Сёння гарадзенскі Стары Замак выглядае мягка кажучы не надта прывабна: аблупленыя і патрэсканыя сцены, паламаны шыфер на даху, рэшткі муроў часоў Вітаўта, якія развальваюцца на вачох. Ды і сам Замак устае перад нашымі вачыма далёка не ў такім выглядзе, як ён існаваў у XV ці XVI–XVII стагоддзях.
Цяперашні Стары Замак – ранейшая слава Горадні – мае такі выгляд, які ён набыў у XVIII–XIX стагоддзях, калі ён быў спалены маскоўскім войскам у 1655 годзе, а пасля ў XIX ст. рускія афіцэры мелі ў ім свой клуб.
Апошнім часам у прэсу пачалі прасочвацца звесткі аб плануемым на 2007 ці 2008 год зачыненні Старога Замка на рэканструкцыю. Што ж, справа добрая і даўно плануемая. Паглядзім на яе перадгісторыю.
Рэстаўрацыя Старога Замка была запланавана яшчэ ў часы Юзафа Ядкоўскага. Існавала некалькі праектаў аднаўлення яго гістарычнага аблічча, праўда, як на сучасны пагляд, даволі дылетантскіх. Але справа ішла. Наведвальнікам нават прапаноўвалі набыць разам з білетам паперку з выявай абноўленага замка “замест цаглінкі на адбудову”. І здаецца, каб не Другая сусветная, праект быў бы такі рэалізаваны.
У савецкі час грунтоўных праектаў аднаўлення замку не рабілі, праўда яшчэ ў 1950-х ажыццявілі яго капітальны рамонт, на сённяшні дзень апошні.
У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, здавалася, справа зрушылася з месца. Не гледзячы на фінансавыя цяжкасці і эканамічны крызіс, улада знайшла сродкі для распрацоўкі праекта рэстаўрацыі Старога Замка. Былі праведзеныя грунтоўныя даследаванні з удзелам археолагаў і архітэктараў. Сведчаннем таму з’яўляецца выдадзеная ў 1993 годзе калектыўная манаграфія “Стары Замак ў Гродне”, а таксама цудоўны макет абноўленага замка, зроблены архітэктарам Бачковым. Аднаўляць замак планавалася наступным чынам: палову (разам з дзвюма вежамі і галоўным будынкам) у выглядзе палаца Стэфана Баторага (паводле гравюры Т.Макоўскага 1600 года), другую палову на XII–XIII ст.ст. з драўлянымі сценамі і адноўленай Ніжняй царквой. Паміж гэтымі часткамі планавалася пабудаваць шкляную сцяну ў некалькі паверхаў, дзе мусіла размесціцца археалагічная экспазіцыя. Пасля ад ідэі адбудовы Ніжняй царквы адмовіліся, таксама як і ад ідэі шкляной сцяны. Але галоўная кампазіцыя засталася. Прапануем наведвальнікам сайта эскізы аднаўлення Старога Замка па праекту архітэктара Бачкова, прадастаўленыя старым гарадзенскім краязнаўцам, у канцы 1980-х, намеснікам старшыні гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандрам Мілінкевічам.
Няма сумневу, што ў выпадку рэалізацыі рэканструкцыі ў такім выглядзе наш Замак пераўтварыўся бы ў сваеасаблівы беларускі Вавель і прыцягнуў бы ў Горадню мора турыстаў з замежжа і з Беларусі.
Ці хочуць зрабіць нешта падобнае сённяшнія гарадзенскія горадабудаўнікі? На гэтае пытанне можна адказаць адназначна – НЕ. Хутчэй за ўсё шматабяцаная “рэканструкцыя” Старога Замка (калі яна ўвогуле здзейсніцца) звядзецца да пакрыцця даху металадахоўкай і абмазвання сценаў знакамітай “Снежкай” (так як і ў выпадку з замкавым мостам), на тэрыторыі Замка спілуюць усе дрэвы і ўсю яе выкладуць добра нам вядомай плітачкай. А пасля яшчэ і скажуць: “Вось мы падрыхтавалі Стары Замак да сапраўднай рэканструкцыі”, так, як гавораць зараз некаторыя блізкія да ўладаў асобы ў дачыненні да спаскуджанай Савецкай плошчы. У колькі абыдзецца гэтая падрыхтоўка падаткаплацельшчыкам можна толькі здагадвацца і ці выратуе гэта замак ад далейшага маруднага разбурэння, пакажа час. Цікава таксама, КАГО гэта так чакаюць гарадзенскія чыноўнікі і ХТО нарэшце павінен заняцца аднаўленнем Замка, Плошчы, Фары Вітаўта і ўсяго нашага гістарычнага цэнтру. Будзем спадзявацца, што дачакаюцца, толькі ці ўседзяць яны тады на сваіх месцах?
Усім гарадзенцам і ўвогуле беларусам жадаем ў Новым годзе прыемных (і толькі прыемных) нечаканасцей.
|
Гарадзенскі Стары Замак на гравюры Т.Макоўскага, 1600 год
|
|
|
Стары Замак у Горадні, від з усходу. Мал. арх. Бачкова
|
|
|
Стары Замак у Горадні, від з поўдня. Мал. арх. Бачкова
|
|
|
Стары Замак у Горадні, від з захаду. Мал. арх. Бачкова
|
|
|
Стары Замак у Горадні, від з поўначы. Мал. арх. Бачкова
|
|
|
Стары Замак у Горадні. Эскіз арх. Бачкова
|
|
|
Абноўлены замак. Макет арх. Бачкова
|
|
|
Абноўлены замак. Макет арх. Бачкова
|
|
|
Абноўлены замак. Макет арх. Бачкова
|
|
-
-
Апублікавана 30 Снежань 2006