Новая кніга Юры Гардзеева называецца “Соцыятапаграфія Гародні ў XVIII ст.” Гэта кніга – адна з найлепшых кніг аб гісторыі нашага горада.
– Твая кніга называецца “Соцыятапаграфія Гародні ў 18 ст.”. Што азначае гэты тэрмін?
– Падказка схавана ў сваім тэрміне. З аднаго боку гарадская супольнасць, з другога – гарадская прастора ці планіровачнае “павуцінне”. На ўзаемную сувязь гэтых двух кампанентаў яшчэ на мяжы ХІХ і ХХ ст. звярнулі ўвагу нямецкія гісторыкі.
Гарадская прастора – яе вуліцы і плошчы – ніколі не былі пасіўным аб’ектам дзейнасці чалавека. Яна таксама актыўна ўплывала на штодзённае жыццё гараджан. Найбольш заможныя мяшчане ці шляхта імкнуліся набываць пляцы як можна бліжэй цэнтра горада – Рынку ці на цэнтральных вуліцах, каб там пабудавацца. Гэта з’яўлялася справай прэстыжу. Таму на сучаснай Савецкай плошчы (назва, зрэшты, абсалютна адарваная ад культурна-гістарычных рэаліяў) свае камяніцы ўзводзілі ўраднікі магістрату ці заможныя рамеснікі. Над цэнтральнай гарадской плошчай узвышаліся таксама два касцёлы – Фара Вітаўта і касцёл езуітаў, палацы Сапегаў (цяперашняя “анатамічка”) і палац Радзівілаў.
Існавала яшчэ адна заканамернасць, яна была звязана з тым, што рамеснікі пасяляліся ля крыніц, патрэбных для вытворчасці. Напрыклад, каля водных артэрый, неабходных у працэсе гарбарскай, стрыхарскай (прадукцыя цэглы) ці млынарскай вытворчасці, сяліліся адпаведна гарбары, стрыхары ці млынары.
Выяўленыя ў архівах матэрыялы дазваляюць гэтак жа рэканструяваць механізмы пераходу нерухомай уласнасці з рук у рукі, замаляваць сацыяльнае раслаенне жыхароў, дэмаграфічную ці этнаканфесійную структуру горада.
– Чым быў выкліканы выбар такой праблематыкі манаграфіі і невялікага храналагічнага адрэзку часу?
– Станам захавання кніг гарадзенскага магістрата. Як вядома, Гародня атрымала магдэбургскае права ў 1496 годзе. Найбольш старажытныя кнігі гарадзенскай рады і лавы не захаваліся. Ёсць звесткі, што яны былі вывезены расейскімі войскамі, якія двойчы акупавалі Гародню ў сярэдзіне XVII ст. Аб гэтым згадвае ў сваім лісце тагачасны бурмістр Ян Адамовіч, “што ў час другога маскоўскага нашэсця на Гродна, забіраючы іншыя рэчы непрыяцель ... Масква ... возы забрала і збрабавала і спраў таму шмат са скрыні забрала, на пажытак свой як і іншых вячыстых спраў шмат Рэгестры гарадскіх прыходаў і выдаткаў з часоў яго бурмістроўства.”
Дзе яны цяпер і ўвогуле ці яны фізічна існуюць – ніхто не ведае. Найбольш старая актавая кніга гарадзенскага магістрату датуецца 1638 г. Не ўсе кнігі, складзеныя магістрацкімі пісарамі ў XVII ст., ёсць у архівах. Толькі за паасобныя дзесяцігоддзі. Лепш выглядае справа з кнігамі, якія паходзяць з XVIII ст. Таму менавіта гэтая акалічнасць была вырашальнай.
Што тычыцца пытання пра магчымасць даследавання гісторыі горада на акрэсленым у назве кнігі адрэзку часу. На першы погляд ён падаецца “вузкім”. Але як паказала практыка, па аднаму стагоддзю былі знойдзены багатыя матэрыялы на 400-старонкавую кнігу па шматлікіх пытаннях гісторыі горада, пра якія я казаў вышэй. Хаця мушу заўважыць, што шмат істотных пытанняў грамадскага жыцця не былі мною асветлены ў кнізе.
– Дарэчы, у якіх архівах ты збіраў матэрыялы да кнігі?
– Падставовыя матэрыялы знаходзіцца ў Мінску, куды, на вялікі жаль гарадзенскіх гісторыкаў, яшчэ ў 60-70-я гады XX ст. былі вывезены кнігі магістрату старажытнай Гародні. Шмат матэрыялаў было знойдзена ў архіўных і бібліятэчных сховішчах Вільні. Гэта сапраўды Кландайк для беларускіх даследчыкаў. Шмат цікавых крыніц было выяўлена ў архівах Гародні, Варшавы, Кракава. У Маскве, напрыклад, захоўваюцца планы Гародні XVIII ст.
– Дакументы гардзенскага магістрату складаліся ў XVIII ст. на польскай мове. Ці паланізацыя была татальнай?
– Перш заўважу, што магістрацкія кнігі пісаліся на польскім паўночна-усходнім дыялекце, які падпітваўся беларушчынай жыхароў Гародні і яе ваколіц. У польскіх тэкстах можна было сустрэць шматлікія прыклады беларускіх запазычанняў тыпу “калодзеж”, “чарга”, “плошча”, “могілкі”, “адрына”, “столь”, “павець”, “абапал”, каламажка ці імёны не зусім польскага паходжанння: Аляксей, Фёдар, Лаўрын, Панас, Сымон, Васіль, Змітрук, Гардзей. У згаданых тэкстах можна знайсці нават прыклады беларускага ў у напісанных лацінках імёнах, напрыклад “Haurylo”. Гэты вынікала з таго, што вялікі адсотак насельніцтва горада было непісьменным і не кожны мешчанін ведаў польскую канцылярную мову, а таму прасіцель у магістрацкай канцылярыі размаўляў па-беларуску.
– Крыху раней ты распавёў пра забудову гарадзенскай цэнтральнай плошчы – Рынку. А ці акрамя мяшчанскіх камяніц, палацаў і касцёлаў тут яшчэ былі якія-небудзь будынкі?
– Канешне. Рэнесансавая ратуша, знішчаная ў сярэдзіне XVII ст. і адноўленая толькі ў 1784 г. Побач з ратушай стаяў т. зв. прэнгеж ці слуп ганьбы, каля якога выконваліся шматлікія пакаранні, і гаўпвахта, якая выконвала функцыя арышту і турму. Комплекс крамаў розных рамесных прафесій і гандляроў. У крыніцах, напрыклад, упамінаюцца “яткі мясныя хрысціянскія”, крамы гродзенскіх шэўцаў, крамы рыбацкага цэху і габрэйскія крамы. У гродзенскім Рынку стаяла гарадская студня, першая згадка аб якой паходзіць з 1541 г. Каралева Бона Сфорца, жонка Жыгімонта Старога, у сваім прывілеі нагадвала, каб “студня, якую неразумныя мяшчане гноем і іншымі паскудствамі напоўнілі, справа места (горада), асабліва якое вады не мае, вельмі патрэбная, хочам і загадваем, каб абязазкова была яна пачышчана і каб вада... з яе ў Рынак паступала
Пра забудову старажытнага гарадзенскага ратушавага Рынку можна распавядаць доўга. Каб скончыць расповяд, я хацеў бы зазначыць, што гэтая праблема мае не толькі тэарэтычны характар, але і іншае вымярэнне. Мяркую, што гісторыю і прыгажосць гарадзенскай даўніны можа “ажывіць” – у выніку рэстаўрацыі найбольш каштоўных помнікаў гістарычнага цэнтра. Горад толькі бы выйграў на прыцягванні турыстаў. А гэта азначала бы паступовае развіццё гарадской інфраструктуры і з’яўленне новых галін гарадской гаспадаркі. Нашы бліжэйшыя суседзі – літоўцы, латышы ці палякі робяць гэта з вялікім поспехам.
– А як у агульных рысах выглядаў наш горад у XVI-XVIII стст.?
– З аднаго боку не зусім прывабна. Мяшчанскія дамы, дворыкі шляхты і нават магнацкія палацы былі пераважна драўлянай ці фахверкавай канструкцыі. Забудова высокай не была. Пераважалі адна- ці двухпавярховыя будынкі, крытыя гонтам ці дахоўкай. Бляха выкарыстоўвалася надзвычай рэдка. Вуліцы слаба брукаваліся, у дадатак танулі ў поцемках, бо адзіным асвятленнем была паходня ці які-небудзь каганец.
З другога боку трэба падкрэсліць, што аб сваіх дамах і добраўпарадкаванні сваіх падворках жыхары Гародні дбалі. Ад вуліцы забудову аддзялялі вароты з веснічкамі, дамы будаваліся з мансардай, вокны шкліліся. Дакументы ўспамінаюць пра „вокны ў волаў апраўленыя”. У пакоях стаялі печы з белай, зялёнай і паліхромнай кафлі, „алендарскія” печкі. Сцены пакояў былі часам „агабляваныя паперам”, а падлога клалася з дрэва. У горадзе існавалі сады, езуіты мелі, напрыклад, „шпацыровы сад” з альтанкай, а мясцовы канатчык Годфрыд Борн выканаў на сваім участку на Занямонні саджалку, абкружаную дрэвамі. Акрамя таго на тэрыторыі некаторых кляштараў былі кветнікі.
Каб трапіць на тэрыторыю Гародні, трэба было праехаць праз адну з некалькіх брамаў, якія размяшчаліся пры ўездзе ў горад, на ягоных ускраінах: Віленскую, Азёрскую (стаяла недзе каля кляштара брыгідак) і на гарадскім мосце праз Нёман.
– А як быў нацыянальны склад насельніцтва Гародні?
– Перш хачу падкрэсліць, што для перыяду сярэднявечча і Новага часу паняцця “нацыянальнасць” не існавала. У крыніцах мы яго не знойдзем. Літва ці Беларусь былі паняццямі гістарычнымі, не этнічнымі. Таму жыхар Гародні мог сябе называць “ліцвінам”, хаця ў этнічным плане не быў літоўцам. Куды больш важнейшымі былі катэгорыі веравызнання (напрыклад, у інвентарах горада згадваліся не беларусы, палякі ці ўкраінцы, а “каталікі” ці “уніяты”) і прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы – мяшчанства, сялян ці шляхты. Таму правільней было б казаць пра этнаканфесійную структуру горада. Пра этнічныя карані асобы можна было з упэўненасцю казаць толькі ў выпадку жыдоўскага насельніцтва горада, іудзеяў па свайму веравызнанню.
Паводле дадзеных беларускага гісторыка Зіновія Капыскага, у XVI ст. каля 80% гарадскога насельніцтва было беларускага паходжання, каля 10% – жыдоўскага, рэшта – палякі, немцы ці літоўцы. Невялікую групу складалі расейскія купцы ці “маскавіты”, якія трапілі ў палон пасля бітвы пад Воршай у 1514 г. і былі паселены ў шэрагу беларускіх гарадоў, у тым ліку і ў Гародні.
Можна меркаваць, што пачынаючы з другой паловы XVI ст., пасля Люблінскай вуніі, этнаканфесійны склад пачаў змяняцца. У горадзе сяліліся рамеснікі і купцы з Польшчы ці нямецкіх земляў. Менавіта гэтым можна патлумачыць з’яўленне ў магістрацкіх кнігах Гародні 60–70-х гадоў XVII ст. зусім не мясцовыя імёны і прозвішчы: Фанденбэрг, Ганус Паўльсен, Эрхард Вілд, Годфрыд Варланд, Фолтын Шульц.
Чарговая міграцыйная хваля дайшла да Гародні ў другой палове XVIII ст., калі гарадское грамадзянства атрымала вялікая група высокакваліфікаваных рамеснікаў, купцоў і прадстаўнікоў творчых прафесій, якія прыбылі сюды з розных куткоў Рэчы Паспалітай, нямецкіх, італьянскіх земляў, Швейцарыі ці Францыі. Варта, напрыклад, згадаць архітэктар Джузэпэ Сака, прэзідэнта горада Юзафа Бадаракі, гарадзенскага „баўмайстра” Якуба Прэйсіга ці купца Якуба Хаўсмана. Дарэчы. У гэты час каля 40% працэнтаў насельніцтва складалі жыды і былі найбольшай этнічнай групай Гародні.
Таму трэба заўважыць, што склад насельніцтва кожнага еўрапейскага горада быў “рухомым “ і даволі часта змяняўся.
– А што гэта была за пасада “прэзідэнта”?
– Так, пачынаючы з сярэдзіны XVIII ст., называўся старшыня гарадской рады.
– Шмат увагі ў кнізе ўдзелена развіццю гарадскога рамяства і гандлю. У агульных рысах, якія прафесіі існавалі ў Гародні ў XVIII ст.
– Мне ўдалося сабраць звесткі пра 80 прафесій, хаця іх было больш. Перад усім мясцовы рынак здамінавалі такія будаўнічыя прафесіі, як муляры, стрыхары, ганчары, кафельшчыкі, сталяры, цесляры, а таксама рамеснікі, якія выраблялі вопратку і абутак – краўцы, шэўцы, кушняры, што вынікала з кан’юнктуры тагачаснага спажывецкага рынку. Шмат было металаапрацоўчых прафесій, бровараў і саладоўняў, пекарняў. Сустракаліся такія цікавыя прафесіі як паштэтчык ці кандытэр. Падобная структура гарадскога рамяства была вынікам таго, то ў Гародні праводзіліся соймы, а ў другой палове XVIII ст. працавалі шматлікія дзяржаўныя ўстановы: Скарбавая камісія, каралеўскі Асэсарскі суд ці Літоўскі трыбунал.
І яшчэ. У другой палове XVIII ст. у Гародні працавала тытунёвая фабрыка, якая вырабляліся розныя гатункі табакі: Марока, Галандка, Албанка і тытоню: турэцкі, Вірджінія.
А цяпер пра гандаль. У 80-90-я гады XVIII ст. членам гарадскога магістрату быў купец Пётр Гертман. Гертман гандляваў рознымі таварамі, у тым ліку каланіяльнымі таварамі: лімонным сокам, воцатам, кавай, цукрам, галандскімі селядцамі і міногамі. У яго склепах захоўваліся шматлікія гатункі вінаў: венгерскія, партугальскія (мадэра), іспанскія (малага), французскія (баёнскае, шампанскае, бургундскае), венскае, іншыя гатункі паўднёвага паходжання (мушкатэль і пікарду), мёду (ковеснкі, вішняк, маліннік), гарэлкі (арак, цукровая, апельсінавая, міндальная, гданьская, шляхетная).
Аб гарадскім гандлі і асартыменце тавараў сведчаць шматлікія інструкцыі, якія выстаўляліся магістратам у другой палове XVIII ст. У той час у нашым горадзе можна было набыць галандскі сыр, аліву, ласося, асётра, камбалу, мяса зайцоў і сарны. Яйкі і сыры прадаваліся на копы ці па 60 штук.
– Раскажы, калі ласка, падрабязней пра корчмы, аб якіх ты ўпамінаеш у кнізе?
– Першыя згадкі пра корчмы ў Гародні паходзяць з 80-х гадоў XV ст. У XVI ст. яны называліся “домам корчомным”. Свае корчмы мелі паасобныя рамесныя цэхі, напрыклад стрыхары і вапеннікі ці рыбакі. Былі корчмы вінныя і мядовыя. Цікавай акалічнасцю з’яўляецца тое, што мёд у той час прадаваўся вёдрамі і бочкамі.
У XVIII ст. у горадзе было багата на корчмы, якіх у 5–6-тысячнай Гародні было каля 50. Не цяжка падлічыць, колькі падобных “устаноў” прыходзілася на аднаго ягонага жыхара. Не дзіўна, што ў 90-я гады XVIII ст. камісары гарадзенскай Грамадзянска-вайсковай парадкавай камісіі сваім універсалам у святочныя дні зачынілі корчмы, пакуль не скончыцца імша ў касцёлах.
– Твая кніга была выдадзеная ў Торуні ў мінулым годзе. Ці надалей ты будзеш працягваць гарадзенскую тэматыку?
– Так. У дадзены момант я падрыхтоўваю беларускамоўны варыянт гэтай кнігі. Фактычна гэта будуць нарысы гісторыі Гародні. Хачу, праўда, пашырыць храналагічныя рамкі і ахапіць сваім даследаваннем XVI–XVIII стст. Дзе будзе апублікавана кніга я пакуль што не ведаю.
-
Катэгорыя: Бібліятэка
-
Апублікавана 03 Май 2006
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической