Так званая «Фара Вітаўта» — мураваны касьцёл у Гродне на Рынку — была пабудавана ў 1584-1587 гадах. Гэта быў адзін з вялікіх каталіцкіх храмаў у Вялікім княстве Літоўскім, фактычна адзін з нешматлікіх здабыткаў Рэнесансу на Беларусі.
Галоўныя крыніцы, непасрэдна зьвязаныя з гісторыяй «Фары Вітаўта», былі страчаны ў час маскоўскай навалы ў сярэдзіне XVII ст. Таму і расійскія і польскія дасьледчыкі гісторыі Гродна памылкова лічылі, што касьцёл быў пабудаваны адразу пасьля Вітаўта ў 1392 і не пазьней чым у 1494 г.
Гэта памылка трымалася да нядаўняе пары, і толькі ў артыкуле А. Мілінкевіча і Ежы Пашэнды было праліта сьвятло на складаную гісторыю помніка. Чатыры гады таму ксёндз-езуіт з Кракава Ежы Пашэнда зацікавіўся гісторыяй комплексу езуіцкага касьцёоа і кляштара ў Гродне. У пошуках яму дапамагаў краязнавец, дацэнт гродзенскага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч. Дасьледчыкам удалося праверыць і адкінуць традыцыйную версію аб пабудове мураванага фарнага касьцёла ў Гродне ў 1494 годзе. Абапіраючыся на ватыканскія і маскоўскія крыніцы, яны высьветлілі, што мураваны касьцёл быў узьведзены ў 1587 г. Такім чынам, вялікі будынак на Рынку, які добра відаць ва гравюры М. Цюнта 1568 г., - драўляная «Фара Вітаўта», пабудаваная пасьля 1392 г.
Аднак не пазьбеглі храналагічнай недакладнасьці таксама А. Мілінкевіч і Е. Пашэнда. У сваім артыкуле (у “Нашым радаводзе” ) яны сьцьвярджалі, што драўляная фара існавала ўжо ў 1389 г., спасылаючыся на прывілей Вітаўта гродзенскім жыдам . Але ўжо не менш як пяць гадоў вядома, што гэты прывілей — фальсіфікат , таму драўляная фара не магла быць пабудавана раней 1392 г.
Дакладна вядома, што драўляны касьцёл рамантаваўся паводле загаду каралевы Боны Сфорцы ў 1551 г. Стэфан Баторый у правінцыяла ордэна езуітаў правінцыяла Кампаны піша ў 1584 г. “найбольшым і найуспанялшым у Вялікім княстве Літоўскім, але драўляным”… зьяўляецца гродзенскі фарны пры Рынку.
Пабудову мураванага касьцёла на Рынку трэба цалкам зьвязваць з асобай Стэфана Баторыя. Гэты кароль, прыхільнік езуіцкай адукацыі, пажадаў адкрыць езуіцкую школу ў сваім улюбёным горадзе Гродне. Ён правёў размовы наконт гэтага з Кампанам. Аднак той не сьпяшаўся пагадзіцца, таму што ў гэты час ішла арганізацыя калегіўмаў і школ у Вільні, Бярэсьці і Замосьці і ў езуітаў проста не хапала кадраў. Але кароль налягаў, і ў рэшце рэшт Стэфан Баторый і Кампана пагадзіліся, што спачатку кароль пабудуе ў Гродне мураваны касьцёл і толькі тады езуіты адкрыюць у Гродне школу або навіцыят, і, магчыма, калегіўм.
Стэфан Баторый апантана ўзяўся за справу. Ён дамогся ад гродзенскага пробашча вылучэньня пляца для будаўніцтва мураванага касьцёла побач з драўлянай фарай.
Найбольш верагодна, што аўтарам праекта мураванага касьцёла быў Санці (Ксанці) Гучы — архітэктар караля. Паводле сьведчаньня Юзафа Ядкоўскага, гэты таленавіты італьянскі архітэктар, напэўна, быў запрошаны ў Гродна вельмі вядомым у Еўропе равінам па мянушцы Левуш (сапраўднае імя — Мардхай-Абрам Ёфэ). Ён запрасіў Гучы прыняць удзел у пабудове мураванай сінагогі на школьным двары ў Гродне. Гучы будаваў, мусіць, т. зв. «Батароўку» і перабудаваў Стары замак. Як бы там ні было, на гравюры Гродна 1600 г., якую прыпісваюць знакамітаму мастаку Тамашу Макоўскаму, выява мураванага гродзенскага касьцёла на Рынку мае выразныя рысы маньерызму, тыповыя для творчасьці Санці Гучы.
Пабудова мураванага касьцёла прайшла хутка: пачалася паводле загаду Стэфана Баторыя восеньню 1584 г., а ўжо 5 сакавіка 1585 г. Кампана паведамляў генералу езуітаў, што на ўласныя вочы бачыў зробленыя падмуркі . Як нам здаецца, зьнешнія працы па пабудове касьцёла былі скончаны ў канцы 1586 г., і тады неспадзявана памёр Стэфан Баторый. Менавіта ў сутарэньнях гэтага касьцёла захоўвалася цела караля да адпраўкі ў Кракаў (амаль паўгода). Пра скончаны будынак пісаў у лютым 1587 г. езуіт Марцін Латэрна і даў яму ацэнку: «Ён цудоўны» .
Пасьля сьмерці Стэфана Баторыя езуіты адмовіліся ад яго фундацыі. Касьцёл, як збудаваны на плябанскіх пляцах, быў перададзены парафіі. Нам уяўляецца, што ў 1587 г. і была разабрана драўляная «Фара Вітаўта», а яе функцыі стаў выконваць новы мураваны касьцёл.
Добры стан і прыгожы выгляд, які меў касьцёл на гравюры 1600 г., напэўна, страціліся падчас маскоўскай навалы ў 1655 г., калі маскоўскія салдаты ўшчэнт абрабавалі і, здаецца, падпалілі яго. Падчас візітацыі было сьцьверджана, што неабходна пільна рамантаваць скляпеньні, а дах хоць бы саломай пакрыць . Дзякуючы намаганьням прэпазіта віленскага і гродзенскага біскупа Аляксандра Хадкевіча паміж 1661 і 1674 гг. касьцёл адрамантавалі .
Падзеі Паўночнай вайны, гледзячы па ўсім, зноў прывялі да моцнага пашкоджаньня касьцёла. На панараме Гродна са шведскай карты, датаванай прыблізна 1705 г., добра відаць, што на звонавай вежы няма макаўкі, а замест яе вырасла дрэва . Жахлівы стан касьцёла канстатуе пастанова гродзенскага павятовага сойміка («касьцёл сам патрабуе вялікай рэпарацыі...») , якая пералічвае патрабаваньні да паслоў ад Гародні на сойм 1720 г. у Варшаве.
Новыя пашкоджаньні закранулі гродзенскую Фару ў час вельмі моцных пажараў 1753 г. Аднаўляў касьцёл вядомы архітэктар Іаган Мёзер . Рамонт, напэўна, быў скончаны да 1762 г., пра што сьведчыць візітацыя . Праўда, у болып позьняй візітацыі 1793 г. гаворыцца, што касьцёл асьвечаны 18 красавіка 1758 г., з чаго вынікае, што першапачатковы рамонт быў зроблены да гэтай даты .
Яшчэ адзін удар лёсу напаткаў гродзенскую Фару ў 1782 г., калі яна зноў гарэла (пажар ахапіў увесь горад). Кароль загадаў заняцца рамонтам слыннаму архітэктару Джузэпе Сака . Верагодна, Сака толькі распрацаваў праект перабудовы, але непасрэдна рамонтам да самай сьмерці ў 1793 г. займаўся пробашч Юзаф Мучыньскі .
Са сьмерцю Мучыньскага далейшы рамонт быў занядбаны, і ў 1797 г. функцыі парафіяльнага касьцёла былі перададзены колішняму езуіцкаму.
Фара прастаяла нячыннай да 29 лютага 1804 г., калі прыйшоў загад Расейскага Сьвяшчэннага Сінода: «апусьцелы ад пажару будынак Фарнага касьцёла, заснаванага каралевай Бонай, паправіць і, пасьля ўладкаваньня ў ім іканастаса, ператварыць у праваслаўны храм» . Будынак атрымаў «касьметычны» рамонт, а потым быў урачыста асьвечаны ў гонар Сьв. Сафіі . Больш капітальны рамонт адбыўся ў 1847 г., але і ён неістотна зьмяніў выгляд будынка . Рамонты і дабудовы «прытвораў» рабіліся ў 1850, 1859, 1865 і 1870 гг. Дарэчы, у 1870 г. паводле загаду гродзенскага губернатара былі разбураны крамы вакол царквы з боку Рынку і Замкавай вуліцы . Гэты загад выратаваў храм ад пажару 1885 г., калі згарэў практычна ўвесь горад.
9 мая 1892 года ў звонавай вежы на адным з паверхаў паказаўся дым, а праз колькі хвілін полымя ахапіла ўсю вежу. Адразу прыбылі пратаіерэй, пажарныя, але вежа была такая высокая, што нельга было штосьці зрабіць . Літаральна за паўгадзіны агонь зьнішчыў вышэйшыя паверхі звонавай вежы, верхняя яе частка нахілілася на бок, абрынулася на дах, і той загарэўся. Бэлькі даху і рэшткі вежы прабілі ў скляпеньні дзірку дыяметрам каля 1,5 сажня (больш за 3 метры). Чатыры званы адзін за адным страцілі ўмацаваньні і ўпалі, прабіўшы чатыры перакрыцьці. Пажар удалося патушыць толькі ўвечары .
Праект пабудовы храма, а фактычна поўнай перабудовы ў псеўдарускім стылі, быў зроблены апалагетам русіфікацыі Паўночна-Заходняга краю акадэмікам Чагіным . Да прац прыступілі вясной 1896 г., а «Сафійскі сабор» быў асьвечаны пасьля перабудовы і адкрыты 28 сакавіка 1899 г.
У 1920 г. польскія ўлады адабралі Сафійскі сабор у праваслаўнага ведамства і вярнулі католікам. Ужо ў канцы чэрвеня 1920 г. пры непасрэдным удзеле Ядкоўскага (тады — ваяводскі кансерватар помнікаў) пачаліся працы па рэстаўрацыі гродзенскай Фары. У 1925 г. справы далучыўся архітэктар Оскар Сасноўскі. ЁН зрабіў праект адбудовы “Фары Вітаўта”, амаль не апіраючыся на навуковыя крыніцы. Ю. Ядкоўскі прыпыніў рэалізацыю праекта, якая залежала ад вынікаў навуковых дасьледаваньняў.
На жаль, польскія рэстаўратары зыходзілі з памылковай версіі пра гатычны характар храма, яны лічылі яго больш раньнім. Таму адбудова ў 1924—1934 гг. не мела пад сабой навуковага і мастацтвазнаўчага грунту. Замест рэнесансавага маньерыстычнага касьцёла была зроблена гатычная пабудова.
У такім выглядзе гродзенская Фара прастаяла да 1961 г., калі касьцёл па загадзе савецкіх органаў улады быў узарваны.
У 1992 г. па ініцыятыве гарадскіх уладаў пачаліся археалагічныя дасьледаваньні гродзенскага фарнага касьцёла.
Зьнішчэньне «Фары Вітаўта» парушыла цэласнасьць архітэктурнага ансамбля гістарычнага цэнтра. Гмах касьцёла зьяўляўся адной з архітэктурных дамінантаў, на якую была зарыептавана гарадская вулічная сетка. Страта помніка тым большая з-за яго высокіх мастацкіх вартасьцяў.
Мяркуецца, што археалагічныя раскопкі павінны пакласьці пачатак праграме вяртаньня помніка ў культурнае жыцьцё. Мы не можам разьлічваць у бліжэйшы ча на яго поўнае аднаўленьне. Патрэбны сродкі, якія зараз знайсьці немагчыма. Аднак рэальнай падаецца музеейікацыя рэшткаў касьцёла, якую можна зрабіць хутка і без вялікіх фінансавых затрат.
Захавалася даволі шмат планаў рознага часу, аднак ніводны з іх, як высьветлілася з пачаткам раскопак, нельга назваць дакладным. На паверхні не засталося ніякіх сьлядоў, руіны разраўнялі і разьбілі сквер.
Акрамя таго археалагічныя раскопкі павінны сабраць іпфармацыю, неабходную для аднаўленьня помніка.
Перад першым этапам дасьледаваньняў (май—ліпень 1992 г.) стаялі дзьве асноўныя задачы: 1. Вызначэньне дакладнага месцазнаходжаньня муроў касьцёла; 2. Поўнае ўскрыцьцё яго часткі для вызначэньня стану муроў, якія засталіся. Агульнае кіраўніцтва экспедыцыяй ажыцьцяўляў А. Трусаў. Першая задача была вырашана гродзенскім археолагам Р. Акіпчыцам, які з дапамогай шурфаў акрэскліў контуры будынка. Потым на падставе здабытай праз шурфы інфармацыі быў закладзены раскоп (кіраўнік Краўцэвіч), які ўскрыў паўночную частку апсіды і прыбудовы да яе. У дасьледаваньнях удзельнічаў супрацоўнік аддзела археалогіі Дзяржаўнага музея гісторыі мастацтва на Вавелі ў Кракаве А. Кукліноўскі.
Па ўсёй паверхні раскопу зафіксаваны сьветла-шэры культурны слой таўшчынёю 0,3 – 0,5 м. Гэта слой прывазны. Яго завезьлі пасьля зьнішчэньня касьцёла і разраўнялі над руінамі. Гэта пацьвярджаюць сьведкі. Зямлю бралі, відавочна, недалёка ад замка — сярод знаходак ёсьць нават XII ст. Асноўная частка невялікай калекцыі археалагічных знаходак паходзіць менавіта з гэтага прывазнога слою. Акрамя рэчаў XX ст. знойдзены фрагменты паліванага, непаліванага, задымленага посуду XVII—XIX стст., фрагменты кафлі — пераважна XVII ст. Найбольш старажытныя знаходкі датуюцца XII ст. Гэта — фрагменты сьценкі і вечка гаршка і зусім незвычайная тут рэч — палова круглай (дыяметрам 6,5 см) маёлікавай пліткі зялёнага колеру з падлогі царквы XII ст. Ніжэй прывазнога слою ў межах будынка касьцёла ідзе суцэльны будаўнічы друз — бітая і цэлая цэгла, кавалкі позьняй бетоннай падлогі. Знаходак тут амаль няма.
Ад касьцёла зьберагліся толькі падмуркі, таксама — невялікія фрагменты мураваных сьценаў. Найбольшая глыбіня падмуркаў — да 3,5 м ад сучаснай дзённай паверхні. Муроўка падмуркаў мяшаная — з забутоўкі (вялікія камяні з бітай цэглай на вапнавай рошчыне). Асноўны аб'ём храма быў складзены з цэглы-пальчаткі. Вапнавая рошчына даволі тлустая. У вапну акрамя пяску дададзены жвір з дробнай галькай і патоўчанай цэглай (цамянкай). Варта адзначыць, што цамянка ўласьцівая мурам замка ў Любчы, а таксама — падмуркам палаца на Старым замку ў Гродне, які быў перабудаваны ў канцы XVI ст. Стэфанам Баторыем.
Перакрыцьці сутарэньняў касьцёла былі прабітыя пасьля выбуху, каб не пакідаць пустотаў пад зямлёю. Сутарэньні запоўнены будаўнічым друзам.
У межах апсіды расчышчана некалькі падвальных памяшканьняў, створаных перагародкамі XVII—XVIII стст. Яны выкарыстоўваліся ў якасьці крыптаў. Асноўная сьцяпа апсіды вылучаецца памерамі: шырыня падмурка — 3,6 м; складзены ён у тэхніцы бутавай муроўкі з камянёў і цэглы-пальчаткі на вапнавай рошчыне. Апсіда дадаткова ўмацавапа контрфорсам. Да таго ж для большай трываласьці пад яе ўсходнюю частку падведзена падмуркавая платформа з камянёў на вапне (першым заўважыў А. Кукліноўскі). Для пабудовы апсіды ўжывалася чырвоная цэгла, на адным з бакоў якой мелася 5—6 прамых барознаў. Сярэднія памеры цэглы: 26-28x13-14x6-7 см.
Першапачаткова касьцёл быў пакрыты чырвонай пляскатай дахоўкай, якая мае назву «бабровы хвост», бо яе канец нагадвае формаю хвост гэтай жывёліны. Такая дахоўка была пашырана на Беларусі ў XV—XVI стст. і знойдзена падчас раскопак Вільні і Старога замка ў Гродне. Таўшчыня пляскатай дахоўкі, знойдзенай намі ў раскопе і шурфах вакол касьцёла, дасягае 1,7—2 см. Яна мае высокі (да 5 см) мацавальны шып трохкутнай формы.
Хвалістая дахоўка таўшчынёю 1 см датуецца XVIII ст. Даволі шмат сабрана кавалкаў складанапрофільнай польскай рэстаўрацыйнай дахоўкі 20-ых—30-ых гг. XX ст. Знойдзены таксама фрагменты шкляной дахоўкі гэтага ж часу.
Пры раскопках была цалкам ускрыта прыбудова да касьцёла XIX ст. з жоўтай цэглы на цэментавай рошчыне. Ад яе засталіся рэшткі сутарэньня з бетоннай падлогай і атынкаванымі сьценамі — вышынёю да 1,15 м. Уваход у сутарэньне быў з захаду. Гэта лесьвіца з цаглянымі прыступкамі. З паўднёвага боку ў прастору сутарэньня выступае падмурак контрфорса апсіды.
У шурфах вакол касьцёла было шмат знаходак XVII—XX стст. Гэта — паліваны, расьпісаны, мораны і непаліваны посуд, паліваная (і зрэдку паліхромная) кафля, цэгла, дахоўка, пліткі падлогі XIX ст., кавалкі сталовага і аптэкарскага шклянога посуду, фрагменты «рэйнскай» керамікі, каваныя цьвікі і рэшткі каванай металічнай агароджы канца XIX—XX стст., якая некалі была каля касьцёла.
Найбольшая колькасьць знаходак была ў шурфах з боку вуліцы Замкавай. Відаць, тут некалі стаялі цагляныя крамы (бо трапілася шмат бітай цэглы і хвалістай дахоўкі), якія былі разбураны паводле загаду гродзенскага губернатара ў 1870 г.
У шурфе (з боку вуліцы Кастрычніцкай) прасочаны культурны слой з рэшткамі згарэлай драўлянай забудовы і знаходкамі XVI ст. (напрыклад, гаршковая кафля).
Такім чынам, на першым этапе дасьледаваньняў ускрыта частка апсіды касьцёла і прыбудовы да яе з паўночнага боку. З заходняга боку раскопак мы дайшлі да сьцяны, якая злучана з апсідай. У выніку шурфоўкі акрэсьлены і агульны план касьцёла.
Дасьледаваньні 1992 года паказалі персьпектыўнасьць далейшай працы на помніку. Рэшткі яго велічных муроў выклікаюць значны эмацыянальны эфект і цалкам прыгодныя для музеефікацыі. На 1993 год плануецца працяг дасьледаваньняў.
Алесь Краўцэвіч, Алег Трусаў, Ігар Трусаў
З невялікімі праўкамі і скарачэньнямі з часопіса “Мастацтва” 1993 №8 С. 45-51
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 27 Верасень 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической