Апошнія гады парадавалі гродзенскіх краязнаўцаў выхадам ў Свет двух прац: дойліда Юрыя Нікадзімавіча Кішыка “Горадабудаўнічая культура Гродна” і гісторыка Юрыя Гардзеева “Магдэбургская Гародня”. Архітэктар прапанаваў нязвыклыя метады па вывучэнню гісторыі развіцця структуры нашага горада.

Да Ю. Кішыка ніхто так не аналізаваў уплыў рэльефа на сетку вуліц і не задумваўся над граніцамі прыватных уладанняў як крыніцай інфармацыі па перыметру абарончых збудаванняў. Ю. Гардзееў вельмі стройна і кампактна падсумаваў архіўныя дадзеныя і папярэднія даследванні старажытнай структуры Гродна.

2008 год паказаў нам багаты спектр метадаў даследвання працэсаў урбаністыкі Да гэтай даты горадабудаўнічая гісторыя Гродна была “манапалізіравана” гісторыкамі. Іх “гуманітарны” погляд на жыццё прывёў працэс вывучэння аб’екта да крызіса. Метады гісторыкаў зводзяцца фактычна да аднаго: архіўнага пошуку, упарадкавання і эмпірычнага пералічэння апісаных у дакументах фактаў амаль без аналізу. Дакументы па сярэднявечнай гісторыі Гродна збольшага страчаны, новыя адкрыцці ў архівах вялікая рэдкасць, ды і паказаць форму, тапагафію словамі судовых, маёмасных і хранікальных дакументаў не вельмі атрымліваецца – мэты ў іх іншыя. Археалагічныя раскопкі дарагія і фрагментарныя, да таго ж у нашым горадзе фактычна зусім не праводзяцца. Да вывучэння горада як камунальнай сістэмы прыдатны карты, схемы, малюнкі, фота. Але дакладныя і шматлікія дакументы такога роду маюцца толькі апошніх двух стагоддзяў. Планіроўка Гродна да “Патопа” сярэдзіны XVII ст. да сёння з’яўляецца вялікай таямніцай. Вядома толькі два прыдатных графічных дакумента да XVII стагоддзя: гравюры Цюндта 1568 г. і Макоўскага 1600 г..
Даследчыкамі гуманітарыямі старажытныя гравюры успрымаюцца як “карцінкі”, дзе дакладнасць мастака абмяжоўваецца толькі асобнымі архітэктурнымі аб’ектамі, таму асобна апісваюць царкву-ратонду без дакладнай лакалізацыі, ратушу – дзесці на рынку… Нават тыя даследчыкі, якія успрымалі работы Макоўскага і Цюндта як больш-менш дакладныя геаграфічныя сістэмы, не валодалі землямернымі тэхналогіямі, а карысталіся толькі сваім вокамерам, таму баяліся рабіць высновы па дакладнай лакалізацыі аб’ектаў і проста ігнаравалі цэлы шэраг дамінант нанесеных на гравюры. Аўтар, былы настаўнік геаграфіі і турыст са стажам, незадаволены вынікамі даследвання вышэй адзначаных чатырох дакументаў, прапануе свой негуманітарны метад і вынікі даследвання па ім.

Апісанне метада. Уявіце сабе, мастак-картограф з планшэтам знаходзіцца на нейкай кропцы агляду і з натуры занатоўвае (робіць эскіз) той краявід, які бачыць. Што так было ў выпадку з даследванымі працамі Цюндта і Макоўскага, мы можам пераканацца адразу на свае вочы, заўважыўшы вялікае падабенства малюнкаў з натурай, (калі б гэтыя гравюры ствараліся проста як ілюстрацыі, не выходзячы з майстэрні, то мелі бы падабенства да рысунка Бадэнера, на якім пейзаж не мае нічога агульнага з аўтэнтычным). Давайце прымем, што майстэрства мастакоў было настолькі высокім, што можна прыняць дапушчэнне №1: мастакі на гравюрах намалявалі дамінанты з фатаграфічнай дакладнасцю іх размяшчэння ў прасторы. Адзначым, што такога кшталту падыходы ужо хоць бы часткова прасочваюцца ў некаторых даследчыкаў-архітэктараў.

Кожны турыст-спарцмен ведае, што такое азімут. Ён прыдатны для арыентацыі на мясцовасці, пракладкі маршрутаў, а ўсё з-за таго, што вугал паміж двумя накірункамі застаецца аднолькавым на мясцовасці перад гледачом і на вертыкальнай праекцыі гэтай мясцовасці, якую мы называем мапай. Прасцей, мы маем карту той мясцовасці, на якой знаходзімся, на гэтай схеме дакладна адзначылі кропку на якой стаім і ў далечыні бачым знаёмы нам аб’ект, адзначаны на карце (звычайна замест знанага аб’екта бярэцца базавы накірунак – поўнач). З дапамогай транспарціра і компаса, з вышэй адзначанымі дадзенымі, мы можам вымераць вуглы да любога аб’екта нашага кругагляда, нанесці на карту дакладныя накірункі і, калі аб’екты нанесены на карту, адказаць на пытанні, які гэта аб’ект і якая да яго адлегласць. Усё лёгка, са старажытнымі гравюрамі нашмат складаней: па-першае нам трэба лакалізаваць аб’екты, якія не нанесены на карты, а па-другое, мы не маем дакладнай лакалізацыі кропкі агляда пейзажа на гравюрах. Зыходную кропку можна знайсці, параўноўваючы прапорцыі двух вуглоў, для гэтага патрэбна мінімум тры аб’екта на гравюры, месца каторых дакладна вядома ў рэчаіснасці. Цяпер шляхам складаных матэматычных вылічэнняў (апісваць іх не буду, бо ў рэчаіснасці карыстаўся іншым спосабам, шляхам падбора пры мностве вымярэнняў аптымальнага выніка), знаходзім лінію на каторай прапорцыі паміж двума вугламі заўсёды застаюцца аднолькавымі. У нас ёсць лінія, а нам патрэбна кропка. Аналізуючы рэльеф на гравюрах і ў рэчаіснасці зробім дапушчэнне №2: кропка агляду аўтараў гравюр пры рабоце над эскізам была на адлегласці трох метраў ад схіла верхняга плато левага берага Нёмана.

Для пачатку даследванне ў нас ёсць усё неабходнае: сканаваная электронныя копіі гравюр Цюндта і Макоўскага, дакладны план цэнтральнай часткі Гродна з абрысамі будынкаў, межамі уладанняў і рэльефам 30-х гадоў ХХ ст., у маштабе, ў адным міліметры - адзін метр, цыркуль, транспарцір, лінейкі, алоўкі, ласцік.

Дакладныя неабходныя для даследвання тры кропкі ёсць толькі на гравюры Макоўскага.

Дакладных арыентыраў на малюнку цэлых пяць. Таму для пошука кропкі агляда краявіда Макоўскім абярэм тры найбольш адназначных аб’екта, а астатніх два пакінем для праверкі.
- паўднёва-усходні кут брамнай вежы старога замка,
- цэнтр вежы Фарнага касцёла (Фары Вітаўта, адшуканы пад час раскопак у пачатку 1990-х гг.),
- усходні бок абсіды бернардынскага касцёла (зараз храм выглядае не так як на гравюры, ён шмат разоў перабудоўваўся, таму за арыентыр была ўзята самая некранутая частка – апсіда),
для праверкі
- паўночна-усходні бок Каложскай царквы,
- паўднёва-усходні бок Прачысценскай царквы, раскапанай Ігарам Чарняўскім у пачатку 1980-х гг. На гравюры красуецца дамінанта з шатровым завяршэннем, не факт што гэта не пазнейшая прыбудова, таму дакладней узяць кут апсіды.

Лакалізацыя кропкі агляда для гравюры Макоўскага. У нас ужо ёсць лінія на якой знаходзіцца кропка, лінія прынятая за аксіому: тры метра ад схіла верхняга плато левага берага Нёмана. Шэрагам ліній якія праходзяць праз две кропкі скарачаем магчымы адрэзак на гэтай лініі да 60 метраў. Каложская царква – мяркуемая апора маста на левым беразе, Прачысцінская царква – мяркуемая апора маста на правым беразе. Шэрагам пробных вымярэнняў (іх было чатыры, шукаліся дакладныя суадносіны двух вуглоў) скарачаўся вызначаны адрэзак да сапраўднай кропкі агляду, з якой у 1600 годзе адкрываўся пейзаж ідэнтычны гравюры Макоўскага. Кропка была праверана двумя кантрольнымі накірункамі якія дакладна супалі з аб’ектамі. На плане, які мы выкарыстоўваем, гэта копка знаходзіцца ў 45 метрах на захад ад паўночна-заходняга кута занёманскай сінагогі, альбо па сучасных арыенцірах – 15 метраў на усход ад кута верхняга плато над помнікам Гарнавых.

Далей былі пабудаваны вектары на плане вялікага маштаба накіраваныя на аб’екты, якія былі адзначаны для лакалізацыі і фігуруюць на гравюры. Спіс аб’ектаў для лакалізацыі:
1. дамінанта з шатровым завяршэннем на тэрыторыі Саборнай царквы,
2. квадратная вежа за Саборнай царквой,
3. круглая вежа за Саборнай царквой,
4. вежа на маставой,
5. вежа ратушы,
6. царква-ратонда на Падоле,
7. дальняя вежа, з права ад бернардынаў,
8. самая правая дальняя вежа.

Лакалізацыя кропкі агляда для гравюры Цюндта. Зачапіцца на гравюры Цюндта, фактычна, няма за што: апроч Каложы і замка няма дакладных аб’ектаў, але няўзброеным вокам бачна, што Барыса-Глебская царква нарысавана “не на сваім месцы”, значыць іншыя дамінанты таксама могуць “танчыць”. Усё такі Цюндта варта праверыць, таму ў якасці апорных трох кропак былі ўзяты дадзеныя з даследвання гравюры Макоўскага: паўночна-усходні бок Прачысценскай царквы (рэальная кропка), царква-ратонда на Падоле (месца ўзята ў Макоўскага), паўднёва-заходні кут “Баторыеўкі”(у Цюндта ярка бачны арыенцір, вежу ратушы хацелася б праверыць). На аснове гэтых трох кропак знойдзена “база” Цюндта, яна толькі на 65 метраў на усход ад кропкі Макоўскага і супадае з паўночна-усходнім кутом занёманскай сінагогі. Пры пабудове вектараў выявы ні Старога ні ніжняга замкаў не супадаюць з месцам іх рэальнага знаходжання, што даказвае – з вышэй адзначанага месца гравюра Цюнта дакладная толькі з правага боку ад вертыкальнай рысы праведзенай праз шпіль вежы на мосце (вежа настолькі вялікая, што думаецца – зроблена такой, каб злучыць два асобных малюнка) – такая, вось, карэкцыя дапушчэння № 1. На гравюры Цюндта есць цэлы шэраг дамінант каторыя не праглядаюцца на працы Макоўскага. Менавіта іх і хацелась бы лакалізаваць.
9. дальняя царква з візантыйскім купалам злева ад Прачысцінскай,
10. вежа з брамай перад Прачысцінскай,
11. вежа побач з драўлянай Фарай Вітаўта,
12. ратонда побач з Фарай,
13. стайні на бернардынскай гары,
14. малая ратонда на падоле,

Лакаліацыя архітэктурных дамінант на гравюрах. Пры вывучэнні памераў Саборнай царквы, спачатку прыйшлося зафіксаваць месца знаходжання апсіды царквы на рысунку Макоўскага, якая на гравюры хаваецца за забудовай. Былі параўнаны памеры шатровага завяршэння сабора на двух рысунках і прапарцыянальна памерам зафіксавана кропка края апсіды на гравюры Макоўскага. Пры пабудове вектара на заходні край шатровага завяршэння сабора, атрымалася, што Саборная царква на 25 метраў даўжэйшая за прыняты навукоўцамі паўднёва-заходні фасад Прачысціенскай царквы (які не быў знойдзены археолагамі), і менавіта гэты аб’ём накрыты шатром.

Падобную шатровую канструкцыю можна бачыць на выяве Барыса-Глебскай царквы работы Адэльгаўзера. Для прапісання высноў важна таксама адзначыць, што на рысунку Адэльгаўзера ясна бачна апсіда Прачысценскай царквы, якая вельмі адрозніваецца ад сцен Сабора сваёй фактурай і формай вокнаў. З гэтых пунктаў можна зрабіць высновы: альбо да Прачысценскай царквы быў дабудаваны драўляны аб’ём з шатровым завяршэннем (але супраць гэтай гіпотэзы выступае паніжэнне рэльефа у гэтым месцы і вугал паварота да гледача на гравюрах шатрова дамінанты), альбо побач з руінамі Прачысценскай царквы быў пабудаваны новы драўляны Саборны храм.

З іншымі храмамі адлюстраванымі на гравюрах лягчэй. Адназначна фіксуецца месца знаходжання малой “папоўскай” царквы Васкрасенскай юрыздыкі, тэрыторыя да гэтага часу не забудавана, па ёй зараз праходзіць паварот Вялікая Траецкая – Давыда Гарадзенскага і вельмі вялікія шанцы, што падмуркі гэтага храма таксама добра захаваліся. Як і парэшткі ўласна Васкрасенскай царквы, якая добра праглядаецца на рысунку Адэльгаўзера, якраз там дзе яна апісана ў інвентары 1653 года.
На гавюры Адэльгаўзера за Фарай Вітаўта ясна праглядаецца яшчэ адна дамінанта, гэта так званая Сімяонаўская царква–ратонда. Яе месца таксама вызначаецца досыць проста, гэта там дзе да вайны стаяў палац Сапегаў, а цяпер праходзіць пачатак вуліцы Кастрычніцкай, паўночна-заходні кут Рынка.

На вывучаемых гравюрах, у раёне Падола фіксіруецца адразу тры царквы–ратонды. І тут варта паразмаўляць аб перапланіроўцы вулічнай сетцы Падола, якая адбылася пасля падзей 1650-х гг. Вуліцу Маставую (у канфігурацыі той, якую мы зараз ведаем) мы не бачым ні на рысунках Адэльгаўзера, ні на гравюры Макоўскага, на іх праглядаецца толькі адзін шлях які злучаў верхняе і ніжняе плато горада – па яры паміж сучаснымі Новым Замкам і Драматычным тэатрам, таму магістральная вуліца на Падоле цягнулася без разрываў паралельна Нёману ад замкаў да края горада. Сучасныя вуліцы Рабочая і Падольная мелі непасрэднае злучэнне, таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што месца размяшчэння цэркваў – ратондаў не пераходзіць гэтую рысу на поўнач, рэшткі двух з трох можна знайсці ў двары былога тонкасуконнага камбіната, яшчэ адна круглая капліца схавалася ў скверы “Дружбы народаў”, на раздарожжы сучасных вуліц Падольнай і Маставой.

Адназначна фіксуецца месца знаходжанне ратушы – на усход ад былых гандлёвых радоў, якія існавалі ў 1809-1946 гг. Цяпер яе паўночна-ўсходні кут знаходзіцца прыкладна ў 10-15 метрах на захад ад паўночна-заходняга кута будынка, які зараз прынята называць “баторыеўскай”. На гэта паказваюць не толькі вектары пабудаваныя ў працэсе даследвання, але і становішча аб’екта ў сістэме суседніх пабудоў адлюстраваных на гравюрах. Ускосна на месца ратушы указвае і археалагічны нагляд пад час рэканструкцыі Савецкай плошчы некалькі год таму.

Адназначна, параўнаннем вымярэнняў двух гравюраў бурыцца міф, што бернардынскі храм быў пабудаваны на месцы былых каралеўскіх стайняў (гэта былы б дарагім задавальненнем як для ордэна так і для караля, стайні ў храмы навучыліся перарабляць толькі у ХХІ стагоддзі). Стайні месціліся на пляцы сучаснай школы-ліцэя №1, досыць далёка ад касцёла, таму і не умясціліся ў рамкі гравюры Макоўскага. Стайні асобна ад будынку манастыра добра відаць на плане ў кнізе В. Кудрашова.

Прынята за дакладнае і аўтарытэтнае меркаванне, што сярэднявечны Гродна ня меў вакол сябе мураваных умацаванняў, што мурамі і вежамі быў акружаны толькі Верхні замак, а горад абыходзіўся лініяй абароны невядомай прыроды і кшталта. Досыць дзіўна выглядае сітуацыя, калі б горад не меў бы капітальных абарончых збудаванняў, якраз у тым месцы дзе яны за асаблівасцяў рэльефа як нідзе болей сапраўды былі патрэбныя. На планах Гродна 1655 і 1706 года, на панарамных фатаздымках пачатку ХХ ст., нават, на базавым плане 1932 года ужо як падмуркі будынкаў пазнейшага часу, бачны мураваныя сцены і вежы, якія абаранялі горад з боку Гараднічанкі хіба з часоў Вітаўта і былі знесеныя толькі у Савецкі час. Гэтыя аб’екты праглядаюцца таксама на даследваемых гравюрах і дакладна супадаюць з вызначанымі пабудовамі на базавым плане 1932 года. На гравюры Макоўскага адзін з вектараў накіраваны на вежу зправа ад дамінанты сабора сыходзіцца на граніцы горада XIII-XV ст.ст. з вуліцай Вялікай Траецкай, мажліва, гэта першае месцазнаходжанне Віленскай брамы?

Так, брамы горада качавалі ў залежнасці ад роста тэрыторыі паселішча. Звярніце увагу на две вежачкі злучаныя сцяной на гарызонце, прарысаваныя Макоўскім з самога правага краю гравюры. Вектар адной з вежаў прыводзіць нас да званніцы брыгіцкага кляштара, другі вектар упіраецца ў суток вуліц Кірава і Паўлоўскага. Можа Азёрская брама, гэта вежа побач з Фарай Вітаўта на рысунку Адэльгаўзера (якая звычайна ўспрымаецца і малюецца даследчкамі як частка старажытнага драўлянага касцёла), а праз 30 год у Макоўскага гэта ўжо дамінанта вуліцы Азёрскай (цяпер Карла Маркса) пераробленая пасля ў званіцу брыгіцкага манастыра, пабудаванага ў першай палове XVII ст. Мажліва з-за таго гэтая зруйнаваная ў 1960-х гг. званніца знаходзілася так асобна ад самога брыгіцкага манастыра, не адпавядаючы яго архітэктурнай канцэпцыі і знаходзячыся фактычна ў перспектыве вуліцы.

Значна прасцей з Маставой брамай, яна бліжэй за ўсе адносіцца да кропкі агляду і знаходзіцца зусім не на мосце, як гэта бачна на малюнку Адэльгаўзера. Мытны кантроль на мосце, калі большасць тавараў ідзе па рацэ – нонсэнс, таму, можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што вежа на мосце была пазней дамалявана аўтарам ці непасрэдна граверам, каб злучыць два асобныя эскізы. На гравюры Макоўскага мы бачым новую браму – вынік перапланіроў гарадскіх кварталаў другой паловы 16 ст., цяпер яе месца займае мастацкі аддзел кнігарні “Раніца”.

Такім чынам, зыходзячы з пададзенай вышэй доказнай базы, мы можам зрабіць наступныя высновы. Па-першае: малюнкі Г. Адэльгаўзера і Т. Макоўскага дастаткова дакладна перадаюць не толькі выгляд паасобных будынкаў, але і адлюстроўваюць дакладную (фатаграфічную) панараму горада з месца, дзе знаходзіўся мастак. Па-другое: карыстаючыся першай высновай і ўжываючы матэматычныя метады даследвання можна з вялікай ступенню верагоднасці вызначыць месназнаходжанне рэштак першай гродзенскай ратушы, пяці храмаў і абарончых гарадскіх умацаванняў. Атрыманыя дадзеныя могуць быць выкарыстаны і, уласна, правераны, пад час будучых археалагічных раскопак у гістарычным цэнтры.


Лапеха Ігар

euro-dom.org

Scroll to top