Засяленне левага берага Нёмана, які складаў частку гэтак званага занёманскага пасада Гродна, адбывалася яшчэ ў Сярэднявеччы. У крыніцах занёманскае прадмесце неаднаразова сустракаецца пад назвамі вёска Занямонне-Панямонне ці Рылаўцы. Тут валодалі пляцамі Агінскія, Патоцкія, Радзівілы, горад і гродзенская эканомія.

Аднак, фактычна, асноўная планіроўка гэтай часткі горада была закладзена толькі падчас валочнай памеры ўжо ў другой палове XVI ст.

Левабярэжны Гродна першапачаткова складаўся з квадратнага рынка і шасці вуліц: Горніцкай – на паўнёвы ўсход, “маставой дарогі” – з рынка на Нёман, Навадворскай – на паўночны захад, Адэльскай – на поўдзень, Кузніцкай – на паўднёвы захад і Лабенскай. На поўнач ад тагачаснай вуліцы Лабенскай знаходзіўся вялікакняскі Звярынец – цяпер частка ўзбярэжжа ніжэй Францысканскага касцёла. Акрамя таго, уздоўж Нёмана ішла вуліца Рабяёўская (дарэчы, на знакамітай гравюры Гародні Адэльгаўзера-Цюндта канца XVI ст., дзе левабярэжная чатка гарода знаходзіцца на першым плане, яе планіроўка прадстаўлена ўжо дастаткова дакладна).

Хутчэй за ўсё, занёманскі Рынак (зараз пляцоўка паміж былым Францысканскім кляштарам і Інстытутам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў) у гэты час функцыянаваў у якасці галоўнай планіровачнай дамінанты. Першыя ўзгадкі пра яго сустракаюцца акурат у валочнай памеры Гродна 1560 – 1561 гг. Тут былі вымераны “пляцы панскія, зямянскія і рамеснікаў паспалітых замкавага прысуду... для лепшага парадку на роўныя часткі... таксама каторыя здаўна асядліліся, а са сваіх месцаў з забудовай не рушыліся”. Непасрэдна каля рынка мясціліся некалькі гарадскіх участкаў, палац вялікага літоўскага гетмана Міхала Казімірa Агінскага і фальварк айцоў-францысканцаў.

 

Калі ў сярэдзіне XVI ст. крыніцы ўзгадваюць на занёманскім прадмесці толькі аднаго яўрэя – ім быў Абрам Тудзіц, які “даўно ўжо тут жыў”, дык на 1794 г. яўрэі ўжо складалі дзве траціны жыхароў Занёмання. Прыкладна тады ж тут была пабудавана г.зв. драўляная сінагога на Фарштаце (па некаторых крыніцах, сінагогу пабудаваў каля 1760 г. Бэйсам Хохесасам).

Аднак, толькі тапаграфічны і дэмаграфічны аналіз левабярэжнай часткі не дае нам поўнага прадстаўлення пра яе ролю ў развіцці горада. У гістарыяграфіі ж, фактычна, яна апынулася за межамі Гродна, у баку ад галоўных падзей. Тым часам, дастаткова нават павярхоўнага позірка, каб зразумець, што гэта не так. Магчыма, тут, на левым берзе Нёмана, збудаваў свой замак Вітаўт, каб падтрымаць гродзенскі гарнізон, які знаходзіўся ў аблозе, а ўжо пазней – каля 1392 г., паўстаў крыжацкі замак Naugarden – “Новы Гродна”, які той жа Вітаўт, дарэчы, і спаліў. Верагодна, няхай пакуль на ўзроўні гіпотэзы, гэта як раз адсюль, ад уладанняў Яна Забярэзінскага, пачынаўся вядомы мяцеж князя Глінскага. У рэшце рэшт, тая ж гравюра Цюнда вельмі красамоўна адлюстроўвае сапраўднае месца левабярэжнага горада ў гістарычнай прасторы.

 

Сваеасаблівай мяжой у гісторыі левабярэжнага Гродна стаў канец XVIII ст., калі ўпершыню за доўгі час паўстала рэальная пагроза захавання агульнай цэласнасці горада. Гэтак, у студзені-лютым 1796 г., пасля апошнягя падзела Рэчы Паспалітай, распачала працу пруска-расійская дэмаркацыйная камісія. Менавіта падчас яе паседжанняў, нямецкі бок запатрабаваў правесці новую дзяржаўную мяжу па левым беразе Нёмана да ракі Свіслач (пазней – да Панямуні), што фактычна азначала падзел Гродна. У адказ расійская дэлегацыя прапанавала правесці мяжу па Нёмане да ракі Ласосна, спасылаючыся на прывілей вялікага князя Аляксандра з 1496 года, згодна з якім да Гародні адносілася і левабярэжная частка горада. У выніку, у сваім спецыяльным мемарыяле прускія дыпламаты паведамілі пра тое, што іх урад у сувязі з добрымі адносінамі да Расіі, фармальна адмаўляецца на яе карысць ад Занёманскага прадмесця Гродна, і што мяжа павінна прайсці ад вёсцы Грыбоўцы на Гродна, аднак, абыходзячы прадмесце. На гэта расійскі бок заявіў, што “прускі кароль ня можа адмовіцца ад прадмесця, паколькі ён усё адно не мае на яго правоў”. У рэшце рэшт справа вырашылася пасля асабістай перапіскі паміж М. Рэпніным і прускім каралём.

 

 Прыкладна з гэтага моманту ў гістарычных крыніцах у дачыненні да левабярэжнай часткі горада пачынае сустракацца назва “Гродзенскі Фарштат”, што ў перакладзе з нямецкага азначала – гарадское прадмесце, слабаду, у розных транскрыпцыях. Тады ж адбываюцца значныя змену ў самой структуры Фарштата, а сам яго абшар паступова змяшчаецца на поўдзень ад старога рынка ў раён г.зв. Хлебнай прыстані. Менавіта тут, на скрыжаванні шляхоў з Беластока, Лунна, Тыкоціна і Ласосна, якое стала месцам скрыжавання вуліц Ізвозчыцкай, Беластоцкай, Аўгустоўскай, Ласасянскай, Казачай, Леванабярэжнай, Індурскай і паўстае новы планіровачын цэнтр.

Сваеасаблвай артэрыяй, якя і спалучыла два рынка: стары, каля Францысканскага кляштара, і новы – побач з прыстанню на Нёмане, стала вуліца Варшаўская. Упершыню яна трапіла на план Гродна ў 1793 г. Вуліца пачыналася непадалёку ад нёманскай пераправы ў раёне францішканскага касцёла, а яе паўночны пункт замыкала скарбовая аўстэрыя (карчма), што знаходзілся акурат у раёне новапаўсталай плошчы.

 

Школа імя Жэромскага (цяпер школа 6)
Школа імя Жэромскага (цяпер школа 6)

Варта яшчэ ўзгадаць пра вайсковае значэнне гэтай часткі Гродна, якое, не ў апошнюю чаргу было звязана са стратэгічнай роллю пераправы праз Нёман. Невыпадкова, менавіта тут на працягу ўсяго ХІХ ст. і ўжо пазней знаходзіліся летнія вайсковыя лагеры расійскай імператарскай арміі, будаваліся лінія земляных фартоў ды цэлая сетка вайсковых казармаў. Дарэчы, гэтае сваеасаблівае “спаборніцтва” паміж дзвюма рознымі, па сваёй сутнасці, канцэпцыямі развіцця гэтай часткі горада – эканамічнай і мілітарнай, пакінулі на Фарштаце найбольшы адбітак…

Быў яшчэ, аднак, адзін істотны момант, які амаль не стаў прычынай вельмі далёка ідучых зменаў. Справа ў тым, што на супрацьлеглым, правым беразе Нёмана ўжо напрыканцы ХІХ ст. стаў моцна адчувацца недахоп вольных тэрыторый для далейшага развіцця, што ў значнай ступені было абумоўлена існаваннем у гэтым накірунку вялікіх прыватных зямельных абшараў (перш за ўсё – уладанні князёў Друцкіх-Любецкіх). Таму ў гэты час пры распрацоўцы планаў разбудовы Гродна галоўная роля адводзілася менавіта Фарштату. Так у 1882 г. у Пецярбургу быў зацверджаны “План праектаванага размяшчэння губернскага горада Гродна”, падпісаны міністрам унутраных спраў імперыі А.Талстым. Паводле гэтага плана пашырэнне горада планавалася ў бок сучаснага Каложскага парка на правым беразе, а левабярэжжа павінна было амаль цалкам змяніць сваё аблічча.

 

Забудова вуліцы Збажовай
Забудова вуліцы Збажовай

Усю гарадскую прастору планавался пакрыць сеткай строга акрэсленых квадратых і прамавугольных кварталаў з двумя плошчамі – безыменнай у раёне цяперашняй плошчы Савецкіх пагранічнікаў (на ёй планавалася размесціць гандлёвыя рады) і Гур’еўскай плошчай (на поўдзень ад францысканскага кляштара). Архітэктурнай дамінантай фарштата павінна была стаць праваслаўная царква прыкладна ў пачатку сучаснай вуліцы Міра. Размешчаная ў адным квартале ад касцёла і кляштара францысканцаў яна, безумоўна, павінна была стаць ідэалагічным канкурэнтам каталіцкай святыні. Гэты план, аднак, ніколі не быў рэалізаваны, думаецца, што найперш у сувязі з тымі цяжкасцямі, якія стварыў для горада грандыёзны пажар 1885 г. 

Мост у раёне сучаснага Новага моста, існаваў у 1915 - першай палове 1920-х гг.
Мост у раёне сучаснага Новага моста, існаваў у 1915 - першай палове 1920-х гг.

Пасля 1882 г. царскія ўлады ніколі больш не вярнуліся да сістэмнага планавання разбудовы Занёманскага фарштата. Гэты раён горада развіваўся хутчэй стыхійна – працягвалася забудова ўжо існаваўшых вуліц, якія паступова пераходзілі ў загарадныя тракты. Хіба што адзіным выключэннем стала тут пабудова ў сярэдзіне 1890-х гг. Свята-Уладзімірскай царквы. З пункту гледжання сучаснай тапаграфіі Свята-Уладзімірская царква знаходзіцца ў надзвычай няўдалым месцы – каля чыгункі, паміж двума прадпрыемствамі, амаль пад велізарным пуцяпровадам. Аднак у момант будаўніцтва царквы гэтае месца было вельмі добрым, бо запланаваны храм быў бачны з чыгункі, пры чым таго яе накірунку, які вёў у бок Царства Польскага, і ў дадатку знаходзіўся значна бліжэй да тагачаснага цэнтра Занёманскага Фарштата, чым францысканскі кляштар. Адначасова з новым храмам каля яго з’явілася плошча Святога Уладзіміра, якая знаходзілася ўсяго толькі ў адным квартале ад галоўнага скрыжавання вуліц Фарштата. Зразумела, што будаўніцтва Свята-Уладзімірскай царквы менавіта там, дзе яна паўстала, з тагачаснага пункту гледжання ставіла яе ў досыць добрае канкурэнтнае становішча з галоўнай рымска-каталіцкай дамінантай гэтай часткі Гродна.

 

Фарштат на плане 1706 года
Фарштат на плане 1706 года


Паводле “Распісання дамоў Гродны з указаннем колькасці дворнікаў” у 1907 г. правабярэжнай частцы горада больш чым на шасцідзесяці вуліцах, завулках і плошчах мела ўласнаць каля 1 тысячы уласнікаў, а на пяці занёманскіх вуліцах знаходзіліся землі 132 уласнікаў (пры гэтым аж трынаццаць з іх мелі прозвішча Любіч). Гэта значыць на левым беразе Нёмана знаходзілася каля 11% гарадской забудовы. Калі адзначыць, што ў пералік вуліц на Фарштаце чамусці не трапілі ўласна Хлебная прыстань, а таксама вялікія Млынарская і Леванабярэжная вуліцы, то можна дапусціць, што колькасць гродзенцаў, якія ў пачатку ХХ стагоддзя жылі ў занёманскай частцы горада, узрасла прыкладна да 15–20% ад усіх жыхароў Гродна.

Паступова занеманскі Фарштат атрымаў свай асабісты “твар”. У 1880-х – пач. ХХ ст. тут паўсталі некалькі вельмі цікавых узораў так званай “цаглянай эклектыкі”. Гэта найперш Уладзімірская царква і казармена-складскі комплекс у раёне Хлебнай прыстані (цяпер знаходзіцца пад пагрозай разбурэння). У 1913 – 1914 гг. на скрыжаванні сучасных вуліц Савецкіх пагранічнікаў і Гарнавых (акурат, дзе цяпер знаходзіцца транспартнае кальцо з боку абласной філармоніі) быў пабудаваны двухпавярховы гатэль “Надзея”, які належаў Любічам. Можна сцвярджаць, што гэты будынак быў самым завершаным і яскравым прыкладам архітэктуры мадэрну з усіх, што будаваліся ў Гродне. Былы гатэль “Надзея” перажыў дзве сусветныя вайны і быў разбураны ў 1970-х гг. 

Гатэль
Гатэль "Надзея"


Прамысловае развіццё Фарштата было шчыльна звязана з пераапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі – трэба меркаваць, той яе часткі, якая першапачаткова павінна была трапіць на прычалы Хлебнай прыстані. Напрыклад, у 1869 г. пяць з сямі гродзенскіх бровараў знаходзіліся ў занёманскай частцы горада. Гэта было прадпрыемства Міхала Роберта Турка і Лейбы Шарашэўскага на Млынарскай вуліцы і бровары Саламона Лапіна, Янкеля Лапідуса і Яффэ ў раёне Хлебнай прыстані. Бровар Яффэ, таксама як, дарэчы, і ягоная вінакурня (размяшчалася таксама на Хлебнай прыстані), існавалі як мінімум да канца 1920-х гг. У тым самым 1869 г. на Занёманскім фарштаце працаваў і адзін з трох медавараных заводаў горада, які належаў Берку Лабенскаму і размяшчаўся па адрасе Беластоцкая, 28.

 


Самыя магутныя прадпрыемствы дрэваапрацоўчай прамысловасці Гродна таксама знаходзіліся на левым беразе ракі. Цікава, што некаторыя з іх перажылі своеасаблівую эвалюцыю, пераўтварыўшыся ў тартакі са звычайных невялічкіх млыноў. Напрыклад на адным з малюнкаў Напалеона Орды на левым беразе ракі насупраць замкаў бачны невялікі белы будынак вадзянога млына, які належаў гродзенскім кармелітам. Каля 1884 г. на млыне быў усталяваны паравы рухавік і апрача памолу мукі была распачата апрацоўка дрэва. Пасля Першай Сусветнай вайны прадпрыемства функцыянавала выключна як тартак ажно да 1970 г., калі стары будынак згарэў, а на яго месцы быў закладзены невялікі парк.

Такая вялікая колькасць тартакаў у Гродне тлумачылася тым, што пачынаючы з красавіка да канца верасня па Нёмане ішла бесперапынная плынь плытоў з бярвення, якое дастаўлялася з Белавежскай пушчы аж ва Усходнюю Прусію або нават Кранштат. Большая частка лесу праходзіла міма Гродна, аднак пасля таго, як праз горад прайшла чыгунка, бярвенне стала выгадна часткова апрацоўваць тут і адпраўляць яго ў бліжнія прамысловыя гарады, напрыклад Беласток. Паколькі ж у бліжэйшым за Гродна да Белавежскай пушчы Беластоку не было ўласнай сплаўнай ракі, то кубічная сажань дрэва ў Гродне каштавала нават на 30% танней, чым у Беластоку. Што праўда, існавала яшчэ адна, асобная лясная прыстань (для таварнага дрэва), якая, аднак, лічылася не самай лепшай, з-за вельмі крутых берагоў ракі.

Цікавая гісторыя звязана з абставінамі пераносу на занёманскі Фарштат іншага прадпрыемства – гродзенскай тытунёвай фабрыкі. Яшчэ ў 1911 г. на занёманскім прадмесці пачала дзейнічаць тытунёвая фабрыка “Нёман”, уласнікамі якой былі Рып, Франк і Маркусевіч, якая павінна была стаць канкурэнтам тытунёвага гіганта Гродна – фабрыкі Шэрэшэўскага. Аднак, як і трэба было спадзявацца, канкурэнцыі яна не вытрымала, і ўжо ў 1912 або 1913 гг. была прададзена таму ж Шэрэшэўскаму. Двухпавярховы будынак гэтай фабрыкі ў канцы 1920-х гг. стаў асновай для разбудовы тытунёвай вытворчасці ў занёманскай частцы горада. У пачатку 1920-х гг. Польская дзяржава рашылася ўвесці ў краіне манаполію на тытунёвую, спіртавую і запалкавую прамысловасць. Усе прыватныя прадпрыемствы тытунёвай галіны вытворчасці павінны былі быць выкуплены з дапамогай спецыяльна для гэтага створанай Дзяржаўнай тытунёвай манаполіі. У выніку, у 1924 г. фабрыка Шэрэшэўскіх была выкуплена ўрадам у гаспадароў за 2,7 мільёнаў злотых. 


Паколькі існаванне ў самым цэнтры горада вялікай тытунёвай вытворчасці ўжо ў тыя гады лічылася неэкалагічным, яе вырашана было перанесці за раку, дабудаваўшы новыя карпусы да будынка былой фабрыкі “Нёман”. У канцы 1920-х гг. там была ўзнесена новая Махарчарня. Праз некалькі гадоў каля Махарчарні на былым Занёманскім рынку пабудавалі склад для тытуню (цікава, што такі ж самы склад захаваўся на тэрыторыі марскога порта ў Гдыні). 

Дарэчы перанос тытунёвай вытворчасці паспрыяў з’яўленню ў левабярэжным Гродне электрычнага асвятлення. У 1928 г тытунёвая фабрыка атрымала першы ток з электрастанцыі на вуліцы Ягелонскай (сёняшняя Будзёнага). Паралельна былі пабудаваны дзве падстанцыі (адна непасрэдна каля фабрыкі і другая каля сучаснага басейна “Лазурны”, дзе яна захавалася да цяперашняга дня).

Адсутнасць агульнага плана разбудовы левабярэжнай часткі горада ўжо на пачатак ХХ ст. прывяло да значных дыспрапорцый у ягонай структуры. Ня гледзячы на тое, што прамысловасць занёманскага Фарштата была ў параўнанні ў правябярэжным Гроднам не такой ужо і малой, сама гарадская інфраструктура тут развівалася вельмі марудна. Так у 1882 г. на Фарштаце была толькі адна аптэка, а аптэчная крама з’явілася толькі ў пачатку ХХ ст. Толькі каля 1904 г. за Нёманам пасяліўся першы вольнапрактыкуючы ўрач. Каля 1912 г. на Беластоцкай вуліцы з’явіўлася першая фотамайстэрня (належала Краўзэлю), а прыкладна на год пазней – першы гатэль, ужо згаданая вышэй “Надзея”.

Вось як на штодзённым узроўні ўзгадваў Фарштат адзін з ягоных тагачасных жыхароў Б.Грабінскі: “Касьцёл з кляштарам, як і цэлы Фартштат, месьціліся на высокім беразе, за выняткам малой вулічкі, якая нанізе на поўнач ад Францішканаў вяла ўздоўж Нёмана да фальварка Хлявінскага. Кляштар быў абведзены высокім мурам разам з садам, гаспадарчым будынкам і вялікім падворышчам. Францішканы былі ўласьнікамi фальварку некалькі вёрстаў на захад ад Гораднi пры Асавецкай шашы. Фартштат у тым часе меў, за выняткам успомненай вулічкі нанізе, толькі адну вуліцу — нагарэ, раўналежную, ад Нёмана на поўдзень ад Францішканаў з мастом над дарогаю з Асавецкае шашы на мост празь Нёман. Пры гэтай вуліцы стаяла сынагога..., дзераўляная, з асаблівай архітэктурай. Фартштат розьніўся ад гораду, быў падобны да малых мястэчкаў на Беларусі. Тады як у Горадні каталіцкая інтэлігенцыя гаварыла па-польску, праваслаўная — па-расейску, жыды — ламанаю расейскаю моваю, Фартштат гаварыў па-беларуску. Было там пару жыдоўскіх хатаў, дзе гаварылі па-жыдоўску й па-беларуску тож”.

  


Такім чынам напярэдадні Першай сусветнай вайны на Фарштаце знаходзлася адна з сямнаццаці гасцініц, тры з амаль сарака вольнапрактыкуючых урачоў, адна з шасці аптэк і адна з шаснаццаці аптэкарскіх крам. З навучальных устаноў функцыянавала толькі царкоўна-прыхадское вучылішча пры Уладзімерскай царкве. Ніякіх дзяржаўных устаноў, кніжных крам, лячэбных устаноў або банкаў тут не было. Адзінай грамадскай інстытуцыяй, размешчанай на левабярэжжы, было Таварыства дапамогі бедным яўрэям на Фарштаце “Ахіезэр”. Таварыствам кіравалі найбагацэйшыя жыхары Фарштата яўрэйскага паходжання. Старшынёй з’яўляўся ўладальнік млыноў на Ласосне і ўласнага дома дома на вуліцы Беластоцкай Ашэр Касоўскі.

Пашырэнне Фарштата можна прасачыць па павелічэнні колькасці вуліц. У 1860 г. тут знаходзіліся Беластоцкая, Лунненская, Рэзніцкая (або Мясніцкая), Францысканская і Лабненская вуліцы. У 1915 г. вуліцы занёманскага Фарштата мелі наступныя назвы: Левая Наберажная, Аўгустоўская, Ласасянская, Індурская, Казачая, Беластоцкая, Мясніцкая, Аўгустоўскі 1-ы і 2-і завулкі, Свята-Уладзімерская плошча, Возчыцкая вуліца, Казачы завулак, Млынарская вуліца, Папоўка, Хлебная прыстань, Фарштацкая слабодка, Францысканскі завулак.

Забудова Фарштата амаль не пацярпела пад час баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны. Затое падчас савецка-польскай вайны баявыя дзеянні двойчы пракаціліся праз Гродна летам-восенню 1920 года. Як бачна на тагачасных фатаздымках, падчас баёў згарэла частка шэраговай забудовы Фарштата і, што было асабліва балюча для горада, былі знішчаны усе гужавыя і адноўлены немцамі ў 1916 г. чыгуначны мост. Фарштат ізноў аддзяліўся ад асноўнай часткі горада вялікай ракой.

Часам найбольш імклівага развіцця Фарштата сталіся 1920-я – 1930-я гг. У гэты час ён выйшаў па-за свае сярэднявечныя межы і пачаў хутка павялічвацца фактычна ва ўсе бакі. У 1928 г. Занёманскае прадмесце (так у афіцыйных дакументах міжваеннага часу пачаў называцца Фарштат) яшчэ функцыянавала галоўным чынам у межах перадваеннага часу. Галоўнымі вуліцамі былі Ліповая (Гарнавых), Аўгустоўская, Беластоцкая, Ласасянская і Млынарская, аднак цэнтар прадмесця ўжо эвалюцыянуе ў бок Занёманскага рынка і тытунёвай фабрыкі каля яго. Ужо існуюць свежапрабітыя перпендыкулярна Ласасянскай так званыя Новыя Валоданні (Nowa Posiadłość) на поўдзень ад школы імя С. Жэромскага.

На плане 1932 года ўпершыню абазначаны вуліцы, якія прымыкалі да вуліцы Эканамічнай (цяпер Нікалаева) – Мігоўская, Мазавецкая, Вігерская, Адэльская і інш. У гэтым накірунку горад даходзіў да фанернай фабрыкі Браўна (цяпер на вул. Суворава). З’яўляюцца некалькі вуліц, што падыходзяць да чыгункі, напрыклад вул. Скосная. Да 1937 г. горад тут ужо злучаецца з станцыяй Ласосна (каля дзесяці невялікіх вуліц), утвараючы суцэльную з ёй агламерацыю. Трэба адзначыць, што значэнне станцыі Ласосна ў міжваенны час было значна большае, чым цяпер, паколькі да 1925 года чыгуначны мост яшчэ не быў адноўлены і пасажырскія цягнікі ў Гродна (і далей на Вільню), хадзілі толькі да Ласосны. Пасажырам, каб працягнуць падарожжа, трэба было ехаць праз увесь горад дарожкай.

Фактычна толькі пасля аднаўлення моста, ужо бліжэй да сярэдзіны 1930-х гг. на Ліповай вуліцы пачалі з’яўляцца мясныя крамы, пякарні, крамы з гароднінай, шынкі і цырульні, што паспрыяла яе пераўтварэнню ў галоўную артэрыю гродзенскага левабярэжжа.

Паводле таго самага плану 1937 года новымі вуліцамі злучыліся Эканамічная і Ласасянская, утварыўшы раён “Агароды” (Osiedle Ogrody). Тут з’явіліся вуліцы Лелявеля, Райгарадская, Глогера, Падляская, якія існуюць дасюль амаль не змяніўшы характару сваёй прыватнай забудовы і толькі ў некаторых выпадках змяніўшы назвы. Толькі перад самай Другой сусветнай вайной з’явілася так званая калонія Палестына (пазначана на карце 1943 г.) і некалькі вулачак за чыгункай у бок францысканскіх могілак.

Значна ўзрастала роля Занёманскага прадмесця і як прамысловага цэнтра. У дадатак да згаданых прадпрыемстваў у міжваенны час тут з’явіліся малаказвод, гарбарня, з 1922 года дзейнічала невялікая шкляная гута. Увесну 1939 г. у раёне вуліцы Беластоцкай было запланавана будаўніцтва вялікага шклозавода. Для пабудовы шклозавода быў нават выдзелены кавалак зямлі плошчай у 1 га. У 1938 г. на закупленым у войска кавалку зямлі па вуліцы Індурскай пачалося будаўніцтва элеватара, які мог змяшчаць да тысячы тон збожжа.

Паколькі абшар прадмесця імкліва павялічваўся, то моцна расла і колькасць школьнікаў. У 1938 г. у адносна невялікай школе імя С. Жэромскага вучылася ўжо 1280 дзяцей і школу нават прыйшлося падзяліць на дзве – №7 і №10. Абедзве ўстановы размяшчаліся ў адным будынку, што зусім не задавальняла бацькоў. У кастрычніку 1939 года жыхары левабярэжжа звярнуліся да гарадскіх уладаў з просьбай пабудаваць на прадмесці яшчэ адну школу. У мемарыяле адзначалася, што насельніцтва прадмесця складае бадай што 1/3 усяго насельніцтва горада, а школа там толькі адна, з-за чаго больш за 500 дзяцей вымушаны штодзень у школу хадзіць праз Нёман. Літаральна праз некалькі дзён уладальнік часткі маёнтка Аўгустова Маўрыцый О’Брыен дэ Ласі выдзеліў пад будаўніцтва новай школы 1 гектар зямлі на вуліцы Ласасянскай. Школу планавалася ўзвесці ў 1939 – 1940 гг. Ці паспелі пачаць будаўніцтва – мы сёння не ведаем.

Усе міжваенныя гады на прадмесці функцыянавала Занёманскае дабрачыннае таварыства, якое цягам 1930-х гг. вяло будаўніцтва дзіцячага дома на рагу вуліц Лелявеля і Аб’яздной.   

Імклівае развіццё Занёманскага прадмесця як суцэльнай гістарычнай часткі Гродна было перарвана 22 чэрвеня 1941 года, калі ў выніку бамбардзіроўкі поўнасцю выгарэла тэрыторыя навокал сучаснай плошчы Савецкіх пагранічнікаў. Пасля 1944 года левабярэжжа горада развівалася ўжо па зусім іншых законах. Ніводная частка былога Занёманскага Фарштата не ўваходзіць сёння ў фармальныя межы гістарычнага цэнтра Гродна і не знаходзіцца пад аховай ні ў плане археалагічным ні ў плане архітэктурным. У рэспубліканскім спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей на занёманскую частку горада прыходзіцца ўсяго некалькі аб’ектаў (Свята-Уладзімірская царква, францысканскі касцёл і кляштар, карчма і капліца ў Аўгустоўку). Не выклікае, аднак, сумніваў, што багатая гісторыя Занёманскага Фарштата заслугоўвае таго, каб “пачаць прысутнічаць” не толькі ў свядомасці гісторыкаў, але таксама стаць асновай для развіцця турыстычнага і рэкрэацыйнага патэнцыялу нашага горада.

А.Вашкевіч

А. Чарнякевіч 

Scroll to top