-Як выглядала Фара Вітаўта ў апошнія гады свайго існавання?
Шоцік Ванда Іванаўна, 1940 г.нар.:
Калі я прыехала ў Гародню, мяне найбольш уразілі касцёлы ў цэнтры горада. Сярод іх вылучаўся чырвоны, або, як казалі, Гарнізонны касцёл. Ён выглядаў не найлепей, бо дах быў дзіравы, не было ўсё дагледжана. Сярод усіх касцёлаў найлепш выглядаў па-езуіцкі. А Фара Вітаўта была ў дрэнным стане можа таму, што на працягу сваёй гісторыі пераходзіла з рук у рукі, ад каталікоў да праваслаўных і наадварот, і не вельмі ёй апекаваліся. Да таго ж і вайна наклала свой адбітак. А ў 50-я г., як вядома, многія храмы стаялі зачыненыя, ксяндзоў не было, і толькі людзі, прыхаджане маглі трохі даглядаць касцёлы.
Хадзілі чуткі, што Гарнізонны касцёл хочуць зліквідаваць і збудаваць на гэтым месцы нешта іншае. Людзі старэйшага веку шкадавалі, што гэты храм на працягу ўсёй гісторыі ўвесь час перарабляюць то ў праваслаўны храм, то ў каталіцкі, а цяпер, наогул, хочуць узарваць. Я жыла на вуліцы Тэльмана, дакладней на рагу вуліцаў Тэльмана і Савецкай, там, дзе зараз універмаг. Да маёй цёткі Ані часта забягалі сяброўкі. Гэта былі не толькі каталічкі. Цётка Аліна, напрыклад, была каталічка, а цётка Ксенія з Віленскай вуліцы – праваслаўная. Яны прыходзілі вечарам пасля працы папіць гарбаты, пагаварыць. І часта размова заходзіла пра намеры ўзарваць касцёл. Казалі, што ён не дагледжаны, што няма грошай, але ўсё роўна нават у думках не маглі пагадзіцца з ідэяй знішчэння касцёла: Як гэта можна ўзрываць храмы?! Пазней пайшлі ўжо чуткі, што прыехалі мінёры-ўзрыўнікі, што ўжо хадзілі па касцёлу і нешта замяралі, потым прыехала начальства і таксама аглядала касцёл. Але неяк гэтыя размовы заціхлі.
- Ці памятаеце, як узрывалі касцёл?
Шоцік В.І.:
Увосень, дзесьці ў лістападзе пайшлі настойлівыя чуткі, што прыехала група людзей з Расіі. І праўда, прыехалі яны, хадзілі па касцёлу, так людзі распавядалі. А дзесьці ў канцы лістапада, у панядзелак прыбегла цётка Аліна і кажа: Ты ведаеш прыехала група падрыўнікоў і гэтая ... жанчына (яна назвала яе вельмі дрэнным словам), якая будзе ўзрываць. Пра жанчыну гэтую казалі, што яна найлепшы спецыяліст у Ленінградзе і будзе кіраваць знішчэннем касцёла. Імя яе не ведаю.
У панядзелак усе вушы навастрылі. Людзі хадзілі каля касцёла, прыглядаліся. Нікога не праганялі. У гэты дзень нічога не адбылося. А наступным днём пачалі казаць, што жанчына-ўзрыўнік захварэла, што яе “ўдар хваціў”. Людзі гэта расцанілі, як Божую кару: Такая-сякая прыехала касцёл узрываць, а Бог яе і пакараў. Гэта было ў аўторак увечары. І ўсё заціхла. А пасля наш сусед сказаў, што ўсё ж такі будуць узрываць.
Гэтая чутка разнеслася па горадзе, і многія не спалі. І мы, студэнты не спалі. Адна з нашых студэнтак жыла на рагу вул. Савецкай і плошчы Савецкай. І мы раненька пабеглі да яе. Стаім каля вакна, назіраем. Адтуль было добра відаць будынак. Стаяць салдаты, міліцыя, людзі “в штатском”. Усё было спакойна, але мы ведалі дакладна, што сёння ўзарвуць. І вось на досвітку раптам пачулі стрэл, як хлапок нейкі. Грукату я не памятаю. Але памятаю, як касцёл узнёсся быццам хацеў паляцець у неба. А потым знік за воблакам жахлівага чырвонага, чырвона-шэрага пылу, дыму, не ведаю чаго яшчэ. Людзі казалі, што ён трохі ўзнёсся і ...разваліўся. Настолькі, відаць, гэтая жанчына добра разлічыла, колькі трэба “взрывчатки” закласці, каб касцёл не разляцеўся ва ўсе бакі. Світала. Мы пайшлі хутчэй дахаты. Бачу выбегла на вуліцу цётка Ксенія, стала на калені і пачала маліцца. Людзі бегалі, мітусіліся, многія маліліся, пракліналі Саветаў. А некаторыя казалі: Мы самі вінаватыя. Трэба было сабраць грошы і адрамантаваць касцёл, зрабіць усё як трэба. Іншыя казалі: Да вам бы ніхто не дазволіў.
А вул.Савецкая была ўся чырвоная. І вул. Ажэшкі. Усё было ў чырвоным пыле. А калі пазней я ішла на заняткі, то бачыла, што дзеці лазілі па руінах, бо пасля выбуху адкрыліся падвалы. Салдаты іх ганялі адтуль.
Гэты друз хутка разабралі і вывезлі. Але на гэтым месца так нічога і не збудавалі. Урэшце рэшт пасадзілі там нейкія дэкаратыўныя кветкі і зрабілі сквер (ад рускага слова “скверный”). Але заўсёды, калі ідзе дождж, то кожны прахожы бачыць гэтую вялізарную чырвоную пляму.
Рой Станіслаў Уладзіславаўна, 1922 г. нар.:
Касцёл узарвалі ўвосень 1961 г. Мама ўжо была слабая-слабая. Мой малодшы сын спаў. Раптам выбух. Мама перахрысцілася, стала плакаць: Да чаго мы далей дажывём. Я гэтага ўжо не ўбачу і цярпець не буду, а вы застанецеся.
Старэйшы сын Чэслаў пайшоў на плошчу напярэдадні знішчэння і алоўкам намаляваў апошнія рысы гэтага касцёла. У горадзе ведалі, што будуць узрываць. Некаторыя хадзілі з фотаапаратам. А пасля выбуху і я пайшла на плошчу. Там людзі стаялі і плакалі. Была цішыня. Шэпатам размаўлялі. Гэты касцёл быццам у зямлю пайшоў.
Сын Чэслаў казаў: Касцёл быццам узняўся, потым апусціўся, і ўсё рассыпалася. Павінна была быць гара цэглы, а быў маленькі пагорак. Нібыта касцёл пайшоў пад зямлю. А людзі прыходзілі, стаялі на каленях і маліліся. А некаторыя смяяліся з тых, хто стаяў і маліўся. Гэта потым яны адумаліся і зразумелі, што Бог усё ж такі ёсць.
Магчыма, каб пабыла даўжэй гэтая ненармальная, сумашэдшая, варожая ўлада, то ўзарвалі б яшчэ і іншыя храмы.
Рой Чэслаў Віктаравіч, 1942 г.нар.:
Па гораду пачалі хадзіць чуткі пра знішчэнне касцёла, калі вакол яго па перыметру на адлегласці 1 – 1,5 м ад сцяны былі збудаваныя шчыты з дошак. Увесь касцёл пачалі закрываць дошкамі, якія прыбіваліся гарызантальна. Людзі хадзілі і цікавіліся, што тут адбываецца. Ім адказвалі, што касцёл будзе рамантавацца. Хоць было вельмі сумніўна, што яго будуць рамантаваць. Там жа склады стварылі, і на той час усё было закінутае, разбуранае. Абставілі гэтымі шчытамі, а потым пачалі нешта свідраваць. Быццам, сапраўды, пачаўся рамонт. А пазней нехта сказаў (не помню ўжо хто і пры якіх абставінах), што касцёл будуць сёння ўзрываць. Я нават да хаты не пайшоў. Разам са сваім сябрам Мікалаем Гайсам застаўся на плошчы. Мы доўга хадзілі па Савецкай плошчы. Чакалі, калі будуць узрываць. І не мы адныя. На плошчы пачалі групкамі збірацца людзі. З’явілася міліцыя. Расло пачуццё, што нешта адбудзецца, што не дарма засталіся. Да таго ж заўважылі, што вокны Палаца тэкстыльшчыкаў і вокны дома па вул. Замкавай, які прымыкаў да касцельнай вежы былі заклееныя палоскамі паперы ў форме крыжа, як на выпадак бамбардзіроўкі.
Калі ўжо сцямнела, Мікалай прапанаваў зрабіць малюнак касцёла, бо, як ён заўважыў, выбухне, і нічога не застанецца. Хацелася захаваць на паперы апошнія хвіліны гэтага храма. Я пытаюся, а ты маеш што-небудзь для малюнка? Ён дастаў блакнот і вырваў для мяне старонку. Я паклаў ліст на далонь і пачаў замалёўваць. Мы стаялі паблізу касцёла, спіной да Палаца тэстыльшчыкаў, і было даволі складана ахапіць позіркам увесь касцёл. Да таго ж баяліся, каб ніхто не ўбачыў, што мы робім. Прыйшлося ўсё рабіць непрыкметна звонку, украдкай. Хутка замалявалі касцёл і адразу ж схавалі малюнкі ў кішэнь. Было гэта ў 10-11 гадзін вечара.
Трэба адзначыць, што на той час плошча яшчэ не была ўся забудаваная. На тым месцы, дзе зараз знаходзіцца крама “Баторый” нічога не было. Таксама ззяла пустка на тым месцы, дзе цяпер стаіць гасцініца “Нёман”.
Мы з Мікалаем кружылі і кружылі па плошчы. Ні мы, ні іншыя людзі не ведалі, калі гэта здарыцца. Казалі, магчыма, у 11 гадзін, потым казалі, магчыма, у 12 гадзін. А людзей тым часам збіралася ўсё больш. Яны стаялі ў скверы каля Палаца тэкстыльшчыкаў. А потым прыехала некалькі ваенных машын і два або тры бронетранспарцёра. З машын выгрузіліся ўзброеныя аўтаматамі салдаты. Яны пастроіліся тварам да тагачаснай абласной бібліятэкі, а баявая тэхніка стала непадалёк ад сучаснай крамы “Баторый”.
Мы з Мікалаем падышлі да гэтага пастраення, каб падслухаць інструктаж, які рабіў камандзір. Адзінае, што мы пачулі, быў загад страляць у выпадку супраціву. Мы зразумелі, што справы не жартаўлівыя і вырашылі адысці далей. Потым салдат развялі, і яны з аўтаматамі на грудзях пачалі выціскаць людзей з плошчы. У выніку салдаты ўтварылі кола ад сучаснай канцэртнай залы “Гродна” і помніку маршалу Сакалоўскаму да “Прыорбанка” і ад вул. А.Кашавога да вул. Парыжскай камуны і падворкаў за гасцініцай “Нёман”.
Мы спыніліся якраз на падворках. Адтуль было вельмі добра ўсё відаць. Салдаты стаялі спіной да касцёла і тварам да нас. Касцёл быў добра асветлены, бо былі прывезеныя і ўстаноўленыя на зямлі пражэктары. Касцельную вежу зачапілі металічным тросам, які адцягваў яе ў бок плошчы Савецкай. Баяліся, што вежа можа заваліцца на жылы дом па вул. Замкавай.
Каля 2 гадзіны ночы над плошчай ўзляцела чырвоная ракета, а за ёй адразу зялёная. І адразу мы адчулі моцны падземны штуршок. Зямля ўздрыгнула пад нагамі. Раздаўся глухі цяжкі гул. Касцёл нібыта нейкай страшнай рукой быў падняты ўверх, а потым пачаў таяць на вачах. Ён апускаўся… А калі напалову знік, знізу падняліся клубы густога пылу. А зверху апускаўся дах, які схаваўся ў пылавым воблаку.
І вось тут салдаты ўжо не здолелі стрымаць людзей. З усіх бакоў людзі імкнуліся да касцёла. Унутры была яшчэ адна лінія ачаплення з міліцыі, але і яна не магла стрымаць людзей. Аднак каля касцёла з-за пылу нічога не было відаць. Усё пакрылася быццам белым попелам.
А раніцай наступнага дня, калі я ішоў на працу, то ўбачыў вялізарную колькасць машын і салдат, якія разбіралі руіны. Але аказалася, што ўбраць іх вельмі складана, бо сцены не рассыпаліся, а распаліся на вялізныя цагляныя глыбы. Зверху ўсё было накрытае дахам. Каб ачысціць плошчу, прыйшлося яшчэ тыдня два свідраваць гэтыя глыбы, закладваць дынаміт і ўзрываць іх. У горадзе чулася бесперапынная стральба.
Пазней у адказ, відаць, што ў адказ, бо ніколі такога не было, пад мостам праз Нёман знайшлі выбухоўку. Нібыта нейкі таксіст падслухаў размову пасажыраў, якія казалі пра міну пад мостам. Ён паведаміў міліцыю, і гэтую міну сапраўды знайшлі. Так казалі ў горадзе. На мосце адразу з’явіліся ўзброеныя часавыя. Яго сталі ахоўваць, і гэта працягвалася некалькі гадоў. На мосце нельга было спыняцца машынам і пешаходам. Калі нехта спыняўся, ахоўнікі адразу свісталі. Салдаты, што стаялі на мосце, былі з зялёнымі пагонамі. Відаць, памежнікі. Былі збудаваныя з абодвух бакоў моста будкі для аховы. Вісела шыльда з папярэджаннем, што мост ахоўваецца.
Грацулевіч Марыя Рамуальдаўна, 1911 г.нар.:
Рыхтавалі выбух касцёла цэлы месяц. Прыязджалі спецыяльныя сапёры з Ленінграда. Узарвалі акуратна. Нават шыбы ў суседніх дамах не павыляталі. Руіны расцягнулі вельмі хутка. Я нават не ведаю, куды вывезлі. Людзі таксама бралі цэглу на памяць. А ў асноўным салдаты працавалі. Ім нічога не заплацілі за працу. У горадзе казалі, што грошы (600 руб.) забрала гарадское кіраўніцтва і прапіла.
- Ці спрабавалі гарадзенцы абараніць касцёл?
Грацулевіч М.Р.:
Канешне, спрабавалі. Яны пагражалі, што ў адказ узарвуць мост. Улады напалохаліся. Масты ахоўвалі вайсковыя каравулы. Але потым неяк людзей падманулі, і тыя супакоіліся. У той жа час ціха, непрыкметна, як мышкі, спецыялісты з Ленінграда рыхтавалі выбух. А потым у 2 гадзіны ночы ўзарвалі. Але мы не спалі. Я выйшла на вуліцу, адчуваю нешта жахлівае будзе. Але яны вельмі ўмела замініравалі фундамент. Ваенныя заклалі, хіба, каля двух тон дынаміту. Тэхніку таксама мелі добрую. А ў касцёле тады збожжа трымалі.
Шоцік В.І.:
Я не ведаю, толькі ведаю, што быў падрыхтаваны акт, што касцёл не з’яўляецца помнікам архітэктуры і культуры. Падпісаў дырэктар гісторыка-археалагічнага музея Собаль, старшыня гарвыканкама Тупоўскі і, здаецца, калі не памыляюся, галоўны архітэктар горада Маліноўскі.
- Ці помніце імёны людзей, якія абаранялі касцёл?
Грацулевіч М.Р.:
Не. Гэта даўно было. Абаранялі простыя гараджане. Да касцёла таксама належалі 13 вёсак. Але абаранялі гарадскія жыхары. Духавенства не мела права ўмешвацца. Калі б нават, які ксёндз наведаў касцёл без дазволу, то адразу б выгналі.
- Ці асуджалі людзі знішчэнне Фары Вітаўта?
Грацулевіч М.Р.:
Канешне. Толькі асуджалі ціха. Калі б хто голасна выказаўся, то КДБ адразу б забрала і ў турму пасадзіла. Паўсюль хадзілі “стукачы”. Усё падслухоўвалі. Найбольш пераследавалі мясцовае насельніцтва.
Казалі, што на месцы касцёла будзе нешта збудавана. Але нічога там не зрабілі. Пазней, калі з’явіўся ксёндз, хацелі аднавіць касцёл, але ўлады не дазволілі.
Каршакоўскі Генадзь Аляксандравіч, 1931 г. нар.:
Мы ўсе катэгарычна былі супраць знішчэння. Для веруючых гэта была святыня. Разам з Фарай зачынілі праваслаўны манастыр св. Багародзіцы. Манахінь разагналі. У малой царкве зрабілі склад, ў вялікай – школу ДОСААФ. Людзі былі вельмі незадаволеныя, але выступленняў не было.
Шоцік В.І.:
Букеты кветак усюды там ляжалі. Людзі клалі гэтыя апошнія восеньскія кветкі. Прычым гэта рабілі не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Яны таксама абураліся знішчэннем касцёла.
Рой Ч.В.:
Было вялікае абурэнне. Людзі са злосцю і горыччу казалі, што гэта такая ўлада, што гэта іх спосаб жыцця. Пыталіся: Навошта? Каму перашкаджаў гэты касцёл? А іншыя казалі: Яны спрабуюць вырваць гістарычныя карані, бо ўрэшце рэшт знішчылі не нейкую малавядомую царквушку ці часоўню, а менавіта Фару Вітаўта, з якой распачыналася гісторыя горада.
У той час галоўным архітэктарам быў армянін Маркаян, чужы для горада чалавек, а мэрам быў Тупоўскі. Абураныя гараджане пісалі скаргу, пратэставалі і, магчыма, каб супакоіць людзей іх абодвух знялі з працы.
- Што перашкодзіла ўладам узарваць сучасны Фарны касцёл?
Грацулевіч М.Р.:
Людзі не дазволілі. Яны проста ўзбунтаваліся! Як улады не стараліся, людзі сказалі: “Не дамо знішчыць!” Народу было шмат. Нават з вёсак прыязджалі, каб не дапусціць знішчэння. І перамаглі! Затое ўзарвалі званіцу насупраць Брыгіцкага касцёла. Відаць, думалі, што шмат багацця там знойдуць.
Фарны касцёл напачатку 60-х г. быў у добрым стане. Вы ведаеце, унутры касцёл быў у добрым стане. Мы самі рабілі рамонт. Два гады збіралі грошы. Пачалі рамонт, а з Мінска увесь час праверкі: Які матэрыял выкарыстоўваеце? Што робіце? Усю архітэктуру Мінск правяраў. Мы зрабілі палову і дайшлі да алтара. А там фігуры з дрэва. Мінскія спецыялісты гавораць: Трэба дрэва ачысціць, усю фарбу зняць. А мы гаворым: Вось спачатку дайце ксяндза, а потым скрабіце, што хочаце. А пакуль ксяндза не будзе, мы будзем рабіць па-свойму. І зрабілі. Падабралі фарбу шэрага колеру. Змылі увесь пыл і бруд. Пафарбавалі. Фігуры аж пачалі зіхацець. Так прыгожа стала! І тут прыязджае камісія: Вы што нарабілі?! Вы ж сапсавалі ўсе скульптуры! А галоўны маўчаў-маўчаў, а потым і гаворыць: Ведаеце, а выглядае някепска!
А пасля вырашылі рабіць вонкавы рамонт. Але з матэрыялаў мы мелі толькі вапну. Пачалі хадзіць па арганізацыях, па сябрах. Сабралі грошы, знайшлі матэрыялы і пачалі рамонт. Хочам паспець да Вялікадня. Людзей сабралася шмат. А тут камісія?! Як толькі праверка ўвайшла, усе адразу з крыкам пападалі на калені. Ім прыйшлося выйсці. А потым яны заявіліся яшчэ раз. Быў якраз Вялікдзень. За гадзіну да набажэнства ўваходзіць чалавек трыццаць міліцыянераў. Мы якраз запальвалі знічы, папраўлялі лампадкі. Яны гавораць: Нам загадалі ў нейкім касцёле падвалы праверыць. Мы адказваем: Гэта не ў нас. Ідзіце ў Брыгіцкі касцёл. Але тут яшчэ ўвалілася кампанія ў дваццаць чалавек, каб адчыняць падвалы. Але мы заўпарціліся. Я кажу: Вы што не знайшлі іншага моманту! Не даеце ксяндза, і за паўгадзіны да набажэнства прыехалі, каб падвалы адчыняць! Дайце нам адсвяткаваць, а потым прыязджайце і рабіце, што захочаце! А яны гавораць, што ім патрэбныя нейкія кнігі ў падвале. Я раззлавалася: Вы ўжо і так перавучыліся! Вы што хочаце ламаць касцёл, каб дастаць нейкую кнігу. Там трумны стаяць, а не кнігі!
Але яны настойвалі. Нават сваю тэхніку ў касцёл зацягнулі. Паспрабавалі падняць пліты. Мы зноў супраць. Так і не пусцілі. Калі яны адыходзілі, я сказала ўслед: Прыязджайце пасля свята і рабіце, што хочаце. І дадала: Калі атрымаецца! Дзякуй Богу, не атрымалася. А тэхніку мы выцягнулі і выкінулі за касцёл. Яны з’явіліся праз месяц і пытаюцца: А дзе ж нашае жалеза? Нават не ведаю, ці забралі яго ці не.
А мы ўсё дабіваліся, каб у касцёле нарэшце з’явіўся ксёндз. Раз на тыдзень хадзілі да ўпаўнаважанага, ездзілі ў Мінск, нават у Маскву. Дабіліся толькі дазволу, каб ксёндз пяць разоў у год вёў службу ў касцёле. Гэта на Вялікдзень, на Тройцу і іншыя вялікія святы. Людзі тады запаўнялі ўсе двары і вул. К.Маркса. Падчас аднаго свята якраз была камісія з Мінска. Убачылі, што людзі збіраюць грошы, і сталі крычаць. А я кажу: Людзі даюць грошы на выратаванне касцёла.
Святла ў касцёле не было гадоў дзесяць. Улады не дазвалялі. Мы ставілі керасінавыя лямпы.
Прыехала чарговая камісія. Я пытаюся:
- Вам спадабаўся касцёл?
- Спадабаўся, - адказваюць.
- А як Вам падабаецца вось гэта? - паказваю на лямпы.
- Тут няма Савецкага Саюзу, - гавораць.
- Якраз ёсць, - кажу ў адказ.
Месяца праз два дазволілі зрабіць святло. Рабілі ўсё ўласнымі рукамі. Як закончылі прыехаў інжынер. Праверыў праводку. Яна ж старая была. Але аказалася ў добрым стане. Мы паставілі каньяк на стол, закуску. Усе паперы ён падпісаў.
А потым даведаліся нумары тэлефонаў самага галоўнага начальніка ў Маскве і папрасілі Сашу Мілінкевіча пазваніць і папрасіць, каб дазволілі ксяндзу весці службу кожную нядзелю. Саша пазваніў. А яму гавораць: Вам даўно дазволілі маліцца хоць пяць разоў у дзень. Ужо даўно прынятае рашэнне і ў нас, і ў Мінску і ў Гародні. Я гэтыя словы нават на паперку запісала.
Рой Ч.В.:
Быў распрацаваны нейкі “сумашэдшы” праект, супраць якога выступілі ўсе мясцовыя архітэктары. У той час галоўным архітэктарам быў Бажко. Здаецца, гэта ён мне казаў, што ёсць патрабаванне партыйных кіраўнікоў зрабіць у цэнтры горада праспект Прытыцкага. Дзеля гэтага планавалася ўзарваць Фарны паезуіцкі касцёл і знесці ўвесь стары горад аж да чыгункі. Гэта было ў той час, калі збудавалі “Азот”. Але горад збераглі ад знішчэння.
Маці вадзіла мяне ў Фарны касцёл, але заўсёды рабіла гэта, хаваючыся. Ішла і аглядалася, ці няма каля касцёла чужых людзей. Паціху заходзілі ў касцёл і таксама выходзілі, каб ніхто не заўважыў. А “люди в штатском” заўсёды былі каля касцёла і адсочвалі, хто ходзіць на службу.
Краўцэвіч Аляксандар Канстанцінавіч:
Маскоўскі археолаг Л.Аляксееў расказваў мне, што хацелі ўзарваць і сучасны Фарны касцёл. Прыехала камісія абмераць, але людзі даведаліся і столькі іх набілася ў касцёл, што камісія нават не змагла зайсці. Так людзі змагаліся.
- Калі з’явілася ідэя аднаўлення Фары як беларускага храма?
Мацко Марыя Юзафаўна:
Ідэя належыць Вікторыі Палікарпаўне Тарасевіч. Гэта мара яе жыцця. Яна лічыць, што адраджэнне храма дазволіць стварыць пры ім нашую беларускую каталіцкую парафію, якая была заснаваная дзесяць гадоў таму (на пачатку 90-х гг. – А.С.) пры Фарным (паезуіцкім) касцёле. А зараз хоць і адбываецца кожную нядзелю а 15-й гадзіне беларуская імша ў гэтым касцёле, але там няма парафіі. Мы быццам растварыліся ў польскім касцёле, а імша трымаецца больш па інерцыі. Мара была адбудаваць свой беларускі касцёл. Усё ж такі некалі гэта была ініцыятыва князя Вітаўта, а яго мы лічым чалавекам, які захаваў нашу дзяржаўнасць. Фактычна, адраджэнне гэтага касцёла можа стаць сімвалам адраджэння беларускай дзяржавы. Сярод каталіцкіх святынь – гэта быў ці не першы храм збудаваны па загаду Вітаўта пасля прыняцця каталіцтва.
Спачатку вырашылі стварыць афіцыйную арганізацыю. Ужо на першым пасяджэнні было вырашана не толькі займацца аднаўленнем Фары Вітаўта, але таксама клапаціцца і пра Каложу. Яна хоць і знаходзіцца пад аховаю ЮНЕСКА, але паступова і гэты храм разбураецца. Вырашылі назваць арганізацыю “Гарадзенскія муры”. Было гэта ў 2000 г.
Кіраўніком запрасілі сп. Алеся Краўцэвіча. Гэта прафесійны гісторык і археолаг, які вёў раскопкі на Фары, і сам заклапочаны адраджэннем храма. Ён прапанаваў зрабіць на месцы Фары невялічкую музейную экспазіцыю і праводзіць там набажэнствы. Людзі даведаюцца пра лёс Фары, будуць прыходзіць паломнікі, і можна будзе збіраць грошы на аднаўленне святыні.
Тарасевіч Вікторыя Палікарпаўна:
Фара была па-варварску знішчаная гарадскімі ўладамі ў мірны час 29 лістапада 1961 г. Цяпер у гэтым месцы забруджаны сквер, пляцоўка для выгулу сабак і ўжывання алкаголю.
Я думала пра адраджэння Фары здаўна. Канешне, не з часоў дзяцінства, бо ў школе пры вывучэнні гісторыі нам абсалютна нічога не казалі пра гісторыю нашага горада. Калі касцёл узрывалі, мяне не было ў горадзе, бо я вучылася ў Маскве. Пазней я вярнулася ў Гародню. Думкі пра адраджэнне Фары з’явіліся ў той час, каля я пачала разумець, што Беларусь – гэта Еўропа. Было гэта яшчэ да юбілейнага года (1992). Я размаўляла пра гэта з нашымі парафіянкамі – з Марысяй Мацко, з Святланай Астраўцовай. Яны падтрымалі мяне. А ў юбілейны год мы вырашылі зрабіць канкрэтныя крокі, напрыклад, на месцы алтара пасадзіць кветкі, правесці маёвыя набажэнствы. Мы самастойна ачысцілі месца, пасадзілі кветкі, паставілі шыльду, што тут знаходзілася Фара Вітаўта. Мы ціхенька хадзілі на гэтае месца, адмаўлялі ружанец. Усё рабілася прыватна.
У 1992 г. адбылася канферэнцыя, прысвечаная 600-м угодкам Фары Вітаўта. Падчас яе на месцы Фары быў асвячоны крыж, які цяпер захоўваецца ў Фарным касцёле св. Францыска Ксаверыя. У тым жа годзе на месцы касцёла былі праведзеныя раскопкі (А.Трусаў, А.Краўцэвіч). Таксама ў 1992 г. мы стварылі касцельны камітэт (10 чалавек) і падрыхтавалі дакументы ў гарвыканкам па справе імшы на беларускай мове для беларусаў-каталікоў. Ужо тады з’явілася думка ўзяць для парафіі імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, каб ушанаваць памяць пра загінуўшую святыню. Тады гэтая думка падалася проста фантастычнай, пра што сёння можна толькі шкадаваць.
На некалькі гадоў усе размовы ў справе Фары Вітаўта заціхлі. Думкі пра аднаўленне храма быццам луналі ў паветры, але не ўвасабляліся ў канкрэтныя справы. Ніякай ініцыятывы не праяўляў і каталіцкі касцёл. Ён “абудзіўся” толькі тады, калі напрыканцы красавіка 2000 г. нашая ініцыятыўная група сабралася на першае пасяджэнне ў справе аднаўлення храма.
Гэтаму папярэднічалі наступныя падзеі. Пачынаючы з 1998 г. я звярталася да парафіянаў Фарнага касцёла св. Францыска Ксаверыя з прапановай адкрыць банкаўскі валютны рахунак на справу адбудовы Фары Вітаўта. Я разважала так: трэба пакласці пачатак, і можа хоць праз 100-200 гадоў адродзіцца святыня. Я была пэўная, што людзі адгукнуцца, хай нават гэта будуць не “шырокія масы”. Пра большае я не марыла. Нельга было далей спакойна глядзець як у забруджаным скверы на месцы алтара касцёла Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі ў самым цэнтры старога горада сабакі спраўляюць свае “патрэбы”. Як вядома, гэты сквер зрабілі пасля разбурэння бажніцы ў мірным 1961 г. Паступова ён ператварыўся ў прытулак аматараў таннага алкаголю і месца выгулу сабак.
Нашыя парафіяне Алена Шунейка, Ігар Ганчарук, Святлана Астраўцова, Марыя Мацко, І.Ф.Радзівіловіч ды інш. мяне падтрымалі. А пасля таго як гэтую ініцыятыву падтрымаў таксама прафесар Аляксандар Краўцэвіч, мы сабраліся на першае пасяджэнне 29 красавіка 2000 г. Прысутнічалі – Аляксандар Краўцэвіч, Марыя Мацко, Юры Тарасевіч, Ян Лялевіч і я. Мы акрэслілі змест дзейнасці і вырашылі правесці арганізацыйны сход ініцыятыўнай групы па стварэнні грамадскага аб’яднання “Гарадзенскія муры”. Пасля яго рэгістрацыі нашая парафія павінна была стаць калектыўным сябрам аб’яднання.
Пасля гэтага падзеі пачалі развівацца вельмі хутка. Ужо праз 3-4 дні пачаліся асцярожныя роспыты адной з супрацоўніц дыяцэзіяльнага выдавецтва. Мы зразумелі сэнс гэтых роспытаў, і пайшлі да ксяндза-біскупа, пробашча Фарнага касцёла, каб паведаміць пра нашыя намеры і папрасіць дазволу на правядзенне маёвых набажэнстваў. Ксёндз-пробашч ухваліў нашую ініцыятыву, але зазначыў, што для правядзення набажэнстваў патрэбны дазвол уладаў. Таксама мы абмеркавалі, якім чынам можна ўшанаваць месца былога алтара. Вырашылі пасадзіць сціплыя кветкі і самастойна даглядаць гэтае месца. Яго Экселенцыя прызначыў нам духоўнага кіраўніка кс. Тадэвуша Крыштопіка, які, дарэчы, папрасіў нас дзейнічаць самастойна, бо быў вельмі заняты.
У ліпені ўзнікла парафія Фары Вітаўта, у якую нас не запрасілі. Яна складалася са “свядомых палякаў”. Пасля гэтага газета “Пагоня” надрукавала наш зварот. Мы напісалі заяву ў гарвыканкам з просьбай дазволіць пасадзіць кветкі і даглядаць іх. Атрымалі адмову.
Па справе аднаўлення Фары Вітаўта я размаўляла з галоўным мастаком і галоўным архітэктарам горада. Адно магу сказаць: Хай ім Бог даруе. Таксама размаўляла з загадчыкам аддзелу рэстаўрацыі ў Гародні. Харошы чалавек, але не паверыў у магчымасць ажыццяўлення задумы.
З групай моладзі з ліку парафіянаў у траўні 2000 г. мы ачысцілі тую частку скверу, дзе быў алтар, камянямі пазначылі яго месца, пазней пасадзілі кветкі. Тады ж была пастаўленая першая шыльда з надпісам на беларускай мове, што на гэтым месцы некалі стаяла святыня XIV – XVI ст., разбураная ўладамі ў 1961 г. Шыльда хутка знікла, але хлопцы і дзяўчаты з парафіі яе некалькі разоў аднаўлялі.
Пытанне пра маёвыя набажэнствы касцёл падтрымаў у большай ступені фармальна. Ахвотныя хадзілі самі ў сквер і адмаўлялі Ружанец. Іншым разам прыходзіла я адна, бо жыву ў цэнтры горада і маю больш часу…
Кажу вам усё гэта дзеля гісторыі, бо гэта ж сапраўды прэцэдэнт – ці не ў першы раз беларусы-каталікі праявілі волю да дзеянняў на хвалу Пану Богу.
Краўцэвіч А.К.:
Што трэба рабіць з Фарай Вітаўта? Па-першае, трэба ўвесці гэты помнік у культурны зварот. Гэты касцёл заўсёды быў цэнтрам архітэктурнай кампазіцыі горада. Чалавеку абазнанаму ў правілах гарадской планіроўкі адсутнасць будынка ў гэтым месцы нагадвае сітуацыю з выбітым пярэднім зубам. Па-другое гэты помнік вельмі цікавы сваёй архітэктурай і гісторыяй. Па-трэцяе, яго трэба аднаўляць, каб паказаць, што мы – грамадзяне сваёй краіны. Камуністы знішчылі, а мы павінны адбудаваць. Па меншай меры, можна было б ізноў раскрыць падмуркі, закансерваваць раскоп, а побач зладзіць невялікую экспазіцыю з фотаздымкамі, малюнкамі, з гісторыяй касцёла.
- Што рабілася дзеля аднаўлення каталіцкай святыні ў горадзе?
Мацко М.Ю.:
Вікторыя Тарасевіч, яе сын Юра і я пайшлі да біскупа. Мы прапанавалі арганізаваць на гэтым месцы маёвыя набажэнствы, пасадзіць кветкі, зрабіць экспазіцыю і г.д. Біскуп пагадзіўся, але заўважыў, што на месцы Фары нічога нельга рабіць без згоды ўладаў. Мы, аднак, самі пасадзілі кветкі і каменьчыкамі абклалі невялікую тэрыторыю. Праз нейкі час перад святам нацыянальных культур гэтыя кветкі вырвалі і выкінулі. А камяні, якія ляжалі на месцы алтара, вывезлі з дапамогай бульдозера.
Мы напісалі ліст у гарвыканкам. Прасілі, каб нам афіцыйна дазволілі пасадзіць кветкі. У адказе чыноўнікаў прачыталі, што трэба звяртацца ў ЖЭС. Звярнуліся, але таксама атрымалі адмову. Маёвыя набажэнствы мы ўсё ж правялі. Самі прыходзілі, маліліся. Нас ніхто не чапаў.
На 40-я ўгодкі знішчэння Фары Вітаўта мы вырашылі адзначыць гэтую сумную гадавіну. Мы збіраліся прачытаць малітвы, згадаць святароў, якія там служылі, запрасілі хор “Бацькаўшчына”. Нехта з тых, хто ведаў пра яго падрыхтоўку, уначы ўстанавіў крыж на месцы касцёла. На наступны дзень прыйшоў ксёндз, які асвяціў крыж. Хор “Бацькаўшчына” праспяваў “Магутны Божа”, і людзі, якія сабраліся, паставілі каля крыжа знічкі і паклалі кветкі. Гэта было вельмі прыгожа. Атрымалася поле знічак уначы. Але вакол напагатове стаялі міліцыянеры.
Крыж прастаяў цэлы дзень. Улады чакалі цемры. Калі сцямнела, па іх загаду крыж вырвалі. Мы прыйшлі прамаўляць ружанец недзе праз гадзіну пасля знішчэння крыжа. Убачыўшы, што адбылося, прынеслі невялікі металічны крыж і каля яго прамаўлялі ружанец. Пасля кожнай часткі ружанца выказвалі свае пажаданні наконт аднаўлення Фары Вітаўта. Прасілі, каб Бог даў розум нашым уладам, і яны нарэшце зразумелі неабходнасць аднаўлення храма. Маліліся за нашую моладзь, каб яна мела сілы давесці да канца адраджэнне касцёла. І гэта мы рабілі некалькі дзён. Адныя мы не былі. Амаль адразу падышлі міліцыянеры. Запыталіся: Хто тут у вас галоўны? Запісалі мае дадзеныя, але не чапалі, бо дзеці пачалі плакаць.
Пасля знішчэння крыжа мы таксама пачалі збор падпісаў сярод вернікаў за аднаўленне храма. Падыходзілі да людзей пасля службы, распавядалі пра знішчэнне крыжа, тлумачылі нашыя мэты і прасілі паставіць подпіс. Прапанавалі людзям прыходзіць на малебен, які адбудзецца на месцы Фары а 19-й гадзіне.
У той вечар нас акружыла міліцыя. Як толькі мы пачалі маліцца, яны запалілі фары сваіх аўтамашын, каб асляпіць і напалохаць нас. Мы асабліва не звярталі ўвагі і працягвалі прамаўляць ружанец. На наступны дзень мне патэлефанаваў начальнік аддзялення міліцыі, што знаходзіцца на вул. Чапаева каля СШ № 8, па прозвішчу Недагібчанка і прапанаваў прыйсці да яго на размову. Я прасіла прыслаць павестку. Ён заявіў, што пратакол не будзе складацца, што трэба проста паразмаўляць, бо ўзнікла канфліктная сітуацыя. Я паверыла. Узяла кніжку “Страчаная спадчына” і пайшла да Недагібчанкі. Прыйшла і стала распавядаць пра Фару Вітаўта. Ён слухаў і, як мне падалося, нешта зразумеў. Я шчыра распавядала пра нашыя мэты, а ён нешта запісваў. Паведаміла і пра збор подпісаў. Ён адразу ж зрабіў выснову, што я арганізавала незаконны мітынг. На гэтай падставе быў складзены пратакол.
25 снежня мы правялі ўрачысты малебен, на якім кожную частку ружанца прамаўлялі на розных мовах. Спачатку на латыні, потым па-беларуску, па-польску і па-літоўску. Хор “Бацькаўшчына” спяваў калядкі. Так гэта хораша гучала! Сабралася каля 40 чалавек. Быў цудоўны настрой. На месца алтара паставілі знічкі. Нас не разганялі, бо я раней напісала заяву ў гарвыканкам, у якой папярэдзіла пра малебен. Улады адказалі, што даюць вусны дазвол, толькі пры ўмове, што там не будзе вялікай колькасці людзей. Міліцыя хавалася недзе па кустам, але нам не перашкаджала.
А 26 снежня мяне выклікалі на пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі. Там сядзела чалавек пятнаццаць. Старшынёю быў нейкі міліцыянер, а астатнія, здаецца, былі работнікамі розных аддзелаў Ленінскага райвыканкама. Я была пэўная, што час змяніўся, што цяпер, калі людзі свабодна ходзяць у касцёл, яны пабаяцца прымаць нейкія карныя меры. Але члены камісіі накінуліся на мяне як на ворага народа: Навошта вы туды хадзілі? Калі хочацца маліцца, ідзіце да касцёлу і маліцеся. А я кажу: Калі вы ходзіце памінаць сваіх дзядоў і бацькоў на могілкі, вы што ж становіцеся каля брамы і там памінаеце? Ці ўсё ж такі стаіце ля магілы?
Але мае тлумачэнні не мелі сэнсу. Я нібыта размаўляла са сцяной і зразумела, што 37-ы год не мінуў, што калі такім людзям даць волю, то зноў пачнуцца даносы, слежкі і забойствы. З усёй камісіі, як мне падалося, толькі два чалавекі мелі сумленне. Яны ціхенька сядзелі і нічога не казалі. Я адчувала, што ім было брыдка тут знаходзіцца.
Мяне пакаралі штрафам у два мінімальныя заробкі. Я адказала, што грошай не маю, бо не працую. У адказ пачула: Ваш муж працуе. Я не вытрымала, нават слёзы навярнуліся: Як жа так? За тое, што я малюся, мяне караюць? Гэта несправядліва! Вы парушаеце канстытуцыю! Калі думаеце, што толькі вы ведаеце законы, то памыляецеся. Вы самі ідзяце на канфрантацыю. А варта было б напісаць, як вы нас гэтымі фарамі ды ліхтарамі спрабавалі запалохаць. Ці гэта не парушэнне правоў чалавека?
А нашую арганізацыю так і не зарэгістравалі. Знайшлі нейкія недапрацоўкі ў пададзеных дакументах. Але сапраўдная прычына не ў іх.
Зараз справа адраджэння Фары Вітаўта заціхла. Адна з прычын у тым, што па ініцыятыве біскупа пачалося аднаўленне парафіі Фары Вітаўта як польскай парафіі. Нас, напрыклад, не ўключылі ў ініцыятыўную групу. Хоць біскуп некалі абяцаў, што ўсё будзем рабіць разам. На сённяшні дзень нават няма святара, які б апекаваўся парафіяй, праводзіў набажэнства ды інш.
А нашая парафія жыве. У мінулым годзе па ініцыятыве Вікторыі Тарасевіч мы наведалі на Вялікдзень гарадскі дзіцячы прытулак. Прывезлі дзецям падарункі. Хор “Бацькаўшчына” спяваў песні. Ігар Ганчарук, супрацоўнік Музея гісторыі рэлігіі распавёў пра Вялікдзень. У гэтым годзе пасля Калядаў дамовіліся з біскупам наконт падарункаў для гэтых дзетак. Ізноў выступаў хор “Бацькаўшчына”.
Тарасевіч В.П.:
У чэрвені 2000 г. звярнуліся да старшыні гарвыканкама А.Пашкевіча з просьбай добраўпарадкаваць сквер на месцы ўзарванай Фары Вітаўта і дазволіць пасадку кветак на месцы былога алтара пасля ўзгаднення з галоўным мастаком горада. Але гарадскія ўлады нам адмовілі. Прыйшоў адказ з гарвыканкама за подпісам першага намесніка старшыні гарвыканкама А.С.Кунаша.
Вось яго тэкст: Гродненский городской исполнительный комитет рассмотрел Ваше письмо относительно благоустройства участка площади Советской (территория между улицами Замковой и Октябрьской). В соответствии с решением горисполкома № 943 от 17 ноября 1999 г. в настоящее время ведётся разработка проекта реконструкции всей площади Советской и прилегающих улиц. Проектом предусмотрено озеленение и благоустройство территории, указанной Вами в письме і г.д. (№ 476 ад 27 чэрвеня 2000 г.)
Усё, што мы зрабілі на месцы былой Фары, у т.л. і пасаджаныя кветкі, было знішчана.
У красавіку 2001 г. мы звярнуліся з просьбай дазволіць правядзенне на месцы касцёла традыцыйных майскіх малебнаў. У заяве адзначалася, што “згодна з рыма-каталіцкай традыцыяй гэтыя малебны прысвячаюцца Найсвяцейшай Багародзіцы, складаюцца з чытання малітваў і рэлігійных спеваў, звычайна без прысутнасці ксяндза і праводзяцца не ўнутры касцёлаў, а на адкрытай прасторы, звычайна каля часовых алтароў, каплічак і падобнага”. Нам ізноў адмовілі. На гэты раз адмову падпісаў сам старшыня А.Пашкевіч. У афіцыйным адказе адзначалася, што плошча Савецкая можа выкарыстоўвацца для правядзення масавых мерапрыемстваў толькі па ініцыятыве органаў улады і кіравання (№ 343 ад 20 красавіка 2001 г.).
Тым не менш усё лета мы прыходзілі на гэта месца, маліліся, клалі кветкі.
29 лістапада юбілейнага года ў Гародні была ўшанаваная памяць пра першую ў горадзе рыма-каталіцкую святыню г.зв. Фару Вітаўта XIV – XVI ст. Месцічы Гародні на свае сродкі зрабілі і ўмацавалі вялікі драўляны крыж. На падмурках былой бажніцы запалілі знічы, маліліся. Хор “Бацькаўшчына” спяваў рэлігійныя песні. Па традыцыі святар асвяціў крыж.
Ад 24 лістапада па Каляды штодзень мы прыходзілі да зруйнаванага храма і адмаўлялі Ружанец. Амаль адразу ж адчулі да сябе ўвагу з боку міліцыі. Аднойчы увечары да нас пад’ехала міліцэйскія машыны з запаленымі фарамі. Яны асляпілі нас. З машын выйшлі міліцыянеры і “людьми в штатском” і пачалі праверку дакументаў. На кожнага з нас аказалася па міліцыянеру. Дзеці, якія былі сярод нас вельмі напалохаліся і пачалі плакаць. А мне было і страшна і камічна адначасова – стаіць купка безабаронных кабет і дзяўчынак, а на іх наляцела такая сіла.
Чаму гэтую Фару трэба нам аднаўляць? Лічу, што гэта прынцыпова важнае пытанне. Мы павінны адрадзіць яе як НАШУЮ БЕЛАРУСКУЮ СВЯТЫНЮ. Гэта нашая Спадчына. Наш надзённы лозунг – беражы сваё. Калі гэтага мы не будзем рабіць, то беларускі народ застанецца без сваёй гістарычнай спадчыны.
Аднаўленне Фары Вітаўта – звышмэта для Гародні…
Важна было арганізаваць грамадскі рух за аднаўленне Фары Вітаўта. Нашу арганізацыю ўлады адмовіліся зарэгістраваць. Праца на нейкі час перарвалася. Але мы не адступімся…
Улады не хочуць, каб беларускі народ ведаў, што гэта ягоная спадчына, што ён мае на яе поўнае права, што Фара павінна быць адроджаная калі не на грошы дзяржавы (дзяржава ж яе разбурыла), то пры яе дапамозе. Але падобна на тое, што ўладам вельмі не хочацца, каб беларусы зразумелі, што яны еўрапейскі народ.
- Як адбываліся раскопкі знішчанага храма?
Краўцэвіч А.К.:
Раскопкі Фары Вітаўта праводзіліся ў 1992-1993 г. Ініцыятарам быў Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч, тагачасны віцэ-мэр горада, які займаўся пытаннямі культуры. Яго падтрымаў старшыня аблвыканкама Сямён Домаш. Спрабавалі прыцягнуць да гэтай справы каталіцкі касцёл. Прадстаўнік дыяцэзіі прыйшоў на сустрэчу, але вялікай цікавасці касцёл не праявіў.
Задачай раскопак было, па-першае, увядзенне Фары Вітаўта ў культурны зварот. Ідэальнай мэтай было ягонае аднаўленне. Яна застаецца такой да гэтага часу. Больш рэальным было раскапаць ягоныя падмуркі (было вядома, што яны добра захаваліся), закансерваваць іх і, магчыма, зрабіць нешта падобнае на музейную экспазіцыю.
Раскопкі вяліся два сезоны – на працягу 1992 і 1993 г. Удзельнічалі студэнты Гарадзенскага універсітэту. Навуковым кіраўніком раскопак быў Алег Анатольевіч Трусаў. Я непасрэдна кіраваў працай у 1992 г., а ў наступным годзе – Ірына Ганецкая.
У першы год мы ўскрылі тую частку, што непасрэдна прымыкала да вул. Савецкай. Знайшлі падмуркі апсіды, прыбудоваў, расчысцілі падвалы. Падмуркі сапраўды аказаліся ў выдатным стане. Іх таўшчыня дасягала 2 м у некаторых месцах. Пад апсідай яны паглыбляліся на 4 м. Можна было на гэтыя падмуркі “саджаць” новыя сцены. Яны б вытрымалі.
Гэта былі падмуркі касцёла 80-х XVI ст., які фундаваў Стэфан Баторый. Кароль хацеў аддаць яго езуітам, але тыя адмовіліся, і касцёл стаў Фарным. Дзе была драўляная пачатковая Фара, невядома. Слядоў першай Фары мы не знайшлі. Культурны слой там моцна перамешаны ў сувязі з пахаваннямі, якія праводзіліся на гэтым месцы на працягу ўсёй гісторыі храма. У выніку культурны слой у вялікай ступені складаецца з чалавечых костак. Яны ляжалі амаль на кожным сантыметры. У 1993 г. сярод чалавечых костак быў знойдзены вельмі цікавы медальён.
Падчас раскопак знаходзіліся рэчы з таго складу, які быў створаны ў касцёле камуністычнымі ўладамі пасля апошняй вайны. Наогул вельмі цікавых знаходак не было, бо касцёл функцыянаваў, і яго рэгулярна чысцілі.
Найбольш уразіла падчас раскопак велічыня, памеры Фары. Я нічога падобнага не бачыў нават пры раскопках Дамініканскага касцёла ў Менску. Фара займала практычна ўвесь сквер. Гэта быў сапраўды гіганцкі помнік. І было моцнае пачуццё прыкрасці, што такі прыгожы помнік не захавалі.
Была праблема з кансервацыяй. А.Трусаў прапанаваў закрыць раскоп дошкамі. Так і зрабілі напрыканцы першага сезона. На маю думку, трэба было засыпаць адкрытыя падмуркі жвірам. Так, у прыватнасці, рабіў Зянон Пазьняк падчас раскопак Дамініканскага касцёла ў Менску. Другую частку (раскопкі 1993 г.) мы сапраўды засыпалі жвірам. Потым, калі дошкі пачалі ламацца, прыйшлося засыпаць жвірам і раскоп першага года.
На раскопкі шмат прыходзіла людзей. Іх рэакцыя была аднолькавая. Усе радаваліся, што, нарэшце, пачаліся працы. Таксама ўсе асуджалі знішчэнне касцёла. Некаторыя распавядалі, як ён быў узарваны. Найбольш рэзка выказаўся дзед гадоў 70-ці, які сказаў: Я б тых, хто разбурыў гэты касцёл прыгнаў бы сюды з кіркамі і малаткамі і няхай бы яны яго адбудоўвалі ўласнымі рукамі. Звычайна кожны дзень прыходзіла пагаварыць 10-15 чалавек.
Потым раскоп быў засыпаны. Планавалася арганізаваць збор сродкаў па ўсёй краіне. Вадзім Гліннік, тагачасны дырэктар Інстытута рэстаўрацыі выказаў ідэю, што гэты збор можа стаць пачаткам нацыянальнага Адраджэння, як гэта было з саборам святога Віта ў Празе. Яго аднаўленне стала сімвалам нацыянальнага Адраджэння чэхаў. Але з гэтага нічога не выйшла. Пакуль не выйшла...
Запіс успамінаў і падрыхтоўка публікацыі А.Смаленчука
Успаміны запісваліся ўвесну 2002 г. Поўны варыянт успамінаў друкаваўся ў краязнаўчым альманаху Горад святога Губерта. Выпуск першы (Сейны, 2002). Скарачэнні пазначаныя шматкроп’ем.
-
Катэгорыя: Пасляваенны Гродна
-
Апублікавана 02 Снежань 2011
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической