На працягу апошняга часу ў сродках масавай інфармацыі некалькі разоў з’яўляліся паведамленні аб планах гарадскіх уладаў у сферы пераўтварэння даліны рэчкі Ласасянкі (Ласосны) і Румлёўскага парка ў паўнавартасныя рэкрэацыйныя зоны.

Наколькі ўдалымі будуць гэтыя здзяйсненні меркаваць цяжка, але не выклікае сумненняў, што распрацоўшчыкі планаў “облагораживания” выключна важных абшараў нашага горада не будуць папярэдне вывучаць ніякія гістарычныя дакументы і ў сваёй дзейнасці будуць кіравацца выключна ўтылітарнымі патрэбамі сённяшняга дня. Між тым дарма, паколькі наяўныя сёння ў гродзенскіх гісторыкаў гістарычныя сведчанні (найперш планы і дакументы), дазваляюць нам выдатна ўявіць, як выглядалі гэтыя мясціны дзвесце гадоў таму.

Аўтару гэтага тэкста раней ўжо прыходзілася ўздымаць праблему падыхода гісторыкаў да прывязкі гістарычных аб’ектаў да канкрэтнага месца. Пры вывучэнні і апісанні страчаных будынкаў, гісторыкі вельмі рэдка аналізуюць графічныя крыніцы (найперш планы) з тапаграфічнай дакладнасцю, вельмі рэдка наладжваюць экспедыцыі на вывучаемую мясцовасць, дзе, часам, можна не толькі пад зямлёй, але і на зямлі, знайсці выключныя сведчанні мінулага.
Захаваўся цэлы шэраг графічных крыніц па гісторыі нашага горада, якія могуць вельмі моцна дапамагчы ў археалагічных пошуках старажытных аб’ектаў, а таксама ў аналізе горадабудаўнічай гісторыі Гродна. Напрыклад, гродзенскім краязнаўцам добра вядомы план Кунстава (або Кунштата) – апошняй грандыёзнай задумы Антонія Тызенгаўза, прамыслова-жылога раёна Ласосна-Фолюш. Найбольш поўным падсумаваннем даследванняў па вывучэнню гэтага плана, з’яўляецца работа гісторыка архітэктуры Ігара Трусава “Дзейнасць Антонія Тызенгауза ў Ласосне”. У прыватнасці, даследчык даказвае, што Кунстава, гэта праект, які не застаўся на паперы, а быў часткова рэалізаваны, і што было пабудавана і працавала па меншай меры 15 аб’ектаў. Але нават Ігар Трусаў не падае дакладнага размяшчэння гэтых пабудоў і не робіць спробы агульнага накладання плана Кунстава на мясцовасць.

Аднак зрабіць гэта ў дадзеным выпадку вельмі проста. Захаваліся шматлікія кропкі-маркёры, якія з’яўляюцца адным як на плане, так і на сучаснай карце Гродна, гэта суток Нёмана і Ласасянкі, чатыры млыны, рэшткі якіх і зараз добра вядомы і відаць. Пры спалучэнні гэтых кропак надзіва дакладна супадае рэльеф на старадаўнім плане і на сучаснай карце, што дае права сцвярджаць пра дакладнасць накладання, і дае падставы рабіць новыя даследванні і высновы.

 

 

У прыватнасці, можна паспрабаваць лакалізаваць усе 15 пабудаваных за часы Тызенгаўза аб’ектаў. Напрыклад, на пазнейшай схеме 1807 года, якую ў сваёй працы таксама прыводзіць Ігар Трусаў, праглядаюцца мануфактуры з палацам адміністратара. Яны дакладна існавалі і добра лакалізуюцца на ніжнім плато Ласасянкі, якое зараз займае былая вёска Дзімітраўка. Натуральна, на дадзенай тэрыторыі былі пабудаваны пераправы праз раку і сілавыя механізмы млынарскага тыпу, якія абслугоўвалі прамысловы працэс, некаторыя з іх і зараз супадаюць з пераправамі праз Ласасянку і пабудовамі на узбярэзжы (папулярны спуск з вуліцы Лізы Чайкінай паміж гаражамі да шматсекцыйнай пераправы, пераправа на спуску уздоўж старой граніцы вайсковай часткі, побач з якой зараз пракладзены вадаправод, падмуркі свінарніка вайсковай часткі). Безсумніўна, работнікі мануфактур павінны былі дзесці жыць і апрача прамысловай зоны была, хоць і часткова, пабудавана запланаваная жылая зона. Хутчэй за ўсё гэта месца на которым захавалася старая трасіроўка вуліц-дарог, гэта ніжняе правабярэжняе плато Ласасянкі, якое раней займаў шпіталёва-памывачны комплекс вайсковай часткі. Таксама вызывае пытанні дакладнае супадзенне трасіроўкі вуліц Запруднай і Ласосна з канфігурацыяй аднаго з двароў на плане часоў Тызенгаўза. Цікава, што восевая перспектыва, закладзеная праектантамі яшчэ у 18 ст. (ад палаца адміністратіра да храма) праглядаецца і цяпер (на самай высокай кропцы рэльефа, якую па праву павінен займаць храм, з савецкага часу стаіць водацяжная вежа).

Цяпер тэрыторыя вайсковай часткі адышла да горада і вялікі новы жылы мікрараён патрабуе абсталяванай зоны адпачынку. Чаму б не аднавіць старыя запруды з маляўнічымі ставамі, чаму б не пабудаваць новыя паркавыя павільёны, рэстараны, крамы ў канфігурацыі “Кунштата” - дзівоснага горада, як перакладалася яго назва з нямецкай мовы.

 

 

Выкарыстоўваць для працы лакалізацыі аб’ектаў можна не толькі такія дакладныя схемы, як план Кунштата, але і больш раннія графічныя прыклады, дзе прапорцыі не дакладныя, дзе на схему, часам, увогуле накладзены пазамаштабныя малюнкі. Затое на падобных схемах заўсёды будуць дакладнымі колькасць і чарговасць (што за чым ідзе) аб’ектаў. Так, дзякуючы колькасці яроў на левым беразе Нёмана можна досыць моцна звузіць тэрыторыю лакалізацыі занёманскага гродзенскага “замка” Радзівілаў. Нам вядома толькі, што гэта быў двухпавярховы мураваны будынак з двума флігелямі. Пасля аналіза рэльефа на сучасных картах, прывязкі кропкі да знаных маркёраў (аб’екты на супрацьлеглым беразе Нёмана, край яра) можна дапусціць, што комплекс знаходзіўся на ўсход ад самай усходняй граніцы терыторыі прадпрыемства “Белкард”, на поўдзень ад цепла і водацяжнай трасы, якая ідзе па верхняй церасе паралельна Нёману, на захад ад шматпавярховых дамоў, і ў 50 метрах на поўнач ад будынкаў Кастрычніцкага РАУС.

Тэма забудовы Гродна часоў Тызенгаўза не была б поўнай, без лакалізацыі пабудоў Гарадніцы. Задача тут таксама дастаткова лёгкая, лакалізацыя самая дакладная, але менавіта тут былі зроблены самыя цікавыя высновы. За аснову была узята дакладная тапаграфічная схема горада 1931–32 года землямера Аўгустынка, на якую былі нанесены чырвоным контуры пабудоў пасляваеннага часу. На “базу” была накладзена схема Гарадніцы часоў Тызенгаўза, якая фігуруе ў працах Ігара Трусава. Атрымалася разнакаляровая карта, дзе:

Чорным – паказаны ўсе лініі і рысы (контуры будынкаў, граніцы вуліц і уладанняў, рэльеф), якія фігуруюць на схеме 1932 года,

Чырвоным – контуры пабудоў паваеннага часу,

Салатавым – замаляваны усе будынкі, якія былі пабудаваны да 1885 года і зхаваліся да сёння,

Сінім – замаляваны усе будынкі, якія былі пабудаваны паміж 1885 – 1939 гадамі і захаваліся да сёння,

Аквамарынавым – замаляваны усе будынкі, якія былі пабудаваны паміж 1885 – 1939 гадамі і былі знішчаны пазней,

Жоўтым – замаляваны будынкі, якія фігуруюць на схеме Тызенгаўза і знішчаны пасля 1932 года,

Ружовым – замаляваны будынкі, загародкі, накірункі, якія фігуруюць на схеме Тызенгаўза і знішчаны да 1932 года,

Блакітным – замаляваны канал, які фігуруе на схеме Тызенгаўза.

На схеме можна не толькі разгледзець дакладнае месца страчаных аб’ектаў часоў Тызенгаўза, а і адказаць на цэлы шэраг важных пытанняў.

 

Напрыклад на пытанне, якія пабудовы Гарадніцы 18 ст. былі знішчаны ўжо ў савецкі час. Яны на схеме адзначаны жоўтым колерам. Гэта не толькі добра вывучаныя і апісаныя будынкі корчмаў і праўленне мануфактур, а і карэтная фальварка, дом садоўніка, адна з двух фабрычных афіцын, дзве кузні. З трыццаці басняцкіх дамкоў, у савецкі час знішчаны не толькі дзевяць на вуліцы Ажэшка, але і цэлы шэраг (каля васьмі) на вуліцы Сацыялістычнай (адзін з іх праглядаецца на ніжняй мяжы схемы). На схеме ў верхнім левым куце, жоўтым заштрыхаваны будынак, які фігуруе на схемах ужо з пачатку 19 ст., ён напэўна знаходзіўся ў сістэме пабудоў Гарадніцы, але ягонае прызначэнне неведомае. Гэты дом наводзіць на разважанні, што не ўсё, што паказана на ідэальнай схеме Тызенгаўза было пабудавана так як паказана. Мажліва, некаторыя аб’екты пазначаныя тут ружовым увогуле не былі пабудаваны. Але дакладна можна сцвярджаць, што была зроблена водная сістэма, якая самацёкам забяспечвала батанічны сад вадой. Аснову сістэмы складаў канал шырынёй каля двух метраў, берагі якога, хутчэй за ўсё, былі выкладзены цэглай (сарай каля паўночнага плота парка, магчыма зроблены з рэшткаў гэтай цэглы). Канал быў пабудаваны гарызантальна на вышыні 120-121 метр ад узроўня мора, а з Гараднічанкай вектар канала ідэальна злучаецца каля “Старога млына”, там дзе рэчка перасякае вуліцу Цеміразева. Зігзаг канала, каторы праглядаецца на карце 1932 года, гэта сцёкавы адвод у Гараднічанку, сфарміраваўся, калі канал ужо не граў першапачатковай ролі, а эксплуатаваўся як каналізацыя. Але узровень люстэрка вады ў сажалках заапарка цяпер складае 118 метраў, што даказвае толькі адно – млын, які быў разбураны некалькі гадоў таму, існаваў яшчэ пры Тызенгаўзе (гэта быў, безумоўна не той будынак, які разбурылі ў 2008 годзе). Запруда падымала узровень вады на два-два з паловай метры, што дазваляла не толькі напаўняць канал вадой, але і ўтварыць у балоцістай даліне рэчышча Гараднічанкі цэлы дыван сажалак-гадавальнікаў рыбы, які цягнуўся ажно да самага Станіславова. Хтосці можа запярэчыць, што сучаснае пакрыццё вуліцы Цеміразева не дацягвае да жаданай вышыні метр-паўтары. Проста драўляная гаць-плаціна (рэшткі яе аўтар бачыў на уласныя вочы, пры будаўнічых работах на рагу вуліц Ціміразева і 17 Верасня), пасля запусцення сістэмы паступова распаўзлася. Між тым гэтая сістэма дазваляла не толькі паліваць расліны ў батанічным садзе і толькі паіць жывёлу ў фальварку, але і мець на тэрыторыі Гарадніцы фантаны вышынёй да двух метраў.

Спадзяюся, што прапанаваныя да агляда схемы зацікавяць даследчыкаў даўніны і археолагаў і дапамогуць зрабіць шмат адкрыццяў ужо пад зямлёю.

Ігар Лапеха

Scroll to top