Абсалютная большасць прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці Гародні на працягу апошняй чвэрці XVIII-XIX стагоддзя вызнавала іўдаізм. Па сваёй сутнасці ён з'яўляўся не толькі рэлігіяй, але асаблівай этыкай і ладам жыцця. Запаветы іўдаізму распаўсюджваліся не толькі на набажэнства, але і кіравалі міжчалавечымі зносінамі, дабрачыннасцю, уплывалі на інтэлектуальнае жыццё, мастацкую творчасць, правілы добрага тону, клапаціліся пра здароўе і правільнае харчаванне народа.

Менавіта рэлігія была для яўрэяў Беларусі азначанага перыяду крыніцай фарміравання этнічнай самасвядомасці.

Наш горад быў значным рэлігійным цэнтрам. Пра гэта сведчыць дынаміка росту колькасці культавых устаноў. Калі ў 1834 годзе тут была толькі 1 каменная сінагога і 10 малітоўных школ, то ў 1853 годзе - 1 сінагога на 500 прыхаджан і 19 малітоўных школ на 75-300 вернікаў. У 1870 годзе колькасць іўдзейскіх храмаў ў нашым горадзе яшчэ больш ўзрасла: акрамя сінагогі тут існовала больш за 30 малітоўных школ. Прычым сінагога з'яўлялася не толькі месцам правядзення набажэнства, але і сапраўдным цэнтрам грамадскага жыцця. Дакумент сведчыць, што "у малітоўных дамах вядуцца спрэчкі, усталёўваюцца цэны, накладаюцца забароны і пракляцці”.

Добра ўсведамляючы месца рэлігіі ў жыцці яўрэйскай супольнасці, прадстаўнікі дзяржаўнай улады імкнуліся паставіць іх рэлігійнае жыццё пад кантроль. Яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай вышэйшае мясцовае чыноўніцтва зацвярджала рабінаў на іх пасады, за што атрымлівала грашовыя ўзносы ў казну. Так, гарадзенскі рабін Лейзер Гіршавіч, зацверджаны старастай Гарадзенскай эканоміі графам А. Тызенгаўзам, у 1779 годзе абавязаўся "згодна з наданым мне правам на гарадзенскі рабінат з даходамі плаціць у касу падскарбія штогод 150 чырвонцаў, за адданне пад маю ўладу ўсіх цэхаў у Гародні - 50 чырвонцаў".

На землях Беларусі расійскае кіраўніцтва стварыла тэрытарыяльна супадаўшыя з кагаламі яўрэйскія малітоўныя грамадствы. На чале іх стаялі рабіны, якія па-ранейшаму зацвярджаліся мясцовай адміністрацыяй. У 1834 годзе ў Гародні ў сінагозе і 39 малітоўных школах працавалі: 1 рабін, 3 вучоных яўрэя, 2 кантары, 24 служкі, 40 чытальнікаў, 19 трубачоў. Фінансаванне службовых асоб пры культавых установах і святароў згодна з "Усталяваннем пра яўрэяў” 1804 года ажыццяўляла абшчына. 136 Дзейнасць рабінаў знаходзілася пад пільным наглядам расійскіх уладных структур. Вернікі былі абавязаны маліцца за прадстаўнікоў царскай сям'і, а земскія спраўнікі - зацвярджаць тэксты казанняў, якія абвяшчаліся рабінамі.

Закон абмяжоўваў колькасны рост яўрэйскіх культавых устаноў. Дазвалялася будаваць адну сінагогу на 80 яўрэйскіх хат і адзін малітоўны дом на 30 хат. Пры гэтым не ўлічваліся ні шчыльнасць насельніцтва, ні высокая ступень рэлігійнасці яўрэяў. Гэтыя абставіны прыводзілі да распаўсюджання патаемных малітоўных школ і правядзення хатніх набажэнстваў. Акрамя малітоўных дамоў вялікія абшчыны мелі сінагогі. Асобныя храмы маглі адчыняць цэхі. Так, напрыклад, уласныя малітоўныя дамы мелі ў Гародні рэзнікі, шаўцы, краўцы, фурманы, цесляры. Існавалі малітоўныя школы, якія аб'ядноўвалі прыхаджан па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Згодна з Талмудам, чытанне і абмеркаванне святых тэкстаў з'яўляецца абавязкам кожнага дарослага мужчыны. Месцам іх збору былі спецыяльныя школы: хеўрэ-шас, хеўрэ-клаўз, хеўрэ-тыліен і г. д.

У рэлігійных перакананнях вялікага кола беларускіх яўрэяў у апошняй чвэрці ХVІІІ — першай палове XIX стагоддзя адбываюцца вялікія змены, звязаныя з узнікненнем новых плыняў у іўдаізме. У гэты час распаўсюджваецца хасідызм, у якім была пераасэнсавана роля асобы ва ўзаемаадносінах з Богам. Прыхільнікі вучэння Баал Шэм Това прытрымліваліся запаветаў іўдаізма, але ў адрозненне ад мітнагдзім (артадоксаў) аптымістычна ўспрымалі служэнне Богу. Яны лічылі, што ўсё ў жыцці чалавека павінна быць радасным, вясёлым і праведным. Мы павінны любіць людзей і Бога, калі жадаем апраўдаць сваю прысутнасць на зямлі. Хасідскія набажэнствы суправаджаліся вясёлымі спевамі і скокамі, адкуль і пайшла простанародная назва хасідаў скакуны. Абшчыны хасідаў узначальвалі цадзікі неадукаваныя, але вельмі рэлігійныя харызматычныя лідэры. Яны супрацьпаставілі аскезе і кніжнай навуцы артадоксаў духоўнае самаўдасканаленне і містыцызм.

Прыхільнікі хасідызму былі таксама і ў Гародні. Тут нават быў свой цадзік - рэб Нохум Каплан. Пры гэтым трэба заўважыць, што большасць яўрэяў засталася на баку прыхільнікаў традыцыйнай формы іўдаізму. Выхрэстаў таксама было няшмат: аналіз дакументаў даказвае, што веру мянялі ў асноўным дзеля матэрыяльнай карысці, жадаючы атрымаць добрае месца працы, фінансавую дапамогу для прыняўшых хрышчэнне альбо каб прадоўжыць вучобу у вышэйшых навучальных установах. Так, напрыклад, прымаюць хрышчэнне 16-гадовая сірата М.Казіноўская, 15-гадовы П.Рудзінскі, які хоча вывучаць рускую пісьменнасць; 13-гадовая Г.М.Прусак, якой гаспадары-хрысціяне паабяцалі удачкаванне. Паказальны выпадак - заява П.Б.Гінзбурга (13 год), які пажадаў прыняць хрысціянства з-за страху перад бацькавым пакараннем. Калі ж той паабяцаў не караць за ўцёкі з дому, дзіця адмовілася ад перамены веравызнання.

Непаўналетнія Р.Аханоўская і С.Гольдштэйн захапілі з сабой “на першы час" каштоўнасці і грошы бацькоў. Калі ж крэўныя знайшлі ўцекачоў, тыя заявілі аб пераходзе ў хрысціянства. Жадалі атрымаць адукацыю на расійскі ўзор дзеці заможных купцоў 18-гадовая А.Маршаловіч, сірата, выхаваная ў Вене, і 23-гадовы П.Грынёў (раней - купецкі сын Перліс). Разлічвалі паправіць маёмасны стан удава з 2 дзецьмі М.Беніямінава і Л.Пік, пакінутая мужам у турме. Іншыя меркаванні падахвоцілі Ф.А.Магнуса стаць праваслаўным. Яму знайшоў добрае месца службы брат, А.А.Магнус, губернскі сакратар, які раней пакінуў веру продкаў.

Хрысціянскі ўрад варожа ставіўся да іўдзейскай рэлігіі, бо бачыў у ёй сілу, якая магла паслужыць сродкам "сапсавання расійскага грамадства знутры". Яўрэі маглі ўвайсці ў лік паўнапраўных грамадзянаў толькі праз хрысціянізацыю. Пры адмове ад іўдаізму закон вызваляў ад прыніжальных абмежаванняў у праве перамены месца жыхарства, даваў ім ільготы ў падатках і магчымасць вучыцца ў ВНУ. Неафітам на 3 гады змяншалі падаткі, выдавалі па 15-30 рублёў "на першапачатковае абзавядзенне", бо выхрэст парываў з крэўнымі і не карыстаўся спадчыннымі правамі. Жаданне перахрысціць яўрэяў не давала спакою кіраўніцтву, якое згодна было ўзяць сабе ў саюзнікі нават замежных місіянераў. У 1875 годзе віленскі генерал-губернатар дазволіў місіянерскую дзейнасць евангелістам, за якіх хадайнічаў прэзідэнт Лонданскага таварыства
хрысціянізацыі яўрэяў, лорд Шафтэсбюры.

У арміі праводзілася прымусовае хрышчэнне салдатаў. Асабліва цяжка даводзілася кантаністам - 11-13-гадовыя падлеткі, якім забаранялася падтрымліваць сувязі з крэўнымі, часта не вытрымлівалі здзекаў "дзядзькаў". Адны прымалі хрост, другія канчалі жыццё самагубствам. Здаралася, адстаўныя салдаты з яўрэяў вярталіся ў іўдаізм, за гэта іх падвяргалі судовым і адміністрацыйным карам (прыклад - лёс салдата з Гародні Ф.А.Фёдарава, які паспрабаваў, калі выйшаў у адстаўку, вярнуцца ў веру продкаў, за што трапіў пад суд).

У сярэдзіне XIX стагоддзя на Беларусі з'яўляецца грамадскі рух Гаскала, прыхільнікі якога "маскілім" прапагандавалі свецкае навучанне і заклікалі адмовіцца ад сярэднявечнага менталітэту. Плынь мела пазітыўнае значэнне, бо несла новыя веды ў замкнёнае жыццё абшчыны, але аб'ектыўна вяла да асіміляцыі, бо маскілім падвяргалі сумненню асобныя прынцыповыя палажэнні рэлігіі і нацыянальнай культуры. Артадоксы варожа ўспрымалі Гаскалу. Характэрны выпадак: у пачатку 80-х гадоў загадчык гарадзенскай талмуд-торы Марголін зрабіў спробу паставіць навучанне на больш рэалістычны фундамент. Ён надаваў шмат увагі рускай мове, арыфметыцы, планаваў увесці іўрыт (ідыш маскілім лічылі шкоднай з'явай, жаргонам). Але рабіністы не дапусцілі пераменаў: "у дапамогу” Марголіну далі чатырох кансультантаў, кампетэнцыі якіх падлягалі фінансы. Так рэлігійныя аўтарытэты абаранілі традыцыйнасць яўрэйскай школы.

Просты народ, хрысціяне варожа ставіліся да іўдаізму. На гэта існавала некалькі прычынаў. Вобраз яўрэя асацыяваўся ў свядомасці бедняка з эксплуатацыяй: менавіта ў яго шынку ці лаўцы пакідалі апошнія грошы, на яўрэя-арандатара працавалі на вёсцы, у яго бралі грошы пад працэнт. Простаму чалавеку было не зразумець, што і маёнтак, і бровар, і шынок належаць не яўрэю, а пану, у чыю кішэню і ідуць сялянскія капейкі; што сваім пасрэдніцтвам яўрэі спрыяюць таварызацыі сялянскай гаспадаркі, а ліхвяр дае наяўны капітал для пачынання ўласнай справы хрысціянскаму суседу. Бытаванне "вобраза ворага" падтрымлівалі антысяміцкія выданні і некаторыя святары.

Яўрэйская рэлігія была незразумелай народу, а таму здавалася варожай. Спецыфічны вонкавы выгляд яўрэяў і атрыбутаў іх веры нараджаў забабоны, а ў цяжкія часы выклікаў агрэсію. Сярод недарэчнасцяў пра яўрэяў вылучаецца міф аб выкарыстанні імі ў рытуальных мэтах хрысціянскай крыві. Нарадзіўся "крывавы навет” у XII стагоддзі. Ні тэолагі, ні простыя людзі не хацелі прыслухоўвацца да голасу вучоных рабінаў, якія, каб перапыніць абвінавачванні, прыводзілі выказванні з Торы: "Не каштуй крыві, бо яна свяшчэнная", "ніякай крыві не каштуй, бо яна гэта душа". Жудасны забабон працягваў жыць і ў XIX стагоддзі: у 1811 годзе - "судовае следства па справе яўрэяў, якія забілі хрысціянскага хлопца для атрымання крыві”. Справа скончылася апраўданнем падсудных, а сам даносчык - яўрэй, які канфліктаваў са сваім грамадствам і хацеў адпомсціць яму любымі сродкамі, памёр у 1813 годзе.

Адной з самых позніх "рытуальных спраў" стала Гарадзенская справа. 31 сакавіка 1816 года напярэдадні Пасхі ў паліцыю звярнуўся мясцовы мешчанін Адамовіч, які заявіў пра знікненне сваёй дачкі Марыяны. 23 красавіка ў полі каля города быў знойдзены яе труп. Цела было сколата ў многіх месцах, вопратка разарвана, правая рука выразана з лакцявога сустава. Наяўнасць на целе шматлікіх ранак, а таксама блізасць гэтага здарэння да Пасхі далі юдафобам падставу сцвярджаць, што мела месца не звычайнае, а рытуальнае забойства.

Падазрэнне пала на суседа Адамовічаў Шолама Лапіна, з дзецьмі якога гуляла Марыяна. Кагальны Ш.Лапін быў арыштаваны. Як доказы былі ўспрыняты паказанні дзяцей, якія як быццам бачылі, што ў дзень знікнення Марыяны іх бацька ганяўся за ёй па двары, а ў гэты час мноства яўрэяў чакала яго ў хаце. У час другога агляду лекарская ўправа сцвярджала, што смерць дзіцяці наступіла ў выніку "апапляксічнага ўдару" і што "з цела кроў не выліта". У час вобыску ў Ш.Лапіна былі знойдзены малаток і кап'яцо, якія, як растлумачаў гаспадар, ён выкарыстоўваў для чысткі папер, працуючы ў кагальнай канцылярыі.

Справа цягнулася да лютага 1817 года, калі ў Санкт-Пецярбург са скаргаю накіраваўся дэпутат яўрэйскага народа Зундэль Зонэберг. Ён змог сустрэцца з блізкімі да цара асобамі. М. М. Навасільцаў, які пазнаёміўся з беларускіміі яўрэямі ў час інспекцыі гарадзенскіх фабрык, і міністр духоўных спраў Галіцын не былі юдафобамі. Яны звярнулі ўвагу на тое, што на тэрыторыі мяжы аселасці існуе тэндэнцыя ўсе нерасследаваныя справы звальваць на яўрэяў. Вынікам іх дзейнасці стала выданае 28 лютага (аб'яўленае 6 сакавіка) Найвышэйшае павяленне Аляксандра I: "Каб яўрэі не былі абвінавачаны ў забойстве хрысціянскіх дзяцей згодна з адным забабонам, як быццам яны патрэбу маюць у хрысціянскай крыві, а што калі б дзе-небудзь здарылася забойства і падазрэнне падала б на яўрэяў, без прадузятасці, што яны зрабілі гэта для атрымання хрысціянскай крыві, было б праведзена следства на законнай аснове і праве". Справа была часова пакінута, каб распачацца зноў праз дзесяць год. Зноў былі арыштаваны Ш.Лапін і яго дачка, расследаванне цягнулася каля чатырох гадоў і нарэшце па жаданню пракурора спынена. Пасля гэтага колькасць абвінавачванняў яўрэяў у рытуальных забойствах скарацілася, але сам крывавы навет заставаўся папулярнай тэмай у юдафобскіх выданнях XIX - пачатку ХХ стагоддзя.

Ледзь не скончылася трагічна для яўрэйскай суполкі ў Гародні знікненне хлопчыка Марціна вясной 1914 года. Яго маці адразу ж пачала падазраваць пекара Залуцкага ў тым, што ён забіў яе дзіця "на мацу". Некалькі дзён у горадзе панаваў трывожны настрой, пакуль беглы хлопчык не быў знойдзены ў Сапоцкіне. Было і проста бытавое процістаянне, калі пра яўрэяў распаўсюджвалі брудныя чуткі. Іх увесь час падазравалі ва ўчыненні злачынстваў супраць хрысціянскай веры ці здзеку над яе каштоўнасцямі. Напрыклад, за зусім нявінную справу, продаж крыжыкаў, у 1912 годзе быў адпраўлены на двухдзённы арышт гарадзенскі яўрэй Зільберман, якога да таго ж прыгаварылі да штрафа ў 10 рублёў.

У межах рэлігійнай традыцыі заставалася мастацкая творчасць беларускіх яўрэяў канца XVIII — першай паловы ХІХ стагоддзя. У галіне архітэктуры яна праявілася ў выглядзе сінагагальнага будаўніцтва, якое доўжылася ў Гародні на працягу ўсяго перыяду. На сродкі кагала і прыватных асоб узводзіліся новыя і рэстаўраваліся старыя мураваныя храмы. У свядомасці яўрэйскай масы яны былі не проста будынкамі для сумеснага чытання Пісання і ўзнясення малітваў, але велічнымі сімваламі яўрэйскай духоўнай еднасці, пераемнасці пакаленняў, стойкасці і вернасці традыцыям.

Гарадзенская мураваная сінагога пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя ў стылі эклектыкі. На гэтым месцы раней стаяла сярэднявечная сінагога, права на збудаванне якой гарадзенскія яўрэі
атрымалі разам з зямлёй для могілак ў 1503 годзе. Яна была знішчана пажарам у 1617 годзе разам з усім яўрэйскім кварталам. Тут Сігізмунд III дазволіў узвесці мураваную сінагогу, папярэдніцу сённяшняй. У архітэктуры гарадзенскай сінагогі, што наогул характэрна для беларускіх іўдзейскіх храмаў, увасоблены стылізаваны вобраз жытла, каўчэга. У сувязі з гэтым яна прадстаўляе сабой цэласны, не члянёны аб'ём. 158 Трохпавярховы будынак, які ў плане мае форму квадрата, вянчае дзьвусхільны дах. Галоўны фасад упрыгожваюць размешчаныя па баках вежы. Паміж імі над першым паверхам праходзіць галерэя. Для ўпрыгожання інтэр'ера выкарыстоўваліся крыжовыя крыжовыя скляпенні з нервюрнымі перапляценнямі, якія апіраюцца на чатыры слупы. Пралёты трактаваны ў выглядзе гатычных стрэльчатых арак.

У другой палове XVIII стагоддзя на Занёманскім фарштаце была ўзведзена драўляная сінагога.

Уздоўж паўночнага і паўднёвага бакоў галоўнай залы знаходзіліся спецыяльна прыбудаваныя памяшканні для жанчын. Акрамя таго, як бачна на малюнку, да паўночнага і паўднёва-заходняга кутоў сінагогі былі прыбудаваны аднапавярховыя памяшканні. Галоўная зала па форме набліжалася да квадрата і была перакрыта васьмібаковым купалам. Ніжні ярус скляпення завершаны балюстрадай, яго ўпрыгожаная сярэдзіна знаходзіцца ніжэй.

Сінагогу вянчае ламаны дах страпільнай канструкцыі. Прыбудовы завершаны чатырохбаковымі шлемамі, крытымі гонтам.

 

Scroll to top