У 1905 г. у Парыжы выйшла з друку брашура вядомага французскага навукоўца барона Жозефа дэ Бая з апісаннем Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гродне: Baron J. de Baye. L’eglise de Kologe a Grodno (Russie Occidentale) (Paris, 1905).


Барон де Бай (1853-1931) – славуты археолаг і спецыяліст па старажытным эпохам, аўтар шматтомнага даследавання “Дагістарычная археалогія” (1880), кніг “Індустрыя лангабардаў” (1888) і “Індустрыя англасаксаў” (1889). Як сябра Парыжскага геаграфічнага таварыства шмат падарожнічаў, цікавіўся этнаграфіяй, гісторыяй і мастацвам.

У 1890 г. ён прымаў удзел у працы VIII Расійскага Археалагічнага з’езду ў Маскве. Праз тры гады выступіў з рэфератам “Каўчэг Астрожскага сабору” на ІХ Археалагічным з’ездзе ў Вільні, прысвечаным помнікам г.зв. “Заходняй Русі”. У 1897 г. даследчык здзейсніў шасцімесячную экспедыцыю па тэрыторыі ад Волгі да Іртыша, пазней вывучаў Далёкі Усход, Каўказ ды іншыя рэгіёны імперыі.

На пачатку ХХ ст. па запрашэнні віленскага генерал-губернатара князя П.Д.Святаполк-Мірскага з навуковымі мэтамі падарожнічаў па Беларуска-Літоўскаму краю. Адным з вынікаў гэтага падарожжа стала выданне Baron J. de Baye. En Lituanie. Souvenirs d’une Mission (Paris, 1905) і згаданая брашура пра Каложу.

Аналіз тэксту парыжскага выдання дазваляе сцвярджаць, што аўтар знаходзіўся пад моцным уплывам тагачаснай расійскай гістарычнай і рэлігійнай літаратуры. У ягоным апісанні Каложская царква становіцца важным сведчаннем прыналежнасці Гродна да “гістарычнай Русі”, спадкаемцам якой у брашуры выступае Расійская імперыя.

Але разам з тым гэтая невялікая ілюстраваная кніга з апісаннем Барысаглебскай царквы з’яўляецца яшчэ адным важным сведчаннем той гістарычнай, рэлігійнай і культурнай каштоўнасці, якую мае Храм на беразе Нёмана. Французскі навуковец прымушае зноў задумацца пра тую адказнасць, якую мы нясем перад нашчадкамі за захаванне гэтай рэліквіі.

Захаваныя заўвагі аўтара. Знаходкай гэтай брашуры мы вельмі абавязаныя літоўскаму гісторыку Русцісу Камунтавічусу (Універсітэт Вітаўта Вялікага, Коўна).

Пераклад тэксту Вольгі Лагвіненкі.
Алесь Смалянчук


 

Падчас майго апошняга падарожжа па Літве мне ўдалося наведаць вельмі цікавую царкву, якую называюць Каложскай, размешчаную ў Гродне на рацэ Нёманiii.

Перш чым распавесці пра гэты помнік, скажу некалькі слоў пра горад Гродна. Гродна быў названы тэўтонцамi Garten, Gartena. Паводле рускiх хронікаў, гэтая назва мае славянскае паходжанне. Першая згадка гэтага горада належыць да 1128 г. У 1241 г. Гродна знаходзіўся ва ўладанні рускага князя Юрыя, сына Глеба. У гэтым жа годзе князь Юрый быў схоплены падчас абароны Гродна ад нападу татараў, якімі кіраваў Кайдан, адзін з дарадцаў Батыя. Горад быў разбураны. Тады літоўскі князь Эрдзівіл, пляменнік вялікага князя літоўскага Міндоўга заняў Гродна.

Мы не будзем далей паглыбляцца ў гісторыю гэтага горада, бо помнік, пра які я буду распавядаць, датуецца канцом ХІІ або пачаткам ХІІІ стагоддзя. Гэта адзін з рэдкіх узораў старажытнай рускай праваслаўнай архітэктуры, захаваных ў гэтым заходнім рэгіёне Расіі.

 


Каложская царква носіць імя святых Барыса і Глеба. Легенда распавядае, як у XII стагоддзі першы з удзельных гродзенскіх князёў Усевалад Данілавіч адправіўся ў Кіеў да вялікага князя Уладзіміра Манамаха. Там ён сустрэў дачку вялікага князя Агату і закахаўся ў яе. Менавіта ў гэты дзень быў асвечаны храм у гонар святых Барыса і Глеба. Вялікі князь аддаў руку дачкі Усеваладу Данілавічу, і той паабяцаў назваць сыноў, якіх яму падорыць неба, Барысам і Глебам. Калі нарадзіліся два сыны-блізняты, ён назваў іх адпаведна дадзенаму абяцанню. Пазней Усевалад Данілавіч загадаў сынам пабудаваць царкву ў гонар іх заступнікаў. Гэтай царквой, мабыць, і з’яўляецца Каложа.

Першае згадка Гродна сустракаецца ў Іпацеўскімv летапісу і датуецца 1128 г.: “Князь Мсціслаў адправіў сваіх братоў і дружыну з князем Усеваладам Данілавічам, князем Гарадзенскім, каб перамагчы крывічаў (славянскае племя). Гэты князь Усевалад быў жанаты на адной з дочак Уладзіміра Манамаха. Ягоныя сыны мелі імёны Барыс і Глеб”.

Гэты гістарычны дакумент пацвярджае даставернасць галоўнай часткі легенды пра паходжанне царквы. Трэба дадаць, што Усевалад Данілавіч быў унукам Яраслава.

Дата пабудовы Каложы невядомая, але прынятае адносіць царкву да канца XII – пачатку XIII стагоддзя, пра што можа сведчыць вышэйзгаданы гістарычны дакумент. Акрамя таго, з Іпацеўскага летапiсу мы ведаем, што ў 1183 г. царква Барыса і Глеба, якая знаходзілася ў Гродне, была пашкоджана жудаснай навальніцай, а потым адрэстаўраваная. Мы не можам сцвярджаць дакладна, але цалкам магчыма, што царква, чые сцены мы бачылі, раней была драўлянай, а пад словам рэстаўрацыя разумелася замена разбуранай царквы на больш трывалы і моцны будынак.

 


Назва гэтага храма “Каложа” з’явілася толькі ў XV стагоддзі. Як ужо адзначалася, пасля ўзяцця горада татарамі Гродна апынуўся пад уладай літоўцаў.

Так, у 1405 г. князь літоўскі Вітаўт пайшоў паходам на Пскоў і захапіў 11 тысяч жыхароў прадмесця гэтага горада, якое называлася Каложа. Ён прывёў гэтых палонных у Гродна і пасяліў іх на берагах Нёмана каля царквы Барыса і Глеба. Менавіта з нагоды гэтых падзеяў царква і тэрыторыі, на якіх жылі палонныя, атрымалі вышэйзгаданую назву.

У 1550 г. князь літоўскі Аляксандр даў царкоўнаму прыходу гэтага старажытнага і каштоўнага храма ў валоданне маёнтак Чехевані.

Падчас праўлення караля Польшчы Жыгімонта III (1587-1632) Каложская царква была аддадзена манахам-уніятам Базыльянскага ордэна. І толькі ў 1839 г. яна была вернутая праваслаўным хрысціянам, якім належала ад пачатку свайго існавання.

У час вайны паміж Расіяй і каралём шведскім Карлам XII скляпенні царквы былі разбураны і заменены драўлянай столлю.

Пазней Нёман, падмываючы бераг, на якім знаходзіўся храм, выклікаў абвал паўднёвай сцяны. Яна была заменена на драўляную.

У наш час, дзякуючы ўмяшальніцтву князя Мірскага, былі прынятыя меры па выратаванню гэтай самай старажытнай ў рэгіёне пабудовы. Інжынер Плотнікаў, якi прымае ўдзел у рэстаўрацыі, перадаў мне фотаздымкi, якія я прадстаўляю ўвазе маіх калегаў.

 


Сцены Каложскай царквы маюць 70 футаў даўжыні, 45 футаў шырыні і 28 футаў вышыні. Паўночная сцяна, частка заходняй і абсiды пераважна захаваліся. Шэсць цагляных слупоў падтрымліваюць скляпенні. Лесвіца, размешчаная ў тоўшчы сцяны, якая ўздымаецца ад двух частак іканастасу, вядзе ў нешта накшталт калідора.

У цагляныя сцены ўмураваныя буйныя неачэсаныя, але паліраваныя эрратычныя валуны, якія размешчаны з вонкавага боку такім чынам, каб не ўтвараць выпукласцяў. Фотаздымак не ў стане перадаць ўсяго хараства гэтых рознакаляровых валуноў. Паверхня знешніх сценаў упрыгожана шматлікімі тэракотавыя крыжамі, пакрытымі эмаллю зялёнага, жоўтага і гранатавага колераў.

 


Акустычных збаноў у Каложы зараз болей, чым раней. У сценах іх знаходзіцца больш за сто дзесяць. У Расіі гэтыя керамічныя пасудзіны называюцца галаснікамi (ад рускага слова – голас). Гэта тэракотавыя збаны звычайнай формы, падобныя на тыя, якія выкарыстоўваюцца ў побыце.

Некаторыя расійскія археолагі сцвярджаюць, што гарлавіны гэтых гаршкоў былі парожнія, іншыя кажуць, што яны былі пакрытыя вельмі тонкім слоем шпаклёўкі, якая ўтварала лёгкую плёнку.

Ва ўсялякім выпадку, гэтыя шматлікія галаснікі ўяўляюць сабой яшчэ адну даследчую цікавасць у вывучэнні Каложскай царквы.

Самы вядомы знаўца старажытнай славянскай рэлігійнай музыкі спадар Смаленскі наступным чынам характарызаваў: “Галаснікі можна знайсці ў сценах і скляпеннях старадаўніх рускіх цэркваў, у асноўным у Ноўгарадзе і Суздалі. Гэтыя збаны размешчаныя бессістэмна, але заўсёды на адным узроўні ва ўнутранай сцяне царквы. Адтуліна галаснікоў складае ад 4 да 5 вяршкоўix у дыяметры, глыбіня гарлавін вар’іруецца ад 7 да 8 вяршкоў у дыяметры”.

У класічным варыянце галаснікі знаходзяцца ў аснове скляпенняў. Вось малюнак двух акустычных збаноў, захаваных Султанавым. Яны знаходзяцца ў царкве святой Сафіі ў Ноўгарадзе (1045) і святога Мікалая (1113) таксама ў Вялікім Ноўгарадзе.

 


Занадта шмат часу зойме пералік ўсіх рускіх цэркваў, у якіх ёсць галаснікі. Мы толькі ўзгадаем царкву святой Сафіі ў Ноўгарадзе, Сабор Дванаццаці апосталаў у маскоўскім Крамлі (50 галаснікоў), манастыр святога Міхаіла ў Кіеве, Сабор Успення Багародзіцы ў Маскве (3 галаснікі) і г.д. Іх можна сустрэць часцей у старажытных цэрквах. Нягледзячы на тое, што з цягам стагоддзяў акустычныя збаны амаль перасталі выкарыстоўваць, іх значэнне не было цалкам забытае. Так, у вялікай канцэртнай спеўнай зале Свяцейшага Сінода ў Маскве, пабудаванай у 1891 г., размясцілі каля 20 галаснікоў. Расійскія навукоўцы лічаць, што галаснікі маюць візантыйскае паходжанне.

Мноства нашых калегаў вывучалі акустычныя вазы, якія можна ўбачыць у старадаўніх цэрквах нашай краіны. Дакументы па гэтай праблеме былі сабраныя спадарамi Энлартамxii і Вачэзамxiii.

Спадзяюся, што гэтыя нататкі з дзённіка майго падарожжа могуць зацікавіць тых нашых калегаў, якія займаюцца помнікамі археалогіі.

Scroll to top