Князь Павел Дзмітрыевіч Цыцыянаў нарадзіўся ў верасні 1754 года. Ён паходзіў з вядомай арыстакратычнай фаміліі і нават знаходзіўся ў кроўным радстве з царствуючым домам Грузіі. Сваю вайсковую службу ён распачаў у Прэабражэнскім палку і прайшоўшы баявы хрост пад час чарговай руска-турэцкай вайны, ужо ў сорак год атрымаў званне генерал-маёра.
Аднак, армія ведала яго не толькі па адным вайсковым учынкам; як адзначаў адзін з сучаснікаў, П. Цыцыянава любілі за ягоны тонкі, назіральны розум і востры язык – у войску па руках хадзіла ў той час ягоная саціра “Бяседа рускіх салдат у царстве мёртвых”. Адпраўлены ў адстаўку імператарам Паўлам І, П. Цыцыянаў ізноў вяртаецца на службу пры Аляксандры І ужо ў якасці галоўнакамандуючага ў Грузіі. Гэта яму прысвяціў радкі А. Пушкін:
«Поднялся наш орел двуглавый;
Когда на Тереке седом
Впервые грянул битвы гром
И грохот русских барабанов,
И в сече, с дерзостным челом,
Явился пылкий Цицианов...»
Генералу заставалася толькі пакарыць Баку, калі Гуссейн-Кулі-хан Бакіны заявіў, што згодзен аддацца на міласэрнасць расійскага імператара. Але, калі Цыцыянаў ў саправажденні ад’ютанта выехаў насустрач хану, з тым каб атрымаць сімвалічны ключ ад крэпасці, ён быў забіты стрэлам з пісталета. Абаронцы Баку захапілі цела з сабою, каб пазней выставіць адсечаную галаву расейскага генерала над гарадской брамай. Пазней, ужо калі Баку быў зданы расейскім войскам, прах Цыцыянава перавезлі ў Грузію, дзе ён і знайшоў свой апошні прытулак у тыфліскім Сіёнскім саборы.
А ўсе пачыналася з гарадзенскай прыгажуні Франусі. Адзін з тагачасных мемуарыстаў заставіў нам яе апісанне пад час “рэдуты”: “Франуся была “апранута са збыткоўнай модай. ...Ножкі ў яе босыя, а на ўсіх пальцах ног аздобленыя дарагімі камянямі пярсцёнкі...; на ёй не было кашулі, толькі сукенка з нейкай вельмі лёгкай тканіны, паднятая на правай назе гірляндай вышэй калена, грудзі цалкам адкрытыя, зусім не аслоненыя.” Нічога дзіўнага, што расейскі вайсковец, які як раз бавіў час у Гродне ў якасці дыпламата, без памяці закахаўся у мясцовую прыгажуню. Злыя языкі, праўда, казалі, быццам Франуся зрабілася палюбоўніцай расійскага саноўніка з ведама мужа, а само захапленне каштавала П.Цыцыянаву амаль 30 тысяч рублёў – фантастычную па тых часах суму (разумная прыгажуня разам з мужам уклала гэтыя грошы ў каштоўнасці і мэблю).
Пярэдадзень паўстання Т. Касцюшкі 1794 года застаў П. Цыцыянава ўласна ў Гродне, дзе, па ягонаму асабістаму прызнанню: “ён стаяў са сваім палком быццам бы на нажах”, чакаючы з хвіліны на хвіліну наступлення “смуты”. “Па першаму ж слуху дашэдшаму да мяне пра несчаслівы жрэбій, якаму падпалі нашыя войскі ў Варшаве, - пісаў пазней генерал, - ...не чакаючы загада вышэйшага камандавання, выступіў пад Гродна, у лагер, выбраўшы гэткае месца каб трымаць увесь горад у постраху.” Гэтым месцам як раз і апынулася... Гарадніца! Хто ведае, можа ў гэтак званым палацы Тызенгаўза, ці наадварот – у супрацьлеглым яму палацы Дзяконскага, і адбылася тая самая гістарычная нарада, пад час якой расейскае камандаванне вырашала, які лёс павінен спаткаць горад, чые жыхары нават і не спрабавалі хаваць свайго варожага стаўлення. У той час, як частка расійскіх афіцэраў – Бурдакоў, Караваеў ды перайшоўшы на бок расейцаў польскі маёр артылерыі Клеіст выступілі за тое, каб разбурыць Гродна да звання, іншыя выказваліся за тоё, каб абмежавацца адно толькі грашовай кантрыбуцыяй. І увесь гэты час горад у літаральным сэнсе жыў пад рулямі скіраваных на яго гармат.
Існуе нешта накшталт прыгожай легенды, быццам усю справу вырашыў менавіта голас П. Цыцыянава. Занадта блізка звязаны ўспамінамі з гэтым месцам, ён запратэставаў супраць таго, каб спаліць горад і, нават, прыгразіў, што “здыме з сабе генеральскую стужку і пешкам накіруецца ў Маскву”, калі ад яго стануць патрабаваць знішчыць Гродна. «Па небяспечнасці, праўда, - дакладаў ён у сваім рапарце, - аблажыў я горад і ўзяў кантрыбуцыю ў наказанне, таму што ўсе пісьмы і ўсе друкаваныя весткі апісвалі злыя намеры сяго горада супраць нашых войскаў.” Усяго Гродна заплаціла за сваё цудоўнае выратаванне каля 130 тысяч польскіх злотых, трэцяя частка з якіх, праўда, да казны гэтак і не дайшла, асеўшы па кішэнях саміх вайскоўцаў. Тыя ж злыя языкі тлумачылі, быццам гэткім чынам П. Цыцыянаў кампенсаваў уласныя выдаткі, панесеныя раней пад час рамана з Франусяй. Сам горад і ягонае наваколле, як гэта бывае, у сваю чаргу было разрабавана простымі жаўнерамі, ды так, што ў цэнтры Гродна ўзнік імправізаваны рынак, на якім салдаты гандлявалі сваёй здабычай.
Хутка расійская армія адыйшла да Наваградка. Генерал за марш пад Гародню атрымаў ордэн святога Уладзіміра 3-й ступені і сам А. Сувораў ў адным з загадаў прадпісаваў войскам “змагацца рашуча, як храбры генерал Цыцыянаў”.
Ужо ў кастрычніку 1794 года П. Цыцыянаў зноў быў у Гародні, праўда ўжо ў якасці каменданта мясцовага гарнізона, а трохі пазней – першага яе генерал-губернатара! Дарэчы, ягонае праўленне пакінула па сабе дваістае ўражанне. З аднаго боку Цыцыцянаў збіраўся здымаць падаткі ды аправізацыю з дапамогаю войска, з другога, калі Рэпнін выказаў заклапочаннасць з нагоды таго, што мясцовыя жыхары апранаюцца па рэвалюцыйнай модзе, той адказаў, што, маўляў, было бы праяваю маладушнасці забараніць ім насіць гэтыя сімвалы. Што праўда, напэўна найбольш добрым ягоным крокам для Гародні стаў загад, каб перанесці пастой расійскага корпуса з горада на Гарадніцу.
-
Катэгорыя: Гарадзенскія гісторыі
-
Апублікавана 25 Люты 2010
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической