Рынак. Парадная площадь, Plac Batorego, Kirchplatz, Советская площадь. З XIV стагодзьдзя неадменна галоўны пляц Горадні. Візытоўка кожнага эўропэйскага места.

Карэнна выгляд перамяніўся спачатку ў сярэдзіне ХХ ст. у выніку стратаў Другой Сьвятовай вайны і савецкіх пераплянаваньняў. Ня меншую шкоду прынесла і савецкае панаваньне: узарваная Фара Вітаўта, падобны лёс ледзь не напаткаў Катэдральны касьцёл. Прапаноўваліся самыя неверагодныя проекты пераплянаваньня плошчы.

Такім бачыўся Рынак архітэктарам яшчэ ў 70-я гады

Такім бачыўся Рынак архітэктарам яшчэ ў 70-я гады. Без камэнтараў.

Істотныя зьмены прыйшлі з сумнавядомай перабудовай 2005–2006 гг. Нягледзячы на ўсё гэта ня страцілі актуальнасьці проекты вяртаньня гісторычнага аблічча Рынку. Ніжэй падаецца да ўвагі распрацаваныя гарадзенскімі архітэктарамі і міласьціва прадстаўленыя Аленай Пархутай пляны рэконструкцыі гісторычнага разьвіцьця і пэрспэктываў рэновацыі гарадзенскага Рынку.

Умоўныя абазначэньні

Існуючыя будынкі
Будынкі 1 пэрыяда
Будынкі 2 пэрыяда
Будынкі 3 пэрыяда
Будынкі 4 пэрыяда
Будынкі 5 пэрыяда

1 Пэрыяд
1376–1569

Эксплікацыя. 1 – Парафіяльны касьцёл; 2 – Ратуша; 3 – Замкавы Двор; 4 – Гарадзкая карчма.

Ад 1376 г. Горадня знаходзячыся ў валоданьні князя Вітаўта, буйны гандлёвы цэнтар – другі пасьля Вільні ў Вялікім Княстве Літоўскім. Да гэтага часу адносяцца першыя докумэнтальныя зьвесткі аб пляніроўцы места.

У гэты час грамадзкім цэнтрам горада становіцца Рынак – зьвязаны сыстэмай вуліцаў з замкам. Рынак знаходзіўся на скрыжаваньні асноўных гандлёвых магістраляў – вуліцаў па вуглах плошчы і меў амаль квадратнае замкнутае акрэсьленьне.

У 1389 г. князем Вітаўтам быў закладзены першы драўляны фарны касьцёл на заходнім баку плошчы.

У 1496 годзе горад атрымлівае Магдэбургскае права. І да 1513 г. у цэнтры плошчы для разьмяшчэньня магістрата была пабудавана ратуша з гандлёвымі шэрагамі і шматяруснай вежай з гадзіньнікам. У 1540 г. на рагу вуліцы Замкавай і плошчы быў збудаваны Замкавы двор, а да 1560 г. на рагу вул. Віленскай і плошчы – першая гарадзкая карчма.

2 пэрыяд
1569-1795

Эксплікацыя. 1 – Парафіяльны касьцёл; 2 – палац Баторага; 3 – Езуіцкі касьцёл; 4 – Аптэка;
5 – палац Радзівілаў; 6 – Ратуша.

У 1569 г. у выніку Люблінскай вуніі Горадня ўваходзіць у склад Рэчы Паспалітай.

Пры каралі Стэфане Баторам архітэктарам Гучы на заходнім баку плошчы побач з драўляным касьцёлам у 1584–86 годзе будуецца каменны рэнэсансны фарны касьцёл, а драўляны разьбіраецца. У 1576-80 гг. з усходняга боку плошчы быў збудаваны палац Баторыя. Падчас вайны 1655-1665 гг. быў спалены будынак былой карчмы. На сярэдзіну XVII ст. гарадзкая гаспадарка была разрабавана і, калі ў 1673 г. было вырашана праводзіць у Горадні кожны трэці сэйм, магістрат стаў распрадаваць гарадзкія землі ў юрыздыку магнатам, якія імкнуліся будаваць рэзыдэнцыі ў сэймавым горадзе. У выніку на канец XVII стагодзьдзя на паўднёвым баку плошчы быў збудаваны палац Радзівілаў, а на ўсходнім баку плошчы былая батораўка перабудавана ў палац Бжостоўскіх.

Ад сяр. XVII ст. і да сяр. XVIII ст. працягвалася будаўніцтва на ўсходнім баку плошчы Езуіцкага касьцёла. Пасьля ваенных дзеяньняў 1706–1709 гг. канчаткова прыйшла ў заняпад ратуша і функцыю ратушы стаў выконваць будынак на рагу вул. Замкавай і плошчы. У 1709 г. на ўсходнім баку плошчы распачалося будаўніцтва езуіцкай аптэкі, другі паверх якой быў надбудаваны ў 1763 г.

У першай чвэрці XVIII ст. батораўка перабудоўваецца для правядзеньня сэймаў. У сярэдзіне XVIII ст. на паўднёвым баку плошчы перабудоўваецца палац Радзівілаў, а на паўночным баку перабудоўваецца былы будынак карчмы. На сяр. XVIII ст. плошча была выбрукавана і перад ратушай знаходзіўся гарадзкі калодзеж.

3 пэрыяд 1795–1885

Эксплікацыя. 1 – Сафійскі сабор; 2 – Фарны касьцёл; 3 – Аптэка; 4 – Ратуша; 5 – палац Любецкіх; 6 – сквэр.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Горадня стала губэрнскім цэнтрам. У 1797 г. функцыя парафіяльнага касьцёла перадаецца Езуіцкаму. А ў 1806 г. былы парафіяльны касьцёл перабудоўваецца ў праваслаўны Сафійскі сабор. У 1803 г. на тэрыторыі Езуіцкага кляштара разьмяшчаюцца казармы і вязьня. У 1807 г. быў збудаваны ў клясыцыстычным стылі новы будынак ратушы з гандлёвымі шарэгамі.

У XIX ст. на тэрыторыі між ратушай і паўночным бокам плошчы быў закладзены рэгулярны сквэр з фонтанам.

У канцы XIX ст. на заходнім баку плошчы ў будынку на рагу надбудоўваецца трэці паверх, на ўсходнім баку былая батораўка прадаецца і ў 1880 г. перабудоўваецца, набываючы сучасны выгляд.

На паўднёвым баку плошчы ў былым палацы Радзівілаў разьмяшчаецца рэзыдэнцыя князёў Любецкіх. Паўночны бок плошчы за выключэньнем былой карчмы забудоўваецца нанова.

4 пэрыяд
1885–1939

Эксплікацыя. 1 – Сафійскі сабор / Гарнізонны Касьцёл; 2 – Ратуша; 3 – Фарны касьцёл;
4 – Дом Мураўёва; 5 – гаспадарчая пабудова; 6 – сквэр.

Пасьля пажару 1885 г. пачаўся новы пэрыяд у перабудове плошчы.

У 1889 г. быў перабудаваны ў псэўдарускім стылі Сафійскі сабор. Пасьля 1885 г. на ўсходнім баку плошчы быў перабудаваны будынак езуіцкай аптэкі, а ў 1890 г. да Фарнага касьцёла дабудоўваецца ганак. У гэты-ж час адбываецца будаўніцтва і на паўночным баку плошчы – на месцы страчанай забудовы ў 1898 г. узводзіцца будынак у стылі модэрн – дом Мураўёва, а ў 1910 г. гэты бок плошчы замыкаецца шэраговай 2-павярховай забудовай з лаўкамі на першым паверсе. Тэрыторыя паміж былым палацам Радзівілаў і ратушай забудоўваецца гаспадарчай аднапавярховай пабудовай.

Пасьля падпісаньня Рыжскага пагадненьня ў 1921 г. распачынаецца “польскі пэрыяд”. Сафійскі сабор становіцца гарнізонным касьцёлам і пасьля рэстаўрацыі 1935 г. набывае готычны характар. У гэты-ж час адбываецца рэконструкцыя сквэра і плошча пераймяноўваецца ў пл. Баторага.

5 пэрыяд
1939-2006

Эксплікацыя. 1 – Фарны касьцёл; 2 – Аптэка; 3 – Дом культуры; 4 – жылы будынак;
5 – адміністратыўныя будынкі; 6 – жылыя дамы з крамамі на першых паверхах; 7 – Жылы будынак;
8 – невыкарыстоўваемы будынак; 9 – навучальны корпус; 10 – грамадзкая прыбіральня;
11 – сквэры; 12 – вязьня.

На 1944 г. на плошчы былі пашкоджаны будынкі – былога палаца Радзівілаў, гарнізоннага касьцёла (Фары Вітаўта), батораўкі, паўночнага боку плошчы.

Па гэнпляне 1947–1949 пад знос пайшлі флігель батораўкі, ратуша з гандлёвымі шарэгамі, былы палац Радзівілаў, руіны паўночнага боку плошчы. У 1958 годзе на заходнім баку плошчы быў збудаваны будынак палаца культуры. У 1961 г. быў ўзарваны гарнізонны касьцёл, а на яго месцы і месцы палаца Радзівілаў закладзеныя сквэры.


Проектная прапанова

Проектам прапаноўваецца аднаўленьне гісторычнай прасторавай композыцыі плошчы

Умоўныя абазначэньні

Аднаўленьне з рэстаўрацыяй фасадаў
Рэстаўрацыя
Аднаўленьне гісторычных аб’ёмаў у сучасных формах
Рэкaнструкцыя
Брукаваныя плошчы
Аднаўленьне гісторычнай вулічнай сеткі

Эксплікацыя. 1 – храм; 2 – Ратуша; 3 – адміністратыўныя будынкі; 4 – Фарны касьцёл; 5 – Аптэка;
6 – жылая забудова з крамамі на першым паверсе; 7 – калодзеж.


Дасьледваньне урбаністычнай композыцыі

Умоўныя абазначэньні

Відавыя кропкі
Відавыя восі
Замыканыя восі
Экспонаваныя вуглы забудовы
Лінія забудовы
Унутраная прастора вуліцаў і плошчы
Высотныя домінанты

Эксплікацыя функцыянальнага выкарыстаньня. 1 – культавыя збудаваньні; 2 – рэзыдэнцыі;
3 – жылая забудова з лаўкамі на першым паверсе; 4 – Ратуша з гандлёвымі шарэгамі


Ратуша на гравюры Цюнта. 1567 год

Гарадзкая ратуша. Паўстала на рынкавым пляцы адразу-ж па наданьні Горадні Магдэбургскага права ў 1496 г. З гравюры М.Цюндта паводле малюнка Яна Адэльгаўзэра 1568 вядома, што гэта быў двухпавярховы будынак, увенчаны высокай вежай з гадзіньнікам. Драўляная рэнэсансавая Ратуша была панішчана падчас спуштошаньня Горадні маскавітамі ў сярэдзіне XVII ст. Мураваны будынак быў пастаўлены на Рынку толькі напрыканцы XVIIІ ст. Клясыцыстычная Ратуша з гандлёвымі шарэгамі перанесла ліхалецьці першай паловы ХХ ст. Сьведчаньне колішняй эўрапэйскасьці Горадні, будынак паседжаньняў самакіраваньня, магістрацкая Ратуша, новымі ўсходнімі ўладамі паводле першага пасьляваеннага гэнэральнага праекта 1947 г. была зьнішчана. Ва ўсіх савецкіх (і нават постсавецкіх) зборніках па гісторыі Горадні было заўжды пазначана, што Ратуша панішчана падчас Другой Сьвятовай вайны, перакідваючы такім чынам ўсю віну на нямецкія войскі. Ад часу атрыманьня незалежнасьці Беларусьсю, у Горадні вітае ідэя аднаўленьня Ратушы. Найбольш актуальным зьяўляецца пытаньне, якой мае яна новапаўстаць. Рэнэсансавы будынак вядомы нам выключна фактычна з гравюраў Цюндта 1568 г. і Макоўскага 1600 г. Дакладнае-ж аднаўленьне клясыцыстычнай Ратушы бачыцца некаторымі дасьледчыкамі пакуль сумніўным з-за недастаткова высокіх мастацкіх вартасьцяў таго будынка. Натуральна, максымальнае вяртаньне да першапачатковай Ратушы было-б больш слушным пры адпаведных гістарычных пошуках пры проектаваньні. Альбо гэта маглі-бы быць сучасныя варыяцыі, сугучныя са старымі будынкамі Ратушы.

Клясыцыстычная ратуша. Фотаздымак 1920-х гадоў

Рэканструкцыя Фары Вітаўта паводле гравюры
Макоўскага. Аўтар А. Квітніцкая.

Фара Вітаўта. Першая католіцкая сьвятыня ў Горадні паўстала напрыканцы XІV ст. Навогул пасьля хросту Літвы ў 1387 годзе касьцёл быў адным з найстарэйшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі – драўляны касьцёл быў фундаваны каля 1392 г. і пастаўлены на заходнім краі Рынка, які акурат пачаў на той час фармавацца. Як выглядала драўляная Фара Вітаўта, можна даведацца з гравюры Цюндта, неўзабаве пасьля гэтага Стэфан Баторы заініцыяваў узьнясеньне новага мураванага касьцёла. У 1584-87 паводле праекта італьянскага архітэктара Санты Гучы пры Рынку паўстаў новы готычна-рэнэсансавы будынак храма, які можна пабачыць на гравюры Макоўскага. Касьцёл неаднойчы цярпеў падчас войнаў сяр. XVII, пачатку XVIIІ ст., ад пажараў 1753, 1782 гг. Паводле апошняга падзела Рэчы Паспалітай 1795 г. Горадня адыходзіць да Расейскай Імпэрыі. Новая адміністрацыя забірае будынак касьцёла пад праваслаўны Сафійскі Сабор. У 1892 г. чарговы пажар, у 1896-98 г. перабудоўваецца ў псэўдарускім стылі зь 5-цю цыбулінамі і шатром на званіцы. Польская адміністрацыя вяртае Фару Вітаўта католіком, цыбуліны з шатром прыбіраюцца. У 1935 г. адбываецца рэканструкцыя, падчас каторай стараліся наблізіць выгляд касьцёла да ман’ерычнай Фары Вітаўта канца XVI ст. Менавіта такой і запомнілі яе нашыя бацькі, пакуль уначы 29 лістапада 1961 годзе ў распал барацьбы зь верай савецкая адміністрацыя ня зьдзейсьніла барбарскі выбух сьвятыні. Кажуць, з цаглін XVI-вечнай Фары збудавалі некалькі афіцэрскіх баракаў у раёне Азёрскай шашы, друзамі пакрывалі вуліцы Сакалоўскага і дарогу на Гожу…

Ад часоў перабудовы ідэя рэновацыі Фары актуальная, у пачатку 90-х праведзеныя раскопкі выявілі цудоўна захаваныя падмуркі. Несумніўна касьцёл мае паўстаць у выглядзе канца XVI ст.

Фара Вітаўта на фотаздымку канча 1930-х.

 

Эклектычная двухпавярховая камяніца мяжы ХІХ-ХХ ст. замыкала пэрымэтр Рынка ад дома Мураўёва да самой вуліцы Калючынскай. Апошнім часам уладамі сьцьвярджаецца забудова інвэстарамі гэтай пляцоўкі з магчымым паўтарэньнем старога будынка, аднак бяз комплекснага разгляду ўсяго Рынку, пляны ўладаў падаюцца сумніўнымі. Асабліва даецца ў знакі мінулагадовы досьвед “рэконструкцыі”. Так ці інакш, пры правядзеньні масштабных архэолёгічных раскопак нічога не перашкаджае аднавіць значную частку працягласьці будынка, а пры вывядзеньні з Рынка аўтамобільных плыняў, вуліцу Калючынскую можна завузіць да колішняй восі, поўнасьцю адбудаваўшы камяніцу.

 

Фарная аптэка пачатку XVIII ст. Першапачаткова аднапавярховая, празь некалькі дзесяцігодзьдзяў дабудаваны другі паверх з мансардай і высокім барочным дахам. На мяжы ХІХ і ХХ ст. пасьля пажару высокі дах зьмянілі. Варта вярнуць старое аблічча аптэкі для цэлакшталту барочнага Рынка.

 

Фарная аптэка на фотаздымках мяжы ХІХ-ХХ стст.

 

“Батораўка”. Камяніца XVI - XVIІ ст. Палац Сапегаў. Летам 1941 года паўднёвая частка палаца была зьнішчана. У 1960 г. на месцы яе збудавана 5-павярховая хрушчоўка з крамай “Адзеньне” (зараз “Баторыя”). А. Пархута прапануе адбудаваць фасадную сьценку палаца, якая закрыла-бы выгляд хрушчоўкі, які будзе выходзіць на адноўлены Рынак. Хоць пакуль няясна, як тэхнічна вывесьці 5 паверхаў хрушчоўкі на адноўленыя 3 паверхі фасаду палаца Сапегаў. Праўда актуальным яшчэ застаецца дэмонтаж хрушчоўкі…

Батораўка з птушынага палёту. 1916 г.

 

Палац Радзівілаў XVIІ ст. Зьнішчаны летам 1941 г. Працягласьцю 100 мэтраў барочны палац закрываў поўнасьцю паўднёвы край Рынка. Адной з мэтаў архэолёгічных раскопак падчас “рэконструкцыі” 2005-06 гг. было выяўленьне стану захаванасьці падмуркаў і скляпеньняў палаца. Улады горада дэкляравалі напачатку нават практычнае выкарыстаньне старых скляпеньняў. Але сапраўдныя намеры выкрыліся пасьля таго як дзяўбліся падмуркі палаца пад закладку фундамэнтаў апорных сьценак цяперашняга сквэра з фантанам. Найбольш здэкрэдытавалі сябе “горадабудаўнікі”, калі ледзь ня былі зьнішчаны падмуркі ўсходняга флігеля палаца пры будаўніцтве падземнага перахода. Архітэктары “ня ведалі”, што там знаходзяцца падмуркі. Тады, у красавіку 2006 г., моладзь здолела сваімі рашучымі дзеяньнямі прыпыніць працы і пераканаць архітэктараў у зьмене праекту з мэтай накіраваць выйсьце пераходу толькі ў паўднёвы бок. Нават пасьля барбарскага абыходжаньня цяперашніх “горадабудаўнікоў” з Рынкам палац Радзівілаў ня толькі трэба, але і цалкам рэальна адбудаваць пасьля вывядзеньня транспорту з цэнтру. Палац працягнецца ад крамы “Баторыя” да аптэкі ля палаца Тэкстылёў, пакінуўшы сярэднявечныя вузкія выйсьці вуліцаў Баторага і Маставой.

 
 

Камяніца XVIІ ст. на рагу вуліцаў Маставой і даўняй Рушнікарскай. Будынак стаяў паміж палацам Тэкстылёў і аптэкай і сваёй архітэктурай часткова нагадваў палац Сангушкаў насупраць (крама “Ратушная”). Падмуркі колішняй камяніцы былі моцна пашкоджаны пры пракладаньні колектара падчас “рэконструкцыі”.

 
Scroll to top