Фара Вітаўта – назва трывала замацавалася касцёлам, які ўжо не існуе з 1961 г. Храм вядомы ў дакументах яшчэ як касцёл Маці Божай ці Панны Марыі, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Вялікі князь літоўскі Вітаўт,заснавальнік і фундатар святыніЁн меў парафіяльны статус. Гэта быў першы каталіцкі храм, які быў заснаваны прыкладна ў 1392 г. вялікім князем літоўскім Вітаўтам.

Паміж 1440 і 1447 гг. касцёл атрымаў наданні ад вялікага князя Казіміра: 10 людзей з іх землямі ў Лешніцы ў Гародні, дзве вольныя карчмы, 4 меры мёду і воску з гарадзенскага замку, свечкі на імшу на Вялікдзень, выплату дзесяціны, двор Чолкадава, 9 азёраў. Арыгіналы дакументаў згагэлі разам з першым касцёлам.


Пры спрыянні князя Аляксандра Гальшанскага плябану Андрэю, на падставе копій, быў выдадзены пацвярджальны прывілей Аляксандра Ягелончыка ў 1494 г. Паводле яго пацвярджаліся наданні папярэднікаў. Дадавалася выдача 2 коп грошаў з гаспадарскай карчмы, вольнае карыстанне дрэвам у пушчы. У якасці абавязку ўводзілася служба за душу бацькі, вялікага князя Казіміра. У гэтым жа дакуменце была акрэслена ў дакуменце юрыдыка касцёла. Пазней яна была пашырана за кошт касцёлаў Св. Мікалая і Св. Духа. Драўляны храм часоў Вітаўта на гравюры Цюндта-Адэльгаўзера, 1560-я гг

З гісторыяй касцёла звязана імя Св. Казіміра. Ён паходзіў з сям’і вялікага князя літоўскага Казіміра і Альжбеты з Габсбургаў. Шмат часу ў сваім жыцці Казімір прысвячаў вывучэнню слова Божага і малітвам. У юнацкім узросце адмовіўся ад шлюбу і прысвяціў сябе Богу. Казімір быў аўтарам гімну ў гонар Панны Марыі. Будучы ў Гародні, ён мог прыйсці да Фары Вітаўта нават ноччу. Калі касцёл быў зачынены, то Казіміра знаходзілі вартаўнікі ляжачага крыжам перад ім.

Памёр княжыч 4 сакавіка 1484 г. у нашым горадзе. Быў пахаваны ў кафедральным касцёле Св. Станіслава ў Вільне. Каля яго труны сталі здзяйсняцца цуды: вылячэнне ад розных хваробаў, вяртанне да жыцця памерлых і інш. У 1518 г. Св. Казімір з’явіўся падчас бітвы пад Полацкам з маскоўскім войскам і спрыяў перамозе войску ВКЛ. Усе гэтыя падзеі падштурхнулі пачаць працэс кананізацыі. Яго жыццё было апісана нунцыям Захарыем у 1520 г. у Гародні.


Патрон Вялікага Княства Літоўскага святы Казімір маліўся ў храмеПра Казіміра засталася памяць у нашым горадзе. Яму быў прысвечаны алтар у Фары Вітаўта. Сёння можна ўбачыць абраз Св. Казіміра ў бернардзінскім касцёле. Бітва пад Полацкам адлюстравана ў алтары Св. Казіміра ў касцёле Св. Ф.Ксаверыя. Там жа змешчаны яго абраз, які быў намаляваны В. Ваньковічам.
Плябанія пры касцёле была створана прыкладна ў канцы 50-х ці пачатку 60-х гг. Гэта надало іншы статус храму. Першым плябанам быў Андрэй, які быў на пасадзе 36 год. Ён яшчэ быў жывы ў 1494 г. Яго наступнікамі згадваюцца ксяндзы Мікалай і Мацей.

Плябаны вымушаны былі займацца справамі касцёла. У 1503 г. плябан Мацей судзіўся з перавальскім намеснікам Грынькам Ходкавічам (Валовічам) з-за незаконнага трымання двух падданых плябаніі. Ён змог даказаць, што Міхалка і Клім адносіліся да ліку 10 людзей, якія былі нададзены касцёлу вялікім князем Казімірам. Таму прысудзілі вярнуць людзей да ўладальніка.
Плябан Венцлаў звярнуўся да Жыгімонта Старога з просьбай у 1524 г. Ён адзначыў, што па старажытнаму фундацыйнаму запісу на касцёл з гарадзенскага замку прызначалася 4 камяні воску і 5 ушаткаў мёду. Але калі аддалі замак у заставу гарадзенскаму старосце Юрыю Радзівілу ў 1523 г., то выдача данін прыпынілася. У сувязі з гэтым прасіў замяніць іх на 4 пустыя землі, якія атрымаў ранейшы плябан Мікалай Жукоўскі, а да іх яшчэ дадаць Мікутоўшчыну, дзе ўжо плябан пабудаваў двор, і Ганусоўшчыну, якая была ў Івана Грыньковіча Валовіча. Венцлаў пасля судзіся з Валовічам з-за гэтай зямлі.
Дзякуючы Боне Сфорцы плябанам стаў ксёндз Адам Піліхоўскі. Каралева Бона, якая фінансава падтрымлівала храмЁн атрымаў адукацыю ў галіне эканомікі, права і адміністравання пры яе двары. Быў пры ім пісарам і рэвізорам, стаў вядомым дзеячом у галіне пераўтаварэнняў у сельскай гаспадарцы. Акрамя таго Адам займаў пасады варшаўскага пробашча, каралеўскага сакратара і рэферэндатара. У 1562 г. Адам Піліхоўскі звярнуся да Жыгімонта Аўгуста з просьбай правесці размежаванне паміж плябанаўскай зямлёй і гаспадарскай пушчай. Гэта было даручана зрабіць кобрынскаму і пінскаму дзяржаўцы Станіславу Андрэевічу Давойне.

Апісанняў першай пабудовы ксцёла не захавалася. Вядома, што ён быў драўляным. Згарэў прыкладна ў пачатку 90-х XV ст. Другі касцёл быў таксама драўляным. Пабудавалі яго ў хуткім часе пасля пажару.

У валочнай памеры 1558 г. згадваецца, што плябанскі пляц знаходзіўся каля Рынку на вул. Замкавая. Гэта быў першы пляц на вуліцы як ісці з Рынку, з правага боку. Ён меў 3 пруты (14,61 м), межаваў з пляцам жыда Давіда Шкляра. Побач з ім ішла Плябанская вуліца, на якой пражывалі падданыя плябаніі. Было зафіксавана 20 гаспадарак. Каля касцёла была карчма жамойцкага біскупа.

Як выглядала ў той час Фара Вітаўта бачна на гравюры Адэльгаўзера-Цюндта 1567–1568 гг. Гэта была аднанефная пабудова з двухскатным дахам. Побач з ёй знаходзілася вежа.Фара Вітаўта на гравюры паводле малюнка Г.Адэльгаўзэра падпісана як Templum Polonorum
Па ініцыятыве Стэфана Баторыя стаў будавацца мураваны храм побач з драўляным касцёлам. Пры імі планавалася школа і езуіцкі калегіум. Аб гэтым была дасягнута дамова з езуіцкім правінцыялам Гіовані Паола Кампано. Фундаменты былі закладзены ў 1584 г. На момант смерці С. Баторыя касцёл яшчэ не быў скончаны, і ён у тэстаменце прасіў завершыць яго планы. Вялікі князь літоўскі і польскі кароль хацеў, каб яго пахавалі ў гэтым касцёле. Пабудова была скончана да 1588 г.
Будоўляй мураванага касцёлаКароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый загадаў узвесці на месцы драўлянай Фары Вітаўта мураваны храм кіраваў італьянскі архітэктар Санці Гучы. Да будавання прычыніўся яшчэ італьянскі му

ляр Антоній дэ Кгрыпа. У 1584 г. ён атрымаў пляц на пабудову цагельні недалёка ад царквы Св. Барыса і Глеба, на рацэ Нёман. Яна была патрэбна таксама для перабудовы Старога Замку ў Гародні.

Стэфан Баторый шмат часу праводзіў у нашчым горадзе. Ён быў каталіком і наведваў імшы ў касцёле Панны Марыі. Апошні месяц свайго жыцця Стэфан Баторый таксама быў тут. Незадоўга перад смерцю ён быў на імшы ў Фары Вітаўта.
Нягледзячы на намаганні С. Баторыя ордэн езуітаў у Гародню не прыбыў і новы касцёл стаў парафіяльным. Наступная спроба заснаваць тут іх рэзідэнцыю была зроблена ў 1623 г. Так як езуіты не мелі спачатку свайго храма, то 12 год яны працавалі пры Фары Вітаўта.

На гравюры Т. Макоўскага касцёл ужо выглядае зусім інакш. Над ім напісана – прыхадскі касцёл. Ён значна перавышаў іншыя храмы. Складаўся з пяціяруснай вежы-званіцы, асноўнага памяшкання для малітваў і прэзбітэрыя. Храм быў падзелены трыма нефамі. Сярэдні быў большым за бакавыя. У даўжыню касцёл быў 58,6 м, а ў шырыню – 23 м. Гэта быў сапраўды адзін з самых вялікіх храмаў у ВКЛ.

У пазыковым запісу гарадзенскага доктара Марціна Бірука адзначаецца (1597), што яго дом знаходзіўся за “вялікім мураваным касцёлам”, а побач з ім былі могілкі.

Касцёл атрымаў дараванні ад гарадзенскіх мяшчан і шляхты. Месцкі пісар Ян Дамброўскі надаў пляц пры вул. Віленская ў Гародні для ўтрымання парафіяльнага ксяндза. Ён быў прададзены Адаму Цвіклічу ў 1640 г. гарадзенскім пробашчам Юрыем Тышкевічам.Мураваная Фара Вітаўта праз некалькі гадоў пасля пабудовы на малюнку Т. Макоўскага, каля 1600 г

Мяшчанка Ганна Дзеёўна падаравала пусты пляц са склепам каля Рынку насупраць ратушы з умовай, каб маліліся за яе душу. Вендэнскі канонік, гарадзенскі віце-пробашч Мацей Кейш з даволу гарадзенскага пробашча Аляксандра Хадкевіча ў 1658 г. прадаў пляц Міхалу Хайварту і яго жонцы Ганне Гаўронскай за 300 злотых.
2,5 валокі зямлі ў вёсцы Баранавічы касцёл атрымаў у дар ад мясцовай шляхты   Станіслава Сняроўскага і яго жонкі Зафеі. На зямлю была дадзена лібертацыя ад караля Рэчы Паспалітай Міхаіла ў 1671 г.

Касцёл быў уключаны ў жыццё грамадства. У закрысціі гарадзенскі паборца Мікалай Міхаіл Эйсімант захоўваў сабраныя падаткі з павета ў 1648 г. Гарадзенскія цэхі мелі тут свае алтары і ў скляпах хавалі прадстаўнікоў цэхаў. Пра гэта згадваецца ў прывілеях для катлярскага (1674), мулярскага, ганчарнага, цеслярскаму, бандарскаму цэхам (1679). Пра касцёле былі брацтва Св. Тройцы і Анёлаў Ахоўнікаў.

У XVII - XVIII стст. касцёл Панны Марыі вымушана змяняе свой выгляд. Як і іншыя храмы Гародні ён быў моцна разбураны маскоўскім войскам падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654–1667 гг. У 1674 г. яго адрамантавалі. Касцёл пацярпеў ад пажараў 1753, 1782 гг.

Унутраны выгляд храма адлюстраваўся ў візітацыях 1662, 1762, 1783 гг. Мураваны касцёл меў 8 калон. Вокны былі апраўлены ў волава. Для прыхаджан прызначаліся драўляныя лаўкі. Дзве драўляныя сталі каля алтароў былі размаляваны. З правага боку знаходзілася мураваная капліца Халецкіх, якая была зруйнаваная і ўжо не падтрымлівалася на той час фундатарамі. Склепаў пад касцёлам было 12, а 13 – Халецкіх пусты. Паміж імі знаходзіліся брацкія склепы. На касцёльнай вежы віселі званы, які былі зроблены ў розныя рады   1696, 1732, 1734 гг.

Фара Вітаўта ў канцы 16 ст. Канструктар-складанка А. Шулаева і Н. КуцУ закрысціі знаходзіліся сталы і шуфляды. Касцёльныя кнігі захоўваліся за кратамі. Гэта былі імшалы, казанні П. Скаргі, панегірыкі па польскай і лацінскай мовах, Евангелле, жыцці святых і інш. Маленькія дзверы з закрысція вялі сходамі да скарбніцы. Хор быў мураваны. Амбона выканана з дрэва. На ёй былі намалаяваны выявы чатырох евангелістаў.

Цудатворных абразоў у храме не было. У касцёле было 12 алтароў. У галоўным алтары знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай. У ім жа скульптура Маці Божай на каленях, каля яе   скульптуры Бога Айца і Сына. Над яе галавой анёлы трымалі карону. У праменях – Св. Дух. У тым жа алтару была цытра  Аўгуста ІІІ. У алтары было яшчэ 4 статуі. Алтар агароджаны балясамі. Яго асвяціў у 1758 г. гірэненскі біскуп Аляксандр Горайн.

Гарадзенскі магістрат і брацтва Св. Тройцы апекавалася другім алтаром, дзе былі абразы Св. Тройцы, Маці Божай. Чацвёрты алтар таксама быў у апецы магістрата.

Амаль усе алтары былі рамеркаваны паміж рамесніцкімі цэхамі, што па сутнасці рабіла касцёл гарадскім і мяшчанскім. Кравецкі цэх даглядаў за трэцім алтаром (абразы Маці Божай Суцяшаючай і біскупа Св.Станіслава); рыбацкі цэх – за пятым (статуВыгляд Фары Вітаўта ў 17 стагоддзі, рэканструкцыя А. Квітніцкайі Ісуса, Св. Пятра, абраз Маці Божай з Дзіцём); мулярскі цэх   за шостым (абразы пакутніка Св. Стэфана і біскупа Мікалая); кавальскі цэх – за сёмым (абраз Ісуса, які з паўстае з памерлых, абраз Маці Божай, статуя Св. Міхала); шавецкі цэх – за восьмым (Св. Агаты і Св. Казіміра каралевіча) і дзевятым (абразы Панны Марыі і Панны Марыі Ружанцовай); рэзніцкі цэх – за дзесятым (абразы апосталаў Св. Пятра і Паўла, Ісус на Крыжы); музыканты – за дванаццатым (абраз Іаана Хрысціцеля).

У касцёле была змешчана шыльда, на якой было адзначана, што 18 красавіка 1758 г. касцёл быў асвечаны А. Горайнам. Кожны год святкавалася гэтая дата. Шыльда была знішчана праваслаўным свяшчэннікам Я. Корчынскім, калі храм перадавалі ў 1919 г. каталікам.
На тэрыторыі вакол касцёла знаходзіліся плябанія, хата, будынак Вайцяховай, тры крамы, у якіх з дазволу магістрату гандлявалі соллю і напоямі, будынак каля брамы, будынак арганіста. Могілкі каля касцёла былі абнесены мурам. У 1783 г. ён быў у зруйнаваным стане. На ўваходзе была вялікая драўляная брама з фігурай Хрыста на распяцці.
Да касцёла адносіўся невялікі мураваны касцёл Св. Духа на вул. Віленская са шпіталём. У ім быў адзін алтар з абразамі Св. Духа і Св. Станіслава. Амбон быў просты, а падлога з цэглы. Уваходныя дзверы ішлі з вул. Віленская. Акрамя таго, Фары Вітаўта належалі маёнткі Русота, Капліца, Лесніцкі.
З пабудовай Фары Вітаўта пачалася гісторыя каталіцызму ў Гародні.

Фара Вітаўта пасля пажара. Маюнак А. Патоцкай-Тышкевіч, 1795 гПасля заснавання парафіі храм набыў статус галоўнага касцёла. Выгляд фары Вітаўта неаднаразова мяняўся ў сувязі з рознымі падзеямі. Таксама адбыліся змены ва ўнутраным убаранні. Шмат што з яго было страчана.

Медаль, прысвечаны Фары Вітаўта і Стэфану Баторыю, адбіты на манетным двары ў КашалінеМедаль, прысвечаны Фары Вітаўта і Стэфану Баторыю, адбіты на манетным двары ў Кашаліне

З храмам звязаны імёны выбітных асобаў нашай гісторыі – вялікіх князёў Вітаўта, Казіміра, Аляксандра, Стэфана Баторыя, Св. Казіміра. Касцёл меў важнае значэнне не толькі як рэлігійнага цэнтра, але і грамадскага. Гэта быў быў гарадскі храм, якім апекаваліся цахі і магістрат. Такім чынам гісторыя Фары Вітаўта стала частка гісторыі краіны і горада.


Наталля Сліж


Спіс крыніц і літаратуры

Крыніцы
Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (Lietuvos Vaistybes istoriajos archyvas). Ф.694. Воп.1. Спр.3269, 3985; Ф. 1519 (Метрыка ВКЛ). Спр. 37.
Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Літоўскай Акадэміі навук (Lietuvos mosklų akademijos Bibliotekas rankraščtų skyrius). Ф. 21. Спр.8185; Ф.1. Спр.585.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.1755. Воп.1. Спр. 6, 15; Ф.1761. Воп.1. Спр. 1; Ф.1800. Воп.1. Спр. 1.
Писцовая книга Гродненской экономии. Ч. 2. Вильна, 1882.
Акты издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. Т. 17. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1890; Т. 21. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1894.
Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 70 (1582–1585). Кніга запісаў № 70 (Копія канца XVI ст.) / Падрыхтаваў А.А. Мяцельскі. Мн., 2008.
Kodeks dypłomatyczny katedry y diecezji wilieńskiej. T. 1–3: 1387–1507 / wydali J.Fiałek i W.Semkowicz. Warszawa; Kraków; Lublin, Łódź; Poznań; Wilno; Zakopany, 1932.
Lietuvos Metrika. Knyga 12 (1522–1529). Užrašymų knyga / Parengė D.Antanavičus, A. Baliulis. Vilnius, 2001.

Літаратура
Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня; Вроцлаў, 2008.
Катэдральная базіліка ў Гродне. Гродна, 2005.
Квитницкая Е. Приходской костёл в Гродно // Проблемы истории архитектуры народов СССР. 1975. № 4.
Лявшук В.Е. Организационные аспекты образовательной модели иезуитского коллегиума. Гродно, 2010.
Шаланда А. Род Антонія дэ Кгрыпа, муляра замка гарадзенскага, у канцы XVI – першай палове XVIІ ст. // Castrum, urbis et bellum: Зб.навук. прац. Баранавічы, 2002.
Шаланда А. Пергаміны канца XVI–XVII ст. на лацінскай і польскай мовах у фондах Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Герольд Litherland. 2008. № 3–4 (7–8).
Borowik P. Jurydyki miasta Grodna w XV–XVIII wieku. Stanowy podział nieruchomości. Supraśl, 2005.
Sawicki M. Grodno i Grodzieńszczyzna w Metryce Litewskiej w 1650 roku. Nominacji urzędników i sprawy ekonomiczne // Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XV–ХХст. / Пад рэд. А.Ф. Смаленчука, Н.У Сліж. Гародня, 2009.
Jodkowski J. Grodno. Wilno, 1923.
Kurczewski J. Opowiadania o dziejach chrześciaństwa na Litwe i Rusi. Cz. 1. Wilno, 1914.
X. Pękalski P. Żywoty swiętych patronów polskich. Kraków 1862. На старонцы: http://www.ultramontes.pl/zywoty_kazimierz_jagiellonczyk.htm
Paszenda J. Koścół pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Kięstwa Litewskiego w epoce Baroku. Warszawa, 1995.
Pociecha W. Krółowa Bona (1494–1557). Czasy i ludzi odrodzenia. T. IIІ. Poznań, 1949.
Ziembicki W. Ostatnie łowy Batorego: W 350 rocznica zgonu wielkiego króla (grudzień 1586 – grudzień 1936). Lwów, 1937.

Scroll to top