Усё пачалося з шыльдаў на Замкавай. Госці, каторым я на самай старой вуліцы паказваў былы палац Масальскіх XVII ст., або камяніцу Храптовічаў XVIII ст., пачалі тыкаць на надпісы, развешаныя на кожным з будынкаў, што гэта не тое, пра што я кажу, а помнік архітэктуры 1 чвэрці – 2 паловы ХІХ ст...
Цяжка сказаць, што больш весяліць тых, хто чытае гэты выраз: элегантна прапісаныя храналагічныя рамкі, ці адпаведнасць рэчаіснасці гэтай храналогіі.
Я спачатку таксама смяяўся, бо думаў, што ўлады проста наштампавалі ўніверсальных шыльдаў і развесілі іх па будынках. Але на гродзенскім тэатры лялек на вочы мне патрапіла шыльда: "Будынак былога манежа. 1780-я гг."
Грэшны. Я падумаў на мясцовыя ўлады. Гэта яны, бедныя, не ведаюць, што манеж, у якім пры Тызенгаўзе праходзілі прадстаўленні, знаходзіўся зусім не там, дзе зараз стаіць былы губернскі тэатр канца ХІХ ст. Але ж пераемнасць тэатральнай традыцыі патрабуе міфаў (праўда зараз аналагічныя шыльды можна смела вешаць, прынамсі, на Гродзенскім драматычным і Тэатры Велькім у Варшаве) але… Няхай будзе. У нас так мала легендаў! – падумаў я. Таму дараваў і гэта.
Стаіць у нас у Гродне будынак 1975 года – рэпліка звычайнага гарадскога драўлянага дома канца XIX ст., зробленая не на тым месцы і не з тых матэрыялаў. Зробленая савецкімі ўладамі таму, што ў тым драўляным дамку жыла Эліза Ажэшка. Гэта будынак таксама ахоўваецца дзяржавай. На сцяне таксама вісіць “ахоўная грамата”. І што мы чытаем? Гэта, аказваецца, помнік архітэктуры канца XVIII ст., пабудаваны ў Гарадніцы з ласкі Тызенгаўза. Хто не верыць, прыязджайце і пабачце на ўласныя вочы. Да такога ўлады яўна не маглі дадумацца. Таму мне прыйшлося лезці ў першакрыніцу – “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь”, зацверджаны пастановай Міністэрства культуры РБ 10.04.2003 №11 з пазнейшымі папраўкамі. Чым далей, тым вышэй у мяне валасы станавіліся дыбам. Аказваецца, храналагічныя недакладнасці вытворцамі шыльдаў слова ў слова ўзятыя з гэтага “замечацельнага” дакумента. І гэта яшчэ кветачкі.
Самае страшнае, што большасць помнікаў архітэктуры Гродна па просту не ўнесена ў спіс. У Баранавічах па дакументу помнікаў больш, чым у Гродне. У спісе няма ніводнага гродзенскага мадэрну, ніводнага канструктывізму, з эклектыкі толькі Пакроўская і Уладзімірская цэрквы. Нават з класіцызму толькі чатыры камяніцы (а іх нашмат больш). У Гродне дзяржавай ахоўваюцца толькі манументальныя пабудовы: замкі, храмы (апроч кірхі), парэшткі Гарадніцы і агулам дзве вуліцы: Замкавая і Ажэшкі.
Дык можа, мы настолькі багатыя? Нас абміналі войны і ліхалецці, што мы можам ахвяраваць без страт для беларускай культуры пару-тройку дзесяткаў гістарычных будынкаў?.. У “беднай” Празе ахоўваюць не толькі Карлаў мост і Злоту улічку, але і ўсе канструктывісцкія асабнякі і трансфарматарныя будкі пачатку XX ст., і нават функцыяналістычны універмаг 1974 года пабудовы. Дык хіба ж яны бедныя?..
А можа ў нашай краіне прынятае правіла: ўсё, што маладзей за класіцызм, – не ахоўваць? Дык не. Мінскія, да прыкладу, Дом Афіцэраў і кінатэатр Перамога, нават мазаікі 1970-х гг. насупраць нацыянальнай бібліятэкі таксама ў спісе. А Баранавіцкія помнікі – гэта зусім сціплыя будынкі міжваеннага перыяду.
Напрыканцы хацеў бы нагадаць Ігару Мяфодзьевічу Чарняўскаму, што вышэй згаданы спіс складалі прафесіяналы з панскай канторы і зацвярджаў таксама прафесіянал.
А можа, ў нас прафесіяналамі лічацца толькі тыя, хто атрымаў грошы, і не важна як выканана праца?
А можа, ў нас папросту прафесіяналаў няма, а ёсць толькі чыесьці браты і сваты?..
Ігар Лапеха
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 03 Снежань 2007
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической