Артыкул спадарыні Любові Зорынай пад назвай: “Неизвестные сокровища наших храмов” (першы раз артыкул быў апублікаваны ў выданні «Горад Святога Губерта» Выпуск 6. 2012) выклікаў дыскусію сярод грамадскасці, асабліва сярод прадстаўнікоў рэлігійных канфесій.

У гэтым артыкуле аўтарка выказвае заклапочаннасць справай захвання беларускай гісторыка-культурнай спадчыны і выказвае шэраг прэтэнзій да тых, хто сёння нясе фармальную адказнасць за захаванне багатага ўбранства нашых храмаў. Некаторыя прыведзеныя ў артыкуле прыклады (датычна знікнення ікон з Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна) не адпавядаюць рэчаіснасці, таму Інфармацыйны аддзел Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы прыслаў адпаведныя каментарыі і тлумачэні на артыкул спадарыні Зорынай.

 

Гродзенская праваслаўная епархія не толькі падзяляе заклапочанасць грамадства аб захаванні рэлігійна-культурных помнікаў, але і робіць у гэтым накірунку канкрэтныя і дзейсныя крокі. Дзясяткі стражытных цэркваў нашай епархіі захоўваюцца не за кошт Міністэрства культуры, а дзякуючы руплівай працы звычайных святароў, за кошт ахвяраванняў звычайных прыхажанаў, якія любяць і клапоцяцца пра свае храмы. Не трэба забываць і тое, што многія з тых храмаў, якія мы цяпер лічым гісторыка-культурнай спадчынай, святары і вернікі паднялі літаральна з руінаў.

Чым жа выкліканая заклапочанасць спадарыні Зорынай? У першай частцы свайго артыкула аўтарка ставіць сапраўды вельмі важныя пытанні па захаванні культурнай спадчыны нашага народа. І тут сапраўды ёсць пра што клапаціцца. Чаго толькі каштуе адзін балючы прыклад: стан Ніжняй царквы на гарадзенскім замчышчы, якую літаральна знішчаюць ліўневыя воды. Вялікі дзякуй супрацоўнікам музея, якія сваімі асабістымі намаганнямі спрабуюць захаваць гэтую бясцэнную каштоўнасць, але тут сапраўды патрэбна аб’яднаць усе магчымыя намаганні. Але ад сапраўдных праблем спадарыня Зорына пераходзіць у сферу, дзе праблема ствараецца штучна.

Спачатку аўтар спасылаецца на артыкул А. Ярашэвіча ў “Краязнаўчай газеце” №30 за 2010, дзе гаворыцца пра страты беларускага іканапісу, але не ўдакладняе, дзе гэтыя страты адбыліся і па якіх прычынах. Ствараецца ўражанне, нібы менавіта святары Гарадзенскай епархіі вінаватыя ў гэтых стрататах. Па-першае, у сваім артыкуле спадар Ярашэвіч робіць агляд па ўсёй краіне. Па другое, ён кажа, што большасць страчаных гісторыка-культурных каштоўнасцяў знікла з-за выпадкаў крадзяжоў, з-за пажараў і іншых непрадбачанных выпадкаў. Па трэцяе, сярод пералічаных аўтаркай артыкула стратаў узгадваецца толькі адна страта з храмаў Гарадзенскай епархіі – скрадзенная ікона Данііла Прарока са Скідзельскай царквы.

Потым аўтар сцвярджае наступнае: “В православных церквях продолжает действовать инерция замены икон «неканонических» на «канонические». В XIX веке древние униатские иконы заменялись российскими православными, но сейчас уже иконы конца XIX века считаются неканоническими, и их заменяют более свежими”. Аднак гэтую заяву можна акрэсліць як непрафесійную. Амаль што ў кожным вясковым храме на Гарадзеншчыне можна назіраць, як у царкве побач вісяць і т.зв. уніяцкія іконы, і т.зв. кананічныя іконы, і іконы, зробленыя рукамі простых вернікаў у савецкі час, і іконы сучаснай вытворчасці. Дзе паважаная мастацтвазнаўца пачула ці прачытала, што іконы XIX стагоддзя цяпер у праваслаўных храмах лічаць некананічнымі?!

Тым не менш, аўтарка лічыць, што можа дыктаваць праваслаўным вернікам, якія іконы павінны быць у царкве, а якіх там быць не павінна. Мастацтвазнаўцы не падабаюцца іконы новапакутнікаў на калонах кафедральнага сабора. Прабачце, але калі мы будзем прыслухоўвацца да кожнага мастацтвазнаўцы, то, баюся, ад нашай праваслаўнай традыцыі мала што застанецца. Здзіўляе і тое, што Л. Зорына ўзгадвае і ікону растрэлу царскай сям’і, якая нібыта таксама знаходзіцца на адной з калон сабора. Але ж сярод іконаў новапакутнікаў няма іконы з выявай царскай сям’і.

Наступнае сцвержджанне ўвогуле выходзіць за рамкі здаровай дыскусіі. Спадарыня Зорына абвінавачвае Пакроўскі кафедральны сабор у крадзяжы іконаў: “Несколько лет тому назад из этой же церкви исчезло несколько десятков старых икон и картин на религиозные темы, среди них и полотна 200х300 см. … Мы должны понимать, что открытые границы с Россией и сформировавшийся там обширный рынок антиквариата будут провоцировать такие кражи в будущем”.

Некалькі гадоў таму сапраўды адбылася замена іконаў з іканастаста на новыя іконы. Але мастацтвазнаўца павінна была б ведаць, што значная колькасць іконаў іканастасу была напісаная на жалезных металічных пласцінах. Жалеза ж, як вядома, мае ўласцівасць іржавець. З-пад гэтых іконаў пачала прабівацца іржа, шкодзячы самі выявы святых. Шмат пашкоджанняў было і на іншых іконах. Таму і было прынята рашэнне замяніць абразы іканастаса на новыя. Са старых ікон частка была рэстаўраваная і цяпер знаходзіцца ў новых гарадзенскіх храмах, а большасць іконаў захоўваецца пры саборы, і, калі спадарыня Зорына захоча ў гэтым пераканацца, можа наведаць кафедральны сабор і ўбачыць усе тыя іконы. Дарэчы, працэс рэстаўрацыі старых саборных ікон працягваецца.

Яшчэ больш здзіўляе сцверджанне, што як быццам бы зніклі і вялікія іконы памерам 200х300 см. Перш чым кагосьці вінаваціць, заўсёды патрэбна ўпэўніцца ў абгрунтаванасці прэтэнзій. Большасць іконаў на сваіх месцах, і гэта пацвердзіць кожны, хто рэгулярна наведвае Сабор. Некалькі іконаў перададзена ў гарадзенскі Сабор усіх Беларускіх Святых і некалькі ікон знаходзіцца ў Сынкавіцкай Свята-Міхайлаўскай царкве. У  любы час гэтыя іконы можа пабачыць кожны, хто наведае храмы.

Звернем увагу і на наступную прапанову аўтаркі: “Провести инвентаризацию имущества со сверкой. Завести учётные карточки и паспорта на все объекты. Сделать это можно с привлечением студентов различных творческих специальностей, современная техника (фотоаппарат, компьютер, диски) позволит это сделать быстро”.

На гэты конт аўтар можа не хвалявацца. Інвентарныя спісы заўсёды ёсць пры храмах. А па загадзе архіепіскапа Арцемія у 2010 годзе была праведзеная самая дэталёвая інвентарызацыя ўсёй маёмасці ўсіх праваслаўных цэркваў Гродзенскай епархіі. Абсалютна ўсе іконы і кнігі атфатаграфаваныя, унесеныя ў інвентарныя лісты пад адпаведнымі нумарамі. Ілюстраваныя інвентарныя кнігі захоўваюцца як у епархіі, так і ў прыходах.

Што сказаць напрыканцы? Хацелася б параіць спадарыні Зорынай быць больш асцярожнай у сваіх высновах, якія грунтуюцца толькі на нейкіх асабістых здагадкай і дапушчэннях. Калі пытанні ўзнікаюць, заўсёды ёсць магчымасць беспасрэдна накіраваць іх да тых, каго яны тычацца. Справа захавання нашай спадчыны - занадта важная, і дыскусія па гэтай тэме павінна быць больш угрунтаванай і падмацаванай фактамі.

Рэдакцыя: Дзякуй прадстаўнікам Гродзенскай епархіі за тлумачэнні. Адзінае, што хацелася б заўважыць напрыканцы, гэта тое, што праблема відавочна існуе, нават калі яна і пачала выпраўляцца ў апошнія гады. І тычыцца яна не толькі праваслаўных, але і католікаў. І размова можа ісці не толькі пра матэрыяльныя каштоўнасці (тыя самыя слуцкія паясы, што можна пабачыць на здымках дваццацігадовай даўніны), але і досыць шматлікія дакументы, што засталіся па храмах і не трапілі ў архівы і ЗАГСы: метрычныя кнігі, акты візітацый, старыя кнігі. Усе гэтыя духоўныя скарбы недзе перахоўваюцца з вялікай руплівасцю, а недзе далёка ня так. Магчыма варта падумаць пра стварэнне асобных дыяцэзіяльных і епархіяльных архіваў, дзе можна было б сабраць усе гэтыя старажытнасці. У любым выпадку – самае галоўнае, што адзначана ў адказе – вернікам і святарам цяжка і патрэбныя сумесныя намаганні людзей і дзяржавы, каб захаваць і аднавіць усё. Гэта святая праўда, бо трэба рэальна дапамагаць храмам і толькі пасля можна будзе нешта патрабаваць. А ёсць жа яшчэ зніклыя ці амаль зніклыя абшчыны старавераў, мусульманаў і іўдзеяў. Святыні іх панішчаныя або зачыненыя (узяць хаця стараверскую царкву ў Стрыпішках або мячэт у Даўбуцішках), а матэрыяльная спадчына і кнігі ўжо толькі прадмет збіральніцтва калекцыянераў. Іхняе мінулае можам выратаваць толькі мы разам.

Scroll to top