Цяжка знайсці ў ваколіцах Гродна больш занядбаны і малавядомы помнік архітэктуры з такой багатай гісторыяй. Панямунь – Загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Панямунь знаходзіцца на ўсходняй ускраіне горада, на правым беразе Нёмана. Пабудавана каля 1771 г. паводле праекта архітэктара Д. Сака. Перабудавана ў ХІХ ст. Палацава-паркавы ансамбль абмежаваны з паўднёвага боку ракой, з усходняга і паўночнага — глыбокім ровам. Палац і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах рова. Уезд пазначаны капліцай (сярэдзіна ХІХ ст.) неагатычнага стылю. Гаспадарчыя і службовыя пабудовы былі вынесены за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены з заходняга боку палаца ў адзін рад. Палац аднапавярховы. Спачатку мураваны, пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі. Збярогся фрагмент вуглавой вежы, якая вылучаецца плаўным абрысам, тонкай і складанай прафіліроўкай карнізаў і абрамленняў, здвоенымі пілястрамі з ажурнымі капітэлямі, гарызантальнай рустоўкай. У цэнтры галоўнага фасада — чатырохкалонная навісь. Дваровы фасад упрыгожаны чатырохкалонным порцікам на высокім цокалі. Перапад у рэльефе забяспечыў двароваму фасаду адкрыццё цокальнага паверха, службовыя памяшканні якога мелі сувязь з памяшканнямі параднага паверха. Планіроўка дома анфіладная з выхадам у цэнтральную вялікую парадную залу. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока.
У ХІІ ст., відавочна, месца броду на Нёмане. У ХVІ – ХVІІІ стст. тут быў фальварак гродзенскай каралеўскай эканоміі. У 1828 г. частка маёнтка належала памешчыку І. Сарасеку і Я. Румелю. У першай палове і пачатку другой паловы ХІХ ст. Панямунь была валоданнем гродзенскага машалка Рамана Антонія Ляхніцкага , які працягнуў будаўніцтва парка, спраектаванага яшчэ Д. Сака. У канцы ХІХ ст. Панямунь купіла княгіня Ядвіга Друцкая-Любецкая. Сюды да яе прыязджалі Эліза Ажэшка, Францішак Багушэвіч, кампазітар М. Карловіч. Яшчэ ў 1993 г. здавалася, што гэты адзін з самых каштоўных дварцова-паркавых комплексаў урэшце зойме належнае месца сярод ахоўваемых помнікаў, але гэтага не адбылося.Прыгажэйшы на Беларусі помнік так і стаіць, трацячы сваю прыгажосць, нікому не патрэбны, забыты і закінуты. Вясною 2009 г. праз тэрыторыю ландшафтнага парка пачалося будаўніцтва дарогі на суседнія лецішчы.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 10 Кастрычнік 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической