У дакуменце пра стварэнне прэпазітуры згаданыя касцёлы і прытулкі св. Мікалая і св. Духа. Варта пазнаёміцца з паходжаннем гэтых касцёлаў і іх становішчам у горадзе.
Пачатак артыкула: |
Касцёл св. Мікалая у Горадне, па звестках візітатара 1662 г., быў фундаваны ўладарамі Аляксандрам і Жыгімонтам Старым, але, на жаль, прывілеі не захаваліся, даты фундацый невядомыя. Касцёлу было штогод прызначана з кожнага з 6 маёнткаў па 6 бочак жыта, 1 бочцы пшанічнага соладу, 3 бочкі жытнёвага солада, па 1 кныры. Ад Горадні – 2 посуды чыстага мёда, 1 камень воску, ад Горадні падатку капшчызны – 3 капы грошай, ахоўнік з замку 36.
На жаль, гэтая фундацыя цяжка ажыццяўлялася на практыцы, ксяндзу не ставала сродкаў на харчаванне. На просьбу Мікалая Ташыцкага, ксяндза касцёла св. Мікалая, Жыгімонт Аўгуст 9 красавіка 1536 г. выдаў прывілей, якім змяніў фундацыю. Дзеля таго што было цяжка кантраляваць здачу даніны з 6 маёнткаў, было вырашана даваць даніну толькі з аднаго, Лабенскага, маёнтка – 36 бочак жыта, 6 бочак пшанічнага соладу, 18 бочак жытнёвага соладу, 3 капы літоўскіх грошай капшчызны. Замест мёда вызначана было даваць за кожны посуд – па паўкапы грошай, за камень воску – 50 грошай, за кожнага з шасці кныроў – па 24 грошы, і, як і раней, даваць ахоўніка з замка 37.
Лакалізацыю касцёла св. Мікалая ў Горадні паспрабаваў вызначыць П. Баравік, зрабіўшы выснову, што ён меў функцыянаваць як капліца пры замку ўладара ў Гарадніцы (Horodnica). Такім чынам, П. Баравік мяркуе, што гэтаму касцёлу былі нададзены шэсць валокаў зямлі, так званы фальварак св. Мікалая 38.
Пасля 1561 г. касцёл св. Мікалая трапіў у распараджэнне горадзенскага прэпазіта, пры ім пастаянна рэзідаваў мансіянарый, найчасцей віцэ-прэпазіт, і выконваў душпастырства, атрымліваючы, як згадана, вызначанае пражыццё ад прэпазіта. Так гэты касцёл існаваў да вайны, якая пачалася ў 1655 г. і ў часе якой касцёл быў ператвораны Масквой ў попел (a Moschis in cineres redacta) 39, а пасля вайны не адбудоўваўся. Былыя вернікі касцёла св. Мікалая мелі наведваць іншыя каталіцкія касцёлы Горадні. Засталыя ўладанні назаўсёды перайшлі ў распараджэнне горадзенскага прэпазіта. Па звестках 1661 г., уладанні касцёла св. Мікалая выкарыстоўваліся для ўтрымання віцэ-прэпазіта 40. Па звестках 1662 г., дзве траціны прыбыткаў ад уладанняў гэтага касцёла мелі прызначацца віцэ-прэпазіту, а траціна – мансіянарыям. У 1662 г. апрацоўваліся толькі тры паўвалокі 41.
19 кастрычніка 1550 г. у Варшаве каралева Бона прызначыла фундацыю горадзенскаму касцёлу і прытулку св. Духа, каб паклапаціліся жабракамі і пакрыўджанымі. У Горадні быў выдзелены ўчастак Puskarzewska з пабудовамі, дзе меў быць заснаваны прытулак, каб жыць 24 жабракам любога полу і іх абслугоўваючым. З горадзенскага маёнтку ім штогод на харчаванне мелі даваць 40 бочак жыта, 8 бочак гароху, 10 бочак звычайнага зерня на суп, 4 посуды солі, 20 бочак звычайнага зерня на піва. На сала, масла і сыр 15 коп грошай. 4 посуды салёнай рыбы, 5 бочак канаплянага семя, 1 бочка маку, 7 посудаў квашанай капусты, 14 посудаў свежай капусты, 18 бараноў, 16 галоў буйной рагатай жывёлы. Таксама на Вялікдзень даваць 28 навесаў (каптуроў), драўніны для падтрымання агня і печак, 26 сярмягаў, 52 кашулі са звычайнага матэрыялу, 26 жаночых сукенак, 26 параў ботаў 42. З гэтага прывілею можам скласці вобраз, якімі былі вопратка і штодзённае меню жыхароў жабрачага прытулку.
Кіраваць прытулкам меў прадстаўнік Горадні і прызначаны каралевай Бонай тагачасны горадзенскі эканом Себасцьян Дыбоўскі 43. Па звестках Ю. Гардзеева, прытулак стаяў у канцы галоўнай Віленскай вуліцы, што вяла ад Ратушнай плошчы праз увесь горад да дарогі на Вільню 44.
Калі ў 1561 г. у Горадні стваралі прэпазітуру, прытулак св. Духа патрапіў у распараджэнне горадзенскага прэпазіта. Горадзенскі прэпазіт Францішак Далмат-Ісайкоўскі 13 і 16 студзеня 1637 г. у горадзенскай ратушы судзіўся з завінавачанымі прытулку шляхціцам Войцехам Вішнеўскім (Wiszniewski), гарадзенскімі раднымі Янам Цвіклам (Cwikła), Янам Калачкоўскім (Kołaczkowski), Янушам Фандэберкам, Міколам Краснеўскім (Krosniewski) і з самім горадам Горадняй, ад іх меў спагнаць не адданыя прытулку св. Духа пазыкі 45.
Прытулак св. Духа перажыў акупацыю 1655–1661 гг., хоць дзеля знішчэнняў пазбыўся часткі прыбыткаў. Як і перад вайной, так і пасля яе прытулак сутыкнуўся з цяжкасцямі атрымання прызначанага яму забеспячэння і прыналежных прыбыткаў. 9 чэрвеня 1661 г. горадзенскі прэпазіт Аляксандр Хадкевіч скардзіўся, што прытулак св. Духа не атрымаў прызначанага забеспячэння з горадзенскага палацу, таму жабракоў засталося гэтулькі, колькі маглі пражыць з міласціны і сродкаў віцэ-прэпазіта, не было сродкаў на рэстаўрацыю прытулку 46. Тады былі прызначаны камісары для перагляду прыбыткаў прытулку. У дэкрэце ад 11 лютага 1662 г. яны пастанавілі, што горадзенская каралеўская эканомія сапраўды вінная прытулку, было загадана пазыкі аддаць, а атрыманыя прыбыткі прэпазіт меў падзяліць, палову з іх прызначыць на рэстаўрацыю фары, а палову – на рамонт прытулку. Каб далей ўсе сродкі, прызначаныя фундацыямі, даходзілі да парафіі і прытулку св. Духа, вырашана было з гарадскога магістрата прызначыць аднаго богабаязнага чалавека наглядаць за жабракамі і іх сродкамі. Скарбніца прытулку мела замыкацца на два замкі, адзін ключ захоўваўся ў асобы, прызначанай пробашчам, другі – у прызначанага горадам чалавека, каб адзін без другога не маглі дабрацца да зерня і грошай. Пробашч, эканом двара і гарадскі магістрат вызначылі, якія асобы могуць жыць у прытулку. Імкнуліся забяспечыць, каб выпадковыя перакінчыкі не скарысталіся сродкамі прытулку 47.
У 1674 г. гэты горадзенскі прытулак быў у зусім кепскім стане, дах рамантаваўся. Было загадана наглядаць за жабракамі, што ў ім жылі, а асабліва за скарбніцай прытулку 48. У 1680 г. згадваецца мураваны прытулак св. Духа 49, цвёрда ўрослы ў жыццё Горадні, ён выконваў важную ролю па карытатыўным апекаванні ў горадзе.
Найтаемнейшай у Горадні ёсць гісторыя касцёла св. Тройцы. Невядома, калі касцёл быў фундаваны, ёсць згадкі, што ён быў заснаваны як касцёл пры кляштары аўгусцінцаў у часы Аляксандра 50. Меў утрыманне з каралеўскай горадзенскай эканоміі, а гэта значыць, што фундатарам быў уладар. Касцёл згадваецца ў даследаваным Аляксандравым прывілеі ад 1494 г. горадзенскаму парафіяльнаму касцёлу, што акрэсліваў межы ўладанняў парафіі (versus ec(c)lesiam claustralem sancte Trinitatis) 51.
Няясна, чаму ў сярэдзіне XVI ст. кляштар перастаў дзейнічаць, даследнікі называюць розныя прычыны, аднак яны ўсе пакуль што застаюцца на ўзроўні прыпушчэнняў 52. Калі не засталося кляштара, 16 лютага 1553 г. у Ломжы каралева Бона прызначыла фундацыю прытулку св. Тройцы, перадаўшы яму прыбыткі былога кляштара.
Паводле фундацыі Боны штогод на дзень св. Марціна эканом з горадзенскага двара меў даваць для прытулку 22 бочкі жыта, 10 бочак гароху, 60 коп літоўскіх грошай на набыццё патрэбных рэчаў. Прытулку Бона перадала надзел, на якім раней стаяў кляштар, з усімі прыналежнымі кляштару прыбыткамі: дзесяцінай зерня ўсіх відаў з уладанняў Крынкі (Krynki)і Перстунь (Perstuń), сялянамі ўладання Крынкі (10 службаў), 2 корчмамі ў Горадні, 12 копамі грошай (капшчызна) з каралеўскіх корчмаў і 3 азёрамі. З усіх горадзенскіх кірмашоў, што адбываліся штотыдзень, на якіх прадавалі цяляціну, прытулку мелі даваць па 1 літоўскім грашы. Прэпазітам св. Тройцы каралева Бона прызначыла ксяндза Баўтрамея. Правізарамі прытулку былі прызначаны пробашч горадзенскай парафіі, штогоду выбіраны прадстаўнік горада і каралеўскі эканом Горадні. У прытулку загадана было ўтрымліваць 30 жабракоў і 3 абслугоўваючых 53. Такім чынам, прытулак св. Тройцы меў кіравацца таксама, як і прытулак св. Духа.
За атрыманыя дарэнні прэпазіт меў штотыдзень праводзіць па дзве імшы: па нядзелях на гонар св. Тройцы, з малітвамі за ўладара і яго сям’ю, продкаў і нашчадкаў, па пятніцах на гонар Хрыстовай Пакуты, за фундатараў і інш. дабрадзеяў 54.
24 сакавіка 1553 г. у Кракаве Жыгімонт Аўгуст пацвердзіў прывілей каралевы Боны. 10 студзеня 1584 г. у Горадні Сцяпан Батура пацвердзіў прызначэнне прытулку дзесяціны зерня з Крынак і загадаў горадзенскаму эканому з горадзенскага двара на дзень св. Марціна даваць прызначаную дзесяціну зерня (28 бочак) 55.
Стварэнне прытулкаў было звычайнай з’явай у тагачасным асяроддзі, што адпавядала хрысціянскаму вучэнню аб любові да бліжняга, дапамозе жабракам і пакрыўджаным. Звяртаем увагу, што ў прытулку св. Тройцы мелі жыць 30 жабракоў, больш, чым у прытулку св. Духа (у ім, як згадвалася, 24). Гэта паказвае, што маёмасць прытулку св. Тройцы, спадкаваная ад кляштара і палепшаная каралевай Бонай, была большаю, чым у прытулку св. Духа.
У 1561 г. горадзенскі прэпазіт, аб'яднаўшы сродкі фундацый св. Мікалая і св. Духа ў Горадні, не атрымаў у кіраванне касцёла і прытулку св. Тройцы, мабыць, з-за таго, што першасная фундацыя касцёла св. Тройцы была прызначана манахам, а пробашч парафіі не меў права пераймаць маёмасці кляштара.
Хоць горадзенскаму прэпазіту не быў прызначаны касцёл св. Тройцы і яго прыбыткі, аднак найверагодней прэпазіт, скарыстаўшыся нагодай, імі авалодаў. У гістарыяграфіі згадваецца, што манах айцец Фелікс Яскульскі (Яскулоўскі) ордэну аўгусцінцаў (ордэн у 1623 г. (ці ў 1625 г.) спрабаваў аднавіцца), прыехаўшы ў Горадню, судзіўся з прэпазітам (Станіславам Крыцкім) з-за самавольнага заняцця касцёла і кляштара аўгусцінцаў. Умяшаўся віленскі біскуп Яўстахій Валовіч і памірыў абодва бакі, пробашч паабяцаў аўгусцінцам аддаць частку ўладанняў, пабудаваць драўляны кляштар і касцёл. Прэпазіт абяцанне стрымаў, аднак абставіны перашкодзілі аўгусцінцам асталявацца ў Горадні 56. Назаўсёды яны пакінулі Горадню яшчэ перад бядотамі і паморкам, выкліканымі войнамі сярэдзіны XVII ст. 57
У драўляных будынках кляштара спрабавалі асталявацца францішканцы, што імкнуліся мець місію ў Горадні. Ненашмат памыляюцца стваральнікі Kodeks’а dyplomatyczn’ага, калі сцвярджаюць, што згаданы ў прывілеі Аляксандра ад 1494 г. касцёл св. Тройцы, мабыць, належаў францішканцам 58. Яны сапраўды ў нейкі момант на яго квапіліся. Невядома чаму францішканцам не пашчасціла, драўляныя будынкі, як пазней згадваюцца, згарэлі 59.
У візітацыі 1662 г. сцвярджаецца, што касцёл св. Тройцы быў спалены Масквой (a Moschis combusta) 60. Калі не захавалася аўгусцінцаў і францішканцаў, а найверагодней не засталося і касцёла, яго прыбыткі пераняў прытулак св. Духа. У візітацыі 1662 г. фундацыя прытулку св. Тройцы была ўпісана да фундацыі прытулку св. Духа, было загадана ўтрымліваць агулам у абодвух прытулках 30 жабракоў 61. Частку прыбыткаў св. Тройцы перадалі мансіянарыям. У 1662 г. згадваецца ўласнасць касцёла св. Тройцы, які больш не дзейнічаў, – 16 зямельных надзелаў з садоўнікамі, якія мелі з кожнага надзелу адпрацоўваць 12-дзённую адпрацоўку і плаціць па палове залатога чыншу. Гэтыя прыбыткі былі прызначаны мансіянарыям 62. У 1673 г. афіцыйна быў скасаваны горадзенскі кляштар аўгусцінцаў 63.
Абагульняючы, з трох касцёлаў св. Тройцы, св. Духа, св. Мікалая пасля расійскай акупацыі 1655–1661 г. у Горадні застаўся толькі адзін касцёл св. Духа з прытулкам, залежным ад горадзенскага парафіяльнага прэпазітурнага касцёла.
Vaida Kamuntavičienė (Вайда Камунтавічэне)
З літоўскай мовы пераклаў Алесь Мікус
Заканчэнне артыкула:
36 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 21v.
37 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 22–22v.
38 Borowik P. Jurydyki... S. 111.
39 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 21v.
40 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 28v.
41 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 22v.
42 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 14.
43 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 14v.
44 Гардзееў Ю., Магдэбурская Гародня ... C. 84.
45 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 18–21v.
46 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 29.
47 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 16v–17v.
48 Kurczewski J. ... Арк. 53.
49 Гардзееў Ю., Магдэбурская Гародня ... C. 84.
50 У гістарыяграфіі часта касцёл пры кляштары аўгусцінцаў не атаесамляецца з касцёлам св. Тройцы, аднак яшчэ ў 1930 г. аўгусцінскі манах айцец Гжэгаж Ут пісаў пра канфлікт Мацея, капелана касцёла св. Мікалая, у 1522 г. з манахамі кляштара аўгусцінцаў пры касцёле св. Тройцы з-за самавольнае заняццё ўладанняў аўгусцінцаў, пазначаючы, што менавіта аўгусцінцам належаў касцёл св. Тройцы. Гл. больш: Uth G.,Szkic historyczno – biograficzny zakonu augustjańskiego w Polsce. Kraków, 1930. Стар. 74–75.
51 Kodeks dyplomatyczny... Стар. 474.
52 Гл. параўн. Borowik P. Jurydyki... S. 111.
53 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 15–16.
54 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 16.
55 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 16v.
56 Gozdawa M., Augustjanie w Brześciu Literwskim. (Notatka historyczna) / Rocnik towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. T. III. Wilno, 1910. S. 95; Uth G.,Szkic... S. 75.
57 Hardziejeū J., Źródła do dziejów Grodna w zbiorach krakowskich… S. 29.
58 Kodeks dyplomatyczny... S. 474.
59 Gozdawa M., Augustjanie... S. 95; Uth G.,Szkic... S. 75.
60 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 22v.
61 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 13–13v.
62 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 22v–23.
63 Gozdawa M., Augustjanie... S. 95; Uth G.,Szkic... S. 75.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 24 Кастрычнік 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической