У матэрыяле расказваецца аб картах і планах старога Гродна, якія захаваліся ў фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Дадаюцца таксама якасныя выявы некаторых рэдкіх планаў з фондаў музея.
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей з’яўляецца адным са старэйшых на тэрыторыі Беларусі. Яго гісторыя пачынаецца з 1920 года. На пачатку сакавіка была створана пастаянная камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры пры павятовым упраўленні ў Гродна. Адным з членаў камісіі стаў будучы першы дырэктар Гродзенскага музея гісторык мастацтва, археолаг Юзаф Ядкоўскі. 12 сакавіка на арганізацыйным сходзе камісіі апекі, па ініцыятыве Гродзенскага старасты Казіміра Рагалевіча, старшынёй камісіі быў прызначаны інжынер В.Хэрман, а 14 сакавіка кіраўніцтва камісіяй даручана Ю.Ядкоўскаму. Дзякуючы самаадданай і плённай дзейнасці гэтага нястомнага чалавека, за два гады была сабрана значная колькасць дакументальных і матэрыяльных рухомых гістарычных помнікаў музейнага значэння. Захаваліся дакументальныя звесткі аб тым, што першы картаграфічны матэрыял паступіў для будучага музея ў 1920 годзе. На пасяджэнні камісіі апекі 17 мая 1920 года былі прадстаўлены 23 планы канца ХVIII - першай паловы ХIХ стагоддзя, якія падараваў інжынер І.Цытажыньскі, 18 планаў і картаў (у тым ліку план Гродна 1797 года) канца ХVIII - пачатку ХІХ стагодзя, атрыманы ад Гродзенскай камендатуры паліцыі. Да станоўчага вырашэння пытання аб перадачы пад музей Старога замка ў Гродна, увесь сабраны матэрыял часова быў размешчаны ў памяшканні Гродзенскага староства. Далейшы лёс гэтага збору ўсё больш хваляваў членаў камісіі, паколькі ўмовы яго захавання жадалі значна лепшага. Сітуацыя была вырашана з прыездам у Гродна 13 чэрвеня 1922 года прадстаўнікоў Міністэрства па справах рэлігіі і публічнай асветы. У памяшканні староства адбылося пашыранае пасяджэнне, на якім вырашана сабраныя камісіяй гістарычныя помнікі прызнаць асновай для адкрыцця дзяржаўнага музея ў Гродна. 12 верасня на пасаду кіраўніка музея быў прызначаны Юзаф Ядкоўскі. 9 снежня 1922 года ў пакоях староства пры значнай колькасці сабраных, адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі, у якой занялі сваё месца і некалькі планаў1.
У сучасным зборы Гродзенскага музея картаграфічная калекыцыя з’яўляецца адной з найбольш значных з пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці і колькасці музейных прадметаў – больш за 400 адзінак. Асноўная частка калекцыі была сабрана да 1939 года. У склад яе ўвайшлі планы Гродзенскага Старога замка, выкананыя Ю.Ядкоўскім і Я.Вайцахоўскім; карты і планы зямельных надзелаў, гарадоў, Гродзенскай і сумежных з ёй губерній, еўрапейскіх дзяржаў і іншае.
У XVІІІ – ХІХ стст. складаннем і зацвярджэннем планаў, картаў, чарцяжоў ведала будаўнічая экспедыцыя казённай палаты, якая ў 1805 годзе была пераведзена пад кіраўніцтва губернскага праўлення. У 1832 годзе перайменавана ў будаўнічую камісію. 31 сакавіка 1850 года пераўтворана ў губернскую будаўнічую і дарожную камісію, з 1865 года ў будаўнічае аддзяленне губернскага праўлення2.
Большасць з прадстаўленых планаў і картаў к. XVІІІ – п. ХХ стст. былі выкананы ў гродзенскай губернскай чарцёжнай. Апошняя была ўтворана ў 1871 г., калі на паўночна-заходнія губерніі быў распаўсюджаны закон 1868 года “О порядке производства межевых дел в местностях, где введены в действие судебные уставы 20.11.1864 г.”. Яе ўзначаліў гродзенскі губернскі землямер, дзейнасць якога пачалася яшчэ з утварэннем Гродзенскай губерні ў 1802 годзе. Губернскі землямер на правах члена ўваходзіў у склад «общего присутствия» гродзенскага губернскага праўлення, якое назірала за ходам межавання зямель у губерніі. Гродзенская губернская чарцёжная падпарадкоўвалася губернатару, губернскаму праўленню і Межавому дэпартаменту. Штат чарцёжнай складаўся з губернскага землямера, яго памочнікаў, уезных землямераў, справаводцаў, чарцёжнікаў, пісцоў3.
Спецыялістаў для чарёжнай меркавалася рыхтаваць у Гродна. 31.03.1861 года сапраўдным тайным саветнікам Кавалеўскім было зроблена распараджэнне аб адкрыцці землямерна-таксатарскіх класаў пры Гродзенскай губернскай гімназіі. На працягу двух гадоў навучання ў класах павінны былі выкладацца спецыяльныя дысцыпліны: таксаграфія, нівеліраванне, чарчэнне, ілюміноўка, надпісванне, накладка планаў, межавыя законы. У клас меркавалася набіраць 40-50 чалавек, з якіх 15 маглі атрымліваць стыпендыю 96 рублёў, 10 чалавек – 60 рублёў. Права на стыпендыю маглі атрымаць толькі вучні “стесненные в способах своего существования”. У класы маглі прымацца вучні ўсіх саслоўяў не малодшыя за 15 год, якія скончылі курс у 4-м або ў адным з вышэйшых класаў гімназіі. Гэтыя прымаліся без экзаменаў, усе астатнія пасля папярэдніх іспытаў па рускай граматыцы, геаграфіі, гісторыі, матэматыцы, маляванню. Інспектарам землямерна-таксатарскіх класаў быў прызначаны выконваючы абавязкі Гродзенскага губернскага землямера тытулярны саветнік Станкевіч. Але класы гэтыя так і не адкрыліся. З ліста Станкевіча ад 21.10.1861 г. да Ковенскага губернскага землямера Суршачэўскага вынікае, што гродзенскія землямерна-таксатарскія класы былі зачынены з прычыны адсутнасці грошаў4.
Але тым не менш, Гродзенская чарцёжная працавала і з’яўлялася ўстановай, якая займалася рознымі пытаннямі межавання земляў. Яна таксама павінна была вырабляць і выдаваць копіі планаў, што захоўваліся ў архіве чарцёжнай5.
Ніжэй пойдзе гаворка аб планах і картах, на якіх прадстаўлены як сам горад Гродна, так і розныя яго часткі.
1. КП - 9217. Delineacya[!] Placu z Domem drewnianym Koszary zwanym, oraz z Częścą Lodowni drewnianey[!]: w ogóle[!] Morg ieden[!] w Sobie zawieraiącego[!]. Podpisuię[!]6.
План 1793 г. Аўтар невядомы. Выкананы магчыма ў Гродна. Рукапіс каляровы, папера ручнога вырабу, на паперы вадзяны знак “Паштовы ражок”. Памер плана: 22 × 35,5 см. План паўночнага геаграфічнага арыентавання. Прадстаўлена частка Гарадніцы ў Гродна з драўлянымі домам і лядоўняй. План падпісаны каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім. На адваротным баку маецца надпіс, што дадзены пляц падараваны каралём Феліцыяну Пачобуту. План быў перададзены ў дар музею 08.11.1930 г. п.Вандай Каменскай, аб чым сведчыць надпіс на адваротным баку. Захаваўся прамавугольны штамп “Muzeum w Grodnie” (глядзі малюнак 1).
|
2. КП - 8495. Plan Placów w Mieście Grodnie. Wyliczenie Placów w Mieście Grodnie do Klasztoru PP.Brygidek należnych po uczynionym wymiarze przez Niżej podpisanego Geometrę w Roku 1830 dnia 14 Sierpnia Uczynione [подпіс адсутнічае].
План 1830 г. Выкананы магчыма ў Гродна. Маштаб: у цалі 10 сажаняў ці [1 : 840]. Рукапіс каляровы, папера, на паперы вадзяны знак: “Wilna. F.Langenbach. Z 9.”. Памер аркуша: 96,3 × 50,5 см. Арыентаванне: паўднёва-ўсходняе. Прадстаўлены пляцы ў Гродна, якія належалі кляштару брыгітак. У легендзе падаецца спіс пляцаў гродзенскіх брыгітак, іх плошча і прозвішчы арэндатараў (малюнак 2).
|
Наступны план – гэта копія папярэдняга, якую выканаў Ю.Ядкоўскі.
3. КП - 14673. Place w Grodnie, należące do klasztoru panien Brygidek według planu z r:1830.
Гродна, 20-30-я г. ХХ ст. Маштаб: у цалі 10 сажаняў ці [1 : 840]. Рукапіс каляровы, калька. Памер аркуша: 49,5 × 69 см. Арыентаванне: паўночнае. На плане пазначаны вуліцы вакол маёмасці Брыгітак: Паліцэйская (Жэзніцкая), Брыгіцкая (Скідзельская), Іерусалімская, Татарская (Баніфратэльская), Навікоўская (Дзявоцкая, Пачтовы Завулак). Падаецца ўласнасць гараджан.
4. КП-9010. Планъ Геометрическій Части Города Гродна, то есть: Плаца съ строеніемъ Гродненской Еврейской Больніцы.
Гродна, 1830 г. Падаецца частка горада ў раёне вуліцы Траецкай: вуліцы Замкавая, Дамініканская, Могілкаўская, завулак Дамініканскі, старыя яўрэйскія могілкі, Казіны рынак, касцёлы, сады і агароды. Абазнача некалькі праектаў новых вуліц (малюнак 3).
|
5. КП - 14701. Планъ плаца Состоящаго въ Где Гродне при Городнице дровяной рынокъ на зываемый[!], принадлежащій къ Гродненским Бонифрателямъ. Измералъ[!] и планъ Сочинялъ Гродненской Казенной палаты Землемеръ Сонхацкій.
План 1838 г. Гродна. Маштаб: у адной цалі 25 сажаняў або [1 : 2 100]. Рукапіс каляровы, папера. Памер: 33,7 × 20,1 см. Арыентаванне: паўночнае. На плане прадстаўлена частка Гарадніцы ў раёне вуліцы Раскоша. Пасля назвы падаюцца тлумачэнне знакаў і памеры пляца, які належаў гродзенскім баніфратарам.
6. КП - 14759. Планъ Существующей вокругъ Города Гродно двухверстной Черты и ново отведенной[!] двухверстной предохранительной дистанцiи Чарочнаго откупа. Составленъ по Указу Гродненскаго Губернскаго Правленія отъ 29. Декабря 1851 г. за № 16417. Дистанцію Отводилъ и Планъ составлялъ: Гродненскій Уездный Землемеръ Станкевичъ[!].
План 1851 г. Гродна. Маштаб адсутнічае. Рукапіс каляровы, папера, на паперы вадзяны знак “J.Whatman. 1850”. Памеры аркуша: 99,1 × 132 см. Арыентаванне: паўночна-ўсходняе. На плане пазначаны горад Гродна, дарогі, рака Нёман і населеныя пункты, якія ўваходзяць у двухвярстовую мяжу. З левага боку змешчана легенда: тлумачэнне межаў. Захаваўся прамавугольны штамп “Muzeum w Grodnie”.
7. КП - 14765. Геометрическій Чертежъ окружной межи губернскаго города Гродно и выгонныхъ его земель, во исполненіе предписанія Г.[осподина] Гродненскаго Губернскаго Землемера отъ 15 Апреля 1863 года за № 471 основаннаго на указе Гродненскаго Губернскаго Правленія отъ 30 Декабря 1858 года за № 8835 окружную межу утверждалъ и спорнуя[!] границы въ натуре означалъ согласно Плана Землемера Тодта, по мередіану магнитной стрелки которая отъ истиннаго мередіана склоненіе имеетъ отъ Севера къ Западу на 10º градусовъ и Чертежъ сей составлялъ въ 1865 году месяца Марта 5 дня Белостокскій Уездный Землемеръ Коллежскій Секретарь Владиславъ Шпаковскій. Сколько же внутри означенныхъ границъ земли, тозначится[!] въ Экспликаціи. Белостокскій Уездный Землемеръ Коллежскій Секретарь Владиславъ Шпаковскій.
План 1865 г. Магчыма выкананы ў Беластоку. Маштаб: у англійскай цалі 100 сажаняў або [1 : 8 400]. Рукапіс каляровы, папера. Памер: 98 × 95 см. Арыентаванне: паўночнае. Прадстаўлена акружная мяжа г.Гродна. У правай верхняй частцы змешчана легенда з пазначэннем памераў акружной мяжы Гродна. У правай ніжняй частцы падаецца змест судовай справы, па рашэнню якой быў выкананы дадзены чарцёж. З правага боку ад чарцяжа знаходзіцца апісанне сумежных земляў. Захаваўся прамавугольны штамп “Muzeum w Grodnie”.
8. КП - 14757/5. Планъ г.Гродно.
План 1867 г. Гродна. Аўтар невядомы. Маштаб: у англійскай цалі 50 сажаняў або [1 : 4 200]. Рукапіс каляровы, калька, папера, тканіна. Памер аркуша: 79,9 × 67,7 см. Арыентаванне: паўночнае. Прадстаўлены план горада і бліжэйшага наваколля. План складаецца з 24 частак памерамі 13,3 × 16,8 см, наклееных на тканіну. План быў аформлены ў цвёрдую вокладку.
9. КП - 14757. Планъ Про…ированнаго Расположения Губернского Города Гродно 1882 г.
План 1882 г. Выдадзены ў Санкт-Пецярбургу. Аўтар невядомы. Маштаб адсутнічае. Друк аднакаляровы, папера. Памеры аркуша: 88,5 × 71 см. Арыентaванне: паўночнае. У левай цэнтральнай частцы падаецца апісанне горада, дзе пералічваюцца каменныя і драўляныя пабудовы, якія існуюць і плануюцца да будаўніцтва. У ніжняй цэнтральнай частцы змешчана легенда: тлумачэнне знакаў.
10. КП - 14757/3. Планъ города Гродны. Составленъ въ Губернской Чертежной въ 1892 году. Печ. въ Типо-Литографіи Грод. Губерн. Правленія.
Аўтар невядомы. Маштаб: у англійскай цалі 100 сажаняў ці [1 : 8 400]. Літаграфія aднакаляровая, папера. Памер: 46,2 × 58,8 см. Арыентаванне: паўночнае. Падаецца план Гродна з назвамі вуліц. У левым верхнім вуглу размешчаны герб губерні – на тарчы пад каронай выява зубра. Пад гербам знаходзіцца ўказальнік будынкаў грамадскага прызначэння і некаторых уласных будынкаў (малюнак 4).
|
11. КП - 14757/7. Планъ гор. Гродно.
План 1903 г. Гродна. Аўтар невядомы. Маштаб: у англійскай цалі 50 сажаняў ці [1 : 4 200]. Літаграфія аднакаляровая, папера, тканіна. Памер: 60,8 × 80,3 см. Арыентаванне: паўночнае. Падаецца план горада.
12. КП - 14757/2. Stadtplan von Grodno.
Можна меркаваць, што план быў выдадзены ў перыяд з 1915 па 1918 гг. Mесца выдання невядома. Аўтар невядомы. Маштаб: [1 : 8 200] Літаграфія двухкаляровая, папера. Памер: 39,5 × 53 см. Арыентаванне: паўночнае. Падаецца план Гродна з пазначэннем назваў вуліц. У левай частцы размешчаны ўказальнік рускіх грамадскіх і гарадскіх будынкаў, а таксама нямецкіх адміністрацыйных будынкаў на нямцкай мове.
Пасля ўказа ад 20 красавіка 1863 г., які дазволіў мець друкарні ў мяжы аселасці, ў Гродна ўзнікае сетка яўрэйскіх тыпаграфій і літаграфій. Сярод іх былі і літаграфіі сям’і Мейлаховічаў. Першая з іх была заснавана Маісеем Мейлаховічам. У 1868 годзе яго сыны Іосель і Давід атрымалі дазвол на адкрыццё чарговых літаграфій. У сваю чаргу Давід навучыў мастацтву друкавання сваіх дзяцей Рыўку-Юдэсу і сына Зундэля7. Менавіта ў адной з майстэрань гэтай сям’і ў 1924-1928 гг. былі надрукаваны наступныя планы г.Гродна (малюнак 5).
|
13. КП - 14783. Plan Góry Zamkowej w Grodnie. Wykonany w Kier. Rej. Inż. i Sap. Grodno podług południka magnetycznego w roku 1924 na mocy roskazu M. S. Wojsk. Dep. V. Inż. i Sap. l. 5364/24.V. Tjn. w. IV. a. d. 11.10.1024 r. Rysował Ułanowski kreslarz. Nakład Muzeum Państwowego w Grodnie. Odbito w litografji „Z.Mejłachowicz” w Grodnie. 1924.
План 1924 г. Гродна. Маштаб: [1 : 500]. Рукапіс каляровы, друк аднакаляровы, папера, тканіна. Памер аркуша: 97,5 × 120,5 см. Арыентаванне: паўночнае. На плане падаюцца назвы вуліц вакол Замкавай гары, а таксама прозвішчы ўладальнікаў дамоў уздоўж набярэжнай Нёмана. У левым ніжнім вуглу знаходзіцца легенда: тлумачэнне колераў. У правым ніжнім вуглу змешчана апісанне межаў: прадмесце Гродна, рака Нёман, зямля Каложскай царквы, прыватныя ўладанні і інш.
14. КП - 14757/4. КП - 29753. Plan m. Grodna wykonany na podstawie zestawienia budownictwa mejskiego[!] m.Grodna. Wykonał według planów Biura Pomiarów Magistratu m.Grodna w 1928 r. A.Mielnikow. Wydawnictwo księgarni E.Ibierskiego, Grodno. Lit. „Z.Miejłachowicz”, Grodno, 1928.
План 1928 г. Гродна. Маштаб: [1 : 15 000]. Літаграфія каляровая, папера. Памер: 57,2 × 43,1 см. Арыентаванне: паўночнае. Прадстаўлены план горада з назвамі вуліц. У левым ніжнім вуглу змешчана легенда: тлумачэнне знакаў; у левым верхнім – герб Гродна. З адваротнага боку размешчана гандлёвая рэклама.
15. КП - 14687/1,2. Plan nowego parku miejskiego w Grodnie, urządzanego według projektu W.Tańskiego z oznaczeniem miejsca, na którym ma stanąć pomnik Elizy Orzeszkowej.
План 1929 г. Гродна. Выканаў Ю.Ядкоўскі. Маштаб: [1 : 500]. Рукапіс аднакаляровы, калька. Святлакопія каляровая, папера. Памер: 40 × 41 см. Арыгінал і святлакопія. Арыентаванне: паўночнае. План прадстаўляе тэрыторыю гарадскога парка паміж гарадскім батанічным садам, гарадскім тэатрам, плошчай Незалежнасці, Гарнізоннай царквой, Швейцарскай далінай і вуліцай Элізы Ажэшка.
16. КП - 7439. Stadtplan von Grodno. Hergestellt im Reichsamt für Landesaufnahme, Berlin 1940. Generalstab der Luftwaffe. Grundlagen: Orjentacyjny Plan Miasta Grodno 1 : 10 000, 1937.
План 1940 г. Берлін. Маштаб: [1 : 10 000]. Друк двухкаляровы, папера. Памер: 51,4 × 46,2 см. Арыентаванне: паўночнае. Прадстаўлены план горада і бліжэйшага наваколля. Асобна вынесены падрабязны план рыбнага рынка (7,2 × 12,6), план пасёлка і чыгуначнай станцыі Ласосна (7,2 × 8,7). З левага боку падаецца ўказальнік будынкаў грамадскага прызначэння, а таксама спасылка, што гэтыя дадзеныя часоў расійскага ўладання. У верхняй правай частцы змешчаны надпіс, які сведчыць, што гэта спецыяльны выпуск для службовага карыстання. Пад планам знаходзіцца легенда: тлумачэнне знакаў. З адваротнага боку падаецца ўказальнік вуліц у алфавітным парадку. На самім плане ад рукі арабскімі лічбамі пазначаны хутчэй за ўсё ваенныя аб’екты.
17. НД - 251/13, 14. Orjentacyjny plan miasta Grodna. Wydawnictwo księgarni E. Ibierskiego, Grodno. Zakł. graf. Ł.Miejłachowicza, Grodno. 1937 r.
План 1937 г. Гродна. Аўтар невядомы. Маштаб: [1 : 10 000]. Літаграфія каляровая, папера. Памер: 61,8 × 46 см. Арыентаванне: паўночнае. Прадстаўлены план горада і бліжэйшага наваколля. У левым верхнім вуглу знаходзіцца герб Гродна. У левым ніжнім вуглу змешчана легенда: тлумчэнне знакаў. Асобна падаецца падрабязны план рыбнага рынка (9,6 × 12,7), план пасёлка і чыгуначнай станцыі Ласосна (8,4 × 8,8). З адваротнага боку размешчана гандлёвая рэклама, спіс вуліц, алей і плошчаў, грамадскіх будынкаў, а таксама фотаздымкі некаторых помнікаў горада.
18. КП - 29933. Stadtplan fon Grodno.
Копія з польскай карты 1920-30-х г., 1941 (?). Месца выдання невядома. Аўтар невядомы. Маштаб: [1 : 4 000]. Друк каляровы, папера, тканінa. Памер аркуша: 188,5 × 152,5 см. Арыентаванне: паўночнае. Падаецца план Гродна і наваколля. Злева ад плана змешчана легенда: тлумачэнне знакаў.
19. КП - 14757/1,6, КП - 29934. Miasto Grodno. Z planu 1 : 1 000, sporządzonego przez mierniczego przysięgłego Antoniego Augustynika, pomniejszył fotomiechanicznie Inż. Franciszek Augustynek, mierniczy przysięgły w Warszawie.
План 1920-30 г. Выдадзены магчыма ў Варшаве. Маштаб: [1 : 10 000]. Друк двухкаляровы, папера. Памер аркуша: 79,7 × 63 см. Арыентаванне: паўночнае. Прадстаўлены план горада з пазначэннем вуліц, будынкаў, мастоў, могілак і бліжэйшых ваколіцаў.
20. КП - 14675. Karta Odgraniczająca Miasto Grodno z Wygonami od Maiętnosci Stanisławowa i Augustowa oraz od Gruntów Juryzdycznych Skarbowych i innych na mocy Ukazu Izby Skarbowej Littej w roku 1797 Dnia 22 Augusta wyszłego sporządzona i kopcami oraz Liniami Geometrycznemi[!] przezemnie[!] Adama Todta Komornika Pttu Grodzieńskiego wyprowadzona.
Копія, выкананая ў 1920-30-я г. Ю.Ядкоўскім. Гродна. Маштаб: [1 : 33 600] (?). Pукапіс каляровы, калька. Памер аркуша: 50 × 31,5 см. Арыентаванне: паўночнае. Прадстаўлены план Гродна з пазначэннем будынкаў горада і бліжэйшых ваколіц: Пышкі, Пярэселка, Станіславова, Панямунь, Аўгустовак.
Наступныя два планы тычацца аднаго і таго ж участка Гродна, дзе стаяў дом гродзенскага мешчаніна, жандармскага унтэр-афіцэра Фамы Кісялёва. Па дадзеных Нацыянальнага гістарычнага архіва справу будаўніцтва дома суправаджала разбіральніцтва. 103 квартал Занеманскага фарштата, дзе павінен быў будавацца дом, знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад крыніцы, якую называлі Каралеўскй студняй. Яшчэ ў 1895 годзе мяшчане Ю.Гітль і Г.Сталярскі падалі прашенне аб назначэнні агляда месца і забароне будаўніцтва з прычыны таго, што гэта будзе дрэнна паўплываць на якасць вады ў крыніцы, якую бяруць для вырабу сельцерскай8. Праверка была праведзена губернскай камісіяй, якая пастанавіла, што дом можна будаваць, але неабходна перанесці яго на правы бок участка9.
21. КП - 78952. Проектъ на постройку деревяннаго дома Фомой Киселевымъ на местности его временно арендуемой имъ отъ Города въ 103 кварт. занеманскаго города Гродны Форштадта.
План выкананы ў гарадской управе г. Гродна 5 верасня 1895 г. Арыгінал. Прозвішча аўтара невядома. Зацверджаны план ваенным інжынерам Жукоўскім. Маштаб да плана дома: у 1 цалі 3аршыны або адна сажань ці [1 : 84]. Маштаб да плана часткі горада Гродна: у 1 цалі 50 сажаняў ці [1 : 4 200]. Каляровы рукапіс на кальцы. Памер: 62,4 х 29,3 см. Арыентаванне: паўднёвае. На плане маецца анатацыя: “Гродненская Городская Управа, согласно постановленію своему 5-го Сентября состоявшемуся, настоящій планъ утверждаетъ и постройку по оному деревяннаго дома, на временно арендуемой городской земле разрешаетъ съ темъ, чтобы таковой, по истеченію срока содержанія сей земли, былъ снесенъ владельцемъ онаго на собственный счетъ, безъ претензіи къ городскому общественному управленію. Сентября 5 дня 1895 года. Г.Гродно. Причитающийся гербовый сборъ уплаченъ.”. Маецца таксама пячатка гродзенскай гарадской управы і подпісы гарадскога галавы, сакратара гарадской управы. На плане паказаны: уласна план дома, фасад дома, разрэз па аб, план участка, план часткі г.Гродна. Да плана мясцовасці падаецца тлумачэнне.
22. КП - 78953. Plan działu ziemi miejskiej, znajduącej się w posiadaniu ob. Tomasza Kisielewa, przy ul. Lewej-Nabrzeżnej na przedmieściu m.Grodna położonej. Sporządzony w 1925 r.
План 1925 г. Гродна. Аўтар невядомы. Маштаб: [1 : 250]. Рукапіс каляровы, калька. Памер: 31,9 × 44 см. Арыентаванне: паўночнае. На плане прадстаўлены ўчастак зямлі Т.Кісялёва. У левай цэнтральнай частцы знаходзіцца апісанне агульнай плошчы. У левым ніжнім вуглу падаецца апісанне забудовы. На адваротным баку ёсць надпіс ад рукі, які сведчыць аб тым, што дадзены гарадскі пляц быў прададзены на вечнае ўладанне Хэлене Рэй. Тэкст замацаваны круглай пячаткай магістрата Гродна.
Як ужо адзначалася вышэй, картаграфічная калекыцыя Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея з’яўляецца адной з найбольш значных і каштоўных. Карты і планы Гродна – багатая крыніца для вывучэння гісторыі нашага горада, яго будаўніцтва. Даследуючы іх можна параўнаць, якім горад быў раней, што ў ім захавалася да нашых дзён, а што страчана назаўсёды.
1 Muzeum w Grodnie. Zarys dziejów powstania i rozwoju. 1920-1922. Grodno, MCMXXIII.
2 Нацыянальны гістарычны архіў у Гродна (далей НГАБ у Гродна), ф.8, вопіс 1.
3 НГАБ у Гродна, ф.11, вопіс 1.
4 НГАБ у Гродна, ф.11, вопіс 1, спр. 283, стар. 1-1аб, 4-4аб, 6-6аб, 7.
5 НГАБ у Гродна, ф.11, вопіс 1.
6 Назвы планаў і карт падаюцца з арыгінальнай арфаграфіяй, таму словы з недакладным напісаннем пазначаны [!].
7 Сабалеўская В. Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў. – Гародня, 2000. – 88 с.
8 НГАБ у Гродна, ф. 8, вопіс 2, спр. 1123, стар. 2-8 аб.
9 НГАБ у Гродна, ф. 8, вопіс 2, спр. 1123, стар. 2-8 аб.
-
Катэгорыя: Бібліятэка
-
Апублікавана 12 Люты 2009
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической