Гэты старажытны кляштар неяк “абмінаюць” даследчыкі. Хоць ён і быў закладзены адным з самых першых каталіцкіх ордэнаў у Гродне, меў вельмі магутны ўплыў на гарадское жыццё ў 17-18 ст. і драматычую гісторыю ў 19-тым.
Нягледзячы на тое, што захаваліся кляштарныя карпусы, а касцёл быў знесены напрыканцы 19-га ст., яго выгляд, збольшага, і зараз застаецца загадкай. Між тым мы і зараз маем добрую палову касцёла ордэна дамініканцаў пачатку 17-га стагоддзя, схаваную у пазнейшай перабудове.
З даследчыкаў гродзенскай архітэктуры найбольш поўна і грунтоўна пра планіровачнае развіццё і архітэктурныя вартасці дамініканскага кляштара напісала Таццяна Рыгораўна Маліноўская. Я асабіста ўдзячны Таццяне Рыгораўне за змястоўную кансультацыю па тэме. Найбольш інфармацыі і дакументаў прыдатных для развіцця тэмы архітэктуры дамініканскага касцёла, захоўваецца ў Вільнюсе.
На жаль, гэтыя матэрыялы ўключаюць толькі інвентар 1830 года (як мы ўжо ведаем, формы словамі апісваюцца кепска) і планы былой дамініканскай школы ужо без касцёла. У агульным ужытку вядомы два адлюстраванні касцёла, фота і малюнак Н. Орды 1860-х гадоў, дзе досыць далёка бачны толькі пярэдні фасад храма.
Для зручнасці разгляда развіцця архітэктурнага комплекса дамініканскага кляштара, яго варта падзяліць на тры сегмента: корпус па вул. Дамініканскай, корпус па вул. Савецкай, касцёл з корпусам сакрысціі.
Варта пачаць з самага лёгкага. Корпус па вул. Дамініканскай пабудаваны замест драўлянага пасля пажара 1782 года, захаваўся вельмі добра. За выключэннем некалькіх пашыраных вокнаў і страты некаторых дэталяў “школьная бурса” і зараз радуе вока сціплай элегантнасцю пераходнай формы ад барока да класіцызма, стыля пашыранага ў Гродне напрыканцы 18 ст.
Корпус па вул. Савецкай вымуравалі замест драўлянага ў 1737 годзе, у 1760-я гады дабудовалі на далучаных дзялках “новы” кляштар (агулам 149x18 лакцей), у 1836 годзе значна рэканстраявалі (пашырылі і падвысілі “стары “ кляштар), у 1860-я і 1880-я мянялі дэкараванне на фасадзе. Як рос і мяняўся корпус можна убачыць па планах горада розных перыядаў, і прааналізаваць па размяшчэнню памяшканняў на схеме. На планах горада 1655 г., 1706 г. – толькі касцёл (у 1706 г. з двума вежамі і сакрысціяй), 1753 г., 1795 г. – ужо фігуруе кляштар па Савецкай з паваротам будынка углыб тэрыторыі на захад, але на планах 1780, 1807, 1823, 1824 гг. гэтае крыло ўглыб квартала адсутнічае, на плане 1831 г. – прысутнічаюць ужо ўсе часткі комплекса, але паўночная частка дваровага крыла як бы адарвана ад параднага корпуса, што не стасуецца з планамі 1753 г., 1795 г., справа ў тым, што на планах вельмі часта не толькі не захоўваліся прапорцыі, але не заўсёды ўказваліся ўсё “падрабязнасці”, таму абсалютна заканамерна, што дваровае крыло кляштара дамініканцаў магло быць не паказана, хоць ужо і існавала. Для вывучэння прыдатны прапарцыянальны і падрабязны план 1831 года, для паказа дынамікі развіцця комплекса варта выкарыстоўваць схему з так званай “дрэздэнскай папкі” пачатку 18 ст., якую датуюць агулам 1753 годам. Звярніце ўвагу на схему №1, на ёй чорным колерам паказана планіроўка унутраных памяшканняў першага паверха корпуса па вул. Савецкай на 1880-я гады пасля зноса касцёла і перабудовы корпуса пад гарадскую гімназію. Аранжавым паказаны абрысы касцёла і пабудоў 17 ст., чырвоным – касцёла пачатку 18 ст. (пра храм у асобным абзацы). Што з корпуса на вул. Савецкай было пабудавана ў 1737 годзе, што дабудавана ў сярэдзіне 18 ст., а што зменена на пачатку 19 ст., можна праўдападобна вызначыць прааналізаваўшы планы розных часоў, канфігурацыю муроў, і форму карнізаў. На ілюстрацыі №1 зялёным паказаны муры пачатку 18 ст, на “дрэздэнскім” плане ўжо намаляваны мураваны корпус кляштара з дваровым крылом. Прапорцыі будынка на гэтым плане вызначыць нельга, таму лепш прааналізаваць планіроўку ўнутраных памяшканняў корпуса на канец 19 ст. Па таўшчыні сценаў, па відавочнай восі, якая дзеліць будынак на дзве планіровачна аўтаномныя часткі, можна сцвярджаць, што паўднёвая частка будынка, якая на ілюстрацыі азначана сінім, была пабудавана пазней, дзесці у сярэдзіне 18 ст. Таксама як і прыкасцёльны корпус над сакрысціей. Карніз будынка, рэшты пілястраў на паўднёвым фасадзе сугучны з элементамі на “новай” часцы кляштара, таксама і там і там ад “старых” муроў памяшканні аддзелены скляпеністымі калідорамі, гэта можна лічыць стэрыятыпным прыёмам аднаго аўтара. Што прыкасцёльны корпус камбініраваны, ясна бачна пры аналізе планіроўкі памяшканняў на схеме канца 19 ст., сакрысція і скарбец ад іншых пакояў адасоблены тоўстай “знешняй” сцяной. Хутчэй за ўсё сакрысція будавалася разам з “новым” касцёлам у 1708 годзе, бо гэта неад’емная частка храма. Перабудову 1836 года таксама можна заўважыць пры аналізе планіроўкі памяшканняў (яна на ілюстрацыі паказана карычневым колерам). Анфіладныя памяшканні першага паверха паўночнай часткі корпуса на Савецкай маюць драўляныя перакрыцці столі, але на адной лініі падпіраюцца мураванымі дугамі, якія хутчэй за ўсё былі знешняй сценкай вузкай “старой” часткі. На перабудову указвае і параўнанне прапорцый шырыні і даўжыні корпуса на цяперашні стан і тых жа катэгорый на прапарцыянальнай схеме 1831 года. На схеме шырыня корпуса вузкая, роўна да дуг. Таксама на схеме 1831 года паўночная частка дваровага крыла (якую мы лічым часткай “старога” корпуса) адарвана ад корпуса па вуліцы. Хутчэй за ўсё ў сярэдзіне 18 ст. сегмент крыла разабралі (мажліва ён быў драўляны) і аднавілі толькі на пачатку 19-га.
Касцёл. Самая таямнічая частка комплекса. Калі манастырскія карпусы, перабудаваныя, але захаваліся, то храм быў знішчаны амаль цалкам. З вядомых пісьмовых крыніц вынікае, што мураваны касцёл пры драўляным кляштары з прыстасаваннем мураванага дома па сучаснай вул. Савецкай (з гэтай высновай згодны большасць даследчыкаў) быў адкрыты 22 мая 1633 года. У 1708 годзе быў пабудаваны, паводле Ю.Баровіка, зусім новы касцёл, паводле Т.Маліноўскай, значна перабудаваны стары. Хутчэй можна згадзіцца з апошняй высновай. Доказам гэтай высновы служыць аналіз выяў канца 19 ст., параметраў касцёла і проста рацыянальнага падыхода нашых продкаў, які праяўляецца ў шматлікіх прыкладах. На фота 1860-х гадоў, бабінец касцёла “несуразна”, пад вуглом (як і сам касцёл) моцна заступае за чырвоную лінію вуліцы Савецкай. Калі б храм будаваўся з нуля, то будавалі б яго без выступаў і пад прамым вуглом да трасіроўкі вуліцы якую, прынамсі, дакладна відаць па корпусу кляштара 1737 года. Прапорцыі храма таксама нестандартныя. Апсіда храма па шырыні і вышыні аднолькавыя з асноўным аб’ёмам (доказы гэтай высновы будуць ніжэй), што хутчэй характэрна для архітэктуры Рэнэсанса, чым барока. Бакавыя нефы вельмі вузкія і называюцца капліцамі, што падцвярджае здагадку што капліцы былі прыбудаваны, а не будаваліся адзінай кладкай з касцёлам. Матывацыя будаўніцтва “новага” касцёла ў гродненскіх дамініканаў была іншая, чым у С.Баторыя пры перабудове Фары, чым у кармелітаў пры закладцы новага храма, нават, чым у езуітаў пры замене малога Петрапаўлаўскага храма, на вялікі Францыска Ксаверыя. Ва ўсіх гэтых прыкладах падчас будаўніцтва існаваў стары касцёл (драўляны), была пераемнасць храмаў, таму пабудова зусім новая, але набыткі ў старых храмах не знішчаліся, нашы продкі былі рацыянальнымі, алтар св. Міхаіла ў паезуіцкім касцёле таму прыклад. У гродзенскіх дамініканаў сітуацыя была больш трагічнай, пра іх дзейнасць у 17 ст. нічога не вядома, хутчэй за ўсё падчас “Патопа” касцёл быў разбураны, што прымусіла закон узводзіць новы храм з выкарыстаннем руіны старога, нават у неспрыяльны перыяд Паўночнай вайны. Як жа мог выглядаць першы дамініканскі касцёл у Гродне пачатку 17 ст. Аб гэтым можна разважаць толькі пры аналізе планіроўкі і пошуку адпаведных аналагаў. У інвентары за 1830 год у касцёла 60 лакцей даўжыні, 32 шырыні без капліц, вышыня 36, 9 алтароў, 16 вокнаў, 5 дзвярэй. Вядома, што захавалася паўднёвая частка касцёла, яна ў канцы 19 ст. была перабудавана у корпус гімназіі. Па размяшчэнню вокнаў гімназіі на былым касцёльным муры, па традыцыях пачатку 17 ст. бакавыя фасады падобны былі на касцёл гродзенскага брыгіцкага клаштара. Па пяць падоўжаных вокнаў з кожнага боку (алтарная частка вокнаў не мела), прасценкі аздоблены магутнымі на вышыню ўсёй сцяны пілястрамі, мажліва, нават, кантрфорсамі. На ілюстрацыі №2 контуры першапачатковага храма паказаны аранжавым. Галоўны фасад з вялікім бабінцам (зафундаваным домам) падобны на касцёл у Крамяніцы Дольнай. Зальны бязвежавы храм аздоблены фігурным франтонам з галерэяй нішаў (аранжавыя рысы на ілюстрацыі №2). Але чаму бабінец такі вялікі? Двухпавярховы шырокі, ну так гэта былы дом, які фігуруе ў дакументах як першапачатковы фундуш. А можа бабінец, гэта ўжо не дом, а рэшткі вежы званіцы 17 ст.? Звернемся яшчэ да аднаго гродзенскага аналага адпаведнай эпохі – касцёла бернардынак. Калі накласці план гэтага храма на нашу ілюстрацыю, то фактычна яна цалкам супадае з аражавымі рысамі – з мурамі дамініканскіх пабудоў 17 ст. Да таго ж, калі была вежа-дамінанта ў 17 ст. на яе вельмі добра завязваецца перспектыва вуліцы Савецкай. Была вежа або не была, бабінец 17 ст. гэта быў, ці больш пазнейшая пабудова – на гэтыя пытанні можуць адказаць толькі архіалагічныя раскопкі з вывучэннем кладкі паўночнай сцяны корпуса па Савецкай.
З выглядам “новага” касцёла 1708 года значна прасцей. Парадны фасад можна лёгка рэканструяваць, дзякуючы выявам на фота і малюнку. Выключенне складаюць толькі драўляныя ярусы вежаў, якія згарэлі ў пажары 1782 года, і пасля гэтага не аднаўляліся. Як яны выглядалі можна толькі гадаць, альбо падабраць з аналагаў найбольш характэрнае. Бакавыя фасады і планіроўку паказаць прасцей, калі паэтапна адказываць на пытанні. План касцёла аднавіць вельмі проста, бо мы ведаем дакладныя памеры, стэрыятыпы культавых пабудоў, і тое, што паўдневая частка касцёла, з калонамі, капліцамі, вежай, пераходнай галерэяй адлюстравалася на планіроўцы памяшканняў корпуса гімназіі і ассіметрычным размяшчэнні на ім вокнаў. Две трыяды вокнаў на поўночным фасадзе гімназіі – гэта шырокія аркі паміж цэнтральным нефам і капліцамі, прабітыя на месцы некаторых вокнаў “старога” касцёла. Пасля 1708 года сцены “старога” касцёла былі падвышаны і на цэнтральным нефе з’явіўся другі шэраг вокнаў, іх форма добра бачна на малюнку Напалеона Орды. У інвентары фігуруе паўцыркульная форма вокнаў, хутчэй за ўсё падобная форма вокнаў была ў капліцах, што дазваляе ў капліцах размясціць алтары з падсветкай угары, падобнае зараз можна ўбачыць у пінскім францішканскім касцёле. Апсіда пад агульным дахам з цэнтральным нефам, гэта добра бачна на фота.
З працы вынікае: комплекс былога кляштара дамініканцаў можна аднавіць у навукова прымальнай ступені праўдападобнасці толькі на сярэдзіну 19 ст., без інтэр’ераў, без першапачатковых завяршэнняў касцёльных вежаў. Як гэта магло б выглядаць можна ацаніць на макеце работы студэнта палітэхнічнага коледжа Максіма Троецкага.
Ігар Лапеха
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 02 Кастрычнік 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической