Калі глядзім на план Гродна 1937 году, то бяз цяжкасці знойдзем яго паўночны раён, які знаходзіцца паміж вуліцамі Базыльянскай, Нарутовіча, Рэйманта і Снядэцкага. У тыя часы гэта быў новы раён пераважна з нізкай драўлянай забудовай.
Месціўся ён сярод агародаў і садоў, якія стваралі досыць вялікі, раскінуты, зялёны прастор. Толькі дзе нідзе вырастала мураваная будоўля, але і яна гублялася сярод высокіх дрэваў. Самай доўгай вуліцай у тым раёне была Грандзіцкая. Цягнулася яна ад плошчы Тызенгаўза, якую называлі таксама Пляцам Волі, на поўнач у кірунку вёскі Грандзічы, што знаходзіліся ў 5 км ад гораду. Вуліца Градзіцкая завяршалася каля вул. Каліноўскага, і адначасова была пачаткам Грандзіцкай Шашы. Вуліца ад шашы адрознівалася пакрыццём. Вуліца Грандзіцкая была брукаванай, а шаша была пасыпаная жвірам.
Менавіта на стыку Грандзіцкай вуліцы і шашы фарсухі з Грандзічаў і іншых бліжэйшых вёсак затрымліваліся, каб атрэсці пыл з ног і апрануць чаравікі. У тыя часы было прынята хадзіць босымі па вёсцы, ці па прадмесцю. Невядомыя зараз малочніцы часта хадзілі без абутку, носячы за плячыма і перад сабой конаўкі з малаком і літровыя меркі. У абутку ішлі ў касцёл, да мясцовых уладаў ці “у госці”. Безумоўна, што заможныя хадзілі ў абутку, як правіла, калі ездзілі на фуры ці фурманцы за пакупкамі.
Раён, аб якім пішу, знаходзіўся ў найвышэйшай частцы горада. Стоячы на выхадзе з вул. Каліноўскага на вул. Грандзіцкую, дзе калісьці была прадуктовая крама Вашкевіча, можна было ўбачыць зялёную панараму горада. Бліжэйшая частка горада ў раёне яру Гараднічанкі размяшчалася ніжэй. На даляглядзе былі заўважнымі белыя барочныя вежы гродзенскай фары, досыць каранасты (камлюкаваты) і моцна асеўшы будынак Гарнізоннага касцёла і высокі спічасты сілуэт бернардынаў. Брыгіткі хаваліся сярод дрэваў, якія раслі ў кожным раёне горада. Сярод дрэваў і іншых будынкаў былі заўважны абрысы Замкаў – Новага і Старога. Асабліва прыгожай выглядала панарама Гродна, калі заходзячае сонца асвятляла белыя вежы касцёлаў і замкаў. Жывая, сакавітая зеляніна дрэваў хавала часта убогія дамкі і дрэнна пахнучыя канавы.
Вуліца Грандзіцкая і Дроўны рынак – гэта месцы, якія ўзгадваю праз шмат гадоў. Іх вобраз вельмі добра захаваўся ў маёй памяці, што нават сучасныя вобразы не перакрэслілі яго. Увесь час бачу даўнюю вул. Грандзіцкую і прылягаючы да яе рынак.
Тая вуліца пачыналася з Плошчы Свабоды (Пляцу Волі), дакладней з масіўнага маста над Гараднічанкай, які вёў да палаца архірэя. Гэты палац стаяў у глыбіні старога парку. Ён моцна нас уражваў. Унутры палац быў досыць цёмны, цемру ўзмацнялі высокія густыя дрэвы і засланяючыя вокны кусты. На ўнутраных сценах палаца былі намаляваны постаці святых. Гэта быў жывапіс выкананы ў візантыйскім стылі. Выявы ўяўлялі сабою аскетычныя постаці, якія вялікімі сумнымі вачыма пранізліва глядзелі на нас. Дадатковае ўражанне ствараў пах кадзідлаў, моцны і пранізлівы, які значна адрозніваўся ад кадзідлаў касцёльных. У гэтай сцэнаграфіі перасоўваліся бясшумныя, цалкам апранутыя ў чорнае, у прылеглых да галавы чапцах “манашкі”. Калі быў яшчэ малым, чакалі мы побач з палацам бацюшку, каб у адпаведны момант схапіцца за гузік. Аднойчы, убачыўшы бацюшку, які набліжаўся да нас, схапіліся за гузік, а бацюшка павярнуўся і кажа - лепш бы мы хапаліся за галаву, каб захаваць рэшткі розуму, якога нам не хапае. З гэтага моманту я больш не хапаўся за гузік.
Вуліца Грандзіцкая да габрэйскіх могілак з абодвух бакоў была засаджана таполямі і ліпамі, на некаторых участках ствараліся падвойныя шпалеры. Ідучы вуліцай угору з левага боку паказываўся шырокі агарод і сад, а з правай зарослыя дрэвамі будынкі вайсковай жандармерыі, а затым шпіталя. Сярод дрэў стаялі масіўныя аднапавярховыя будынкі з цэглы, у якіх таксама жылі сем’і вайскоўцаў. Гэта тэрыторыя был аточана агароджай на падмурку і жывой загараддзю.
За вайсковымі забудовамі, да якіх прылягалі жылыя дамы з прадуктовай крамай, перпендыкулярна Грандзіцкай ішла вуліца Міцкевіча. Яна таксама была ўся густа засаджаная дрэвамі з агародамі і садамі ў яе глыбіні. Стаялі там мураваныя і драўляныя дамы, сярод якіх вылучаліся дом і крама з першакласнымі каўбаснымі вырабамі пана Полудня.
З левага боку вул. Грандзіцкай брала свой пачатак вуліца Базыліянская, якая вяла ў бок Нёмана. На гэтай вуліцы быў збудаваны досыць вялікі будынак КОП. Там на супраць Завершчызны знаходзілася школа № 8, многія настаўнікі якой загінулі падчас акупацыі, а яшчэ далей знаходзіўся цагляны завод Аркіна, за якім была ўжо Каложа з ХІ ст., якая стаяла на высокім беразе Нёмана.
З левага боку Грандзіцкай, за Базыліянскай знаходзіўся Дрэўны рынак. У гандлёвыя дні сюды з бліжэйшых вёсак з’язджаліся вазы з парэзанымі бярвеннямі. Вялікі воз дрэва з дастаўкай да дому і складанннем яго ў складзік каштаваў каля 10 злотых. На рынку часта бачыў габрэйскіх гандляроў, якія набывалі ў канцы дня вазы з дрэвам, каб наступны раз прадаць іх з прыбыткам. На вазах часта сядзелі вясковыя бабулі прадаючы яйкі, масла ці смятану смаку, якога зараз нідзе не знайду. Аднак асноўны гандаль спажывецкімі таварамі з вёскі адбываўся на так званым Сенным ці Скідзельскім рынку.
У час перад Калядамі на Дроўным прадавалі прыгожыя, мажныя елкі вышынёй 3-4 м. Пакоі тады мелі іншую вышыню, чым зараз. Кошт такога дрэўца вагаўся ў межах 3-4 злотых. Тыя елкі мелі цудоўны пах і не засыхалі два, тры дні. Цяпло ад напаленых печаў не высушывала паветра так хутка, як ад батарэі.
Перад пачаткам вайны ў верасні 1939 году Дроўны рынак змяніўся. Разам са сваім атрадам капалі мы так званыя супрацьтанкавыя яры. Рылі тую ўбітую зямлю з такой зацятасцю, як бы ад гэтага залежыла перамога ў надыходзячай вайне.
Тыя рвы мелі так званы адкрыты профіль, маглі змясціць адначасова сто чалавек, яны знаходзіліся ў частцы рынку, якая прылягала да вул. Рэзніцкай. Аднак сваёй ролі яны не выканалі, хаця шукалі ў іх сховішча ў недалёкай будучыне. Лёс усцярог гэты раён ад трагедыі, якую зведалі іншыя раёны Гродна.
Амаль на рагу Грандзіцкай і Міцкевіча была крама з правам продажу на разліў спіртовых напояў, якая належыла пану Яблонскаму. У яе вітрыне заўсёды стаяла засмажанае да бронзавага колеру парася з яйкам у лычку. Досыць часта каля гэтай невялікай забягалаўкі стаялі дзве, тры фурманкі сялян, якія вярталіся пасля спраў. Коні мелі накінуты на пысу мяшок з сечкай, які часта трэслі, а іх уладальнікі частаваліся ў пана Яблонскага глытком чыстай, заключаючы паспяховыя і не вельмі ўдалыя пагадненні.
У тыя часы можна было часта ўбачыць фурманку са змораным сном фурманам, якую цягнуў угору і беспамылкова трапляў ва ўласны двор шчыры сіўка. Колавы рух на вуліцы Грандзіцкай быў невялікі. З’яўленне аўтамабіля па гэтай вуліцы была вельмі рэдкім выпадкам.
Насупраць выязду з вуліцы Рэзніцкай, у адным з самых значных дамоў знаходзілася аптэка пана Юдэйкі, па-сучаснаму абсталяваная, са светлым інтэр’ерам і з шэрагам таямнічых, чорных надпісаў на белых таблічках. Тады ў аптэку заходзілі пасля набажэнства са светлай галавою, хаця набывалі толькі “пеўня” ці бутэльку ненавіднага рыбінага тлушчу. Зараз на гэтым месцы таксама аптэка, але наколькі яна збяднелая, шэрая, і нічым не нагадвае той аптэкі часоў яе і маёй маладосці.
Тут жа па прыступках, якія вялі ў паўсутарэнні, трапляў у пякарню, у якой пяклі вельмі смачны хлеб на лісцях хрэну. Аднак за булкамі з макам у форме трохкутніка ішлі да пякарні ў доме Люббэга на 11 лістапада, альбо да пякарні Каплана з другога боку Дроўнага рынку. У Каплана былі найлепшыя кайзеркі, так званыя здобныя. Ніякія сучасныя вырабы варшаўскіх пякарняў не параўнаць з тым гродзенскім хлебам. Паблізу аптэкі была крама Маламеда. Уласнік гандляваў прадметамі гігіены, галантарэйнымі таварамі, фінскімі нажамі, ліхтарамі і т.д. Хоць быў жыдам, але гандляваў свечкамі для Камуніі. Паблізу канкурэнцыі не меў.
Недалёка ад Маламеда была даволі добра забяспечанная каланіяльная прадуктовая крама Канэла. Яна знаходзілася на першым паверсе вуглавога дома на перасячэнні вуліц Грандзіцкай і 11 лістапада. Канэлі былі габрэйскай сям’ёй з даволі старым радаводам. Іх дачка вучылася граць на скрыпцы, часта даючы канцэрты праз адчыненнае вакно, якое выходзіла на вуліцу 11 лістапада. Бабуля маладой скрыпачкі таксама сядзела каля вакна і прасіла нас, каб не перашладжалі яе ўнучцы граць.
На супрацьлеглым рагу Грандзіцкай і 11 лістапада стаяў дом з крамай, дзе мы куплялі канцылярскія тавары. У тым доме жыла наша сяброўка Ірка Пашкоўна. У адной з кватэр той каменіцы восенню 1943 г. знаходзілася кантактавая скрыня; была аднак даволі хутка ліквідавана з-за выкрытай пагрозы. Каля таго дома, але тварам да вуліцы 11 лістапада, стаяў дом Саблінскіх. Ён быў размешчаны на фоне агародаў; драўляны, з так званай салькай і вялікімі верандамі.
На тым кавалку вуліцы Грандзіцкай раслі высокія таполі, якія засланялі і так схаваныя сярод дрэў і бэзу жылыя аднапавярховыя хаты. Ідучы ў гару за вуліцай 11 лістапада, з левага боку знаходзіліся агароды і сады, якія цягнуліся аж да брамы габрэйскіх могілак. Тыя людзі, якія жылі блізка ад вуліцы Грандзіцкай, часта былі сведкамі габрэйскага пахавальнага шэсця. У канцы 30-х гадоў у Гародні было каля 60 тысячаў жыхароў. Жыдоў было 15-16 тысяч, яны жылі ў вялікіх згуртаваннях у раёне вуліцы Перэца, Рыбнага рынку, Мясной вуліцы. Габрэі таксама жылі на вуліцах Вітаўта, Лістоўскага і Маставой. Габрэйскія могілкі з брамай і пахавальным бюро знаходзіліся на вуліцы Грандзіцкай, займаючы даволі вялікую прастору уздоўж вуліцы Каліноўскага, на поўдні былі абмежаваныя вуліцай Рэзніцкай. Яны былі агароджаны даволі высокім мурам. Пахавальнае шэсце рушыла ў гару па вуліцы Грандзіцкай. Конь, альбо пара, цягнулі пахавальны воз. Ён меў форму прадаўгаватай скрыні, у якую ўстаўлялася меншая па памерах адчыненная скрыня з абкручанным у белую тканіну целам. Усё было пафарбавана ў чорны колер. Не магу прыгадаць, каб там былі нейкія ўпрыгожванні ці нават кветкі. Памятаю, што ўдзельнікі пахавальнага шэсця стараліся дакранацца да скрыні. У шэсці адрозніваліся толькі плаксы. Усе ішлі разам, не звяртаючы асаблівай увагі на акружэнне. Калі жалобная група даходзіла да пахавальнага бюро, распачынаўся праніклівы плач і енкі, якія пераходзілі ў скавытанне. Ірвалі сабе валасы і вярталіся з тым жа лямантам. Мы назіралі за гэтай цырымоніяй, седзячы на муры, які агароджваў могілкі. Крык плаксаў рэзка прыпыняўся на знак старшыні цэрымоніі і слова ша!
Габрэйскія могілкі не выклікалі такога страху як каталіцкія ці праваслаўныя. Часта позна ўвечары хлопцы перабіраліся праз мур могілак і, хаваючыся ў вялікім лісці лопуху, голасам імітавалі прывідаў і свяцілі ліхтарыкамі, пакуль вартаўнік не нацкаваў на “прывідаў” сабак. Сёння ад гэтых могілак не засталося ні каменю. Тут цягнуцца шэрагі безназоўных і чужых жыллёвых шматпавярховікаў, а ўсё разам называецца Бульварам Ленінскага Камсамолу.
На месцы, дзе знаходзіліся шэрагі каменных надмагілляў габрэйскіх жыхароў Гародні, сёння фанабэрыцца вялікі спартыўны стадыён.
Аднак вернемся да даўняй вуліцы Грандзіцкай, дзе насупраць брамы могілак стаяла аднапавярховая драўляная хата з прыгожымі верандамі. Тут жыла наша знаёмая Данка Фіялкоўская – непадзельная пара Крысі Баселёўны (што з імі адбылося?!). За той хатай да вуліцы Грандзіцкай даходзіла вуліца Панятоўскага. Па правым боку вуліцы, у агародах з язмінам і бэзам, стаялі драўляныя хаты, схаваныя ў дрэвах. Па левым баку вуліцы цягнулася тэрыторыя, на якой стаялі хаты афіцэраў. Даволі выпадкова раскіданныя, белыя, аднапавярховыя мураваныя будынкі былі абкружаны высокай агароджай, якая не ўяўляла для нас ніводнай перашкоды. Там мы бавіліся ў podchody. На той вуліцы, тады яшчэ небрукаванай і пясчанай, трэніраваўся гарадзенскі легкаатлет Вітаўт Гярута. Кідаў кап’ё і ядро, а мы на пераганкі прыносілі яму кап’ё альбо дыск. Да 1937 года гэта вуліца была ціхай і сумнай.
На вуліцы Грандзіцкай можна было сустрэць непаўторную асобу. Гэтую высокую, апранутую ў цёмнае, жанчыну сярдняга ўзроста называлі “інспектаршай”. Гэтай псыхічна хворай жанчыне не падабаліся ўсе дамы, якіх яна сустракала па дарозе. Яна гучна ставіла ў сумненне іх маральнасць і абвінавачвала іх у брыдкіх намерах, якія яны нібыта мелі ў адносінах да яе мужа, які дзесьці быў інспектарам. Гэта быў сталы мужчына, апрануты як у XIX стагоддзі. Ён насіў высокі нягнуткі каўнер, кацялок і пенснэ. Ён быў непрыкметным забеганым і паглынутым у справы чыноўнікам, нагадваючым героя твораў Габрыэль Запольскай. Усе жанчыны абыходзілі інспектаршу, але гэта не дапамагала.
Мінала лета. Скрыўленая, маючая шматлікія дрэвы, вуліца Грандзіцкая пакрывалася снегам. Не магу прыгадаць у тых часах і ваколіцах зімы без снега. Узімку снег папросту мусіў быць. Перад зімой нарыхтоўваліся запасы. Сяляне хавалі ў склепах мяшкі з бульбай, морквай ці буракамі. У восеньскія вечары шаткавалі капусту па бочках. Калі выпарвалі бочку і прыносілі шаткаўніцу, у хаце панавалі рух і мітусня. З Дроўнага рынку дрэўна цягнулі фурманкі з дрэвам, каб было што паліць у марозныя вечары. Адпаведна забяспечвалі сябе дзвярыма і вокнамі. Устаўляліся зімовыя вокны, а паміж імі клалася вата, якую упрыгожвалі ўсім што было і на што каму хапала вынаходлівасці. Рэзалі каляровыя ніткі, клалі шышкі, кветкі бяссмертніка і т.д. Таксама паміж вокнамі ставілася страшная кіслата, якая не дазваляла шклу пацець. Тая кіслата была настолькі “смяротнай”, што нават адным пальцам нельга было да яе дакранацца. Нягледзячы на гэтыя перасцярогі, мароз і так ствараў на вокнах мастацтва. Асабліва цудоўна выглядалі гэтыя творы з раніцы, калі цяпло яшчэ не паспела іх знішчыць. Па заснежаннай вуліцы Грандзіцкай з бразганнем бомаў перасоўваліся нізкія і шырокія сялянскія сані. Брычкі замянілі прыдуманыя сані з высокімі і глубокімі бакамі. Палазы гэтых саняў былі высока выкручаны ўгару, каб абараніць воз ад кавалкаў лёду, якія ляцелі з-пад капытаў коняў. Для камфорта і цяпла ў пасажыраў на нагах было пакрывала з махрамі. Вупраж каня была аздоблена пласцінкамі, а яе галоўным элементам былі шарападобныя званочкі, якія называліся “бразгунамі”. Арганізацыя такой паездкі ад вуліцы Падгорнай да вуліцы Жаромскага зменшала запасы кішэні на адзін злоты.
З прычыны свайго нахілу і адносна невялікага руху вуліца Грандзіцкая была галоўным маршрутам для тых, хто карыстаўся санямі. Язда пачыналася на ўзроўні адхілення вуліцы Панятоўскага, а скончвалася каля Базыльянскай. Праўдзівая санная дарога адчувалася, калі ў санях было 3-4 чалавекі. У той час былі патрэбныя масіўныя сані – кавальскія. Усаджваліся на тых санях дакладна адзін за другім. Галоўную функцыю выконваў стырнавы, які сядзеў наперадзе і апошні, які быў адказны за кіраванне і тармажэнне. Другое і трэцяе месца былі толькі баластам. Самая дасведчанная група рабіла з’езд больш захаплялным, кладучы ўпоперак саняў тоўстую дошку, абцяжарваючы яе па абодвух баках выпадковымі пасажырамі. З-за вялікай небяспекі такая язда, якая называлася “на крыж”, хутчэй была рэдкасцю. Абцяжаранныя сані разганяліся да вялікай хуткасці. Ехалі з гары па вуліцы Грандзіцкай, кіруючыся каньком стырнавога. Тармазны дапамагаў яму рычагамі прымацаванымі каля кранштэйнаў палазоў. На ўзроўні крамы Маламеда санкі ўжо мелі прыстойную хуткасць, і кіроўца вырашаў ці з’езд адбудзецца проста па вуліцы Грандзіцкай, ці па больш складаным маршруце – з паваротам каля кіёску з газетамі ў накірунку крутога схілу Дроўнага Рынку. Складанасць гэтага варыянту заключалася ў дакладным накіраванню саняў направа праз ходнік паміж дрэвамі. Калі бралася пад увагу хуткасць саняў і іх маса, перспектыва сутыкнення з дрэвам была мала прывабнай. Калі ўсё ж такі гэты манеўр, разам з крыкам і віскам з дарогі!!, атрымліваўся, то нас чакаў з’езд праз увесь рынак, перасячэнне Базыльянскай і язда па схілу вуліцы Піўной, аж да мастку праз Гараднічанку. Наступнай небяспекай было атрыманне бізуном ад возчыкаў, канёў якіх мы палохалі сваім крыкам. Мы раўлі, каб не збіць каго-небудзь, хто бы мог пераходзіць дарогу, а таксама ад радасці і жаху. Кіроўца мусіў уважліва назіраць за трасай, каб мінаць свежыя сляды шчырага каня. Спазнёны манеўр аб’езду мог спрычыніцца да перакульвання, а ў лепшым выпадку да страты хуткасці. Прымусовае тармажэнне скарачала шалёную язду і радасць. У тыя часы было тры экіпажы, якія з’язджалі па складаных трасах. Адным з іх кіраваў Клюк, другім - таварыскі Татар Ельяшэвіч, а трэцім – Лонэк Апаровіч. Мне выпадала функцыя баласту, а ўвогуле мяне бралі толькі з-за таго, што ў мяне быў добры стайневы ліхтар, які падчас з’езду я трымаў на палцы. Вяртаючыся ўгару і цягнучы сані, мы чулі ў свой адрас словы жулікі, розбойнікі альбо ад габрэяў – тфу, мішугіне!
***
Грандзіцкая вуліца і Дроўны Рынак змянілі свой выгляд, асабліва гэта тычыцца апошняга. Зніклі крамы, дзе гандлявалі ўсім. Галоўнае, зніклі людзі, з якімі звязаны нашыя ўспаміны. Трагедыя гродзенскага гета, вайна, ссылкі і турмы змянілі вобраз Гародні. Горад набыў іншы характар. Не хапае там людзей, якія шмат пакаленняў жылі ў гэтым наднёманскім, трагічным у сваёй гісторыі горадзе.
Толькі ў некаторых раёнах можна знайсці фрагменты Гародні, які застаўся ў нашай памяці палову стагоддзя таму. Толькі ў касцёлах няшмат звонку змянілася. Калі стаім у бакавых нефах і глядзім на фігуры ці вобразы святых, на харугвы, прыгадваюцца нам даўнія вобразы і забытыя падрабязнасці.
Варшава, 22 красавіка 1994 г.
Здзіслаў Цыпельт нарадзіўся 21 сакавіка 1925 у Гародні, памёр 23 красавіка 1994 у Варшаве. Пахаваны ў Варшаве на Паванзкоўскіх могілках. Генерал брыгады, лётчык-выпрабавальнік, выпускнік першага пасляваеннага выпуску Школы “Orlat” у Дэмбліне. Абаронца Гародні у 1939 г., малодшы лейтэнант у Арміі Краёвай, псеўданім Ручай. Вялікі грамадзкі дзеяч, які адданы справе дапамогі палякам на Усходзе. Былы старшыня арганізацыі імя Элізы Ажэшкі (сёння Саюз Гарадзенцаў) у Варшаве. Ініцыятар і галоўны арганізатар першага з’езду Гарадзенцаў у Гародні (25-29 траўня 1994 г.). Рысывальшчык, ілюстратар шматлікіх кніг для дзяцей і дарослых.
-
Катэгорыя: Гародня ўчора
-
Апублікавана 18 Май 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической