Старажытныя габрэйскія могілкі ў Гародні належаць да аднаго з найбольш каштоўных гісторыка-культурных комплексаў горада. Могілкі займалі большую частку паўночна-заходняй часткі горада.

Іх тэрыторыя межавала з Нямецкім рынкам на поўначы, рэчышчам Гараднічанкі – на захадзе, старадаўняй вуліцай Могілкавай – на ўсходзе.

Нямецкі рынак на працягу ўсяго XV ст. выконваў функцыю аднаго з найважнейшых планіровачных элементаў горада. Невыпадкова менавіта тут у канцы XV ст. манахі-аўгусцінцы заснавалі свой кляштар і пабудавалі касцёл Св. Тройцы. Першая згадка аб іх кляштары паходзіць з 1494 г.

Звесткі аб старадаўніх габрэйскіх могілках – фрагментарныя. У крыніцах першай паловы XVІ ст. згадваецца „копишча их где змарлых своих ховают”.

Яўрэйскае надмагілле каля зачыненага грамадскага туалета па вуліцы Вялікая Траецкая - сведчанне, што калісці тут былі могілкі

У той жа час абсалютна лагічным падаецца тое, што высвятленне пытання пра час заснавання могілак трэба звязваць з пасяленнем габрэяў у Гародні. У гістарычнай літаратуры замацавалася думка аб тым, што сваімі пачаткамі габрэйская гарадзенская абшчына сягае канца XІV ст. Насамрэч аналіз дакумента сведчыць аб тым, што прывілей на права і вольнасці, які датуецца 1389 г., з’яўляецца фальсіфікатам, складзеным у першай палове XVІ ст.

Нягледзячы на адсутнасць даставерных пісьмовых крыніц, можна дапускаць, што габрэі маглі пасяліцца ў Гародні менавіта ў часы княжання Вітаўта. У XV ст. гарадзенскія купцы габрэйскага паходжання сустракаліся ў польскіх, чэшскіх ці нямецкіх гарадах. У 1495 г. у выніку выгнання габрэяў з ВКЛ „домы в месте Городенском жидовские и фольварки их” атрымаў віленскі біскуп Войцах Табар, віленскі ваявода Мікалая Радзівіла, а таксама гарадская абшчына Гародні.

Гарадзенская габрэйская абшчына належала да групы пяці найбольшых у Вялікім Княстве Літоўскім. Адсотак габрэйскага насельніцтва ў Гародні ў XVІ ст. складаў каля 10%. У другой палове XVІІІ ст. ён вырас і дасягнуў 40% агульнай колькасці жыхароў горада.

Менавіта таму могілкі займалі вялізны фрагмент гарадской тэрыторыі, а на іх размяшчэнне паказвалі назвы вуліц, напрыклад “вуліцы Плябанскай з Рынка да жыдоўскіх могілак” (ulica Plebańska z Rynku ku mogiłkom żydowskim) ці „вулiца з рынка Нямецкага каля могілак жыдоўскіх” ці Могілкавая.

Фрагмент плана Гародні 1780 г.  Фрагмент плана Гародні 1812 г. 

Вядома, што магістрат Гародні і адміністрацыя Гарадзенскай эканоміі абмяркоўвалі пытанне пераносу могілак за горад, „якія б жыды абмураваць, дрэвамі аздобіць і хаваць сваіх памерлых будуць маглі”. Аднак крыніцы сведчаць, што яшчэ ў 1792 г. згаданыя могілкі не былі перанесены.

Фрагмент плана Гародні 1824 г.

Каштоўнай графічнай крыніцай, якая фіксуе дакладнае месцаразмяшчэнне габрэйскіх могілак, з’яўляюцца планы Гародні. Так, на плане горада 1780 г. нумарам 378 пазначаны могілкі, што займалі вялізную прастору паміж Гараднічанкай і шчыльнай забудовай на ўсходзе. На плане Гародні 1812 г. на поўнач ад сінагогі цягнуўся жыдоўскі квартал з могілкамі над Гараднічанкай. План Гародні 1824 г. зафіксаваў вялікі абшар габрэйскіх могілак, якія былі пазначаны літарай „І”. На расійскім плане Гародні 1832 г. над Гараднічанкай відаць надпіс „Старое еврейское кладбище”. На плане Гародні 1903 г. габрэйскія могілкі знаходзіліся паміж вуліцамі Мяшчанскай, Крывой і Троіцкім завулкам. Урэшце тэрыторыю старадаўніх габрэйскіх могілак фіксуе план Гародні 1923 г. „cmentarz starożytny żydowski”.

Фрагмент плана Гародні 1832 г.

Фрагмент плана Гародні 1903 г.

Фрагмент плана Гародні 1923 г.

Некалькі год таму падчас будаўнічых работ на тэрыторыі найстарэйшых габрэйскіх могілак было знойдзена надмагілле, якое дзякуючы намаганням археолага Рыгора Акінчыца было перанесена на дзядзінец Старога замка. На жаль, нават на музейным падворку гэты сведка мінуўшчыны быў знішчаны. Надпіс на надмагільных помніку, які як можна меркаваць, паходзіў з XVII – XVIII стст.: Тут пахаваны Вэйс [бэн Бшу...].

Надмагілле з даўніх жыдоўскіх могілак. 17-18 стст. Надпіс Тут пахаваны Вэйс [бэн Бшу...]. Не захвалася

Відавочна, што старадаўнія габрэйскія могілкі ў Гародні з’явіліся ўжо ў XV ст. на тэрыторыі дамагдэбургскага горада. Пахаванні былі спынены ў канцы XVIII ст. Нягледзячы на заснаванні новых могілак за гарадскімі межамі, комплекс старажытных могілак над Гараднічанкай надалей заставаўся некранутым да перыяду Другой сусветнай вайны. У савецкія часы яго тэрыторыя пачала забудоўвацца.

Нягледзячы на гэта, могілкі як найбольш старажытнае месца пахавання габрэйскага насельніцтва горада застаюцца своесаблівым музеем пад адкрытым небам, помнікам мемарыяльнай пластыкі, эпіграфікі і гарадской біяграфістыкі.

 

Юры Гардзееў (Кракаў)

 


 

Бібліяграфія


Р. Акінчыц, Ганчарства старажытнай Гародні (XI — п.п. XV стст.) // Краязнаўчыя запіскі (далей КЗ), вып. 4, Гродна, 1997, с. 56.
M. Bogucka, H. Samsonowicz, Dzieje miast i mieszczaństwa w Polsce przedrozbiorowej, Wrocław, 1986, s.188.
    I. Schipper, Studia nad stosunkami gospodarczymi Żydów w Polsce podczas średniowiecza, Lwów 1911, s. 185.
    I. Schipper, Dzieje handlu żydowskiego na ziemiach polskich,Warszawa, 1937, s. 21, 260.
Kodeks Dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej, t. 1, z. 3, s.763-764.
Vitoldiana. Codex privilegiorumVitoldimagniducisLithuaniae 1386 — 1430, opr. J. Ochmański, Warszawa-Poznań, 1986, s. 180-181.
ПисцоваякнигаГродненскойэкономии, т. II, с. 39-43, 49, 54.
Акты Виленской Археографической Комиссии, т. I, с. 217-219; т. VII, с. 60; т. XVII, с. 74, 164, 168, 225, 285.
Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў у Маскве,Ф. 389 воп. 12 спр. 1485, 1487;Ф. 846 воп. 16 спр. 21872.
Komissya Porządkowa i Cywilno-Wojskowa powiatu grodzieńskiego z 6 lipca 1790 r.

Scroll to top