Ці можна ўявіць сабе Гродна без Фарнага касцёла? Нават той, хто лічыць сябе няверуючым, зробіць некалькі крокаў па шведскай плітке базыліцы – і замрэ. І захочацца моўчкі стаяць гадзінамі і слухаць цішыню.

Сэрца будзе павольна стукаць, нібы адлічваючы назад гады мінулых стагодзяў. І здаецца – ніколі б не выходзіў адгэтуль.

Ці інакш... Нарэшце загучыць арган, і тысячы вернікаў заспяваюць псалмы Давіда. І ўжо гонар – далучыцца да іх, хваліць Бога спевам, дасылаючы і свой голас разам з імі да неба.

Сапраўды, Фарны касцёл над усімі намі, гродзенцамі, мае нейкую незвычайную уладу. Можа, веліччу сваёй захапляе, паглынае нас, можа нязломнасцю ў гады войнаў і разрухі паказвае прыклад і кліча – “Sursum corda”. Базыліка самім сваім існаваннем служыць Евангелізацыі можа нават больш, чым мы, людзі. І мы, як да маці, зноў і зноў прыходзім да яе.

А там... ступаючы па каменях полу базылікі, разглядаючы памятныя дошкі, шыльды, помнікі, раптоўна разумееш, колькі гісторыі сакрыта ў гэтых сценах: ад першага прыезду езуітаў у Гродна, кансэкрацыі з удзелам манархаў, польскага караля Аўгуста ІІ і расійскага цара Пятра І, да начных дзяжурстваў гродзенцаў, занепакоеных лесам сваёй святыні: “Толькі б уратаваць!” Ва ўсім адчувальная прысутнасць вякоў.

Але ёсць месцы ў касцёле, праходзячы міма якіх проста не можаш устрымаць цікаўнасць. Колькі разоў за імшу хтосьці троне нагой меднае кальцо мармуровай пліты каля капліцы Маці Божай Кангрэгацкай, і адгукнецца рэха, нібы пытаючы нас: “хто там?” Хто там, унізе, у касцёльных скрыптах? Каго захоўвае падвальная цішыня і цемра?

Адзіны з вядомых гродзенскіх гісторыкаў Юрый Гардзееў (цяпер жыве і працуе ў Кракаве), адказваючы мне на гэтыя пытанні, напісаў у лісце: “Пахаванні ў крыптах Фарнага касцёла практычна не вывучаліся. Але звесткі можна знайсці ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску... Фактычна трэба шукаць тэстаменты. Варта мець ці прозвішча, ці дату пахавання. Але апісанне даты ці ўзросту пахаванай асобы нічога ў прынцыпе не дае і не высвятляе. Калі б там захаваліся труменныя партрэты ці якія прозвішчы на трунах, іншая справа”. Па словах Юрыя Гардзева, “ніхто з вялікіх людзей тут не быў пахаваны”. Хутчэй за ўсё, у падвалах Фарнага Касцёла хавалі памерлых езуітаў. Але...

Не так даўно пробашч катэдры ксёндз Ян Кучынскі, кс. Віктар Захарэўскі разам з групай фатографаў, ледзьве падняўшы сіламі васьмярых мужчынаў мармуровую пліту, спусціліся ў склеп. “Адразу пачулі запах плесені (цвілля) і адчулі непрыемны прысмак у роце, – распавядае кс. Ян Кучынскі. – Трэба было асвяціць цемру. У свеце моцных ліхтароў агледзеліся і убачылі шмат трунаў. Адныя з іх стаялі акуратна састаўленыя, зачыненыя, іншыя былі адкрытыя, і ў іх проста былі накіданыя чэрапы і косці. Чалавечыя астанкі моцна пашкоджаныя грыбком, але можна разгледзець рэшткі ксяндзоўскага адзення: побач з чэрапамі ў некаторых трунах ляжаць бярэты. У адной з трунаў пахаваны чалавек у адзенні з капюшонам – верагодна, манах. Але ці 300 гадоў таму езуіты мелі ў адзенні капюшоны?

Большасць трунаў – простыя, драўляныя. На адным, дарэчы, можна разгледзець надпіс: 1795 год, “Гродна” і літары – верагодна імя, але лёгка прачытаць не атрымалася. Увагу прыцягнула труна, якая некалі была абіта чырвонай дарагой матэрыяй (рэшткі яе яшчэ можна ўбачыць). У гэтай труне адпачывае жанчына, якая была магчыма набальзамаваная, бо захаваліся рэшткі скуры на твары і руках. Яе валасы былі заплеценыя ў дзве касы, што рабілі, калі хавалі нявінніц. На жаль мы не ведаем, хто пахаваны ў падвалах касцёла. Верагодна, што такія звесткі ёсць у архівах езуітаў у Варшаве ці Вільні. Калі атрымаецца і такія звесткі адшукаюцца, хацелася б прывесці ў добры выгляд крыпту і зрабіць яе адкрытай для вернікаў і турыстаў, як гэта зроблена ў шматлікіх касцёлах у Еўропе”.

Але на думку Юрыя Гардзеева, імёны некаторых з тых, хто пахаваны ў падвалах базылікі, усё ж вядомыя. “Ля помніка Антонія Тызенгаўза, перад алтаром з іконай Маці Боскай Студэнцкай знаходзіцца склеп прадстаўніка аднаго са старажытных гродзенскіх шляхецкіх родаў – Кшыштафа Казімежа Фларыяна Міцуты. Побач пахавана яго жонка Эўфразына з роду Калантаяў, дачка ваўкавыскага падкаморага”, – піша ён у адным са сваіх артыкулаў. Паводле ягоных даследванняў, “Кшыштаф Казімеж Фларыян Міцута быў удзельнікам Паўночнай вайны, у 1707-1715 гг. займаў пасаду земскага падсудка Гродзенскага павета, а у 1721-45 гг. быў гродзенскім падстолім. У 1704-1735 гг. згадваецца гродзенскім падкаморым. Прымаў удзел ў выбарах караля ў 1733 г. У Гродне Міцута валодаў сядзібай побач бернардынскага кляштара і праўдападобна дваром на занёманскім прадмесці. У 1750 г. ужо не жыў”.

Побач з капліцай Маці Божай Кангрэгацкай – тая самая надмагільная пліта з медным кальцом, уваход у склеп Міцуты. Але надпіс на ёй моцна зацёрты. Прачытаць яго цяпер практычна немагчыма.

Марыя Давідовіч.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Scroll to top