Усе гарадзенскія кляштарныя хронікі змяшчаюць звесткі пра злачынствы і пакаранні, якія мелі месца ў горадзе. На старонках манаскіх дакументаў, прысвечаных захаванню інфармацыі пра падзеі ў манастырах, падобныя апісанні выглядаюць асабліва адметна. Некаторыя з іх звяртаюць увагу на дзіўнасць злачынства, іншыя сведчаць пра ўдзел манахаў у судовым працэсе у якасці духоўнікаў, іншыя асабліва яскрава апісваюць спосаб выканання кары.
Падрабязнасць некаторых апісанняў і насычанасць крывавымі сцэнамі ўздымае пытанні пра прычыны з’яўлення падобных тэкстаў у хроніках: замілаванне да крыві ці наадварот выражэнне здзіўлення ці пратэсту ў адносінах да сітуацыі. У якую культурную парадыгму ўпісваюцца манаскія тэксты другой паловы XVIII ст. і якое стаўленне да апісанай сітуацыі выражаюць? Як адбываліся смяротныя пакаранні ў Гародні ў гэты перыяд і як рэагавалі на іх мясцовыя жыхары?
На старонках гарадзенскіх манаскіх хронік крымінальныя злачынствы, працэсы ці пакаранні, якія мелі месца ў Гародні, згадваюцца 13 разоў (з апісаннем 12 выпадкаў – адзін з іх апісваецца ў дзвюх хроніках). Манахі-бернардзінцы ўдзельнічалі ў працэсах у якасці духоўнікаў з 1765 г. (раней гэтым займаліся езуіты), таму, напэўна, колькасць упамінаў пакаранняў у хроніках гэтага манастыра большая, чым іншых (7 з 13).
Найбольш ранняя згадка аб працэсах зроблена ў гісторыях езуітаў у 1743 г., апошнія з’яўляюцца ў хроніцы бернардзінцаў у 1790 г. Найчасцей падобныя апісанні сустракаюцца ў тэкстах у 1788–1790 гг. (6 выпадкаў з 13).
Хроніка кармелітаў босых часта адзначае аўтараў тэкстаў, такім чынам для трох з апісанняў пакаранняў вядома аўтарства. Найранейшае апісанне смяротнага пакарання прыводзіцца бр. Кліментам ад Ахвяравання бласлаўлёнай панны Марыі (Міхалам Ёдкай), які выконваў функцыю гарадзенскага гістарыёграфа ў 1757 – 1760 гг., пасля службы прапаведнікам і падпрыёрам у віленскім кляштары ў 1754 – 1757 гг. Экзекуцыю 1760 г. у падрабязнасцях прадставіў бр. Сямён ад св. Тадэвуша (дадзены ўрывак хронікі будзе прыведзены ніжэй). У 1787 – 1790 гг. Хроніку вёў бр. Мацвей ад св. Марыі і адзначае два выпадкі здзяйснення пакаранняў. На жаль, іншыя біяграфічныя звесткі адносна апошніх гістарыёграфаў нявыяўлены.
У хроніках згадваюцца 9 смяротных пакаранняў, 3 з іх – з апісаннем кваліфікаванай кары. Найбольш жорсткія з апісаных пакаранняў адбываліся ў 1760 і 1790 гг. Звяртае ўвагу позняе з’яўленне апісанняў смяротных пакаранняў у хроніках (у адносінах да храналагічнага перыяду, у які ствараліся тэксты). Нельга меркаваць, што ў ранейшыя гады пакаранні не адбываліся ці былі больш лагоднымі. Магчыма, колькасць пакаранняў у горадзе ўзрасла з перанясеннем у Гародню адной з сесій Галоўнага трыбунала ВКЛ у 1775 г., аднак насычанасць апісанняў хронік выпадае на яшчэ пазнейшыя гады – 1788–1790 гг.
Адначасова ў другой палове XVIII ст. ва ўсёй Еўропе, таксама і Рэчы Паспалітай, вядуцца грамадскія дыскусіі пра нечалавечнасць цялесных катаванняў, неабходную адпаведнасць пакаранняў віне, бессэнсоўнасць публічных экзекуцый, нават адмену смяротнага пакарання. У еўрапейскіх краінах пачынаюць ажыццяўляцца рэальныя рэформы заканадаўства, якія прыводзяць да таго, што пакаранні на гонару, цялесныя катаванні, смяротнае пакаранне паступова зыходзяць з ліку караў. Першай краінай, у якой былі адмененыя катаванні, была Аўстрыя – у 1776 г. Пазней, у кодэксе Іосіфа ІІ, выдадзеным у 1787 г., “Allgemeines Gesetz über Verbrechen und derselben Bestrafung”, цалкам адмяняецца пакаранне смерцю ў звычайных працэсах. Адмена дзейнічала да 1795 г. у сувязі з рэакцыяй на Французскую рэвалюцыю. Рэформы карнага заканадаўства праводзіліся ці рыхтаваліся таксама ў іншых Еўрапейскіх краінах.
У Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII ст. працягвала дзейнічаць былое заканадаўства. У гарадах ВКЛ у якасці карнага права дзейнічалі магдэбургскае права і Статут 1588 г., якія прадугледжвалі шырокае выкарыстанне смяротнага пакарання.
Аднак, нягледзячы на тое, што рэформа права не была рэалізавана, у гэты перыяд адбываліся выразныя змены ў судовай практыцы. Даследчыкі прыводзяць дадзеныя па гарадах Польшчы. Напрыклад, па падліках М. Мікалайчыка, кракаўская гарадская рада з 1750 г. пастаянна змяншала колькасць смяротных прысудаў, так што пасля 1790 г. у судовых кнігах не адзначаны ніводны выпадак прызначэння найвышэйшага прысуду. Падобная тэндэнцыя назіралася таксама ў іншых буйных гарадах Рэчы Паспалітай (Познані, Пшэмыслі).
На наш погляд, занатоўванне на старонках хронік апісанняў смяротных пакаранняў было менавіта вынікам непрыняцця падобных звычаяў аўтарамі тэкстаў. Стасаваныя пакаранні выдаваліся настолькі дзіўнымі і жорсткімі, што манахі не маглі не занатаваць іх у сваіх кнігах. Пацверджаннем падобнай інтэрпрэтацыі з’яўляецца спосаб апісання пакаранняў, праяўленне спагады да прызначаных на смерць злачынцаў. Разгледзім два найбольш падрабязныя апісанні пакаранняў.
1) З хронікі кармелітаў босых. 1760 г. Група разбойнікаў хрысціян і жыдоў напала на двор пана Паніквіцкага. Яны збілі гаспадара і забілі грэка-каталіцкага святара, які прыйшоў яму на дапамогу.
У свята св. айца нашага Яна ад Крыжа служкай справядлівасці была выканана экзекуцыя па жорсткаму дэкрэту, выдадзенаму Гарадзенскім земскім судом. <...> Хрысціянін жывы на кол быў пасаджаны. Двое з жыдоў, якія прынялі хрысціянскую веру, былі сцятыя мячом, і іх галовы былі пакладзеныя кожная ў адпаведную ёй труну. Іншых жа [іудзеяў] кускі цела былі вырваныя распаленымі абцугамі, рукі – прапаленыя па кроплях серай і растопленай смалой, пасля разрубленыя часткі жывых целаў былі падвешаныя недалёка ад шыбеніцы. Адзін жа жывы, насупраць грамадскай дарогі на Скідаль, паміж двух рэбраў бока за гак быў падвешаны.
2) З Дамавой гісторыі бернардзінцаў. 1790 г.
Прысуд суддзяў Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага быў выкананы калі 12 гадзіны дня ў справе бязбожнага жыда, які забіў каталіка гандляра, жорстка, за гэтае злачынства названы жыд быў ганебна пакараны на гарадской плошчы: спачатку праз кару адсячэння галавы ад цела, потым рассячэнне цела на 4 часткі. Нашы манахі, кіруемыя руплівасцю (Божай), працавалі над яго душой, каб, пазнаўшы ілжывасць сваёй іудзейскай рэлігіі, перайшоў да нашай праўдзівай і святой веры. Але злачынца, не паводле суджэння розуму, а ўплыву ўпартасці, застаўся ва ўласнай веры аж да канца, і няшчасны выпусціў дух і загінуў навечна. Увесь час жа меў у вуснах і абвяшчаў: “Месія не прыйшоў. Месія не прыйшоў, але яшчэ прыйдзе”.
На нашу думку, абодва апісанні выражаюць пэўнае спачуванне да злачынцаў. Кармеліцкі аўтар падкрэслівае гуманнасць звыклага смяротнага пакарання праз адсячэнне галавы, кажучы пра пахаванне гэтай галавы разам з целам. Сама дэталёвасць і вобразнасць апісанняў кармеліцкай хронікі выяўляе жорсткасць і нечалавечнасць гэтых караў.
У абодвух выпадках хронікі апісваюць працу манахаў над навярненнем іудзеяў, вынікам чаго, акрамя “вечнага збаўлення”, было б больш лагоднае пакаранне. Паводле Статута 1588 г. да іудзеяў, якія судзіліся хрысціянскім судом, стасаваліся такія нормы права як для простых людзей. Калі ж жыд пераходзіў на хрысціянства, “тогды кождая такая особа и потомъство ихъ за шляхтича почитаны быти мають” і судзіцца адпаведным чынам. Так, у першым з цытаваных урыўкаў ахрышчаныя жыды за ўчынены разбой былі сцятыя мячом (як шляхціцы).
У працэсах над іудзеямі, якія былі апісаныя ў хроніках, заўсёды ўдзельнічаюць манахі, схіляючы тых да прыняцця хрысціянства. Тым не менш, тэксты хронік не толькі не фіксуюць праяў антысеміцкага стаўлення, але і апісваюць пакаранні ў спосаб характэрны для іудзейскай мартыралогіі, падкрэсліваючы мужнасць асоб у час смерці, праяўляюць спагаду да няверных.
Акрамя прыведзеных двух выпадкаў кваліфікаванага пакарання ў хроніках адзначаецца павешанне царкоўнага злодзея, якое адбылося таксама ў верасні 1790 г. Трэба адзначыць, што рабаванне царквы разумелася як злачынства супраць Бога і адносілася да публічных, разам са злачынствамі супраць дзяржавы і парадку ў ёй, паводле права Новага Часу.
Хроніка кармелітаў прыводзіць факт бацьказабойства па намове маці, які меў месца ў Гародні ў 1788 г. Адзначаецца, што справа дайшла да Асэсарскага суда, і быў пацверджаны смяротны прысуд. Матэрыялы войтаўскага суда адносна гэтага працэсу знаходзяцца ў Актавых кнігах гарадзенскай магдэбургіі. Паводле пастановы суда маці, Разалія Леановіч, была асуджана на знеслаўленне (інфамію) і смерць праз адсячэнне галавы, сын жа, Ян Леановіч, – таксама на знеслаўленне і смерць і акрамя таго, чвартаванне цела і развешванне яго частак ля “гасцінцаў публічных”. Дакументы справы заканчваюцца на перадачы яе ў Асэсарскі суд. Варта адзначыць, што і паводле артыкулаў Статута, і магдэбургскага права бацьказабойства каралася інфаміяй і ганебным патапленнем у мяшку з чатырма жывёламі (па традыцыі Рымскага права), аднак, як сцвярджаюць гісторыкі права, такі прысуд увогуле не прызначаўся ў практыцы. Чвартаванне цела пасля смерці лічылася больш лагоднай карай, чым звычайнае, таму што пазбаўляла чалавека пакутаў.
У хроніках адзначаецца адзін выпадак забойства маці-ўдавы ўласнага трохгадовага сына. Тэкст хронікі прыводзіць інфармацыю пра прыкметы вар’яцтва жанчыны, хоць падобны дыягназ не згадваецца (жанчына кажа, што лічыла, што забівае асла). Сцвярджаецца, што ўдава была прызнана вінаватай і смяротны прысуд (адсячэнне галавы) быў выкананы 4 траўня 1759 г. Забойства жанчынай нованароджанага дзіцяці паводле магдэбургскага права каралася закопваннем жыўцом у зямлю і прабіццём колам або патапленнем. Паводле Статута бацька ці маці, вінаватыя ў забойстве дзіцяці, павінны былі быць зняволеныя год і шэсць тыдняў у вежы і пазней на працягу года публічна вызнаваць віну ў царкве (чатыры разы); забойства ж незаконнанароджанага дзіцяці жанчынай ці пазбаўленне плоду каралася смерцю. У выпадку, апісаным у хроніцы, справа не ідзе пра забойства немаўляці. Не адзначаецца, як доўга жанчына была ўдавой ці іншыя абставіны справы. Згадваюцца толькі прыкметы вар’яцтва, аднак, як сведчыць выдадзены прысуд, яны не былі прызнанымі – жанчына атрымала смяротнае пакаранне, хоць і некваліфікаванае.
Адзначаецца адзін выпадак працэсу супраць жыда за забойства двух хрысціянскіх дзяцей, для падрыхтоўкі, “як кажуць”, іудзейскіх рытуалаў. Пра выключнасць гэтага выпадку сведчыць апісанне яго ў дзвюх хроніках. Злачынца атрымаў смяротны прысуд – адсячэнне галавы. Бернардзінскі храніст адзначае працу манахаў (“нашых і дамініканцаў”) па навярненні іудзея, аднак той “нешчасліва душу сваю згубіў у вечнасць”. Такім чынам, у хроніках не выражаецца антысеміцкіх поглядаў, выказваецца сумнеў адносна магчымасці выкарыстання крыві ў рытуалах (што таксама падкрэслівалася ў афіцыйнай дактрыне касцёла), выяўляецца спачуванне да “нешчаслівага” нехрысціяніна, суд жа выносіць смяротны прысуд, але праз звычайнае, некваліфікаванае пакаранне.
Такім чынам, усе працэсы, апісаныя ў хроніках, якія заканчваліся смяротным (асабліва кваліфікаваным) пакараннем, былі звязаныя з выключнымі злачынствамі: разбоем, бацьказабойствам, забойствам уласнага дзіцяці, рабаваннем святыні, забойствам дзяцей, інтэрпрэтаваным як рытуальнае. Хронікі прыводзяць яшчэ некалькі выпадкаў звычайных смяротных пакаранняў: злачынца ў іх заўсёды быў вінен у смерці пацярпелага.
У параўнанні з Кракавам і прыведзенымі вышэй іншымі буйнымі гарадамі Рэчы Паспалітай, дзе напрыканцы XVIII ст. амаль знікаюць смяротныя пакаранні, колькасць падобных прысудаў у Гародні гэтага перыяду вельмі высокая, прычым некаторыя з іх выкарыстоўваюць кваліфікаваныя кары.
Ганна Паўлоўская
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 09 Люты 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической