Прызнацца, так і не паглядзеў фільм Эдварда Цвіка “Выклік”, прысвечаны гісторыі партызанскага атрада братоў Бельскіх, аднак некалькі кніг і публікацый аб дзейнасці гэтага стаўшага знакамітым падрадзялення давялося прачытаць.
Зусім не хачу браць удзелу ў палеміцы аб ролі гэтага атрада ў гісторыі антыфашысцкага змагання ў Беларусі, аднак калі чую пра Бельскіх, то заўсёды ўспамінаю пра іншых беларускіх яўрэяў, пра якіх не надта успамінаюць цяпер і пра якіх мабыць так ніколі і не здымуць фільмаў. Маю на ўвазе актывістаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі – яўрэяў па паходжанні, роля якіх як у нашай беларускай гісторыі наогул, так і ў перамозе над фашызмам канкрэтна, куды больш значная.
Згадаю тут хоцьбы Хаву Кручкоўскую, якая ўвайшла ў беларускую гісторыю як Аляксандра Бергман, – аўтарку кніг пра Браніслава Тарашкевіча і жыццё беларусаў у міжваеннай Польшчы; Фаню Цыгельніцкую - маці Іны Анатольеўны Карпюк, вядомага беларускага педагога і жонкі гродзенскага пісьменніка Аляксея Карпюка; Гірша Смоляра – аднаго з арганізатараў мінскага антыфашысцкага падполля, які ў 1935 г. палемізаваў з ксяндзом Адамам Станкевічам на старонках віленскага “Калосся”. Сёння хочацца распавесці пра аднаго з іх – Хаіма Александровіча.
Хаім Александровіч паходзіў з знакамітай у Гродне рабочай яўрэйскай сям’і. Ужо на пачатку 1920-х гг. ён разам з сваімі чатырма братамі далучыўся да КПЗБ і, працуючы на розных гарадскіх прадпрыемствах, удзельнічаў у рабочым руху. Як успаміналі ягоныя паплечнікі, Хаім спецыялізаваўся на начным вывешванні чырвоных сцягоў, паколькі надта добра ўмеў караскацца па тэлеграфных слупах. У той час ў Гродне даволі актыўна разгортваўся камуністычны рух, у якім удзельнічалі як яўрэі, так і беларусы. Браты Александровічы былі ў ліку яго лідэраў і перыядычна траплялі ў польскую турму. Бывала часам так, што чацвёра з пяці братоў адначасова сядзелі ў турме.
Хаім перайшоў мяжу і, аказаўшыся ў СССР, прайшоў вучобу ў камуністычным ВНУ. Перакінуты назад у Заходнюю Беларусь ён працаваў ужо як сакратар аднаго з аддзелаў Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, аднак хутка быў арыштаваны і на некалькі год трапіў у турму. Вызвалены ён быў па амністыі незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны.
Перыяд з восені 1939-га да лета 1941-га быў мабыць адзіным кароткім больш-менш спакойным часам у жыцці Хаіма Александровіча.
У чэрвені 1941-га разам з сям’ёй Хаім Александровіч рушыў на ўсход. Аднак немцы занялі Мінск раней, чым туды дабралася група гродзенскіх бежанцаў. Партыйнае начальства фактычна ўцякло з горада, пакінуўшы яго жыхароў на волю акупантаў. Пазней адзін з лідэраў падпольнай аргнізацыі ў мінскім гета Гірш Смоляр пісаў: “Шматлікае насельніцтва горада і найперш восемдзесят тысяч яўрэяў, было пакінута на “міласць” ворага. Паніка сярод кіраўніцтва была такая вялікая, што яно нават не паспела прызначыць некалькіх чалавек, якія павінны былі застацца ў вобласці для арганізацыі руху супраціву. Мінскі абкам, які быў створаны пазней, ніколі не наведваў горад”.
Між тым на руінах спаленага Мінска разгортвалася трагедыя. У жніўні-лістападзе 1941 года фашысты арганізавалі каля дзясятка аблаваў, у якіх загінула прыкладна 30 тысяч яўрэяў. Сарод іх былі маленькая дачка і жонка Хаіма Александровіча. Маленькага сына задушылі пад час адной з аблаваў, каб ён сваім плачам не выдаў групу яўрэяў, якія хваліся ад фашыстаў.
Александровіч быў у ліку першых, хто пачаў арганізоўваць у гета рух супраціву. Разам з сябрамі ён пачаў збор зброі і адпраўку яўрэйскіх груп у партызанскія атрады. Было гэта вельмі няпроста, паколькі знайсці зброю ў горадзе было амаль немагчыма, а ў першыя партызанскія атрады без зброі не прымалі. Больш таго, з гета трэба было спачатку вырвацца, а пасля даказаць партызанам свае намеры рэальна змагацца з ворагам.
Хаім Алексанровіч выйшаў на чале адной з апошніх груп, якая зімой 1942 года пакінула мінскае гета. Пазней ён пісаў: “Я выйшаў з Мінску з групай 18 чалавек і 8 наганаў. Аднаго згубілі ў дарозе – змерз. 12 сутак амаль не спалі, галадалі. Людзі адмарожвалі сабе канечнасці. Навокал немцы. Я адмарозіў пальцы на нагах. Сілай прымусіў сябра-лекара адкусіць кравецкімі нажніцамі кавалак гніючага пальца. Загаіўся толькі на пятым месяцы. Ноччу напалі на невялікі нямецкі гарнізон, забілі 11 салдат і афіцэраў, узброіліся кулямётамі і вінтоўкамі. Папілі партвейну і паелі масла і канцэнтратаў. Умацаваліся фізічна і вайскова. Знішчылі ўсе валасныя ўправы немцаў і іх ганізоны ў шэрагу раёнаў. Вялікі карны атрад акружыў нас, узарваў наш лагер і загнаў у балота. Харчаваліся канінаю бяз хлеба і солі тры тыдні. У выніку марозу, голаду куляў і вісельняў нямецкіх карнікаў з 120 чалавек да пачатку мая 1942 года нас засталося 17”.
Тое быў толькі пачатак партызанскага шляху Хаіма Александровіча. Хутка рэшткі ягонай групы далучыліся да атрада “Народныя мсціўцы” дзядзькі Васі” – маёра Васіля Варанянскага, які ўжо меў сувязі з Масквою.
Пад час адной карнай аперацыі атрад быў акружаны ў некалькі разоў большай групоўкай немцаў. Сярод партызан пачалася паніка і тыя было пачалі ўцякаць. Сітуацыю выратаваў Александровіч, які, сеўшы за кінуты кулямёт, адстрэльваўся, пакуль партызаны не змаглі перагрупіравацца і арганізавана даць адпор карнікам. Пасля гэтага, праходзячы перад шэрагам партызан, дзядзька Вася заўсёды спыняўся перад Александровічам, паціскаў руку і гаварыў з ім. Напярэдадні вызвалення Хаім Александровіч ужо быў камісарам брыгады Варанянскага, аднаго з найбольш баяздольных злучэнняў беларускіх партызан, якое налічвала больш за 1500 чалавек.
“Плямы” ў біяграфіі (яўрэйская нацыянальнасць, паходжанне з Заходняй Беларусі і сяброўства ў знішчанай Сталіным КПЗБ) прывялі да таго, што пасля вызвалення Мінску Хаім быў прызначаны шэраговым забеспячэнцам у адной сталічнай канторы. І гэта нягледзячы на партыйны стаж з пачатку 1920-х гг, вышэйшую адукацыю і бясспрэчныя заслугі пад час вайны. Пасада, на якой увесь час трэба было крывадушнічаць, даваць хабар, яму не пасавала. Усяго гэтага сумленны заходнебеларускі камуніст не ўмеў і не хацеў рабіць. Хаім Александровіч на свае вочы назіраў прафанацыю ідэалаў, за якія яму столькі давялося адпакутаваць і ў міжваеннай Польшчы і ў партызанцы. Разгортваўся ў СССР і антысемітызм, які, дарэчы, неаднаразова дэманстраваў сябе яшчэ ў партызанскім асяроддзі. Яўрэяў не вылучалі на адказныя пасады, яўрэйскіх хлопчыкаў-сірат не бралі ў вайсковыя вучэльні, найлепшых дзеячаў яўрэйскай культуры амаль адкрыта забівалі. Спробы Гірша Смоляра, Хаіма Александровіча і іншых лідэраў мінскага падполля неяк палепшыць жыццё яўрэяў, якія вярталіся ў горад пасля гадоў у партызанскіх атрадах, нічога не давалі. Больш за 5 тысяч чалавек (усяго з мінскага гетта вырвалася каля 10 тыс. яго вязняў, гэта ўнікальная для гісторыі еўрапейскага супраціву лічба) вымушаны былі займацца дробным гандлем, не маючы іншых сродкаў да існавання, не мелі ніякага жытла. У пачатку 1945 года Хаім наведаў Гродна, аднак гэта толькі пагоршыла яго стан. “На днях я быў у Гродне. – пісаў ён сваёй знаёмай, - Могілкі! Самага блізкага, дарагога. Нябачныя, але тым болей адчувальныя! Нікога з сваіх, нікога з бліжніх. Бацька мой “памёр” самай натуральнай смерцю. Я гэтаму “рады”, бо не бачыў усіх жахаў знішчэння людзей. Брат Янкель памёр на 6-ы дзень вайны пасля цяжкага ранення… Усе асататнія былі па-зверску знішчаны… Усяго з Гродна выратавалася дзясяткі два людзей”.
Пазней Хаім перабраўся ў Вілейку, дзе працаваў забеспячэнцам спіртавога трэста, дырэктар якога, таксама яўрэй, хваліўся тым, што ў гады калектывізацыі саслаў свайго бацьку ў Сібір, абвесціўшы яго кулаком.
Неяк у пачатку 1948 г. Хаім завітаў у Гродна да свайго партызанскага сябра Баляслава Ротблята. Пазней сябра пасадзіў Хаіма на цягнік да Маладзечна, адкуль той павінен быў перасесці на Вілейку. У Маладзечне Хаіму стала дрэнна. Пасажыры дапамаглі зайсці ў вакзал, аднак міліцыянер выгнаў яго адтуль, заўважыўшы, што п’яніцам не месца на вакзале. Пасля ночы на марозе Хаім Александровіч быў поўнасцю паралізаваны і, некалькі месяцаў прамучыўшыся ў бальніцы, памёр 7 сакавіка 1948 г. Хавалі яго на наступны дзень. Усё вілейскае начальства пайшло на святочныя мерапрыемствы з нагоды “жаночага дня”, а нешматлікія саслужыўцы, што былі на пахаванні, даваліся дзіву, даведаўшыся ад сяброў Хаіма, якое жыццё пражыў сціплы забеспячэнец спіртавога трэста.
Ад нядаўняга часу ў Гродне існуе вуліца Хаіма Александровіча.
Вашкевіч Андрэй. Наша Ніва. 20 жніўня 2010 г.
Больш пра Хаіма Александровіча можна прачытаць тут.
-
Катэгорыя: Гродна 1920-1944
-
Апублікавана 07 Май 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической