя распрацоўкі, а таксама даступныя дакументальныя і графічныя матэрыялы.

У прынцыпе цяжка вызначыць характар кнігі. Магчыма таму на першы погляд яна можа пакінуць ўражанні папулярнага нарыса. Тэкст напісаны даступнай мовай, а публікацыю дадаткова ўзбагачае ілюстрацыйны блок. Тым часам менавіта выкарыстанне архіўных і картаграфічных крыніц са збораў Гародні, Санкт-Пецярбурга, Масквы ды Дрэздэна адназначна прыўносіць новую якасць публікацыі.

Кніга складаецца з прадмовы, двух раздзелаў і заключэння. Ва ўступе Ігар Трусаў робіць спробу сціслага, ёмістага апісання гісторыі дзевяці стагоддзяў праваслаўных храмаў горада. Праўда, квінтэсэнцыя ўступнай часткі кнігі ў нечым нагадвае канфесійную дыскусію і адгалоскі адвечнай празелітысцкай спрэчкі, чаго можна было б пазбегнуць. Першы раздзел распавядае пра страчаныя праваслаўныя культавыя аб’екты, у другім – гаворка ідзе пра захаваныя храмы горада.

Паспрабуем правесці аналіз зместу кнігі ў сукупнасці з метадалагічнымі палажэннямі, на якія Аўтар абапірае свае разважанні. Як вядома, кожнае даследаванне праводзіцца на падставе выкарыстання літаратуры, якая з’явілася раней, а таксама новых крыніц і, што істотна, інтэрпрэтацыі ўсіх згаданых матэрыялаў.

У гарадскіх даследаваннях асаблівая ўвага надаецца пытанню часу ўзнікнення горада. Можна сцвердзіць, што яго актуальнасць будзе хваляваць навукоўцаў яшчэ не адзін дзесятак год. У першым абзацы кнігі (с. 3) Аўтар выказвае думку, што заснаванне горада адбылося ў канцы 11 ст. Пытанне пошукаў храналагічнага пункту адліку гісторыі горада ў навуцы ўзнімаецца з 50-х гадоў 20 ст. Абапіраючыся на вынікі раскопак, Фрыда Гурэвіч аднесла час узнікнення паселішча да мяжы 10-11 стагоддзяў. Даследаванні, праведзеныя ў 80-х гадах 20 ст., спрычыніліся да запаўнення інфармацыйнай прорвы, дадаткова аргументуючы гэты тэзіс. На тэрыторыі Старога замка і Каложы Алегам Трусавым, Яраславам Звяруга былі знойдзены рэшткі бытавой керамікі 11 ст. Адзінадцатым стагоддзем датуецца засяленне вакольнага горада, тэрыторыі на ўсход ад дзядзінца ды Падол, што цягнуўся ў паўднёва-усходнім кірунку, уздоўж Нёмана1. Разам з тым, Аўтар абмінае ўвагай дадзеныя, уведзеныя раней у науковы абарот.

Звярнем увагу на найбольш цікавыя і спрэчныя моманты рэцэнзуемай кнігі. Неабходна падкрэсліць, што ўжо першыя прыклады сведчаць аб удалым спалучэнні апавядальнай плыні з ілюстрацыйным матэрыялам. Напрыклад, аналізуючы гісторыю Ніжняй царквы, Трусаў згадвае пра час яе ўзнікнення, функцыянальны характар, высоўвае цікавую гіпотэзу пра яе асвячэнне ў гонар св. Сімяёна. Пры чым яе абгрунтаванне не вынікае з домыслаў ці суб’ектыўнага жадання зрабіць чарговае “адкрыццё”. Сваё дапушчэнне Аўтар абгрунтоўвае на матэрыялах раскопак. Не проста апісвае працэс археалагічных пошукаў і здабыткаў, аналізуе архітэктурна-мастацкія асаблівасці храма, а максімальна ілюструе расповед знойдзенымі артэфактамі ці рэканструкцыяй плана царквы, яе фасада ці падлогі, фотаздымкамі сучаснага стану захавання аб’екта. Такім чынам, стварае комплексны вобраз гісторыі Ніжняй царквы, залішне інфармацыйна не перагружаючы тэкст.

Аналізуючы гістарыяграфічную дыскусію пра час узвядзення “спадкаемцы” Ніжняй царквы - Верхняй, Аўтар пагаджаецца з высунутым у 90-х гадах 20 ст. дапушчэннем пра ўзведзенне храма гарадзенскім кашталянам Давыдам у першай палове 14 ст.2

Нельга пагадзіцца з Трусавым, які адмаўляе факт знішчэння Васкрасенскай царквы расійскімі войскамі (с. 16), хаця гэта – гістарычны факт, які абапіраецца на рукапісных матэрыялах, а прапануе сваю версію падзей аб разбурэнні царквы шведскімі войскамі ў 1657-1661 гг.

Па-першае, апошняя гіпотэза малаверагодна. Аўтар не прыводзіць аніякіх архіўных пацверджанняў. Зрэшты, трэба заўважыць, што шведы ў згаданых гадах у Гародню “не завіталі”3. А вось матэрыялы, якія захоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы выразна сведчаць аб тым, што „непрыяцель маскоўскі” вывез царкоўныя дакументы, літургічныя начынні ды званы, забіваючы святароў Стэфана Лацэвіча, Якуба Парфяновіча і Яна Бароўскага4.

Сумненне аўтара кнігі выклікае тэзіс пра існаванне Малой царквы ў 12 ст. Сваю думку аргументуе пашкоджаннем культурнага слоя ў 1793 г. падчас будавання каралеўскіх стайняў ды ў час земляных работ 2007 г. У дадзеным выпадку можна было б пагадзіцца з Ігарам Трусавым, калі б не адно “але”. Раскопкі, праведзеныя Алесем Краўцэвічам у 1987 г. на гэтай тэрыторыі паказваюць на слаі 12 ст. Гэта з’яўляецца ўскосным аргументам на карысць дапушчэння аб існаванні Малой царквы ў раёне пажарнага дэпо і каланчы на мысе, насупраць Старога замка.

Надзвычай малалікія, лаканічныя згадкі захаваліся пра Траецкую царкву. Яны, на жаль, не даюць аніякіх падстаў вызначэння лакалізацыі храма ў гарадской прасторы. Нягледзячы на гэта, аўтар рэанімуе міф, створаны ў часы Расійскай імперыі і прытрымліваецца думкі аб яе лакалізацыі на вуліцы Траецкай.

Не адкідваючы факту існавання ў Гародні праваслаўнай Траецкай царквы, месцазнаходжанне якой патрабуе высвятлення, нельга не заўважыць, што аўтар кнігі абыходзіць увагай крыніцы мяжы 15-16 стст. Апошнія ж сведчаць аб тым, што на сучаснай вуліцы Траецкай існавала не праваслаўная царква, а каталіцкі касцёл кляштара аўгусцінцаў. Упершыню кляштар згадваецца ў 1494 г.5 У прывілеі вялікага князя Аляксандра Фарнаму касцёлу, выступае вуліца, што ішла да „касцёла кляштара Св. Тройцы” („ec(c)lesiam claustralem sancte Trinitatis”)6. Існаванне аўгусцінскага кляштара ў горадзе даводзіць прывілей, атрыманы „прыёрам св. Тройцы” ў 1499 г.7, а таксама іншыя крыніцы8.

Амаль што трэцюю частку кнігі займае расповед пра Каложскую Барысаглебскую царкву. У пэўнай ступені засяроджанне ўвагі на адзін з найбольш старажытных помінікаў Гародні можна палічыць заканамерным. Не выклікае сумнення той факт, што атрымаць вычарпальнае асвятленне ўсіх пытаннях яе гісторыі не прадстаўляецца магчымым. Гэта пакідае магчымасць для гіпатэтычнасці выказванняў.

Можна пагадзіцца з Ігарам Трусавым ў тым, што арцель Пятра Міланега мела неблагі будаўнічы досвед і ўяўленні аб аптымальным выбары месца будоўлі. У сувязі з гэтым насоўваецца пытанне ці такім зручным месцам мог быць бераг ракі? Можа таму напэўна арцель... не ўзвяла царкву на стромым беразе Нёмана? Ці інакш кажучы, берагавая лінія ракі была высунута значна на поўдзень. На такое дапушчэнне дазваляе аналіз іканагарфічных крыніц - гравюр 16 ст. ды планаў 18 ст. і пазнейшых малюнкаў Міхала Кулешы і Напалеона Орды. Як можна меркаваць, супастаўленне месцазнаходжання царквы, яе “перасоўванне” у бок рачной лініі дае агульныя ўяўленні аб эвалюцыі форм даўняга ландшафта і гідрагафічнай сеткі, у тым перамяшчэнні рэчышча ракі, якая ў 18 ст. пачала насоўвацца на берагавыя тэрасы9.

Нельга не звярнуць увагу на ўдалую спробу заглыблення ў свет сярэднявечных будаўнічых тэхналогій. Аўтар не проста харакатарызуе архітэктурна-мастацкія асаблівасці царквы, але закранае пытанне вытворчага працэсу цэглы, рошчыны ці маёлікавай пліткі. Не з усімі яго палажэннямі можна пагадзіцца. Напрыклад, з тым, што цэглу выраблялі сяляне. Гэтым займаліся рамеснікі, якім і прыналежалі прыватнаўласніцкія знакі на цэглах.

Недастаткова абгрунтавым можна палічыць тэзіс пра генетычную повязь дэкору фасада царквы са старажытнаславянскімі мастацкімі традыцыямі вышыўкі і ткацтва (с. 51). Аўтар не прыводзіць аніводнага пацверджання сваёй гіпотэзы. Па гэтай прычыне нельга адкінуць магчымасці ўплываў архітэктурнага мастацтва Балканаў, якое характарызавалася прастатой аздаблення фасадаў, іх упрыгожання цаглянай муроўкай ці маёлікавымі пліткамі.

Трусаў прапануе сваю версію паходжання слова „Каложа”, адкідаючы версію яе вывядзення ад прадмесця Пскова. На думку гісторыка назва звязана з урочышчам, у якім білі крыніцы ці адбываліся пахаванні. Можна меркаваць, што і гэта гіпотэза заслугуе на дадатковае абгрунтаванне.

Аўтар адносіць з’яўленне ў царкве іконы Каложскай Маці Божай на канец 17 ст. Прычым спасылаецца на выразана састрэлую публікацыю Яўстафія Арлоўскага ў 1910 г. (с. 53). Нельга з дакладнасцю сцвердзіць, калі ў царкве ікона з’явілася. Яе культ датуецца пачаткамі 17 ст.10

Безумоўна, адным з найбольш каштоўных фрагментаў кнігі можна палічыць новыя графічныя крыніцы, адкрытыя Ігарам Трусавым у піцерскіх архіўных сховішчах. Гэта абмеры 1852 г., аналіз трох апоўзняў 1853, 1864, 1889 гг. ці праекты рэканструкцыі царквы.

Пераходзячы да падсумавання, хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адну немалаістотную дробязь. Даволі часта Аўтар спасылаецца на свае, на жаль, незаўсёды апублікаваныя вынікі рэстаўрацыйных даследаванняў. Па гэтай прычыне цяжка азнаёміцца з крыніцамі яго працы, а таксама зразумець высновы, якія успрымаюцца чытачом як безапеляцыйныя сцвярджанні.

У той жа час не выклікае пярэчанняў той факт, што недахоп крыніц не мог не прычыніцца да гіпатэтычнасці разважанняў Аўтара. Аднак можна канстатаваць, што Ігар Трусаў абапіраецца на шматгадовым досведзе правядзення архіўных пошукаў, у выніку спалучэння якога з метадамі даследавання, яго гіпотэзы не маюць формы пагоні за таннымі сенсацыямі, а цікавымі дапушчэннямі, якія заслугоўваюць на дадатковы разбор.

Кнігу Ігара Трусава без усялякага сумнення належыць аднесці да спробы комплекснага агляду гісторыі праваслаўнага культавага будаўніцтва Гародні, якая можа надаць штуршок далейшым даследаванням у згаданай галіне.

Юры Гардзееў


1 Ф. Гуревич, Из истории раннего Гродна, „Советская археология”, т. XV, 1951, с. 93; Я. Зверуго, Верхнее Понеманье в IX-XIII вв., Минск 1989, с. 65; А А. Трусаў, В. Собаль, Н. Здановіч, Стары Замак у Гродне XI-XVIII ст.ст., Мінск 1993, с. 44-45; А. Краўцэвіч, Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст. (планіроўка, культурны слой), Мінск 1991, с. 70.
2 А. Кушнярэвіч, Культавае дойлідства Беларусі XIII - XVI стст., Мінск, 1995, с. 24-27; Ю. Гардзееў, Планіроўка Гродна ў другой палове 13 - пачатку 15 стст. // Гістарычны альманах, Гродна, 1998, № 1, c. 24.
3 А. Катлярчук, Кейданская унія 1655 г. паміж вялікім княствам Літоўскім і Швецыяй і шляхта Гарадзенскага павета // Гарадзенскі палімпсест. XII-XX стст., Горадня-Беласток 2008, с. 44, 46.
4 Аддзел Рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы, F 43-8163 арк. 2.
5 J. Kurczewski, Biskupstwo wileńskie, Wilno, 1912, s. 253; M. Gozdawa, Augustianie w Brześciu Litewskim // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie, t. III, Wilno, 1910, s. 95.
6 Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej, t. 1, z. 1, Kraków, 1932, s. 474.
7 Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства Юстиции, кн. 21, Москва, 1915, с. 58.
8 Maеricularum regni poloniae summaria, p. IV, v. 2, Warszawa, 1912, s. 261; І. Бобер, Ліст падкаморага гарадзенскага Грыгорыя Масальскага насельніцтву Гарадзенскага павета аб правілах склікання коп і прызначэнні месцаў капавішчаў // Архіварыус, Мінск 2001, с. 72-76.
9 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-Гістарычны Архіў, Ф. 846 воп. 16 спр. 1466.
10 P. Chomik, Kult ikon Matki Bożej w Wielkim Księstwie Litewskim w XVI-XVIII wieku, Białystok, 2003, s. 107.

Scroll to top