Юры Гардзееў. Ю.Н. Кишык, Градостроительная культура Гродно, Минск, 2007, 303 с.

У 2007 г. выйшла з друку кніга Юрыя Нікадзімавіча Кішыка, прысвечаная горадабудаўнічай культуры Гародні.

Улічваючы адносна невялікую колькасць, публікацый па гарадской праблематыцы Беларусі яе з'яўленне, бясспрэчна, належыць вітаць. Кніга складаецца з уступу, пяці раздзелаў, заканчэння, спісу літаратуры. Першы раздзел прысвечаны развіццю планіроўкі далакацыйнага, г.зн. дамагдэбургскага горада. Аўтар спрабуе рэканструяваць планіровачную сетку сярэднявечнага горада. У другім раздзеле змешчаны аналіз горадабудаўнічага развіцця Гародні ў 16 ст. У трэцім аўтар засяродзіў увагу на архітэктурных здабытках перыяду Новага часу. Чацвёрты і пяты раздзелы распавядаюць пра архітэктурна-планіровачнае развіццё ў 19 і 20 ст.

Уражвае багаты ілюстрацыйны блок. У першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу выкананыя асабіста аўтарам малюнкі, аксанаметрычныя панарамы горада розных перыядаў. Дзякуючы змешчаным у публікацыі фасадам (№ 114-127) аўтар ажыўляе нашы ўяўленні пра архітэктурна-мастацкія здабыткі 19 – пачатку 20 ст. У кнізе шмат як выкарыстаных раней, так і малавядомых планаў Гародні 19 ст. Заслугай аўтара з’яўляецца таксама даследаванне некранутых дагэтуль крыніц другой паловы 20 cт., што захоўваюцца ў Беларускім архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі.

Найбольш наватарская частка кнігі – апошняя, прысвечаная рэканструкцыі гістарычнага горада ў другой палове 20 ст. Аўтар ўводзіць ў навуковы абарот невядомыя планы горада, няздзейсненыя праекты перабудовы яго цэнтральнай плошчы. Напрыклад, упершыню публікуецца план Гародні 1950 г. з “белымі плямамі” знішчаных кварталаў горада (с. 229). Каштоўнымі з’яўляюцца матэрыялы пра планы грунтоўнай перабудовы Савецкай плошчы ў 1946-1949 г. (с. 230-236), планы перабудовы плошчы і ўзвядзенні на ёй Дома Саветаў (с. 237).

Аўтар заўважае, што актыўны наступ на гістарычную забудову распачаўся ў 60-х гг. 20 ст., калі гістарычнае асяроддзе ўспрымалася як прымітыўнае. І як вынік - знішчэнне Фары Вітаўта, планы татальнага знішчэння вуліц Замкавай ды К. Маркса. Што істотна, менавіта ў гэты час пачалі гучаць галасы, якія аспрэчвалі такія падыходы да гістарычнай спадчыны Гародні. Аўтар ўпершыню аналізуе Генплан 1973 г., які прадугледжваў пабудову новага гарадскога цэнтра за Гараднічанкай (с. 248-261), а гэтак жа іншыя праектныя прапановы. У 70-я гг. 20 ст. перапланіроўка павінна была закрануць плошчу Леніна (с. 261-264).

Аўтар лічыць, што праект рэгенерацыі цэнтра А. Горба 1989 г. і праект, распрацаваны інстытутам “Белспецпраектрэстаўрацыя” ў гэтым жа годзе, якія прадугледжвалі радыкальную ахову горадабудаўнічай спадчыны, рэстаўрацыю ратушы ды “Фары Вітаўта”, грашаць неабгрунтаванасцю (с. 268-270). Ён сцвярджае, што немэтазгоднасць іх аднаўлення вынікае са створанага ў 50-60-я гг. 20 ст. архітэктурнага асяроддзя, у якое ані “Фара Вітаўта”, ані ратуша не ўпісваюцца. У іншым месцы аўтар прыводзіць прыклад мастацкага узаемадзеяння гістарычнай і пасляваеннай архітэктуры, звяртаючы ўвагу на тое, што 4-павярховы будынак Аблсавпрофа “отторгается от исторической застройки” па прычыне сваёй маштабнасці, высотнасці, ды сваіх мастацкіх асаблівасцей (с. 274-275).

Якія перспектывы старога горада? З разважанняў аўтара насоўваецца выснова, што комплексная рэгенерацыя гістарычнага цэнтра не мае пад сабой падстаў. На яго думку, трэба абмежавацца фрагментным аднаўленнем помнікаў, спалучаным з кансервацыяй іх захаваных частак. Але праблема ў тым, што ў сённяшніх умовах рэстаўрацыя асобных помнікаў ці кансервацыя гістарычнай забудовы ў Гародні зведзена да фікцыі. Таму можна пагадзіцца з яшчэ адным меркаваннем, што рэстаўрацыя належыць не столькі да навукова-рэстаўрацыйнай, колькі да грамадска-палітычнай дзейнасці (с. 270-271). Аб гэтым сведчаць рэканструкцыя цэнтра горада, зачыстка паасобных каштоўных помнікаў неабарока і канструктывізму. А гэта значыць, што забудова гістарычнага цэнтра ўспрымаецца не ў якасці гісторыка-культурнага патэнцыялу горада, але хутчэй як фізічны баласт.

На думку аўтара, арыгінальнасць архітэктуры заключаецца ў “мастацкай выразнасці новай забудовы” (с. 272). Бясспрэчна, прыкладам гэтай тэндэнцыі спалучэння традыцыі і сучаснага можна палічыць стылізацыю забудовы, прывязаную да гістарычнага асяроддзя (будынкі К. Маркса 3, 38).

Працягваючы аналіз зместу кнігі, спынімся на метадалагічных падыходах аўтара, стаўленні да крыніц, іх выкарыстання ды інтэрпрэтацыі. Ва ўступе кнігі Ю.Кішык слушна заўважае, што як дагэтуль працы па гісторыі горадабудаўніцтва Гародні пісаліся пераважана гісторыкамі, археолагамі, мастацтвазнаўцамі ды краязнаўцамі. Архітэктары не надавалі ўвагі гэтай праблематыцы (с. 8). З гэтай пасылкі аўтар робіць выснову аб няздольнасці гісторыкаў і археолагаў у раскрыцці эвалюцыі планіровачнай структуры, прыкметаў горадабудаўнічай пераемнасці, адсутнасці магчымасці правядзення прафесійнай графічнай рэканструкцыі аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі забудовы горада. Дзеля доказу свайго меркавання аўтар чамусьці згадвае беспадстаўную “дыскусію” аб часе атрымання магдэбургскага права. У сувязі з тым, што гэтае пытанне выходзіць па-за межы тэматыкі кнігі, гаворка аб ім пойдзе ніжэй.

Думка аб тым, што гісторыкам не ўласцівы тэарэтычныя разважанні наконт эвалюцыі горадабудаўнічага ансамбля, імкненні высветліць яго эстэтычна-мастацкія асаблівасці ці правядзенне аксанаметрычнай рэканструкцыі гарадской забудовы, не выклікае пярэчанняў. Каб пазбегнуць міфалагізацыі гісторыка-археалагічных даследаванняў, можна пагадзіцца са сцвярджэннем аўтара, што ні гісторыкі, ні археолагі не ў стане самастойна раскрыць усе горадабудаўнічыя таямніцы. Але не будзе памылковай думка, што гэта не па сілах таксама і архітэктарам.

Згаданая вышэй катэгарычнасць суджэнняў не ўласціва навуковым даследаванням. У навуцы трэба заўсёды імкнуцца да пошукаў aurea mediocritas. А такой залатой сярэдзінай у дадзеным выпадку з’яўляецца інтэрдысцыплінарнасць, прынцып выкарыстоўвання напрацовак гістарычнай навукі, архіўных пошукаў пісьмовых ды графічных матэрыялаў у сукупнасці з вынікамі археалагічных даследаванняў. Толькі на іх падставе магчыма праводзіць абагульненні, будаваць тэорыі, увогуле спрабаваць аргументавана разважаць.

Аўтар слушна заўважае, што можна нанава ўглядзецца ў аб’ект і вобразна адчыніць дзверы, праз якіх ніхто не ўваходзіў, г.зн. прымяняючы новыя метады даследавання і выкарыстоўваючы вядомыя дакументы можна атрымаць новыя высновы, аб якіх раней ніхто не здагадваўся.

На жаль, аўтар не заўсёды прытрымліваецца прынцыпу прыцягнення новых крыніц. Аб гэтым сведчыць безапеляцыйнае сцвярджэнне аб адсутнасці “совершенно неизвестных документов” (с. 9), напэўна, маючы на ўвазе ў першую чаргу графічныя матэрыялы. У іншым месцы сустракаецца наступнае меркаванне, якое, на жаль, не можа не засмуціць: “Очень беден комплекс документов, которые могут дать представление о градостроительной структуре, скрытой в глубине веков” (с. 14). Гэта меркаванне слушнае адносна да дамагдэбургскай гісторыі горада, але з ім нельга пагадзіцца, калі гаворка ідзе пра перыяд 16-18 стст.

Асабіста амаль 20 год вяду архіўныя пошукі па гісторыі Гародні. Эфектам пошукаў з’яўляюцца шматлікія крыніцазнаўчыя артыкулы, у тым манаграфія1. Насамрэч, у архівах захоўваецца безліч крыніц, у першую чаргу гэта недаследаваныя пісьмовыя матэрыялы па гісторыі горада: тэстаменты, апісанні асобных сядзіб, акты іх куплі-продажу, спісы уладальнікаў нерухомай маёмасці, згадкі пра гарадское рамяство і гандаль, якія паходзяць з архіва гарадзенскага магістрата 17-18 стст. У архіўных сховішчах знаходзяцца таксама цікавыя графічныя матэрыялы, у тым ліку планы Гародні, кварталаў горада, фасады шматлікіх камяніц 19 ст., што аўтар сам, зрэшты, даводзіць у апошніх раздзелах кнігі. Таму нельга пагадзіцца з выказанай думкай наконт беднасці крыніцазнаўчай базы даследаванняў гісторыі Гародні.

Археалагічныя раскопкі падаюцца аўтару бесперспектыўным спосабам даследавання, па прычыне іх правядзення на плошчы замка ці абмежаваных месцах. “Следует начисто отказаться от мысли, что археологические изыскания откроют нам предысторический (VIII-X века) или раннесредневековый (XI-XIII века) Городно, - с укреплениями и посадами, храмами и торгами... Можно истратить немало средств и времени и обнаружить лишь повторение того, что уже стало ясным”. Аўтар падмацоўвае свае разважанні выказваннем Валянціна Сядова пра тое, што раскопкі ў Кіеве і Ноўгарадзе не высветлілі карціны паходжання гэтых гарадоў (с. 14). Безумоўна, нельга абсалютызаваць значэнне археалагічнай навукі, але таксама нельга прымяншаць яе вынікі.

Чаму для вывучэння сярэднявечнай гісторыі Гародні настолькі важнымі з’яўляюцца раскопкі? У адрозненні ад заходнееўрапейскіх гарадоў магістрацкія канцылярыі, а г.зн. і гарадскія архівы на беларускіх землях пачалі складвацца даволі позна. Актавыя кнігі магістрата Гародні пачалі пісацца пасля атрымання горадам магдэбургскага права. Акрамя таго не ўсе яны захаваліся. Па гэтай прычыне археалагічныя раскопкі з’яўляюцца асноўнай, хаця і не адзінай, крыніцай па гісторыі сярэднявечнага горада. Аніякія “разважанні на тэму” іх не заменяць.

Паспрабуем адказаць на пытанне аб дасягненнях археалагічных пошукаў у нашым горадзе. Раскопкі, праведзеныя на тэрыторыі горада ў 20 ст. заўсёды прыводзілі да нечаканых адкрыццяў. Да такіх належаць, напрыклад, Ніжняя царква на замкавым дзядзінцы ці Прачысценская царква. Дзякуючы ім удалося наблізіцца да разгадкі месцазнаходжання Васкрасенскай царквы (дзядзінец Новага замка) і Малой царквы. Зрэшты, у 90-х гг. 20 ст. падчас будаўнічых работ былі адкрыты рэшткі Васкрасенскай царквы, перанесенай у 17 ст. на скрыжаванне сучасных вуліц Кірава і Сацыялістычнай.

На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што ідэя недасканаласці гісторыка-археалагічнай метадалогіі даследаванняў ды ігнараванне іх вынікаў праходзіць праз кнігу чырвонай ніткай, становіцца стрыжнем разважанняў аўтара.

Узнікае пытанне, якія метады даследавання горадабудаўнічай структуры горада найбольш ўласцівыя, аптымальныя? У першую чаргу аўтар прапануе метад гісторыка-генетычнага аналізу, які здаўна прымяняецца навукоўцамі, што займаюцца гісторыяў горадабудаўніцтва Гародні. Аўтар прапануе таксама метады параўнальнага і структурнага аналізу, якія дапамагаюць раскрыць унутраныя сувязі ды супадпарадкаванне розных горадабудаўнічых кампанентаў. Да першага метаду параўнання варта паставіцца з пэўнай засцярогай па прычыне ягонай “ускоснасці”. Яго падманлівасць заключаецца ў выпадковасці аналогіі і памылковым падабенстве. Інакш кажучы, прычыны фарміравання падобных кампазіцыйных элементаў горадабудаўнічай структуры ў розных гарадах, напрыклад, квадратнай па форме плошчы могуць выразна адрознівацца. Акрамя таго факт існавання ў горадзе Х доўгага рынку не дае падстаў казаць аб тым, што такі ж рынак абавязкова функцыянаваў у горадзе Y. Галоўным метадам ці “основным языком проведения анализа” аўтар лічыць графааналітычны метад, аб прыкладах якога пойдзе гаворка ніжэй. Істотнае месца ў сваёй кнізе аўтар прысвячае спробам рэканструкцыі планіровачнай кампазіцыі Гародні ў раннім сярэднявеччы, абапіраючыся на рэгрэсіўны метад аднаўлення планіроўкі сярэднявечнага горада польскага даследчыка С. Бабінскага (с. 18-19).

Паводле згаданай вышэй методыкі даследаваць горадабудаўнічую структуру ранняй Гародні прадстаўляецца магчымым дзякуючы правядзенню аналізу найбольш старога, захаванага плана горада. Аўтар падкрэслівае, што гэта план Юзафа Маркевіча 1780 г., які, цытую “принят в качестве графической опоры исследования” (с. 19). З такім захадам трэба згадзіцца. Дазволю заўважыць, што згаданы метад прымяняецца ў даследаваннях па гісторыі планіровачнай структуры горада пачынаючы з 60-х гг. 20 ст. Першай у навуковы абарот катастральны план Гародні 1780 г. увяла Алена Квітніцкая, якая на яго падставе правяла рэканструкцыю планіровачнай сеткі Гародні 16 ст.2 Акрамя таго, абапіраючыся на яго, была зроблена гіпатэтычная спроба адказу на пытанне аб планіроўцы, гарадскіх межах і забудове дамагдэбургскай Гародні другой паловы 13 – пачатку 15 ст.3

Аўтар кнігі робіць спробу правесці рэканструкцыю найбольш старадаўняй, сярэднявечнай структуры Гародні (мал. 12). На ягоную думку “выявленные на берегах Городничанки элементы доисторического поселения (sic!)... убеждают в том, что это и есть исходное пятно, завязь будущего Городно”. Не адкідваючы магчымасці кожнай навуковай гіпотэзы, трэба зазначыць, што меркаванне аўтара вельмі адважнае. Паспрабуем разабрацца ў ягоных разважаннях.

Па-першае, думкі наконт лакалізацыі старажытнай структуры Гародні, якая выцягвалася ўздоўж рэчкі (град – прысёлак – торг) нельга лічыць гіпотэзай. Неабходным элементам гіпотэзы з’яўляецца абгрунтаваная пасылка, якая ў тэксце адсутнічае. Па-другое, аўтар не прыводзіць аніякіх грунтоўных, пераканаўчых доказаў існавання града над Гараднічанкай. Нельга знайсці адказаў на пытанні: якім чынам на берагах Гараднічанкі было выяўлена першапачатковае паселішча, якімі метадамі? У якіх крыніцах былі знойдзены гэтыя звесткі? Аўтар нібыта абапіраецца на „весь комплекс доступных нам источников (якіх? – Ю.Г.), в том числе – на своеобразный и загадочный опороный план” (мал.10). Урэшце, з’яўляецца пытанне, куды знікла гэта дагістратычная гарадзенская “Троя”? Чаму ў пазнейшых дакументах аб ёй няма аніякіх звестак?

На жаль, доказы тэзіса адсутнічаюць. Сваё меркаванне аўтар грунтуе на адным аргуменце, які нельга лічыць навуковым: “Обитавшие здесь люди обязательно должны были обратить внимание на небольшой выступ верхнего плато на левом берегу Городничанки”. Напрошваецца: а калі не звярнулі? Калі выбралі іншае месца?

Як сцвярджае аўтар “Древний Городно возник не только вокруг княжеского замка, не исключительно из порубежной крепости на границе Киевской Руси, и не из одних лишь торгово-ремесленных поселений, как это рисуется историками в отрыве от реальной картины”. Аўтар замалёўвае „рэальную карціну” наступным чынам. Да з’яўленне Гародні прычыніўся “сам ход исторического развития родо-племенного строя” (с. 29). Над Гараднічанкай узнік племянны цэнтр са сфарміраванай горадабудаўнічай структурай і які меў сваю сацыяльную арганізацыю на чале са старэйшынамі. Другі цэнтр - сядзіба князя - знаходзіўся на Замкавай гары. Аднак, на думку аўтара кнігі, яна мела другасную ролю. Побач з ёю мясціліся гандлёва-рамесныя пасады: “Появившийся значительно позже князь уже застал в Городно сложившуюся структуру власти старейшин и сформировавшуюся градостроительную структуру” (с. 29).

Узнікае яшчэ адно пытанне: калі з’явіліся ў Гародні князі? Адказ на гэтае пытанне знаходзім далей. На падставе летапісных згадак пра паходы кіеўскіх князёў на землі Панямоння ў канцы 10 – першай палове 11 ст. аўтар робіць выснову: “Значит, не исключено, что самостоятельность Городно как племенного центра пала еще с конца X или начала XI века. Местные старейшины тогда были заменены чиновниками Киева” (с. 29, 30). Такім чынам сцвярджаецца, што ў Гародні існавалі два цэнтры. Першы – племянны над Гараднічанкай са сваім градам ды старэйшынамі, другі – на Замкавай гары – з кіеўскімі “чыноўнікамі”. У іншым месцы можна сустрэць думку, якая пярэчыць вышэйвыкладзенай канструкцыі: „Новый град на Замковой горе ... служил ...средоточением выделявшейся племенной знати, присвоившей власть” (с. 31). Як жа мясцовая племянная знаць захапіла ўладу на Замкавай гары, калі паводле слоў аўтара, у канцы 10 – першай палове 11 ст. яна была заменена “чыноўнікамі” з Кіева?

Можна задаць шэраг пытанняў аўтару кнігі, які намаляваў карціну ідылічнай сельскай абшчыны. Аўтар не тлумачыць, чый гэта быў племянны цэнтр? Ці ў выпадку старажытнага паселішча мы маем дачыненне з паселішчам першабытнаабшчыннага ладу і тэрытарыяльнай абшчынай? Чаму маёмаснае расслаенне прывяло да фарміравання абшчыны на чале толькі са старэйшынамі? А што з рода-племянной знаццю ці дружынай? І ўрэшце, калі ў Гародні ў раннім сярэднявеччы сфарміравалася структура ўлады, то чаму тут “значительно позже” з’явіліся князі?

Распавядаючы пра існаванне знешняй абарончай лініі горада, аўтар сцвярджае, “позже к этому мнению (Рапапорта – Ю.Г.) присоединились белорусские исследователи А.К. Кравцевич и Ю. Гордеев, не приводя, однако, доказательств места и времени строительства второй линии укреплений” (с. 32). Паспрабую адказаць на заўвагу. Меркаванне П. Рапапорта мела гіпатэтычны, хаця і небеспадстаўны характар. Ён асцярожна выказаўся аб магчымасці існавання знешняй лініі абароны. А. Краўцэвіч не абмежаваўся дапушчэннем. Ён звярнуў увагу на асаблівасці рэльефу: 1) высокія рачныя берагі, глыбокі яр з усходу ад вакольнага горада, якія стваралі “сістэму кругавой абароны”, 2) крыжацкую небяспеку, 3) абапіраючыся на рэканструкцыю плана Гародні 16 ст. А. Квітніцкай, паказаў іх лакалізацыю4. Як відаць з тэксту кнігі, яе аўтар згаджаецца з яго версіяй, падаючы прыблізную трасіроўку гарадскіх умацаванняў (с. 33).

Што тычыцца доказаў існавання знешняй лініі гарадской абароны, то яны былі знойдзены ў лісце мазавецкіх князёў да папы рымскага Яна XXII. Ліст датуецца 1325 г. У такога тыпу карэспандэнцыі не змяшчаліся падрабязныя звесткі пра гарадскія збудаванні Гародні, а толькі мімаходам згадвалася пра ўмацаванне oppidum без указання канкрэтнай даты і месца5. Гэтыя дадзеныя даюць нам права дапускаць факт існавання лініі знешніх гарадзенскіх ўмацаванняў ужо на пачатку 14 ст.

Кішык прапануе версію аб магчымым узвядзенні другой лініі ўмацаванняў у канцы 12 ст. (мал. 18), не прыводзячы доказаў гэтай даты ў кнізе, а іх магчымае з’яўленне тлумачыць даволі агульна, а менавіта імкненнем надаць замку новую якасць, ўдасканаліць абарончыя збудаванні ды іншымі прычынамі. Нягледзячы на адсутнасць спасылак, такое меркаванне выглядае цалкам праўдападобна, калі ўлічыць незаўважаную аўтарам прычыну – пачатак рэгулярных крыжацкіх нападаў, які датуецца 1283 г.

Графічным падсумаваннем разважанняў наконт дамагдэбургскай Гародні з’явіўся шэраг аксанаметрычных панарам горада. На першай з іх, якая прадстаўляе Гародню пачатку 13 ст., аўтар, абапіраючыся ў першую чаргу на вынікі археалагічных раскопак Алеся Краўцэвіча, пазначае месцазнаходжанне галоўных аб’ектаў – замка, Каложскай царквы, адкрытай ў 80-х гг. 20 ст. Прачысценскай царквы, а таксама схематычна размяшчае на плане гіпатэтычныя гарадскія абарончыя муры, цэрквы Малую ды Васкрасенскую, якая, як мяркуецца, стаяла на тэрыторыі вакольнага пасада. На панараме былі нанесены “место бывшего предисторического города” над Гараднічанкай ды тры рынкі (“торговища”), існаванне якіх не прасочваецца ў пісьмовых крыніцах.

Найбольшыя спрэчкі выклікае пазначэнне на аксанаметрычнай выяве царквы св. Іллі, якая з’яўляецца прыкладам пападання аўтара ў пастку суб’ектывізму ды іканаграфічнай міфатворчасці. Нагадаем, што царква св. Іллі ўпамінаецца ў крыніцах толькі адзін раз у 1633 г. Аўтар падкрэслівае, што яе “местоположение... ранее было не установлено” (стар. 35) (sic!). Пры гэтым ён размяшчае яе на аксанаметрычнай рэканструкцыі Гародні пачатку 13 ст. (!?) (мал. 19). Такім чынам, паводле змешчанага ў кнізе плана, чытач можа зрабіць памылковую выснову аб тым, што царква св. Іллі існавала ўжо ў 12 ст. (!?) і займала адно з наднёманскіх плато (на месцы сённяшняга Драмтэатра). Такую выснову аўтар робіць на падставе медзярыта Адэльгаўзэра/Цюндта 16 ст., на якім злева ад ратушы стаіць храм, які згодна з ягоным меркаваннем і быў царквой св. Іллі Прарока (с. 93) (!?). Разважаючы наконт гісторыі царквы, аўтар піша, што пасля вайны з Масквой 1654-1667 гг., на яе месцы быў пабудаваны касцёл кляштара бернардынак (!?). Заўважым, што даступныя навуцы крыніцы не згадваюць аб існаванні ў Гародні ў 12-13 стст. царквы св. Іллі. Гэта вымысел аўтара кнігі.

Не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне ўзвядзення кляштара бернардынак на месцы гэтай міфічнай царквы. Аўтар выразна ігнаруе даследаванні па соцыятапаграфіі горада, у тым ліку гісторыю кляштара бернардынак ды вывучаныя маёмасныя адносіны гэтай часткі горада6. У доказ сваёй думкі аўтар без прывядзення якіх-небудзь доказаў, безапеляцыйна сцвярджае, што гэты ўчастак „оставался свободным от рядовой застройки вплоть до середины XVII века” (с. 37). Як выглядала засяленне і маёмасныя адносіны пляцаў, на якіх сёння знаходзіцца будынак абласнога дрматэатра?

Як вядома, бернардынкі з’явіліся ў Гародні не пасля 1667 г., як піша аўтар, а ў 1618 г. На пачатку 17 ст. манашкі атрымалі ад пісара літоўскага Януша Скуміна Тышкевіча шэраг забудаваных пляцаў. Праз два гады яны набылі ўчастак з домам ад Юрыя Сцыпіё дэ Кампы. Гэтыя факты сведчаць аб тым, што да з’яўлення кляштара пляцы гэтага квартала знаходзіліся ў валоданні шляхты, а не царквы св. Іллі. У 1621 г. на сродкі манаскіх пасагаў і з фундацыі літоўскага падканцлера Казіміра Сапегі былі ўзведзены будынкі кляштара і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Маці Божай. У 1651 г. храм быў асвечаны. У сярэдзіне 17 ст. маскоўскія войскі спалілі ўсе кляштарныя збудаванні, а не царкву св. Іллі7.

Царква св. Іллі 12 ст. ды царква св. Cпаса 14 ст. таксама нанесены на панараму горада канца 14 ст. Апошнюю аўтар размясціў на месцы, дзе цяпер знаходзяцца будынкі пабернардынскага кляштара (с. 41) (!?). І ў гэтым выпадку ступень верагоднасці такой рэканструкцыі з’яўляецца надзвычай сумніўнай і спрэчнай.

Свае метадалагічныя падыходы аўтар тлумачыць прымяненнем метаду аксанаметрычнай рэканструкцыі, якая абапіраецца на „сведение в единое целое разнообразной информации, основанной на источниках разной степени достоверности, а также на неизбежных предположениях”. Можна згадзіцца са сцвярджэннем пра выкарыстанне рознабаковай інфармацыі з рознай ступенню дакладнасці. Але, на жаль, прыклад царквы св. Іллі паказвае на метадалагічную перавагу “непазбежных прапаноў”. Па гэтай прычыне прыходзіцца канстатаваць, што лакалізацыя царквы св. Іллі ды царква св. Cпаса – вынік выключна фантазіі аўтара.

У далейшых разважаннях аўтар спрабуе высветліць яшчэ шэраг загадак, звязаных з гэтым раёнам горада. Адной з іх з’яўляецца лакалізацыя збудаванняў кляштара аўгусцінцаў. На жаль, і ў гэтым выпадку аўтар надалей застаецца прыхільнікам дэдуктыўнага падыходу. На пытанне, дзе стаяў кляштар з касцёлам св. Тройцы, аўтар адказвае: “Участок монастыря аугустинцев находился в блоке застройки между улицами, которые образовались из упоминавшихся, проходящих возле града дорог. Позже они получат свои названия – Большая Троицкая и улица от Немецкого рынка к Виленской улице. Но улица от Немецкого рынка в конце XV века проходила не по трассе нынешней улицы Доминиканской, а несколько севернее, и старое торговище находилось не там, где после перепланировки разместился Немецкий рынок, хотя и очень близко”. Гэтая думка схіляе чытача да таго, што касцёл св. Тройцы стаяў не ў Нямецкім рынку, а на паўночны ўсход ад яго, у таямнічым рынку (пра які абсалютна адсутнічаюць згадкі!), на супрацьлеглым баку Траецкай вуліцы, на поўнач ад вуліцы ад Нямецкага рынку да Віленскай вуліцы, якая, аказваецца, зусім не тоеснай сучаснай Дамініканскай.

Нягледзячы на тое, што кляштар аўгусцінцаў існаваў ў канцы 15 – 17 ст., г.зн. у “пісьмовым” перыядзе гісторыі Гародні, спасылкі на гэтыя крыніцы ў кнізе адсутнічаюць. Аднак аўтар абапірае сваю рэканструкцыю не на аргументах, якімі звычайна карыстаюцца пры доказе, а хутчэй за ўсё на інтуіцыію.

Між тым, як сведчаць архіўныя крыніцы, вялікі князь Аляксандр Ягайлавіч заснаваў каталіцкі кляштар аўгусцінцаў у канцы 15 ст.8 На версію аб тым, што аўгусцінская сядзіба ляжала ў паўднёвай частцы Нямецкага рынка, паказвае згадка 1494 г. аб вуліцы (вуліца Плябанская), якая вяла „versus ecclesiam claustralem sancte Trinitas”, ці „да касцёла кляштара св. Тройцы9. Гэтую гіпотэзу ўскосна пацвярджае архіўная згадка аб тым, што ў 1674 г. пляц мяшчанкі Ганны Раўскай знаходзіўся паміж Гарадніцай, „старадаўнім Віленскім гасцінцам” ды пляцамі “Святой Тройцы10. Вышэй прыведзеныя матэрыялы схіляюць да версіі аб знаходжанні кляштара аўгусцінцаў менавіта ў паўднёвай частцы Нямецкага рынка. Канешне, не выклікае сумнення, што і гэта дапушчэнне патрабуе дадатковага крыніцазнаўчага пацверджання.

Нямецкі рынак названы Аўтарам “новообразованным”, г.зн. з’явіўся ў 16 ст. на месцы “предысторического торга, вблизи него, посреди сгустка старых дорог ...” (с. 73). Узнікае пытанне, чаму ў валочным памеры Гародні 1560 - 1561 гг. гаворыцца аб тым, што ў гэтым рынку „ніякага гандлю не бывае...11 Гэтая згадка сведчыць, што Нямецкі рынак ў першай палове 16 ст. ужо прыйшоў у заняпад, і што ён існаваў раней.

Сумненні выклікае таксама рэканструкцыя лакалізацыі “дарогі ў Польшчу”, якая ішла праз Нёман (мал. 19 № 9), а г.зн. гарадской пераправы і моста. На думку аўтара не мела рацыю Квітніцкая, сцвярджаючы што вуліца “Вялікая да моста на Падоле” ішла праз Замкавы роў (паміж узвышшамі, дзе цяпер стаяць Новы замак ды Драмтэатр), што тлумачыць неспрыяльнымі для праезду перападамі вертыкальных адзнак рэльефу і нахілам скатаў. Паводле аўтара, вуліца Вялікая вяла да моста, які знаходзіўся “между третьей и четвертой природными вершинами”, што прыблізна паказвае на месца, дзе сёння знаходзіцца Стары мост (с. 72).

Аднак аналіз графічных матэрыялаў дае падставы схіляцца да правільнасці думкі Квітніцкай. Аб тым, што месца пераправы праз Нёман знаходзілася паміж Новым замкам ды кляштарам бернардынак сведчаць планы горада 1705, 1793 і 1798 гг.12 Трасіроўку старажытнай нёманскай дарогі-пераправы добра відаць на захаваных планах ды на адным з малюнкаў Напалеона Орды. Акрамя таго, трэба памятаць, што тапагарафія гэтай часткі горада ў даўнія часы выглядала інакш. Сучасная вуліца Давыда Гарадзенскага не існавала, таму як выглядалі перапады рэльефа і вуглы нахілаў скатаў мы не ведаем.

Яраслаў Вайцяхоўскі заўважаў, што нёманскі мост пераходзіў у дарогу, якая ішла на замак. Яна цягнулася ярам, які аддзяляў узвышша былога вакольнага горада (тэрыторыя Новага замка) ад тэрыторыі магдэбургскага горада (узвышша, на якім цяпер стаіць абласны Драмтэатр), потым паварочвала на захад і бегла ўздоўж будоўлі Прачысценскай царквы. Далей гэтая дарога праходзіла тры масты. Апошні, трэці пад’ёмны падыходзіў да брамы Старога замка13.

Згодна з думкай аўтара кнігі гарадская ратуша знаходзілася не ў сярэдзіне плошчы, а на рагу з вуліцай Замкавай (г.зн. на месцы, дзе цяпер знаходзіцца Палац тэкстыльшчыкаў) (мал. 55). Сваё меркаванне ён абумоўлівае аналізам плана 1655 г., на якім ратуша пазначана ва фронце забудовы. Але і тут аўтар памыляецца.

Комплексны аналіз графічных і пісьмовых крыніц прымушае задумацца пра сапраўдную дату складання гэтага плану. 1655 г. выклікае сумненні, паколькі на плане пазначаныя некаторыя аб’екты, што былі ўзведзены пазней, напрыклад мураваны касцёл езуіцкага кляштара, якога ў сярэдзіне 17 ст. яшчэ не было14. Апроч таго на шэрагу планаў Гародні, напрыклад, 1705 г. на скрыжаванні Замкавай вуліцы ды паўднёва-заходняга боку Рынка стаяла камяніца, пазначаная надпісам „ратуша15. Але гэта не была сядзіба мясцовых уладаў! Як вядома, пасля вайны з Масквой у 60-я гг. 17 ст. будынак ратушы быў пашкоджаны, што абумовіла перанясенне сядзібы магістрата, працы якога праводзіліся ў рынкавых камяніцах заможных мяшчан ды магістрацкіх ураднікаў. Напрыклад, у 1661 г. пасяджэнні гарадзенскай лавы ды рады адбываліся ў рынкавай камяніцы райца Яна Зеляпугі, а ў 1664 г. - у доме бурмістраў Канстанціна Дзівы ды Адама Цвікліча16.

Шмат месца ў кнізе прысвечана пытанню перапланіроўкі Гародні ў 16 ст. На думку аўтара кнігі “перепланировка Гродно в начале XVI века представляет для нас интерес, поскольку это был первый ставший известным в истории градостроительного развития Великого княжества Литовского сознательный шаг, направленный на формирование относительного целостного, художественно организованного постранства” (с. 74-75). Аўтар, праўда, не прыводзіць аніводнага доказу і не спасылаецца на крыніцы, якія б сведчылі пра згаданыя радыкальныя горадабудаўнічыя пераўтварэнні. Нягледзячы на гэты факт, перапланіроўка падаецца як факт здзейснены: “ставший известным ... сознательный шаг”.

Паводле яшчэ адной версіі перапланіроўка Гародні адбылася паміж 1533 г. (дата выкупу каралевай Бонай гарадзенскага стараства ад Радзівілаў) і 1541 г. (яе ж прывілей аб добраўпарадкаванні Гародні) (с. 80-81). У іншым месцы распавядаецца пра перапланіроўку горада ў сярэдзіне 16 ст., што звязваецца з правядзеннем валочнай памеры ды ўздзеяннем ідэй Адраджэння (с. 67-69). Можна канстатаваць, што факт выдання якога-небудзь прывілея, распараджэння і загаду ў даўнія часы не азначаў аўтаматычнага іх выканання. Яскравым сведчаннем таго з’яўляецца прыклад закінутага калодзежа, які Бона загадала пачысціць ды аднавіць. Але як паказвае аналіз крыніц да грунтоўнай перабудовы гэтага аб’екта дайшло толькі ў канцы 18 ст.!17

Адсутнасць верагоднага матэрыялу не перашкодзіла аўтару распавесці пра праўдападобную перапланіроўку, увесці ў абарот версію пра выкраенне Рынка з верацяна, геаметрызацыю вулічнай сеткі як выніку гарадской рэформы (с. 68, 75), заснаванні Нямецкага рынка, які на яго думку з’яўляецца прыкладам рэнесансавага падыходу да арганізацыі плошчы (с. 75-76), з’яўленне вуліцы Златарскай у перыяд лакацыі (с. 73). Канкрэтныя пацверджанні сваіх меркаванняў аўтарам не прыводзяцца. Сцвярджэнні абапіраюцца толькі на жаданні аўтара ўбачыць пэўныя працэс і з’яву.

Цяпер разглядзім справу даты атрымання Гародняй самакіравання. Аўтар слушна піша аб тым, што “в известных работах о Гродно много неточностей, непроверенных фактов, заимствований” (с. 8-9), маючы на ўвазе дыскусію па згаданай праблеме (с. 49). З абсалютнай упэўненасцю аўтар заўважае, што „каждый ее участник в силу патриотических побуждений стремится отодвинуть дату как можно дальше” (с. 9). Магу станоўча і аўтарытэтна запэўніць, не кожны! Гэтая цытата сведчыць аб тым, што аўтар кнігі не сачыў за дыскусіяй18.

Увядзенне ў літаратуру міфа пра атрыманне Гародняй магдэбургскага права ў 1444 r. належыць Тэадору Нарбуту. Міхал Балінскі і Тыматэй Ліпінскі ў сваёй кнізе Starożytna Polska, паглыбілі казус, сцвярджаючы, што ў 1391 r. Уладыслаў Ягайла надаў Гародні “прывілей на гарадскія свабоды”, а Казімір Ягялончык у 1444 г. - “магдэбургскае права”. У 1889 г. Яўстафій Арлоўскі выказаў свае сумненні адносна магчымасці надання гарадскіх правоў у 1391 г. Аднак і яму не было наканавана пазбегнуць памылкі, якая прывяла яго да вывядзення даты атрымання магдэбургскага права ў 1444 г. Пошук гэтых дакументаў праводзіў Юзаф Ядкоўскі, але не знайшоў іх.

Насамрэч, наданне нашаму гораду права на самакіраванне адбылося ў 1496 г. Аналіз гэтага гарадзенскага прывілея, а таксама яго пазнейшых пацверджанняў ці канфірмацый 1506, 1576, 1589, 1718 г.г. выразна ўказваюць на гэту дату.

Разважаючы наконт этнаканфесійнай структуры даўняй Гародні, аўтар піша аб тым, што каланізацыя гарадоў Польшчы і ВКЛ праходзіла з удзелам нямецкага і габрэйскага насельніцтва (с. 28). Калі адносна габрэяў гэта сцвярджэнне можна палічыць у нейкай ступені абгрунтаваным (у Гародні 16 ст. адсотак габрэйскага насельніцтва складаў каля 10%, а ў другой палове 18 ст. вырас да 40% агульнай колькасці гараджан), то пацверджанні масавай нямецкай каланізацыі, у перыяд, калі горад атрымаў магдэбургскае права, адсутнічаюць. Гэта сцвярджэнне аўтара хутчэй за ўсё запазычаная з польскіх публікацый.

Яшчэ адным старым міфам, якія аўтар крытыкуе і адкідвае, з’яўляецца думка аб тым, што Гародню і яе ўмацаванні ў 1241 г. знішчыў Кайдан (с. 28, 35). Гэты міф бытуе ў літаратуры з 19 ст. У навуковы абарот палажэнне аб знішчэнні горада манголамі і яго падпарадкавання літоўскаму князю Эрдзівілу ў 1241 г увёў Нарбут, які пазычыў палажэнне з Кронікі Быхаўца і Кронікі Стрыйкоўскага.

Падсумуем метадалагічныя палажэнні кнігі. Пры распрацоўцы горадабудаўнічай праблематыкі аўтар прапануе праводзіць даследаванне камбінаваным метадам спалучэння пісьмовых, археалагічных, этнаграфічных крыніц, а таксама іншых метадаў, пра якія ішла гаворка вышэй. Аднак, характэрнай рысай кнігі з’яўляецца яе апрыёрнасць і катэгарычнасць выказванняў. Аўтар зыходзіць не з першаснасці фактаў, на якіх будуецца тэорыя, а наадварот, імкнецца да сваёй тэорыі дапасаваць факты. Вось адзін прыклад. Аўтар піша пра фарміраванне планіровачнага верацяна, якое было перабудавана ў 16 ст. Элементамі верацяна была даўняя вуліца Віленская (цяпер Савецкая) ды Калюцінская. Аўтар задае пытанне, чаму вуліца Калюцінская нечакана выгінаецца і потым і злучаецца з Віленскай? Яе нечаканы выгін і зліццё з Віленскай, на думку аўтара, доказ верагоднасці тэорыі верацяна. Так выглядае заключэнне, калі ісці ад тэорыі да факта.

А калі паспрабаваць спачатку даследаваць архівы ды назапасіць усе магчымая крыніцы, а толькі потым рабіць высновы на падставе прааналізаваных фактаў? Такой з’яўляецца логіка кожнага даследавання. Аб чым жа сведчаць крыніцы? Аб тым, што на паўночных ускрайках горада, блізу Гараднічанкі знаходзілася Віленская брама, праз якую трэба было ўязджаць у горад, і да якой па гэтай прычыне збягаліся і Віленская і Калюцінская19. Можа менавіта таму апошняя і выгіналася?

Логіка даследчага працэсу мае пэўныя заканамернасці. Яе асноўны прынцып даследавання – аб’ектыўнасць, якая праяўляецца ў вывядзенні высноў на падставе крыніц, іх аналізу. На жаль, замест эмпірычнай праверкі гіпотэз ў кнізе дамінуюць асабістыя, суб’ектыўныя ўяўленні і мастацкі вымысел, з чым звязаны неабгрунтаваныя рэканструкцыйныя эксперыменты па гипотетически восстановливаемой забудове. Аўтар лічыць мадэліраванне вобразу горада (с. 10) метадам пазнання яго горадабудаўнічай структуры. Але мадэліраванне павінна абапірацца не на домыслах, а на фактах.

Падсумоўваючы, трэба падкрэсліць, што кніга пакідае ўражанне пошукаў новага погляду, хоць у ёй прысутнічаюць элементы мастацкага вымыслу і неабгрунтаваная катэгарычнасць суджэнняў.


Літаратура:

1 Gordziejew J. Socjotopografia Grodna w XVIII w. Toruń, 2002.
2 Квитницкая Е. Планировка Гродно в XVI-XVIII вв. // Архитектурное наследство. 1964, № 17, с. 11-38.
3 Гардзееў Ю. Планіроўка Гродна ў другой палове 13 - пачатку 15 стст. // Гістарычны альманах. 1998, № 1, c. 13-26.
4 Краўцэвіч А. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст. (планіроўка, культурны слой). Мінск, 1991. С. 75-76.
5 Гардзееў Ю. Планіроўка... С. 25-26; Nowy kodeks dyplomatyczny Mazowsza. Wyd. I. Sułkowska-Kuraś i S. Kuraś. Cz. 2. Wrocław, 1989. S. 178.
6 Падрабязней гл. Gordziejew J. Socjotopografia..., s. 169.
7 ЛДГА. Ф. 694, воп. 1, ад.з. 3985, арк. 13адв; ад.з. 4020, арк. 259; Аддзел рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі. № 6325, арк. 6; VL. Т. IV, s. 475.
8 Gozdawa M. Augustianie w Brześciu Litewskim // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Т. III. Wilno, 1910, s. 95; Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie. Wilno, 1912, s. 253.
9 Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. Т. 1, z. 1. Kraków, 1932, s. 474.
10 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1800, воп. 1, ад.з. 1, арк. 561.
11 Писцовая книга Гродненской экономии. Вильно, 1882. С. II, с. 43-44.
12 Расійскі Дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (далей РДВГА). Ф. 846, воп. 16, ад.з. 1466, 21528, ч. 6, арк. 4; ад.з. 21874.
13 Wojciechowski J. Stary zamek w Grodnie // Biuletyn Historii Sztuki i Kultury. R. VI. 1938, nr 2, s. 136.
14 Квитницкая Е. Планировка..., с. 28; Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. Wyd. 2. Poznań, 1989, s. 229. Зусім праўдападобна, што гэты план быў складзены на пачатку 18 ст. (Borowik P. Jurydyki miasta Grodna w XV-XVIII wieku // Acta Collegii Suprasliensis. T. VII. Supraśl, 2005, s. 18; Kotljarchuk A. In the shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European crisis of the mid-17th century // Södertörn doctoral dissertations. Nr 4. Stockholm, 2006, s. 301).
15 РДВГА у Маскве. Ф. 846, воп. 16, ад.з. 1466.
16 НГАБ. Ф. 1800, воп. 1, ад.з. 1, арк. 87, 145-146, 170.
17 Gordziejew J. Socjotopografia..., c. 81-82.
18 Гардзееў Ю. Заўвагі да праблемы даследаванняў гісторыі Гародні (на падставе выдання серыі “Памяць” // Гістарычны альманах. Т. 6, 2002, c. 192-193; Rimša E. Pieczęcie miast Wielkiego Księstwa Litewskiego. Warszawa, 2007, s. 401.
19 Gordziejew J. Socjotopografia..., s. 87-88.

Scroll to top