Зусім нядаўна пробашч гродзенскага Фарнага касцёла ксёндз Ян Кучынскі даў інтэрв’ю газеце “Вячэрні Гродна”, у якім расказаў аб абставінах зняцця з вежы Фарнага касцёла аднаго з анёлаў. Адбылося гэта яшчэ ў 2009 годзе. Далей паважаны айцец сцвердзіў, што вяртаць анёла на вежу храма немэтазгодна, бо ён не стары і з’явіўся там толькі ў 1930-х гг. Тым больш, што выява анёла пад крыжам не адпавядае канонам касцёла.
На якіх фактах грунтуюцца выказванні пробашча, сказаць цяжка. Паколькі вядомы большасці краязнаўцаў іканаграфічны матэрыял дазваляе адназначна сцвердзіць, што анёлы-флюгеры на Фарным касцёле бачныя як мінімум з сярэдзіны 19 ст. Іх можна разгледзець і на малюнку Н. Орды і на здымку фатографа Штумана. Больш таго, даследчык мастацкіх вырабаў з металу Любоў Зорына распавядае, што ў самым канцы 19 ст. анёлы ўжо спускаліся на зямлю, дзе былі адрамантаваныя майстрам Ігнаціем Сіліневічам (Любовь Зорина. Художественный металл в Гродно. Гродно, 2012. С. 58). А паколькі ніякіх сур’ёзных работ на Фарным касцёле ў першай палове 19 стагоддзя не праводзілася, то цалкам можна дапусціць, што анёлы з’явіліся на храме не ў 1930-х гг., і нават не ў 19 ст., а разам з прыбудовай верхняй часткі вежаў храма майстрам Хрысціянам Бурманам ў 1752 г. Тым больш, што анёлы цалкам адпавядаюць барочнай эстэтыцы той эпохі і з’яўляюцца “частым госцем” на вежах храмаў. Гэта, напрыклад, катэдральны касцёл у Быдгашчы, Петрапаўлаўскі сабор у Пецярбургу, шматлікія храмы Італіі… Паўсюль там сваіх анёлаў берагуць і захоўваюць, пяшчотна адрэстаўраваўшы вяртаюць на храм.
Адсутнасць анёла-флюгера змяняе архітэктурнае аблічча храма і таксама не павінна заставацца па-за ўвагай адказных за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны чыноўнікаў. А галоўная задача гродзенцаў – пры спрыянні касцёла хутка сабраць грошы і прафінансаваць вяртанне анёла на яго належнае месца, каб са сваім калегай з другой вежы і далей захоўваў нашу каханую Гародню ад напасцяў.
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 18 Люты 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической