Кожны сярэднявечны гарадскі арганізм з’яўляўся складанай з’явай, якая характарызавалася дынамічным развіццём (у адрозненні ад вясковых асяродкаў), канцэтрацыяй насельніцтва, разгалінаванай сацыяльнай, прафесійнай, этнаканфесійнай структурай, шчыльнасцю планіровачнай кампазіцыі1.
Жыхары горада паводле сваіх поглядаў, густаў, намераў і патрэб фарміравалі гарадское аблічча, забудоўваючы ягоную прастору аб’ектамі грамадскага, гаспадарчага і духоўнага прызначэння, а таксама жылымі дамамі. Трэба аднак заўважыць, што гарадская прастора была не толькі пасіўным аб’ектам антропагеаграфічнай дзейнасці. Яна таксама актыўна ўплывала на штодзённае жыццё гараджан. Засяленне асобных раёнаў ці кварталаў горада залежала ад грамадска-маёснага становішча канкрэтнай сям’і. Больш замажнейшыя імкнуліся пабудавацца паблізу цэнтра горада ці на ягоных галоўных вуліцах. Наступная заканамернасць была звязана з прафесійнай дзейнасцю мяшчан, якія пасяляліся ля крыніц, патрэбных для вытворчасці. Напрыклад, каля вадных артэрый, неабходных ў працэсе гарбарскай, стрыхарскай (прадукцыя цэглы) ці млынарскай вытворчасці, размяшчалі свае сядзібы з майстэрнямі адпаведна гарбары, стрыхары ці млынары.
Такім чынам, развіццё горада ў мінулыя часы не магчыма было сабе ўявіць без двух падставовых кампанентаў: ягоных жыхароў і планіровачнай сеткі. На ўзаемасувязь паміж сацыяльным і планіровачным развіццём горада яшчэ на мяжы XIX і XX ст. звярнуў ўвагу нямецкі навуковец Ф. Котген. Аднак пачынальнікам даследаванняў у галіне сацыяльнай тапаграфіі гарадоў лічыцца Ф. Рёріх2. Трэба падкрэсліць, што соцыятапаграфічныя даследаванні дазваляюць прасачыць не толькі змены ў засяленні горада і механізме пераходу ўласнасці з рук у рукі, але і замаляваць сацыяльную дыферэнцыяцыю жыхароў, а нават формы іх культурна-грамадскай дзейнасці.
Цэнтральнае месца ў планіроўцы горада займае яго галоўная плошча, якую ў мінулыя часы нашы продкі традыцыйна называлі Рынкам. Назва гэта выкарыстоўвалася ў Гародні да першай паловы XIX ст., калі ва афіцыяльны ўжытак увайшла яго паралельная назва - Парадная плошча, якая была ўведзена расійскай адміністрацыяй. У другой палове гэтага ж стагоддзя ў афіцыйнай дакументацыі з’явіліся яшчэ дзве назвы - Бульвар і Саборная плошча. У 20-30-я гады XX ст. Рынак быў перайменаваны ў плошчу Баторыя (plac Batorego)3. Прыгадаем, што агаронім4 “Рынак” паходзіць з германскай моўнай групы. Напрыклад, у нямецкай ці англійскай мовах слова “ring” азначае “кола”. Г. зн. Рынак з’яўляецца кампазіцыйным элементам планіровачнай прасторы горада, замкнёным з усіх бакоў шчыльным колам забудовы.
На развіццё гарадзенскага Рынка, які пачаў фарміравацца ў XV ст., паўплывалі камунікацыйныя шляхі. Да яго збягаліся галоўныя гарадскія артэрыі - Маставая, якая вяла ў паўднёва-заходнім кірунку, Віленская, якая ішла на поўнач, а таксама галоўная вуліца ўсходняга напрамку - Азёрская5. З замкам, як гэта было ў іншых гарадах, Рынак злучала Замкавая вуліца.
Першае ўпамінанне аб гарадзенскім Рынка паходзіць з прывілея караля Жыгімонта Старога 1507 г., у якім манарх загадваў звярнуць жыдам “домы их, и клетки на Рынка и месте Городенском”6. Нагадаем, што ў 1495 г. жыды былі выгнаны з тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Дакладна не вядома, чым быў выкліканы гэты крок вялікага князя Аляксандра Ягайлавіча. Найбольш верагоднай прычынай маглі быць яго даўгі, якія Аляксандар не быў у стане аддаць найбольш прадпраймальным жыхарам Гародні. У 1503 г. жыды вярнуліся дамоў7.
Можна дапусціць, што Рынак канчаткова сфарміраваўся пасля атрымання горадам ў 1496 г. магдэбургскага права. Паводле сваёй формы, набліжанай да неправільнага простакутніка8, ён з’яўляўся планіровачным элементам, які характарызаваўся пэўнымі рысамі рэгулярнасці. Яго плошча складала 2,19 морга ці каля 1,5 га9.
Рынак выконваў важную грамадска-гаспадарчую ролю - асяродка гарадской улады і галоўнай гандлёвай плошчы горада. Таму згодна з сярэднявечнай традыцыяй яго ўнутраная прастора ніколі не пуставала, а была шчыльна забудавана рознымі будоўлямі. Тут знаходзілася ўзведзеная на мяжы XV і XVI ст. ратуша10, дзе адбываліся паседжанні магістрата. У 50-я гады XVII ст. ратуша была знішчана маскоўскімі войскамі, а спробы яе аднаўлення расцягнуліся на цэлае стагоддзе. У 1784 г. у гарадзенскім Рынка была пабудавана новая ратуша з гандлёвымі крамамі і гауптвахтай, якая выконвала функцыя арышта і турмы. Каля ратушы стаяў т. зв. прэнгеж11 ці слуп ганьбы, каля якога выконваліся шматлікія пакаранні. Прэнгеж стаяў у гарадзенскім Рынка аж да 1840 г.12
У гарадзенскім Рынка знаходзілася гарадская студня, першая згадка аб якой паходзіць з 1541 г. Каралева Бона Сфорца, жонка Жыгімонта Старога, у сваім прывілеі нагадвала, каб “студня, якую неразумныя мяшчане гноем і іншымі паскудствамі напоўнілі, справа места, асабліва якое вады не мае, вельмі патрэбная, хочам і загадваем, каб абязазкова была яна пачышчана і каб вада ... з яе ў Рынак паступала”13. На пачатку XVII ст. работы па забеспячэнню гараджан вадой сфінансаваў бурмістр Ганус Фандэнберг. Заснаваная ім вадаправодная сетка праводзіла “воду трубамі ў Рынак”14. Здаецца, што на працягу ўсяго XVIII ст. выбар вады з рынкавай студні быў значна ўскладнены. Таму ўжо на пачатку стагоддзя было прынята рашэнне аб неабходнасці ўзвядзення “найгрунтоўнейшай” студні. Праблема была вырашана станоўча толькі ў канцы XVIII ст. 8 студзеня 1789 г. магістрат падпісаў дамову на будову новай студні з “баўмайстрам” Ёганам Прэйсігам на суму 2000 злотых, які абавязаўся “крыніцу выкапаць і сваім драўляным і жалезным матэрыялам ... .лакцёй 5 светласці і шырыні ... і помпы дзве”15. Новая студня была пастаўлена неўзабаве, што адзначаюць планы Гародні 1793 і 1795 гг.16 Знаходзілася яна ў Рынка паміж будынкамі ратушу, Фары Вітаўта і нарожнікам Віленскай вуліцы.
Акрамя вышэйзгаданых аб’ектаў рынкавую прастору запоўнялі купецкія, рамесныя (цэхавыя) і жыдоўскія крамы. Грунтоўныя матэрыялы аб комплексе гандлёвых радоў XVI - першай палове XVII стст. адсутнічаюць. Упершыню яны ўпамінаюцца ў валочнай памеры 1560-1561 гг.17, а медзярыт Гародні Адэльгаўзэра/Цюндта 1567-1568 гг. паказвае вялікую колькасць крамаў, хаатычна раскіданых у Рынка вакол будынка ратушы. Пасля разбурэння ратушы, пачынаючы з другой паловы XVII ст., яе будынак быў прыстасаваны да гандлёвых патрэб.
Матэрыялы гарадзенскага магістрата XVIII ст. дазваляюць часткова рэканструяваць размяшчэнне гандлёвых крамаў некаторых рамесных груп. У заходняй частцы Рынка, бліжэй нарожніка Маставой вуліцы, стаялі “яткі мясныя хрысціянскія”, якія знаходзіліся ў валоданні цэхмістра мясніцкага (ці як называюць крыніцы “зарубацкага”) цэха Марціна Чэраховіча (1736), Андрэя і Міхала Януцэвічаў (1779), майстра цэха Пятра Барташэвіча (1779). Свае яткі мела таксама цэхавае брацтва. На тылах мясніцкіх радоў былі ўзведзены крамы гарадзенскіх шэўцаў. З 1668 г. паходзіць згадка аб “будцы Панаса шэўчыка”. Свае крамы ў Рынка меў рыбацкі цэх. У паўночна-заходняй частцы рынкавай прасторы размяшчаліся жыдоўскія крамы. Штогадовая плата за арэнду адной крамы ў сярэдзіне XVIII ст. выносіла ад 11 да 25 злотых18.
Гарадзенскі Рынак, будучы цэнтральнай плошчай, павінен быў мець найлепшую брукоўку. На вялікі жаль, у XVIII ст. брукі ў горадзе знаходзіліся ў занядбаным стане. Крыніцы нагадваюць нават аб тым, што яны адстнічалі нават каля касцёлаў і магнацкіх палацаў. Такую ж сітуацыю засталі ў горадзе падарожнікі Вільгельм Шульц (1752) і Георг Форстэр (1784), якія ўспамінаюць аб забруджаных і балоцістых вуліцах19. Дрэннае ўпарадкавання гарадскіх вуліц вынікала з невялікай колькасці гарадзенскіх брукароў у XVIII ст. Таму ў выпадку пільнай патрэбы гарадзенскі магістрат запрашаў рамеснікаў гэтай прафесій з іншых гарадоў. Так, напрыклад, адбылося ў 1749-1752 гг., калі ў Гародню былі запрошаны віленскія брукары, якія напярэдадні сейма мелі направіць брукоўку гарадскога Рынка20.
Рэгулярная забудова гарадзенскага Рынка ў XVII-XVIII ст. мела пераважна мураваны характар. З цэглы былі пабудаваны фарны касцёл і комплекс езуіцкага кляштара, палацы Сапегаў і Радзівілаў, камяніца Сангушкаў і Тызенгауза, а таксама камяніцы заможных мяшчан. Апошнія, зрэшты, узводзілі таксама “камяніцы прускага муру” ці фахверкавыя будоўлі. Толькі некаторыя рынкавыя будынкі былі драўлянымі. Да іх ліку належаў, напрыклад, двор гарадзенскага маршалка Тадэуша Александровіча. Будынкі ў Рынка былі крыты гонтам ці дахоўкай. Зрэдку некаторыя фрагменты палацаў крыліся бляхай.
У агульнай архітэктурнай панараме Рынка дамінавалі сілуэты Фары Вітаўта і касцёла езуіцкага кляштара. Таму двухпавярховыя палацы Сапегаў і Радзівілаў, а нават трохпавярховая камяніца Антонія Тызенгауза, значна саступалі храмам сваёй высотнасцю.
Дакладныя звесткі аб забудове і засяленні гарадзенскага Рынка адносяцца да сярэдзіны XVI ст., калі гаспадарскі дваранін Лаўрын Война і гарадзенскі стараста Бэнэдыкт Дыбоўскі правялі валочную памеру горада. Са складзенага імі апісання Рынка вынікае, што ягоныя паўночны і ўсходні бакі мелі па шэсць пляцаў. Плошча паўночнага квартала Рынка складала 33,7 кв. прэнта, усходняга - 34 кв. прэнта. Заходні рынкавы бок з’яўляўся часткай ранейшай планіровачнай кампазіцыі дамагдэбургскай Гародні. Яго старажытнае паходжанне можна прасачыць па планах горада XVIII ст.21 У валочнай памеры 1560-1561 гг. заўважаецца, што заходні бок Рынка складаўся з 5 пляцаў (20 кв. прэнтаў), а таксама пляца, на якія стаяў парафіяльны каталіцкі касцёл. Выключэннем быў паўднёвы бок Рынка, які дзяліўся на 5 пляцаў (17,5 кв. прэнтаў).
Рынкавыя ўчасткі не былі стандартнымі, як гэты было, напрыклад, у нямецкіх ці польскіх гарадах, а наадварот адрозніваліся сваімі формамі і памерамі. Найбольшы з іх займаў 12,2 кв. прэнтаў, а найменшы - 1 кв. прэнтаў. У сваю чаргу найбольш распаўсюджаным з’яўляўся пляц, плошча якога складала 3-3,5 кв. прэнта ці 71,1-82,95 кв. м.22
У палове XVI ст. 18 з 23 пляцаў знаходзілася ў валоданні мяшчанства. З цягам часу рынкавыя пляцы пераходзілі ў валоданне магнатаў і духавенства. Часта новыя ўладальнікі аб’ядноўвалі купленыя пляцы ў адну пасэсію. Таму ў наступных стагоддзях колькасць рынкавых пляцаў паменела. Паводле крыніц 1680 г. Рынак падзяляўся на 16 сядзіб, 9 з якіх знаходзілася ў руках гарадзенскіх мяшчан. Цягам XVIII ст. тэндэнцыя злучэння пляцаў у адну пасэсію атрымала далейшае развіццё. Добрым прыкладам было фарміраванне ў паўднёвым баку Рынка юрыдыкі Радзівілаў. У другой палове XVIII ст. гарадзенскі Рынак складаўся ўжо з 11 пасэсій, з якіх толькі тры належалі да заможнага мяшчанства23. Такім чынам, вышэйшыя дадзеныя яскрава сведчаць аб новай структуры маёмасных адносінаў Рынка, а таксама змяншэнні мяшчанскай нерухомай уласнасці з 81,82 % у XVI ст. да 27,27 % у канцы XVIII ст.
У канцы XVII ст. сярод мяшчанскіх уладальнікаў у Рынку пераважалі заможныя рамеснікі і ўраднікі магістрата. Паводле камісарскай рэвізіі Гародні 1680 г. гэта былі злотнік Годфрыд Варланд, бурмістр Ян Адамовіч, лаўнік Адам Ярашэвіч, ландвойт Казімір Цвікла. У першай палове XVIII ст. свае камяніцы ў Рынку мелі райца Юзаф Судан і бурмістр Міхал Календа, у другой палове гэтага ж стагоддзя – магістрацкі пісар Даніэль Ленкевіч, райца Ян Крэйбіх, прэзідэнты горада Андрэй Сталінскі і Юзаф Бадаракі, войт Юзаф Зялінскі24.
Займаванне ключавога становішча ў гарадской адміністрацыі, дазваляла заможным мяшчанам набываць і назапашваць у сваіх руках значны нерухомы маёнтак. Акрамя таго яны праводзілі гаспадарчую дзейнасць, напрыклад, займаліся вырабам і продажам алкагольных напояў (Юзаф Бадаракі, Юзаф Судан, Міхал Календа), гандлявалі віном (Юзаф Зялінскі), валодалі пекарнямі і аптекамі (Андрэй Сталінскі), ці проста абарочвалі фінансавамі сродкамі25.
Паспрабуем прасачыць развіццё маёмасных адносінаў і забудовы ўсіх рынкавых пляцаў на працягу XVI-XVIII стст.
Паўночны бок Рынка26 ў сярэдзіне XVI ст. меў 6 участкаў.
1-2. Першы пляц, які знаходзіўся ў паўночна-заходнім рагу Рынка, на скрыжаванні з вуліцай Віленскай, у XVI ст. быў забудаваны гарадской карчмой. якая займала 3 прэнты (71,23 кв. м.)27. Ролю заезных дамоў ў тагачасным жыцці мяшчан нельга прыменшыць. Яны былі месцам адпачынку мяшчан, у іх затрымліваліся падарожнікі і купцы, якіх называлі гасцямі (адсюль слова “гасцініца”). Дарэчы, менавіта так карчму акрэслівае валочная памера Гародні 1560-1561 г.: “Дом мескі гасцінны”28. Штодзённае жыццё корчмаў напаўнялі шматлікія мерапрыемствы рамесных цэхаў: сходы, вяселлі, святочныя абеды і вячэры29.
Упершыню гарадзенскія карчмы згадваюцца ў крыніцах другой паловы XV ст.30 Таму можна меркаваць, што старадаўняя рынкавая карчма існавала задоўга да атрымання горадам ў 1496 г. прывілея на магдэбургскае права31. А яе даволі ўзвядзенне ў так рухлівым пункце горада тлумачыцца патрэбамі гарадской супольнасці. У 1579 r. згодна з прывілеем Стэфана Баторыя карчма была вызвалена ад платы капшчызны ці падатку з рэалізацыі алкагольных напояў: піва, мёду і гарэлкі32. У другой палове XVII ст. уладальнікам гэтага пляца, забудаванага невялікай крамай, быў неякі Самаш.
На суседнім участку гэта рынкавага боку жыў гарадзенскі аптэкар і лаўнік магістрата33 Адам Ярашэвіч, які ў 1659 r. купіў яго ад шляхціча Яна Каспра Taрaсэвіча. Забудова пасэсіі была знішчана пасля захопу горада маскоўскімі войскамі ў 1655 г. У кнізе гарадзенскага магістрата захавалася апісанне ўчастка, які быў “голы, без будынкаў з мураваным домам і склепам мураваным падземным”34. Нa пачатку XVIII ст. Ярашэвіч купіў пляц Самаша і аб’яднаў яго са сваёй сядзібай, на якой стаяла камяніца і карчма. У выніку пашырэння яе плошча складала 6 кв. прэнтаў. У першай паловe XVIII ст. пасэсія перайшла да магнацкага роду Сангушкаў, якія набылі пляц з забудовай паміж 1726 і 1748 гг.35 У XVIII ст. уласнікам рынкавай пасэсіі з камяніцай, карчмой і драўляным домам былі вялікі літоўскі маршалак Павел Караль Сангушка (памёр 1760) і яго сыны - надворны літоўскі маршалак Януш Аляксандар (памёр 1775) і маршалак вялікі літоўскі Юзаф Паўлін (памёр 1781)36. У 1778 г. сядзіба з карчмой перайшла ва ўладанне надворнага літоўскага падскарбія, гарадзенскага старасты Aнтонія Tызенгауза37. Пасля адхілення Tызенгаўза ад кіравання гарадзенскай каралеўскай эканоміяй яго нерухомасці мелі перайсці да яго спадкаемцаў - пінскага старасты Kсаверыя Хамінскага і яго жонкі Зофіі, пасольскага старасты Ігнацыя Tызенгауза, ковенскага старасты Міхала Паца і ягонай жонкі Людвікі. Аднак да гэтага не дайшло.
У 1784 г. драўляны дом, які знаходзіўся на участку, за 25 злотых купіў Ян Кунц. У 1789-1795 гг. кaрчмой валодаў райца віленскага магістрата Лаўцэвіч, а камяніцай - Данкевіч. Часты пераход нерухомасці з рук у рукі прычыніўся да занядбання забудовы пляца. Таму генерал-губернатар Гародні, расійскі генерал-маёр Павел Цыцыянаў38, сваім ардынсам 1795 г. загадаў правесці “люстрацыю” будынкаў гэтага пляца, якія “стваралі пагрозу пажару”39. У гэтым жа годзе пасэсія вярнулася ва ўладанне сям’і Тызенгаузаў, калі Ігнацы Тызенгауз урэгуляваў пытанне даўгоў памерлага дзядзькі.
3. Чарговы невялікі пляц размяшчаўся ў сярэдзіне паўночнай часткі Рынка. Яго забудова ў сярэдзіне XVIII ст. была апісана наступным чынам: “Будынак драўляны паміж будынкамі Я[сна] А[свечанага] Князя Я[гомосці] Сангушкі і В[яльможнага] Я[гомосці] П[ана] Александровіча ў Рынка”40. У 1775 г. уласнікам пляца, забудаванага дворыкам, быў гродскі пісар Мазырскага павета Станіслаў Еленскі. На пачатку 80-х гадоў XVIII ст. пасэсію набыў Людвік Бэкю, паплечнік падскарбія надворнага літоўскага Антонія Тызенгауза, былы кіраўнік гарадніцкіх мануфактур. У 1782 г. Бэкю ўзвёў на пляцы камяніцу41.
4. Далей знаходзіўся вялізная сядзіба магнацкага роду Александровічаў. У другой палове XVII ст. падкаморы Гарадзенскага павета і гарадзенскі войт Стэфан Яўстафі Александровіч купіў шэраг пляцаў у сегменце Рынка, а таксама вуліцы Віленскай і Калюцінскай42. У першай палове XVIII ст. нерухомасць належала лідскаму падкаморыю Францішку Александровічу. Хутчэй за ўсё на мяжы 70-80-х гадоў XVIII ст. уласнікам пасэсіі быў Антоні Тызенгауз43. На пачатку 80-х гадоў XVIII ст. перайшла да маршалка гарадзенскага павету Казіміра Вольмера, а потым да Людвіка Бэкю, які адчыніў тут краму каланіяльных тавараў44.
5. У паўночна-усходнім рагу апісваемага рынкавага боку ляжала яшчэ адна пасэсія Александровічаў, якія хутчэй за ўсё набылі яе ў канцы XVII ст. У крыніцах 1726 г. згадваецца, што на пляцу стаў “дом В[яльможнага] Я[гамосці] Александровіча і палац лібертаваны”45. У 1783 г. у актах сустракаем згадку аб “двары старым В[яльможнага] Я[гамосці] Александровіча канюшага Вялікага Княства Літоўскага”46. Быў ім Дамінік Александровіч. Апошнім уладальнікам гэтай нерухомасці ў XVIII ст. быў харунжы надворны літоўскі Антоні Валовіч47.
Усходнюю частку гарадзенскага Рынка у першай палове XVII ст. заняў будоўлі кляштара езуітаў і яшчэ адна сядзіба, якая ў шматлікіх гістарычных працах памылкова называецца “Баторыеўкай”.
6. Дакладны час набыцця езуітамі рынкавых пляцаў не высветлены. Езуіты з’явіліся ў Гродне ў 1622 г. Год пазней яны заснавалі тут сваю сядзібу. Перад 1637 г. манахі ўзвялі ў Рынка драўляны касцёл св. Пятра і Паўла48. Канстытуцыя варшаўскага сэйма 1647 г. зацвердзіла езуіцкія валоданні ў гарадзенскім Рынку49. У 1654 г. напярэдадні вайны з Масквой езуіты пачалі будаваць мураваны касцёл. Аднак планы будоўлі не дачакаліся ажыццяўлення. У 1656-1660 гг. кляштарныя будынкі былі спалены. У 1678-1700 гг. быў узведзены новы касцёл50. Каля 1783 г. да касцёла былога езуіцкага кляштара (ордэн езуітаў быў скасаваны ў 1773 г.), было перанесена парафіяльнае набажэнства з Фары Вітаўта51.
Варта адзначыць, што размяшчэнне езуіцкіх кляшторных будоўлі ў цэнтры горада, нельга лічыць выпадковай, а наадварот заканамернай з’явай. Галоўнай місіяй заснаванага ў 1534 г. ордэна езуітаў было пашырэнне ўплывай касцёла шляхам выхаваўчай, педагагічна-навуковай і выдавецкай працы. А таму важным элементам ўплыву на вернікаў была архітэктура езуіцкіх храмаў. Вялікая актыўнасць ордэна была абумоўлена тагачаснай рэлігійнай сітуацыяй у Еўропе, дакладней буйным развіццём пратэстанцкіх дактрын. Па гэтай прычыне мэтай ордэна была проціпастаўленне рэфармацыйнаму руху, а таксама духоўнае адраджэнне каталіцкага касцёла. Езуітам належала першасная роля ў падрыхтоўцы рэформ Трыдэнцкага сабора.
Таму на заходніх землях Вялікага княства Літоўскага езуіты даволі часта засноўвалі свае сядзібы ў гарадскіх Рынках52. Так, напрыклад, адбылося ў Наваградку ці Вільні.
Гарадзенскі калегіум езуітаў быў заснаваны ў 1664 г., а ў 1773 г. на яго базе была ўтворана 6-класная школа Адукацыйнай Камісіі53. Выкладалася ў ёй права, фізыка, матэматыка, рыторыка, лацінская, польская, нямецкая і французская мовы, фізычнае выхаванне (гульня ў мяч, шпацыры і бег навыперадкі). Школа мела прэстыжны характар. У ёй вучыліся дзеці заможнага мяшчанства ці мясцовай шляхты: Пастольскія, Абрамовічы, Лянкевічы, Вольмеры, Бэкю54. Рэктарамі школы ў 80-90-я гады XVIII ст. былі гарадзенскі пробашч Юзаф Мучынскі і ксёндз Тадэуш Юрэвіч.
Езуіцкая бібліятэка ў 1773 г. налічвала 2373 кніг на польскай, лацінскай, нямецкай, грэчаскай, расійскай, італьянскай мовах. Сярэдзінай XVII ст. датуецца пачатак дзейнасці тэатра езуітаў. На тэрыторыі кляштара ў 1775-1796 гг. функцыянавала каралеўская друкарня, заснаваная гарадзенскім старастам Антонім Тызенгаузам. Яна размяшчалася ў будынку былой сталярскай майстэрні. Кіраўніком прадпрыемства спачатку быў ксёндз Караль Маліноўскі, а з 1780 г. Ян Ясенскі55. У 1687 г. езуіты заснавалі аптэку, будынак якой быў узведзены ў 1709 г. (у 1763 г. да яго дабудавалі другі паверх)56.
Комплекс езуіцкага кляштара займаў цэлы гарадскі квартал паміж усходнім бокам Рынка, вуліцамі Азёрскай (суч. Маркса), Рэзніцкай (суч. Кірава). Кляштар, аддзелены ад горада мурам, складаўся з некалькі частак. На дзядзінцы калегіума знаходзілася школьныя будынкі з капліцай, тэатр і сад. За апсідай капліцы размяшчалася бібліятэка57. Так званы чалядны дзядзінец быў забудаваны броварам, пякарняй, свіранам, памяшканнем, у якім жылі рамеснікі. Па праваму боку ад калегіума знаходзіўся яшчэ адзін дзядзінец, званы афіцынным з рознымі гаспадарчымі пабудовамі: афіцынай, вазоўняй, маштарняй (майстэрня па абслугоўванню каней), складам дрэва, сталярскай майстэрняй і шпацыровым паркам. Паводле інвентара езуіцкага кляштара 1773 г. за кляштарным мурам, на вуліцы Азёрскай знаходзілася бурса, дзе жылі кляштарныя музыканты58.
7. Другая сядзіба ўсходняга рынкавага боку (так званая Баторыеўка) ў 1643 г. былы набыта гарадзенскім земскім пісарам Уладыславам Кярдзеем ад сына гарадзенскага падкаморыя Аляксандра Масальскага. У 1680 г. сядзіба перайшла ў валоданне віленскага ваяводы Казіміра Яна Сапегі (памёр у 1720), які купіў яшчэ адну рынкавую камяніцу ябланоўскага старасты Кшыштафа Сэндзівоя Патоцкага. Наступным уласнікам пасэсіі быў падляскі ваявода Міхал Юзаф Сапега (памёр у 1737), які запісаў яе вялікаму літоўскаму падканцлеру Міхалу Антонію Сапезе (памёр у 1760). Апошнім уладалінікам рынкавага палацу з гэтага роду быў Аляксандар Міхал Сапега, які ў 1765 г. прадаў нерухомасць вялікаму літоўскаму падканцлеру Міхалу Бжастоўскаму59. У другой палове XVIII ст. у гэтым будынку адбываліся паседжанні Скарбавай Камісіі ВКЛ.
Забудова паўднёвага боку Рынка не захавалася. Пры канцы XVII ст. яна складалася з наступных пасэсій.
8а. Першы пляц знаходзіўся на рагу Рынка і вуліцы Бернардынскай (суч. Баторыя, раней Крупскай). У 1611 г. бурмістр Ян Межаеўскі запісаў камяніцу жонцы Ганне Межаеўскай. У 1628 г. пляц набыў брэсцкі кашталян Андрэй Масальскі. У крыніцах 1661 г. успамінаецца, што яго ўладальнікам быў сын брэсцкага ваяводы Станіслаў Масальскі60. Рэвізія Гародні 1680 г. узгадвае, што сядзібай валодаў мсціслаўскі ваявода Ян Яцэк Агінскі61. Як вядома, Агінскія і Масальскія былі звязаны блізкімі сваяцкімі адносінамі. Адна з дачок Яна Яцка выйшла замуж за Міхала Масальскага, а ўнучка - Францішка - у першай палове XVIII ст. была жонкай мсціслаўскага ваяводы Міхала Юзафа Масальскага. У 1726 г. на пляцы стаяла камяніца Аляксандра Юзафовіча62.
8б. Наступны пляц перайшоў ва ўласнасць Масальскіх дзесьці ў сярэдзіне XVII ст., а ў 1662 г. быў лібертаваны (вызвалены з-пад гарадской юрыздыкцыі)63. У 1661 г. пасэсіяй валодаў сын брэсцкага ваяводы Станіслаў Масальскі64, пасля яго – гарадзенскі стараста Ян Масальскі. У 1738 г. мсціслаўскі ваявода Міхал Юзаф Масальскі прадаў сядзібу, якая складалася з 2-х пляцаў і былы забудавана 2-павярховай камяніцай, за 16 000 злотых троцкаму ваяводзе і польнаму літоўскаму гетману Міхалу Казіміру Радзівілу65.
8в. Каля вышейапісанай пасэсіі ў XVII ст. знаходзіўся пляц Ганны Балінскай, якая запісала яго гарадзенскаму фарнаму касцёлу. Як відаць, доўгі час пляц не быў забудаваны. Таму ў 1661 г. пробашч касцёла прадаў яго музыканту каралеўскай капэлы Міхалу Хэйварту і яго жонцы Ганне Гавронскай. Пасля пасэсія перайшла да лідскага падкаморыя Эльяша Міхала Рымвіда66. У 1691 г. апошні прадаў пасэсію з камяніцай віленскаму кашталяну і полацкаму ваяводзе Юзафу Багуславу Слушцы, які ў сваю чаргу запісаў яе вялікаму літоўскаму канцлеру Каралю Станіславу Радзівілу. Крыніцы XVIII ст. згадваюць, што пляц быў забудаваны палацам, афіцынымі, стайнямі i свіранам67.
8г. Апошні пляц паўднёвага рынкавага боку размяшчаўся на рагу Рынка і Маставой вуліцы. Рэканструкцыя пераходу гэтай нерухомай уласнасці з рук у рукі з’яўляецца не простай справай. Хутчэй за ўсё ў 1640 г. жонка гарадзенскага райца Марына Фанденберг прадала яго Станіславу Цвікле68. У канцы XVII ст. ягоным ўладальнікам быў гарадзенскі ландвойт Лявон Эйсмант69. У 1690 г. наступныя ўладальнікі сядзібы - Юры Казімір і Ганна Яўшэвічы - прадалі пляц Рымвіду70. Перад 1726 г. пасэсіяй валодаў вялікі літоўскі маршалак Аляксандар Павал Сапега71, а ў 30-х гадах XVIII ст. – генерал артылерыі войска Вялікага княства Літоўскага Казімір Лявон Сапега72. У 1751 г. літоўскі абозны Казімір Масальскі разам з жонкай Крыстынай, якая паходзіла з дому Сапегаў, прадалі мураваны 2-павярховы палац, крыты дахоўкай, за 55 000 злотых вялікаму літоўскаму ваяводзе Міхалу Казіміру Радзівілу73.
Такім чынам, у другой палове XVII - першай палове XVIII ст. у паўднёвай частцы Рынка сфарміравалася вялізная сядзіба Радзівілаў, якая заняла цэлы квартал горада і складалася з грунтаў Валовічаў (другая палова XVII ст.), аб чым гаворка пойдзе ніжэй, Слушкаў (набытак 1705 г.), Масальскіх (набытак 1738 г.) і Сапегаў (набытак 1751 г.)
Падставы юрыдыкі Радзівілаў былі закладзена яшчэ ў першай палове XVII ст. вялікім літоўскім канцлерам Альбрыхтам Станіславам Радзівілам, які перад 1645 г. набыў частку пасэсіі Тэклі з дому Валовічаў Радзівіл, а ў 1655 г. - двор літоўскага чашніка Еўстафія Казіміра Валовіча. У 80-90-х гадах XVII ст. нерухомы маёнтак Радзівілаў павялічыўся коштам яшчэ трох пляцаў, набытых на мяжы XVII-XVIII ст.74 На пачатку XVIII ст. уладальнікам юрыдыкі быў літоўскі канцлер Караль Станіслаў Радзівіл75, а на пры канцы стагоддзя сын літоўскага падкаморыя - Дамінік Радзівіл.
Заходняя частка Рынка з’яўлялася адзіным месцам канцэнтрацыі мяшчанскай нерухомай уласнасці на працягу XVI-XVIII стст. Гэтымі пляцамі валодалі прадстаўнікі гарадзенскага заможнага мяшчанства - патрыцыяту, а таксама іншых саслоўных груп: каталіцкага духавенства ці чыноўнікі павятовых (земскіх) устаноў.
Заходні рынкавы бок характарызаваўся шчыльнай забудовай. Таму ягоныя маленькія пляцы мелі пераважна прамавугольную форму, выцягваючыся ў глыбіню квартала. Напрыклад, плошча пляца пісара гарадзенскай рады Даніэля Лянкевіча складала 24 ? 79 літоўскіх локцяў (1896 кв. прэнтаў)76.
Кампактная забудова заходняй часткі Гародні сфарміравалася яшчэ ў сярэднявеччы, калі горад займаў невялікую плошчу. Асноўную частку горада складала радыяльна-кальцавая планіровачная сетка са шчыльнай забудовай, якая як бы тулілася да замка. Фарміраванне падобнай сеткі вуліц было выклікана частымі крыжацкімі нападамі канца XIII - пачатку XV ст. Можна меркаваць, што гэта частка горада мела валы, якія злучалі дугой Нёман з Гараднічанкай, праходзячы праз месца, дзе пазней сфарміраваўся Рынак. Пачынаючы з XV ст. мяжы горада значна пашырыліся77. А даўняяя сярэднявечная мяжа старажытнага горада пачала выконваць функцыю заходняга боку новага гарадскога цэнтра - Рынка.
У паўднёва-заходнім пункце Рынка збягаліся дзве вуліцы - Маставая і невялікі завулак, які не меў стабільнай назвы. У кнігах гарадзенскага магістрата XVII-XVIII ст. ён акрэсліваўся па-рознаму, як “вулачка да царквы Саборнай”, “вулачка з Рынка да вуліцы Замкавай і царквы базыліянак”, “Царкоўная вулачка” ці проста “вулачка, якая ідзе з Рынка”78.
9. Забудова ўсходняй часткі пасэсіі, якая знаходзілася на скрыжаванні вуліцы Маставой і вышэйзгаданага завулку, была звярнута галоўным фасадам да Рынка. Таму даволі часта ў крыніцах гэты пляц залічваўся да Рынка, а не да вуліцы Маставой. Уладальнікі гэтага пляца, аб якіх захаваліся дадазеныя з другой паловы XVII-XVIII ст., былі звязаны сваяцкімі адносінамі, што спрыяла захаванню нерухомасці ў сямейным асяроддзі.
Першая звестка аб пляцы і яго ўладальніках паходзіць з сярэдзіны XVII ст. Крыніцы згадваюць гарадзенскага ландвойта Міхала Краснеўскага, які заставіў камяніцу брэсцкаму ваяводзе Андрэю Масальскаму. Спадкаемцы пандвойта - лаўнік, пазнейшы райца Ян Зеляпуга і яго жонка Луцыя з дому Краснеўскіх - адкупілі камяніцу79. У 1675 г. Луцыя Зеляпуга заставіла нерухомасць лаўніку, пазнейшаму бурмістру гарадской рады Лаўрыну Канчэўскаму. У 1680 г. ягоная жонка Кацярына прадала сядзібу Казіміру і Марыянне з дому Зеляпугаў Маслоўскім80. Наступнымі ўладальнікамі пляца былі прадстаўнікі яшчэ адной заможнай мяшчанскай сям’і Суданаў. Гэта тычыцца Яна і Кацярыны з дому Маслоўскіх Суданаў81. У 1718 г. камяніцай валодаў бурмістр Юзаф Судан82. У 1723 г. пасэсію набыў бурмістр Зыгмунт Шульц83.
У 20-30-я гады XVIII ст. сядзіба перайшла да бурмістра Юзафа Бадаракі, які ажаніўся на Марыянне з дому Шульцаў84. У 1774 г. у сваім тэстаменце Бадаракі, які ў гэты час быў прэзідентам Гародні, запісаў пасэсію дачцэ Розе і яе мужыку, намесніку архіва Скарбу ВКЛ, пазнейшаму гарадзенкаму войту Юзафу Зялінскаму85.
10. На скрыжаванні Рынка і завулка, які ішоў да базыліянак, стаяла камяніца, якую жыхары горада называлі Цвіклічоўскай. Подобная назва выводзілася ад аднаго з яе ўладальнікаў - ландвойта Казіміра Цвіклы, які запісаў нерухомасць у 1671 г. жонцы Марыянне з дому Паўльсэнаў. Уладальнікі пасэсіі змяняліся даволі часта. На мяжы XVII-XVIII ст. імі былі ландвойт Лявон Эйсмант, Юры і Ганна Станевічы. У 1708-1775 гг. пляцам валодалі гарадзенскія дамінікане86. Пасля пасэсія перайшла да горада, якую пазней за 4 000 злотых набыў пісар гарадзенскай рады Даніэль Лянкевіч87.
11. Наступны пляц у сярэдзіне XVII ст. належаў да шляхціча Гарадзенскага павета Марціна Гарбачэўскага88. Недзе на мяжы XVII-XVIII ст. пляцам валодала сям’я Юхальскіх. У 1709 г. Агнешка Юхальская прадала нерухомасць за 500 злотых Яну Судану. У пазнейшых матэрыялах Юхальскія зноў выступаюць у ролі ўладальнікаў пасэсіі, якую яны маглі адкупіць. У 20-я гады XVIII ст. пляц, забудаваны драўляным домам, набыў бурмістр Міхал Календа89. У 1751 г. наступны ўладальнік - жмудскі скарбнік Юры Самішч - прадаў сядзібу прэзідэнту горада Андрэю Сталінскаму90, які ўзвёў на пляцы камяніцу з вазоўнямі і стайнямі. У 1754 г. прэзідэнт пашырыў пасэсію, набываючы частку суседняга пляца ад бурмістра Яна Каспара Ёрдана91. У 1790 г. камяніца перайшла да яго жонкі Зофіі з Пышэўскіх Сталінскай. Праз два гады Сталінскі нечакана перапісаў яе зяцю, урадніку Скарбавай камісіі ВКЛ Казіміру Бернацкаму і яго жонцы Вераніцы. Рашэнне гэта знаходзіць даволі простае тлумачэнне. Уладальнік камяніцы быў забавязаны выпляціць доўг Сталінскага 2 000 злотых92., чага верыгодна не стане была зрабіць ягоная жонка.
Сталінскі меў таксама аптэку, якую ў 1786 г. запісаў Зузанне Сталінскай93. У 1793 г. прэзідэнт падпісаў 2-гадовы кантракт з аптэкарам Юэафам Прайзам на арэнду гэтага прыбытковага пардпрыемства94.
12. Аб наступным пляцы гэтага боку Рынка вядома паступнае. Бурмістр Ян Адамовіч ў 1663 г. прадаў незабудаваны пляц ювеліру Годфрыду Варланду95. Наступным уладальнікам участка быў скарбнік ВКЛ Ян Шретэр, які прадаў пляц з камяніцай пісару гарадзенскай мытнай каморы Адрыяну Прэтнэру. Апошні быў другім мужам Кацярыны Судан, маці райцы Юзафа Судана, які згаданы як уладальнік пляца ўжо ў 1726 г.96 У далейшым пасэсіяй з камяніцай і пякарняй валодалі бурмістр Міхал Календа, а гэтак жа Ян Каспар і Канстанцыя з Календаў Ёрданы97. У 1795 г. пасэсію набылі райца Францішак Крэйбіх і ягоная жонка Кацярына, дачка Канстанцыі Ёрдан98.
13. Апошні, чацвёрты пляц мясціўся на рагу Рынка і Замкавай вуліцы. У 1663 г. пляцам з камяніцай валодаў бурмістр Ян Явароўскі99. на пачатку XVIII ст. праўдападобна Александровічы, а ў сярэдзіне XVIII ст. - вялікі пісар пісар літоўскі Юзаф Сільвестар Сасноўскі100. які ў 1762 г. прадаў нерухомасць віленскаму кашталяну і вялікаму літоўскаму гетману Міхалу Юзафу Масальскаму101. У 1775 г. камяніцу набыў падскарбі надворны літоўскі і гарадзенскі стараста Антоні Тызенгауз102. Наступным уладальнікам камяніцы быў пінскі маршалак Францішак Друцкі-Любэцкі103.
14. Паўночна-заходнюю частку Рынка займалі пабудовы старэйшай каталіцкай парафіі Гародні з парафіяльным касцёлам - так званая Фарай Вітаўта, заснаванай пасля 1392 г104. Гісторыя касцёла, разбуранага ў 1961 г., даволі добра авсечана ў гістарычнай літаратуры. Таму звярнем увагу толькі на галоўныя яе моманты.
Бяссумніву, вельмі загадачным застаецца пытанне лакалізацыі касцёла ў тапаграфіі Гародні. Насоўваецца пытанне, чаму парафіяльны касцёл быў павернуты да Рынка не галоўным фасадам, што было б лагічным, а апсідай? Адказ на гэта пытанне спрабавала знайсці (і здаецца што знайшла) яшчэ ў перыяд міжваеннага двадцацігоддзя Ванда Рэвенска105. Вядома, што касцёл быў узведзены на тэрыторыі сярэднявечнага горада, развіццё вулічнай сеткі якога абмяжоўвалі гарадскія валы. Такім чынам, яго пабудавалі побач з імі, г. зн. ля тагачаснай усходняй гарадской ускраіны. У XV ст. на ўсход ад старэйшай, прызамкавай часткі Гародні, пачала фарміравацца новая сетка вуліц і плошчаў. Менавіта таму Фарны касцёл ўпісаўся ў план новаўтворнага галоўнага Рынка апсідай, займаючы амаль што палову ягонага заходняга боку, паміж Замкавай і Плебанскай вуліцай.
Істотныя чынам касцёл змяніў сваё аблічча напрыканцы XVI ст. У 1584-1587 гг. італьянскі архітэктар Санці Гуччы, які працаваў пры двары караля Стэфана Баторыя, узвёў новы мураваны гатыцка-маньерыстычны храм106.
У сярэдзіне XVII ст. для касцёла, зрэшты як і ўсяго горада, пачаліся цяжкія часы. Упершыню храм быў моцна пашкоджаны пад час акупацыі горада расійскімі вайскамі (1655-1661). У яго візітыцыі 1662 г. паведамляецца, што “гарадзенскі касцёл ад Масквы... выпалены. Скляпенні вельмі небяспечныя, у некаторых месцах рунулі”107. Перад 1674 г. Фара была ўжо адрамантавана108. Значныя пашкоджанні закранулі Фару ў XVIII ст. Касцёл згарэў падчас Паўночнай вайны, а таксама - пажару 1753 г.109 Генеральная візітацыя фарнага касцёла 1762 г. апісвае яго стан наступным чынам: ”Касцёл сам увесь мураваны, які мае восем калон мураваных” з новым дахам, крытым дахоўкай і вежай “высокай цудоўнай з купалам высоким”110.
8 мая 1782 г. Гародня зноў гарэла. Пажар ахапіў таксама Фару111. Ліст, аўтарам якога мог быць пробашч Фарнага касцёла Юзаф Мучынскі, напісаны ў 1783 г., сведчыць аб дрэнным стане будынка касцёла: “тым часам агонь мінулагодні старажытны давёў касцёл да канчатковай разваліны... Руіны скляпення пагражаюць завалам, тым хто моліцца ў касцёле”112. Дадаткова інвентар касцёла, падрыхтаваны ў тым жа годзе? паведамляе: “увесь касцёл мураваны, але яго сцены часткова разбураны113... касцёл патрабуе направы ўсіх гзымсаў, новага даху, тынкавання, будовы новай вежы”114. Дзякуючы намаганням ксяндза Мучынскага адрамантавана касцёльны дах і будынак плебаніі. Аднак грунтоўнай направы касцёл так і не дачакаўся. Інвентар Фары 1793 г. заўважае, што касцёл “знаходзіцца ў вялікім разбурэнні”115. а сучасны малюнак мастачкі Ганны Тышкевіч дае менавіта такое, адэкватнае ўяўленне знішчанага і занядбанага касцёла116. у якім нельга было праводзіць набажэнства.
Упершыню пытанне аб пераносе парафіяльнага набажэнства ў паезуіцкі касцёл было абмеркавана ў лісце ксяндза Мучынскага 1783 r., да адрасата, асобу якога цяжка ўстанавіць. Духоўныя паслугі былі перанесены ў размешчаны на супрацьлеглым рынкавым баку касцёл былога кляштара езуітаў надзвычай хутка, нягледзячы на тое, што афіцыяльны перанос парафіі адбыўся ў 1798 г.
Унутрыкасцёльная прастора Фары служыла таксама месцам шматлікіх пахаванняў. Як гэта было ва ўсіх краінах Еўропы, прывілеяваным лічылася месца пад апсідай і каля ўвахода ў святыню. Варта нагадаць, што яшчэ ў 563 г. сабор у Бразе забараняў хаваць памерлых унутры храмаў, нагадваючы аб размяшчэння магіл па-за абшарам касцёла. Аднак на практыцы гэта рашэнне ніколі не выконвалася, а колькасць пахаванняў у касцёлах не змяншалася. Імкненне пахаваць памерлага ў сценах касцёла была абумоўлена перакананнямі людзей аб тым, што ў дзень Апошняга Суду і Васкрасення святыя мучанікі будуць апекавацца душамі пахаваных117.
Тагачасныя фунабральныя118 звычаі жыхароў Гародні найлепш ілюструюць тэстаменты, у якіх завяшчальнік (тэстатар) не толькі запісваў спадкаемцам маёнтак, але таксама выказваў апошнюю волю адносна свайго пахавання.
Захаваныя дакументы гарадзенскага магістрата XVII-XVIII ст. сведчаць аб тым, што падлога гарадзенскага Фарнага касцёла была максімальна выкладзена надмагільнымі плітамі. Пад німі знаходзіліся склепы, у якіх хавалі прадстаўнікоў духавенства, заможнага мяшчанства і шляхты119. Варта нагадаць, што ў Фары існавалі звычайныя, сямейныя, цэхавыя і брацкія склепы.
У 1784 г. райца Караль Тапольскі запісаў у тэстаманце волю аб пахаванні яго “цела ў касцёле тутэйшым парафіяльным у звычайным месцы”. Каля жонкі ў Фарным касцёле ў 1643 г. быў пахаваны лаўнік Юры Быхрэж. У 1640 г. цэхмістр шэўскага цэха Матыс Пастэўскі быў пахаваны ў Фары “супраць шэўскага алтара”, а каля алтара цэха муляроў у палове XVII ст. спачыў Урбан Каменскі120. Пра існаванне брацкіх склепаў інфармуе тэстамэнт жонкі гарадзенскага бурмістра Юзафа Бадаракага - Марыянны. Яна была пахавана ў фарным касцёле перад алтаром касцёльнага брацтва Найсвяцейшай Тройцы. У гэтым жа склепе ў 1738 г. спачыла жонка райцы Пятра Ўрублеўскага – Кацярына з дому Цвіклічаў121. Пахаванне папераджалі т. зв. “вігіліі” ці дагляданне і малітва ў доме нябожчыка. Жалобны ход ці “кандукт” суправаджаў бой касцёльных званоў, а завяршала яго імша за душу памерлага ў храме.
Прыведзеныя прыклады прадстаўляюць матывы выбара канкрэтнага месца пахавання: прэстыжны характар галоўнага касцёла горада, пазіцыя, якую займала асоба ў іерархіі гарадской супольнасці, а таксама фактар сацыяльнай геаграфіі – завяшчальнік, як правіла, жыў каля храма.
Прадстаўнікоў паспольства (рамеснікаў і купцоў) і гарадскіх нізоў хавалі каля храма, на прыкасцёльных могілках ці “penes ecclesiam”. Найстарэйшыя гарадзенскія каталіцкія могілкі знаходзіліся каля будынкаў фарнага касцёла. Верагодна, яны былі заснаваны ў канцы XIV ст. Першая згадка аб іх змешчана ў прывілеі вялікага літоўскага князя Аляксандра Ягелончыка 1494 r., які пацвердзіў і дадаткова пашырыў касцёльны фундуш. Згодна з дакументам могілкі размяшчаліся ў суседстве з домам плебана: “in civitate Grodnensi aream, ubi domus plebanis incipiendo a cimeterio cum orto”122. З другога боку, як паведамляюць крыніцы XVI ст., могілкі межавалі з пляцамі жыдоўскага кагала123. Ад поўначы могілкі расцягваліся аж да Плебанскай вуліцы.
Заўважым, што ў мінулыя часы прастора могілак, якая была месцам апошняга спачынку жыхароў горада, выконвала яшчэ і некаторыя іншыя функцыі, што ў нашы часы можа здавацца вельмі дзівосным і непрыймальным. У сярэднявечнай Еўропе могілкі былі месцам публічным, месцам рэлігійных практык, грамадскіх сходаў, нават шпацыраў. Тут вырашаліся таксама іншыя справы. На могілках будаваліся жылыя дамы і крамы124.
Гарадзенскія могілкі не былі выключэннем, а суседства будоўлі з дзеючымі могілкамі была штодзённай з’явай, якая не засмучвала гарадзенскіх мяшчан. У XVIII ст. на іх мясціўся прытулак для ўбогіх і жабракоў, сад, “у якім розныя новапасаджаныя дрэвы фруктовыя знаходзяцца”125. крамы і дом кнігара (крыніцы другой паловы XVIII ст. ўспамінаюць двух гандляроў друкаваным словам - Андрэя Бельскага і Мікалая Юхновіча)126. У гарадзенскіх крыніцах 70-80-х гадоў XVIII ст. захавалася наступнае апісанне: “Вуліца Замкавая. Пляц мескі пры фарных могілках Сымон Мяснік, Тамжа будынак П[ана] Гросмана”127. Празмерная запоўненасць могілкавай плошчы шматлікімі будоўлямі непакоіла не толькі гарадзенскі магістрат, але нават і цэнтральныя ўлады, асабліва пасля рашэння 1673 г. аб правядзенні ў Гародні кожнага трэцяга сэйма Рэчы Паспалітай. Пастанова сойма 1690 г. нагадвала аб неабходнасці пераносу “з Рынка крамаў драўляных, свірнаў, ўсіх ятак, таксама і на могілках, якое з’яўляуцца месцам пасвечаным (locus consecratus)”128.
Вернемся да гісторыі. У травені 1753 г. пажар спаліў значную частку Гародні, у тым усе будынкі на могілках і яго браму129. Апісанне гарадзенскага фарнага касцёла 1762 г. падае, што “могілкі вакол мурам абнесены, маюць тры брамы”130. Праз дваццаць гадоў мур вакол іх быў цалкам разбураны131. Ад занядбанні могілак паведамляе ў сваім лісце 1783 г. гарадзенскі пробашч Юзаф Мучынскі : “могілкі застаюцца побач з фарным касцёлам, я б хацеў перанесці іх за горад, пасля вызначэння прыстойнага для могілак месца132... па прычыне заразных смуродаў, асабліва ў час летняй спякоты”133. З дакумента вынікае тое, што далейшае функцыянаванне могілак станавілася немагчымым па прычыне пагаршэння антысанітарнага становішча. Цяснота на могілках спрыяла акрамя таго выкарыстанню ананімных, закінутых магіл у мэтах новых пахаванняў.
Паступова могілкі прыходзілі ў заняпад. Паводле інвентара Фары 1793 г. ягоны мур (“паркан”) быў зруйнаваны, драўляная скульптура галоўнай брамы пашкоджана134. Гэтыя згадкі ўяўляюць дадатковую цікавасць, таму што ілюструюць могілкавы комплекс як каштоўны помнік народнага кавальства, разбяроў-каменачосаў і сныцэрства. Інвентар фарнага касцёла 1762 г. прыводзіць прыклады не існуючых могілак. У апісанні адной з трох брам заўважалася: “першая брама вялікая падвойная дошкамі абшыта: на ёю невялікі хор з зялёнымі балясамі і фігурай Укрыжаванааг Пана Езуса сныцерскай работы”135.
Праблема пераноса могілак непакоіла не толькі жыхароў і ўлады Гародні. Яе вырашэнне ўваходзіла ў блок буйнамаштабных рэформ другой паловы XVIII ст., якія былі накіраваны на ўпарадкаванне ўсіх сфер жыццяў гарадоў Рэчы Паспалітай: фінансава-падаткавага пытання, гаспадарчых адносін, прыцягнення рамеснікаў і купцоў, праверкі архіўных збораў канцылярыі гарадзенскага магістрата, узмацнення будаўнічага нагляду, супрацьпажарнай бяспекі, санітарна-гігіенічнага становішча. У гэтых мэтах у гарадах засноўваліся камісіі Добрага Парадку (Boni Ordinis). Прывілей на заснаванне гарадзенскай камісіі быў выдадзены 19 красавіка 1776 г.136 У перыяд дзейнасці Чатырохлетняга сойма (1788-1792) яе замяніла Цывільна-Вайсковыя камісія, якая і занялася ўпарадкаваннем драўлянага аблічча горада, яго азеляненнем і пераносам могілак па-за гарадскую мяжу.
У 1791 г. Камісія Паліцыі Абоіх Народаў Рэчы Паспалітай137 прыняла рашэнне аб пераносе могілак, якія размяшчаліся каля касцёлаў у гарадскіх цэнтрах ва ўсіх гарадах краіны. Увага на гэта звярталася таксама на гарадзенскім сойме 1793 г.138 Гарадзенскія фарныя каталіцкія могілкі, якія не былі ў стане выканаць патрэбы 6-тысячнай гарадской супольнасці, былі перанесены з Рынка за горад у траўні 1792 г.139 Пад іх была вызначана вялікая плошча ля ўсходняй гарадской мяжы, на грунтах Гарадзенскай эканоміі.
Старыя могілкі разам з іншымі будынкамі фарнага касцёла ў 1804 г. згодна з распараджэннем расійскага імператара Аляксандра I былі пераданы праваслаўнай царкве140.
Фарны касцёл быў таксама галоўным асяродкам грамадска-культурнага жыцця мяшчан. Кожны рамесны цэх меў у ім алтар. У XVII ст. уласныя алтары ў парафіяльным касцёле мелі злотнікі, цырулікі, мяснікі і рыбакі, прадстаўнікі ўзбуйнёнага цэха будаўнічых прафесій (муляроў, стрыхароў, цесляў). Паводле інвертара Фарнага касцёла 1793 г. ягонымі алтарамі апекавалася брацтва краўцаў, сталяры і цесляры, мяснікі і рыбакі, кавалі і слесары, шэўцы, а таксама ўбогія141.
На пляцы парафіяльнага касцёла знаходзіліся шматлікія будынкі парафіі. Інвентары гарадзенскага фарнага касцёла 1783 і 1793 гг. падаюць поўнае апісанне забудовы ягонага дзядзінца, які быў абнесены муром. Насупраць “вялікіх касцельных дзвярэй” знаходзіўся стары будынак плебаніі. Дом падпробашча (вікарыя) быў у гэты час закінуты. Інвентар апісвае таксама іншыя будынкі: дом арганісты і дом кнігара, які стаў каля могілкавай брамы і які быў звернуты фасадам у кірунку горада. На касцёльным дзядзінцы стаялі шпіталь, дзве стайні, шэсць драўляных вазоўняў, рос сад142.
Бадай, адной з найважнейшых форм сацыяльнай арганізаціі гараджан былі рэлігійныя брацтвы. Пры Фары Вітаўта існавала брацтва Найсвяцейшай Тройцы, якое ўпамінаецца ў XVII ст.
Яшчэ адно брацтва святога Анёла Апякуна было заснавана пры касцёле яшчэ ў 1560 г. У XVII ст. яго членамі былі ўраднікі гарадзенскага магістрата і заможныя мяшчане: райца Андрэй Скажоўскі, лаўнік Адам Цвікліч, Габрыэль Варабяёвіч, Марцін Фандэнберг і Фолтын Шульц; рамеснікі: цэхмістр Ян Міхалевіч, пекар Ян Ліўчук, пільшчык Андрэй Рачкевіч, а таксама прадстаўнікі гарадскіх нізоў. У склад брацтва прыймалі шляхту. У 1653 г. яго членам стаў парнаўскі падкаморы і суддзя гарадзенскага гродскага суда Лаўрын Стэфан Рукевіч.
Члены брацтва паводле статута арганізацыі праводзілі актыўную грамадскую і дабрачынную дзейнасць: уладкоўвалі ў карчмаў убогіх і пільгрымаў, наведвалі хворых у шпіталях і вязняў у турме, збіралі грошы на міласціну, дапамагала ў пахаванні памерлага братчыка. Не выключана, што брацтва святога Анёла Апекуна ў 1792 г. прычынілася да пераносу па-за гарадскія межы старажытных каталіцкіх могілак і пабудове на іх першай драўлянай капліцы і званіцы.
Кіраўніцтва брацтва складалася з ксяндза, адміністратара, ягонага намесніка, чатырох райцаў, скарбніка і наглядальніка хворых. Брацтва мела ўласны сцяг, кнігі прыходаў і выдаткаў, значнай колькасці якіх адсутнічала ў архіве брацтва ўжо на пачатку XIX ст.143
Падставовым элементам сацыяльнай апекі ў гарадах былі шпіталі, якія ў першую чаргу давалі прытулак убогім і бяздомным; часам тут лячылі хворых144. Пра час заснавання шпіталя пры фарным касцёле дакладна нічога не вядома. У другой палове XVIII ст. ён знаходзіўся на могілках. Будынак шпітала складаўся з аднаго пакою з каморай і сенямі. Прытулак функцыянаваў яшчэ ў 1793 г. У ім жылі ўбогія, якія прыслужвалі пры касцёле145.
Пры фарным касцёле ў другой палове XVIII ст. працавала парафіяльная школа. Ініцыятарам заснавання сеткі пачатковых школ быў віленскі біскуп Ігнацы Масальскі. Колькасць вучняў гарадзенскай парафіяльнай школы была незначнай, нягледзячы на тое, што у другой палове XVIII ст. дзеці ва ўзросце да 16 гадоў складала 34,2% ад агульнай колькасці насельніцтва горада146. Напрыклад, у 1777 г. яе наведвала 12 дзяцей са шляхецкіх сем’яў, 9 з мяшчанскіх і толькі адзін з сялянскай. У 1781 г. гэтыя прапорцыі радыкальна змяніліся, складаючы адпаведна 4 (шляхта), 12 (мяшчане) і 16 (сяляне).
Звесткі аб сем’ях вучняў адсутнічаюць. Абсалютна не ўяўляецца магчымым устанавіць паходжанне вучняў-сялян. Можна таксама меркаваць, што сярод вучняў школы былі дзеці гарадскога паспольства – рамеснікаў ці гандляроў, у той час як заможныя мяшчане накіроўвалі сваіх дзяцей ў прэстыжную паезуіцкую школу. У сваю чаргу невялікая колькасць вучняў шляхецкага паходжання тлумачыцца нізкім ўзровнем адукацыі, пануючай у асяроддзі дробнай, засцянковай шляхты147. аб культурных антыпатыях, трапна заўважаных у 1783 г. ксяндзом Пятром Світкоўскім: “у Польшчы ўсёй і на Літве ледзь 500 экзэмпляраў адной газеты выходзіць. На правінцыі нават... трэба аб’ехаць дзесяць, дванаццаць шляхецкіх дамоў, пакуль што знойдзецца якая-небудзь кніжка для чытання. А калі хтосьці збірае бібліятэку, то для таго, каб ёю выхваліцца, а не каб яе чытаць... Агіда да забаўлення навукамі сярод шляхетна народжаныхі з’яўляецца ў нас яшчэ вялікай”148.
Высновы
Старажытны гарадзенскі Рынак выконваў ролю горадабудаўнічай дамінанты Гародні ў XVI-XVIII ст.. Тут знаходзіліся важныя аб’екты грамадскага прызначэння: ратуша, гандлёвыя рады, студня, парафіяльны касцёл. Аб прэстыжным характары рынкавай прасторы сведчыць факт паступовага пераходу ў XVII-XVIII ст. значнай часткі нерухомасці ў рукі магнатэрыі, духавенства і заможнага мяшчанства.
Архітэктурна-планіровачная цэласнасць Рынка была моцна парушана ў перыяд другой сусветнай вайны, а таксама пасля яе. Была цалкам разбурана забудова заходняй часткі Рынка з Фарай Вітаўта і паўднёвая - э палацам Радзівілаў. Часткова разбурана забудова ягонага паўночнга і ўсходняга бакоў.
Назва старажытнай гарадзенскай плошчы - Рынак - знікла з карты горада і была зацёрта ў памяці жыхароў, саступаючы месца ідэалагічнай, гістарычна неабгрунтаванай назве – Савецкая плошча.
Артыкул з’яўляецца папраўленай версіяй публікацыі: Гродзенскі Рынак у XVI-XVIII ст. (праблемы соцыятапаграфічнага развіцця) // „Краязнаўчыя запіскі”, вып. 5, Гародні 2000, c. 80-104, 157-163.
1 A. Wędzki, Początki reformy miejskiej w środkowej Europie do połowy XIII w., Warszawa-Poznań 1974, s. 7.
2 T. Jasiński, Przedmieścia średniowiecznego Torunia i Chełmna, Poznań 1982, s. 78.
3 Сучасная назва гэтага элемента планіроўкі Гародні - Савецкая плошча.
4 Тэрмін “агора” (з грэчаскай мовы) - галоўная плошча горада.
5 Віленская - цяпер Савецкая, Азёрская - Карла Маркса.
6 Акты Западной России, т. 2, Санкт-Петербург 1848, с. 29.
7 Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej (далей KDKW), t. 1, z. 3, s. 763-764; С. Бершадский, Литовские евреи, Санкт-Петербург 1893, с. 256, 259; K. Pietkiewicz, Wielki Księstwo Litewskie pod rządami Aleksandra Jagiellończyka, Poznań 1995, s. 163-164.
8 Е. Квитницкая, Планировка Гродно в XVI-XVIII в., “Архитектурное наследство” (далей АН), 1964, № 17, с. 15.
9 Писцовая книга Гродненской экономии (далей ПКГЭ), т. 2, Вильно 1882, с. 27.
10 Ю. Гардзееў, Да пытання аб гісторыі гарадзенскай ратушы (канец XV-XVIII ст.) // “Краязнаўчыя запіскі”, вып. 4, Гародні 1997, с. 57-65.
11 Прэнгеж (з нямецкай мовы) – pranger.
12 J. Jodkowski, Środmieście grodzieńskie dawne a jutrzejsze, Grodno 1930, s. 2.
13 Акты Виленской Археографической Комиссии (далей АВАК), т. VII, Вильно 1874, с. 77.
14 Тамжа, с. 111.
15 АВАК, т. V, Вильно 1871, с. 308; Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі ў Мінску (далей НГАБ), Ф. 1761 воп. 1 спр. 14 арк. 719; Е. Квитницкая, Планировка..., с. 38.
16 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-Гістарычны Архіў у Маскве (далей РДВГА), Ф. 846 воп.16 спр. 21873, 21874.
17 ПКГЭ, т. 2, с. 27.
18 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр 6 арк. 290-291; спр. 9 арк. 755-756.
19 G. Forster, Dziennik podroży po Polsce 1784 // Polska Stanisławowska w oczach cudzoziemcow, t. 2, Warszawa 1963, s. 77-78; W. Schlemuller, Dyaryusz podroży polskiej na seym Grodzieński roku pańskiego 1752 odbytej, “Litwa i Ruś”, t. 2, z. 1, Wilno 1912, s. 8.
20 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 11 арк. 79-87.
21 РДВГА, Ф. 846 воп.16 спр. 21872.
22 ПКГЭ, т. 2, с. 27-28, 55-56.
23 ПКГЭ, т. 2, с. 27-28, 185; РДВГА, Ф. 846 воп.16 спр. 21872.
24 НГАБ, Ф. 1761 воп.1 спр. 4 арк. 553, 554; 695, 769; Ф. 1800 воп.1 спр. 1 арк. 149-150, 416-418; Літоўскі Дзяржаўны Гістарычны Архіў (далей ЛДГА), Старажытныя Aкты (далей СА) 3862 арк. 12адв; [Spis mieszkańcow Grodna z 1794 r.] // Grodno w XVIII wieku. Miasto i ludność (na tle trendow rozwojowych od średniowiecza do 1939 roku), Białystok 1997, s. 65-68; ПКГЭ, т. 2, с. 185.
25 НГАБ, Ф. 1761 воп.1 спр. 6 арк. 518, 1022-1024; спр. 8 арк. 301, 484, 721, 729; спр. 9 арк. 751; спр. 10 арк. 373, 657; спр. 11 арк. 433, 443, 449, 605, 606; АВАК, т. адв, с. 309-310, 319; ЛДГА, СA 3862 арк. 17адв; [Spis...], s. 68.
26 Найбольш вядомым аб’ектам гэтага боку старадаўняга Рынка з’яўляецца былы будынак бібліятэкі ім. Е. Карскага.
27 Прэнт - адзінка вымэрэння плошчы ў Вялікім княстве Літоўскім, якая была роўнаяя 23, 742112 кв. м. Нагадаем, што 300 кв. прэнтаў складалі 1 літоўскі морг, а 30 моргаў былі роўныя 1 валоце (21 гэктара 36 араў і 79,0125 кв. м.): I. Ihnatowicz, Vademecum do badań nad historii XIX i XX wieku, Warszawa 1967, s. 220.
28 ПКГЭ, т. 2, Вильно 1882, с. 25.
29 Аддзел Рукапісаў Вібліятэкі АН Літвы (далей АР БАН Літвы), F 1-585.
30 Акты Литовско-Русского государства, в. 1, Москва 1899, с.19, 20, 23, 27; Русская Историческая Библиотека, т. 27, Санкт-Петербург 1910, с. 252, 282.
31 АВАК, т. VII, с. 60.
32 АВАК, т. VII, с. 92-93.
33 Нагадаем, што галоўным органам улады ў горадзе быў магістрат, які складаўся з рады на чале з бурмістрам (ад другой паловы 18 ст. прэзідэнтам) і лавы, якую ўзначальваў войт.
34 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр 2 арк. 38; Ф. 1800 воп. 1 спр 25-26.
35 ЛДГА, Ф. 1274 воп. 1 спр. 61 арк. 93; Галоўны Архіў Старажытных Актаў у Варшаве (далей ГАСА), Архіў Радзівілаў (далеў АР), XVIII 323 арк. 2.
36 T. Zielińska, Poczet polskich rodow arystokratycznych, Warszawa 1997, s. 366-368.
37 НГАБ, Ф. 1711 воп. 1 спр. 61 арк. 592-594; ЛДГА, Ф. 11 воп. 1 спр. 18584 арк. 1; Ф. 1274 воп. 1 спр. 61 арк. 93; Інстытут Мастацтва Польскай АН у Варшаве (далей ІМ ПАН), № 51093; S. Szymański, Urbanistyczno-architektoniczne formowane się Grodna w okresie od XIV do XVIII wieku // “Białostocczyzna”, t. IX, 1970, s. 259.
38 Асоба генерала заслугоўвае на больш шырокае асвятленне з прычыны ягоных “заслуг” для Гародні. Павел Цыцыянаў (1754-1806) паходзіў з грузінскага княскага роду. У 1793 г., знаходзячыся на расійскай службе, атрымаў званне генерала. Сярод жыхароў Гародні ён “праславіўся” ужо ў 1794 г., калі расійскае дыпламатычнае і ўмяшальніцтва ў справы Рэчы Паспалітай дасягнула свайго апагея. Трэцяга мая гэтага ж года Цыцыянаў, мяркуючы аб намерах жыхароў Гародні далучыцца да вызваленчага паўстання Тадэуша Касцюшкі, атрымаў загад генерал-губернатара Цімафея Туталміна аб адступленні на ўсход і вывадзе расійскіх частак з Гародні. Перад маршам 5-га мая Цыцыянаў у ультыматыўнай форме запатрабаваў ад гараджан выпляціць 6000 чырвоных злотых кантрыбуцыі, пагражаючы ў выпадку невыканання сваіх патрабаванняў знішчыць горад артылерыйскім агнём. Атрымаўшы згоду гарадзенскага магістрата і скарыстоўваючы тэрмін збірання гараджанамі патрэбнай сумы, расійскія войскі не разгубіліся і пры аказіі зрабавалі касы Скарбу Вялікага княства Літоўскага, Гарадзенскай эканоміі і пошты, вялікую колькасць сукна гарадзенскай суконнай мануфактуры. Атрыманыя ад жыхароў горада 7 мая грошы не задаволіла Цыцыянава, таму што гарадзенцы не здолелі сабраць узгаданай сумы ў золаце. Таму горад дадаткова запляціў яму 9420 злотых. Пасля расійскай анэксіі заходнебеларускіх земляў у 1795 г. Цыцыянаў, які меў дастатковы багаты вопыт “супрацоўніцтва” з жыхарамі Гародні, быў прызначаны генерал-губернатарам горада. Гл.: J. Urwanowicz, A. Woltanowski, Kontrybucja grodzieńska generała Pawła Cycjanowa a spis ludności miasta z 1794 roku // Grodno w XVIII w..., s. 45-48.
39 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 13 арк. 400-401, 792; спр. 16 арк. 637-638; [Spis...], s. 66; ГАСА, Архіў Тызенгауза, B 46/138 арк. 332.
40 ГАСА, АР, XVIII 323 арк. 2.
41 ЛДГА, Ф. 11 воп. 1 спр. 18584 арк 1; СА, 3862 арк. 68; РДВГА, Ф. 846 воп.16 спр. 21872.
42 Аддзел Старадрукаў Ягелонскай Бібліятэкі ў Кракаве (далей АС ЯБ), 14633 III т. 5, арк. A.
43 VL, t. V, s. 400; ЛДГА, Ф. 11 воп. 1 спр. 18584 арк. 1; ІМ ПАН, № 51093; S. Szymański, Urbanistyczno-architektoniczne..., s. 259.
44 ЛДГА, СA 3862 арк. 68.
45 ЛДГА, Ф. 1274 воп. 1 спр. 61 арк. 95.
46 ЛДГА, СА 3862 арк. 68.
47 [Spis...], s. 67.
48 Гарадзенскім езуітам прысвечана даволі значная колькасць прац: S. Załęski, Jezuici w Polsce, t. 1, Lwow 1900, s. 370-374, 770, t. 2, Lwow 1902, s. 584, 677-688, 702-703, t. 3, s. 31, 913, 1033, 1075, 1156, 1157, t. 4, Krakow 1905, s. 1224-1246; J. Jodkowski, Wiadomość historyczna o cudownym obrazie N. Maryi Panny Studenckiej w kościele farnym w Grodnie, Warszawa 1909; J. Paszenda, Kościoł pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce baroku, Warszawa 1995, s. 191-211; tenże, Budowle pojezuickie w Grodnie, ”Magazyn Polski”, 1992, nr 2, s. 52-53, nr 3/4, s. 78-80, 1993, nr 1/2, s. 76-78; E. Квитницкая, Коллегиумы Белоруссии в XVII в., АН, 1969 № 18, с. 3-18; таж, Белорусские коллегиумы XVIII в., АН, 1972, № 19, с. 12-27; В. Гаршкавоз, Да пытання аб аўтарстве манументальных роспісаў XVIII ст. // Помнікі старажытнабеларускай культуры. Новыя адкрыцці, Мінск 1984, с. 143-148; таж, Вотыўны жывапіс Беларусі, “Мастацтва”, 1994, № 3, с. 48-53; таж, Алтари Христиана Поукера в Гродненском иезуитском костёле // Наш радавод, 1991, кн. 3, ч. 2, с. 394-395; В. Філіпаў, Скульптура перыяду ракако ў Беларусі // Помнікі старажытнабеларускай культуры. Новыя адкрыцці, Мінск 1984, с. 70-76; А. Ярашэвіч, Манументальная разьба XVIII ст. на паўночным захадзе Беларусі // Помнікі мастацкай культуры Беларусі. Новыя даследаванні, Мінск 1989, с. 50-57; В. Гаршкавоз, А. Ярашэвіч, Выдатны помнік барока ў Гродне // “Мастацтва Беларусі”, 1984, № 9; Т. Блинова, Иезуиты в Белоруссии, Минск 1990; Ю. Гардзееў, Да гісторыі помніка А. Тузенгауза ў гарадзенскім фаpным (паезуіцкім) касцeле // “Гарадзенскія запісы”, вып. 1, Гародня, 1993, с. 21-23.
49 VL, t. IV, Petersburg, 1859, s. 57 p. 114.
50 J. Paszenda, Kościoł..., s. 196, 198,
51 Raporty generalnych wizytatorow szkoł Komisji Edukacji Narodowej w Wielkim Księstwie Litewskim 1782-1792, Wrocław, 1974, s. 106.
52 A. Baranowski, Rola zakonow w rozwoju oblicza miast i regionow dawnego Wielkiego Księstwa Litewskiego // “Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historiae Artium”, t. V, 1991, s. 85.
53 S. Załęski, Jezuici w Polsce..., t. 4, s. 1227, 1245-1246.
54 Raporty..., s. 47-48, 163, 255, 420.
55 Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII w., z. 5. Wielki Księstwo Litewskie, opr. A. Kawecka-Gryczowa, K. Korotajowa, W. Krajewski, Wrocław-Krakow 1954, s. 93-95, 100-104, 222-223; S. Kościałkowski, Antoni Tyzenhauz podskarbi nadworny litewski, t. 1, Londyn 1970, s. 440-446.
56 Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі ў Гародні (далей НГАБ у Гародні), Ф. 259 воп. 2 спр. 71 арк. 49.
57 Інвентар фарнага (паезуіцкага) касцёла 1805 г. успамінае аб “царкве ці старой паезуіцкай бібліятэце” (АР БАН Літвы, F 43-8220 арк. 22).
58 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 2 спр. 71 арк. 7-11.
59 АР БАН Літвы, F 18-134 арк. 25, 27, 33-35; ЛДГА Ф. 11 воп. 1 спр. 18584 арк.1; РДВГА, Ф. 846 воп. 16 спр. 21872.
60 ГАСА, АР, XVIII 313 арк. 3, 15, 28; НГАБ, Ф. 1800 воп. 1 спр. 1 арк. 91-92.
61 ПКГЭ, т. 2, с. 185.
62 ГАСА, АР, XVIII 311 арк. 4.
63 АС ЯБ, 14633 III т. 5, арк. B1.
64 НГАБ, Ф. 1800 воп. 1 спр. 1 арк. 91-92.
65 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 8 арк. 187, 188, 191-193; ГАСА, АР, XVIII 311 арк. 10.
66 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 3 арк. 53, 105; ГАСА, АР, XVIII 307 арк. 17, 19.
67 ГАСА, АР, XVIII 314 арк. 1; ЛДГА, Ф. 1292 воп. 1 спр. 280.
68 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 1 арк. 131.
69 ПКГЭ, т. 2, с. 185.
70 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 3 арк. 53, 105.
71 ЛДГА, Ф. 1274 воп. 1 спр. 61 арк. 93.
72 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 8 арк. 187, 188.
73 ГАСА, АР, XVIII 312 арк. 1, 4, 37, 41.
74 ГАСА, АР, XVIII 305 арк. 349, 366, 399, 402; 306 арк.1, 19; 317 арк. 53, 54.
75 ГАСА, АР, XVIII 314 арк. 1.
76 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1спр. 6 арк. 1136-1137.
77 А. Краўцэвіч, Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII ст., Мінск 1991, с. 74-77.
78 Нягледзячы на паважную дэфармацыю планіровачнай структуры гарадзенскага цэнтра контуры гэтай вуліцы можна яшчэ прасачыць.
79 ЛДГА, Ф. 1282 воп. 1 спр. 4528 арк. 1.
80 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 3 арк. 49адв-52; ЛДГА, Ф. 1282 воп. 1 спр. 4528 арк. 16, 30адв.
81 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 4 арк. 416a.
82 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 4 арк. 255.
83 ЛДГА, Ф. 1274 воп. 1 спр. 61 арк. 93.
84 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 9 арк. 379-380; РДВГА , Ф. 846 воп.16 спр. 21872.
85 Гарадзенскі дзяржаўны гістарычна-архелалагічны музей, № 15114; РДВГА, Ф. 846 воп. 16 спр. 21872; ЛДГА, СА 11649; Ф. 11 воп. 1 спр. 18584 арк. 2адв.
86 ЛДГА, Ф. 1274 воп.1 спр. 61 арк. 2; ПКГЭ, т. 2, с. 275.
87 ПКГЭ, т. 2, с. 185; НГАБ, Ф. 1761 воп. 1спр. 4 арк. 554; спр. 6 арк. 1136-1137; спр. 14 арк. 1250-1251, 1172-1273; Ф. 1800 воп. 1 спр. 1 арк. 416-418.
88 ПКГЭ, т. 2, с. 185.
89 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1спр. 4 арк. 695, 769, спр. 5 арк. 74-76.
90 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 6 арк. 1136, 1137; спр. 10 арк. 721.
91 НГАБ, Ф. 1761 воп. спр. 10 арк. 721.
92 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 15 арк. 939-940.
93 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 14 арк.1059-1060.
94 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 14 арк.1024.
95 ПКГЭ, т. 2, с. 185; НГАБ, Ф. 1800 воп. 1 спр. 1 арк. 149-150.
96 ЛДГА, Ф. 1274 воп. 1 спр. 61 арк. 95.
97 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 7 арк. 280-281, 489-450, 493.
98 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 16 арк. 517-518.
99 НГАБ, Ф. 1800 воп. 1 спр. 1 арк. 149-150.
100 ГАСА, АР, XVIII 333 арк. 2.
101 ЛДГА, Ф. 1282 воп. 1 спр. 4374 арк. 1.
102 ЛДГА, Ф. 11 воп. 1 спр. 18584 арк. 1; РДВГА , Ф. 846 воп.16 спр. 21872.
103 ЛДГА, Ф. 598 воп. 1 спр. 1188 арк. 1; [Spis...], s. 66.
104 J. Paszenda, Kościoł..., s. 191; А. Краўцэвіч, А. Трусаў, І. Трусаў, Вяртанне да людзей // “Мастацтва”, № 8, 1993, с. 45.
105 W. Rewieńska, Osiedla miejskie i wiejskie w połnocno-wschodniej Polsce // “Samorząd Miejski”, nr 13, 1939, s. 59.
106 A. Fischinger, Sanci Gucci architekt i rzeźbiarz krolewski XVI wieku, Krakow 1969; Архітэктура Беларусі, Мінск 1993, с. 183; J. Paszenda, Kościoł..., s. 192-193; А. Мілінкевіч, Е. Пашэнда, Фара Вітаўта ў Гародні // Наш радавод, кн. 2, Гародні 1990, с. 182-183.
107 ЛДГА, Ф. 694 воп. 1 спр. 3968 арк. 10.
108 “Przegląd Katolicki”, 1910, nr 17, s. 262.
109 А. Краўцэвіч i iнш., Вяртанне..., c. 45, 50.
110 АР БАН Літвы, F 43-8185.
111 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 34 арк.1.
112 АР БАН Літвы, F 43-8193 арк.1адв -2.
113 ЛДГА, Ф. 694 воп. 1 спр. 3985 арк.1, 11адв.
114 “Korrespondent Kraiowy i Zagraniczny”, nr 15, 1793, s. 281.
115 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 34 арк.1, 12.
116 Нацыянальны Музей у Кракаве, № 43960.
117 Ph. Aries, Człowiek i śmierć, Warszawa, 1994, s. 57-58.
118 Funebris (лац.) – пахавальны, жалобны.
119 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 2 спр. 3 арк. 228.
120 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 1 арк. 132, 161, 266адв; спр. 3 арк 32; спр. 11 арк. 345-346; спр. 13 арк. 296, 300.
121 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 8 арк. 258, 259, 777.
122 KDKW, t. 1, z. 1, s. 474.
123 Vitoldiana Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386-1430, oprac. J. Ochmański, Warszawa-Poznań, 1986, s. 181.
124 Ph. Aries, Człowiek..., s. 65, 73-75, 78.
125 Ibidem.
126 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 34 арк. 12адв.
127 ЛДГА, СА 3862 арк. 71адв.
128 VL, t. V, Petersburg, 1860, s. 399 p. 821.
129 Wiadomość o pożarze zdarzonym 1753 roku w Grodnie, “Ondyna Druskienickich Źrodeł”, Grodno 1846.
130 АР БАН Літвы, F 43-8185 арк. 35.
131 ЛДГА, Ф. 694 воп. 1 спр. 3985 арк. 4.
132 Юзаф Мучынскі нарадзіўся каля 1727 г. у Гарадзенскім павеце. Вучыўся ў езуіцкай школе. Доктар тэалогіі. З 1783 г. пробашч гарадзенскай фарнай парафіі. Рэктар гарадзенскай школы Адукацыйнай Камісіі. Памёр 4 лютага 1793 г. Пахаваны ў гарадзенскім фарным (паезуіцкім) касцёле. (ЛДГА, Ф. 694 воп. 1 спр. 3985 арк. 12адв; НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 34 арк. 1, спр. 3 арк. 174; “Korrespondent Kraiowy i Zagraniczny”, nr 15, 1793, s. 281).
133 АР БАН Літвы, F 43-8193 арк. 1адв.
134 Ibidem, спр. 34 арк. 12адв.
135 Ibidem.
136 НГАБ, Ф. 1761 воп. 1 спр. 6 арк. 1056-1057.
137 Нягледзячы на сваю назву камісія не выконвала ролю воргана аховы парадку і грамадскай бяспекі. Яна была галоўным дзяржаўным ворганам улады ў краіне. А яе назва выводзілася ад грэчаскага слова ???????? – дзяржаўнасць, грамадзянскія правы.
138 VL, t. X, Poznań, 1952, s. 183.
139 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 3 арк. 159.
140 Ibidem, арк. 32адв.
141 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 34 арк. 3-4адв.
142 АР БАН Літвы, F 43-8193 арк. 2; НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 9 арк.1, 12-12адв; ЛДГА, Ф. 694 воп. 1 спр. 3985 арк. 14-15.
143 НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 2 спр. 2 арк. 2, 6адв, 7, 9. 10адв, 14, 15адв-16адв, 18, 18адв, 48, 51.
144 A. Zahorski, Centralne instytucje policyjne w Polsce w dobie zaborow, Warszawa, 1959, s. 41.
145 АР БАН Літвы, F 43-8185 арк. 38адв -39; ЛДГА, Ф. 694 воп. 1 спр. 3985 арк. 11адв; НГАБ у Гародні, Ф. 259 воп. 1 спр. 34 арк. 12адв.
146 ЛДГА, Ф. 1282 воп. 1 спр 5820.
147 T. Wierzbowski, Szkoły parafialne w Polsce i na Litwie za czasow Komisji Edukacji Narodowej 1773-1794, Krakow, 1921, s. 18, 74.
148 W. Smoleński, Przewrot umysłowy w Polsce wieku XVIII, Warszawa, 1923, s. 340.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 19 Чэрвень 2006
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической